Библия › Сабіла › Адкрыцьцё

Адкрыцьцё

Адкрыцьцё Ісуса Хрыста, якое даў Яму Бог, каб паказаў рабам Сваім, што мае стацца няўзабаве. І (Ён) паказаў, паслаўшы праз Ангела Свайго, рабу Свайму Яану, каторы засьведчыў Слова Бога і сьведчаньне Ісуса Хрыста: і ўсё, што ўбачыў. Шчасьлівы той, хто чытае і тыя, што слухаюць словы гэтага прароцтва і (тыя, што) спаўняюць у ім напíсанае, таму што час блізка. Яан сямі цэрквам, якія ў Азіі: Багадаць вам і Мір ад Таго, Каторы ёсьць і Каторы быў, і Каторы ідзе, і ад сямі духаў, якія ёсьць перад Пасадам Ягоным, і ад Ісуса Хрыста, Сьведкі вернага, Першароднага зь мёртвых і Валадара каралёў зямлі. Яму, палюбіўшаму нас і абмыўшаму нас ад грахоў нашых Крывёю Сваёй, і зрабіў нас каралямі і сьвятарамі Богу і Бацьку Свайму: Яму слава і валадарства на векі вякоў. Амін. Вось, (Ён) ідзе ў аблоках, і ўгледзіць Яго кожнае вока, і тыя, што пракалолі Яго; і загалосяць перад Ім усе плямёны зямлі. Так, амін! Я ёсьць Альфа і Омэга, Пачатак і Канец, — кажа Госпад, — Які ёсьць і Які быў і Які прыходзе, Уседзяржыцель. Я, Яан, і брат ваш, і супольнік у горы, і ў Валадарстве, і ў цярпеньні Ісуса Хрыста, быў на востраве, называным Па́тмас, за Слова Бога і за сьведчаньне Ісуса Хрыста. Я быў у духу ў дзень Госпадаў, і пачуў ззаду сябе голас гучны, як бы трубы, які сказаў: «Я ёсьць Альфа і Омэга, Першы і Апошні; і што ты бачыш, запішы ў скрутак і пашлі цэрквам, якія ў Азіі: у Эхвес, і ў Сьмірну, і ў Пэргам, і ў Тыатыры, і ў Сарды, і ў Хвілядэльхву, і ў Ляодыку». І я павярнуўся, каб убачыць Таго, Чый голас сказаў мне; і, павярнуўшыся, убачыў сем сьветачаў залатых, а пасярод сямёх сьветачаў — падобнага да Сына Чалавечага, апранутага ў падзір і падпераза́нага вакол грудзёў поясам залатым. А Галава і валасы Ягоныя белыя, як белая воўна, як сьнег; і Вочы Ягоныя, як полымя агню; і Ногі Ягоныя падобныя да халкаліва́ну, быццам у печы распа́леныя; і голас Ягоны, як шум водаў многіх. І меў (Ён) у правай Руцэ Сваёй сем зор, і з Вуснаў Ягоных выходзіў (вялікі) меч двусечны востры; і Аблічча Ягонае, як сонца, што сьвеціць у сіле сваёй. І калі я ўбачыў Яго, (я) упаў да Ягоных Ног, як мёртвы. І Ён паклаў на мяне Сваю правую Руку́, кажучы мне: Ня бойся; Я ёсьць Першы і Апошні, і Жывы, і быў мёртвы; і вось, Я жывы на вечныя вякі, амін. І маю ключы пекла і сьмерці. Напішы, што (ты) убачыў, і што ёсьць, і што мае стацца пасьля гэтага. Тайна сямі зор, якія ты ўбачыў у правай (Руцэ) Маёй, і сямі сьветачаў залатых: сем зор ёсьць ангелы сямёх цэркваў, а сем сьветачаў, якія ты ўбачыў, ёсьць сем цэркваў.

