Шчасьлівы чалавек, што ня ходзе паводля рады бязбожных, ня ўзыходзіць на шлях грэшнікаў і ня сядзіць у зборышчы насьмешнікаў, але любасьць знаходзіць у Законе Яговы і аб Законе Ягоным разважае ўдзень і ўначы. І ён ёсьць як дрэва, якое пасаджана ля цур’ёў вады, што плод свой дае ўпару, і лісьцё ягонае ня вяне, і ўсё, што ён робіць, удаецца яму. Ня гэтак бязбожныя: але яны як палова, што вецер разносе. Таму ня выстаяць бязбожныя на судзе, ані грэшнікі ў зборы справядлівых, бо Ягова ведае шлях справядлівых, а дарога бязбожнікаў счэзьне.
Чаму бунтуюцца народы, і людзі задумляюць марнае? Паўстаюць каралі зямлі, і князі зьбіраюцца супольна супраць Яговы і супраць Памазанца Ягонага: Парве́ма іхныя кайданы і путы іхныя скіньма зь сябе! Той, што сядзіць у Небе, сьмяецца: Госпад пазьдзекуецца над імі. Тады кажа да іх у гневе Сваім і ярасьцю Сваёй пужае іх: Гэта Я пасадзіў Караля Майго на Сыёне, гары Маёй сьвятой! Я абвяшчаю пастанову: Ягова сказаў Мне: Ты Мой Сын, сягоньня Я спарадзіў Цябе! Прасі ў Мяне, і Я даю Табе народы ў спадчыну і межы зямлі ў валаданьне Табе. Паліцай зялезнай будзеш кіраваць імі, нібы глінянае начыньне скрышыш. Дык цяпер, каралі, будзьце кемлівымі, навучэцеся судзьдзі зямлі! Служыце Ягове са страхам і радуйцеся з дрыжаньнем. Шануйце чысьціню, каб Ён (Ягова) ня загневаўся, і каб вы ня загінулі ў дарозе, бо няўзабаве ўзгарыцца гнеў Ягоны! Багаславёныя ўсе, што спадзяюцца на Яго.
Псальм Давідавы, як ён уцякаў ад Абсалёма, сына свайго: Ягова! як памножыліся ўціскальнікі мае! Многа іх паўстае супраць мяне! Многія кажуць душы маёй: няма яму паратунку ля Бога. (Зэля). Але Ты, Ягова, шчыт перада Мной, Ты слава мая, Ты падыймаеш галаву маю. Голасам сваім гукаю я да Яговы, і Ён чуе мяне са сьвятой гары Свае. (Зэля). Я лёг, спаў і падняўся, бо Ягова бароніць мяне. Ня палохаюся я перад дзясяткам тысячаў людзей, што абступілі мяне наўкола супраць мяне. Устань, Ягова! Ратуй мяне, Бог мой! Бо Ты б’еш ворагаў маіх па сківіцах, Ты крышыш зубы бязбожнікам. Ад Яговы збаўленьне, хай Тваё багаславеньне будзе над Тваім народам. (Зэля).
Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах. Псальм Давідавы. Пачуй мяне, калі гукаю, Божа справядлівасьці маёй! У цясноце Ты даў мне прастору. Зьлітуйся нада мною і пачуй малітву маю! Сынове людзей: дакуль слава мая ганьбавацьмецца? Дакуль марнасьць любіць будзеце ды ілжы шукацьмеце? (Зэля). Ведайце, што Ягова выдзяліў Сабе пабожнага Свайго; Ягова чуе, калі я гукаю да Яго. Дрыжыце і ня грашыце! разважайце ў сэрцах вашых на ложках вашых і маўчыце! (Зэля). Прыносьце ахвяры справядлівасьці і спадзявайцеся на Ягову! Многія кажуць: хто пакажа нам добрае? Ты, Ягова, узьнімі над намі сьвятло Аблічча Твайго! Ты напоўніў сэрца маё большай радасьцяй, чым яны маюць яе ў часе, калі збожжа і віна ў іх пабольшала. У міры кладуся я і сплю, бо Ты адзіны, Ягова, даеш мне жыць у бясьпецы.
Кіраўніку хору: на трубах. Псальм Давідавы. Выслухай словы мае, Ягова, зваж на стагнаньні мае. Зваж на голас галашэньня майго, Валадару мой і Божа мой, бо да Цябе малюся. Спазаранку пачуй, Ягова, голас мой; на досьвітку стану ў малітве перад Табою і буду чакаць. Бо Ты ёсьць Бог, Якому нядаспадобы ганьба; ліхому нельга быць пры Табе! Самаўпэўненыя ня ўстояць перад вачыма Тваімі; усіх злачынцаў Ты нянавідзіш. Ты выгубляеш ілжывых; крыважэрнымі і ашуканцамі брыдзіцца Ягова. Але я, праз вялікую міласэрнасьць Тваю, увайду да Дому Твайго і — у страху Тваім — пакланюся Сьвятыні Тваёй. Ягова, вядзі мяне ў справядлівасьці Тваёй дзеля ворагаў маіх, выпрастуй шлях Твой перада мною. Бо нямашака шчырасьці ў вуснах іхных, сэрца іхнае — загуба, горла іхнае — магіла адкрытая, язык свой яны робяць гладкім. Засудзі іх, Божа! няхай яны загінуць ад заду́маў сваіх! за мноства злачынстваў іхных адкінь іх, бо яны ўзбунтаваліся супраць Цябе. Няхай радуюцца ўсе, што спадзяюцца на Цябе; хай весяляцца навекі, бо Ты іх бароніш; і хай узрадуюцца ў Табе тыя, што любяць Імя Тваё. Бо Ты, Ягова, багаслаўляеш справядлівага, і зычлівасьцю Тваёю, нібы шчытом, асланяеш яго.
Кіраўніку хору: на васьміструнным. Псальм Давідавы. Ягова! дакарай мяне ня ў гневе Тваім і ня ў ярасьці Тваёй карай мяне! Зьлітуйся нада мною, Ягова, бо я нямоглы; вылячы мяне, Ягова, бо трымцяць косьці мае, І душа мая надта ўстрывожана. А Ты, Ягова, дакуль? Агляніся, Ягова, вызвалі душу́ маю, выратуй мяне дзеля міласэрнасьці Тваёй! Бо ў сьмерці няма́ памята́ньня аб Табе, і ў магіле хто будзе Цябе славіць? Змучыўся я ад стагнаньняў маіх; штоноч пла́чу я на ложку маім і паліваю сьлязьмі пасьцель маю. Ад тугі запала вока маё, састарэлася ад мноства перасьледавацеляў маіх. Адступіцеся ад мяне, ўсе злачынцы! Бо Ягова чуе голас плачу майго. Ягова чуе маленьне маё; Ягова прыймае малітву маю. Асаромленымі будуць усе ворагі мае ды моцна адпіхнутымі: яны павернуцца назад і у міг будуць асаромлены.
Лямант Давіда, што ён пяяў Ягове з прычыны слоў Куша, Бэніяміцяніна. Ягова, Божа мой! у Цябе я шукаю прытулак! Выратуй мяне ад усіх маіх перасьледавацеляў і вызвалі мяне, каб ня схапіў як леў душу́ маю, разрываючы яе, калі не́каму ратаваць! Ягова, Божа мой! калі я ўчыніў гэткае, калі бяззаконьне да рук маіх прыляпілася, і адплаціў ліхім таму, хто жыў са мною ў міры альбо абрабаваў таго, хто ўціскаў мяне бяз дай прычыны, дык хай перасьледуе вораг душу́ маю і схопіць яе, і хай утопча ў зямлю жыцьцё маё, і чэсьць маю хай зьмяшае з пылам. (Зэля). Паўстань, Ягова, у гневе Тваім! Узьніміся супраць лютасьці перасьледавацеляў маіх! Збудзіся дзеля мяне на суд, які Ты прызначыў! Няхай зьбяруцца народы вакол Цябе, і ўзьнясіся над імі ізноў на вышыню. Ягова судзіць народы. Судзі ж мяне, Ягова, паводля справядлівасьці маёй і паводля маёй нявіннасьці, якая ёсьць ува мне! Хай спыніцца злосьць бязбожных! а праведніка ўмацуй! Ты, Божа справядлівы, ёсьць Выпрабавальнік сэрцаў і нутра. Шчыт мой трымае Бог, Які ратуе шчырых сэрцам. Бог ёсьць Судзьдзя справядлівы, і Бог, Які кожны дзень спаганяе сурова. Калі ня наварача́юцца, Ён вострыць Свой меч. Ён нацягвае Свой лук і трымае напагатове. І прыгатаваў яму́ прылады сьмерці. Стрэлы Ягоныя Ён робіць агністымі. Ён (бязбожнік) зацяжарыў ліхім і носіць у чэраве зло і народзіць ілжу. Ён капаў і выкапаў яму, але сам уваліўся ў яму, якую ён выкапаў. Ліха, якое ён надумаў, упадзе яму на галаву, і гвалтоўнасьць ягоная ўпадзе яму на патыліцу. Дзякую Ягове за Ягоную справядлівасьць, і пяю хвалу Імені Яговы, Найвышэйшага.
Кіраўніку хору: на Гацкі лад. Псальм Давідавы. Ягова, Валадару наш! Як велíчна Імя Тваё па ўсёй зямлі! Ты славу Тваю ўзьнёс панад Нябёсы! Праз вусны малых дзетак і нямаўлятак зладзіў Ты Сабе хвалу насуперак Тваім уціскальнікам, каб прымусіць да маўчаньня ворага ды мсьціўцу. Калі я разглядаю Нябёсы Твае, твор Пальцаў Тваіх, ды месяц і зоркі, якія Ты заснаваў, (я думаю): што ёсьць чалавек, што Ты па́мятаеш аб ім, і Сын Чалавечы, што Ты пастаянна зь Ім? Ня шмат Ты паменшыў Яго перад Богам, ды славай і чэсьцяй ахутаў Ты Яго, і зрабіў яго гаспадаром над творамі Рук Тваіх, і ўсё Ты паклаў пад ногі яму; авечак і валоў усіх, ды зьвяр’ё палявое, птахаў нябёсных і рыбаў у моры — і ўсё, што ходзе сьцежкамі марскімі. Ягова, Валадару наш! Як велічна Імя Тваё па ўсёй зямлі.
Кіраўніку хору: на лад песьні: Памры за сына. Псальм Давідавы. Буду славіць Ягову ад усяго сэрца; усе цуды Твае абвяшчаціму. У Табе буду радавацца і весяліцца, выслаўляціму Імя Тваё, о, Найвышэйшы, бо ворагі мае ўцякаюць, спатыкаюцца і гінуць перад Абліччам Тваім. Бо Ты ўчыніў суд мой і справу маю завяршыў; Ты сядзіш на Пасадзе, як справядлівы Судзьдзя. Ты ўгнявіўся на паганаў, зьнішчыў бязбожнага; імя іхнае зруйнаваў на вякі вякоў. Ворагі зьнішчаны — руіна навекі; і месты разбурыў Ты, счэзла і памяць аб іх. Але Ягова прабывае на векі; Ён прыгатаваў Пасад Свой дзеля суду. І Ён будзе судзіць гэты сьвет паводля справядлівасьці, і будзе судзіць народы паводля праўды. І будзе Ягова прытулкам для прыгнечаных, прытулкам у час тугі. І будуць спадзявацца на Цябе тыя, што ведаюць Імя Тваё, бо Ты, Ягова, ня пакідаеш тых, хто шукае Цябе! Сьпявайце хвалу Ягове, Які жыве на Сыёне, апавядайце між народамі ўчынкі Ягоныя! Бо Той, Хто спаганяе за кроў, успомніў пра іх: Ён ня забыўся пра плач прыгнечаных. Зьлітуйся нада мною, Ягова! Глянь на бядоту маю ад маіх нянавісьнікаў, — Ты, што падыймаеш мяне ад брамаў сьмерці, каб я абвяшчаў усю хвалу Тваю ў брамах дачкі Сыёнавай і радаваўся са збаўленьня Твайго. Паўваліваліся пагане ў яму, што самі выкапалі; у сетку, што ўкрадкам паставілі, ублуталася нага іхная. Ягова даў спазнаць Сябе, учыніўшы суд; ва ўчынках рук сваіх заблытаўся бязбожнік. (Зэля). Няхай сыйдуць грэшнікі ў пекла, усе народы, што забываюць Бога. Бо ня на векі будзе забыты ўбогі, і надзея няшчасьлíвых ня згіне назаўсёды. Паўстань, Ягова, ня дай чалавеку здабыць перавагу; хай будуць суджаны пагане перад Абліччам Тваім. Навядзі, Ягова, страх на іх! няхай пазнаюць пагане, што яны людзі! (Зэля).
Чаму стаіш воддаль, Ягова, хаваешся ў часе бядоты? Праз ганарлівасьць бязбожніка трымціць убогі; заблытвае яго ў хітрыках, што бязбожны выдумаў. І бязбожнік выхваляецца пажаданьнямі душы сваёй, і хцівы багаслаўляе сябе, а Ягову зьняважае. Бязбожнік кажа ў сваёй ганарлівасьці: «Ён ня будзе спаганяць». Няма Бога!» — вось і ўсе ягоныя думкі. Што ён робіць, усё ручыць яму; Твае суды высока і далёка ад яго; на ўсіх сваіх супраціўнікаў ён грэбліва дзьмухае. Ён гаворыць у сэрцы сваім: я ніколі ня пахіснуся, з роду ў род ня будзе мне ліха. Вусны ягоныя поўныя праклёнаў, хітрыні і падману; пад языком у яго — ліха і бяззаконьне. Сядзіць ён у засадзе на пазадворках, у сховішчы забівае нявіннага; вочы ягоныя сочаць за ўбогім, ён падпільноўвае ў засадзе, быццам леў у гушчары сваім; падпільноўвае, каб улавіць убогага; хапае гаротніка і цягне яго ў сваю сетку; ён ту́ліцца да зямлі, прыгінаецца і ў ягоныя моцныя кіпцюры пападаюцца няшчасныя. Ён кажа ў сэрцы сваім: «Бог забыўся, засланіў Аблічча Сваё, ня ўбачыць ніколі!» Паўстань Ягова, Божа! узьнімі Руку Тваю, ня забывайся пра прыгнечаных! Чаму бязбожнік пагарджае Богам, кажучы ў сэрцы сваім: «Ты ня спагоніш!?» Ты бачыў гэта! бо Ты зважаеш на пакуты і гора, каб узяць іх у Руку́ Сваю, Табе пакідае іх няшчасьлівы; Ты — памочнік сіраце. Скрышы руку́ бязбожніку і ліхадзею, прыпомні яму (ліхадзею) бяззаконьне ягонае, каб болей і ня знайсьці яго! Ягова ёсьць Валадар навекі, назаўсёды; пагане зьнікнуць зь зямлі Ягонай. Ягова! Жаданьне пакорных Ты пачуў, Ты ўмацняеш ім сэрца, Ты схіляеш вуха Тваё, каб даць суд сіраце і прыгне́чанаму, і хай зямны чалавек наперад больш ня палохае.
Начальніку хору: Псальм Давідавы. Я спадзяюся на Ягову! Як жа вы кажаце душы маёй: узьляці на гару вашую, як птушка? Бо вось бязбожнікі напялі лук, наклалі на цяціву стралу сваю, каб у поцемку страляць у справядлівых сэрцам. Калі разбураны асновы, што можа зрабіць праведнік? Ягова ёсьць у Сваёй Сьвятой Сьвятыні, Ягова, — Пасад Ягоны ў Нябёсах. Ягоныя Вочы бачаць, Ягоныя Павекі выпрабоўваюць сыноў Адама. Ягова выпрабоўвае справядлівага, але бязбожніка і таго, хто любіць гвалт, нянавідзіць Душа Ягоная. Ён пралівае дажджом пасткі на бязбожнікаў; агонь і серка і вецер палючы — вось іхняя доля із іхняй чары; Бо Ягова справядлівы. Ён любіць праўду. Праведнікі ўбачаць Ягонае Аблічча.
Кіраўніку хору, на васьміструнным. Псальм Давідавы. Ратуй, Ягова, бо пабожны зьнік, бо верныя счэзлі сярод сыноў чалавечых. Усе хлусяць, кожны блізкаму свайму. Іхныя вусны — лісьлівыя. Яны гавораць ад крывадушнага сэрца. Ягова зьнішчыць усе крывадушныя вусны, язык, які ганарліва прамаўляе, яны, каторыя гавораць: «мы пераможам нашым языком. Вусны нашыя пры нас. Хто нам гаспадар?» «Дзеля ўцісканьня прыгнечаных, дзеля ўздыханьня беднага вось цяпер Я ўстаю», — кажа Ягова, — «Я хачу пасадзіць у бясьпеку таго, хто гэтага прагне». Словы Яговы ёсьць словы чыстыя, ёсьць срэбра, што пераплаўленае ў горне і ачышчанае ад зямлі, сем разоў пераплаўленае. Ты, Ягова будзеш іх (прыгнечаных) бараніць, будзеш ахоўваць (іх) ад гэтага роду (нягоднага) вечна, (пакуль) вакол ходзяць бязбожнікі, і подласьць ма́е вяршынства сярод сыноў чалавечых.
Кіраўніку хору: Псальм Давідавы. Дакуль, Ягова, будзеш зусім мяне забываць? Дакуль Аблічча Сваё будзеш хаваць ад мяне? Дакуль му́шу перажываць клопаты ў маёй душы, перажываць тугу́ ў сэрцы маім кожны дзень? Дакуль мой вораг будзе ўзвышацца нада мною? Глянь і выслухай мяне, Ягова, Божа мой! Прасьвятлі вочы мае, каб я ня заснуў сьмяротным сном, каб ня сказаў мой вораг: я перамог яго! каб перасьледавацелі мае ня радаваліся, калі я пахіснуся. Але я спадзяюся на Тваю міласэрнасьць. Сэрца маё радуецца праз Твой ратунак. Буду пець Ягове, бо Ён даў мне даброты.
Кіраўніку хору: Псальм Давідавы. Няразумны кажа ў сэрцы сваім: «Няма Бога». Яны паводзяць сябе па́губна, робяць агідныя рэчы. Няма нікога, хто робіць дабро. Ягова глядзіць зь неба на сыноў чалавечых, каб пабачыць, ці ёсьць там разумны, які шукае Бога. Усе адхінуліся. Цалкам усе папсаваныя. Там няма нікога, хто робіць дабро; няма абсалютна нікога. Ня маюць усьведамленьня ўсе злачынцы, якія пажыраюць народ мой, як ядуць хлеб? Ягову ж ня прыклікаюць. І тут ахоплівае іх страх, бо ёсьць Бог сярод роду пра́веднікаў. Вы зганьбавалі раду ўбогага, але Ягова — ягоны прытулак. О, каб з Сыёну прыйшоў ратунак Ізраэлю! Калі Ягова ве́рне з палону народ Свой, будзе ўрачыста весяліцца Якуб і радавацца Ізраэль.
Псальм Давідавы. Ягова, хто будзе перабываць у жытле Тваім? Хто будзе жыць на Тваёй сьвятой гары? Той, хто ходзіць бяззаганна і робіць справядлівасьць, і гаворыць праўду ў сэрцы сваім, ня паклёпнічае языком сваім, ня робіць благога сябру свайму і ня ўзводзіць ганьбы на блізкага свайго. Таму, у чыіх вачах пагарда дзеля адкíненага і пашана дзеля багабойных перад Яговам; хто, хоць бы са шкодай для сябе прысягае, але ня адмаўляецца; хто грошы свае ня аддае на квоту і ня прыймае подкупу су́праць нявіннага. Хто гэтак робіць, ня пахісьнецца ніколі.
Міхтам Давідаў. Барані мяне, Божа, бо ў Табе мой прытулак. Я сказаў Ягову: «Ты ёсьць мой Госпад. Усё, што ўва мне добрае ёсьць, — толькі Ты». У сьвятых, што на зямлі, у цудоўных Тваіх, — у іх уся мая ўрачыстая радасьць»! Многа клопату маюць тыя, што ўхваляюць іншага (бога). Я ня буду ўхваляць іхныя крывавыя ахвяры, і іхныя імёны ня буду ўспамінаць вуснамі маімі, Ягова ёсьць удзел маёй Спадчыны і майго келіха. Ты гарантуеш мне мой лёс. Межы мае выпалі ў месцах прыемных. І спадчына мая для мяне прыемная. Я буду славіць Ягову, Які навучыў мяне. Нават па начах настаўляе мяне нутро маё. Усьцяж я маю Ягову перад вачыма маімі; таму што Ён праваруч мяне, каб я ніколі ня пахіснуўся. Таму ўзрадавалася сэрца маё і ўзьвесялілася чэсьць мая, нават цела маё супакоіцца ў надзеі, бо Ты ня пакінеш душы маёй у шэолю і ня дасі Сьвятому Твайму ўбачыць спарахненьне. Ты пакажаш мне сьцежку жыцьця. Паўната радасьці перад Абліччам Тваім. Шчасьце ў Правіцы Тваёй навечна.
Малітва Давідавая. Зваж, Ягова, на справядлівасьць маю! Зваж на лямант мой! Прыхілі Вуха Тваё да малітвы маёй з вуснаў няманлівых! Ад Аблічча Твайго няхай выйдзе прысуд мой; Вочы Твае бачаць справядлівасьць (маю). Ты выпрабоўваеш маё сэрца. Ты дасьледуеш мяне ўначы. Ты дасьледуеш мяне, але нічога ўва мне ня знаходзіш. Я гавару толькі тое, што думаю. У справах людзкіх я сьцярогся ад сьцежак згубцы паводля слоў Вуснаў Тваіх. Мае крокі трымаюцца моцна Тваіх сьлядоў. Мае ногі ня хістаюцца. Я гукаю да Цябе, таму што Ты, Божа, слухаеш Мяне. Нахілі Вуха Тваё да мяне. Выслухай словы мае. Зьяві цудоўна міласэрнасьць Тваю, Ты ратавальнік тых, якія шукаюць сховішча ў Правіцы Тваёй ад няпрыяцеляў. Сьцеражы мяне, як зрэнку вока. У засені Тваіх Крылаў аслані мяне ад бязбожнікаў, якія чыняць мне гвалт, ад маіх сьмяротных ворагаў, якія акружылі мяне. Яны замкнулі сваё сытае сэрца. Пагардліва гавораць вуснамі сваімі. На кожным кроку нашым цяпер яны абступілі нас. Яны ўтаропілі вочы свае, каб нас штурхнуць на зямлю. Ён, як леў, які прагне здабычы, і, як малады леў, які сядзіць у засадзе. Паўстань, Ягова! пераймі яго! Штурхні яго долу! Выбаві душу маю ад бязбожніка ме́чам Тваім, Тваёй Рукой, Ягова, ад людзей, ад людзей гэтага сьвету. Іхная доля ў гэтым жыцьці, і іхныя чэравы напаўняеш Ты са скарбонак Тваіх. Яны маюць многа сыноў, і свой лішак яны пакідаюць сваім дзецям. А я буду разглядаць Аблічча Тваё ў праўдзе, калі я абуджуся ад сну, буду насычацца Вобразам Тваім.
Кіраўніку хору: ад раба Яговы Давіда, які высказаў словы песьні гэтай да Яговы ў дзень, калі Ягова вызваліў яго із рукі ўсіх ягоных ворагаў і із рукі Саўлавае, і ён сказаў: я люблю Цябе, Ягова, моц мая. Ягова! скала мая і крэпасьць мая, і мой Збавіцель, мой Пераможца, мая няпахісная скала, на якой я знаходжу прытулак, мой шчыт і рог збаўленьня майго, мая высокая вежа! Я клічу Ягову, вартага славы, і я буду збаўлены ад маіх ворагаў. Мяне аблыталі кайданы сьмерці, і цур’і бэліяла напалохалі мяне. Ланцугі шэолю аблыталі мяне, сьмяротныя петлі душаць мяне. У бядзе маёй пагукаў я Ягову і залямантаваў я да Бога майго. Са Сваёй Сьвятыні пачуў Ён голас мой, і енк мой дайшоў да Вушэй Ягоных. Затрэслася і захісталася зямля, і затрэсьліся падва́ліны гор; і зру́шыліся яны, таму што Ён угневаўся. Узьняўся дым з Ноздраў Ягоных, і агонь зьнішчальны выйшаў з Вуснаў Ягоных, і распалёнае вугольле палíла зь Яго. І нахіліў Ён нябёсы і сыйшоў, і змрок быў пад Ступнямі Ягонымі. І Ён сядзіць на Хэрубіме і ляціць, і Ён ляціць уніз на крылах ветру. Цемру зрабіў Ён Сваім сховішчам, а палаткай вакол Сябе зрабіў цемру вады і густыя нябесныя воблакі. Ад бляску Аблічча Ягонага ўцякалі густыя воблакі Ягоныя, град і вугольле распаленае. І грыміць Ягова ў нябёсах, і Найвышэйшы падае́ Свой Голас праз град і распаленае вугольле. І Ён пусьціў Свае стрэлы і рассыпаў іх, і шмат маланак, і прывёў іх у замяшальніцтва. І адкрыліся крыніцы водаў, і адчыніліся падмуркі ад ушчуваньня Твайго, Ягова, ад дыханьня ветру Ноздраў Тваіх. Ён працягнуў з вышыні Руку́ Сваю і ўзяў мяне, і дастаў мяне з многіх водаў, Ён вызваляе мяне ад майго моцнага ворага ды ад тых, што мяне нянавідзяць, бо яны былі дужэйшыя за мяне. Яны напалі на мяне ў дзень майго няшчасьця, але Ягова стаўся мне апораю. Ён вывеў мяне на прасторнае мейсца, Ён уратаваў мяне, бо Ён упадабаў мяне. Ягова адплаціў мне за маю справядлівасьць; Ён адплаціў мне за чысьціню рук маіх; бо я пільнаваўся шляхоў Яговы, я ня адхінаўся нягодна ад майго Бога; бо ўсе нака́зы Ягоныя ёсьць перада мною, і ад пастановаў Ягоных я ня ўхіляюся. І я быў бяззаганным перад Ім і бярог сябе ад нясправядлівасьці ва мне. І Ягова адплаціў мне за справядлівасьць маю, за чысьціню рук маіх перад Вачыма Ягонымі. Да літасьцівага Ты ставішся паводля літасьцівасьці ягонай; да чалавека шчырага Ты ставішся паводля шчырасьці ягонай; да чыстага Ты ставішся паводля чыстасьці ягонай, і да крывадушнага Ты ставішся паводля крывадушнасьці ягонай: Бо Ты рату́еш людзей пакорлівых, а вочы ўзвышаючых сябе Ты паніжаеш, і Ты запаліш сьветач мой. Ягова, Бог мой, прасьвятляе цемру маю; бо з Табою я нападу на варожыя войскі, і з Богам маім я пераскочу цераз мур. Бог! — Бяззаганны шлях Ягоны. Слова Яговы — (агнём) выпрабавана. Ён ёсьць шчыт для ўсіх, хто шукае ў Яго сховішча; Бо хто ёсьць Бог апрача Яговы? І хто ёсьць Скала апрача Бога нашага? Бог, Які падпярэзвае мяне сілай і шлях мой робіць бяззаганным, Ён ногі мае робіць падобнымі да ног лані і ставіць мяне на вышыні мае. Ён вучыць рукі мае змаганьню і мускулы мае нацягваць лук медны. І даў Ты мне шчыт збаўленьня Твайго, і правіца Твая падтрымлівае мяне, і Твая спагадлівасьць робіць мяне вялікім. Ты пашыраеш крок мой, і ня хістаюцца ногі мае. Я перасьледую ворагаў маіх і даганяю іх, і ня вяртаюся назад, пакуль ня зьніштожу іх. Я скрыша́ю іх, і яны ня могуць падняцца, яны падаюць пад ногі мае. Ты падпярэзваеш мяне сілай дзеля вайны, Ты ўгінаеш пад мяне тых, што паўстаюць супраць мяне. Ты павярнуў да мяне тылам ворагаў маіх, і я зьнішчаю тых, што нянавідзяць мяне. Яны галосяць, але няма ім збавіцеля; яны да Яговы, але Ён ім ня адказаў. Я расьцярушваю іх, як пыл перад ветрам, як вулічны бруд тапчу я іх. Ты збавіў мяне ад бунтаў народу. Ты ставіш мяне галавою над паганамі. Народ, якога я ня ведаў, служыць мне. Толькі па слыху вуха яны слухаюцца мяне. Сыны чужынца падлыгваюць мне. Сыны чужынца чэзнуць і дрыжаць у палацах сваіх. Жыве Ягова! І хай будзе праслаўлена Скала мая! І хай будзе ўзвышаны Бог збаўленьня майго, Бог, Які помсьціць за мяне і супакорвае мне народы, мой Збавіцель ад маіх ворагаў. Так, перад тымі, якія паўстаюць супраць мяне, Ты ўзьнёс мяне. Ад чалавеку гвалту Ты вызваляеш мяне. Таму буду славіць Цябе, Ягова, сярод паганаў і Імю Твайму буду сьпяваць і іграць, Які павяліча́е збаўленьне караля Свайго і творыць міласэрнасьць памазанцу Свайму, Давіду, і насеньню ягонаму навечна.
Кіраўніку хору. Псальм Давідавы. Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, і нябесныя прасторы выяўляюць творчасьць Рук Ягоных. Адзін дзень гаворыць да другога дня, і ночка ночцы перадае вестку. Бяз слоў і бяз гаворкі, голас іх ня чу́тны. Па ўсенькай зямлі выходзіць іхны знак, і да канца сусьвету іхны голас. Там Ён паставіў палатку дзеля сонца. Яно ўзыходзіць, як малады са свайго шлюбнага пакою. Яно радуецца, як герой, і бяжыць свой шлях. Яно ўзыходзіць ад краю неба і бяжыць да другога канца, і нішто ня схована ад ягонай гарачыні. Закон Яговы дасканалы, ён мацуе душу́. Сьведчаньне Яговы вернае і яно навучае простых. Наказы Яговы правільныя, яны радуюць сэрца. Загад Яговы сьветлы, ён прасьвятляе вочы. Страх Яговы — чысты, ён трывае навечна. Суды Яговы ёсьць праўда, ўсе яны справядлівыя. Яны больш пажада́ныя, чым золата і нават за мноства чыстага золата, саладзейшыя за мёд і кроплі з сотаў. І слуга Твой імі засьцеражоны; у захаваньні іх — вялікая адплата. Хто (усе свае) памылкі уразумева́е? Ад утаённых (правінаў маіх) ачысьці мяне. Ад напышлівых дзеяў устрымай раба Твайго. Хай яны ня запану́юць нада мною! Тады я буду бяззаганны і чысты ад вялікага злачынства. Хай будуць словы вуснаў маіх і помыслы сэрца майго даспадобы перад Абліччам Тваім, Ягова, Скала мая і Збаўца мой!
Кіраўніку хору. Псальм Давідавы. Хай адкажа Табе Ягова ў дзень скру́хі. Хай абароніць Цябе Імя Бога Якубавага. Хай пашле Ён Табе дапамогу са Сьвятыні, і зь Сыёну хай Ён абароніць Цябе. Хай успомніць усе Твае прынашэньні ахвяраў, і цэласпаленьне Твае хай прыйме, як поўназадавальняючае. Зэля. Хай дасьць Табе паводля Сэрца Твайго, і ўсе задумы Твае хай Ён выканае. Будзьма ўрачыста радавацца выратаваньню Твайму і ўздымем Сьцяг у Імя Бога нашага. Хай Ягова выканае ўсе Твае просьбы. Цяпер ведаю я, што Ягова ратуе Свайго Памазанца. І Ён адкажа Яму са Сваіх Сьвятых Нябёсаў выратавальнай магутнасьцю Правіцы Сваёй. Адны спадзяюцца на калясьніцы, другія спадзяюцца на коні, а мы помнім Імя Яговы, Бога нашага. Тыя спатыкаюцца і падаюць, а мы стаім, і стаім проста. Ягова, ратуй! Хай адкажа нам Кароль у дзень, калі мы Яго гукаем.
Кіраўніку хору. Псальм Давідавы. Ягова, радуецца кароль сілаю Тваёю, і праз ратунак Твой ён вельмі цешыцца. Жаданьне сэрца ягонага Ты даў яму і просьбам вуснаў ягоных Ты ня адмовіў. Зэля. Таму што Ты сустракаеш яго дабраславеньнямі даброці. На галаву ягоную Ты ўсклаў карону з чыстага золата. Жыцьця прасіў ён у Цябе. Ты яго яму даў: доўгія дні на векі і векі вечныя. Вялікая слава ягоная праз ратаваньне Тваё. Ты ўсклаў на яго гонар і веліч, таму што Ты ўсклаў на яго дабраславеньне навечна. Ты ўзрадаваў яго радасьцю ад Аблічча Твайго; таму што кароль спадзяецца на Ягову, і праз спадзяваньне на Найвышэйшага ён ня захістаецца. Твая Рука знойдзе ўсіх Тваіх ворагаў, Правіца Твая знойдзе нянавісьнікаў Тваіх. Ты кінеш іх у печку агністую ў часе зьяўленьня Аблічча Твайго. Ягова праглыне іх у гневе Сваім, і агонь пажрэ іх. Плод іхны Ты выгубіш ад зямлі, і насеньне іхнае сярод сыноў чалавечых, яны замышлялі ліхое супраць Цябе, планавалі супраць Цябе інтрыгі. Але яны ня змогуць нічога. Так, Ты зробіш гэтак, што яны пакажуць свой тыл, стрэламі Тваімі Ты пацэліш ім у твар. Узьніміся, Ягова, у Тваёй сіле! Апяём і праславім магутнасьць Тваю!
Кіраўніку хору: на лад песьні: лань на досьвітку. Псальм Давідавы. Божа Мой! Божа Мой! Чаму Ты пакінуў Мяне? Далёкі ад ратунку Майго, ад слоў стагна́ньня Майго? Божа Мой! Я клічу ўдзень, і Ты ня адказваеш, і ўначы, і няма Мне супакою. Але Ты ёсьць Сьвяты, Ты ўсьсядаеш, як на троне, на хва́лах Ізраэлявых. На Цябе спадзяваліся ба́цькі нашыя. Яны спадзяваліся, і Ты вызваляў іх. Да Цябе яны гукалі і былí выратаваныя. Яны спадзяваліся на Цябе і ня былí пасаромленыя. Але Я чарвяк, а ня чалавек, зьнявага ў людзей і зганьбаваны народам. Усе, хто бачаць Мяне, насьмяхаюцца нада Мною, крывячы вусны і ківаючы галовамі. Ён спадзяваўся на Ягову! Дык няхай выратуе Яго, няхай вызваліць Яго, калі Ён даспадобы Яму! Але ж Ты вывеў Мяне з чэрава (матчынага), Ты даў Мне надзею ля пелькаў маткі Маёй. На Цябе Я пакінены ад улоньня (маткі), ад чэрава маткі Маёй Ты ёсьць Мой Бог! Ня аддаляйся ад Мяне, бо пакуты ўжо блізка, а памочніка няма. Многа маладых быкоў вакол Мяне, магутныя Басанскія абступілі Мяне. Яны разяўляюць ляпы свае на Мяне, быццам рыкаючы леў, які рве на шматкí. Я выліты, быццам, вада, і ўсе косткі Мае рассыпаны. Сэрца Маё ёсьць, як воск, растоплена ў Маім нутры. Сіла Мая высахла, як чарапок, язык Мой прыліп да паднябеньня Майго. І ў пыл сьмерці кладзеш Ты Мяне; бо сабакі Мяне атачылі, хэўра нянавісьнікаў абступіла Мяне. Яны прабілі Рукі Мае і Стопы Мае. Я магу пералічыць усе Мае косткі. Яны глядзяць і разглядаюць Мяне (як відовішча). Яны дзеляць паміж сабою вопратку Маю, і аб рызе Маёй кíдаюць жэрабя. Але Ты, Ягова, ня аддаляйся (ад Мяне)! Сіла Мая, пасьпяшай Мне на дапамогу! Выратуй ад меча Душу́ Маю, ад заваладаньня сабакамі адзінокую Маю. Выратуй Мяне ад пашчы ільва і ад рагоў буйвалаў. Бо Ты пачуў Мяне. Буду абвяшчаць Імя Тваё братом Маім, сярод сходу буду славіць Цябе. Вы, што баіцёся Ягову, усхваляйце Яго! Усё насеньне Якубавае ўсхваляйце Яго; і бойцеся Яго ўсё насеньне Ізраэля; бо Ён ня пагардзіў і ня збрыдзіўся жа́льбаю ўбогага, і ня адвярнуў Аблічча Свайго ад яго. І калі ён гукаў да Яго, выслухаў яго. Ты натхняеш мяне на славахваленьне ў сходзе вялікім. Маё ўрачыстае абяцаньне я споўню перад тымі, што баяцца Яго. Убогія будуць есьці і наяду́цца. Будуць хваліць Ягову тыя, што шукаюць Яго. Хай вечна жыве вашае сэрца! Успомняць і наве́рнуцца да Яговы ўсе канцы зямлі, і паклоняцца перад Табою ўсе плямёны паганаў, бо Яговы ёсьць Валадараньне, і Ён валадарыць над народамі. Будуць есьці і паклоняцца ўсе сытыя зямлі. Схіляцца перад Ім усе, што сходзяць у тло, і кожны, хто душу́ сваю ня можа ўтрымаць у жыцьці. Нашчадкі будуць служыць Яму. І будучае пакаленьне будзе прылічана да майго Госпада. Яны прыйдуць і абвесьцяць Ягоную справядлівасьць народу, які народзіцца, што Ён (гэта) зрабіў.