Ангелу царквы (што) у Эхвесе напішы: Гэта гаворыць Той, што трымае сем зор у правай (Руцэ) Сваёй, (і) што ходзіць пасярод сямі сьветачаў залатых: Ведаю ўчынкі твае і працу тваю, і цярпеньне тваё, і што ты ня можаш трываць нягодных, і выпрабаваў тых, што называюць сябе апосталамі, але ня ёсьць (такімі), і знайшоў, што яны ілгуны. А ты (шмат) ператрываў і маеш цярпеньне, і дзеля Імені Майго натужна працаваў і ня зьнямагаўся. Але (Я) маю супраць цябе (тое), што ты занядбаў першую любоў тваю. Дык успомні, адкуль ты выпаў, і пакайся, і рабі першыя чыны твае; а калі не, дык хутка прыйду да цябе і зру́шу сьветач твой зь мейсца ягонага, калі ня пакаешся. Аднак тое маеш, што нянавідзіш учынкі мікалаітаў, якія і Я нянавіджу. Хто мае вуха, пачуй, што Дух гаворыць цэрквам: хто пераможа, таму дам есьці ад дрэва жыцьця, якое ёсьць пасярод раю Бога. І ангелу царквы ў Сьмірне напішы: Вось што кажа Першы і Апошні, Які быў мёртвы і ажыў: Ведаю твае ўчынкі і бяду (тваю) і ўбожства (тваё), але ты багаты; і зьнявагу (ад) тых, што называюць сябе юдэямі, ды ня зьяўляюцца (такімі), але сынагога шатана. Ня бойся нічога, што ты маеш цярпець. Вось д’ябал маніцца ўкінуць (нікаторых) з вас у вязьніцу, каб вы былі спаку́шаны, і будзеце мець гора дзесяць дзён. Будзь верны аж да сьмерці, і дам табе вянок жыцьця. Хто мае вуха, пачуй, што Дух кажа цэрквам: хто пераможа, ня будзе пашкоджаны ад другой сьмерці. І ангелу царквы ў Пергаме напішы: Вось што кажа Той, Хто мае меч двусечны востры: Ведаю ўчынкі твае, і дзе ты жывеш — там, дзе пасад шата́на, і трымаеш Імя Маё ды ня адрокся ад веры Маёй нават у тыя дні, у каторыя Анціпа, сьведка Мой верны, быў забіты ў вас, дзе жыве шатан. Аднак маю супраць цябе няшмат, бо маеш тамака такіх, што трымаюцца навукі Балаама, які навучыў Балака пакласьці спакусу перад сынамі Ізраэля есьці ахвяры балваном і блудадзейнічаць. Таксама і ты маеш такіх, што трымаюцца навукі мікалаітаў, якую Я нянавіджу. Пакайся, а калі не, (дык) хутка прыйду да цябе і буду ваяваць зь імі мечам Вуснаў Маіх. Хто мае вуха, пачуй, што Дух гаворыць цэрквам: Хто пераможа, дам таму спажыць ад манкі схаванай і дам яму камень белы, а на ка́мені імя новае напісанае, якога ніхто ня пазнаў, акрамя таго, хто атрымаў. І ангелу царквы ў Тыатырах напішы: Гэта кажа Сын Бога, Які мае Вочы Свае, як полымя агню, а Ногі Ягоныя падобныя да халкалівану (быццам у печы распа́леныя): Ведаю ўчынкі твае і любоў (Божую), і служэньне, і веру, і цярплівасьць тваю, і ўчынкі твае ды што апошнія большыя за першыя. Але маю крыху супраць цябе: бо дазваляеш жанчыне Язабэлі, што называе сябе прарочыцай, вучыць і зводзіць Маіх рабоў блудадзейнічаць і есьці ахвяры балваном. І Я даў ёй час, каб пакаялася ў блудадзействе сваім, але яна ня пакаялася. Вось Я кíдаю яе на ложак і тых, што чужаложаць зь ёю ў вялікую тугу, калі ня пакаюцца ва ўчынках сваіх. І дзяцей яе на сьмерць заб’ю. І даведаюцца ўсе цэрквы, што Я ёсьць Дасьледчык думкаў і сэрцаў. І аддам вам кожнаму па ўчынках вашых. Вам жа кажу і астатнім, каторыя ў Тыатырах — усім, каторыя ня маюць гэтага вучэньня і каторыя, як кажуць, ня пазналі глыбінь шата́на, ня ўскладу на вас іншага цяжару, аднак, што маеце, утрымайце да таго часу, пакуль прыйду́. І таму, хто пераможа і хто выканае да канца ўчынкі Мае, таму дам уладу над паганамі. І будзе пасьвіць іх кіям жалезным; як посуд гліняны яны будуць пакрышаны, як і Я атрымаў (уладу) ад Ба́цькі Майго; і дам яму зорку ранішнюю. Хто мае вуха, пачуй, што Дух гаворыць цэрквам.