Псальм Давідавы. Ягова ёсьць Пастух мой. Нічога мне ня будзе бракаваць. На пасьвішчах зялёных Ён пасьвіць мяне, і да водаў ціхіх Ён водзіць мяне. Ён мацуе душу́ маю. Ён кіруе мяне на сьцежкі праўды дзеля Імя Ягонага. Нават, калі я пайду далінаю сьмяротнага ценю, ня зьлякаюся ліха, бо Ты са мною: Твая па́ліца і Тваё жазло́ — яны суцяшаюць мяне. Ты рыхтуеш перада мною стол перад абліччам уціскальнікаў маіх. Ты намасьціў алеем галаву маю. Келіх мой напоўнены да краёў. Сапраўды, дабрыня і міласэрнасьць будуць крочыць за мной усе дні майго жыцьця. І я буду жыць у Доме Яговы вечна.
Псальм Давідавы. Яговы зямля і ўсё, што яе напаўняе, сусьвет і ўсё, што ў ім жыве, бо Ён заснаваў яе на морах, і на патоках умацаваў яе. Хто ўзыйдзе на гару Яговы? І хто будзе стаяць на мейсцы Сьвятасьці Ягонай? Той, у каго рукі бязьвінныя і сэрца чыстае, хто душой сваёй ня самаўзвышаўся да марноты і ня прысягае падманна. Ён атрымае багаславеньне ад Яговы і справядлівасьць ад Бога выратаваньня свайго. Гэта род тых, якія раяцца зь Ім, якія шукаюць Твайго Аблічча: (гэта ёсьць) Якуб. Зэля. Вароты, падыміце галовы вашыя, і ўзьнясіцеся парталы (дзьверы), каб увайшоў Кароль славы! Хто ёсьць Гэты Кароль славы? Ягова моцны і ўладарны, Ягова гераічны ў барацьбе. Вароты, падыміце галовы вашыя, і, ўзьнясіце іх парталы вечнасьці, каб увайшоў Кароль славы! Хто ёсьць Ён, Гэты Кароль славы? Ягова войскаў — Ён ёсьць Кароль славы. Зэля.
Псальм Давідавы. Да Цябе, Ягова, узьнімаю я душу́ маю. Божа мой! На Цябе спадзяюся я. Ня дай мяне асароміць! Ня дай ворагам маім быць пераможцамі нада мною! І ўсе, хто спадзяецца на Цябе, ня будуць асаромлены. Асаромлены будуць тыя, якія бяз дай прычыны робяць няверныя ўчынкі. Пакажы мне, Ягова, дарогі Твае. Навучы мяне сьцежкам Тваім. Дай мне хадзіць у Праўдзе Тваёй і вучы мяне, бо Ты ёсьць Бог выратаваньня майго. На Цябе я спадзяюся штодня. Успомні шчадроты Твае, Ягова, і міласэрнасьць Тваю, бо яны ёсьць спрадвеку. Грахоў маладосьці маёй і злачынстваў маіх ня ўспамінай. Паводля міласэрнасьці Тваёй успомні Ты мяне — паводля Тваёй дабрыні, Ягова! Добры і справядлівы ёсьць Ягова. Таму Ён паказвае грэшнікам дарогу. Пакорлівых Ён водзіць у праўдзе і вучыць пакорлівых шляху Свайму. Усе шляхі Яговы ёсьць міласэрнасьць і праўда для тых, хто трымаецца Ягонага Запавету і Ягоных сьведчаньняў. Дзеля Імя Твайго, Ягова, даруй грэх мой, бо ён вялікі. Хто ёсьць чалавек, які баіцца Яговы? Яму пакажа Ён шлях, які трэба яму абраць. Душа ягоная будзе жыць у дабры, і насеньне ягонае ўспадкуе зямлю. Тайная парада Яговы да тых, хто Яго баяцца, і Запавет Свой дае ім знаць. Вочы мае заўсёды да Яговы, бо Ён выцягне ногі мае зь сеткі. Абярніся да мяне і зьлітуйся нада мною, бо я самотны і прыгнечаны. Гароты сэрца майго памножыліся, вывядзі мяне зь нягодаў маіх! Глянь на пакуту маю і зьнямогу маю, і даруй усе грахі мае. Глянь на ворагаў маіх, бо іх многа, і лютай нянавісьцю яны нянавідзяць мяне. Абарані душу́ маю і вызвалі мяне. Ня дапусьці мне быць асаромленым, бо я ў Цябе шукаю прыпынку. Хай захаваюць мяне нявіннасьць і справядлівасьць, бо я на Цябе спадзяюся. Вызвалі, Божа, Ізраэля ад усіх уціскаў ягоных!
Давідавы. Судзі мяне (паводля праўды), Ягова, бо я хадзіў у чысьціні маёй. І я спадзяюся на Ягову. Я ня пахіснуся. Учыні мне іспыт, Ягова, і выпрабуй мяне. Дасьледуй маё нутро і маё сэрца! — Бо міласэрнасьць Твая перад вачыма маімі, і хадзіў я ў праўдзе Тваёй. Ня сядзеў я зь людзьмі аблуднымі, і з тымі, што за сьпіной куюць падступнасьць, ня пайду. Нянавіджу я зборкі зламысных, ды з бязбожнікамі разам ня буду сядзець. Буду абмываць у нявіннасьці рукі мае і буду абходзіць навакол ахвярніку Твайго, Ягова, каб голасна падзякаваць і расказаць пра ўсе Твае цуды. Ягова, я палюбіў жытло Дому Твайго і мейсца, дзе жыве Твая слава. Ня загубі душу́ маю з грэшнікамі і жыцьцё маё з крыважэрнымі. У чыіх руках ліхадзейства, і чыя правіца поўная ха́бару. Але я хаджу ў маёй чысьціні. Вызвалі мяне і зьлітуйся нада мною! Стапа мая стаіць на роўным мейсцы; у сходах я буду славіць Ягову.
Псальм Давідавы. Ягова ёсьць сьвятло маё і ратунак мой: каго мне баяцца? Ягова ёсьць ахова жыцьця майго: каго ж мне палохацца? Калі злачынцы наблізіліся да мяне, каб пажэрці цела маё, — яны самі спаткнуліся і ўпалі. Калі паўстане супраць мяне войска, сэрца маё ня спалохаецца. Калі супраць мяне ўзьнімецца вайна, я і тады буду спадзявацца. Аднаго я прасіў у Яговы, і толькі таго я шукаю: каб жыць у Доме Яговы ўсе дні майго жыцьця, каб я мог сузіраць хараство Яговы і каб наведаваць Сьвятыню Ягоную. Бо Ён схавае мяне ў Скініі Сваёй у дзень ліхí, Ён схавае мяне ў сховішчы Скініі Сваёй. Ён узьнясе мяне на скалу́. Цяпер галава мая падыймаецца над ворагамі маімі, якія вакол мяне. І ахвяры славаслоўя буду прыносіць у Ягонай Скініі, буду пець і іграць Ягове. Пачуй, Ягова, голас мой! Я гукаю да Цябе. Зьлітуйся нада мною і выслухай мяне! Сэрца маё кажа ад Цябе: «Шукайце Маё Аблічча!» Тваё Аблічча, Ягова, шукаю я. Ня хавай Аблічча Твайго ад мяне. Ня адкінь у гневе раба Твайго. Ты мая дапамога. Ня адкінь мяне і ня пакінь мяне, Божа збавеньня майго! Бо бацька мой і маці мая пакінулі мяне, але Ягова прыйме мяне. Навучы мяне, Ягова, шляху Твайму і вядзі мяне простай сьцежкай дзеля ворагаў маіх. Ня аддавай мяне ярасьці праціўнікаў маіх; бо паўсталі супраць мяне сьведкі хвальшывыя і той, што дыхае лютасьцю. Калі б я ня верыў, дык ня ўбачыў бы дабрыні Яговы ў краіне жывых! Спадзявайся на Ягову. Будзь моцны. Хай сэрца тваё будзе адважнае, і спадзявайся на Ягову.
Давідавы. Да Цябе, Ягова, гукаю я. Скала мая, ня адвярніся моўчкі ад мяне, бо калі Ты маўчыш з-за мяне, каб я ня ўпадобіўся тым, што зыходзяць у магілу. Пачуй голас маленьняў маіх, калі я да Цябе гукаю, калі я падымаю рукі мае да Сьвятога Сьвятых Тваёй Сьвятасьці. Ня адкінь мяне зь бязбожнікамі і грэшнікамі, якія бліжняму свайму кажуць «мір», а ў сэрцы іхным ліха. Дай ім паводля іхных учынкаў і паводля ліхіх дзеяў іхных. Дай ім паводля ўчынкаў іхных рук; адплаці ім, чаго яны заслужылі! Бо яны ня зважаюць на ўчынкі Яговы і на творы Рук Ягоных. Ён іх разбурыць і ня адбудуе. Хай будзе праслаўлены Ягова, бо Ён пачуў голас маленьня майго! Ягова ёсьць мая сіла і мой шчыт. На Яго спадзяецца маё сэрца, і (Ён) мне дапамог. Таму ўрачыста радуецца маё сэрца. І я ўсхваляю Яго маёю песьняй. Ягова ёсьць іхная сіла (народу Ягонага); і выратавальная абарона Ягонага памазанца ёсьць (Ён). Ратуй Твой народ і багаславі Тваю спадчыну, і пасі іх, і нясі іх у вечнасьць.
Псальм Давідавы. Аддайце Ягове, (вы) сынове Бога, аддайце Ягове славу і моц! Аддайце Ягове славу Імя Ягонага. Упадзіце ніцма перад Яговам у прыгажосьці сьвятасьці. Голас Яговы над водамі. Бог славы грыміць, Ягова над водамі вялікімі. Голас Яговы магутны. Голас Яговы ве́лічны. Голас Яговы крышыць кедры. Ягова крышыць кедры ліванскія, і Ён прымушае іх скакаць, як цяля, і Ліван і Сірыён, як маладога дзікага буйвала. Голас Яговы выкрасае агністае полымя. Голас Яговы трасе пустэльню. Ягова трасе пустэльню Кадэс. Голас Яговы прымушае аленіхаў акацíцца і ложыць лясы агалёнымі. І ў Ягонай Сьвятыні ўсё гаворыць: «Слава!» Ягова тронна сеў над патопам. Ягова будзе тронна сядзець, як Кароль, вечна. Ягова дасьць Свайму народу моц. Ягова багаславіць народ Свой мірам.
Псальм Давідавы. Песьня пры пасьвячэньні дому. Буду ўзьвялічаць Цябе, Ягова, бо Ты выцягнуў мяне, і ня даў ворагам маім пацяшацца зь мяне. Ягова, Божа мой! я крычаў да Цябе, і Ты аздаравіў мяне. Ягова! Ты вывеў зь пекла душу́ маю, Ты пакінуў мяне жыць у адрозьненьне ад тых, што сыходзяць у магілу. Сьпявайце і іграйце Ягове, (вы) сьвятыя Ягоныя, і хваліце Ягонае Сьвятое Імя, бо гнеў Ягоны трывае адно імгненьне, а зычлівасьць Ягоная трывае ўсё жыцьцё: увечары — плач, а нараніцы — радасьць. А я казаў у маёй бясьпечнасьці: «я ня пахіснуся вавек». Ягова, у Тваёй зычлівасьці Ты ўмацаваў гару маю. А як Ты схаваў Аблічча Тваё, і я стаўся, як адштурхнуты. Тады я гукаў Цябе, Ягова, і маліў я Госпада майго. Што за карысьць у крыві маёй, у тым, што я зыйду ў магілу? Ці стане хваліць Цябе пыл? Ці стане ён абвяшчаць Тваю Праўду? Пачуй, Ягова, і будзь да мяне літасьцівым! Ягова! будзь мне ўспамогай. Мой лямант Ты абярнуў у скокі, Ты ськінуў зь мяне рызьзё і падперазаў мяне радасьцяй, каб слава Табе сьпявала і ня маўчала. Ягова, Божа мой, буду славіць Цябе вечна.
Кіраўніку хору. Псальм Давідавы. У Цябе, Ягова, я знайшоў прытулак, беражы мяне ў вяках вякоў ад асаромленьня! Ратуй мяне ў Тваёй справядлівасьці! Нахілі да мяне Тваё вуха! Пасьпешна выбаўляй мяне! Будзь для мяне абарончай скалой, умацаваным замчышчам, каб мяне ратаваць; бо скала мая і замчышча маё ёсьць Ты. І дзеля Імя Твайго Ты будзеш вадзіць мяне і кіраваць мной, выцягваць мяне із сеткі, якую яны ўкрадкам паклалі перада мной, бо Ты цьвярдыня мая. У Тваю Руку перадаю Дух Мой. Ты збавіў Мяне, Ягова, Ты Бог праўды. Я нянавіджу тых, хто ўшаноўвае нікчэмных балванаў. Але я, я спадзяюся на Ягову. Я буду весяліцца і радавацца ў міласэрнасьці Тваёй. Бо Ты ўбачыў бедства маё, уведаў пра ўціскі душы маёй, і Ты ня перадаў мяне ў руку ворага, паставіў стопы мае на прасторным мейсцы. Будзь міласэрны да мяне, Ягова, бо я прыгнечаны! Ад гора запа́ла вока маё, душа мая і цела маё. Бо ў скрусе марнее жыцьцё маё, і мае гады праходзяць ва ўздыханьнях. Па прычыне грэху майго хістаецца сіла мая, і сохнуць косткі мае. Я стаўся пасьмешышчам перад усімі маімі прыціскальнікамі, нават і перад суседзямі маімі, страхоцьцем для знаёмых маіх; якія, калі ўбачаць мяне на вуліцы, уцякаюць ад мяне. Я забыты ў сэрцы, быццам нябожчык; я — як посуд разьбіты, бо я чую ад многіх ліхаслоўе, адусюль жах. Яны разам трымаюць нараду супраць мяне, намышляюць аб тым, каб адабраць у мяне маё жыцьцё. Але я, я спадзяюся на Цябе, Ягова. Я кажу: «Ты ёсьць мой Бог». У Тваёй Руцэ — мае дні. Вызвалі мяне із рукі маіх ворагаў і ад маіх перасьледвацеляў! Хай сьвеціць Аблічча Тваё над рабом Тваім. Ратуй мяне міласэрнасьцю Тваёю! Ягова, ня дай мне быць пасаромленым, бо я да Цябе гукаю! Хай будуць пасаромлены бязбожнікі, хай яны змоўкнуць у мейсцы сьмерці. Няхай занямеюць вусны ілжывыя, што гідоту гавораць на праведнага ў ганарлівасьці і пагардзе. Як жа вялікая дабрыня Твая, якую Ты прыхаваў дзеля тых, што баяцца Цябе, і праявіў тым, якія іхны прытулак шукаюць у Цябе перад абліччам сыноў чалавечых! Ты беражэш іх у мейсцы сховішча Аблічча Твайго ад зламысных змоваў людзей. Ты беражэш іх (у Тваім) жытле ад языкоў звадлівых. (Хай будзе) багаславёны Ягова, бо Ён зьявіў мне цудоўную міласэрнасьць ва ўмацаваным месту! А я, я сказаў у няаба́члівасьці сваёй: «я адцяты ад Вачэй Тваіх». Але Ты пачуў голас маленьняў маіх, калі я крычаў да Цябе. Любіце Ягову, усе сьвятыя Ягоныя! Верных бароніць Ягова, а тым, што ў пыхлівасьці ходзяць, адплачвае Ён з наддаткам. Будзьце моцныя. Хай будзе мужным сэрца вашае, усе вы, што чакаеце на Ягову!
Псальм Давідавы. Навука. Шчасьлівы той, каму дарава́на бяззаконьне ягонае, чый грэх пакрыты. Шчасьлівы чалавек, якому Ягова ня залічвае грэху, і ў чыім духу няма хітрыны. Пакуль я маўчаў, сохлі косткі мае ад штодзённага стагнаньня майго, бо дзень і ноч абцяжа́ла мяне Рука Твая, зьнікла сіла мая, як у летнюю сьпёку. Зэля. Дык прызнаўся я Табе ў грэху маім і ня ўтоіў бяззаконьня майго. Я сказаў: «Вызна́ю Ягове праступкі мае». І Ты, Ты дараваў віну грэху майго. Зэля. Таму кожны пабожны хай моліцца Табе ў час, калі можна знайсьці Цябе. І разьліў нават вялікіх водаў, яны ня дасягнуць яго. Ты ёсьць сховішча маё. Ты бароніш мяне ад бяды. Урачыстымі радасьцямі збаўленьня Ты атачаеш мяне. Зэля. Я буду цябе настаўляць і навучу цябе шляху, які ты павінен прайсьці. Я буду раіць табе, Вока Маё на цябе. Ня будзьце, як конь альбо мул, што развагі ня маюць; чые храпы трэба зануздаць аброцьцю і цуглямі, інакш яны ня ўпакорацца табе. Шмат боляў бязбожніку. Але хто спадзяецца на Ягову, таго Ён ахінае міласэрнасьцю. Радуйцеся ў Ягове і весялíцеся, (вы) праведныя, і радуйцеся ўрачыста ўсе шчырыя сэрцам!
Урачыста радуйцеся ў Ягове, (вы) праведныя! Шчырым прыстойна ўсхваляць. Услаўляйце Ягову на гарпе. Грайце Яму на дзесяціструнным. Сьпявайце Яму новую песьню; грайце Яму гучна з урачыстымі ўскліканьнямі!; бо слова Яговы ёсьць праўдзівае, і ўсе ўчынкі Ягоныя верныя. Ён любіць справядлівасьць і праўду, зямля ёсьць поўная міласэрнасьці Яговы. Словам Яговы створаны Нябёсы, і подыхам Вуснаў Ягоных усе іхныя войскі. Ён зьбірае воды мора, як да́мбай, кладзе іх на схоў у глыбíні (зямлі). Няхай баіцца Яговы ўся зямля; хай трымцяць перад Ім усе жыхары сьвету, бо Ён сказаў — і сталася, Ён загадаў — і зьявілася. Ягова разбурае намер паганаў, зьнішчае намыслы народаў. Пастанова Яговы трывае вечна, думкі Сэрца Ягонага з роду ў род. Шчасьлівы народ, Богам якога ёсьць Ягова, народ, які Ён выбраў Сабе ў спадчыну. Ягова глядзіць зь Нябёсаў. Ён бачыць усіх сыноў чалавечых. Зь мейсца Свайго існаваньня Ён глядзіць на ўсіх жыхароў зямлі. Ён стварыў сэрца ўсіх іх, Ён зважае на ўсе іхныя ўчынкі. Кароль ня ратуецца вялікай сілай войска, і ня выратуе асілка яго вялікая сіла. Марная надзея на каня для выратаваньня, і веліч сілы ягонай ня дапаможа пазьбегнуць. Вось! Вока Яговы на тых, якія баяцца Яго, на тых, якія спадзяюцца на Ягоную міласэрнасьць, каб вырваць душу іхную ад сьмерці і захаваць ім жыцьцё ў час голаду. Душа́ наша чакае на Ягову, Ён — дапамога наша і шчыт наш, бо ў Ім радуецца сэрца нашае, бо на Яго сьвятое Імя мы спадзяёмся. Хай Твая міласэрнасьць, Ягова, будзе над намі, як мы на Цябе спадзяёмся!
Псальм Давідавы: калі ён перад Абімэлехам удаваў зь сябе вар’ята, і гэты выгнаў яго ад сябе, і ён пайшоў. Я буду славіць Ягову кожную часіну; хвала Яму будзе ўсьцяж на вуснах маіх. Яговам будзе хваліцца душа́ мая; пакорныя мусяць гэта пачуць і ўзьвясялíцца. Бу́дзьма славіць Ягову разам са мною, і ўзвышаць разам Імя Ягонае! Я шукаў Ягову, і Ён пачуў мяне, і ад усіх маіх страхаў Ён уратаваў мяне. Тыя, хто на Яго ўзіра́юцца, прасьвятляюцца, і аблічча іх ня пасарамляецца. Вось убогі: ён гука́ў, і Ягова пачуў і выратаваў яго із усіх ягоных бедаў. Ангел Яговы акаляе тых, што баяцца Яго (Ягову), і Ён (Ягова) вызваляе іх. Паспытайце і ўбачце, што Ягова добры. Шчасьлівы той, хто ў Ім знаходзіць прытулак. Бойцеся Яговы, (вы) сьвятыя Ягоныя, бо тыя, што баяцца Яго, ня маюць ні ў чым нястачы. Маладыя ільвы церпяць нягоды і галадаюць, але тыя, што шукаюць Ягову, ня церпяць нястачы ні ў якім дабры. Хадзеце сюды, сынове, выслухайце мяне, я навучу вас баяцца Ягову. Хто ёсьць чалавек, які любіць жыцьцё, які ахвотна хацеў бы доўгіх дзён жыцьця, каб убачыць добрае? Устрымлівай язык свой ад благога і вусны свае ад слоў падступных. Ухіляйся ад благога і рабі добрае, шукай міру і імкніся да яго. Вочы Яговы накіраваны на справядлівых, і вушы Ягоныя на іхнае гуканьне. Аблічча Яговы супраць тых, хто робіць ліхое, каб зьнішчыць зь зямлі і памяць пра іх. Справядлівыя гукаюць да Яговы, і Ён чуе іх і вызваляе іх з усіх іхных бедаў. Ягова блізкі да тых, у каго зламанае сэрца, і Ён выратуе тых, у каго дух разьбіты. Шмат пакутаў у справядлівага, але Ягова з усіх іх вызваліць яго. Ён пільнуе ўсе ягоныя косткі, каб ніводная зь іх ня была паламаная. Бязбожніка заб’е ліха, і тыя, што нянавідзяць справядлівага, будуць абвінавачаны. Ягова вызваляе ду́шы рабоў Сваіх, і тыя, што бяруць у Яго сховішча, ня будуць абвінавачаны.
Псальм Давідавы. Судзіся, Ягова, з тымі, якія змагаюцца супраць мяне. Зваюй тых, якія зваёўваюць мяне! Вазьмі малы шчыт і вялікі шчыт, і ўстань на дапамогу мне. Выцягні меч і загарадзі дарогу перасьледавацелям маім. Скажы душы маёй: «Я збаўленьне тваё.» Хай стануць пасаромленымі і паганьбленымі тыя, што шукаюць душу́ маю. Хай пахіснуцца і будуць пакрыты ганьбай тыя, што надумваюць ліхое супраць мяне. Хай стануць яны, як палова перад ветрам, і Ангел Яговы хай праганяе іх; хай шлях іхны будзе цёмны і коўзкі, і Ангел Яговы хай гоніць іх; бо бяз прычыны яны ўкрадкам схавалі супраць мяне сетку сваю, і бяз прычыны выкапалі яму на душу́ маю. Хай на яго прыйдзе загуба, пра якую ён ня ведае, і хай ягоная сетка, якую ён украдкам паклаў, хай зловіць яго самога; і хай ён уваліцца на пагібель (у выкапаную яму). А мая душа будзе ўрачыста радавацца ў Ягову, радавацца ў Ягоным ратунку. Усе мае косткі скажуць: хто ёсьць, як Ты, Ягова, Які ратуеш слабога ад дужэйшага за яго, убогага і беднага ад ягонага рабаўніка? Паўстаюць хвальшывыя сьведкі, яны выпытваюць у мяне, чаго я ня ведаю. Яны плацяць мне благім за дабро. Асірочваюць душу маю. А я — як яны хварэлі, вопраткой маёй было жалобнае адзеньне. Я марыў пастом душу маю, а малітва сэрца майго вярталася назад. Быццам бы гэта быў мой сябра, быў мой брат, так хадзіў я жалобна. Як той, што аплаквае матку, хадзіў я згорбіўшыся і панурыўшы галаву. Але яны радаваліся аб маім спатыканьні, зьбіраюцца зьняважнікі супраць мяне, і я іх ня ведаю. Яны абмаўляюць і ня спыняюцца; з гнуснымі насмешлівымі дармаедамі яны скрыгочуць супраць мяне зубамі. Мой Госпад, як доўга Ты будзеш яшчэ на гэта глядзець? Адвядзі душу́ маю ад іхных злачынстваў, ад маладых ільвоў маю адзінокую! Я буду славіць Цябе ў вялікім сходзе, буду ўсхваляць Цябе сярод шматлікага народу. Хай ня пацяшаюцца нада мною тыя, якія нясправядліва варагуюць супраць мяне, хай ня пераміргваюцца вачыма тыя, якія нянавідзяць мяне бяз прычыны: бо ня аб міры гавораць яны, але супраць ціхіх зямлі яны выдумваюць здрадлівыя словы. І яны разявілі супраць мяне свае ляпы, яны кажуць: «ага, ага! бачыла нашае вока!» Ты бачыў гэтае, Ягова! Дык ня маўчы! Госпадзе, ня аддаляйся ад мяне! Прабудзіся і ўстань за маю правату, Бог мой і Госпад мой, за маю справядлівую справу! Судзі мяне паводля Тваёй справядлівасьці, Ягова, Божа мой! І хай яны ня пацяшаюцца зь мяне! Хай яны ня скажуць у сэрцы сваім: «Ага! Гэтага мы і хацелі!» Хай ня скажуць: «мы яго праглынулі!» Хай будуць пасаромлены і зганьбаваны ўсе, якія радуюцца майму няшчасьцю. Хай будуць апрануты ў сорам і ганьбу ўсе, што нада мною вывышаюцца. Хай радуюцца і ўрачыста радуюцца ўсе, што жадаюць справядлівасьці для мяне. Хай яны няўстанна гавораць: «хай будзе ўзьвялічаны Ягова, Які жадае для раба Свайго міру». Хай мой язык хва́ліць Тваю справядлівасьць і сла́віць Цябе ўвесь дзень.
Кіраўніку хору. Ад раба Яговы Давіда. Здра́да бязбожніка пацьвярджа́е думку глыбіні сэрца майго, што перад вачамі ягонымі няма страху Божага; таму гэта і падлыгвае яму ў вачах ягоных, быццам ён шукае ў сабе бяззаконьня свайго, каб яго ўзьнянавідзіць. Словы вуснаў ягоных — нясправядлівасьць і хітрасьць; ён перастаў быць мудрым, каб рабіць дабро. Нясправядлівасьць задумляе ён на ложку сваім. Ён становіцца на благую дарогу, лíхам ня брыдзіцца ён. Ягова, міласэрнасьць Твая дасягае нябёсаў, вернасьць Твая да аблокаў. Справядлівасьць Твая быццам горы Бога. Суды Твае, як бездань. Ягова, Ты ратуеш чалавека і жывёлу. Як дарагая міласэрнасьць Твая, Божа! І сыны чалавечыя маюць прытулак у ценю крылаў Тваіх; яны насычаюцца ад туку Дому Твайго, і з патоку слодычаў Тваіх Ты іх поіш; бо ў Цябе крыніца жыцьця. У сьвятле Тваім мы ўбачым сьвятло. Падоўжы міласэрнасьць Тваю дзеля тых, што ведаюць Цябе, і справядлівасьць Тваю на тых, што справядлівыя сэрцам! Хай ня наступіць на мяне нага пыхлівага, і рука бязбожніка хай ня прагоніць мяне. Там паваліліся злачынцы. Яны павалены і падняцца ня могуць.
Давідавы. Ня абура́йся на ліхадзе́яў; ня зайздросьці тым, што робяць бяззаконьне; бо яны, як трава, будуць хутка скошаны, і завянуць, як зялёная расьліна. Спадзявайся на Ягову і рабі дабро, жыві на зямлі і трымайся вернасьці. Суцяшайся Яговам, і Ён дасьць табе, чаго жадае сэрца тваё. Даручы Ягове твой шлях і даверся Яму, і Ён зьдзее, і Ён вывядзе справядлівасьць тваю, як сьвятло, і суд твой, як полудзень. Будзь ціхі перад Яговам і чакай на Яго. Ня зайздросьці таму, каму шчасьціць у дарозе ягонай, чалавеку, які чыніць абман. Перастань гневацца і пакінь ярасьць. Ня распальвайся гне́вам, бо гэта толькі на ліха; бо тыя, хто робіць ліха, бу́дуць зьнíшчаны, але тыя, што чакаюць на Ягову, будуць валодаць зямлёй. Яшчэ толькі крыху, і ня стане бязбожніка. Паглядзіш на мейсца ягонае, а яго няма. А пакорныя зямлю ўспадкуюць і ўзрадуюцца паўнатой міру. Бязбожны намышляе ліха супраць праведніка і скрыгоча супраць яго зубамі сваімі. Але Госпад пасьміхаецца зь яго, бо Ён бачыць, што дзень ягоны набліжаецца. Бязбожнікі выцягваюць меч і нацягваюць свой лук, каб паваліць беднага і ўбогага, каб сьцяць тых, у каго дарога простая. Меч іхны праткне ім іхнае ўласнае сэрца, і лукі іхныя будуць паламаныя. Лепш малое ў праведніка, чым збытак у многіх бязбожнікаў, бо ру́кі бязбожнікаў будуць палама́нымі, але праведных Ягова падтрыма́е. Ягова ведае дні бяззаганных, іх спадчына будзе на ве́кі вякоў. Яны ня будуць асаромленыя ў час ліха, а ў дні голаду яны будуць насычаны; бо бязбожнікі загінуць, і ворагі Яговы счэзнуць, як краса лугоў, як дым яны счэзнуць. Бязбожнік пазычае і доўгу ня вяртае, а праведны ёсьць міласэрны і дае; бо багаслаўлёныя Ім спадку́юць зямлю, але тыя, хто Ім праклятыя, будуць зьнішчаны. Яговам робяцца моцнымі крокі чалавека, і ў дарозе сваёй ён мае спрыяньне. Калі ён упадзе — ня заб’ецца, бо Ягова падтрымае ягоную руку́. Я быў малады і саста́рыўся, ды ніколі ня бачыў, каб праведны быў пакінены і каб ягонае насеньне прасіла хлеба; цэлы дзень ён міласэрны і пазычае, і семя ягонае багаслаўлёнае. Ухіляйся ад ліха і рабі дабро, і будзеш жыць вечна, бо Ягова любіць праўду і сьвятых Сваіх ня пакіне ніколі. Яны вечна будуць пад аховай, а насеньне бязбожнікаў будзе зьнішчана. Праведныя ўспадкуюць зямлю, і будуць жыць на ёй вечна. Вусны праведніка абвяшчаюць мудрасьць, і язык ягоны гаворыць праўду. Закон Бога ягонага ў сэрцы ягоным, ногі ягоныя ня хістаюцца. Бязбожнік сочыць за праведнікам і шукае яго забіць. Ягова ня аддасьць яго ў ягоную руку́ і ня дапусьціць зьвінаваціць яго, калі яго будуць судзіць. Чакай на Ягову і пільнуйся шляху Ягонага, і Ён узвысіць цябе, каб ты спадкаваў зямлю. І ты будзеш бачыць, як будуць зьнішчаны бязбожнікі. Бачыў я бязбожніка, гвалтоўнага, які пышыўся, як тутэйшае разгалінастае дрэва; а як няўзабаве ішоў міма, — глядзь!, — а яго ўжо няма. І я шукаў яго, і ня знайшоў. Зважай на бяззаганнага і ўзірайся на справядлівага, бо будучыня належыць чалавеку міру. А бяззаконьнікі будуць усе зьнішчаны, і будучыня бяззаконьнікаў будзе зьнішчана. Выратаваньне справядлівых ад Яговы, Ён — абарона ім у час бяды. І Ягова дапаможа ім і вызваліць; Ён вызваліць іх ад бязбожнікаў, і Ён выратуе іх, бо яны ўзялі ў Ім прытулак.
Псальм Давідавы на напамінак. Ягова, ня ўшчувай мяне ў гневе Тваім, і ня кара́й мяне ў ярасьці Тваёй, бо стрэлы Твае працялі мяне, і Рука Твая ляжыць на мне. Няма цэлага мейсца на целе маім праз гнеў Твой; няма міру касьцям маім праз грэх мой, бо правіннасьці мае ўзьняліся вышэй галавы маёй; як вялікі цяжар яны гнятуць мяне. Сьмярдзяць, гнояцца раны мае праз няразумнасьць маю. Згорблены я і вельмі панураны, увесь дзень хаджу я жалобны; бо гараць сьцёгны мае, няма здаровага мейсца на целе маім. Я зьнясілены і моцна разьбіты. Я раву ад стогну сэрца майго. Мой Госпад, перад Табою ўсё маё жаданьне, ды ўздыханьне маё перад Табой ня ўкрыта. Сэрца маё трымціць. Сіла мая пакінула мяне, сьвятло вачэй маіх, таксама і яго няма ў мяне. Любімыя мае і блізкія мае стаяць воддаль ад пакутаў маіх, і родныя мае стаяць воддаль. І тыя, што шукаюць душу́ маю, кладуць петлі. І тыя, што шукаюць майго няшчасьця, гавораць пра пагібель і цэлы дзень намышляюць ілжу. А я быццам глухі, ня чую, і як нямы, які ня адчыняе вуснаў сваіх. І я станаўлюся як чалавек, які ня чуе, і ў вуснах якога няма пярэчаньняў, бо на Цябе, Ягова, спадзяюся я. Ты мой Госпад і Бог мой! адкажаш мне, бо сказаў я: хай ня вяселяцца яны нада мною, хай ня ўзвышаюцца яны нада мною, калі коўзаецца нага мая!, бо я блізкі да таго, каб спаткнуцца, і боль мой заўжды перада мной, дык вызнаю грэх мой. І я ў глыбокай скрусе праз грэх мой. І мае ворагі жывыя, моцныя, і многа ёсьць тых, якія нянавідзяць мяне бяз прычыны. І яны адплачваюць ліхам за дабро, варагуюць супраць мяне, бо я сьледую за дабром. Ня пакінь мяне, Ягова, Бог мой, ня будзь далёка ад мяне! Пасьпяшайся мне дапамагці, мой Госпад, маё выратаваньне!
Кіраўніку хору, Ядутуну. Псальм Давідавы. Я сказаў: «Буду я пільнаваць шляхі мае, каб мне ня грашыць языком маім. Я буду надзяваць вуздэчку на вусны мае, пакуль бязбожнік перада мною». Я быў зьнямеўшым у маўчаньні, маўчаў нават пра добрае; але боль мой стаўся разварушаным. Сэрца маё разгарачылася ў нутры маім. У роздумах маіх запалаў агонь. Я загаварыў языком маім: Дай знаць мне, Ягова, пра канец мой, і які лік дзён маіх; каб я ведаў, які даўгавечны я. Вось! як пядзі Ты даў мне мае дні, і век мой, як нішто прад Табою. Сапраўды, адна марнасьць ёсьць усякі чалавек, як бы ён цьвёрда ня стаяў. Зэля. Сапраўды, чалавек ходзіць, як прывід. Сапраўды, марнасьць ёсьць усё, пра што яны клапоцяцца. Ён зьбірае і ня ведае, каму дастанецца гэта. А цяпер, чаго я чакаю, мой Госпад? Надзея мая — на Цябе! Вырві мяне ад усіх правіннасьцяў маіх! Ня аддай мяне на пасьмешышча няразумнага! Я анямеў, ня адчыняю вуснаў маіх, бо Ты, Ты гэта зрабіў. Зьнімі зь мяне пакараньне Тваё. Ад супрацьдзеяньня Рукі Тваёй (супраць мяне) я гібе́ю. Ты ўшчуваньнямі караеш чалавека за ягоную правіннасьць, Ты расьцярушваеш ягоную прывабнасьць, быццам з’едзеную моляй. Сапраўды, кожны чалавек ёсьць марнасьць. Зэля. Пачуй, Ягова, малітву маю, прымі да Слыху Твайго мой крык! Ня маўчы на сьлёзы мае, бо я прыхадзень у Цябе, чужынец, як і ўсе ба́цькі мае. Адвярні ад мяне Твой позірк, каб я падмацаваўся, перш чым сыйду і больш ня будзе мяне.