І ангелу царквы ў Са́рдах напішы: Гэта гаворыць Той, Хто мае (сем) духаў Бога і сем зорак: Ведаю ўчынкі твае, (і) што маеш імя, што (ты) жывы, але ты мёртвы. Будзь чуйным і ўзмацні астатніх, што ма́няцца паме́рці, таму што Я ня знайшоў учынкаў тваіх выкананымі перад Богам. Таму прыпомні, як ты прыняў і пачуў, і захоўвай і пакайся. Калі ж ня будзеш чуваць, (то Я) прыйду на цябе, як злодзей, і ты ня пазнаеш, у якую гадзíну прыйду на цябе. (Але) і ты маеш не́калькіх чалавекаў у Сардах, якія ня забрудзілі вопраткі свае, і яны будуць хадзіць (разам) са Мной у белым, бо яны годны (гэтага). Хто пераможа, апранецца ў белыя вопраткі; і ня выкрасьлю імя ягонае са скрутка жыцьця, і вызнаю імя ягонае перад Бацькам Маім і перад Ангеламі Ягонымі, хто мае вуха, пачуй, што Дух гаворыць цэрквам. І ангелу царквы ў Хвілядэльхві напішы: Гэта гаворыць Сьвяты, Праўдзівы, Які мае ключ Давіда, Які адмыкае, і ніхто ня замкне, і (Які) замыкае, і ніхто ня адчыніць. Ведаю твае ўчынкі; вось Я даў перад табою дзьверы адчыненыя, і ніхто ня можа іх зачыніць, малую маеш (ты) сілу, але захаваў (у веры) слова (абяцаньняў) Маё і ня адрокся (ад) Імені Майго. Вось я раблю з (прыналежнікамі) сынагогі шатана, якія называюць сябе юдэямі, але ня ёсьць (імі), а лгуць, — вось Я зраблю зь імі, каб яны прыйшлі і пакланіліся перад нагамі тваімі, і даведаліся, што Я палюбіў цябе. Так як ты захаваў (у сэрцы сваім) слова (пра) цярплівасьць Маю, дык і Я зьберагу цябе ад (у час) гадзіны спакушэньня, якая мае прыйсьці на ўвесь сьвет, каб выпрабаваць (усіх) тых, што жывуць на зямлі. Вось, (Я) іду хутка; трымай, што маеш, каб ніхто ня забраў вянка твайго. Хто пераможа, зраблю яго стаўпом ў Сьвятыні Бога Майго, і ён ужо ня выйдзе вонкі, і напішу на ім Імя Бога Майго, і імя места Бога Майго, новага Ярузаліму, які спускаецца зь Неба ад Бога Майго, і Імя Маё новае. Хто мае вуха, пачуй, што Дух гаворыць цэрквам. І ангелу царквы Ляодыкійцаў напішы: Гэта кажа Амін, Сьведка верны і праўдзівы, Найвышэйшая Ўлада стварэньня Бога: ведаю ўчынкі твае, што ты і ні халодны і ні гарачы; о, каб ты быў (альбо) халодны, альбо гарачы! Але як ты цеплаваты ды ня халодны і ня гарачы, то Я маю (намер) выплюнуць цябе із Роту Майго. Таму што ты кажаш: я багаты і разбагацеў, і ня маю ніякай патрэбы; і ня ведаеш, што ты няшчасны і варты жалю, і ўбогі, і сьляпы, і голы. Раджу табе купіць у Мяне золата, ачышчанае агнём, каб ты разбагацеў, і вопраткі белыя, каб (табе) апрануцца, і каб ня віда́ць быў сорам голасьці тваёй; ды вочнай мазяй памаж вочы твае, каб бачыць. Я ўсіх, каго люблю, дакараю і караю. Дык будзь руплівы і пакайся. Вось стаю каля дзьвярэй і стукаю: калі хто пачуе голас Мой і адчыніць дзьверы, Я ўвайду да яго і буду вячэраць зь ім, і ён са Мною. Таму, хто пераможа, дам сесьці разам са Мною на Пасадзе Маім, як і Я перамог і сеў з Бацькам Маім на Пасадзе Ягоным. Хто мае вуха, пачуй, што Дух гаворыць цэрквам.