Кіраўніку хору. Псальм Давідавы. Моцна чакаў Я на Ягову, і Ён нахіліўся да Мяне і пачуў Мой крык аб дапамозе. І Ён выцягнуў Мяне зь ямы пагібельнай, з тва́ні балотнай, і паставіў ступнí Мае на скале, зрабіў цьвёрдымі Мае крокі. І ў ву́сны Мае ўклаў Ён песьню новую, хвалу Богу нашаму. Убачаць гэта многія і збаяцца і будуць спадзявацца на Ягову. Шчасьлівы чалавек, які на Ягову ўскладае сваю надзею і ня нахіляецца да ганарыстых і да тых, якія схіляюцца да маны. Многае Ты зрабіў, Ягова, Божа Мой, цуды Твае і думкі Твае пра нас. Няма Табе роўных. Хацеў бы Я аб іх апавяшчаць і гаварыць, але занадта многа іх, каб пералічыць. Ахвяры і прынашэньня Ты ня хочаш. Ты расчыніў Мне вушы. Цэласпаленьня і ахвяры за грэх Ты ня патрабуеш. Тады Я сказаў: вось! Я іду. У скрутку кнігі напісана пра Мяне; волю Тваю выканаць, Божа Мой, Я моцна жадаю. І Закон Твой у сярэдзіне нутра Майго. Я абвяшчаў справядлівасьць (Тваю) у вялікім сходзе. Сапраўды, вусны Мае Я ня стрымліваў; Ягова, Ты гэта ведаеш. Я ня хаваў Тваёй справядлівасьці ў Сэрцы Маім. Я распавядаў пра вернасьць Тваю і Тваё выратаваньне. Я ня таіў Міласэрнасьці Тваёй і Праўды Тваёй перад вялікім сходам. Ты, Ягова, ня адхілі ад Мяне Тваіх спачуваньняў. Міласэрнасьць Твая і Праўда Твая хай заўсёды ахава́юць Мяне, бо безьліч няшчасьцяў абступілі Мяне. Праступкі Мае дасягнулі Мяне, Я ня магу пералічыць іх позіркам. Іх больш, чым валасоў на Маёй Галаве, і Сэрца Маё пакінула Мяне. Хай будзе Табе прыемна, Ягова, вызваліць Мяне! Ягова, пасьпяшайся на дапамогу Мне! Хай будуць пасаромлены і зганьбаваны ўсе, што шукаюць згубы душы Маёй. Хай абернуцца наўцёкі і будуць пасаромлены тыя, якія жадаюць Мне ліха. Будуць асаромлены іхняй жа ганьбай, якія Мне кажуць: «ага, ага». Усе, што шукаюць Цябе, хай вяселяцца і радуюцца ў Табе. І хто любіць збавеньне Тваё, хай кажуць заўсёды: «хай будзе ўзьвялічаны Ягова!» А Я гаротны і ўбогі. Але Госпад клапоціцца пра Мяне. Ты — дапамога Мая і Ратунак Мой. Божа Мой, ня марудзь!
Кіраўніку хору. Псальм Давідавы. Шчасьлівы той, хто зважае на мізэрнага. У дзень ліхí вызваліць яго Ягова. Ягова зьберажэ яго і захавае яго ў жыцьці. І будзе ён шчасьлівы на зямлі. І Ты ня аддасі яго на волю ворагаў ягоных. Ягова падтрымае яго на ложку не́мачы ягонай. Ты пераменіш ўсю пасьцель ягоную, калі ён будзе хворы. Я, я сказаў: «Ягова, будзь літасьцівы да мяне! Вылячы душу́ маю, бо зграшыў я перад Табою». Ворагі мае кажуць пра мяне благое: «Калі ён памрэ і зьгіне імя ягонае?» І калі хто прыходзіць наведаць мяне, ён кажа няпраўду. Сэрца ягонае напоўнена злосьцяй; і як выйдзе вонкі, дык ла́е мяне. Аб’яднаўшыся шэпчуцца ўсе мае нянавісьнікі супраць мяне. Яны намышляюць супраць мяне лíха: «ліхая хвароба вылілася на яго. І той, хто зьлёг, болей ня ўстане». Нават чалавек, які жыў мірна са мною, на якога я спадзяваўся, які еў мой хлеб, падняў супраць мяне пяту. Але Ты, Ягова, будзь літасьцівы да мяне і падымі мяне, і я ім адплачу. Праз тое я пазна́ю, што Ты маеш спрыяньне да мяне, калі вораг мой ня будзе мець нада мною перамогі. А мяне, у маёй чысьціні, Ты трымаеш проста і ставіш мяне перад Абліччам Тваім навечна. Хай будзе багаславёны Ягова, Бог Ізраэля, ад вечнасьці і ў вечнасьць! Амін. Так, амін!
Кіраўніку хору. Навучальная песьня сыноў Карэявых. Як лань прагне да водных патокаў, так прагне душа́ мая, Божа, да Цябе. Душа́ мая прагне па Богу, па Жывому Богу. Калі я прыйду і зьяўлюся прад Абліччам Бога? Сьлёзы мае станавіліся хлебам маім удзень і ўначы, калі казалі мне ўвесь дзень: «дзе Бог твой?» Зьліваючы душу́ маю, я буду думаць аб тым, як я буду хадзіць у вялікім натоўпе, сьвяточна павяду іх у дом Бога з моцным урачыстым воклічам і ўдзячнасьцю, у сьвяточным натоўпе. Чаму ты засмучоная, душа́ мая, і чаму ты ўва мне спалоханая? Май надзею на Бога, бо я буду яшчэ славіць Яго за выратаваньне Абліччам Ягоным. Мой Божа, душа́ мая прыгорблена ўва мне. Таму ўспамінаю пра Цябе зь зямлі Ярдану і Гэрмону, з гары Мізар. Бе́здань гукае бе́здань шумам вадаспадаў Тваіх. Усе буру́ны Твае і хвалі Твае прайшлі нада мною. Удзень Ягова зьяўляе міласэрнасьць Сваю, а ўначы песьня мая Яму, малітва да Бога жыцьця майго. Я кажу Богу, маёй Скале: «Чаму забываеш Ты мяне? Чаму я хаджу хмарны ва ўціску ворага?» Як здрабленьнем костак ног маіх зьдзекуюцца нада мной уціскальнікі мае тым, калі яны ўвесь дзень гавораць мне: «дзе Бог твой?» Чаму ты засмучоная, душа́ мая, і чаму ты ўва мне спалоханая? Май надзею на Бога, бо я буду яшчэ славіць Яго, Які ёсьць парату́нак аблічча майго і мой Бог.
Разваж мяне, Божа, і вядзі маю цяжбіну супраць нядобрых людзей; і вызвалі мяне ад чалавека хітрага і нясправядлівага; — бо Ты ёсьць Бог цьвярдыні маёй! Чаму Ты адкідаеш мяне? Чаму я му́шу хадзіць ва ўціску ворага? Пашлі Тваё Сьвятло і Праўду Тваю. Хай яны вядуць мяне, хай прывядуць мяне на гару Тваёй Сьвятасьці і ў селішчы Твае. І я прыйду да ахвярніка Бога, да Бога, Які ёсьць урачыстая радасьць мая; і буду гучна вітаць на га́рпе Бога, Бога майго! Чаму ты засмучоная, душа́ мая, і чаму ты ўва мне спалоханая? Май надзею на Бога, бо я буду яшчэ славіць Яго, Які ёсьць парату́нак аблічча майго і мой Бог.
Кіраўніку хору. Сыноў Карэявых навучальная песьня. Божа, мы чулі вушамі сваімі. Ба́цькі нашыя апавядалі нам пра дзею, якую Ты ўчыніў у дні іхныя, у дні даўнейшыя. Ты Сам Тваёй Рукою прагнаў пага́наў, а іх (ба́цькаў) насадзіў; Ты вынішчыў плямёны народаў і выгнаў іх; бо ня ме́чам сваім яны (ба́цькі) узялі зямлю ў валоданьне, і ня рука іхная ратавала іх, але Твая Правіца і Твая Рука, і Сьвятло Твайго Аблічча, таму што Ты меў да іх спрыяньне. А Ты Божа — Кароль мой, (дык) дай ратунак Якубу! З Табою мы зрына́ем нашых ворагаў, з Тваім Імем мы топчам тых, хто паўстае супраць нас; бо ня на лук свой я спадзяюся, і ня меч мой уратуе мяне, бо Ты ратаваў нас ад нашых ворагаў, і Ты пасароміў нашых нянавісьнікаў. У Богу мы хвалімся ўвесь дзень, і Імю Твайму мы будзем дзякаваць вечна. Зэля. Але ад сёньня Ты адкінуў нас і пасароміў нас, і ня выходзіш з войскам нашым. Ты змусіў нас уцякаць ад ворага, і нашы нянавісьнікі рабуюць (нас) для сябе. Ты аддаеш нас на поед, як авечкі, і расьцярушыў нас сярод паганаў. Ты прадаеш народ Твой за мізер і ня павысіў ягонай цаны. Ты аддаеш нас на ганьбу нашым суседзям, на зьдзек і зьнявагу тым, хто вакол нас. Ты зрабіў нас прыказяй сярод паганаў, на пагардлівае ківаньне галавою сярод народаў. Ганьба мая ўвесь дзень перада мною, і сорам аблічча майго пакрывае мяне ад голасу зьняважніка і багахульніка, ад (голасу) ворага і помсньніка. Усё гэта прайшло над намі, але мы Цябе ня забыліся, і ня паступалі хвальшыва адносна Запавету Твайго. Сэрца нашае ня пахіснулася назад, і ня збочылі са сьцежкі Тваёй ногі нашыя, хаця Ты скрышыў нас у зямлі шакалаў і акрыў нас ценем сьмяротным. Калі б мы забылі Імя Бога нашага, і калі б мы працягнулі рукі нашыя да бога чужога, дык ці ня спагнаў бы за гэта Бог? Бо Ён ведае таямніцы сэрца. Бо за Цябе забіваюць нас кожны дзень. Нас лічаць за авечкі на забой. Прачніся! Чаму сьпіш Ты, мой Госпад? Прачніся! Ня адкідай нас назаўсёды! Чаму хаваеш Ты Аблічча Тваё, забываеш пра нашую бяду і наш уціск? — бо нашая душа прыгну́та ў пыл. Чэрава нашае прыпадае да зямлі. Паўстань нам на дапамогу, і вызвалі нас — дзеля міласэрнасьці Тваёй!
Кіраўніку хору. На музычных стру́мантах шошанім. Сыноў Карэявых вучэньне. Песьня любві. Маё сэрца ўспыхнула добрым словам. Я распавядаю пра мае справы Каралю. Язык мой, як пяро лоўкага пісара. Ты прыгажэйшы за сыноў чалавечых. Багада́ць вылілася праз Твае Вусны. Таму багаславіў Цябе Бог навечна. Прыперажы меч Твой, Славу Тваю і прыгажосьць (Тваю) да Паясьніцы Тваёй, Ты Ўладарны. І прыгажосьць Твая — быць пасьпяховым! Выедзі на калясьніцы за слова праўды і ціхамірнасьці справядлівасьці! І Правіца Твая хай навучыць Цябе рэчаў, якія стра́шаць (ворага). Стрэлы Твае завостраныя, яны (пратнуць) сэрцы ворагаў Караля, а народы супакорацца перад Табой. Пасад Твой, Божа, у вяках вякоў. Ськіпетар справядлівасьці ёсьць ськіпетар Твайго Валадарства. Ты любіш Праўду і нянавідзіш бяспраўе. Таму, Божа, памазаў Цябе Бог Твой алеем радасьці больш за супольнікаў Тваіх. Усё адзеньне Тваё ёсьць мірра і алёе, і касія. З палацаў са слановай косткі вяселяць Цябе лютні. Каралеўскія дочкі ў цябе сярод ганаровых. Стаіць праваруч Цябе каралева ў ахвірскім золаце. Слухай дочка! Глядзі і прыхілі вуха тваё, і забудзь твой народ, і дом ба́цькі твайго. Кароль прагне прыгажосьці тваёй, бо Ён ёсьць Госпад твой, ты пакланіся Яму. І дочка Тыру, (і) багацеі народу шукаюць з падарункам аблічча твайго. Уся слава дочкі Караля — унутры, адзеньне ейнае з залатога гафтаваньня; ва ўзорыстай адзежы вядуць яе да Караля; дзяўчаты ззаду яе, ейныя сяброўкі, іх вядуць да Цябе. Іх вядуць у радасьці і радасьці ўрачыстай, уваходзяць у харомы Караля. Замест ба́цькаў тваіх будуць твае сыны. Ты паставіш іх князямі па ўсёй зямлі. Я буду ўспамінаць Імя Тваё з роду ды ў род. Таму будуць народы вызнаваць Цябе заўсёды і вечна.
Кіраўніку хору. Сыноў Карэявых. Дзеля дзявочага голасу. Песьня. Бог нам прыстанішча і сіла, хуткі на дапамогу ў нядолях. Таму мы ня спалохаемся, нават калі зямля зру́шыцца, і нават калі горы ру́хнуць у сэрца мора; нават калі шумяць і бушуюць воды ягоныя, нават калі здрыгануцца горы пры ягоным хваляваньні. Зэля. Паток! — ягоныя прытокі весяляць места Бога, сьвятое жытло Ўсявышняга. Бог усярэдзіне яго. Яно ня пахіснецца. Бог дапаможа яму на досьвітку. Узбурыліся народы. Захісталіся каралеўствы. Ён падае́ Свой Голас: зямля плавіцца. Ягова войскаў з намі. Няпахісны прытулак для нас ёсьць Бог Якубаў. Зэля. Прыйдзіце, пабачце дзеі Яговы, якія спусташэньні Ён учыніў на зямлі; Ён спыняе войны да краю зямлі, зламае лук і стру́шчыць дзіду, калясьніцы спаліць агнём. Угамуйцеся і даведайцеся: Я ёсьць Бог. Я буду ўзьвялічаны сярод народаў, буду ўзьвялічаны на зямлі. Ягова войскаў з намі. Няпахісны прытулак для нас ёсьць Бог Якубаў. Зэля.
Кіраўніку хору. Сыноў Карэявых. Псальм. Пляскайце ў далоні, усе народы! Моцна клічце Бога голасам радасьці! Бо Ягова, Найвышэйшы, ёсьць стра́шны, вялікі Кароль над усёй зямлёй. Ён скара́е пад нас народы і плямёны пад нашыя ногі. Ён выбраў нам спадчыну нашую, гонар Якубаў, якога Ён любіць. Зэля. Бог узыйшоў пад воклічы ўрачыстай радасьці, Ягова пад гук трубы. Сьпявайце Богу! сьпявайце! Сьпявайце Каралю нашаму! сьпявайце! — Бо Бог ёсьць Кароль усёй зямлі. Сьпявайце навучальную песьню! Бог валадарыць, як Кароль над паганамі. Бог сядзіць на пасадзе Сьвятасьці Ягонай. Сабра́ліся князі народу, народ Бога Абрагамавага, бо шчыты зямлі — Бога, Ён узвышаны надзвычайна.
Песьня. Псальм сыноў Карэявых. Вялікі ёсьць Ягова і надзвычайна слаўны ў месту нашага Бога на гары Ягонай Сьвятасьці. Прыгожа ўзвышаецца радасьць усёй зямлі, гара Сыён, паўночная мяжа, места вялікага Караля. Бог у харомах Ягоных вядомы як няпрыступнае прыстанішча. Дык вось! сабраліся каралі, разам падыйшлі, і як убачылі — зьдзівіліся, спалохаліся і паўцякалі. Дрыгота ахапіла іх там, боль, як тую парадзіху. Ве́трам усходнім Ты скрышыў караблі тарсіскія. Як мы чулі, так мы ўбачылі ў месту Яговы войскаў, у месту нашага Бога: Бог умацуе яго навечна. Зэля. Божа, мы думалі пра Тваю міласэрнасьць пасярод Тваёй Сьвятыні. Як Імя Тваё, Божа, так і слава Твая да краёў зямлі. Правіца Твая поўная справядлівасьці. Хай радуецца гара Сыён. Хай радуюцца дочкі Юды дзеля судоў Тваіх. Абыдзіце вакол Сыёну; акружэце яго; палічэце ягоныя вежы; накіруйце сэрца вашае на ягонае ўмацаваньне; разгледзьце палацы ягоныя, каб вы маглі аб гэтым расказаць наступнаму пакаленьню; бо Гэты Бог ёсьць наш Бог на векі вякоў. Ён будзе нас ве́сьці і пасьля сьмерці.
Кіраўніку хору. Сыноў Карэявых. Псальм. Слухайце гэта, усе народы! Прыслухайцеся ўсе жыхары сьвету, сыны простага чалавека, як і сыны пана, багаты і ўбогі разам! Вусны мае вымавяць мудрасьць, а развага сэрца майго — веданьні. Схілю вуха маё да прыпавесьці, адкрыю загадку маю (пад гук) гарпы. Чаму я маю баяцца ў дні ліхія, калі акружыць мяне нясправядлівасьць маіх перасьледвальнікаў, якія спадзяюцца на сваё багацьце і хваляцца лішкам сваіх дастаткаў? Чалавек ніколі ня меў такой маёмасьці, каб выкупіць брата свайго; ён ня мог даць Богу выкуп, бо занадта вялікая цана выкупу іхнай душы, таму ён вымушаны адмовіцца ад гэтага навекі, каб ён застаўся жыць вечна і ня ўбачыў магілы; бо ён бачыць: паміраюць мудрыя; гінуць разам не́вукі і бязглуздыя, і пакідаюць маёмасьць сваю іншым. У думках іхных, што хаты іхныя вечныя, і што жытло іхнае з роду ды ў род. Яны называюць землі сваім íмем. Але чалавек ня застанецца ў пашане. Ён прыпадабляецца жывёліне, якая гіне. Такая дарога іхная ёсьць іхная няразумнасьць. І тыя, што ідуць за імі, упадабалі іхныя словы. Зэля. Яны зьбіраюцца ў купу, як авечы статак, (каб ісьці туды), у мейсца сьмерці. Сьмерць пасьвіць іх. А раніцай праведнікі запануюць над імі. Шэоль скрышыць іхную сілу, так што ня застанецца іхнага жытла. Сапраўды, Бог адкупіць душу́ маю ад улады шэолю, і Ён прыме мяне. Зэля. Ня бойся, калі чалавек багацее, і слава дому ягонага множыцца, бо калі памрэ ён, то нічога з сабой ня забярэ. Слава ягоная за ім ня пойдзе. Хоць пры жыцьці сваім ён душу́ сваю багаслаўляў, — а другія славяць цябе, калі ты сабе робіш добрае, яна пойдзе туды, да роду ейных ба́цькаў. Яны ў вечнасьці ня ўбачаць сьвятла. Чалавек, які ў пашане, але няразумны, ёсьць падобны жывёлам, якія гінуць.
Псальм Аса́па. Магутны Бог, Ягова, гаворыць, Ён кліча зямлю ад усходу сонца да ягонага захаду. Зь Сыёну, дасканаласьці прыгажосьці, Бог зьзяе перад Сабой. Бог наш прыйдзе, і Ён ня будзе маўчаць. Перад Ім агонь пажыральны, а вакол Яго моцная бура. Ён гукае згары нябёсы і зямлю, каб судзіць народ Свой: зьбярыце вы да Мяне Маіх сьвятых, якія ўчынілі са Мной Запавет пры ахвяры. І нябёсы абвесьцяць Ягоную справядлівасьць, бо Бог ёсьць Судзьдзя. Зэля. Слухай, народзе Мой, і Я буду прамаўляць, Ізраэль, і Я буду сьведчыць супраць цябе. Я ёсьць Бог, твой Бог. Ня за ахвяры твае Я буду дакараць цябе, і твае цэласпаленьні заўжды перада Мною. Ня вазьму цяляці з дому твайго ані казлоў са статкаў тваіх, бо Мае ёсьць усе зьвяры ў лесе і жывёлы на тысячы гор. Я ведаю ўсё птаства ў гарах, і зьвер польны перада Мною. Калі б Я быў галодны, дык ня сказаў бы табе, бо Мой ёсьць сусьвет і ўсё, што яго напаўняе. Ці ем Я мяса ад валоў і п’ю кроў ад казлоў? Ахвяруй Богу падзяку і выконвай твае абяцаньні Ўсявышняму, і пакліч Мяне ў дзень бяды, і Я ўратую цябе, і ты будзеш славіць Мяне. А да бязбожніка Бог кажа: Чаму ты пераліча́еш Пастановы Мае і бярэш Мой Запавет у вусны твае? А сам нянавідзіш выхаваньне і Словы Мае кіда́еш за сябе. Як ты бачыш злодзея, дык ты сябруеш зь ім, і з пералюбцамі ўдзел твой. Вусны твае ты адчыняеш на ліхое, і язык твой пляце ашу́ку. Ты сядзіш і на брата твайго намаўляеш. І супраць сына маткі тваёй ты пушчаеш абмову. Ты гэта рабіў, і Я маўчаў, дык ты падумаў, што Я такі самы, як і ты. Але Я дакару цябе і пастаўлю гэта перад вачамі тваімі. Зразумейце гэта вы, што забываеце пра Бога, каб Я ня расшмата́ў вас, а выратавальніка няма. Хто ў ахвяру прыносіць падзяку, той шануе Мяне, і ўладкоўвае шлях; а Я пакажу яму выратаваньне Божае.
Кіраўніку хору. Псальм Давідавы, як прарок Натан прыйшоў да яго, пасьля таго, як ён увайшоў да Батсэбы. Зьлітуйся нада мною, Божа, паводля міласэрнасьці Тваёй ды паводля велічы літасьцівасьці Тваёй даруй мне бяззаконьні мае! Абмый мяне ўсяго ад бяззаконьня майго і ад грэху майго ачысьці мяне, бо я ведаю бяззаконьні мае, і грэх мой усьцяж перада мною. Перад Табой, Табой Адзіным зграшыў я і перад Вачамі Тваімі зрабіў ліхое я; — таму Ты будзеш справядлівы ў прысудзе Тваім і чысты ў судзе Тваім. Дык вось! у бяззаконьні я народжаны, і ў грэху пачала́ мяне мая матка. І яшчэ! Ты маеш задавальненьне ад праўды ў сэрцы. І ў нутры маім Ты навучаеш мяне мудрасьці. Адграшы мяне гізопам, так стану я чыстым. Абмый мяне, так стану я бялейшым за сьнег. Дай Ты мне пачуць радасьць і вясёласьць, так узрадуюцца косткі, якія Ты скрышыў. Адвярні Аблічча Тваё ад грахоў маіх і сатры ўсе мае бяззаконьні! Ствары ўва мне, Божа, сэрца чыстае і духа справядлівага абнаві ўнутры мяне. Ня адкінь Ты мяне ад Аблічча Твайго і Духа Твайго Сьвятога ня адбірай у мяне! Вярні мне радасьць збаўленьня Твайго і духам добрай волі падмацуй мяне. Я буду вучыць законапарушальнікаў шляхоў Тваіх, тады грэшнікі ве́рнуцца да Цябе. Вызваль мяне ад крывавай віны, Божа, (Ты) Бог майго збаўленьня! Язык мой будзе ўрачыста славіць справядлівасьць Тваю. Мой Госпад, расчыні мае вусны, і рот мой будзе абвяшчаць хвалу Тваю, бо Ты ня жадаеш ахвяры, інакш я даў бы яе (Табе), і цэласпаленьне ня люба Табе. (А прыемная) Богу ахвяра — дух скрышаны; сэрцам злама́ным і скрышаным Бог ня пагрэбуе. Учыні Сыёну добрае водля зычаньня Твайго. Збудуй муры Ярузаліму. Тады ўпадабаеш Ты ахвяру праўды, прынашэньне і цэласпаленьне. Тады ахвяруюць на Тваім ахвярніку маладых быкоў.
Кіраўніку хору: навука Давідава, пасьля таго, як эдаміт Доэг прыйшоў да Саўла і паведаміў, кажучы: Давід увайшоў у дом Ахімэлеха. Чаго ты хвалішся ліхім, (ты) дужасіле? Дабразычлівасьць Бога ёсьць са мною цэлы дзень. Ліха выдумляе язык твой; як вострая брытва ён у цябе, (ты) здрадніку. Ты любіш ліхое больш, чым добрае, гаварыць ілжу больш, чым праўду. Зэля. Ты любіш усе пагібельныя словы, (ты) язык ілжы. За гэта Бог скрышыць цябе і адкіне цябе навекі. За гэта Ён скрышыць цябе і вырве з дому твайго і выкараніць зь зямлі жывых. Зэля. І ўбачаць гэта праведнікі і збаяцца, і яны стануць над ім сьмяцца: вось чалавек, які ня Бога мае сваёй цьвярдыняй, але спадзяецца на веліч багацьця свайго і мацуецца праз сваё ліхадзейства. Але я як зялёнае аліўкавае дрэва ў Доме Бога. Я кладу надзею на міласэрнасьць Бога заўсёды і на векі вечныя. Вечна буду славіць Цябе за тое, што ўчыніў Ты. Буду чакаць на Імя Тваё — бо Яно ёсьць добрае — перад сьвятымі Тваімі.
Кіраўніку хору. Пра «хваробу». Навука Давідава. Няразумны кажа ў сэрцы сваім: «Няма Бога.» Яны ёсьць сапсаваныя, яны чыняць агіднае бяззаконьне. Няма нікога, хто робіць дабро. Бог зь нябёсаў глядзіць на сыноў чалавечых, каб пабачыць, ці ёсьць там разумны, той, хто Бога шукае. Усе адступіліся. Усе разам яны сапсаваныя. Там няма ніводнага, хто робіць дабро; няма нават ніводнага. Няўжо ня ўрымсьцяцца бяззаконьнікі, якія пажыраюць народ Мой, быццам яны ядуць хлеб? Яны Бога ня прызываюць. За тое апанаваў іх жах, дзе жаху ня было, бо Бог расьцярушыў косткі тых, хто акружыў цябе ваенным лягерам. Ты кінуў іх у сорам, бо Бог іх адкінуў. О, каб зь Сыёну прыйшлі бы паратункі Ізраэлю! Калі Бог скасуе палон народу Свайго, будзе ўрачыста радавацца Якуб, і радавацца Ізраэль.
Кіраўніку хору. Са струннай ігрой. Навука Давідава. Калі зыхвеі прыйшлі і сказалі Саўлу: «Ці ня хаваецца Давід паміж намі?» Божа, Імем Тваім уратуй мяне і твары мне суд паводля ўлады Тваёй! Божа, пачуй малітву маю! Прыхілí Вуха Тваё да слоў малітвы маёй, бо чужынцы паўсталі супраць мяне, прыгнятальнікі шукаюць душы маёй. Яны ня ставяць Бога перад сабою. Зэля. Дык вось! Бог успаможнік мой. Мой Госпад ёсьць падтрымка душы маёй. Ён зробіць так, каб лíха вярнулася назад на маіх не́прыяцеляў. І Праўдай Тваёю зьнішчы іх! Я дабраахвотна прынясу Табе ахвяру, буду вызнаваць Імя Тваё, Ягова, бо Яно — добрае, бо Ён вызваліў мяне з усіх бедаў, і на ворагаў маіх глядзела маё вока.
Кіраўніку хору. Са струннай ігрой. Навука Давідава. Божа! Нахілі Вуха да малітвы маёй і ня ўхіляйся ад маленьня майго! Зваж на мяне і выслухай мяне! Я раздумваю ў маёй жалобе і стагну ад крыку ворага, ад уціску бязбожніка, бо яны наводзяць на мяне бяззаконьне і злосна варагуюць супраць мяне. Сэрца маё трапе́ча ўва мне, і напаў ня мяне жах сьмяротны. Страх і дрыжаньне найшлі на мяне, і жах ахапляе мяне. І я сказаў: «О, каб я меў крыльле, як галубка! я адляцеў бы і супакоіўся! Так! я адляцеў бы далёка і застаўся б у пустэльні». Зэля. Я сьпешна схаваўся б ад буйнага ветру і ад буры. Зьнішчы (іх) мой Госпад! струшчы іхныя языкі! бо я бачу гвалт і згрызоты ў месту. Дзень і ноч яны ходзяць вакол яго (места) па ягоных мура́х. Бяззаконьне і мардоўная праца ўнутры яго. Гора ў сярэдзіне яго, гнёт і ашу́ка ня сканчаюцца на плошчы ягонай. Бо ня вораг мяне зьняважае, гэта я перанёс бы; і ня нянавісьнік, які ўзвышаецца перада мной, ад яго я схаваўся б; але (ты) чалавеча, як я, мой сябра і мне блíзкі, зь якім мы разам звычайна мелі любасныя адносіны, у Дом Божы хадзілі сярод урачыстага натоўпу. Хай сьмерць нападзе на іх! хай яны жывымі зыйдуць у край сьмерці, бо злачынства ў сялібах іхных, і ў нутры іхным. Я, я клічу да Бога, і Ягова ратуе мяне. Увечары, ураніцы і апоўдні я буду жалобна маліцца і стагнаць, і Ён чуе голас мой. Ён у міры выкупляе душу́ маю ад нападку супраць мяне, бо іх многа супраць мяне. Бог выслухае (мяне), а ім адплаціць, Ён Той, што сядзіць на Пасадзе з прадвечных часоў — Зэля — ім, у якіх няма перамены, ды якія ня баяцца Бога. Ён падняў рукі свае супраць тых, што былі зь ім у міры; ён парушыў угоду сваю. (Словы) вуснаў ягоных гладкія, як масла, а сэрца ягонае поўна вайны. Словы ягоныя мякчэйшыя за алей, але адначасна яны — ме́чы аголеныя. Пакінь на Ягову клопат твой, і Ён цябе падтрымае, Ён ніколі ня дапусьціць, каб праведнік пахіснуўся. І Ты, Божа, укінеш іх у яму пагíбелі. Людзі крывавых дзеяў ды ілжы ня пражывуць палавіны дзён іхных. Але я, я спадзяюся на Цябе.
Кіраўніку хору. На мелёдыю: «Бязмоўная галубка ў далечыні». Давідава апісаньне, як пілішчаны схапілі яго ў Гаце. Зьлітуйся нада мною Ты, Божа, бо чалавек хоча мяне праглынуць. Цэлы дзень ён ваюе і ўціскае мяне. Цэлы дзень мае перасьледнікі шукаюць мяне праглынуць. Многія ваююць супраць мяне о, Найвышэйшы! У дзень, калі страх хапае мяне, я спадзяюся на Цябе. (Толькі) праз Бога я слаўлю Ягонае Слова. Надзею маю я ускладаю на Бога. Я ня баюся. Што цела зробіць мне? Цэлы дзень яны перакру́чваюць словы мае; усе іхныя думкі супраць мяне на зло. Яны зьбіраюцца разам. Яны сочаць за мной. Яны назіраюць за маімі крокамі, каб ухапіць маю душу́. За бяззаконьне іхнае адплаці Ты ім. У гневе Тваім, Божа, кінь народы далоў! Ты Сам залічы (мне) маё туляньне! Складзі сьлёзы мае ў судзіну Тваю. (Ці ёсьць яны) у Тваім скрутку? Тады паве́рнуць мае ворагі наўцёкі ў дзень, калі я гукну. Гэта я ведаю, што Бог за мяне. Дзеля Бога я буду славіць Слова. У Ягову я буду славіць Слова. Я спадзяюся на Бога. Я ня буду баяцца. Што зробіць мне чалавек? На мне, Божа, абяцаньні Твае. Я Табе аддам ахвяры ўдзячнасьці, бо Ты ўратаваў маю душу́ ад сьмерці і ногі мае ад падзеньня, — ці ж ня так? — каб я хадзіў перад Абліччам Бога ў сьвятле жывых.
Кіраўніку хору. Паводля мелёдыі: «Ня загубі». Апісаньне Давідава, як ён уцякаў ад Саўла ў пячору. Зьлітуйся нада мной, Божа! Зьлітуйся нада мной, бо ў Цябе бярэ прытулак душа мая, і ў цяню Тваіх крылаў бяру я прытулак, пакуль ня мінуцца нябясьпекі. Я гукаю да Бога, да Найвышэйшага, да Бога, Які робіць для мяне ўсё. Ён пашле зь нябёсаў, і Ён уратуе мяне. Ён асароміць таго, хто шукае мяне праглынуць. — Зэля. Пашле Бог Сваю літасьць і Сваю праўду. Душа мая — сярод ільвоў. Я ляжу пад шуга́ючым полымем, сярод сыноў Ада́мавых: зубы іхныя ёсьць дзіды і стрэлы, язык іхны ёсьць востры меч. Уздыміся, Божа, па-над нябёсы! І над усёю зямлёю хай будзе Слава Твая. На ногі мае яны прыгатавалі сетку. Душа́ мая прыгнечана долу. Яны выкапалі яму перада мной, і самі ўваліліся ў яе. — Зэля. Гатовае ёсьць сэрца маё, Божа, гатовае маё сэрца. Я буду сьпяваць і іграць. Паўстань слава мая! паўстань, цытра і гарпа! Я ўстану ра́на (на досьвітку). Я буду вызнаваць Цябе, мой Госпад, сярод народаў, я буду пець Табе сярод народаў, бо Міласэрнасьць Твая вялікая (аж) да нябёсаў, і Справядлівасьць Твая да аблокаў. Будзь узвышаны, Божа, над нябёсамі! Над усёй зямлёй (хай) будзе Слава Твая.
Кіраўніку хору. Паводля мелёдыі: «Ня загубі». Апісаньне Давідава. Ці вы сапраўды нямыя? Вы павінны гаварыць праўду. Вы павінны судзіць па справядлівасьці, вы, сыны Адама. Так, у сэрцы вы чыніце нясправядлівасьці. Гвалт вашых рук вы абдумваеце на зямлі. Бязбожнікі адлучаны (яшчэ) ад улоньня маткі. Яд іхны падобны яду зьмяі, як у глухой кобры, якая затыкае вуха сваё, і ня чуе голасу заклінальніка, чараўніка, які дасьведчаны ў чараваньні. Божа, скрышы ім зубы ў іхным роце! Разьбí, Ягова, ськівіцы маладым ільвам! Хай яны зьнікнуць, як воды цякучыя! Калі ён нацягвае (свой лук, каб) страляць, хай стрэлы ягоныя будуць, як паламаныя. Хай ён счэзьне, як сьлімак, што расплываецца, хай яны ня ўбачаць сонца, як выкідак жанчыны. Перш чым гаршкі вашыя адчуюць жар, яшчэ сырыя, хай Ён яго расьцярушыць. Справядлівы будзе радавацца, калі ўбачыць адпомсту. Ён будзе мыць ногі свае ў крыві бязбожніка. І чалавек скажа: «Сапраўды, ёсьць плод справядліваму. Сапраўды, ёсьць Бог, Які судзіць на зямлі».
Кіраўніку хору. Паводля мелёдыі: «Ня загубі». Апісаньне Давідава, калі Саўл паслаў, і яны вартавалі ягоны дом, каб яго забіць. Вызвалі мяне ад маіх ворагаў, Божа мой! Зрабі мяне нядаступным для тых, што паўстаюць супраць мяне! Вызваль мяне ад злачынцаў і ўратуй мяне ад крыважэрных! Бо вось яны цікуюць за душою маёю. Зьбіраюцца на мяне дужыя бяз правіны маёй і бяз грэху майго, Ягова. Бязь віны з майго боку яны зьбягаюцца і ўзбройваюцца. Паўстань мне на дапамогу і паглядзі! І Ты, Ягова, Божа войскаў, Бог Ізраэля, паўстань, каб парахавацца са ўсімі паганамі. Ня пашкадуй нікога са здраднікаў і бяззаконьнікаў. Зэля. Увечары яны вяртаюцца і скуголяць, як сабакі, і места абыходзяць яны наўкола. Вось! із роту іхнага яны вырыгаюць лаянку. У вуснах іхных ме́чы, бо: «Хто гэта чуе?» Але Ты, Ягова, пасьмяешся зь іх, Ты пасьмяешся над усімі паганамі. (Гэта ёсьць) Сіла Ягоная. Цябе я буду трымацца. Так, Бог ёсьць мая высокая крэпасьць. Бог, Міласэрнасьць Ягоная, гэта — міласэрнасьць да мяне, якой Ён сустрэне мяне. Бог дасьць мне ўбачыць засаду, якую ўчынілі супраць мяне. Ня забівай іх, каб (і) народ мой ня забыў гэтае. Праз Магутнасьць Тваю пакінь іх блукаць і кінь іх долу, Госпад мой, шчыт наш. Іхны рот грашыць пры кожным слове іхных вуснаў. Няхай яны будуць злоўлены ў пыхлівасьці іхнай за праклёны ды ілжу, якія яны вымаўляюць. Зрабі (ім) канец у гневе (Тваім)! Зрабі (ім) канец, і каб іх ня было, і каб яны пазналі, што Бог валадарыць у Якубе аж да краёў зямлі. — Зэля. І ўвечары яны вяртаюцца і скуголяць, як сабакі, і места абыходзяць яны наўкола. Яны бадзяюцца вакол, бо прымушаны шукаць ежы, і калі яны ня насыцяцца, яны бурчаць. А я, я буду сьпяваць пра Тваю Магутнасьць і раніцай буду ўрачыста славіць Тваю Міласэрнасьць, бо Ты ёсьць для мяне высокая крэпасьць і мейсца прытулку ў дзень маёй бяды. Сіла мая! Табе буду пець і іграць. Бо Бог ёсьць мая высокая крэпасьць, мой Бог міласэрны.
Кіраўніку хору. Паводля мелёдыі «Лілея», сьведчаньне. Апісаньне Давідавае для навучаньня. Калі ён ваяваў зь Сірыяй Мэзапатамскай ды зь Сірыяй Зобанскай, і Ёаб, варочаючыся, пабіў дванаццаць тысячаў эдамітаў у Саляной даліне. Божа, Ты нас пакінуў, нас расьцярушыў, Ты ўгневаўся. (Але) вярніся да нас! Ты страсянуў зямлю, расшчапіў яе. Загаí шчыліны ейныя, бо яна хістаецца! Ты даў народу Твайму зьведаць жорсткае. Ты напаіў нас віном зьдзіўленьня. Тым, што баяцца Цябе, Ты даў сьцяг, каб яны паднялі яго дзеля праўды. Зэля. Каб былі вызвалены любасныя Твае, ратуй Ты (іх) Правіцай Тваёй і адкажы нам! Прамовіў Бог у Сьвятасьці Сваёй: «Я ўзьвесялюся. Разьдзялю Сыхэм, і даліну Сукот абмераю. Мой Галаад і Мой Манаса, і Яхрэм — крэпасьць Маёй Галавы; Юда — бэрла Маё! Мааб — умывальная шаля Мая; на Адом кіну абутак Мой, Пілíстэя, радуйся аба Мне. Хто завядзе мяне да места ўмацаванага? Хто завядзе мяне да Адому? Ці ня Ты, Божа, (Які) пакінуў нас, і ня выходзіш, Божа, з нашымі войскамі? Дай нам дапамогу ва ўціску, бо чалавечая дапамога ёсьць марнота. З Богам мы выявім магутнасьць, і Ён растопча нашых прыгнятальнікаў.
Кіраўніку хору. Са струннай ігрой. Давідавы. Пачуй, Божа, мой лямант! Зваж на маю малітву! Ад канца зямлі гукаю я да Цябе, калі сэрца маё маладу́шнічае. Ты прывядзі мяне да скалы, якая вышэй за мяне, бо Ты быў маім прытулкам, моцнай вежай супраць ворага. Я буду вечна жыць у сялібе Тваёй, пад покрывам крылаў Тваіх знайду прытулак. Зэля. Бо Ты, о Божа, пачуў абяцаньні мае. Ты даў (мне) спадчыну тых, што баяцца Імя Твайго. Дада́й дні да дзён караля, хай гады ягоныя доўжацца з роду ды ў род. Хай жыве ён вечна прад Абліччам Бога. Накажы міласэрнасьці і праўдзе ахоўваць яго! Дык я буду сьпяваць і іграць вечна Імю Твайму, каб споўніць мне абяцаньні мае ад дня да дня.
Кіраўніку хору. Ядутуну. Псальм Давідавы. Сапраўды, Бог ёсьць супакой маёй душы. Ад Яго — выратаваньне маё. Сапраўды, Ён ёсьць Скала мая і маё выратаваньне, мой няпрыступны прытулак. Я ня пахіснуся больш. Дакуль вы будзеце налягаць на чалавека, як на нахíленую сьцяну, як на разбу́раны мур, і ўсе разам забіваць яго? Яны радзяцца, як яго сьпіхнуць з вышыні ягонай. Яны маюць задавальненьне ў ілжы. Вуснамі сваімі яны багаслаўляюць, а ўнутры праклінаюць. Зэля. Сапраўды, (толькі) у Богу супакойвайся, душа мая! — Бо на Яго (уся) надзея мая. Сапраўды, Ён ёсьць Скала мая і маё выратаваньне, мой няпрыступны прытулак. Я ня пахіснуся. У Богу маё выратаваньне і слава мая. Скала сілы маёй і прытулак мой — у Богу. Спадзявайся на Яго ўвесь час, о народзе! Вывернеце перад Ім сэрцы вашыя! Бог ёсьць наш прытулак. — Зэля. Сапраўды, марнасьць ёсьць сыны чалавечыя. Мана — сыны чалавека. Калі пакласьці іх на ва́гі, дык усе яны (лягчэй за) подзьмух. Ня спадзявайцеся на гвалт і ня будзьце абмануты рабу́нкамі. Калі множыцца багацьце, ня прыкладайце да яго вашага сэрца. Аднойчы сказаў Бог, двойчы гэта я пачуў, што сіла ў Бога, і Тваё, мой Госпадзе, міласэрдзе, бо Ты, Ты адплаціш кожнаму чалавеку паводля ягоных учынкаў.
Псальм Давідавы. Калі ён быў у пустэльні юдэйскай. Божа! Ты Бог мой. Я шукаю Цябе ад золку. Па Табе прагне душа мая. Па Табе ту́жыць цела маё ў зямлі пустой, высахлай і бязводнай. У Сьвятыні я адкрыў Цябе, каб убачыць Сілу Тваю і Славу Тваю; бо Міласэрнасьць Твая лепшая за жыцьцё. Вусны мае будуць славіць Цябе. Я буду багаслаўляць Цябе ў жыцьці маім, буду ўзьнімаць ру́кі мае ў Імя Тваё. Як ад шпíку і ту́ку будзе сытая душа́ мая. Я буду славіць Цябе ўрачыста радаснымі вуснамі, калі я ўспамінаю Цябе на маім ложку у начных чуваньнях, я размышляю пра Цябе; бо Ты — дапамога мая, і пад покрывам Крылаў Тваіх я буду ўрачыста ра́давацца. Мая душа ту́ліцца да Цябе. Твая Правіца падтрымлівае мяне. А тыя, што шукаюць душу́ маю, каб яе зьнішчыць, зыйдуць у апраметныя мейсцы зямлі. Яны будуць аддадзены на адплату ме́чу. Яны стануць пажывай лíсаў. А кароль будзе радавацца ў Богу. Будзе ўслаўлены кожны, хто Ім прысягае, бо зачынены будуць вусны тых, хто гаворыць ілжу.
Кіраўніку хору. Псальм Давідавы. Пачуй, Божа, голас маленьня майго, ад страху ворага сьцеражы жыцьцё маё! Беражы Ты мяне ад патайной змовы зламысьнікаў, ад зборышча бяззаконьнікаў, якія язык свой навастрылі, як меч, якія жорсткае слова, як стралу, наклалі (на лук), каб употай страляць у бяззаганнага. Яны зьнянацку страляюць ў яго, і яны ня баяцца. Яны мацуюць сябе ў справе ліхой, яны змаўляюцца, як патаемна паставіць сеткі, і кажуць: «хто убачыць іх?» Яны выдумляюць ліхадзействы: «Мы закончым выдумку. План выдуманы.» І ўнутранае чалавека, сэрца, ёсьць таямніца (цяжкаспасьцігаемая). Тады Бог стрэліць па іх стралою. І яны зьнянацку стаюцца паражонымі. І спатыкнуцца яны з прычыны сваіх языкоў. Усе, хто іх бачыць, адхіну́цца ад іх. Тады ўсе людзі збаяцца і будуць апавяшчаць Дзею Бога і разважаць пра Ягоны Ўчынак. Праведны ўзрадуецца ў Госпадзе і возьме прытулак у Ім. Няхай хваляцца ўсе справядлівыя сэрцам.
Кіраўніку хору. Псальм Давідавы. Песьня. Табе, Божа, ціхая хвала на Сыёне, і Табе будзе дадзена абяцаньне. Той, Хто чуе малітву! Да Цябе прыйдзе ўсякае цела. Бяспраўныя ўчынкі адолелі мяне. Нашыя праступкі...Ты ёсьць Той, Хто выбачае іх. Шчасьлівы той, каго Ты выбіраеш і набліжаеш, ён будзе жыць у дварах Тваіх. Мы насыцімся дабром Дому Твайго, сьвятасьцю Сьвятыні Тваёй. Па справядлівасьці Ты адкажаш нам чынам вартым багавейнасьці, Бог нашага выратаваньня, надзея ўсіх канцоў зямлі і далёкага мора, Ты, што горы мацуеш сілаю Сваёю, падпяра́заны магу́тнасьцяй, Ты, што таймуеш шум мораў, шум іхных хваляў і бунт народаў. Жыхары канцоў (зямлі) будуць баяцца Знакаў Тваіх, Ты пабуджаеш край раніцы і вечара ўрачыста радавацца. Ты наве́дваеш зямлю і навадняеш яе; шчодра яе ўзбагачаеш: Паток Бога поўны вады. Ты гатуеш яе збожжа, бо так Ты яе ўладкаваў. Ты поіш яе барозны, раўняеш камлыгі ейныя. Ты пу́льхніш яе дажджавымі кроплямі, багаслаўляеш расьліннасьць ейную. Ты карануеш год Дабрынёю Тваёю, сьцежкі Твае цурча́ць ту́кам. Струме́няць лугі пустэльні, і ўзгоркі падпяра́зуюцца ўрачыстай радасьцю. Лугі апранаюцца ў статкі, і даліны пакрываюцца збажыною. Яны гукаюць; яны пяюць.
Кіраўніку хору. Песьня. Псальм. Гукай да Бога, уся зямля! Сьпявайце (і іграйце) славе Імя Ягонага. Дайце Яму слаўную хвалу. Кажыце Богу: «Якія вартыя багавейнасьці (аж да страху) Учынкі Твае! Дзеля велічы сілы Тваёй будуць падлыгваць Табе ворагі Твае. Уся зямля паклоніцца Табе, будзе сьпяваць Табе, будзе сьпяваць Імю Твайму. Зэля. Прыйдзіце і паглядзіце на Ўчынкі Бога! Варты багавейнасьці (да страху) ёсьць Ён у Сваёй Дзеі да сыноў чалавечых. Ён ператварыў мора ў су́шу. Яны перайшлі раку пехатою. Там мы радаваліся ў Ім. Ён валадарыць у магутнасьці Сваёй вечна. Вочы Ягоныя глядзяць на народы. Бунтаўнікі хай ня ўзвышаюцца самі ў сабе. Зэля. Багаславіце, народы, Бога нашага, і хай будзе чу́тны гук славы Ягонай, Які душу́ нашую ўтрымаў у жыцьці, і нагам нашым ня даў пахіснуцца. Бо Ты нас выпрабаваў, Божа, пераплавіў нас, як пераплаўляюць срэбра. Ты ўвёў нас у сетку, усклаў цяжа́р на паясьніцу нашую. Ты даў людзям езьдзіць па галовах нашых; мы прайшлі праз агонь і ваду́, але Ты вывеў нас да збытку. Я ўвайду ў Дом Твой з цэласпаленьнямі і споўню Табе абяцаньні мае, якія вымавілі вусны мае, і якія гукаў рот мой ва ўціску маім. Тлу́стыя цэласпале́ньні прынясу́ я Табе з ускурэньнем ад бараноў; прынясу Табе быкоў з казламі. Зэля. Прыйдзіце і паслухайце, усе, хто баіцца Бога, і я распавяду, што Ён учыніў для душы маёй. Я паклікаў Яго вуснамі маімі і ўзьвялічыў Яго языком маім. Калі б я бачыў у сэрцы маім бяззаконьне, дык Госпад ня выслухаў бы (мяне). Але, сапраўды Бог выслухаў і зва́жыў на голас малітвы маёй. Хай будзе багаславёны Бог, Які ня адхінуў малітвы маёй і Багадаці Сваёй ад мяне.
Кіраўніку хору. Са струннай ігрой. Псальм. Песьня. Хай Бог будзе да нас літасьцівы і багаславіць нас. Хай Ён асьвятлíць нас сьвятлом Аблічча Свайго; Зэля, каб пазналі на зямлі шлях Твой, між усіх народаў збаўленьне Тваё. Хай вызнаюць Цябе народы, Божа, хай вызнаюць Цябе народы ўсе. Хай радуюцца ды ўрачыста радуюцца народы, бо Ты су́дзіш людзей у справядлівасьці, і Ты кіруеш на зямлі народамі. Зэля. Хай вызнаюць Цябе народы, Божа, хай вызнаюць Цябе народы ўсе. Зямля дала́ плод свой. Хай багаславіць нас Бог, Бог наш. Хай багаславіць нас Бог, і хай збаяцца Яго ўсе канцы зямлі.
Кіраўніку хору. Псальм Давідавы. Песьня. Няхай паўстане Бог. Няхай расьсеюцца ворагі Ягоныя, і хай ад Аблічча Ягонага ўцякуць Яго нянавісьнікі. Як разьвяваецца дым, так разьвей Ты іх. Як плавіцца воск ад агню, так хай загінуць бяззаконьнікі перад Абліччам Бога. Але справядлівыя хай радуюцца. Хай яны вяселяцца перад Абліччам Бога, і хай яны ў радасьці радуюцца ўрачыста. Сьпявайце Богу! Сьпявайце і іграйце Імю Ягонаму! Рабіце дарогу Таму, Хто ўзносіцца над аблокамі — Ягова Імя Ягонае — і весяліцеся перад Ім! Бог ёсьць Бацька сіротаў і Судзьдзя ўдоў у Сьвятой Сялібе Сваёй. Самотных Бог вяртае жыць у доме. (Ён) выводзіць вязьняў да дабрабыту. А бунтаўнікі жывуць у сухой зямлі. Божа, калі Ты ішоў перад народам Тваім, калі Ты ішоў праз пустыню. Зэля, зямля скалана́лася; Нябёсы плавіліся перад Абліччам Бога. А Сінай (стаіць) перад Абліччам Бога, Бога Ізраэля. Шчодры дождж праліваў Ты, Божа, Ты сíліў спадчыну Тваю, калі яна зьнемага́ла. Народ Твой жыў у зямлі спадчыны Тваёй. У Дабрыні Тваёй, Ты, Божа, клапаціўся пра ўбогага. Мой Госпад дае Слова. Вястуноў дабравесьця ёсьць вялікае войска. Каралí войскаў уцякаюць; яны ўцякаюць, а жыхарка дому дзеліць здабычу. Калі вы ляжыце каля (сваіх дамашніх) камíнкаў, вы будзеце, як крылы галубіцы, якія пакрыты срэбрам, а пёры якой (зьзяюць) жоўтым золатам. Калі Ўсемагутны расьсеяў на ёй каралёў, яна была белая, як сьнег на Салмоне. Гара Божая ёсьць гара Башанская! Гара з многімі вяршынямі ёсьць гара Башанская. Што глядзіце вы зайздросна, (вы) шматвяршынныя горы, на гару, якую Бог пажадаў для жыцьця Свайго? Сапраўды, Ягова будзе жыць (на ёй) вечна. Калясьніцаў Божых дзясяткі тысячаў, тысячы і тысячы. Мой Госпад ёсьць сярод іх: Сінай у сьвятасьці. Ты ўзышоў на вышыню, запалоніў палон, прыняў дары дзеля людзей, нават каб праціўнікі маглі жыць у Бога Яговы. Няхай будзе багаславёны мой Госпад! З дня на дзень Ён прыносіць для нас бярэма, Бог, Які ёсьць наш паратунак. Зэля. Бог наш ёсьць Бог выратаваньня. І ў Яговы, майго Госпада, ёсьць выхады ад сьмерці. Сапраўды, Бог размажджэрыць галаву Сваіх ворагаў, (зьніме) скальп таго, хто ходзіць у вінаватасьцях сваіх. Мой Госпад сказаў: «Я вярну (іх) з Баша́ну, вярну з глыбіняў мора, каб ты нагу тваю акунуў у кроў, (і) язык тваіх сабакаў меў сваю долю ад ворагаў». Яны бачылі шэсьце Тваё, Божа, шэсьце майго Бога, майго Караля, у сьвятасьці. Сьпераду ідуць сьпевакí, за імі музыкі, усярэдзіне дзяўчаты, якія граюць на бубнах. «Багаслаўляйце Бога ў сходах; (багаслаўляйце) Ягову, (вы) з крыніцы Ізраэля!» Там Бэньямін, самы малады, які ўладарыць імі, князі Юды ў сукупнасьці, князі Зэбулона, князі Нахталімавыя. Бог твой наказа́ў табе сілу. Умацуй, Божа, тое, што Ты зрабіў для нас! Дзеля Сьвятыні Тваёй, што ўзвышаецца над Ярузалімам, будуць каралі прыносіць табе падарункі. Утаймуй зьвера ў чароце, чароды ду́жых ра́зам зь дзецьмі народаў, якія пахваляюцца зьліткамі срэбра. Ён расьцярушыць народы, якія прагнуць войнаў. Прыйдуць пасланьнікі зь Ягіпту. Ятыопія пасьпешна працягне ру́кі свае да Бога. Вы, каралеўствы зямлі, сьпявайце Богу! Сьпявайце і іграйце майму Госпаду. Зэля, Які едзе сюды на нябёсах, нябёсах спрадвечных! Вось! Ён пада́е Свой Голас, Голас сілы. Дайце Богу сілу. Ве́ліч Ягоная над Ізраэлям, і магутнасьць Ягоная ў аблоках. Ты, Божа, варты багавейнасьці (да страху), ад Сьвятыні Тваёй. Бог Ізраэля, Ён дае сілу і моц народу (Свайму). Няхай будзе багаславёны Бог!
Кіраўніку хору. Паводля мелёдыі «Лілея». Давідавы. Ратуй мяне, Божа, бо воды дайшлі аж да душы (маёй)! Я заграз у глыбокім балоце, і няма там дна. Я ўвайшоў у глыбіні водаў, і цячэньне мяне залівае. Я зьнямогся ад крыку. Перасохла маё горла. Змарыліся вочы мае, чакаючы Бога майго. Больш, чым валасоў на маёй галаве, ёсьць тых, якія нянавідзяць Мяне бяз прычыны. Шматлікія ёсьць тыя, што хочуць мяне зьнішчыць, якія варагуюць супраць мяне нясправядліва. Чаго я ня рабаваў мушу аддаць. Божа, Ты ведаеш няразумнасьць маю. І вíны мае ад Цябе ня схаваныя. Мой Госпад, Ягова войскаў! Хай ня будуць пасаромленыя празь мяне тыя, якія на Цябе спадзяюцца. Няхай ня будуць празь мяне пасаромленымі тыя, якія шукаюць Цябе, Бог Ізраэля! — бо дзеля Цябе я нашу́ ганьбу, сорам пакрывае аблічча маё. Я стаўся чужым для братоў Маіх і іншаземцам дзеля сыноў маткі Маёй; бо руплівасьць па Доме Тваім пажырае Мяне, і зьнявагі тых, што Цябе зьняважаюць, упалі на Мяне. Калі я плакаў, і душа мая стагнала ў посьце, і гэта сталася мне за ганьбу. І як я апранаюся ў валасяніцу, я станаўлюся прымаўкай для пасьмешышча на языках іхных. Тыя, што сядзяць каля варотаў, гавораць супраць мяне, і я станаўлюся прадметам з’едлівых прымавак п’яніцаў. А я, Ягова, малітва мая да Цябе ў час спрыяньня Твайго. Божа, пачуй мяне дзеля вялікай міласэрнасьці Тваёй, дзеля праўды збаўленьня Твайго. Выратуй мяне з багны, каб я ня захлынуўся! Ратуй мяне ад нянавісьнікаў маіх і ад глыбіняў водаў! Ня дай, каб цячэньне водаў мяне захлынула, і глыбіня мяне праглынула. Хай ня замкне нада мною прорва ляпу сваю. Выслухай мяне, Ягова, бо добрая Міласэрнасьць Твая. Праз мноства шчадротаў Тваіх павярніся да мяне! І ня хавай Аблічча Твайго ад раба Твайго, бо я ў бядзе. Хутчэй выслухай мяне! Наблізься да душы маёй. Вызвалі яе! Дзеля ворагаў маіх вызвалі мяне. Ты,Ты ведаеш ганьбу маю і сорам мой, і зьнявагу маю. Перад Табою ўсе прыгнятальнікі мае. Ганьба зламала сэрца маё, і я змогся. Чакаў я спагады, і вось няма яе, і суце́шыцеля, але ня знайшоў. І да́лі яны Мне за ежу жоўць і ў смазе Маёй да́лі Мне піць воцат. Няхай стол іхны стане сеткай для іх, і адплатай — сілок. Хай зацемрацца іхныя вочы, каб ня бачыць. І сьцёгны іхныя няхай дрыжаць назаўсёды. Вылі на іх Ярасьць Тваю, і полымя Гневу Твайго хай дасягне іх. Селішча іхнае няхай запусьцее; і ў палатках іхных хай ніхто ня жыве. Бо таго, каго Ты выцяў, яны перасьле́дуюць, і пра боль Табою параненых яны расказваюць. Да іхнага бяззаконьня дадай бяззаконьне, і хай яны ня прыйдуць да праведнасьці Тваёй. Няхай яны будуць выцертымі з кнігі жыцьця і хай ня будуць упíсаны са справядлівымі. А я моцна зга́ньбены. Мне балíць. Твой паратунак, Божа, хай паставіць мяне на нядасягальную вышыню. Я буду славіць Імя Бога ў песьні і буду ўзьвялічаць Яго хваленьнем. І будзе гэта даспадобы Ягову болей, чым вол, чым бычок з рагамі і раздвоенымі капыта́мі. Убачаць гэта панíжаныя і узра́дуюцца. Вы, што шукаеце Бога, хай жыве ваша сэрца! — бо Ягова слухае ўбогіх, і вязьнямі Сваімі Ён ня грэбуе. Хай хваляць Яго неба і зямля, моры і ўсё, што рухаецца ў іх, бо Бог уратуе Сыён і адбудуе месты Юды, каб яны там жылí і валодалі íмі. І насеньне Ягоных рабоў будзе спадкаваць яго. І тыя, што любяць Імя Ягонае, будуць жыць у ім.
Кіраўніку хору. Давідавы. На ўспамін. Пасьпяша́йся, Божа, вызваліць мяне, Ягова, дапамагці мне! Хай будуць пасаромлены і паганьбаваны тыя, што шукаюць душы маёй. Хай кінуцца наўцёкі і будуць пасаромлены тыя, што маюць задавальненьне ад майго няшчасьця. Хай павернуцца наўцёкі з-за іхнай зьнявагі тыя, што кажуць мне: «Ага! ага!» Хай узьвесяляцца і ўзрадуюцца ў Табе ўсе, што шукаюць Цябе; хай заўсёды кажуць: «Хай будзе ўзьвялічаны Бог!» (тыя), хто любіць збавеньне Тваё. А я зьняважаны і ўбогі. Божа, пасьпяшы да мяне! Ты мая дапамога і мой Збаўца. Ягова! Ня марудзь!
У Цябе, Ягова, я бяру прытулак, ня дай мне быць пасаромленым вавек! У Тваёй справядлівасьці вызвалі мяне і дай мне пазьбегнуць. Нахілі Вуха Тваё да мяне і выратуй мяне. Будзь мне скалой прытулішча, куды я заўсёды мог бы схавацца. Ты загадаў мяне ўратаваць, бо Ты ёсьць мая скала і крэпасьць мая. Божа мой, вызвалі мяне з рукі бязбожніка, з рукі крыўдніка і ўціска́льніка, бо Ты Надзея мая, Госпад мой; Ягова, Спадзяваньне маё ад юнацтва майго, на Цябе апіраўся я ад улоньня маткі. Ты вывеў мяне з чэрава маткі маёй, хвала мая Табе нясупынна. Многім я стаўся, як дзіва, але Ты ёсьць маё моцнае прыту́лішча. Мой рот напоўнены хвалой Табе, шанаваньнем Цябе ўвесь дзень. Ня адпіхні мяне ў часе маёй старасьці, ня пакінь мяне пры зьнікненьні маёй сілы, бо ворагі мае змаўляюцца супраць мяне, і тыя, што цікуюць душу маю, раюцца паміж сабою, кажучы: «Бог пакінуў яго. Перасьледуйце і схапіце яго, бо няма (ў яго) выратава́льніка». Божа, ня аддаляйся ад мяне! Божа мой, пасьпяшайся мне на дапамогу! Хай будуць пасаромлены, (і) зьнішчаны тыя, што варожа ставяцца да душы маёй. Хай будуць пакрыты сорамам і ганьбай тыя, што шукаюць мне ліха. А я заўсёды буду чакаць (на Цябе) і памнажаць хвалу Табе. Мой рот будзе абвяшчаць справядлівасьць Тваю, цэлы дзень — збаўленьне Тваё, бо я ня ведаю ліку ім. Я пайду ва ўладарных дзеях Яговы, майго Госпада. Я буду ўспамінаць Тваю справядлівасьць, адзіна Тваю. Божа! Ты вучыў мяне ад юнацтва майго, і дагэтуль я Цуды Твае абвяшчаю. І да старасьці, і да сівíзны, Божа, ня пакідай мяне, пакуль абвяшчу (сілу) Рукі Тваёй (гэтаму) роду, усім, хто (яшчэ) прыйдзе, Тваю магутнасьць. І Твая справядлівасьць, Божа, (дасягае аж) да Вышынí. Ты, што зрабіў вялікія ўчынкі: Божа! Хто ёсьць як Ты? Ты, Які даў убачыць Мне шмат нягодаў і лíха, Ты ажывіш Мяне ізноў і вывядзеш Мяне з глыбіняў зямлі. Ты памножыш велічнасьць маю і акружыш мяне, і суцешыш мяне. А я буду ўсхваляць Цябе і Праўду Тваю на псалтыры, Божа мой, і іграць Табе на гарпе, о Сьвяты Ізраэляў. Будуць урачыста радавацца вусны мае, калі я буду пець і іграць Табе, і душа мая, якую Ты вызваліў. Таксама язык мой будзе ўвесь дзень абвяшчаць пра справядлівасьць Тваю, бо будуць пасаромленымі, будуць пакрыты ганьбай тыя, што шукаюць майго няшчасьця.
Салямонавы. Божа, дай суд Твой каралю і Справядлівасьць Тваю сыну караля. Няхай судзіць народ Твой у справядлівасьці і ўбогіх Тваіх па праўдзе. Няхай прынясуць горы мір народу і ўзгоркі — справядлівасьць. Хай Ён судзіць убогіх народу. Хай Ён ратуе сыноў убогага і размяжджуліць уціскальніка. Хай будуць баяцца Цябе, пакуль будуць сонца і месяц, з роду ды ў род. Хай сыйдзе Ён, як дождж на скошаны (луг), як лівуны, якія прамачываюць зямлю. У дні Ягоныя будзе цьвісці праведнік, і паўната міру, пакуль будзе месяц. Хай валадарыць Ён ад мора да мора і ад ракі і да канцоў зямлі. Перад Абліччам Ягоным упадуць ніцма народы пустэльняў, і ворагі Ягоныя будуць лізаць пыл. Каралі Тарсу і выспаў паднясуць Яму падарункі. Каралі Шэвы і Сэвы прынясуць Яму падаткі. Усе каралі ўпадуць перад Ім нíцма; усе народы будуць Яму служыць; бо Ён вызваліць убогага, які (да Яго) моліцца, і прыгне́чанага, і (таго), які ня мае, хто б яму дапамог. Ён будзе прытулкам убогаму і таму, хто ў галечы, і ду́шы тых, хто ў галечы, Ён выратуе. Ён вызваліць душу́ іхную ад прыгнёту і гвалту, і кроў іхная ёсьць каштоўная ў Вачах Ягоных. (Хай) Ён будзе жыць, і (хай) дадуць Яму ад золата Шэвы. Хай будуць маліцца дзеля (у Імя) Ягонае ўсьцяж, хай будуць Яго ўвесь дзень багаслаўляць (славіць). Хай будзе збытак збожжа ў зямлі, наверсе гор. Хай Ягоны плод шуміць, як лес на Ліва́не. І хай квітнее насельніцтва места, як тра́вы на зямлі. Хай будзе Імя Ягонае наве́чна. Хай трывае Імя Ягонае перад сонцам (вечна). І хай у Ім будуць багаславёны ўсе народы, і хай яны завуць Яго шчасьлівым. Хай будзе багаславёны Ягова, Бог, Які Бог Ізраэля, Які чыніць Цуды, Ён Адзіны! І хай будзе багаславёным Імя Ягонае вечна. І ўся зямля хай будзе напоўнена Славай Ягонай. Амін і амін. Канец малітваў Давіда, сына Ясэявага.
Псальм Асапавы. Сапраўды, Бог добры да Ізраэля, да тых, што чыстыя сэрцам. А я, ногі мае ледзь ня пахіснуліся; амаль пакаўзну́ліся стопы мае; бо я пазайздросьціў пыха́тым, як я пабачыў дабрабыт бязбожнікаў; бо няма ім гора аж да сьмерці, і тлустае чэрава іхнае. Яны жывуць ня ў бядзе, як іншыя людзі, і ня церпяць яны бічаваньняў разам зь людзьмі. Таму пыха ёсьць іхным нашыйнікам, і гвалт, як адзеньне, пакрывае іх. Вылупіліся ад туку вочы іхныя. Пераліваюцца цераз край жадобы сэрца іхнага. Яны зьняважаюць і зласьліва абмаўляюць. Пра ўціск яны гавораць звысака. Да неба яны ўзьнімаюць рот свой, язык іхны расхаджвае па зямлі. Таму туды ж зварача́ецца і народ Ягоны, і пье поўніцай іхныя воды. І яны кажуць: «Як можа ведаць аб гэтым Бог? І ці мае Ўсявышні веданьне?» Вось! Гэтыя ёсьць бязбожнікі, і яны заўсёды бясклапотна памнажаюць багацьце. Сапраўды, я марна ачышчаў маё сэрца ды ў нявіннасьці ру́кі мае абмываў; І (марна) я ўвесь дзень быў бічаваны і дысцыплінаваны кожную раніцу. Калі б я сказаў: «Я буду гаварыць (як яны),» дык, я здрадзіў бы роду сыноў Тваіх. І я задумаўся, як гэта зразумець. Гэта было цяжка ў вачах маіх — пакуль я ні ўвайшоў у Сьвятыню Бога і ні зразумеў іхнага канца. Сапраўды, Ты паставіў іх на коўзкія шляхі. Ты пакінуў іх па́даць у пагібель. Як зьнянацку яны сталіся спустошанымі, яны счэзлі, яны прынялі канец ад жахаў! Як сном пасьля абуджэньня, так Ты, мой Госпадзе, падняўшыся, пагрэбуеш вобразам іхным. Калі сэрца маё было напоўнена горыччу і трымцела нутро маё, тады я быў няразумны і нічога ня цяміў. Я быў перад Табой, як жывёліна. Але заўжды я з Табою. Ты трымаеш маю правую руку́. Ты вядзеш мяне радай Тваёй, і потым прыймеш мяне ў Тваю славу. Каго маю я на Нябёсах? І з Табою я нічога ня жадаю на зямлі. Зьнемагае цела маё і сэрца маё, Скалой сэрца майго і Часткай маёй ёсьць Бог навечна; бо вось, тыя, што далёка ад Цябе, загінуць; Ты губіш усіх, хто, блудзячы, адступае ад Цябе. Але я, блізкасьць Бога ёсьць для мяне дабро. Я зрабіў маім прытулкам Ягову, майго Госпада, каб абвяшчаць усе ўчынкі Твае.
Навука Асапава. Чаму Ты, Божа, адкінуў нас назаўсёды, і чаму тлее гнеў Твой на авечкі па́сты Тваёй? Успомні збор (люду) Твайго, які Ты прыдбаў перш пачатку часу, вызваліў, як народ уласнасьці (Тваёй), гары Сыён, на якой Ты пасяліўся. Падымі Стопы Твае да вечных руінаў. Усё ў Сьвятыні вораг разбурыў. Рыкаюць праціўнікі Твае пасярод сходаў Тваіх. Яны паставілі іхныя знакі, як азнакі. Ён вядомы, як той, хто падымае сякеру на гушчар лесу; і цяпер яны разьбіваюць усе ягоныя рэзьбы (упрыгожаньні) сякерамі і молатамі. Яны ўрынулі ў агонь Сьвятыню Тваю, Сялібу Імені Твайго апаганілі да гру́нту. Яны сказалі ў сэрцы сваім: «Мы зруйнуем іх усіх ра́зам». Яны спалíлі ўсе мясьціны сходаў Божых у зямлі. Мы больш ня бачым нашых знакаў. Няма больш прарока, і няма сярод нас нікога, хто б ведаў, дакуль (гэта будзе). Дакуль, Божа, бу́дзе зьняважаць уціска́льнік, ці вечна будзе вораг зьняважаць Тваё Імя? Чаму Ты стрымліваеш Руку́ Тваю і Правіцу Тваю? Вымі яе са сховішча вопраткі Тваёй і зрабі ім канец! Але Бог ёсьць Кароль мой здаўна, Які чыніць збаўленьні сярод зямлі. Ты разьдзяліў сілаю Тваёю мора, Ты патрушчыў галовы драконаў у водах. Ты раструшчыў галовы лявіятану, аддаў яго на ежу народу пустэльняў. Ты высек крыніцу і паток. Ты высушыў рэкі мнагаводныя. Твой дзень, і ноч таксама Твая. Ты прыгатаваў сьвятло і сонца. Ты ўсталяваў усе межы зямлі. Ты ўтварыў лета і зіму́. Ты помні гэта: вораг зьняважыў Ягову. І няразумны народ зьняславіў Імя Тваё. Ня аддай душы Тваёй галубіцы зьверу. Жыцьцё ўбогіх Тваіх ня забудзь навечна! Зірні на Запавет, бо цёмныя мейсцы зямлі ёсьць поўныя прытонаў гвалту. Ня дай уцісьнёнаму вярнуцца асаромленым. Гаротны і ўбогі хай славяць Імя Тваё. Паўстань Божа! Вядзі справу Тваю! Помні зьнявагі на Цябе, якія чыніць няразумны ўвесь дзень. Ня забудзь голасу Тваіх супраціўнікаў. Бунт тых, якія паўстаюць супраць Цябе, нясупынна ўзьнімаецца.
Кіраўніку хору. «Ня загубі». Псальм Асапавы. Песьня. Мы славім Цябе, Божа, мы славім. Твае цудныя ўчынкі абвяшчаюць, што Тваё Імя блізка. Калі Я прызначу час, Я буду судзіць па справядлівасьці. Яны псуюць шлях: зямля і ўсе ейныя жыхары. А Я раблю моцнымі ейныя слупы. Зэля. Я кажу ганарлівым: «Ня будзьце пыхлівымі!» і да бязбожнікаў: «ня падыймайце ўверх рогу!» Ня падыймайце высака ваш рог, ня гаварыце дзёрзка з каляным каркам, бо ня з усходу і ня з захаду, і ня ад пустэльні прыходзіць вывышэньне; бо Бог ёсьць Судзьдзя. Аднаго Ён паніжае, а другога Ён павышае; бо ў Руцэ Яговы ёсьць келіх, поўны зьмяшанага віна, якое пеніцца, і Ён зь яго налівае. І муць ягоную будуць прыхлёбваючы піць усе бязбожнікі зямлі. І я, я буду абвяшчаць вечна, буду пець Богу Якубаваму. І я адсяку ўсе рогі бязбожнікам. Рогі справядлівага будуць паднятыя.
Кіраўніку хору. Са струннай ігрой. Псальм Асапавы. Песьня. Вядомы Бог у Юдэі, у Ізраэлі вялікае Імя Ягонае. І ў Саліме ёсьць Будан Ягоны, і Ягонае жытло ў Сыёне. Там пераламаў Ён стрэлы лука, шчыт і меч і вайну. — Зэля. Ты ёсьць Той, Хто дае сьвятло, Ты магу́тнейшы, чым горы моцныя. Моцныя сэрцам сталі здабычай. Яны сьпяць сваім сном; і ніводзін з магутных мужчын ня знаходзіць сваіх рук. Па Слову Твайму, Божа Якубавы, зва́лены ў сьпячку як вершнік, так і конь. Ты — грозны. І хто ўсто́іць перад Абліччам Тваім, калі Ты гне́ваешся? Зь Нябёсаў Ты абвясьціў прысуд, зямля спалохалася і была сьцішана, як Бог устаў на суд, каб ратаваць усіх пакорных зямлі; Зэля. І гнеў чалавека вызнае́ Табе славу, і рэшту гневу Ты ўтаймуеш. Давайце і спаўняйце абяцаньні Ягову, Богу вашаму. Усе, хто Яго акаляе, хай прынясуць падарункі Таму, перад Кім трэба багавець да страху. Ён утаймуе дух князёў, Ён страшны для каралёў зямлі.