Пасьля гэтага я глянуў, і вось дзьверы адчыненыя на небе, і ранейшы голас, які я чуў быццам (гук) трубы, які гаварыў да мяне, кажа: узыйдзі сюды, і (Я) пакажу табе, што мусіць стацца пасьля гэтага. І я ўраз стаўся ў духу; і вось Пасад стаяў на небе, а на Пасадзе — Сядзячы. І Сядзячы быў падобны выглядам да каменю ясьпісу і сардісу; і вясёлка навакол Пасаду, з выгляду падобная да смарагдавай. І вакол Пасаду — дваццаць чатыры пасады; і на пасадах я ўбачыў дваццаць чатыры старэйшыны, якія сядзяць, апра́нутыя ў белыя вопраткі, і яны мелі на галовах сваіх вянкі залатыя. І ад Пасаду выходзяць маланкі і грымоты, і галасы, і сем сьветачаў агнявых, (якія) гараць перад Пасадам, якія ёсьць сем духаў Бога. І перад Пасадам мора шкляное, падобнае да крышталю. А пасярэдзіне Пасаду і вакол Пасаду — чатыры жывёлы, поўныя вачэй сьпераду і ззаду. І першая жывёла падобная да льва, і другая жывёла падобная да маладога быка, і трэйцяя жывёла, (якая) мела аблічча, як чалавек, і чацьвёртая жывёла падобная да арла ляту́чага. І чатыры жывёлы, кожная наўкола на сабе мела па шэсьць крылаў, а ўнутры (яны) поўны вачэй; і (яны) ня маюць спакою ні ўдзень, ні ўначы, кажучы: Сьвяты, Сьвяты, Сьвяты Госпад Бог Усемагутны, Каторы быў і Каторы ёсьць, і Каторы ідзе. І калі жывёлы аддадуць славу і чэсьць, і падзяку Сядзячаму на Пасадзе, Жыву́чаму ў вяках вякоў, упадуць дваццаць чатыры старэйшыны перад Сядзячым на Пасадзе і кланяюцца Жыву́чаму ў вяках вякоў, і кладуць вянкі свае перад Пасадам, кажучы: Ты годны, Госпадзе, прыняць славу і гонар, і сілу, таму што Ты стварыў усё, і па Тваёй волі (усё) створана і існу́е.

І я ўбачыў у Правіцы Сядзячага на Пасадзе скрутак, напíсаны з унутранага і задняга бакоў, запячатаны сямю пячаткамі. І я ўбачыў Ангела дужога, які абвяшчаў моцным голасам: хто годны разгарнуць скрутак і зьняць ягоныя пячаткі? І ніхто ня мог ані на небе, ані на зямлі, ані пад зямлёй разгарнуць скрутак, ані паглядзець (у) яго. І я моцна плакаў, таму што ніхто ня быў знойдзены годным, каб разгарнуць і прачытаць скрутак, ані паглядзець у яго. І адзін са старэйшынаў кажа мне: ня плач. Вось Леў, Каторы з роду Юды, карэнь Давідаў, перамог (і можа) разгарнуць скрутак і зьняць сем пячаткаў ягоных. І я глянуў, і вось пасярод Пасаду і чатырох жывёлаў ды пасярод старэйшынаў стаіць Ягняк, быццам забіты ў ахвяру, Які мае сем рагоў і сем вачэй, якія ёсьць сем духаў Бога, якія пасла́ны на ўсю зямлю. І Ён прыйшоў і ўзяў скрутак із Правіцы Сядзячага на Пасадзе. І калі Ён узяў скрутак, чатыры жывёлы і дваццаць чатыры старэйшыны ўпалі перад Ягняком, маючы кожны гарпу і чары залатыя, поўныя тыміаму (пахнасьцяў), якія ёсьць малітвы сьвятых. І пяюць песьню новую, кажучы: годзен Ты ўзяць скрутак і зьняць пячаткі ягоныя, таму што Ты быў ахвярна забіты і адкупіў нас для Бога Крывёю Тваёй із усякага роду і мовы, і народу, і племені, і зрабіў нас Богу нашаму каралямі і сьвятарамі, і мы будзем валадарыць на зямлі. І я ўбачыў і пачуў голас многіх Ангелаў вакол Пасаду і жывёл і старэйшынаў, і (быў лік іх мірыяды мірыядаў і) тысячы тысячаў (нязьлічонае мноства), якія гаварылі голасам моцным: годзен Ягняк ахвярна забіты прыняць сілу і скарб (багацьце), і мудрасьць, і магутнасьць, і чэсьць, і славу, і багаслаўленьне. І ўсякае стварэньне, якое ёсьць на небе і на зямлі, і пад зямлёй, і на моры, і ўсё, што знаходзіцца ў іх, пачуў я, што гаварылі: Сядзячаму на Пасадзе і Ягняку́ — багаслаўленьне і чэсьць, і слава, і ўладарства ў вяках вякоў. І чатыры жывёлы казалі: Амін. І дваццаць чатыры старэйшыны ўпа́лі і пакланіліся Жыву́чаму ў вяках вякоў.

І я ўбачыў, як Ягняк зьняў адну з пячаткаў, і (я) пачуў адну з чатырох жывёлаў, гаворачы быццам голасам грому: Ідзі і глядзі. І я глянуў, і вось, конь белы, і коньнік на ім, які меў лук, і даны быў яму вянок; і выйшаў ён перамагаючы і каб перамагчы. І, калі (Ён) зьняў другую пячатку, я пачуў другую жывёлу, гаворачы: Ідзі і глядзі. І выйшаў іншы конь, руды; і коньніку на ім дана было яму ўзяць супакой ізь зямлі, і каб адзін аднаго забівалі, і даны быў яму меч вялікі. І калі (Ён) зьняў трэйцюю пячатку, я пачуў трэйцюю жывёлу, гаворачы: Ідзі і глядзі. І я глянуў, і вось конь вараны, і коньнік на ім ма́ючы вагу́ ў руцэ сваёй. І я пачуў голас пасярод чатырох жывёлаў, гаворачы: хінікс пшаніцы за дынар, і тры хíніксы ячме́ню за дынар; а аліўкавага алею і віна ня марнуй. І калі (Ён) зьняў чацьвёртую пячатку, я пачуў голас чацьвёртай жывёлы, гаворачы: Ідзі і глядзі. І я глянуў, і вось конь бле́ды, і коньнік на ім, імя якому сьмерць; і пекла ішло разам зь ім; і дана ім улада над чацьвёртай (часткай) зямлі забіваць мечам і голадам, і сьмерцяй, і дзікімі зьвярамі зямлі. І калі (Ён) зьняў пятую пячатку, я ўбачыў пад ахвярнікам душы забітых за Слова Бога і за сьведчаньне, якое яны мелі. І яны крычалі моцным голасам, кажучы: дакуль, Валадару, Сьвяты і Праўдзівы, ня судзіш і ня спаганяеш за кроў нашую з тых, што жывуць на зямлі? І даны былі кожнаму вопраткі бе́лыя, і было ска́зана ім, каб супакоіліся яшчэ на малы час, пакуль (лік іх) ня дапоўняць і іхныя суслужнікі і браты іхныя, якія маюць быць забітымі, як і яны. І я глянуў як (Ён) зьняў пячатку шостую, і вось стаўся вялікі землятрус, і сонца сталася чорным, як валасяніца, і месяц стаўся, як кроў. І зоры нябесныя ўпалі на зямлю, як смакоўніца скіда́е нясьпелыя смоквы свае, тре́сеная моцным ветрам. І неба зьвілося, як скрутак, які скручваецца; і ўсякая гара і востраў былі зру́шаны са сваіх мейсцаў. І валадары зямлі і магнаты, і багацеі, і тысячнікі, і асілкі, і ўсякі раб, і кожны вольны схаваліся ў пячоры і між скалаў гор, і кажуць горам і скалам: упадзеце на нас і схавайце нас ад Аблічча Сядзячага на Пасадзе і ад гневу Ягняка́. Таму што прыйшоў вялікі Дзень гневу Ягонага. І хто можа выстаяць?