Кіраўніку хору. Ядутуну. Асапавы. Псальм. Голас мой да Бога, і я гукаю! Голас мой да Бога, і Ён схіляе вуха да мяне. У дзень уціску майго я шукаў майго Госпада. Уначы рука мая працягнута і ня апускаецца. Душа мая адмовілася быць суцешанай. Успамінаю я пра Бога і стагну́. Я разважаю, а дух мой прыгне́чаны. Зэля. Павекі маіх вачэй Ты трымаеш адплюшчанымі. Я (так) устрывожаны, што ня магу гаварыць. Я разважаў пра дні даўнія, пра гады спрадвечныя. Я ўспамінаю маю струнную ігру ўначы, разважаю ў сэрцы маім, і дух мой старанна дасьледуе. Няўжо мой Госпад адкіне навекі? І няўжо Ён напе́рад больш ня будзе спагада́ць? Няўжо ж назаўсёды канец Міласэрнасьці Ягонай? Няўжо абяцаньню прыйшоў канец з роду ды ў род? Няўжо ж Бог забыўся быць міласэрным? Няўжо Ён у гневе зачыніў спачуваньні Свае? Зэля. І я сказаў: гэта ж пакута мая: (цяжкія) гады Правіцы Найвышэйшага. Я запішу і буду помніць Дзеяньні Яговы, так, я буду ўспамінаць Цудоўныя Ўчынкі Твае спрадвечныя, і я буду разважаць пра ўсякі Твой Чын, і буду разважаць пра ўсе Твае Дзеяньні. Божа, у Сьвятасьці шлях Твой. Хто ёсьць такі вялікі Бог, як (наш) Бог? Ты Бог, Які чыніць Цуды. Ты выявіў магутнасьць Тваю сярод народаў. Ты вызваліў Рукой народ Твой, сыноў Якуба і Язэпа. — Зэля. Воды бачылі Цябе, Божа, воды бачылі Цябе. Яны збаяліся. Сапраўды, глыбіні задрыжалі. Хмары люнулі воды. Нябёсы выдалі голас. Сапраўды, лёталі стрэлы Твае. Гук грому Твайго быў у віхуры. Маланкі асьвятлялі сьвет. Зямля дрыжэла і трэслася. Праз мора вёў Твой шлях, і сьцежка Твая праз воды вялікія, і сьляды Твае былі нявядомыя. Як статак вёў Ты народ Твой рукой Масея і Агарона.
Навука Асапава. Слухай, народзе мой, навуку маю! Нахіліце вуха вашае да слоў вуснаў маіх! Я адчыню вусны мае ў прыповесьці, выкажу загадкі старадаўныя. Якія мы пачулі і ведаем іх, і што нам ба́цькі нашыя пераказалі, мы ня схава́ем ад сыноў іхных, абвяшчаючы будучаму пакаленьню славу Яговы і магутнасьць Ягоную, і Ягоныя Цуды, якія Ён учыніў. Бо Ён устанавіў сьведчаньне ў Якубе і паклаў Ён Закон у Ізраэлю, які Ён наказаў ба́цькам нашым, каб яны пераказвалі іхным сыном, каб ве́дала пакаленьне наступнае, сыны, якія народзяцца, а яны ўстануць і раскажуць сыном сваім, каб яны надзею сваю ўскладалі на Бога і ня забывалі Дзеі Божыя, і прыказаньні Ягоныя захоўвалі, і каб ня былí як ба́цькі іхныя, род упарцісты і мяцежны, пакаленьне, якое ня ўмацавала сэрца свайго, і дух якога быў няверны Богу. Сыны Яхрэмавы, узброеныя лу́кам, у дзень бíтвы павярнулі назад. Яны ня захавалі Запавету Божага і адмовіліся хадзіць паводля Закону Ягонага. І забылі Дзеі Ягоныя і Цуды Ягоныя, якія Ён паказаў ім. Перад абліччам ба́цькаў іхных Ён тварыў Цуды ў зямлі Ягіпту, на полі Цоан. Ён разьдзяліў мора і правёў іх празь яго, і воды паставіў, як сьцены, і ўдзень вёў іх воблакам, а ўначы — сьвятлом агню. Ён расшчапляў скалы ў пустэльні і паіў іх шчодра, як зь вялікіх глыбіняў; і із скалы Ён вывеў патокі, і пацяклі воды, як рэкі. Але яны далей працягвалі грашыць супраць Яго і былі мяцежнымі супраць Усявышняга ў пустэльні. І яны спакушалі Ўсемагутнага ў сэрцы сваім (і) патрабавалі яду паводля жадобы сваёй. І яны гаварылі супраць Бога, кажучы: «Ці можа Бог прыгатаваць стол у пустэльні? Вось! Ён уда́рыў па скале, і пацяклі воды, і заструменіліся рэкі. Ці можа Ён даць яшчэ і хлеб народу Свайму і нарыхтаваць мяса?» Таму, як Ягова гэта пачуў, Ён разгневаўся, і ўзгарэўся агонь супраць Якуба, і таксама гнеў узьняўся супраць Ізраэля, за тое, што яны ня паверылі Богу, і яны ня давяралі выратаваньню Ягонаму. Алё Ён загадаў аблокам угары і расчыніў дзьверы нябёсаў і пасыпаў на іх манку, як дождж, каб елі, і даў ім хлеб Нябёсаў. Чалавек еў хлеб Ангелаў. Яду паслаў Ён ім удосыць. Ён падняў усходні вецер у небе, і сілай Сваёй Ён узьняў вецер паўднёвы. І быццам пыл Ён пусьціў на іх дажджом мяса і, як пясок марскі, птушак крылатых і кінуў іх сярод іхнага лагеру, вакол іхных палатак. І яны елі і ве́льмі насыціліся, і што яны жадалі, Ён ім даў. Яшчэ ня задаволілі яны жадобы сваёй, яшчэ іхная яда была ў роце іхным, як узьняўся гнеў Бога супраць іх; і Ён забіў іхных моцных мужчын, і выбраных Ізраэля Ён нізрынуў. Пры ўсім гэтым яны грашылі далей і ня верылі Ягоным Цу́дам. Дык пакінуў Ён іхныя дні зьнікаць у ма́рнасьці і гады іхныя ў страху. Калі Ён іх забіваў, тады яны распытвалі пра Яго і наварочваліся і шукалі Ўсемагутнага рупліва; і яны ўспаміналі пра тое, што Бог ёсьць іхная Скала, і Бог Найвышэйшы — іхны Збаўца. І ву́снамі сваімі лісьлівілі Яму, і языком сваім ілгалі Яму. І іхнае сэрца ня было перад Ім шчырым, і ня былі яны вернымі Запавету зь Ім. Але Ён быў міласэрным, дараваў іхныя бяззаконьні і ня зьнішчыў іх. Але шматкроць адварачаў гнеў Свой і ня будзіў усёй Сваёй ярасьці; бо Ён па́мятаў, што яны — цела, подзьмух, які адыходзе і ня вяртаецца. Як часта яны паўставалі супраць Яго ў пустэльні, і прыносілі Яму боль у зямлі бязьлюднай! І яны ізноў спакушалі Бога і абмяжоўвалі Сьвятога Ізраэлявага. Яны ня па́мятавалі Рукі Ягонай, ні дня, калі Ён вызваліў іх ад прыгнятальніка, калі Ён чыніў Знакі Свае ў Ягіпце і Цуды Ягоныя на полі Цоан: і абярнуў у кроў рэкі іхныя і патокі іхныя, так што яны ня маглі піць. І наслаў сярод іх мух, якія іх кусалі, і жабаў, якія губілі іх; і Ён аддаў ву́сені ўраджай іхны і (плады) працы іхнай — саранчы. Іхныя вінаградныя лозы Ён пабіў гра́дам, а сікаморы іхныя — гра́дам буйным. Аддаў граду і тавар іхны, і статкі іхныя — маланкам. Ён паслаў на іх полымя гневу Свайго, і абурэньне і лютасьць, і бяду — пасольства ліхіх ангелаў. Ён даў дарогу гневу Свайму, ня ахоўваў іхныя душы ад сьмерці, і жыцьцё іхнае аддаў маравой язве. І выгубіў Ён усё першароднае ў Ягіпце, першакоў сілы ў палатках Хама. А народ Свой Ён вывеў, як авечкі, і кіраваў імі ў пустэльні, як чарадой. І вёў Ён іх бясьпечна, і яны ня баяліся. А ворагаў іхных пакрыла мора. І Ён прывёў іх у межы (зямлі) прысьвечанай, да той гары, якую прыдбала Ягоная Пра́віца. І Ён прагнаў перад імі пага́наў і надзяліў іх ме́йсцамі нашчаднымі мерным шнуром, і пасяліў калены Ізраэля ў іхныя палаткі. Але яны спакушалі і бунтавалі супраць Бога Ўсявышняга, і сьведчаньняў Ягоных ня трымаліся. І яны адступаліся і здраджвалі, як іхныя ба́цькі. Яны паварачваліся, як няверны лук. Яны раздражнялі Яго сваімі вышынямі (з капішчамі), і сваімі выразанымі балвана́мі яны ўзбуджалі ў Ім рэўнасьць. Бог пачуў (гэта) і загневаўся і Ён моцна адапхнуў Ізраэля. І Ён пакінуў жытло ў Сіломе, палатку, якую Ён зьмясьціў сярод людзей. І Ён аддаў у палон сілу Сваю і славу Сваю ў руку́ ворага; і аддаў Ён народ Свой ме́чу, і разгневаўся Ён на спадчыну Сваю. Юнакоў ягоных (народу) пажыраў агонь, і дзяўчаты ягоныя (народу) мусілі заставацца бяз шлюбных песьняў. Сьвятары ягоныя (народу) па́далі ад ме́чу, і ўдовы ягоныя (народу) ня плакалі (па загíнулых). Мой Госпад прачнуўся, быццам нехта сьпячы, быццам волат, які ад віна радасна крычыць; і ударыў Ён ворагаў Сваіх ззаду (уцякаючых). І аддаў іх ганьбе навечна. І Ён адкінуў палатку Язэпа, Ён ня выбраў калена Яхрэмавага, але Ён выбраў калена Юды, гару Сыён, якую Ён любіць. Ён збудаваў Сваю высокую Сьвятыню, як Нябесную, як зямлю, якую Ён заснаваў на векі. Ён выбраў Давіда, Свайго слугу, і ўзяў яго ад кашараў авечых; ад (дойных кормячых) авечак Ён узяў яго пасьвіць Якуба, Ягоны народ, Ізраэля, спадчыну Сваю. І ён пасьвіў іх у шчырасьці сэрца свайго, і ён кіраваў імі ў мудрасьці рук сваіх.
Псальм Асапавы. Божа, пагане ўвайшлі ў Тваю спадчыну, апаганілі Тваю Сьвятую Сьвятыню, Ярузалім ператварылі ў руіны, трупы рабоў Тваіх аддалі на ежу птушкам нябесным, це́лы сьвятых Тваіх дзікім зьвярам зямлі. Яны пралілí іхную кроў, як ваду, навакол Ярузаліму, і ня было каму іх пахаваць. Мы сталі га́ньбаю суседзям нашым, пасьмешышчам і наруганьнем для тых, хто акаляе нас. Дакуль, Ягова, Ты будзеш гневацца бязупынна? (і) рэўнасьць Твая будзе пажыраць, як агонь? Вылі гнеў Твой на пага́наў, якія Цябе ня ведаюць, на каралеўствы, якія Імя Тваё ня прызываюць, бо яны зжэрлі Якуба і жытло ягонае спустошылі. Ня ўспомні нам грахоў (нашых) папярэднікаў. Як хутчэй хай сустрэнуць нас Твае спачуваньні, бо мы вельмі (бедныя і) паніжаныя. Дапамажы нам, Божа збаўленьня нашага, дзеля Славы Імя Твайго. Вызвалі нас і даруй нам грахі нашыя дзеля Імя Твайго. Дзеля чаго казаць паганам: «дзе Бог іхны?» Хай Ён стане вядомым сярод паганаў; сярод паганаў перад вачыма нашымі (цераз) помсту за пралітую кроў Ягоных слугаў. Хай прыйдзе прад Аблічча Тваё стогн вязьня. Паводля велічы Пляча Твайго Ты захавай сыноў сьмерці. І вярні нашым суседзям сямікроць у ўлоньне іхнае іхную зьнявагу, чым яны Цябе зьнява́жылі, мой Госпад. А мы, Твой народ і авечкі Тваёй пасты, будзем вечна вызнаваць Табе хвалу, з пакаленьня ў пакаленьне пераказаваць хвалу Тваю.
Кіраўніку хору. Паводля мелёдыі «Лілея». Сьведчаньне Асапава. Псальм. Пастух Ізраэля, выслухай! Ты, што водзіш Язэпа, як авечкі; Ты, Які ўсьсядаеш на Хэрубімах, зазьзяй! Перад Яхрэмам, Бэньямінам і Манасай пабудзі сілу Тваю і прыйдзі выратаваць нас. Божа, вярні нас на пачатковае правільнае мейсца! і зазьзяй Абліччам Тваім, так будзем мы выратаваны. Ягова, Божа войскаў, дакуль будзеш Ты няздаволены пры малітве народу Твайго? Ты накарміў іх хлебам сьлёзным і напаіў іх сьлязьмі ў вялікай меры. Ты зрабіў нас прадметам сваркі з суседзямі нашымі, і ворагі нашыя кпяць над намі. Божа войскаў, вярні нас на пачатковае правільнае мейсца! і зазьзяй Абліччам Тваім, так будзем мы выратаваны. Ты вынес зь Ягіпту вінаградную лазу. Ты выгнаў паганаў і пасадзіў яе. Ты прыгатаваў перад ёй мейсца, і яна пусьціла карані і яна напоўніла зямлю. Горы былі пакрыты ейным ценем, і гольлі ейныя, як кедры Божыя. Яна пусьціла сваё гольле аж да мора, а парасткі свае да ракі (Яўтрат). Чаму Ты разбурыў сьцены ейныя, так што абшчыпваюць яе ўсе, хто ідзе па дарозе каля яе? Лясны вепр падкопвае яе, і зьвер польны аб’ядае яе. Божа войскаў, павярніся! Просім Цябе, зірні зь нябёсаў і ўбач! І адведай гэты вінаграднік! Абарані тое, што насадзіла Правіца Твая, і Сына (Чалавечага), Якога Ты зрабіў моцным для Сябе. Ён агнём апа́лены, абсе́чаны. Хай яны загінуць ад дакору Аблічча Твайго. Хай будзе Рука Твая над Чалавекам Правіцы Тваёй, над Сынам Чалавечым, Якога Ты зрабіў Сабе Моцным, мы ж ад Цябе ня адступіліся. Ажыві нас, і мы будзем Імя Тваё прыклікаць. Ягова, Божа войскаў, вярні нас на пачатковае правільнае мейсца! і зазьзяй Абліччам Тваім, так будзем мы выратаваны.
Кіраўніку хору. Паводля «Гітціт». Асапавы. Урачыста сьпявайце Богу, сіле нашай! Моцна ўсклікайце Богу Якубаваму! Засьпявайце песьню, ударце ў бубен, (заграйце) на прыемнай гарпе разам зь лютняй. Трубіце трубою ў маладзік, у поўню да дня нашага сьвята, бо гэта ёсьць статут для Ізраэля, загад Бога Якубавага. Ён пастанавіў гэта, як сьведчаньне ў Язэпе, як ён выходзіў зь зямлі Ягіпту. Мову, якую я ня ведаў, я пачуў: Я звольніў плячо ягонае ад цяжару. Рукі ягоныя сталі свабоднымі ад цяжкага корабу. І ва ўціску ты паклікаў Мяне, і Я выратаваў цябе. Я адказаў табе са сховішча грому. Я выпрабаваў цябе каля водаў Мэрыбы. Зэля. Слухай, народзе Мой! Я буду сьведчыць табе: Ізраэлю, каб ты толькі паслухаўся Мяне! Хай ня будзе ў цябе чужога бога, і ня пакланяйся чужому богу. Я ёсьць Ягова, твой Бог, Які вывеў цябе зь зямлі Ягіпту. Расчыні шырака вусны твае: Я іх напоўню. Але народ Мой ня паслухаўся Голасу Майго. І Ізраэль ня ўпакорваўся Мне. Дык Я іх пакінуў на ўпартасьць іхнага сэрца. Хай яны ідуць згодна сваім уласным пара́дам. О, каб народ Мой паслухаўся Мяне, і каб Ізраэль пайшоў Маім шляхам! Я хутка ўпакорыў бы ворагаў іхных і павярнуў бы Руку Маю на прыгнятальнікаў іхных. Нянавісьнікі Яговы мусілі б Яму падлыгваць, а час Ізраэля доўжыўся б вечна. Ён карміў бы яго найлепшай пшаніцай. І насычаў бы яго мёдам са скалы.
Псальм Асапавы. Бог стаіць у сходзе Бога. Ён чыніць суд сярод багоў. «Дакуль вы будзеце судзіць нясправядліва і абліччам бязбожнікаў патураць? Зэля. Чыніце суд убогаму і сіраце. Прыгне́чанаму і ўбогаму акажыце справядлівасьць. Ратуйце мізэрнага і ўбогага. Вызваляйце яго з рукі бязбожнікаў.» Яны ня ведаюць і ня разумеюць. Яны блукаюць у цемры. Хістаюцца ўсе падва́ліны зямлі. Я, Я сказаў: «Вы ёсьць богі, усе вы сыны Найвышэйшага. Але, сапраўды, вы памраце, як чалавек, і вы ўпадзеце, як адзін з князёў.» Паўстань, Божа! судзі зямлю, бо Ты ўспадкуеш усіх паганаў.
Песьня. Псальм Асапавы. Божа, ня маўчы! ня заставайся моўчкі і ня будзь у супакоі, Усемагутны! — — Бо вось! — ворагі Твае зашумелі, і нянавісьнікі Твае паднялí галаву. Супраць народу Твайго яны робяць хітрую нараду і змаўляюцца супраць тых, каго Ты ахоўваеш. Яны кажуць: «Пойдзем! зьнішчым іх, як народ, каб больш ня ўспаміналася імя Ізраэля.» — Бо яны змовіліся аднадушным сэрцам; яны зрабілі змову супраць Цябе: буданы Эдомавыя і ізмаэліты, Мааб і хагарыты, Гэбал і Амон і Ама́лік, Пілістэя разам з жыхарамі Тыру; і Асур далучыўся да іх. Яны сталі адной рукой з сынамі Лота. Зэля. Зрабі ім, як Мадыяну, як Сісэру, як Явіну ля патоку Кісону, якія былі зьнішчаны ля Эн-Дору, якія сталіся гноем для зямлі. Зрабі ім, іхным валадаром, як Арэбу і Зээбу і ўсім іхным князём, як Зэбаху і Зальмунну, (і) тым, якія казалі: «Мы возьмем сабе на валоданьне селішчы Бога». Божа мой! Зрабі іх падобнымі да пустазельля, як салому перад абліччам ветру. Як агонь выпальвае лес і, як полымя апальвае горы, так перасьледуй іх бураю Тваёю і палохай іх гураганам Тваім! Напоўні твары іхныя сорамам, каб шукалі яны Імя Тваё, Ягова! Хай яны будуць пасаромлены і застрашаны навечна, і хай будуць паганьбены і загінуць, і хай яны пазнаюць, што Ты ёсьць Адзіны — Ягова ёсьць Імя Тваё — Найвышэйшы над усёй зямлёй.
Кіраўніку хору. Паводля «Гітціт». Сыноў Карэявых. Псальм. Якія вартыя любові пасе́лішчы Твае, Ягова войскаў! Душа мая моцна ту́жыць, так, яна захоплена палымяным жаданьнем у панадворкі Яговы. Сэрца маё і цела маё ўрачыста радуюцца ў Богу жывым. Нават верабей знайшоў дом, і ластаўка гняздо для сябе, дзе яна сваіх птушанятак укладае, ля Тваіх ахвярнікаў, Ягова войскаў, мой Каролю і Божа мой! Шчасьлівыя тыя, якія жывуць у Доме Тваім. Яны будуць славіць Цябе няспынна. Зэля. Шчасьлівы чалавек, каторага сіла ў Табе. У сэрцы ягоным шляхі простыя. Калі яны ідуць далінай Баха, яны робяць яе месцам крынічным. Таксама раньні дождж пакрывае яе багаславеньнямі. Яны ідуць ад сілы ў сілу. Кожны (зь іх) зьяўляецца перад Богам на Сыёне. Ягова, Божа войскаў, выслухай малітву маю! Вазьмі да вушэй, Божа Якубаў. Зэля. Божа, шчыт наш, глянь сюды! Глянь на аблічча памазанца Твайго! — Бо адзін дзень у дварах Тваіх ёсьць лепшы, чым тысяча (іншых дзён). Я буду лепш прабываць ля парогу Дому Бога майго, чым жыць у шатрах бязбожнасьці, бо Ягова, Бог, ёсьць сонца і шчыт; Ягова дае Багадаць і славу. Ён ня адмаўляе дабра тым, якія ходзяць у бяззаганнасьці. Ягова войскаў! Шчасьлівы чалавек, які давяраецца Табе!
Кіраўніку хору. Сыноў Карэявых. Псальм. Ягова, Ты быў дабразычлівым да Тваёй зямлі, Ты вярнуў палон Якубаў, Ты дараваў віну народу Твайму, Ты пакрыў усе грахі іхныя. — Зэля. Ты адцягнуў назад усю Тваю лютасьць, Ты адвярнуўся ад лютасьці гневу Твайго. Аднаві нас, Божа збаўленьня нашага, спыні абурэньне Тваё супраць нас. Ці ж вечна будзеш гне́вацца супраць нас? Ці будзеш Ты Твой гнеў доўжыць ад пакаленьня да пакаленьня? Няўжо Ты нас ізноў ня ажывіш, каб народ Твой узрадаваўся ў Табе? Дай нам, Ягова, убачыць міласэрнасьць Тваю і дай нам Тваё выратаваньне. Паслухаю, што скажа Ўсемагутны Ягова. Так, Ён абвесьціць мір народу Свайму, сьвятым Сваім. Хай яны ізноў ня вернуцца да няразумнасьці! Сапраўды, выратаваньне Ягонае блізка да тых, хто баіцца Яго, каб слава Ягоная жыла ў зямлі нашай. Міласэрнасьць і праўда спаткаюцца. Справядлівасьць і мір пацалуюцца. Праўда вырасьце зь зямлі, і справядлівасьць гляне зь Нябёсаў. І Ягова дасьць нам добрае, і зямля нашая дасьць плод свой. Справядлівасьць пойдзе перад Ім, і Ён паставіць (нас) на дарогу Ягоных крокаў.
Малітва Давідава. Нахілі, Ягова, Вуха Тваё; выслухай мяне, бо я бедны і ўбогі. Захавай душу́ маю, бо я дабрачэсны. Ратуй Ты, Божа мой, слугу Твайго, які на Цябе спадзяецца. Будзь да мяне міласэрным, мой Госпад, бо ўвесь дзень я да Цябе гукаю. Узрадуй Ты душу́ слугі Твайго, бо да Цябе, мой Госпад, узношу я душу́ маю; Бо Ты, мой Госпадзе, ёсьць добры і прабачлівы і багаты на міласэрнасьць да ўсіх, хто Цябе прыклікае. Прымі да Вушэй, Ягова, маю малітву, і зваж на голас маленьня майго! У дзень уціску майго я буду гукаць да Цябе, бо Ты адкажаш мне. Няма падобнага Табе, мой Госпадзе, сярод багоў, і няма нічога роўнага Тваім дзеям. Усе народы, якія Ты стварыў, прыйдуць і ўпадуць ніцма перад Абліччам Тваім, мой Госпадзе, і праславяць Тваё Імя, бо Ты ёсьць вялікі і чыніш Цуды, Ты, Божа, Ты Адзіны. Навучы мяне, Ягова, шляху Твайму. Я буду хадзіць у Праўдзе Тваёй. Усьміры сэрца маё настолькі, каб я баяўся Імені Твайго. Я буду славіць Цябе, Госпад мой, Бог мой, усім маім сэрцам і славіць Тваё Імя вечна; бо міласэрнасьць Твая да мяне ёсьць вялікая, і Ты вырваў душу маю з магілы апраметнай. Божа! Напышлівыя паўсталі супраць мяне, і хэўра гвалтаўнікоў шукае душы маёй. Яны ня ставяць Цябе перад сабой. Але Ты, мой Госпад, Усемагутны, міласэрны і літасьцівы, марудны на гнеў але багаты на дабрыню і праўду. Глянь на мяне і будзь міласэрным да мяне, дай сілу Тваю слузе Твайму і ратуй сына служкі Тваёй. Учыні на мне знак на дабро, хай убачаць гэта нянавісьнікі мае і будуць пасаромлены, бо Ты, Ягова, дапамог мне і суцешыў мяне.
Сыноў Карэявых. Псальм. Песьня. Угрунтаваньне ягонае (Сыёна) на сьвятых гарах. Любіць Ягова брамы Сыёну больш за ўсе сялібы Якубавыя. Слаўнае гаворыцца пра цябе, места Божае! Зэля. Успамяну Рагаў і Бабілён перад тымі, якія мяне ведаюць; вось! Пілістэя і Тыр з Ятыопіяй (скажуць): гэты нарадзіўся там. А пра Сыён будуць казаць: «той і той нарадзіўся ў ім.» І Найвышэйшы, Ён узмацніць яго. Ягова распавядзе пры перапісу народаў: «гэты народжаны тут». Зэля. І тыя, хто сьпявае, і хто грае, (скажуць): «Усе мае крыніцы ў Табе.»
Песьня. Псальм. Сыноў Карэявых. Кіраўніку хору. Паводля Махалат леанот. Вучэньне Гэмана Езрагіта. Ягова, Божа збаўленьня майго, удзень я галашу і ўначы перад Табою. Хай узыйдзе перад Аблічча Тваё малітва мая. Нахілі Вуха Тваё да маленьня майго, бо насыцілася лíхам душа мая, і жыцьцё маё наблізілася да апраметнай. Я прылічаны да тых, якія зыходзяць у магілу, я стаўся як чалавек, які ня мае ўспамогі, бу́дучы ня мёртвым упадоблены сьцятым, якія ляжаць у магіле, якіх Ты больш ня ўспаміна́еш, якія адкінутыя ад Рукі Тваёй. Ты паклаў мяне ў найглыбейшую яму, у цемру, у глыбíні цемры. Цяжка цяжарыць мяне лютасьць Твая, усімі хвалямі Тваімі Ты гняцеш мяне долу. — Зэля. Ты аддалíў ад мяне маіх знаёмых, зрабіў мяне агідным для іх. Я ўвязьнены і ня магу выйсьці. Высахла вока маё ад гароты. Цябе, Ягова, клічу я ўвесь дзень. Да Цябе працягваю я мае рукі. Ці зробіш Ты цуд над нябожчыкамі? Ці ўстануць нябожчыкі і будуць Цябе вызнаваць (і славіць)? Ці стане хто ў магіле распавядаць пра Тваю Міласэрнасьць, у абадоньне пра Тваю Вернасьць? Ці будуць пазнаны ў цемры Цуды Твае і ў зямлі забыцьця Справядлівасьць Твая? І я, Ягова, я клічу да Цябе, і зраньня малітва мая сустракае Цябе. Чаму, Ягова, адкідаеш Ты душу маю, хаваеш Ты Аблічча Тваё ад мяне? Прыгнечаны я і набліжаюся да сьмерці ад юнацтва. Я нясу жахі Твае, я ў роспачы. Нада мной прайшлі гне́вы Твае. Жахі Твае зьнішчаюць мяне. Яны ахінаюць мяне, як воды, увесь дзень. Яны разам акружаюць мяне. Ты аддаліў ад мяне сябра і блізкага. Знаёмыя мае ў цемры.
Вучэньне Эта́на Эзрагіта. Міласэрнасьці Яговы буду апяваць вечна, ад пакаленьня ў пакаленьне буду абвяшчаць вернасьць Тваю маімі вуснамі, я казаў: навекі будзе збудавана міласэрнасьць; у Нябёсах Ты ўгрунтуеш вернасьць Тваю. Я заключыў Запавет з выбра́нцам Маім, прысягнуўся Давіду, слузе Майму: «Навечна ўгрунтую Я Семя Тваё і Я збудую з роду ды ў род Пасад Твой.» — Зэля. І Нябёсы праславяць Цябе за Цудадзеі Твае, Ягова, і Тваю вернасьць у сходзе сьвятых, — бо хто ў Небе роўны Ягове? хто роўны Ягове сярод багоў? Усемагутны варты вялікага страху ў нарадзе сьвятых і багавейнасьці да страху сярод усіх, хто Яго акружае. Ягова, Бог войскаў, хто такі моцны, як Ты, Ягова? І вернасьць Твая вакол Цябе. Ты валадарыш над лютасьцю мора. Калі ўздымаюцца хвалі ягоныя, Ты іх таймуеш. Ты растаптаў Рагаў (Ягіпет), як аднаго з пабітых. Тваёю моцнай Рукою Ты расьцярушыў ворагаў Тваіх. Твае ёсьць Нябёсы і Твая ёсьць зямля. Ты заснаваў сусьвет і ўсё, што напаўняе яго. Поўнач і поўдзень, Ты іх стварыў. Табор і Ярмон урачыста радуюцца аб Імені Тваім. Твая ўлада і мышца. Рука Твая моцная, Правіца Твая ўзьнятая. Справядлівасьць і Суд ёсьць падмурак Пасаду Твайго. Міласэрнасьць і Праўда ідуць перад Абліччам Тваім. Шчасьлівы народ, які ведае гук радасьці. Яны будуць хадзіць, Ягова, у сьвятле Аблічча Твайго. Празь Імя Тваё яны ўрачыста радуюцца ўвесь дзень, і па Справядлівасьці Тваёй яны будуць узвышаны, бо Ты ёсьць прыгажосць сілы іхнай, і праз Добразычлівасьць Тваю будзе ўзьняты наш рог, бо Ягова ёсьць наш шчыт, і Сьвяты Ізраэляў ёсьць наш Кароль. Некалі гаварыў Ты ў бачаньні да Сьвятога Твайго і сказаў: «Я ўчыніў дапамогу мужнаму. Я ўзвысіў выбранца з народу. Я знайшоў Давіда, слугу Майго, Маім Сьвятым алеем Я памазаў яго, Рука Мая будзе цьвёрда зь ім, і Рука Мая, сапраўды, ўмацуе яго. Ня пераможа яго вораг, і сын бяззаконьня ня ўцісне яго. І прыгнятальнікаў ягоных Я скрышу перад абліччам ягоным, і Я паражу́ нянавісьнікаў ягоных. І Вернасьць Мая і Міласэрнасьць Мая зь ім, і праз Імя Маё будзе ўзьнесены рог ягоны. І Я пакладу руку́ ягоную на мора і правіцу ягоную — на рэкі. Ён будзе клікаць Мяне: «Ты мой Бацька, мой Бог і Скала выратаваньня майго.» Сапраўды, Я дам яму першародства, стан найвышэйшага над каралямі зямлі. Навек Я захаваю яму Міласэрнасьць Маю, і Мой Запавет зь ім застанецца цьвёрдым. І Я падоўжу навекі насеньне ягонае, і пасад ягоны, як дні Нябёсаў. Калі сыны ягоныя пакінуць Закон Мой і ня будуць хадзіць паводля Наказаў Маіх, калі яны зьняважаць Пастановы Мае і ня будуць трымацца Прыказаньняў Маіх, дык Я даведаюся іх у праступку іхным па́ліцай і ўдарамі няпраўду іхную, але Міласэрнасьці Маёй ня адвярну ад яго, і захаваю Вернасьць Маю. Я ня пару́шу Запавету Майго і ня памяняю таго, што выйшла з Вуснаў Маіх. Аднойчы Я прысягнуў у Сьвятасьці Маёй. Я Давіду ня зманю. Насеньне ягонае будзе вечна, і пасад ягоны, як сонца перада Мною. Як месяц ён будзе стаяць вечна, і сьведка ў небе — верны. Зэля. Але (Ты), Ты адкінуў і адпіхнуў, угневаўся на памазанца Твайго, Ты занядбаў Запавет са слугою Тваім, Ты зга́ньбіў карону ягоную (кінуўшы яе) на зямлю. Ты разбурыў усе муры ягоныя, крэпасьці ягоныя абярнуў у руіны. Рабуюць яго ўсе, якія праходзяць дарогай. Ён стаўся пасьмешышчам для суседзяў сваіх. Ты ўзвысіў правіцу прыгнятальнікаў ягоных. Ты парадаваў усіх ворагаў ягоных. Ты павярнуў назад вастрыё меча ягонага і ня даў яму выстаяць у бітве. Ты прыпыніў бляск ягоны і пасад ягоны скінуў на зямлю. Ты скараціў дні юнацтва ягонага. Пакрыў яго сорамам. Зэля. Дакуль, Ягова, Ты будзеш хавацца няспынна, як агонь будзе пала́ць Твой гнеў? Успомні, які кароткі мой век. На якую марнасьць стварыў Ты ўсіх сыноў чалавечых! Хто ёсьць чалавек, які жыве і ня ўбачыць сьмерці? Хто выратуе душу́ сваю ад рукі шэолю? Зэля. Дзе Твае былыя міласэрнасьці, мой Госпад, якімі Ты прысягаў Давіду ў вернасьці Тваёй? Прыпомні, мой Госпад, ганьбу на Тваіх слуг, якую я нашу ў грудзёх маіх ад усіх моцных народаў, якой ганьбяць ворагі Твае, Ягова, якой яны ганьбяць сьляды Твайго памазанца. Хай будзе багаславёны Ягова ў вяках вякоў. Амін. Так, амін.
Малітва Масея, чалавека Божага. Госпадзе мой, Ты быў нам прыстанішчам з роду ды ў род. Перш чым паўсталі горы, і Ты стварыў зямлю і сусьвет, і ад вечнасьці ў вечнасьць Ты — Бог. Ты вяртаеш чалавека ў парахно і кажаш: «Вяртайцеся, сыны чалавечыя!» — бо тысяча гадоў у Тваіх вачах, як дзень учарашні, калі ён прайшоў, і, як варта начная. Ты зносіш іх (як) паводкай. Яны як сон, як трава, якая раніцай вырастае, раніцай яна расьце і цьвіце, а вечарам вяне і засыхае, бо мы зьнікаем ад гневу Твайго, а ад лютасьці Тваёй мы разьбітыя. Ты бяззаконьні нашыя паклаў перад Табой, тайнае нашае перад сьвятлом Аблічча Твайго. Усе дні нашыя зьнікаюць ад гневу Твайго. Мы каратаем гады нашыя, як уздых. Дзён гадоў нашых — семдзясят гадоў, а пры большай моцы — восемдзясят гадоў, а лепшая пара іхная — цяжкая праца і не́марасьць, бо яны хутка праходзяць і мы адлятаем. Хто ведае сілу гневу Твайго і лютасьці Тваёй, якая адпавядае страху перад Табой? Зьлічаць дні нашыя навучы нас так, каб прыдбаць нам сэрца мудрае. Абярніся, Ягова! Дакуль? І суцешы слугаў Тваіх. Насыці нас ра́ніцай Міласэрнасьцю Тваёй, і мы будзем радавацца і весяліцца ўсе дні нашыя. Суцешы нас адпаведна дням, колькі Ты гнуў нас, адпаведна гадам, калі мы бачылі ліха. Хай будзе вачавідным слугам Тваім Твой Чын і Слава Твая над сынамі іхнымі. Прыгажосьць Госпада майго, Бога нашага, хай будзе над намі. І справу рук нашых умацуй Ты над намі. Сапраўды, справу рук нашых Ты ўмацуй.
Хто жыве ў сховішчы Найвышэйшага, той прабывае ў засені Ўсемагутнага. Я скажу Ягове: «(Ты) сховішча маё і цытадэль мая, Бог мой.» На Яго я спадзяюся. Сапраўды, Ён выратуе цябе ад сеці лаўца, ад губіцельнага мору. Крылом Сваім Ён засьціць цябе, і пад крыльлем Ягоным ты знойдзеш прытулак. Шчыт і аслона ёсьць Праўда Ягоная. Ты ня будзеш баяцца страху ноччу, ні стралы, што ўдзень ляціць, ні мору, што ў цемры бадзяецца, ні пошасьці, што пустошыць у полудзень. Падзе́ подле цябе тысяча і дзесяць тысячаў праваруч ад цябе; але да цябе гэта ня наблізіцца. Толькі вачыма тваімі глядзець будзеш і ўбачыш расплату з бязбожнікамі. Сапраўды, Ты, Ягова, мой прытулак. (Чалавек, шчасьлівы ты, што) Найвышэйшага ты выбраў прытулкам сваім. Ня сустрэне цябе ліха, і ніякая пляга ня наблізіцца да жытла твайго, бо Ён Ангелам Сваім дасьць загад пра Цябе сьцерагчы Цябе на ўсіх шляхах Тваіх. На руках яны панясуць Цябе, каб Ты ня выцяўся аб камень Нагою Тваёй. На льва і гадзюку ты наступіш. Маладога льва і дракона ты растопчаш. За тое, што ён у любві прыляпіўся да Мяне, Я выратую яго, Я ўзьніму яго на нядасягальную вышыню, бо ён ведае Імя Маё. Ён будзе гука́ць Мяне, і Я адкажу яму. Я буду зь ім у час ліха. Я вызвалю яго і ўслаўлю яго. Я насычу яго даўжынёй дзён (ягоных) і дам яму ўбачыць збаўленьне Маё.
Псальм. Песьня. На дзень суботні. Добра дзякаваць Ягове і сьпяваць Імю Твайму, Найвышэйшы, раніцай абвяшчаць Міласэрнасьць Тваю і Вернасьць Тваю — уначы, на дзесяціструнным і на псалтыры, пець (Найвышэйшаму і граць) на гарпе; бо Ты, Ягова, радуеш мяне чынам Тваім, я ўрачыста радуюся Дзеям Рук Тваіх. Як вялікія Твае Дзеі, Ягова! Наўзьдзіў глыбокія Думкі Твае. Чалавек бязглузды (гэтага) ня ведае, і нядавумак ня разумее гэтага. Бязбожнікі растуць, як трава, і ўсе ліхадзеі цьвітуць — каб яны былі зьнішчаны навекі. Але Ты, Ягова, высокі ў вяках вечных, — бо сапраўды ворагі Твае, Ягова, сапраўды ворагі Твае загінуць. Усе ліхадзеі будуць расьцярушаны. А мой рог Ты ўзьнімеш, як (рог) адзінарога. Мяне памазаваюць сьвежым алеям. І вока маё будзе бачыць тых, хто робіць на мяне засаду. І вуха маё будзе чуць зламысьнікаў, якія паўстаюць супраць мяне. Праведны будзе квітнець, як пальма. Ён будзе расьці, як кедр на Ліване. Пасаджаныя ў Доме Яговы будуць квітнець у дварах Бога нашага. Яны і ў старасьці будуць прыносіць плод. Яны будуць сакавітыя і сьвежыя, каб абвяшчаць, што Ягова шчыры ёсьць, Скала мая, і няма ў Ім ніякай няправеднасьці.
Ягова валадарыць, як кароль. Ён апрануўся ў веліч. Ягова апрануўся; Ён падперазаўся сілай. Сапраўды, сусьвет умацаваны. Ён ня пахісьнецца. Умацованы Пасад Твой ад спрадвечных часоў. Ты ёсьць з спрадвечных часоў. Патокі падымаюць, Ягова, патокі ўзьнімаюць голас свой. Узьнімаюць патокі хвалі свае. (Голас) Яговы ў вышынí больш магутны, чым шум водаў многіх, чым (шум) марскіх буру́наў. Сьведчаньні Твае вельмі пэўныя. Дому Твайму належыць Сьвятасьць, Ягова, на векі.
Божа помсты, Ягова, Божа помсты, зазьзяй! Узьнімíся, Судзьдзя зямлі! Адплаці пыхлівым адплату! Дакуль жа бязбожнікі, Ягова, дакуль жа бязбожнікі будуць весяліцца? Яны ўзбураюцца, гавораць дзёрзкасьць, пышаюцца ўсе ліхадзеі. Яны топчуць народ Твой, Ягова, і яны прыгнятаюць спадчыну Тваю. Яны забіваюць удаву́ і прыхадня; яны забіваюць сірот і кажуць: «Ягова (гэтага) ня ба́чыць» і: «Бог Якубаў (на гэта) ня зважае.» Апа́мятайцеся, (вы) бязглуздыя сярод народу! І вы няразумныя, калі вы паразумнееце? Той, Хто стварыў вуха, няўжо ж ня пачу́е? Той, Хто стварыў вока, няўжо ж ня ўбачыць? Ці Той, Хто настаўляе паганаў, хíба Ён ня стане выкрываць, Той, Хто вучыць чалавека разуменьню? Ягова ведае думкі чалавека, што яны марныя. Шчасьлівы ёсьць чалавек, якога Ты навучаеш, Ягова, і якога Ты вучыш Закону Твайму, каб даць яму спакой у ліхія дні, пакуль выкапаюць дол бязбожніку; бо Ягова ня адкíне народ Свой і спадку Свайго ня пакíне; бо суд вернецца да справядлівасьці, і ёй пасьледуюць усе шчырыя сэрцам. Хто паўстане за мяне супраць зламысьнікаў? Хто стане за мяне супраць ліхадзеяў? Каб ня Ягова быў мне ўспамогай, мала заставалася, і душа мая апынулася б у сьмяротным маўчаньні. Калі я кажу: «Хістаецца нага мая», дык Міласэрнасьць Твая, Ягова, падтрымлівае мяне. Пры мностве трывожных думак у сэрцы маім суцяшэньні Твае напаўнялі душу́ маю Тваёй падтрымкай. Ці можа быць зьвязаны з Табою пасад пагібелі, які намышляе бяду праз Закон? Яны зьбіраюцца разам супраць душы справядлівага і асуджваюць кроў нявінаватую. Але Ягова стаўся мне высокай цытадэльлю, Бог мой — скалой майго прытулку. І Ён паверне на іх іхнае бяззаконьне, і зьнішчыць іх у злосьці іхнай. Зьнішчыць іх Ягова, Бог наш.
Прыйдзеце, урачыста засьпявайма Ягове! Ра́дасна ўсклікнем да Скалы нашага збаўленьня! Станьма прад Абліччам Ягоным з падзякай; гучна засьпявайма Яму псальмы, бо Бог вялікі ёсьць Ягова, і вялікі Кароль над усімі бага́мі, у Ягонай Руцэ глыбіні зямлі, і Яму належаць вяршыні гораў, Ягонае мора, і Ён стварыў яго, і сушу стварылі Рукі Ягоныя. Прыйдзеце, суклонімся і ўпадзем. Укленчым перад Абліччам Яговы, Які стварыў нас, бо Ён ёсьць Бог наш, і мы народ пасты Ягонай і авечкі Ягонай Рукі. Сёньня, калі вы Ягоны Голас чуеце, ня зрабіце жорсткімі сэрца вашае, як у Мэрыбе, як у дзень спакушэньня ў пустэльні, дзе ба́цькі вашыя спакушалі Мяне, выпрабоўвалі Мяне, хаця яны бачылі Дзею Маю. Сорак гадоў Я цярпеў нараканьне ад роду гэтага, і Я сказаў: «Яны ёсьць народ заблуканыя сэрцам, і яны ня спазналі шляхоў Маіх.» Таму і пакляўся Я ў гневе Маім: «яны ня ўвойдуць у Супакой Мой!»
Сьпявайце Ягове новую песьню, сьпявайце Ягове, уся зямля! Сьпявайце Ягове. Багаслаўляйце Імя Ягонае. Абвяшчайце з дня ў дзень выратаваньне Ягонае. Апавядайце між паганамі Славу Ягоную, сярод усіх народаў Ягоныя Цудоўныя Дзеі; бо вялікі ёсьць Ягова і варты вялікага праслаўленьня; і варты багавейнасьці да страху больш за ўсіх багоў; бо ўсе богі народаў ёсьць нішто, але Ягова стварыў нябёсы. Веліч і Прыгажосьць перад Абліччам Ягоным, Магутнасьць і Раскоша ў Сьвятыні Ягонай. Прыносьце ахвяры Ягове, (вы) плямёны народаў, прыносьце ў ахвяру Ягове славу і сілу. Прыносьце ў ахвяру Ягове Славу Ягонага Імені. Прыносьце дар і ўваходзьце ў двары Ягоныя. Пакланіцеся Ягове ў сьвятой урачыстасьці. Дрыжы перад Абліччам Ягоным уся зямля! Кажыце сярод паганаў: «Ягова валадарыць, як Кароль!» Сапраўды, сусьвет цьвёрда ўгрунтаваны, ён ня пахісьнецца. Ён (Ягова) будзе судзіць народы па Праўдзе. Хай весяляцца Нябёсы, і хай урачыста радуецца зямля. Хай моцна скажа мора і ўсё, што напаўняе яго. Хай цешыцца поле і ўсё, што на ім. Тады хай узрадуюцца ўсе дрэвы ў лесе перад Абліччам Яговы, бо Ён ідзе судзіць зямлю. Ён будзе судзіць сьвет у Справядлівасьці і народы паводля Сваёй Праўды.
Ягова валадарыць, як Кароль. Хай радуецца зямля. Хай радуюцца шматлікія астравы. Хмары і цемра навакол Яго. Справядлівасьць і Суд ёсьць падмурак Пасаду Ягонага. Агонь ідзе перад Ім і паліць наўкола няпрыяцеляў Ягоных. Маланкі Ягоныя асьвятляюць сусьвет. Зямля бачыць і трымціць. Горы, як воск, плавяцца перад Абліччам Яговы, перад Абліччам Госпада ўсёй зямлі. Нябёсы абвяшчаюць Справядлівасьць Ягоную, і ўсе народы бачаць Славу Ягоную. Хай будуць пасаромлены ўсе служкі выразаных выяваў, якія пахваляюцца балванамі. Хай Яму паклоняцца да зямлі ўсе сілы! Сыён чуе і радуецца, і дочкі Юды ўрачыста радуюцца дзеля Судоў Тваіх, Ягова. Бо Ты, Ягова, ёсьць Найвышэйшы над усёй зямлёй; Ты ёсьць вельмі ўзвышаны над усімі багамі. Вы, хто любіць Ягову, нянавідзьце зло! Ён крые душы сьвятых Сваіх. З рукі бязбожнікаў Ён вызваліць іх. Праведніку пасеяна Сьвятло, і радасьць для тых, хто шчыры сэрцам. Радуйцеся, (вы) праведныя, у Ягове і вызнавайце ўдзячнасьць Ягонай сьвятой памяці!
Псальм. Сьпявайце Ягове песьню новую, бо Ён учыніў Цуды. Правіца Ягоная і Сьвятое Плячо Ягонае прынесьлі Яму перамогу. Ягова аб’явіў Выратаваньне Ягонае. Перад вачыма паганаў Ён адкрыў Справядлівасьць Сваю. Ён успомніў пра Міласэрнасьць Сваю і Вернасьць Сваю дому Ізраэляваму. Усе канцы зямлі ўбачылі Выратаваньне Бога нашага. Моцна гукай да Яговы, уся зямля! Пачніце моцна радавацца! Радуйцеся ўрачыста, сьпявайце і іграйце. Грайце Ягове на гарпе, на гарпе і галосным сьпевам. Гукам рогаў і срэбных трубаў моцна гукайце перад Абліччам Караля, Яговы! Хай шуміць мора і ўсё, што яго напаўняе, сусьвет і ўсё, што ў ім жыве. Хай пляскаюць у далоні рэкі, і хай разам урачыста радуюцца горы перад Абліччам Яговы, бо Ён ідзе судзіць зямлю: Ён будзе судзіць сусьвет па Справядлівасьці і народы па Праўдзе.
Ягова валадарыць, як Кароль. Трымцяць народы. Ён усьсядае над Хэрубімамі. Трымціць зямля. Ягова на Сыёне — Вялікі, і Ён ёсьць узвышаны над усімі народамі. Хай яны вызнаюць усхваленьне Імю Твайму: вартаму ўзьвялічэньня і багавейнасьці да страху, Ён ёсьць Сьвяты. Сіла караля ў тым, што ён любіць рассудзіць (справядліва). Ты ўгрунтаваў Справядлівасьць. Ты ў Якубе зьдзейсьніў Суд і Справядлівасьць. Вывышайце Ягову, Бога нашага, упадзіце ніцма перад падножжам Ног Ягоных! Сьвяты ёсьць Ён! Масей і Агарон сярод сьвятароў Ягоных, і Самуэль сярод тых, якія прыклікаюць Імя Ягонае: яны гукалі да Яговы, і Ён адказаў ім. У слупе воблачным Ён прамаўляў да іх. Яны захоўвалі Сьведчаньні Ягоныя і Статут, які Ён даў ім. Ягова, Божа наш, Ты ёсьць Той, Які адказваў ім. Ты быў для іх Богам прабачаючым і Помсьнікам за іхныя благія ўчынкі. Вывышайце Ягову, Бога нашага, і ўпадзіце ніцма на сьвятой гары Ягонай, бо Сьвяты ёсьць Ягова, Бог наш.
Псальм пры ахвяры падзякі. Гукайце моцна да Яговы, уся зямля! Служыце Ягове з радасьцяй! Прыйдзіце перад Аблічча Ягонае з радасьцяй урачыстай! Ведайце, што Ён, Ягова, ёсьць Бог. Ён стварыў нас, а ня (мы самі), і мы Ягоныя, народ Ягоны, і авечкі пасты Ягонай. Уваходзьце ў брамы Ягоныя з падзякаю, у панадворкі Ягоныя з хвалою. Дзякуйце Яму! Слаўце Імя Ягонае, бо добры Ягова. Міласэрнасьць Ягоная доўжыцца вечна, і вернасьць Ягоная з роду ды ў род.
Псальм Давідавы. Пра міласэрнасьць і суд я буду сьпяваць. Табе, Ягова, я буду сьпяваць і іграць. Я буду трымацца шляху бяззаганнага. Калі Ты прыйдзеш да мяне? Я буду хадзіць у шчырасьці сэрца майго сярод дому майго. Я ня пастаўлю перад вачамі маімі рэч нікчэмную. Я нянавіджу ўчынак адступнікаў: ён ня прыліпне да мяне. Перакорлівае сэрца ўхіліцца ад мяне. Ліхога я ня буду ведаць. Хто бліжняга свайго таемна абгаворвае, я таго праганю. Ганарыстага вачамі і пага́рдлівага сэрцам я ня пацярплю. Вочы мае на верных зямлі, каб яны жылі са мною. Хто ходзіць шляхам бяззаганным, той будзе служыць мне. Ня будзе жыць у доме маім той, хто робіць хітрасьць. Хто гаворыць ілжу, той ня выстаіць перад вачамі маімі. Кожнай раніцай буду зьнішчаць усіх бязбожнікаў зямлі, каб выкараніць зь места Яговы ўсіх ліхадзеяў.
Малітва прыгнечанага, калі ён зьнямагае і вылівае сваю жа́льбу перад Яговам. Ягова, пачуй маю малітву, няхай дойдзе да Цябе маё галашэньне! Ня хавай Аблічча Свайго ад мяне ў дзень майго бядаваньня. Прыхілі да мяне Вуха Тваё. У дзень, калі я клічу, Ты хутка адкажы мне, бо дні мае зьнікаюць, як дым, і косткі мае гараць, як вугольле. Сэрца маё пабíта і высахла, як трава, ажно я забываюся есьці мой хлеб. Ад голасу майго стагнаньня прыліпаюць косткі мае да майго цела. Я стаўся падобным да пэлікана ў пустэльні або да савы ў руінах. Я ня сьплю і стаўся, як самотная птушка на даху. Цэлы дзень зьняважаюць мяне мае ворагі; і тыя, што шалеюць супраць мяне, клянуць мяне; бо ем я попел, як хлеб, і пітво маё я мяшаю са сьлязьмі ад Абурэньня Твайго і Гневу Твайго, бо Ты падняў мяне і кінуў мяне долу. Дні мае зьнікаюць, як цень, і я, я сохну, як трава. Але Ты, Ягова, прабываеш вечна, і памяць Твая (трывае) з роду ды ў род. Ты паўстанеш, зьлітуешся над Сыёнам, бо надыйшоў час аказаць яму міласэрнасьць, бо надыйшоў вызначаны час, бо слугі Твае ўзьлюбілі (нават) камні ягоныя, і яны носяць сум аб развалінах ягоных. І ўбаяцца пагане Імені Яговы, і ўсе каралí зямлі — славы Тваёй; бо збудуе Ягова Сыён, зьявіцца ў Славе Сваёй. Ён прыхінецца да малітвы галечы, і ня пакіне бяз увагі малітву іхную. Гэта будзе напісана роду наступнаму. І народ, які будзе створаны, будзе славіць Ягову; бо Ён глянуў з вышыні Свайго Сьвяцілішча. Ягова глядзіць зь нябёсаў на зямлю, каб пачуць стагна́ньне вязьня і вызваліць сыноў сьмерці, каб абвяшчалі Імя Яговы на Сыёне і Хвалу Ягоную ў Ярузаліме, калі зьбяруцца народы разам і каралеўствы, каб служыць Ягове. «Ён змардаваў у дарозе сілу маю, скараціў дні мае. Я кажу: Божа мой! Ня забяры мяне ў палове дзён маіх.» — «Гады Твае трываюць ад пакаленьня да пакаленьня. Напачатку Ты заснаваў зямлю, і нябёсы ёсьць Справа Рук Тваіх. Яны загінуць, а Ты застанешся. І ўсе яны састарэюць, як вопратка; Ты пераменіш іх, як вопратку, і яны пераменяцца. Але Ты — Той Самы, і гады Твае ня скончацца. Сыны слугаў Тваіх будуць жыць, і насеньне іхнае ўмацуецца перад Абліччам Тваім.»
Давідавы. Багаславі, душа мая, Ягову, і ўсё нутро маё Сьвятое Імя Ягонае! Багаславі, душа мая, Ягову, і ня забывайся на ўсе Ягоныя Дабрадзеі, Каторы даруе ўсе твае бяззаконьні, Каторы ацаляе ўсе немачы твае, Каторы вызваляе жыцьцё тваё ад магілы, Каторы карануе цябе міласэрнасьцю і шчадротамі, Каторы напаўняе дабром старасьць тваю, так што абнаўляе юнацтва тваё, як у арла. Ягова чыніць Справядлівасьць і Суд усім прыгнечаным. Ён паказаў шляхі Свае Масею, сынам Ізраэля — Дзеі Свае. Шчодры і міласэрны Ягова, няхуткі да гневу і багаты на міласэрнасьць. Ён ня вечна будзе асуджаць і ня вечна абурацца. Ён паступаў з намі ня паводля грахоў нашых і адплачваў нам ня паводля правіннасьцяў нашых; бо як высока Нябёсы над зямлёй, так вялікая Міласэрнасьць Ягоная над тымі, што баяцца Яго. Як далёка усход ад захаду, так Ён аддалíў ад нас праступкі нашыя. Як лíтуецца бацька над сынамі (сваімі), так лíтуецца Ягова над тымі, хто баіцца Яго; бо Ён ведае склад наш, памятае, што мы — (толькі) пыл. Чалавек, як трава — дні ягоныя. Як кветка поля, так квітнее ён; як пройдзе над ёю вецер, і ўжо няма яе, і месца ейнае ўжо ня пазна́е яе. Але Міласэрнасьць Яговы ёсьць ад вечнасьці ў вечнасьць над тымі, хто баяцца Яго, і Справядлівасьць Ягоная на сыноў сыноў, тых, якія трымаюць Запавет Ягоны і помняць Ягоныя наказы, каб іх выконваць. Ягова ў Нябёсах усталяваў Пасад Свой, і Ягонае Каралеўства валадарыць над усім. Багаслаўце Ягову, (вы) Ангелы Ягоныя, вы дужыя сілаю, выканаўцы Слова Ягонага, слухаючыя Голас Слова Ягонага. Багаслаўце Ягову, усе войскі Ягоныя, служкі Ягоныя, выканаўцы Волі Ягонай. Багаслаўце Ягову, усе творы Ягоныя, па ўсіх мейсцах Валадарства Ягонага. Багаслаў Ягову, душа мая!
Багаславі душа мая Ягову! Ягова, Бог мой, Ты надзвычайна вялікі. У бляск і гонар апрануты Ты; Каторы сьвятлом акрываешся быццам шатай, Каторы Нябёсы прасьціраеш, як шырокі дах, Каторы Свае вышынныя харомы кладзеш у водах, Каторы аблокі ператвараеш у Сваю калясьніцу, Каторы крочыш на крылах ветру, Каторы духаў робіш Ангеламі Сваімі, полымя агню служкамі Сваімі. Ён угрунтаваў зямлю на цьвёрдых асновах ейных. Яна ня пахісьнецца ў векі вечныя. Бяздоньнем, як вопраткай, накрыў Ты яе. Над горамі стаялі воды. Ад пагрозы Тваёй яны ўцяклі. Ад голасу грому Твайго яны пасьпяшаліся прэч — узьнімаюцца горы; запада́юць даліны — на мейсца, што Ты ім прызначыў. Ты паклаў ім мяжу, якую яны ня пераступяць. Яны ня вернуцца, каб пакрыць зямлю. (Ты ёсьць Той,) Каторы крыніцы адпраўляеш ў рэкі. Цякуць яны паміж гораў. Яны пояць усіх зьвяроў поля. Дзікія аслы спатольваюць сваю смагу. Каля іх жывуць птушкі нябесныя. Праз гольле (дрэў) яны падаюць голас свой. (Ты ёсьць Той,) Каторы горы поіць са Сваіх вышынных харомаў — ад плоду Тваіх твораў насычаецца зямля — Каторы гадуеш траву для жывёлы і зеляніну на спажытак чалавеку, каб здабываў зь зямлі ежу і віно, якое вяселіць сэрца чалавека, і алей, ад якога твар (ягоны) блішчыць, і хлеб, (які) сілкуе сэрца чалавека. Хай насычаюцца дрэвы Яговы, кедры Лівану, якія Ён насадзіў, дзе птушкі робяць гнёзды; бусел, на кіпарысах дом ягоны. Высокія горы — для горных казлоў, скалы — схоў для дама́наў. Ён стварыў месяц для вызначэньня пэўных часоў. Сонца ведае свой захад. Ты робіш цемру, і становіцца ноч. І ў ёй рухаюцца ўсе лясныя зьвяры. Маладыя львы рыкаюць аб здабычы і шукаюць у Бога ежы сваёй. Сонца ўзыходзіць: яны зьбіраюцца і кладуцца ў свае логвішчы. Чалавек выходзіць на занятак свой і да працы сваёй аж да вечара. Як шматлікія дзеі Твае, Ягова! Усіх іх Ты ўчыніў у мудрасьці. Зямля поўная багацьця Твайго. Тут мора вялікае і шырокае на абодва бакі. Там безьліч жывых істот, якія рухаюцца, жывёлы малыя і вялікія. Там плывуць караблі. (Там) левіятан, якога Ты стварыў, каб ён у ім гуляў. Усе яны чакаюць ад Цябе, каб Ты ім даў есьці у свой час. Ты даеш ім: яны зьбіраюць. Ты расчыняеш Тваю Руку: яны насычаюцца дабром. Ты хаваеш Аблічча Тваё: яны палохаюцца. Ты адбіраеш у іх дыханьне: яны здыхаюць, і ў пыл свой яны вяртаюцца назад. Ты пасылаеш Духа Твайго: яны ствараюцца, і Ты абнаўляеш аблічча зямлі. Хай будзе слава Ягове вавек. Хай радуецца Ягова зь Дзеяў Сваіх. Ён глядзіць на зямлю, і яна дрыжыць. Ён дакранаецца да гор, і яны дымяцца. Я буду сьпяваць Ягове ўсё маё жыцьцё. Я буду іграць майму Богу, пакуль я ёсьць. Хай будзе прыемным Яму мой роздум. (Я) буду радавацца ў Ягове. Хай зьгінуць грэшнікі зь зямлі, і няхай больш ня будзе бязбожнікаў. Багаслаў Ягову, душа мая! Хваліце Ягову!
Дзякуйце Ягове. Прыклікайце Імя Ягонае. Абвяшчайце сярод народаў Учынкі Ягоныя. Сьпявайце Яму. Грайце Яму. Разважайце пра ўсе Ягоныя Цудоўныя Ўчынкі. Хваліцеся Ягоным Сьвятым Імем. Хай радуецца сэрца тых, хто шукае Ягову. Шукайце Ягову і Сілу Ягоную. Шукайце заўсёды Аблічча Ягонае. Успамінайце Ягоныя Цудадзеі, якія Ён учыніў, Знакі Ягоныя і Прысуды Вуснаў Ягоных, насеньне Абрагамавае, слугí Ягонага, сыны Якуба, выбранцы Ягоныя! Ён, Ягова, ёсьць Бог наш. Па ўсёй зямлі Суды Ягоныя. Ён памята́е вечна Свой Запавет, Слова, якое Ён запавядаў тысячам пакаленьняў, (Запавет,) які Ён зрабіў з Абрагамам, і Прысягу Сваю Ісагаку. І Ён паставіў тое для Якуба, як Закон, і для Ізраэля, як Запавет вечны, кажучы: «Я дам табе зямлю Канаанскую, як адмераную частку спадчыны вашай», калі яны былі малалікай колькасьцю, вельмі малой, і чужынцамі ў ёй. І яны вандравалі ад народу да народу, ад (аднаго) каралеўства да другога народу. Ён ня дазваляў ніводнаму чалавеку крыўдзіць іх, Ён дзе́ля іх дакараў каралёў: «Ня чапайце памазанцаў Маіх, і прарокам Маім ня рабіце ліха.» І Ён наклікаў голад на (тую) зямлю. Ён скрышыў усякую хлебную апору. Ён паслаў перад імі чалавека: Язэп быў прада́ны, як раб. Яны сьціснулі ягоныя ногі ў кайданы; у жалеза ўвайшла душа ягоная, да часу, калі прыйшло Слова Ягонае, Слова Яговы зьявіла чыстасьць ягоную. Кароль паслаў і вызваліў яго, валадар народаў даў яму волю. Ён паставіў яго гаспадаром над домам сваім і дзяржаўцам над усім сваім валадарствам, каб ягоных магнатаў настаўляў паводля розуму свайго і вучыў мудрасьці ягоных старшыняў. І прыйшоў Ізраэль у Ягіпет. І асеў Якуб у зямлі Хама. І Ён зрабіў народ Свой надзвычайна плодным, і зрабіў яго мацнейшым за ўціскальнікаў ягоных. Ён павярнуў іхнае сэрца нянавідзіць Ягоны народ, і чыніць злую хітрасьць супраць слугаў Ягоных. Ён паслаў Масея, слугу Свайго, (і) Агарона, якога Ён абраў. Яны выклалі сярод іх Словы Знакаў Ягоных і Цудадзеі ў зямлі Хама. Ён паслаў цемру і зрабіў цемень, і яны (Масей і Агарон) былі ня супраціўнымі Слову Ягонаму. Ён ператварыў іхныя воды ў кроў і замарыў іхную рыбу. Зямля іхная зараілася ад жабаў аж да гмахаў іхных каралёў. Ён сказаў, і зьявілася мноства ўсякіх (кусючых) кузурак і камароў ва ўсіх іхных межах. Замест дажджу Ён даў ім град, (і) агонь палымяны ў зямлі іхнай, і Ён пабіў іхныя вінаград і хвігавыя дрэвы і паламаў дрэвы ў межах іхных. Ён сказаў, і прыйшла саранча і безьліч вусеняў, і яны пажэрлі ўсе травы ў зямлі іхнай і пажэрлі (увесь) плод іхных палёў. І Ён пабіў усіх першародных у іхнай зямлі, пачаткі ўсёй сілы іхнай. І Ён вывеў іх са срэбрам і золатам, і ня было сярод іхных плямёнаў ніводнага хворага. Узрадаваўся Ягіпет, што яны выйшлі, бо зьняў яго страх перад імі. Ён прасьцёр перад імі воблака, як покрыў, і агонь, сьвяціць ноччу. Ён (народ) прасіў, і Ён (Ягова) прывёў (ім) перапёлак. І хлебам зь нябёсаў Ён накарміў іх. Ён адчыніў скалу, і пацяклі воды; яны пацяклі ракой у сухія мясьціны; — бо Ён памятаў Сваё Сьвятое Слова (да) Абрагама, слугі Свайго. І Ён вывеў народ Свой у радасьці, з урачыстай радасьцяй Сваіх выбранцаў. І Ён даў ім землі паганаў, і яны заўладалі тым, што народы прыдбалі працай, каб яны трымаліся Статутаў Ягоных і Законы Ягоныя захоўвалі. Хваліце вы Ягову!
Хваліце Ягову! Дзякуйце Ягове, бо Ён ёсьць добры, бо Міласэрнасьць Ягоная трывае вечна. Хто можа магутныя Дзеі Яговы апісаць і абвясьціць усе Чыны Славы Ягонай? Шчасьлівыя тыя, што трымаюцца Права, (і) той, хто чыніць справядлівасьць ва ўсякі час. Спамяні пра мяне, Ягова, пры зычлівасьці да народу Твайго наведай мяне Ратаваньнем Тваім, каб мне ўбачыць дабрабыт выбранцаў Тваіх, каб мне радавацца радасьцю народу Твайго, хваліцца з спадкам Тваім. Саграшылі мы (разам) з ба́цькамі нашымі, рабілі бяспраўе, учынілі бяззаконьне. Ба́цькі нашыя ў Ягіпце ня зразумелі Цудаў Тваіх, ня помнілі мноства Міласэрнасьцяў Тваіх. І яны працівіліся каля мора, мора Чырвонага. Але Ён выратаваў іх дзеля Імені Свайго, каб абвясьціць Магутнасьць Сваю. Пагразіў Ён Чырвонаму мору, і яно высахла. І правёў іх праз глыбіні, як праз пустэльню. І Ён выратаваў іх з рукі нянавісьніка і вызваліў іх з рукі ворага. І воды накрылі іхных ворагаў. Ніводзін зь іх ня застаўся. Тады яны паверылі Словам Ягоным; і пяялі хвалу Яму. Але яны хутка забыліся Дзеі Ягоныя, ня дачакаліся Парады Ягонай; і яны разгарэліся ў пустэльні пажадай і спакушалі Ўсемагутнага ў пустэльні. І Ён даў ім паводля просьбы іхнай, але паслаў на іхныя душы пошасьць. І яны пазайздросьцілі ў таба́ры Масею (і) Агарону, сьвятому Яговы. (І) расступілася зямля і праглынула Дата́на і накрыла зборню Авірама. І ўзгарэўся агонь у асяродку іхнай зборні. Полымя зьнішчыла бязбожнікаў. Яны зрабілі маладога быка каля Харыва і пакланіліся літой выяве; і яны памянялі Славу сваю на абраз быка, які жарэ траву. Яны забыліся Бога, Выратавальніка свайго, Які вялікае ўчыніў у Ягіпце, Цудадзеі ў зямлі Хама, страшное каля Чырвонага мора. І сказаў Ён, што вынішчыць іх. Калі б ня Масей, выбранец Ягоны, які стаў перад Ім у праломе, каб адхіліць Ярасьць Ягоную ад зьнішчэньня. І яны адкінулі пажада́ную зямлю, ня паверылі Ягонаму Слову, і яны наракалі ў буданох сваіх, ня слухалі Голасу Яговы. Тады падняў Ён Руку Сваю супраць іх і (пакляўся), што, (сьмяротна) адрыне іх у пустэльні і іхнае насеньне кіне сярод паганаў і іх расьцяру́шыць па землях. І яны прыляпіліся да Ваал-Пэора, і яны елі ахвяры мёртвым. І яны правакавалі (Яго) на гнеў учынкамі сваімі, і пляга выбухнула сярод іх. Тады паўстаў Пінхас і ўчыніў суд, і спынілася пляга. І гэта залічана яму ў праведнасьць з роду ды ў род аж на векі вечныя. І яны ўгнявілі (Яго) ля водаў Мэрыбы, і Масей пацярпеў за іх, бо яны ўпарціліся духу ягонаму, так што ён сказаў няабдумана вуснамі сваімі. Яны ня зьнішчылі народы, пра якія сказаў ім Ягова. І яны зьмяшаліся з паганамі і навучыліся іхных справаў. І яны служылі іхным (паганскім) балваном. І тыя сталіся ім сеткай. І яны ахвяравалі сыноў сваіх і дачок сваіх дэманам. І яны пралівалі бязьвінную кроў, кроў сыноў сваіх і дочак сваіх, якіх яны ахвяравалі балваном канаанскім. І зямля ад крыві была зьгнюшана. І яны зьнячысьцілі сябе сваімі ўчынкамі, і яны блудадзейнічалі сваімі дзеямі. І ўзгарэўся гнеў Яговы супраць народу Ягонага, і абрыдла Яму спадчына Ягоная. І Ён аддаў іх у руку паганаў, і запанавалі над імі іхныя нянавісьнікі; і іхныя ворагі ўціскалі іх, і яны былі прыгнечаны пад рукой тых. Шмат разоў Ён вызваляў іх, але яны былі няўрымсьлівымі са сваімі ра́дамі. І яны былі прыніжаны па прычыне бяззаконьня іхнага. Але Ён зважаў на іхны прыгнёт, калі Ён чуў іхны моцны лямант. І Ён успамінаў Запавет Свой зь імі, І Ён шкадаваў іх паводля збытку Міласэрнасьці Сваёй. І Ён абуджаў спагаду да іх ва ўсіх, хто браў іх у палон. Ратуй нас, Ягова, Бог наш, і зьбяры нас з (асяродку) паганаў, каб мы вызнавалі славу Сьвятому Імю Твайму, каб мы хваліліся Славаю Тваёю. Хай будзе багаславёны Ягова, Бог Ізраэля, спрадвеку і навечна. І ўвесь народ хай скажа: «Амін.» Хваліце вы Ягову!
Дзякуйце Ягове, бо (Ён ёсьць) Добры, бо Міласэрнасьць Ягоная трывае на ве́кі. Хай так скажуць збаўленыя Яговы, якіх Ён збавіў з рукі ворага, і якіх Ён сабраў зь земляў, ад усходу і ад захаду, ад поўначы і ад мора. Яны блукалі ў пустэльні па бяздарожжу; (І) ня знайшлі места для жыцьця; яны цярпелі голад і смагу; душа іхная ў іх зьнямагла́ся; дык яны загукалі да Яговы ў тузе сваёй, (і) Ён вызваліў іх зь бедаў іхных, і павёў іх простым шляхам, каб яны прыйшлі ў места жытла (свайго): хай яны вызнаюць удзячнасьць Ягове за Ягоную Міласэрнасьць і за Ягоныя Цудадзеі сынам чалавечым, бо Ён насычае душу спрагнёную і напаўняе дабром душу галодную. Яны сядзелі ў цемры і ў цяню сьмерці, скаваныя бядою і жалезам, бо яны бунтавалі супраць Слоў Бога і зьняважалі Раду Найвышэйшага, так што Ён упакорыў іхнае сэрца бядою, яны спаткнуліся, і ня было ім памочніка; яны крычэлі да Яговы ў тузе сваёй, (і) Ён выратаваў іх зь бедаў іхных; Ён вывеў іх зь цемры і ценю сьмерці і парваў кайданы іхныя: хай яны вызнаюць удзячнасьць Ягове за Міласэрнасьць Ягоную і Ягоныя Цудадзеі сынам чалавечым, бо Ён паламаў брамы медныя і скрышыў засаўкі жалезныя. Няразумныя, яны цярпелі плягі на шляху свайго бяззаконьня і за нясправядлівасьці свае; душа іхная грэбавала ўсякай ежай, і яны падыйшлі да брамаў сьмерці, яны крычэлі да Яговы ў тузе сваёй, (і) Ён выратаваў іх зь бедаў іхных; Ён пасылаў Сваё Слова і лячыў іх, і Ён вырваў іх з магілаў іхных: хай яны вызнаюць удзячнасьць Ягове за Міласэрнасьць Ягоную і Ягоныя Цудадзеі сынам чалавечым, хай апавяшчаюць Справы Ягоныя з урачыстасьцю. Тыя, што пусьціліся на караблях у мора, на вялікіх водах вялі работу, яны бачылі Ўчынкі Яговы і Ягоныя Цудадзеі ў глыбінях, як Ён сказаў, дык узьняў штормавы вецер, які высака ўзьняў ягоныя (мора) хвалі; і яны ўзьнімаліся то да неба, то ападалі ў глыбíні; (і) душа іхная растае́ ў горы; яны хістаюцца і спатыкаюцца, як п’яны, і ўся іхная мудрасьць становіцца ў нішто; і яны загукалі да Яговы ў бядзе сваёй, (і) Ён вывеў іх зь іхных бедаў; Ён ператварыў буру ў цішыню, так што іхныя (прыгнятальнікаў) хвалі ўлягліся; і яны ўзрадаваліся, што хвалі суцішыліся, і Ён прывёў іх да жаданае прыстані: хай яны вызнаюць удзячнасьць Ягове за Міласэрнасьць Ягоную і Ягоныя Цудадзеі сынам чалавечым, і няхай яны ўзвышаюць Яго ў сходзе народу, і на пасяджэньні старэйшынаў хай славяць Яго. Ён ператварае рэкі ў пустэльню і крыніцы водаў у смагнучую зямлю, пладавітую зямлю ў саланчак за бязбожнасьць тых, хто на ёй жыве. Ён пераварачае пустэльню ў возера, а сухую зямлю — ў крыніцу вады, і Ён пасяляе там галадаючых, і яны засноўваюць места для жытла. І яны засяваюць палеткі, садзяць вінаграднікі, і тыя даюць ім багатыя плады; і Ён багаслаўляе іх, і яны вельмі множацца, і статак жывёлы іхнай ня памяншаецца. І зноў яны становяцца малаколькаснымі і прыгнечанымі ад прыгнёту, няшчасьця і пакуты. Ён вылівае зьнявагу на (іхных) князёў і пакідае іх блукаць у пустэльні па бяздарожжу; Ён падыймае ўбогага зь бяды і памнажае плямёны (іхныя), як авечкі. Справядлівыя бачаць гэта і радуюцца, а ўсякае бяззаконьне закрывае свой рот. Хто мудры хай гэта заўважыць, і хай яны ўважліва зважаюць на літасьці Яговы.