І пасьля гэтага я ўбачыў чатырох Ангелаў, якія стоючы на чатырох вуглах зямлі, трымалі чатыры вятры зямлі, каб ня дуў вецер ні на зямлю, ні на мора, ні на якое дрэва. І ўбачыў я другога Ангела, узыйшоўшага ад усходу сонца, які меў пячатку Бога жывога; і ён гукнуў моцным голасам да чатырох Ангелаў, якім дадзена шкодзіць зямлі і мору, кажучы: ня шкодзьце ні зямлі, ні мору, ні дрэвам пакуль ня папячатаем рабоў Бога нашага на лабох іхных. І я пачуў лічбу папячатаных: сто сорак чатыры тысячы папячатаных із усякага роду сыноў Ізраэля. Із роду Юдавага дванаццаць тысячаў папячатаных; із роду Рубэнавага дванаццаць тысячаў папячатаных; із роду Гадавага дванаццаць тысячаў папячатаных; із роду Асіравага дванаццаць тысячаў папячатаных; із роду Нехталімавага дванаццаць тысячаў папячатаных; із роду Манасавага дванаццаць тысячаў папячатаных; із роду Сымонавага дванаццаць тысячаў папячатаных; із роду Лявіявага дванаццаць тысячаў папячатаных; із роду Ісаха́равага дванаццаць тысячаў папячатаных; із роду Забулонавага дванаццаць тысячаў папячатаных; із роду Язэпавага дванаццаць тысячаў папячатаных; із роду Бэніамінавага дванаццаць тысячаў папячатаных. Пасьля гэтага я глянуў, і вось агромністае мноства людзей, палічыць якога ніхто ня мог, із кожнага племені і родаў, і народаў, і моваў стаяла перад Пасадам і перад Ягняком, апранутае ў белыя вопраткі, і пальмавыя галінкі ў руках іхных. І ўсклікваюць голасам моцным, кажучы: збаўленьне Богу нашаму, Які Сядзіць на Пасадзе і Ягняку́! І ўсе Ангелы стаялі вакол Пасаду і старэйшынаў і чатырох жывёлаў і ўпалі перад Пасадам на абліччы свае і пакланіліся Богу, кажучы: Амін! Багаслаўленьне і слава, і мудрасьць, і падзяка, і чэсьць, і сіла, і магутнасьць Богу нашаму ў вяках вякоў. Амін. І загаварыў адзін із старэйшынаў, пытаючыся ў мяне: гэтыя апрану́тыя ў белыя вопраткі, хто яны і адкуль прыйшлі? І я сказаў яму: Ты ведаеш, пане. І ён сказаў мне: гэта тыя, што прыходзяць ад вялікага ўціску; і яны абмылі вопраткі свае і выбялілі вопраткі свае Крывёю Ягняка́. Таму яны ёсьць перад Пасадам Бога і служаць Яму ўдзень і ўначы ў Сьвятыні Ягонай, і Сядзячы на Пасадзе будзе жыць у іх. І яны ня будуць больш ні галадаць, ні прагнуць, і ня будзе іх пячы сонца і ніякая сьпёка, таму што Ягняк, Які пасярод Пасаду будзе пасьвіць іх і вадзіць іх да жывых крыніцаў водаў; і абатрэ Бог усякую сьлязу з вачэй іхных.

І калі (Ён) зьняў сёмую пячатку, сталася на небе цішыня, як бы (на) паўгадзіны. І я ўбачыў сем Ангелаў, якія стаялі перад Богам; і дадзены былі ім сем труб. І іншы Ангел прыйшоў і стаў перад ахвярнікам маючы залатое кадзіла. І дадзена было яму шмат тыміяму (пахнасьцяў), каб ён сумясьціў (яго) з малітвамі ўсіх сьвятых і (усклаў гэта) на залаты ахвярнік, які перад Пасадам. І ўзьняўся перад Богам дым (водар) ад тыміяму (пахнасьцяў) з малітвамі сьвятых ад рукі Ангела. І ўзяў Ангел кадзіла і напоўніў яго агнём з ахвярніку, і кінуў на зямлю: і ўчыніліся галасы і грмы, і маланкі, і зямлятрус. І сем Ангелаў, маючы сем труб, падрыхтаваліся, каб затрубіць. І першы Ангел затрубіў, і стаўся град і агонь, зьме́шаныя з крывёю, і былі кінуты на зямлю; і траціна дрэваў была спа́лена, і ўся зялёная трава была спа́лена. І другі Ангел затрубіў, і як бы аграмадная гара, пала́ючы агнём, была ўкінута ў мора; і траціна мора стала крывёю. І вымерла траціна стварэньняў, што ў моры, якія мелі жыцьцё; і траціна судзён была зьнішчана. І трэйці Ангел затрубіў, і ўпала зь неба зорка вялікая, палаючы як паходня, і ўпала на траціну рэкаў і на крыніцы водаў. І імя той зоркі называецца Палын; і траціна (водаў) сталася палыном, і многія людзі памерлі ад гэтых водаў, таму што яны сталі горкімі. І чацьверты Ангел затрубіў, і была паражона траціна сонца і траціна месяца, і траціна зорак, так што траціна іх сталася зацемрана, і дзень трэйцюю (частку) сваю ня быў асьветлены, таксама і ноч. І я глянуў і пачуў аднаго Ангела, які ляцеў пасярод неба і гаварыў моцным голасам: гора, гора, гора тым, хто жыве на зямлі ад астатніх гукаў трубы трох Ангелаў, якія маюць трубіць.