Песьня. Псальм Давідавы. Сапраўды, гатовае сэрца маё (і) чэсьць мая, Божа. Я буду сьпяваць і іграць. Паўстань псалтыр і гарпа! Я разбуджу сьвітаньне. Я буду вызнаваць хвалу Табе, Ягова, між народаў, і пяяць Табе і славіць Цябе між плямёнаў, бо вышэй за нябёсы Міласэрнасьць Твая, і Праўда Твая — да аблокаў. Будзь узьнясёны над нябёсамі, Божа! І Слава Твая хай будзе над усёй зямлёй. Так што каб былі вызвалены ўлюбляныя Твае, выратуй Ты Правіцай Тваёй і адкажы мне. Прамовіў Бог у Сьвятасьці Сваёй: «Я ўзьвесялюся. Разьдзялю Сыхэм, і даліну Сукот абмераю. Мой Галаад, Мой Манаса, і Яхрэм — крэпасьць Маёй Галавы; Юда — бэрла Маё. Мааб — умывальная шаля Мая; на Адом кіну абутак Мой; над Пілістэяй Я буду радавацца». Хто ўвядзе мяне да ўмацаванага места? Хто завядзе мяне да Адому? Ці ня Ты, Божа, (Які) пакінуў нас, і ня выходзіш, Божа, з нашымі войскамі? Дай нам дапамогу ва ўціску, бо чалавечая дапамога ёсьць марнота. З Богам мы выявім магутнасьць, і Ён растопча нашых прыгнятальнікаў.
Кіраўніку хору. Давідавы. Псальм. Божа хвалы маёй, Ты ня маўчы, бо разявіліся супраць мяне вусны нясумленныя і вусны абману; яны гаварылі са мною языком ілжы і словамі нянавісьці акружаюць мяне. І яны ўзбройваюцца супраць мяне бяспрычынна. За любоў маю яны варагуюць супраць мяне. А я малюся. І яны плацяць мне злом за дабро, і нянавісьцю — за маю любоў. Пастаў над ім бязбожніка, і шатан хай стаіць праваруч яго. Калі ён будзе судзімы, хай ён выйдзе вінаватым, і малітва ягоная хай стане (яму) у грэх. Хай дні (жыцьця) ягонага будуць нямногія. Хай уладу ягоную возьме другі. Хай сыны ягоныя стануцца сіротамі, і жонка ягоная — удавой. Хай бадзяюцца сыны ягоныя і жабруюць, хай яны шукаюць нядаедкаў з трушчобаў сваіх. Хай крэдытар забярэ ў яго ўсё, што ён мае, хай чужынцы разрабуюць плён працы ягонай. Хай ня будзе нікога, хто аказаў бы яму міласэрнасьць, хай ня будзе нікога, хто спагадаў бы ягоным сіротам. Хай нашчадкі ягоныя будуць адсечаны. У наступным пакаленьні хай імя іхнае будзе сьцёрта. Хай будзе ўспомнена перад Яговай ганебнасьць ба́цькаў ягоных, і хай ня будзе сьцёрты грэх маткі ягонай. Хай яны (грахоўнасьці іхныя) будуць заўсёды перад Яговай, хай Ён адсячэ ад зямлі памяць пра іх (нашчадкаў), за тое, што ён ня думаў чыніць міласэрнасьць, але перасьледаваў чалавека, які быў бедны, убогі і са зламаным сэрцам, каб умярцьвіць яго. І ён узьлюбіў пракляцьце, дык хай яно прыйдзе на яго. І як ён ня любіў багаславеньне, так хай яно будзе далёка ад яго. І ён апрануўся пракляцьцем, быццам ягонай адзежай, дык хай яно (пракляцьце) пранікне ў нутро ягонае, як вада, і ў косткі ягоныя, як алей. Хай яно будзе яму, як адзеньне, у якое ён апранаецца, і як пояс, якім ён заўсёды падпярэзваецца. Хай гэта будзе платай з боку Яговы маім няпрыяцелям і тым, якія прамаўляюць благое супраць душы маёй. Але Ты, Ягова, мой Госпад, абыйдзіся са мною дзеля Імені Твайго. Паколькі міласэрнасьць Твая ёсьць добрая, выратуй мяне, бо я ёсьць няшчасны і ўбогі, і сэрца маё зранена ўнутры мяне. Я брыду, быццам цень, які доўжыцца (пры заходзе). Мяне страсаюць, як саранчу (з расьліны). Калені мае ад посту хістаюцца, і цела маё схуднела (і змарнела). І я зрабіўся для іх пасьмешышчам. Калі яны на мяне глядзяць, дык яны ківаюць галовамі сваімі. Памажы мне, Ягова, Бог мой! Уратуй мяне паводля міласэрнасьці Тваёй, каб яны ведалі, што ў гэтым ёсьць Твая Рука, што Ты, Ягова, гэта зрабіў. Хай яны праклінаюць, але Ты багаслаўляй. Калі яны паўстаюць, дык хай яны будуць пасаромленыя, а слуга Твой хай радуецца. Хай праціўнікі мае будуць апрануты ў ганьбу, і хай яны будуць ату́лены сорамам сваім, як вопраткай. Я буду моцна вызнаваць славу Ягове маімі вуснамі і сярод мноства славіць Яго, бо Ён стаіць праваруч таго, хто ў бядзе, каб ратаваць яго ад тых, якія судзяць ягоную душу́.
Давідавы. Псальм. Сказаў Ягова Госпаду майму: «Сядзі праваруч Мяне, пакуль Я пакладу ворагаў Тваіх у падножжа Стопаў Тваіх. Жазло магутнасьці Тваёй пашле Ягова зь Сыёну. Валада́ры сярод ворагаў Тваіх! Народ Твой у дзень магутнасьці ўлады Тваёй поўны адданасьці (Табе) і духовых высілкаў. У зьзяньні Сьвятасьці, з улоньня досьвітку — Табе раса юнацтва Твайго». Ягова прысягнуў, і Ён ня раскаецца: «Ты Сьвятар навекі па ўзору Мэлхісэдэкаваму». Мой Госпад ёсьць праваруч Цябе. Ён трушчыць каралёў у дзень Ягонага гневу. Ён будзе судзіць сярод паганаў. Ён напоўніць трупамі. Ён раструшчыць галаву над зямлёй вялікай. Ён у дарозе нап’ецца з патоку. Затым Ён падніме галаву.
Хваліце Ягову! Я буду вызнаваць хвалу Ягове ўсім сэрцам у радзе праведных і ў сходзе. Учынкі Яговы ёсьць вялікія, яны вартыя досьледу ўсімі, каму яны даспадобы. Дзея Ягоная ёсьць Бляск і Пашана! Справядлівасьць Ягоная трывае навекі. Цуды Свае Ён зрабіў нязабыўнымі. Ягова ёсьць міласэрны і спагадлівы. Ён даў ежу тым, хто баіцца Яго. Ён будзе помніць вечна Свой Запавет. Сілу Дзеяў Сваіх Ён паказаў народу Свайму, каб даць ім спадак паганаў. Справы Рук Ягоных ёсьць Праўда і Суд. Усе Прыказаньні Ягоныя ёсьць верныя, умацаваныя на вякі вечныя, (яны) зроблены ў Праўдзе і Простасьці. Ён паслаў збаўленьне народу Свайму, Ён наказаў навечна Запавет Свой. Сьвятое і багавейнае да страху ёсьць Імя Ягонае. Страх перад Яговай ёсьць пачатак мудрасьці, добры розум маюць усе, хто выконвае (Прыказаньні Ягоныя). Хвала Ягоная трывае навекі.
Хваліце вы Ягову! Шчасьлівы чалавек, які баіцца Ягову, (і) шчыра любіць Прыказаньні Ягоныя. Магутным будзе насеньне ягонае на зямлі. Род праведных будзе багаславёны. Дастатак і багацьце ў доме ягоным. Справядлівасьць ягоная трывае вечна. У цемры ўзыходзіць сьвятло справядлівым. (Ён ёсьць) міласэрны і спагадлівы, і справядлівы. Добры чалавек ёсьць міласэрны і пазычае, ён вядзе справы свае разважліва, дык у вечнасьці ён ня пахісьнецца. У вечнай памяці будзе справядлівы. Ён ня будзе баяцца ліхой чуткі. Цьвёрдае сэрца ягонае. Яно давярае Ягове. Умацаванае сэрца ягонае. Ён ня будзе баяцца, пакуль ён будзе бачыць ворагаў сваіх. Ён рассыпаў, Ён раздаў тым, хто ў галечы. Справядлівасьць Ягоная трывае вечна. Рог Ягоны будзе ўзьнесены ў славе. Бязбожнік гэта ўбачыць і раззлуецца, ён будзе скрыгатаць зубамі сваімі і зьнікне. Жаданьне бязбожнікаў загіне.
Хваліце вы Ягову! Хваліце (вы), слугі Яговы, хваліце Імя Яговы. Хай будзе багаславёна Імя Яговы ад цяпер і на векі вякоў. Ад усходу сонца да захаду ягонага хай будзе праслаўлена Імя Яговы. Высока над усімі народамі ёсьць Ягова, над нябёсамі Слава Ягоная. Хто ёсьць як Ягова, Бог наш, Які валадарыць у вышынí, Які сьхіляецца, каб агледзіць неба і зямлю, што з пылу падыймае ўбогага, узвышае з гною таго, хто ў вялікай патрэбе, каб пасадзіць яго з князямі, з князямі Ягонага народу, Які няплодную ўсяляе ў дом, як радасную матку сыноў. Хваліце вы Ягову!
Калі выйшаў Ізраэль зь Ягіпту, дом Якубавы з народу чужой мовы, тады быў Юда Ягоным Сьвяцілішчам, Ізраэль — валоданьнем Ягоным. Мора ўбачыла гэта і ўцякло. Ярдан павярнуўся назад. Горы скакалі, як бараны, узгоркі, як ягняты. Што табе, мора, што ты ўцякаеш, Ярдане, што ты варочаешся назад, горы, што ска́чаце, як бараны, узгоркі, як ягняты? Трымці, зямля, перад Абліччам Госпада, перад Абліччам Бога Якубавага, Які ператварае скалу ў возера вады, крэмень — у крыніцу вады.
Ня нам, Ягова, ня нам, але Імю Твайму дай Ты Славу, дзеля Міласэрнасьці Тваёй, дзеля Праўды Тваёй! Чаму паганам казаць: «Дзе Бог іхны цяпер?» Але Бог наш — у нябёсах. Усё, што Ён жадае, Ён робіць. Іхныя бажкі ёсьць срэбра і золата, творы рук чалавечых. Яны маюць вусны, але ня гавораць. Яны маюць вочы, але ня бачаць. Яны маюць вушы, але ня чуюць. Яны маюць нос, але ня маюць нюху. Яны маюць рукі, але ня могуць абма́цаць. Яны маюць ногі, але ня могуць хадзіць. І горлам сваім яны ня даюць ніякага гуку. Хай будуць падобнымі да іх тыя, хто іх робіць, (і) усе, хто на іх спадзяецца. Ізраэлю, ты спадзявайся на Ягову! Ён ёсьць іхная дапамога і іхны шчыт. Дом Агарона, Ты спадзявайся на Ягову! Ён ёсьць іхная дапамога і іхны шчыт. Вы, што баіцеся Яговы, спадзявайцеся на Ягову! Ён ёсьць іхная дапамога і іхны шчыт. Ягова помніць нас. Ён будзе багаслаўляць, багаслаўляць дом Ізраэля, багаслаўляць дом Агарона. Ён будзе багаслаўляць тых, што баяцца Ягову, малых разам зь вялікімі. Хай дадасьць вам Ягова, вам і дзецям вашым. Багаславёныя вы Яговай, Які стварыў нябёсы і зямлю. Нябёсы ёсьць нябёсы Яговы, а зямлю Ён аддаў сынам чалавечым. Ня мёртвыя славяць Ягову ані ўсе тыя, што сыходзяць у маўчаньне сьмерці. Але мы будзем багаслаўляць Ягову ад сёньня і ў вякі вякоў. Хваліце вы Ягову!
Я люблю (Ягову), бо Ягова пачуў голас мой, маленьні мае, бо Ён нахіліў Вуха Сваё да мяне. Дык буду прыклікаць Яго ўва ўсе мае дні. Путы сьмерці абхапілі мяне, і мукі пякельныя знайшлі мяне. Я знайшоў гора і бяду. Але я прыклікаў Імя Яговы: «О, Ягова, дай душы маёй уцячы!» Багадатны ёсьць Ягова і Праведны, і Бог наш спачувальны. Ягова ёсьць Ахоўнік прастадушных. Я быў зьнямагаючым, але Ён выратаваў мяне. Вярніся, душа мая, у спакой твой, бо Ягова зрабіў табе добрае. Бо Ты вызваліў душу маю ад сьмерці, вочы мае — ад сьлёзаў, нагу маю — ад спатыканьня. Я буду хадзіць перад Абліччам Яговы ў землях жывых. Я веру, таму я гавару: «Я ёсьць вельмі прыніжаны». Я сказаў у пасьпешлівасьці маёй: «Усе людзі ілгуць». Як я аддзячу Ягове за ўсе Ягоныя дабрадзеі да мяне? Я ўзьніму келіх збаўленьня, і я прыклічу Імя Яговы. Абяцаньні мае я аддам Ягове перад усім народам Ягоным. Дарагая ёсьць у Вачах Яговы сьмерць Ягоных сьвятых. О Ягова! я слуга Твой. Я слуга Твой, сын Тваёй служанкі. Ты разамкнуў мае кайданы. Я ахвярую Табе ахвяру ўдзячнасьці, і прыклікаю Імя Яговы. Абяцаньні мае я аддам Ягове перад усім народам Ягоным, у панадворках Дому Яговы, сярод цябе, Ярузаліме. Хваліце вы Ягову!
Хваліце вы Ягову ўсе пагане! хваліце Яго ўсе народы; бо ўладарная над намі ёсьць Ягоная Міласэрнасьць, і Праўда Яговы трывае вечна. Хваліце вы Ягову!
Дзякуйце Ягове, бо (Ён ёсьць) добры, бо Міласэрнасьць Ягоная трывае на ве́кі. Хай сёньня скажа Ізраэль, што Ягоная Міласэрнасьць трывае на ве́кі. Хай сёньня скажа дом Агарона, што Міласэрнасьць Ягоная трывае на ве́кі. Хай скажуць сёньня, хто баіцца Яговы, што Міласэрнасьць Ягоная трывае на ве́кі. З уціску паклікаў я Ягову, прасторам адказаў мне Ягова. Ягова за мяне; я ня буду баяцца. Што зробіць мне чалавек? Ягова за мяне сярод памагаючых мне. І я ўбачу (пагíбель) нянавідзячых мяне. Лепш знайсьці прытулак у Яговы, чым спадзявацца на людзей. Лепш знайсьці прытулак у Яговы, чым спадзявацца на князёў. Усе пагане акружылі мяне, але Імем Яговы я адсек іх (ад мяне). Яны абступілі мяне, сапраўды, акружылі мяне, але Імем Яговы я адсек іх (ад мяне). Яны абселі мяне, як пчолы (соты), і згасьлі яны, як агонь у церне. Але Імем Яговы я адсек іх (ад мяне). Моцна штурхну́лі мяне, каб я паваліўся. Але Ягова дапамог мне. Ягова ёсьць сіла мая і песьня мая. І Ён стаўся мне выратава́ньнем. Голас радасьці і выратаваньня ў палатках праведнікаў: Правіца Яговы робіць мужную і верную прыхільнасьць. Правіца Яговы ўзвышана; Правіца Яговы робіць мужную і верную прыхільнасьць. Я ня памру, але буду жыць і распавядаць пра Дзеі Яговы. Моцна пакараў мяне Ягова, але сьмерці Ён мяне ня аддаў. Адчыніце мне Брамы Праведнасьці: я ўвайду праз іх, вызнаю хвалу Ягове. Гэта ёсьць Брама Яговы: праведнікі ўвойдуць празь яе. Я буду выхваляць Цябе, бо Ты выслухаў мяне і стаўся паратункам маім. Камень, Які адкінулі будаўнічыя, Ён стаўся Галавою вугла. Ад Яговы сталася гэта, (і) гэта дзіўна ў вачах нашых. Гэта ёсьць дзень, які ўчыніў Ягова. Давайце будзем радавацца і весяліцца ў ім. О Ягова, ратуй сёньня! О Ягова, сёньня пашчасьці! (Хай будзе) багаславёны Той, Хто ідзе ў Імя Яговы. Багаслаўляем вас з Дому Яговы. Ягова ёсьць Бог, і Ён даў нам Сьвятло. Вяжыце сьвяточную ахвяру вяроўкамі да рагоў ахвярніка. Ты мой Бог, і я буду Цябе славіць. Божа мой, я буду Цябе ўзвышаць. Хваліце вы Ягову, бо (Ён ёсьць) добры. Бо Міласэрнасьць Ягоная (трывае) вечна.
Шчасьлівыя тыя, што шлях у іх бяззаганны, якія ходзяць у Законе Яговы! Шчасьлівыя тыя, што пільнуюцца Сьведчаньняў Ягоных, якія шукаюць Яго ўсім сэрцам. Якія ня робяць нясправядлівасьці. Яны ходзяць Ягонымі шляхамі. Ты загадаў, каб Прыказаньняў Тваіх моцна трымаліся. О, каб жа дарогі мае былі ськіраваныя захоўваць Уставы Твае! Тады я ня асаромлюся, калі (я) буду зважаць на ўсе Твае Прыказаньні. Я буду славіць Цябе ў шчырасьці сэрца, калі я навучуся Судам Тваёй Справядлівасьці. Пастановы Твае я буду захоўваць. Ня пакінь мяне зусім! Чым юнак захавае чыстай сьцежку сваю? Тым, што ён беражэ (сябе) паводля Слова Твайго. Усім сэрцам маім шукаю я Цябе. Ня дай мне адхіліцца ад Прыказаньняў Тваіх! У сэрцы маім я захаваў Слова Тваё, каб ня грашыць супраць Цябе. Багаславёны Ты, Ягова. Навучы мяне Статутаў Тваіх! Вуснамі маімі я абвяшчаю ўсе суды Вуснаў Тваіх. На шляху Тваіх Сьведчаньняў я радуюся, як з усякага багацьця. Я буду разважаць аб Прыказаньнях Тваіх, я буду назіраць Шляхі Твае. Я маю асалоду ў Статутах Тваіх. Я ня забуду Слова Тваё. Акажы Міласэрнасьць слузе Твайму, я буду жыць і трымацца Слова Твайго. Расплюшчы вочы мае, і я ўбачу Цудоўнае ў Законе Тваім. Я прыхадзень на зямлі. Ня хавай ад мяне Прыказаньні Твае. Зьнямаглася душа мая ад жаданьня Судоў Тваіх усякі час. Ты пагразіў пыхлівым, праклятым, якія ўхіляюцца ад Загадаў Тваіх. Аддалí ад мяне ганьбу і пагарду, бо я захаваў Сьведчаньні Твае. Нават князі сядзяць і згаворваюцца супраць мяне, а слуга Твой разважае аб Статутах Тваіх. Таксама Сьведчаньні Твае ёсьць суцяшэньне маё, мае дарадцы. Да пылу прыліпае душа мая, ажыві мяне паводля Слова Твайго. Я абвясьціў мае дарогі, і Ты выслухаў мяне. Навучы мяне Пастановам Тваім. Дай мне зразумець Шлях Загадаў Тваіх, і я буду разважаць пра Цудадзеі Твае. Душа мая сплывае ад журбы. Умацуй мяне паводля Слова Твайго. Дарогу маны адвярні ад мяне, і Закон Твой падару́й мне! Я выбраў дарогу вернасьці, Суды Твае паставіў перад сабою. Я прыляпіўся да Сьведчаньняў Тваіх, Ягова. Ня аддай мяне пасаромленьню. Я пабягу шляхам Прыказаньняў Тваіх, бо Ты пашыраеш сэрца маё. Навучы мяне, Ягова, шляху Пастановаў Тваіх, каб я яго захаваў да канца. Дай мне разуменьне, і я буду Закон Твой захоўваць, і я буду трымацца яго ўсім сэрцам. Дай мне хадзіць сьцежкай Загадаў Тваіх, бо ў гэтым уцеха мая. Нахіні сэрца маё да Сьведчаньняў Тваіх, а ня да карысьлівасьці. Адвярні мае вочы, каб ня ўзіраліся на марнасьць. Ажыві мяне на Шляху Тваім. Сьцьвердзі Слова Тваё слузе Твайму, што дадзена тым, хто баіцца Цябе. Ухілі (ад мяне) ганьбу маю, якой я баюся, бо Суды Твае ёсьць добрыя. Вось! я жадаю Загадаў Тваіх. Ажыві мяне ў Справядлівасьці Тваёй. І хай прыйдзе да мяне Міласэрнасьць Твая, Ягова, Выратаваньне Тваё паводля Слова Твайго, так я атрымаю слова ў адказ таму, хто ганьбіць мяне, бо я спадзяюся на Слова Тваё. І ня адбірай ад вуснаў маіх зусім Слова Праўды, бо я спадзяюся на Суды Твае. І я буду заўсёды трымацца Закону Твайго, на векі вечныя. І я буду хадзіць на прасторы, бо я шукаю Загадаў Тваіх. І я буду распавядаць пра Сьведчаньні Твае перад каралямі і ня пасаромлюся. Я маю (маё) задавальненьне ў Загадах Тваіх, якія я люблю, я ўздымаю рукі мае да Загадаў Тваіх, якія я люблю, і разважаю пра Пастановы Твае. Успомні слова да слугі Твайго, якім Ты даў мне надзею. Гэта суцяшэньне маё ў нягодзе маёй, бо Слова Тваё ажыўляе мяне. Пыхлівыя вельмі кпяць зь мяне, але я ня ўхіляюся ад Закону Твайго. Я ўспамінаю, Ягова, Суды Твае даўнія, і я суцяшаюся. Гнеў палючы агарнуў мяне на бязбожнікаў, якія пакідаюць Закон Твой. Песьнямі маімі сталіся Пастановы Твае ў доме падарожжа майго. Я памятаю ўначы Імя Тваё, Ягова, і я буду трымацца Закону Твайго. Гэта сталася мне: бо Загадаў Тваіх я пільнаваўся. Я сказаў: «доля мая, о Ягова, — Словы Твае захоўваць». Ад усяго сэрца маліўся я перад Абліччам Тваім: «будзь міласэрны Ты да мяне паводля Слова Твайго». Я разважаў аб шляхах маіх і павярнуў стопы мае да Сьведчаньняў Тваіх. Я сьпяшаўся і ня марудзіў трымацца Прыказаньняў Тваіх. Сеткі бязбожнікаў аблуталі мяне, (але) Закон Твой я ня забываю. Я ўстаю сярод ночы, каб дзякаваць Табе за Суды Тваёй Справядлівасьці. Я саўдзельнік усім, хто баіцца Цябе, і тым, хто Загадаў Тваіх трымаецца. Зямля поўная Міласэрнасьці Тваёй, Ягова. Навучы Ты мяне Ўставаў Тваіх. Ты зрабіў дабро слузе Свайму, Ягова, паводля Слова Твайго. Навучы Ты мяне добрай разважнасьці і веданьню, бо я Прыказаньням Тваім веру. Перш, чым я быў утаймаваны, я блукаўся. Але цяпер я трымаюся Слова Твайго. Ты Добры і робіш Дабро. Навучы Ты мяне Ўставаў Тваіх. Пыхліўцы брудзяць мяне ілжой. Але я ўсім сэрцам захоўваю Загады Твае. Абцяжонае тукам сэрца іхнае. (А) я захапляюся Законам Тваім. Гэта добра для мяне, што я стаўся ўтаймаваным, каб я вучыўся Ўставам Тваім. Закон Вуснаў Тваіх для мяне ёсьць лепш, чым тысячы золата і срэбра. Рукі Твае стварылі мяне і ўдасканалілі мяне. (Дык) дай розум мне, каб я вучыў Прыказаньні Твае. Тыя, што баяцца Цябе, убачаць мяне і ўзрадуюцца, бо я спадзяюся на Слова Тваё. Я ведаю, Ягова, што Суды Твае ёсьць Справядлівасьць, і (што) Ты мяне ў вернасьці ўтаймаваў. Хай жа Міласэрнасьць Твая будзе мне суцяшэньнем паводля Слова Твайго слузе Твайму! Міласьці Твае хай зыйдуць на мяне, каб я жыў, бо Закон Твой ёсьць асалода мая. Хай будуць пасаромлены пыхліўцы, якія лганством ганьбілі мяне, (але) я буду разважаць аб Загадах Тваіх. Няхай да мяне навернуцца тыя, што баяцца Цябе, і ведаюць Сьведчаньні Твае. Хай будзе сэрца маё бяззаганным паводля Ўставаў Тваіх, каб я ня быў асаромленым. Гібе́е душа мая па Збаўленьні Тваім. Я спадзяюся на Слова Тваё. Ту́жаць вочы мае па Слову Твайму ды пытаюцца: «Калі Ты суцешыш мяне?» Бо я стаўся, як мех скураны ў дыме, але Ўставаў Тваіх я ня забыўся. Колькі яшчэ дзён слузе Твайму? Калі Ты ўчыніш суд над маімі перасьле́днікамі? Пыхліўцы выкапалі мне ямы насуперак Закону Твайму. Усе Прыказаньні Твае ёсьць справядлівыя. А мяне перасьледуюць ілжой. Дапамажы мне! Яны ледзь ня загубілі мяне на зямлі; але я ня пакінуў Загадаў Тваіх. Ажывí мяне паводля Міласэрнасьці Тваёй, і я буду трымацца Сьведчаньня Вуснаў Тваіх! У вяках вякоў, о Ягова, цьвёрда стаіць Слова Тваё ў нябёсах. Ад пакаленьня да пакаленьня трывае Вернасьць Твая. Ты моцна заснаваў зямлю, і яна стаіць. Паводля Прысудаў Тваіх яны (зямля і нябёсы) стаяць сёньня, бо ўсе (яны) ёсьць слугі Твае. Калі б Закон Твой ня быў маімі суцяшэньнямі, дык я загінуў бы ў нядолі маёй. У вякі вякоў я ня забуду Загадаў Тваіх, бо імі Ты ажывіў мяне. Твой я. Ратуй мяне, бо я моцна імкнуўся да Загадаў Тваіх. Бязбожнікі пільнавалі мяне (у засадзе), каб зьнішчыць мяне. На Твае Сьведчаньні зважаю я. Я бачыў канец усякай дасканаласьці; (але) Прыказаньне Тваё вельмі шырокае. Як люблю я Закон Твой! Ён ёсьць мой роздум увесь дзень. Прыказаньні Твае робяць мяне мудрэйшым за ворагаў маіх, бо яны ёсьць вечна са мной. Я стаўся мудрэйшы за ўсіх настаўнікаў маіх, бо Сьведчаньні Твае ёсьць роздумам маім. Я маю больш разуменьня, чым старыя, бо я выконваю Загады Твае. Ад усякай благой сьцежкі я стрымліваю стопы мае, каб трымацца Слова Твайго. Ад Судоў Тваіх я ня ўхіляюся, бо Ты навучаеш мяне. Якое салодкае Слова Тваё майму паднябеньню, саладзейшае за мёд вуснам маім. Праз Прыказаньні Твае я атрымаў разуменьне. Таму я нянавіджу ўсякі шлях ілжы. Слова Тваё ёсьць сьве́тач для стапы маёй і сьвятло для сьцежкі маёй. Я прысягнуў і буду трымацца Судоў Справядлівасьці Тваёй. Я моцна прыгнечаны. О Ягова, ажыві мяне паводля Слова Твайго. Хай будуць Табе даспадобы, о Ягова, дабраахвотныя ахвяры вуснаў маіх! І Прысудам Тваім вучы Ты мяне. Душа мая ўсьцяж у (сьмяротнай) нябясьпецы, але Закон Твой я ня забываю. Бязбожнікі паставілі перада мной пастку, але я ня ўхіліўся ад Загадаў Тваіх. Сьведчаньні Твае ёсьць спадчына мая навечна; бо яны ёсьць радасьць сэрца майго. Я нахіляю сэрца маё, каб чыніць Пастановы Твае навек, да канца. Двудушных я нянавіджу, але Закон Твой я люблю. Ты ёсьць сховішча маё і шчыт мой. Я спадзяюся на Слова Тваё. Адхіліцеся ад мяне, ліхадзеі: я буду выконваць Прыказаньні Бога майго. Падтрымай Ты мяне паводля Слова Твайго, і я буду жыць. І ня дай мне быць асаромленым у надзеі маёй. Падтрымай мяне, і я буду ўратаваны. І я буду ўсьцяж удумвацца ў Пастановы Твае. Ты адпіхаеш усіх, хто блудна збочвае ад Пастановаў Тваіх, бо мудрагельства іхнае ёсьць ілжа. Як шлак Ты выкідаеш усіх бязбожнікаў зь зямлі. Таму я люблю Сьведчаньні Твае. Ад страху Твайго трымціць плоць мая, і Судоў Тваіх я баюся. Я чыніў суд і справядлівасьць. Ня аддай мяне маім уціскальнікам. Будзь парукаю за слугу Твайго на дабро. Ня дай пыхліўцам уціскаць мяне. Зьнямагаюць вочы мае выглядаючы паратунку Твайго і Слова Справядлівасьці Тваёй. Учыні са слугою Тваім паводля Міласэрнасьці Тваёй і навучы мяне Пастановам Тваім. Я слуга Твой. Дай мне разуменьне, каб я разумеў Твае Сьведчаньні. Настаў час для Яговы дзейнічаць: яны зьняважылі Закон Твой. А я люблю Прыказаньні Твае больш чым золата, і золата ачышчанае. Таму ўсе Загады (Твае) я лічу ўва ўсім правільнымі. Усякі шлях ілжы я нянавіджу. Цудоўныя Сьведчаньні Твае; таму трымаецца іх душа мая. Адкрыцьцё Слоў Тваіх асьвятляе, прастакам дае разуменьне. Я (шырока) раскрываю вусны мае і ўздыхаю, бо прагну па Прыказаньням Тваім. Абярніся да мяне і будзь да мяне міласэрным паводля Твайго звычаю да тых, хто любіць Імя Тваё. Стопы мае ўмацуй Ты ў Слове Тваім, і ня дай запанаваць нада мною ніякаму бяззаконьню. Збаў Ты мяне ад уціску людскога, і я буду пільнавацца Загадаў Тваіх. Асьвятлі Ты слугу Твайго Абліччам Тваім, і навучы мяне Пастановам Тваім. З вачэй маіх цякуць патокі сьлёзаў, бо яны (людзі) ня пільнуюцца Закону Твайго. Справядлівы Ты, о Ягова, і Суды Твае — справядлівыя. Сьведчаньні Твае Ты распавёў у Справядлівасьці і надзвычайнай Вернасьці. Зьядае мяне руплівасьць мая, бо ворагі мае забылі пра Слова Твае. Слова Тваё ёсьць надзвычай чыстае, і слуга Твой любіць яго. Я ёсьць малы і пагарджаны, але Загадаў Тваіх я ня забываюся. Праведнасьць Твая — Праведнасьць вечная, і Закон Твой — Праўда. Страх і ўціск знайшлі мяне. Прыказаньні Твае ёсьць суцяшэньні мае. Праўда Сьведчаньняў Тваіх — вечная. Дай мне разуменьне, і я буду жыць. Я гукаю ад усяго сэрца: «Адкажы мне, Ягова! я захаваю Пастановы Твае». Я гукаю да Цябе: «Ратуй мяне! я захаваю Сьведчаньні Твае». Я апярэджваю золак і моцна гукаю. Я спадзяюся на Слова Тваё. Вочы мае апярэджваюць (ранішнюю) старожу, каб заглыбляцца ў Слова Тваё. Пачуй голас мой паводля Міласэрнасьці Тваёй. О Ягова, ажыві мяне паводля Прысуду Твайго. Яны ёсьць блізка, тыя, якія шукаюць ліха. Ад Закону Твайго яны — далёкія. Блíзкі Ты, Ягова. І ўсе Прыказаньні Твае ёсьць Праўда. Здаўна́ я даведаўся пра Сьведчаньні Твае, што Ты іх угрунтаваў навечна. Глянь на нягоду маю і вызвалі мяне, бо я Закону Твайго ня забываўся. Заступіся за справу маю і збаў мяне. Ажыві мяне паводля Слова Твайго. Ад бязбожнікаў выратаваньне далёка, бо яны Ўставаў Тваіх ня шукаюць. Вялікія спачуваньні Твае, Ягова. Ажыві Ты мяне паводля Судоў Тваіх. Многа ў мяне перасьледвальнікаў і ворагаў маіх. Але ад Сьведчаньняў Тваіх я ня адступаюся. Я бачу здраднікаў і брыджуся імі, бо яны ня шануюць Слова Тваё. Глянь, Ягова: я люблю Загады Твае. Ажыві мяне паводля Тваёй Міласэрнасьці. Сутнасьць Слова Твайго ёсьць Праўда, і ўсякі Суд Тваёй Справядлівасьці трывае вечна. Князі перасьледуюць мяне бязь віны, але сэрца маё трымціць перад Словам Тваім. Я радуюся над Словам Тваім, як той, які знайшоў вялікі здабытак. Ілжу нянавіджу я і грэбую ёю. Але Закон Твой люблю. Сем разоў на дзень я слаўлю Цябе за Прысуды Справядлівасьці Тваёй. Вялікі мір тым, хто любіць Закон Твой, і для іх няма спатыкненьня. Я спадзяюся, Ягова, на выратаваньне Тваё, і Прыказаньні Твае я выконваю. Душа мая трымае Сьведчаньні Твае, і я люблю іх надзвычайна. Я захоўваю Загады Твае і Сьведчаньні Твае, бо ўсе мае шляхі — перад Табою. Дай майму моцнаму галашэньню даблізіцца да Аблічча Твайго, Ягова. Дай мне разуменьне Тваё паводля Слова Твайго. Хай прыйдзе маленьне маё прад Аблічча Тваё. Ратуй Ты мяне паводля Слова Твайго. Із вуснаў маіх пальлецца хвала, бо Ты вучыш мяне Пастановам Тваім. Язык мой будзе апяваць Слова Тваё, бо ўсе Загады Твае — Справядлівасьць. Хай будзе Рука Твая мне ў дапамогу, бо я выбраў Загады Твае. Я прагну, о Ягова, па выратаваньні Тваім. І Закон Твой ёсьць маім суцяшэньнем. Хай жыве душа мая, каб хваліць Цябе. І Суды Твае хай дапамогуць мне. Я заблудзіўся, як згубленая авечка. Шукай слугу Твайго, бо Прыказаньняў Тваіх я ня забыўся.
Песьня ўзыходжаньня. У бядзе маёй я гукаў да Яговы, і Ён адказаў мне. О Ягова, вызвалі душу маю ад вуснаў ілжы, ад языка хітраваньня. О, язык падсту́пны, што яшчэ можа быць да́дзена альбо даба́ўлена да цябе? Хíба што вострыя стрэлы волата разам з палаючым вугольлем ядлоўца. Гора мне, што я прабываю ў Мешэху, што я жыву каля буданоў кідарскіх! Лíшне доўга жыла душа мая каля тых, якія нянавідзяць мір. Я — мір, але як я загавару, яны — за вайну.
Песьня ўзыходжаньня. Я падымаю вочы мае да гораў. Адкуль прыйдзе мая дапамога? Мая дапамога ёсьць ад Яговы, Які стварыў нябёсы і зямлю. Ён ня дасьць, каб пакаўзнулася ступня твая. Ня дрэмле Той, Хто вартуе цябе. Вось! ня дрэмле і ня сьпіць Той, Хто вартуе Ізраэля. Ягова ёсьць твой Вартаўнік. Ягова ёсьць Шата твая праваруч цябе. Каб днём ня паразíла цябе сонца, ні месяц уночы. Ягова аслоніць цябе ад усякага ліха, аслоніць душу тваю. Ягова аслоніць твой выхад і твой уваход ад сёньня і ў вякі вякоў.