І пяты Ангел затрубіў, і я ўбачыў зорку, упаўшую зь неба на зямлю, і дадзены быў ёй ключ ад вусьця бе́здані. І яна адчыніла вусьце бе́здані, і ўзьняўся дым з вусьця, як дым ізь вялікай пе́чы; і было зацемрана сонца і паветра ад дыму з вусьця. І із дыму выйшла на зямлю саранча; і дана была ёй сіла, як маюць сілу скарпіёны зямлі. І сказана было ёй, каб ня пашкодзіла траве зямлі, і ніякай зеляніне, і ніякаму дрэву, а толькі адным людзям, якія ня маюць пячаткі Бога на ілбах сваіх. І дана ёй, каб ня забівала іх, але каб яны былі мучанымі пяць месяцаў, і мучэньне ад яе падобна мучэньню ад скарпіёна, калі ўджаліць чалавека. І ў гэныя дні людзі будуць шукаць сьмерці, але ня знойдуць яе; і захочуць памерці, але сьмерць уцячэ ад іх. І выгляд саранчы падобны да коней, прыгатаваных на вайну; і на галовах у яе быццам вянкі, падобныя золату, і твары ў яе быццам твары чалавекаў; і валасы мела яна, як валасы (у) жанчын, і зубы ў яе былі, як у львоў. І яна мела па́нцыры, быццам панцыры жалезныя, і шум ад крыльляў ейных быццам шум многіх калясьніц (і) коней, якія бягуць на вайну. І яна мае хвасты, падобныя да (хвастоў) скарпіёнаў, і джалы былі ў хвастах ейных; а ўлада ейная — шкодзіць людзям пяць месяцаў. І яна мае над сабою валадара — ангела бяздоньня, імя якому па-жыдоўску Абаддон, а пагрэцку мае імя Апальліён. Прайшло гора адно; вось, за гэтым ідуць яшчэ два горы. І шосты Ангел затрубіў, і пачуў я адзін голас ад чатырох рогаў залатога ахвярніка, (які) перад Богам, гаворачы шостаму Ангелу, які меў трубу: разьвяжы чатырох ангелаў, якія зьвязаны над вялікай ракой Яўпрат. І разьвязаны былі чатыры ангелы, што былі прыгатаваныя на гадзіну і дзень, і месяц і год, каб забіць трэйцюю (частку) людзей. І лічба коннага войска (была) дзьве мірыяды мірыядаў; і я пачуў іхную лічбу. І гэтак я ўбачыў у бачаньні коней і коньнікаў на іх, маючых панцыры вогненныя і гіяцынтавыя і серныя; і галовы ў коней, як галовы (у) львоў, і з ратоў іхных выходзіць агонь і дым і серка. Трыма гэтымі (плягамі) была забіта трэйцяя (частка) людзей: агнём і дымам, і серкаю, якія выходзілі із ратоў іхных. Бо сіла іхная ёсьць у ратах іхных; а хвасты іхныя падобныя да зьмеяў, (якія) маюць галовы, і імі яны шкодзяць. А астатнія людзі, якія ня былі забіты гэтымі плягамі, і ня пакаяліся ва ўчынках рук сваіх, каб ня пакланяцца дэманам і ідалам залатым і срэбным, і медным, і каменным, і драўляным, якія ні бачыць ня могуць, ні чуць, ні хадзіць. І ня пакаяліся ў забойствах сваіх, ні ў чарадзействах сваіх, ні ў чужаложніцтвах сваіх, ні ў зладзействах сваіх.