Песьня ўзыходжаньня. Давідава. Узра́даваўся я, калі яны мне сказалі: «Хадзе́м да Дому Яговы». Стопы нашыя стаяць у брамах тваіх, Ярузаліме. Ярузалім, ты збудаваны, як места зьлітнае ўадзіна, куды ўзыходзяць калены, калены Яговы, як сьведчаньне для Ізраэля, каб вызнаць славу Імені Яговы. Бо туды разьмешчаны пасады для суду, пасады дому Давідавага. Прасіце мíру Ярузалíму! Хай будуць у дабрадзенстве тыя, што любяць цябе. Хай будзе мір у мурох тваіх, (няпахíснае) дабрадзенства ў палацах тваіх. Дзеля братоў маіх і блізкіх маіх я кажу табе: «Хай будзе мір у табе». Дзеля Дому Яговы, Бога нашага, я буду шукаць табе дабра.
Песьня ўзыходжаньня. Я ўзьнімаю вочы мае да Цябе, Ты, Які жывеш у Нябёсах. Вось, як вочы слугаў на руку́ іхных паноў, як вочы служанкі на руку́ гаспадыні ейнай, так вочы нашыя (накіраваны) на Ягову, Бога нашага, пакуль Ён зьлітуецца з нас. Зьлітуйся над намі, Ягова! зьлітуйся над намі, бо вельмі мы насычаны зьнявагай. Вельмі насычана душа наша насьмешкай самаўпэўненых, зьнявагай ганарліўцаў.
Песьня ўзыходжаньня. Давідава. Калі б Ягова ня быў за нас, — хай скажа Ізраэль, — калі б Ягова ня быў за нас, калі людзі паўсталі супраць нас, тады яны праглынулі бы нас жывымі, як узгарэлася іхная лютасьць супраць нас; тады воды патапілі б нас; тады паток прайшоў бы над душою нашаю, тады прайшлі бы над душою нашаю воды бурлівыя. Хай будзе багаславёны Ягова, Які ня аддаў нас іхным зубам, як здабычу. Душа наша ўцякла, як птушка, з сіла́ птушкаловаў. Сіло — парвана, і мы ўцяклі! Успамога нашая ў Імені Яговы, Які стварыў Нябёсы і зямлю.
Песьня ўзыходжаньня. Тыя, што спадзяюцца на Ягову, яны ёсьць як гара Сыён, якая ня захістаецца, стаяцьме вечна. Ярузалім, горы вакол яго, і Ягова — вакол народу Ягонага ад сяньня ў вякі вякоў, бо ня будзе трываць бэрла бязбожнікаў над доляй праведнікаў, каб праведнікі ня працягнулі рук сваіх да бяззаконьня. Рабі добрае, Ягова, добрым, і тым, якія шчырыя ў сэрцы сваім. Але тых, якія збочваюць на крывыя шляхі свае, хай выганіць Ягова разам зь ліхадзеямі. Мір на Ізраэлю!
Песьня ўзыходжаньня. Калі Ягова вяртаў палонных Сыёну, мы былі як у сьне. Тады рот наш быў поўны радасьці, а язык наш — поўны ўрачыстага сьпеву. Тады казалі між паганамі: «Ягова ўчыніў ім вялікае». Вялікае ўчыніў Ягова з намі: сталіся мы радаснымі! Вярні, Ягова, нашых палонных, як патокі ў зямлі Нэгэў! Хто сее са сьлязьмі, будзе пажынаць з урачыстай радасьцю. Ідзе плачучы, ён нясе насеньне для сяўбы. (Але) вяртаецца з урачыстай радасьцю, ён нясе снапы свае.
Песьня ўзыходжаньня. Салямона. Калі Ягова ня будуе дом, марна працуюць будаўнічыя. Калі Ягова ня вартуе места, марна чувае варта. Дарэмна для вас, што вы рана ўстаеце, позна праседжваеце, і ясьце хлеб натужнай працы. Тады, як любаснаму Свайму дае Ён сон. Вось сыны ёсьць спадчына ад Яговы. Узнагарода — плод чэрава. Быццам стрэлы ў руцэ дужога, так сыны маладыя. Шчасьлівы чалавек, які напоўніў імі свой сагайдак! Яны ня будуць асаромлены, калі яны будуць гаварыць з ворагамі ў браме.
Песьня ўзыходжаньня. Шчасьлівы ўсякі, хто баіцца Яговы, хто ходзіць па Ягоных шляхох! Калі ты будзеш есьці працу рук тваіх, шчасьлівы ты і добра табе. Жонка твая, як плодная вінаградная лаза, у доме тваім, сыны твае, як аліўкавыя галіны, вакол стала твайго. Вось, так багаславёны чалавек, які баіцца Яговы. Будзе багаслаўляць цябе Ягова зь Сыёну. І будзеш бачыць дабро Ярузаліму ва ўсе дні жыцьця твайго! І глядзі на сыноў тваіх сыноў! Мір на Ізраэля!
Песьня ўзыходжаньня. Яны шмат уціскалі мяне ад юнацтва майго, хай скажа Ізраэль. Яны шмат уціскалі мяне ад юнацтва майго. Але яны мяне ня перамаглі. На хрыбце маім аралі аратыя, яны праклалі доўгія барозны свае. Але Ягова справядлівы. Ён расьсек вяроўкі бязбожнікаў. Хай будуць пасаромлены і павернены наўцёкі ўсе, якія нянавідзяць Сыён! Няхай яны будуць, як трава на дахах дамоў, якая высыхае раней, чым яе вырвуць, якой жнец ня напаўняе рукí сваёй, і вязальнік снапоў (ня напаўняе) лано сваё; і праходзячыя міма хай ня скажуць: «Багаславеньне Яговы хай будзе над вамі, (і хай ня скажуць) мы багаслаўляем вас Імем Яговы».
Песьня ўзыходжаньня. З глыбіняў я гукаю Цябе, о Ягова. Мой Госпад! пачуй голас мой! Няхай Вушы Твае будуць уважлівымі да голасу маленьня майго. Калі Ты, о Ягова, мой Госпад, будзеш па́мятаць грахі, хто выстаіць? Але ў Цябе дараваньне, каб баяліся Цябе. Я спадзяюся на Ягову. Спадзяецца душа мая. І я чакаю на Слова Ягонае. Душа мая чакае на майго Госпада больш, чым вартаўнікі ра́ніцу, (больш чым) вартаўнікі ра́ніцу. Хай Ізраэль спадзяецца на Ягову, бо ў Яговы — міласэрнасьць, і шчодрасьць збаўленьня ў Яго. І Ён збавіць Ізраэль ад усіх бяззаконьняў ягоных.
Песьня ўзыходжаньня. Давідава. О, Ягова! ня надымаецца сэрца маё, і ня ўзносяцца вочы мае. І ня ганяюся я за вялікім і за дзівосным (і нядасяжным) для мяне. Ці ня ўтаймоўваў я і ня ўсьміраў душу маю? Як дзіця аднятае ад пелькаў маці сваёй, як дзіця аднятае ад пелькаў, так душа мая ўва мне. Спадзявайся, Ізраэлю, на Ягову ад сяньня і на векі вякоў.
Песьня ўзыходжаньня. О, Ягова! Спамяні Давіда (і) усе ягоныя гароты, як ён прысягаў (Табе) Ягова, даваў абяцаньне Магутнаму Якубаваму: «(Я прысягаю, што) ня ўвайду ў палатку дому майго, (я прысягаю, што) ня ўзыйду на ложак пасьцелі маёй, (я прысягаю, што) ня дам сну вачам маім і павекам маім дрымоты, пакуль ня знайду мейсца для Яговы, сялібу для Магутнага Якубавага!» Вось, мы чулі пра яго ў Яхраце, мы знайшлі яго ў палях Яару. Хадзем у сялібу Ягоную, паклонімся падножжу Ног Ягоных! Устань, о Ягова, да мейсца супачынку Твайго, Ты і Каўчэг магутнасьці Тваёй. Хай сьвятары Твае апрануцца ў справядлівасьць, і сьвятыя Твае хай радуюцца. Дзеля Давіда, служкі Твайго, ня грэбуй тварам памазанца Твайго. Прысягнуў Ягова Давіду ў праўдзе; Ён ня адвернецца ад яе: «Ад плоду чэрава твайго Я пасаджу на пасад твой. Калі сыны твае захаваюць Запавет Мой і Сьведчаньні Мае, якім Я іх навучу: дык і іхныя сыны вечна сядзецьмуць на троне тваім», — бо Ягова выбраў Сыён і пажадаў яго Сабе на сялібу: «Гэта ёсьць мейсца Майго супакою навечна. Тут Я буду жыць, бо Я яго ўпадабаў. Я буду шчодра багаслаўляць ежу ягоную, убогіх ягоных накармлю хлебам. Сьвятароў ягоных Я апрану ў выратаваньне, і сьвятыя ягоныя будуць радавацца, ды ўрачыста радавацца. Там Я ўзрашчу рог Давіду, (і) Я прыгатую сьветач Памазанцу Майму. Ворагаў ягоных Я апрану ў сорам, а на ім будзе зьзяць карона ягоная».
Песьня ўзыходжаньня. Давідава. Гля! як добра і як прыемна, калі браты жыць разам, ды яшчэ і ў адзінстве. (Гэта) быццам каштоўны алей на галаве, які сьцякае на бараду, бараду Агаронавую, які сьцякае на край шаты ягонавай, як раса Гэрмону, якая спадае на горы Сыёну, бо там Ягова наказаў багаславеньне, жыцьцё на векі вякоў.
Песьня ўзыходжаньня. Гля! багаславіце Ягову ўсе слугі Яговы, (вы), якія стаіце начамі ў Доме Яговы. Уздыміце рукі вашыя да Сьвятыні і слаўце Ягову. Багаславіць цябе зь Сыёну, Ягова, Які стварыў нябёсы і зямлю.
Хваліце — вы Ягову. Хваліце — вы Імя Яговы. Хваліце — вы, служкі Яговы, вы, што стаіце ў Доме Яговы, у панадворках Дому Бога нашага. Хваліце — вы Ягову, бо Ягова ёсьць добры. Сьпявайце хвалу (і грайце) Ягонаму Імю, бо Яно ёсьць прыемнае; бо Ягова выбраў Сабе Якуба, Ізраэля на ўласнасьць Сваю. Бо я ведаю, што Ягова ёсьць вялікі, і наш Валадар (ёсьць) вышэй за ўсіх (ілжэ) багоў. Усё, што Ягове даспадобы, Ён робіць, на нябёсах і на зямлі, у морах і ва ўсіх глыбінях. Ён ўзьнімае аблокі ад краю зямлі, Ён робіць маланкі і дажджы, Ён выводзіць вецер са скарбніцаў Сваіх. Ён перабіў першародных Ягіпту, ад чалавека да жывёлы, паслаў Знакі і Цуды сярод цябе, Ягіпце, супраць хвараону і ўсіх ягоных служак, Ён перабіў многіх паганаў і вынішчыў каралёў моцных, Сігона, караля амарэяў, і Ога, караля Башану, і (перабіў) усе каралеўствы Канаану, а зямлю іхную аддаў на спадак, на спадак Ізраэлю, народу Свайму. Ягова, Імя Тваё ў вяках вякоў, Ягова, памяць пра Цябе з роду ў род, бо Ягова будзе судзіць народ Свой, і над служкамі Сваімі Ён будзе мець міласэрнасьць. Балваны паганаў ёсьць срэбра і золата, творы рук чалавечых. Яны маюць рот, але ня гавораць, яны маюць вочы, але ня бачаць, яны маюць вушы, але ня чуюць. І няма дыханьня ў роце іхным. Падобнымі да іх ёсьць тыя, якія іх робяць, і кожны, хто спадзяецца на іх. Доме Ізраэляў, багаслаўляйце Ягову! Доме Агарона, багаслаўляйце Ягову! Доме Ле́вія, багаслаўляйце Ягову! Вы, якія баіцеся Ягову, багаслаўляйце Ягову! Хай будзе багаславёны Ягова зь Сіёну, Які жыве ў Ярузаліме. Хваліце — вы Ягову!
Дзякуйце Ягове, бо (Ён) ёсьць добры, бо Ягоная Міласэрнасьць (трывае) у вяках вякоў. Дзякуйце Богу багоў, бо Ягоная Міласэрнасьць (трывае) у вяках вякоў. Дзякуйце Госпаду валадароў, бо Ягоная Міласэрнасьць (трывае) у вяках вякоў. Таму, Які робіць вялікія Цуды, Ён адзін, бо Ягоная Міласэрнасьць (трывае) у вяках вякоў. Таму, Які нябёсы стварыў Мудрасьцю, бо Міласэрнасьць Ягоная (трывае) у вяках вякоў. Які прасьцягнуў зямлю над водамі, бо Ягоная Міласэрнасьць (трывае) у вяках вякоў, Таму, Які стварыў сьвяцілы вялікія, бо Міласэрнасьць Ягоная (трывае) у вяках вякоў, сонца для кіраваньня днём, бо Міласэрнасьць Ягоная (трывае) у вяках вякоў, месяц і зоркі для кіраваньня ноччу, бо Міласэрнасьць Ягоная (трывае) у вяках вякоў, Таму, Які нанёс сьмертаносны ўдар Ягіпту праз сьмерць (усяго) ягонага першароднага, бо Міласэрнасьць Ягоная (трывае) у вяках вякоў, і вывеў Ізраэля зь ягонага (Ягіпту) асяродзьдзя, бо Міласэрнасьць Ягоная (трывае) у вяках вякоў, Далоньню магутнай і працягнутай Рукой, бо Міласэрнасьць Ягоная (трывае) у вяках вякоў, Таму, Які Чырвонае мора расьсек на (дзьве) часткі, бо Міласэрнасьць Ягоная (трывае) у вяках вякоў, і правёў Ізраэля пасярод яго, бо Міласэрнасьць Ягоная (трывае) у вяках вякоў, і хвараона і ягонае войска ськінуў у мора Чырвонае, бо Міласэрнасьць Ягоная (трывае) у вяках вякоў, Таму, Які народ Свой правёў праз пустэльню, бо Міласэрнасьць Ягоная (трывае) у вяках вякоў. Таму, Які пабіў вялікіх каралёў, бо Міласэрнасьць Ягоная (трывае) у вяках вякоў, і пазабіваў знакамітых каралёў, бо Міласэрнасьць Ягоная (трывае) у вяках вякоў, Сігона, караля амарэяў, бо Міласэрнасьць Ягоная (трывае) у вяках вякоў, і Ога, караля Башану, бо Міласэрнасьць Ягоная (трывае) у вяках вякоў, і зямлю іхную аддаў на спадак, бо Міласэрнасьць Ягоная (трывае) у вяках вякоў, на спадак Свайму слузе Ізраэлю, бо Міласэрнасьць Ягоная (трывае) у вяках вякоў, Які ўспомніў пра нас у паніжэньні нашым, бо Міласэрнасьць Ягоная (трывае) у вяках вякоў, і Ён выратаваў нас ад ворагаў нашых, бо Міласэрнасьць Ягоная (трывае) у вяках вякоў, Які дае ежу ўсякаму целу, бо Міласэрнасьць Ягоная (трывае) у вяках вякоў, дзякуйце Богу нябёсаў, бо Міласэрнасьць Ягоная (трывае) у вяках вякоў.
Каля рэкаў Бабілёну, там сядзелі мы і плакалі, калі мы ўспаміналі пра Сыён. На вербах пасярод яго мы павесілі нашыя гарпы, бо там тыя, якія ўзялі нас у палон, патрабавалі ад нас словаў песьні, і тыя, што насьмяхаліся над намі — радасьці: «Сьпявайце нам адну зь песень Сыёну!» Як мы будзем пяяць песьню Яговы на чужой зямлі? Калі я забуду цябе, о Ярузаліме, хай забудзе (мяне) правіца мая. Хай прыліпне язык мой да паднябеньня майго, калі я ня буду помніць цябе, калі я ня пастаўлю Ярузалім вышэй за найвышэйшую радасьць маю. О Ягова, прыпомні сыном Ядому дзень Ярузаліму, якія (тады) казалі: «Разбурайце (яго), разбурайце (яго) аж да ягонага падмурку!» О дачка Бабілёну, якая мае быць разбуранай. Шчасьлівы ёсьць той, які адплачвае табе тваю дзею, якую ты ўчыніла нам! Шчасьлівы ёсьць той, хто дзяцей тваіх схопіць і размажджэрыць іх аб скалу!
Давідавы. Усім маім сэрцам я буду славіць Цябе. Я буду пець Табе і граць перад багамі. Я пакланюся ніцма перад Сьвятасьцю Сьвятыні Тваёй і падзякую Імені Твайму дзеля Тваёй Міласэрнасьці і Тваёй Праўды, бо Слова Тваё Ты ўзвысіў над усякае Імя Тваё. У дзень, калі я клікаў, Ты адказаў мне. І Ты мяне падбадзёрыў: у душы маёй ёсьць сіла. Усе каралі зямлі будуць дзякаваць Табе, о Ягова, калі яны пачуюць Словы Вуснаў Тваіх. І яны будуць апяваць шляхі Яговы, бо вялікая Слава Яговы, бо Ягова ёсьць ве́лічны, і Ён бачыць паніжанага, і пыхлівага Ён пазнае здаля. Калі я пайду пад уціскам, Ты ажывіш мяне. Ты працягнеш Руку Тваю супраць ярасьці ворагаў маіх, і Правіца Твая ўратуе мяне. Ягова зробіць (гэта) за мяне. Ягова, Міласэрнасьць Твая (трывае) у вяках вякоў. Твораў Рук Тваіх (Ты) ня пакідай.
Кіраўніку хору. Псальм Давідавы. Ягова, Ты мяне выспрабаваў і ведаеш (мяне). Ты ведаеш, калі я сядаю і калі я ўстаю. Ты разумееш думкі мае здаля. Ці хаджу я, ці ляжу я — Ты акружаеш мяне, і ўсе дарогі мае Табе ве́дамы. Бо няма яшчэ слова на языку маім, але Ты, Ягова, ведаеш яго ўжо дасканала. Ззаду і сьпераду Ты атача́еш мяне, і Далонь Тваю Ты кладзеш на мяне. Лíшне дзіўнае для мяне (Тваё) веданьне. Яно лíшне высака для мяне, і сьцяміць яго я ня магу. Куды я пайду ад Духа Твайго? і куды я ўцяку ад Аблічча Твайго? Калі б я ўзыйшоў на Нябёсы, Ты ёсьць там. Калі б я ложкам сваім зрабіў апраме́тную, Ты — там. Калі б я ўзяў крылы сьвітаньня і асеў на ўскрайку мора, то і там вяла бы мяне Рука Твая, і Правіца Твая трымала б мяне. Калі б я сказаў: «Сапраўды, хай цемра пакрые мяне, і ноч стане сьвятлом вакол мяне», то цемра ня за́сьціла б мяне перад Табой, і ноч стала б сьветлай, як дзень. Цемра стала б, як сьвятло. — Бо Ты стварыў нутро маё, (і) выткаў мяне ва ўлоньні маткі маёй. Я буду славіць Цябе за тое, што я створаны так цудоўна і поўны страху (Божага). Цудоўныя творы твае, і душа мая поўнасьцю ўсьведамляе гэта. Ня схаванымі былі ад Цябе косткі мае, калі я быў ствараемы ў тайне, цудоўна сатканы ў глыбінях зямлі. Мой (вельмі далёкі) зародак бачылі Вочы Твае; і ў Тваёй кнізе былі запісаны ўсе дні, якія мусяць быць створанымі, калі ніводнага зь іх яшчэ ня было. Якія дарагія для мяне думкі Твае, о Божа, і як многа іх лíкам. Калі б захацеў я іх палічыць, іх было б больш, чым пяску. Калі я прачынаюся, я ўсё яшчэ з Табой. О, каб Ты, Божа, забіў бязбожніка! І вы, крывапіўцы, адыдзеце ад мяне! Яны гавораць пра Цябе ліха, (якія як) ворагі Твае ўзьнімаюць (руку сваю) да ілжы. Хíба я ня маю іх нянавідзіць, якія Цябе, Ягова, нянавідзяць? Хíба я ня павінен мець агіды супраць тых, якія паўстаюць супраць Цябе? Я нянавіджу іх поўнай нянавісьцю. Яны сталі для мяне ворагамі. Выпрабуй мяне, о Божа, і ўведай сэрца маё. Выпрабуй мяне і ўведай думкі мае. І ўгледзь Ты, ці ня на дарозе ліха я, і накіруй мяне на дарогу вечную.
Кіраўніку хору. Псальм Давідавы. Збаві мяне, о Ягова, ад ліхога чалавека! Сьцеражы мяне ад гвалтаўніка, ад тых, якія замышляюць ліхое ў сэрцы. Кожны дзень яны ўзьнімаюць вайну. Яны точаць язык свой, як гадзюка. Яд асьпідаў у вуснах іхных. Зэля. Аслані мяне, о Ягова, ад далоняў бязбожніка. Ад гвалтаўніка аслані мяне, (ад) тых, якія надумалі сьпіхнуць стопы мае. Пыхлівыя ўкрадкам палажылі перада мной сіло і петлі, яны расьпялі сетку ля дарогі, яны расьпялі цянёты на мяне. Зэля. Я сказаў Ягове: «Ты — Бог мой. Пачуй, о Ягова, голас маленьняў маіх. О Ягова, мой Госпад, (Ты) сіла ратунку майго, Ты пакрыў галаву маю ў дзень бітвы. О Ягова, ня дай бязбожніку чаго ён хоча. Ня дай удачы задуме ягонай. Хай яны ня ўзьнімаюцца». Зэля. Галовы тых, якія мяне акружаюць, хай пакрые бяда, якую наклікаюць іхныя вусны. Хай упадзе на іх гарачае вугольле. Хай Ён укіне іх у агонь, у бездань, каб яны ня паўсталі. Хай ня выстаіць у зямлі чалавек са злым языком. Хай гвалтаўніка перасьледуе ліха аж да сьмерці! Я ведаю, што Ягова рассудзіць паніжанага, і справу тых, што ў патрэбе. Сапраўды, праведныя будуць дзякаваць Імю Твайму. Справядлівыя будуць жыць перад Абліччам Тваім.
Псальм. Давідавы. О Ягова, я клічу Цябе. Пасьпяшайся да мяне! Зваж на голас мой, калі я Цябе клічу. Няхай малітва мая будзе накіравана да Цябе, як кадзíла, уздыманьне далоняў маіх, як ахвяра вячэрняя. Пастаў, о Ягова, варту майму роту. Сьцеражы дзьверы вуснаў маіх. Ня дай сэрцу майму сьхіляцца да благога, каб рабіць учынкі бязбожнасьці з благімі людзьмі. Ня дай, каб я каштаваў іхныя прысмакі! Хай б’е мяне справядлівы: гэта (ж ёсьць) міласэрнасьць. І хай ён мяне дакарае: (гэта ёсьць) алей (для) галавы (маёй). А галава мая хай ня ўхіляецца (ад гэтага), сапраўды, але прыхіляецца (да дакору)! І малітва мая хай будзе супраць іхных злачынстваў. Калі іхныя судзьдзі будуць ськінутыя да сьцяны скалы, і тады яны пачуюць мае словы, што яны ёсьць правільныя. Быццам хто зямлю гарэ і трушчыць, так нашыя косткі раськíданыя каля ляпы шэолю. Але на Цябе, Ягова, Госпад мой, (ськіраваны) вочы мае. У Цябе знаходжу сховішча. Ня спустошы душы маёй. Аслані мяне ад пастак, якія яны на мяне наста́вілі, і цянётаў злачынцаў. Хай бязбожнікі ўпадуць усе разам у свае ўласныя сеткі, а я абміну іх.
Навука Давідава. Малітва, калі ён быў у пячоры. Голасам маім гукаю я да Яговы! Голасам маім малю я Ягову! Перад Ім я выліваю лямантава́ньне маё. Яму пра тугу маю апавядаю. Калі зьнямагае ўва мне дух мой, Ты ведаеш сьцежку маю. На дарозе, якой я іду, яны тайком палажылі мне пастку. Глянь Ты направа! і ўбач Ты! там няма нікога, хто хацеў бы мяне ведаць. Зьнікла для мяне ўсякае сховішча. Ніхто ня клапоціцца пра душу маю. Я гукаю да Цябе, о Ягова, (і) кажу: «Ты ёсьць маё сховішча, удзел мой у зямлі жывых!» Зваж на енк мой, бо я вельмі зьнямоглы. Вырві мяне ад маіх перасьледнікаў, бо яны дужэйшыя за мяне. Вызвалі Ты зь вязьніцы душу маю, каб я славіў Імя Тваё. Праведнікі мяне будуць акаляць, як Ты адплаціш мне.
Псальм Давідавы. О Ягова, пачуй малітву маю! Прымі да Вуха (Твайго) мольбы мае. У Вернасьці Тваёй, у Справядлівасьці Тваёй адкажы Ты мне. І ня ўваходзь у суд са слугою Тваім, бо ня праў перад Табою ніхто з жывых; бо вораг перасьледуе душу маю, затаптаў у зямлю жыцьцё маё, прымусіў мяне жыць у цемры, як даўно памерлых. Зьнямагае ўва мне дух мой. Сэрца маё здранцьвела ўнутры мяне. Я ўспамінаю дні старадаўнія, разважаю пра ўсе Дзеяньні Твае. Я разважаю пра стварэньне Рук Тваіх. Я працягваю да Цябе рукі мае. Душа мая прагне Цябе, як перасохлая зямля (вільгаці). Зэля. Хутчэй выслухай мяне, о Ягова! Дух мой зьнямагае. Ня хавай Аблічча Твайго ад мяне, каб я ня стаўся падобным да тых, што зыходзяць у магілу. Дай мне нараніцы пачуць Міласэрдзе Тваё, бо на Цябе я спадзяюся. Пакажы Ты мне шлях, па якім я пайду, бо да Цябе я ўзьнімаю душу́ маю. Вырві Ты мяне, о Ягова, ад ворагаў маіх! У Цябе я маю сховішча. Вучы мяне спаўняць Волю Тваю, бо Ты — мой Бог. Хай добры Твой Дух вядзе мяне ў зямлю справядлівасьці. Дзеля Імя Твайго, о Ягова, ажыві мяне! Дзеля Справядлівасьці Тваёй вывядзі Ты душу́ маю з прыгнёту. І ў Міласэрнасьці Тваёй вынішчы Ты ворагаў маіх і выгубі ўсіх прыгнятальнікаў душы маёй, бо я слуга Твой.
Давідавы. (Хай будзе) багаславёны Ягова, Скала мая, Які навучае рукі мае да бойкі, пальцы мае да вайны: мая Міласэрнасьць і мая Цытадэль, мая высокая Вежа і мой Выратавальнік, мой Шчыт і Той, у Каго я бяру прытулак, Які ўпакорвае мне мой народ! О Ягова, што ёсьць чалавек, што Ты яго вызнаеш, сын чалавечы, што Ты зважаеш на яго? Чалавек падобны да марнасьці; дні ягоныя, як цень мінаючы. О Ягова, нахілі Нябёсы Твае і сыйдзі. Дакраніся да гораў, і яны задымяцца. Блíсьні маланкаю і расьцярушы іх, пусьці стрэлы Твае і зьбянтэжы іх! Выцягні Руку Тваю з вышыні. Вырві мяне і ўратуй мяне з водаў вялікіх, із рукі сыноў чужакоў. Чый рот гаворыць хвальш, правіца іхная ёсьць правіца ілжы. Божа, буду сьпяваць Табе песьню новую, на дзесяціструннай псалтыры буду іграць Табе, Які даеш збаўленьне каралём, Які слугу Свайго Давіда збаўляеш ад меча ліхога. Вырві Ты мяне і ўратуй мяне ад рукі сыноў чужынца, чый рот гаворыць хвальш, правіца іхная ёсьць правіца ілжы, хай сыны нашыя будуць, як саджанцы збуялыя ў іхным юнацтве, дочкі нашыя падобны вуглавым слупам прыгожа выразаным на ўзор палаца, хай сьвірны нашыя будуць поўнымі і выдаюць еміну ўсялякага роду, хай авечкі нашыя плодзяцца тысячамі і дзясяткамі тысячаў на палетках (пасьвішчах) нашых, хай нашае быдла будзе сытае і бяз хваробаў, і хай ня будзе енку на вуліцах нашых. Шчасьлівы народ, які гэта мае. Шчасьлівы народ, Бог якога ёсьць Ягова.
Хвалебная песьня Давідавая. Я буду Цябе ўзвышаць, Божа мой, Каро́лю (мой), Імя Тваё буду славіць у вяках вякоў. Багаслаўляць Цябе буду што-дня і ўсхваляць Імя Тваё ў вяках вякоў. Вялікі ёсьць Ягова і надзвычай варты ўсхваленьня, і Веліч Ягоная нядасяжная. Пакаленьне пакаленьню будзе ўхваляць творы Твае, і яны будуць апавяшчаць магутныя Дзеяньні Твае. Я буду разважаць і гаварыць пра пышную славу Велічы Тваёй і пра словы аб цудоўных Дзеях Тваіх. Хай яны гавораць пра сілу страшашчых Дзеяў Тваіх, а я буду расказваць пра Веліч Тваю. Яны будуць абвяшчаць памяць пра вялікую Дабрыню Тваю і ўрачыста славіць Справядлівасьць Тваю. Міласэрны і спагадны ёсьць Ягова, няскоры да гневу і вялікі на добраспагадлівасьць. Добры ёсьць Ягова да ўсіх, і Спагаднасьць Ягоная над усімі творамі Ягонымі. Цябе, Ягова, хай хваляць усе Твае творы. Хай багаслаўляюць Цябе сьвятыя Твае. Хай апавядаюць яны аб Славе Валадарства Твайго і распавядаюць пра Магутнасьць Тваю, каб сынам чалавечым даць пазнаць пра магутныя Дзеі Ягоныя і пра слаўную Веліч Валадарства Ягонага. Валадарства Тваё ёсьць Валадарства ўсіх вякоў, і Валадараньне Тваё трывае праз усе пакаленьні. Ягова падтрымлівае ўсіх, хто па́дае, і выпрастоўвае ўсіх прыгну́тых. Вочы ўсіх углядаюцца на Цябе, і Ты даеш ім ежу ўпару. Ты раскрываеш Руку Тваю і насычаеш усё жывое паводля жаданьня. Справядлівы Ягова на ўсіх шляхах Сваіх, і Сьвяты ў усіх Сваіх Дзеях. Блíзкі Ягова да ўсіх, хто Яго прыклікае, да ўсіх, хто Яго прыклікае ў праўдзе. Ён ставіцца прыймальна да тых, хто баіцца Яго, Ён чуе іхны стогн пра дапамогу, і Ён ратуе іх. Ягова асланяе ўсіх, хто любіць Яго, а ўсіх бязбожнікаў Ён вынішчыць. Хай рот мой вымаўляе хвалу Ягове. І хай усякае цела багаслаўляе Ягонае Сьвятое Імя ў вяках вякоў.
Хваліце вы Ягову! Хвалі, душа мая, Ягову! Буду хваліць Ягову, пакуль жыву; буду пець і граць Богу майму, пакуль я ёсьць. Ня спадзявайцеся на князёў, на сына чалавечага, у каторага няма ратунку! Выходзіць ягоны дух. Ён вяртаецца ў зямлю сваю. У той жа дзень зьнікаюць ягоныя задумы. Шчасьлівы той, каму Бог Якубаў ёсьць дапамогай, у каго надзея на Ягову, Бога ягонага, Які стварыў Нябёсы і зямлю, мора і ўсё, што ў ім, Які трымае Праўду ў вяках вякоў, Які творыць Суд прыгнечаным, Які дае хлеб галодным. Ягова вызваляе вязьняў. Ягова расчыняе вочы сьляпым. Ягова выпрастоўвае прыгнутых. Ягова любіць справядлівых. Ягова ахоўвае прыхадняў. Ён падтрымлівае сірату і ўдаву. Але шлях бязбожнікаў Ён скрыўляе. Ягова будзе валадарыць, як Кароль у вяках вякоў, твой Бог, Сыёне, з роду ды ў род, хваліце вы Ягову!
Хваліце вы Ягову! Бо гэта добра Богу нашаму сьпяваць і іграць, бо гэта прыемная, належная хвала. Ягова будуе Ярузалім. Ён зьбірае выгна́нцаў Ізраэля. Ён лечыць зламаных сэрцам, перавязвае іхныя раны. Ён зьлічвае лік зорак. Ён называе іх усіх пайменна. Вялікі наш Госпад і багаты на сілу, і Розум Ягоны нявымерны. Ягова падтрымлівае пакорных, а бязбожных Ён прыгінае да зямлі. Сьпявайце Ягове хвалебную песьню, грайце Богу нашаму на гарпе, Які засьцілае неба хмарамі, Які рыхтуе для зямлі дождж, траву на гарах узрашчае, Які жывёле дае ейную пашу, і груганятам, якія крычаць (аб ежы). Ён мае ўпадабаньне ня ў сіле каня, і ня ногі мужчыны Яму даспадобы. Ягова падабае тых, якія Яго баяцца, тых, якія спадзяюцца на Ягоную Міласэрнасьць. Слаў, Ярузаліме, Ягову! Хвалі, Сыёне, твайго Бога, бо Ён мацуе за́саўкі брамаў тваіх, сыноў тваіх багаслаўляе ў асяродку тваім, Ён ўсталёўвае мір у межах тваіх, тукам пшаніцы насычае цябе, Ён пасылае Слова Сваё на зямлю, вельмі хутка бяжыць Ягонае Слова, Ён сьнег дае, быццам воўну, сыпле іней, як попел, лёд Свой кíдае, як кавалачкі: хто можа выстаяць перад Ягоным марозам? Ён пасылае Слова Сваё і растапляе іх. Ён дзьме ветрам Сваім: цякуць воды. Ён абвяшчае Слова Сваё Якубу, Статуты Ягоныя і Суды Ягоныя Ізраэлю. Ніякаму народу Ён гэтак ня зрабіў. І Судоў Ягоных яны ня ведаюць. Хваліце вы Ягову!
Хваліце вы Ягову! Хваліце вы Ягову зь Нябёсаў. Хваліце Яго ў Вышынях. Хваліце Яго, усе Ангелы Ягоныя. Хваліце Яго, усе войскі Ягоныя. Хваліце Яго, сонца і месяц. Хваліце Яго, усе зьзяючыя зоркі. Хваліце Яго, Нябёсы нябёсаў, і (вы) воды, якія вышэй нябёсаў. Няхай яны хваляць Імя Яговы, бо Ён загадаў, і яны былі створаны, і Ён паставіў іх назаўсёды і навечна. Ён даў Статут, і ніводзін яго ня пераступіць. Хваліце Ягову ад зямлі вялікія марскія стварэньні і ўсе водныя глыбіні, агонь і град, сьнег і туман, навальнічны вецер, які выпаўняе Слова Ягонае, горы і ўсе ўзгоркі, дрэвы плодныя і ўсе кедры, зьвер і ўсякая жывёла, паўзуны і птушкі крылатыя, каралі зямлі і ўсе народы, князі і ўсе судзьдзі зямлі, юнакі і таксама дзяўчаты, старыя разам з моладзьдзю. Хай хваляць яны Імя Яговы, бо Ягонае Імя ёсьць высока ўзьнесена, Яго Аднаго. Веліч Ягоная над зямлёй і нябёсамі. І Ён узвышае рог народу Свайго, хвалу дзеля Ягоных сьвятых, дзеля сыноў Ізраэля, народу блізкага Яму. Хваліце вы Ягову!
Хваліце вы Ягову! Сьпявайце Ягове новую песьню, хвалу Яму ў сходзе сьвятых. Хай радуецца Ізраэль аб сваім Творцы. Сыны Сыёну хай радуюцца аб сваім Каралí. Хай яны славяць Імя Ягонае ў карагодах, у ігры на тымпане і гарпе, бо Ягова падаба́е народ Свой. Ён аздабляе пакорных паратункам. Хай радуюцца сьвятыя ў славе, хай урачыста радуюцца на ложках іхных. Узьнясеньне славы Богу хай будзе ў вуснах іхных і двусечны меч — у руцэ іхнай, каб учыніць помсту над паганамі, (і) кару над народамі, каралёў іхных зьвязаць ланцугамі і іхных вяльможаў жалезнымі путамі, выканаць над імі напісаны прысуд. Гонар гэты — усім Ягоным сьвятым. Хваліце вы Ягову!
Хваліце вы Ягову! Хваліце Бога ў Сьвятыні Ягонай. Хваліце Яго ў нябесных прасторах Сілы Ягонай. Хваліце Яго за магутныя Дзеі Ягоныя. Хваліце Яго за поўню Ягонай Ве́лічы. Хваліце Яго гукам трубы. Хваліце Яго на псалтыры і гарпе. Хваліце Яго на лютне і ў карагодах. Хваліце Яго на струнных і на югаву. Хваліце Яго на гучных цымбалах. Хваліце Яго на моцна гучных цымбалах. Усё, што мае дыханьне, хвалі Ягову. Хваліце вы Ягову!
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020