І ўбачыў я іншага Ангела моцнага, спускаючыся зь неба, апранутага ў воблака, і вясёлка над галавой ягонай, і аблічча ягонае, як сонца, і ногі ягоныя, як слупы агню. І ён меў у руцэ сваёй маленькі разгорнуты скрутак. І ён паставіў нагу сваю правую на мора, а левую на зямлю; і ўсклікнуў ён голасам моцным, як рычыць леў; і калі ён усклікнуў, прамовілі сем громаў сваімі галасамі. І калі прамовілі сем громаў сваімі галасамі, я маніўся пісаць, але пачуў голас зь неба, гаворачы мне: запячатай тое, што прамовілі сем громаў, і ня пішы гэтага. І Ангел, якога я ўбачыў стоячы на моры і на зямлі, падняў руку́ сваю да неба і пакляўся Жывучым у вяках вякоў, Каторы стварыў Неба і што ў ім, і зямлю, і што на ёй, і мора, і што ў ім, што часу ўжо (больш) ня будзе. Але ў тыя дні голасу сёмага Ангела, калі ён мае трубіць, будзе споўнена тайна Бога, як Ён абвясьціў рабам Сваім прарокам. І голас, які я пачуў зь Неба, ізноў загаварыў да мяне і сказаў: пайдзі, вазьмі мале́нькі разгорнуты скру́так, (што) у руцэ Ангела, што стаіць на моры і на зямлі. І я пайшоў да Ангела, ка́жучы яму: дай мне мале́нькі скру́так. І (ён) кажа мне: вазьмі і зьеш яго; і (ён) стане горкім у жываце тваім, але ў роце тваім будзе салодкім, як мёд. І ўзяў я мале́нькі скру́так з рукі Ангела і зьеў яго; і ён быў у роце маім салодкі, як мёд; а калі я зьеў яго, (то) зроблена горка ў жываце маім. І ён кажа мне: табе трэба ізноў прарочыць пра народы і плямёны і мовы, і валадароў многіх.

І дана мне трысьціна падобная да скíпетру (і) сказана: устань (і ідзі) абмерай Сьвятыню Бога і ахвярнік і тых, што пакланяюцца ў ёй; а панадворак, каторы вонках Сьвятыні, выключы і ня абмярай яго, бо ён адданы пага́нам; і места сьвятое яны будуць таптаць сорак два месяцы. І дам двум сьведкам Маім, і будуць прарочыць тысячу дзьвесьце шэсьцьдзясят дзён, апранутыя ў зрэбніну. Яны ёсьць дзьве аліўкі і два сьветачы, якія стаяць перад Богам зямлі. І калі хто захоча ім нашкодзіць, агонь выйдзе із роту іхняга і пажарэ ворагаў іхных; і калі хто захоча ім нашкодзіць, то яму належыць быць забітым. Яны маюць уладу зачыніць неба, каб ня ішоў дождж у дні іхнага прарочаньня, і маюць уладу над водамі ператвараць іх у кроў, і пляжыць зямлю ўсялякай напасьцяй, калі толькі захочуць. І калі яны скончаць сьведчаньне сваё, зьвер, што выходзіць зь бяздоньня, будзе весьці вайну супраць іх, і пераможа іх і заб’е іх. І трупы іхныя (будуць ляжаць) на (шырокай) вуліцы места вялікага, якое называецца духова Садом і Ягіпет, дзе і Госпад наш быў укрыжаваны. І будуць глядзець на іхныя трупы із народаў і родаў, і моваў, і плямёнаў тры с паловай дні і трупы іхныя ня дазволяць пакласьці ў магілы. І тыя, што жывуць на зямлі, будуць радавацца аб іх і весяліцца, і пашлюць адзін аднаму падарункі, таму што гэтыя два прарокі мучылі жыхароў зямлі. І пасьля трох з паловай дзён дух жыцьця ад Бога ўвайшоў у іх, і яны ўсталі на ногі свае; і страх вялікі напаў на тых, што глядзелі на іх. І пачулі яны моцны голас зь неба, які казаў ім: узыйдзіце сюды. І яны ўзыйшлі на неба на воблаку; і ўбачылі іх ворагі іхныя. І ў той (жа) момант адбыўся вялікі землятрус, і дзясятая частка места разбурылася, і было забіта землятрусам сем тысячаў чалавечых імёнаў, а астатнія былі зьняты жахам і аддалі хвалу Богу Нябёснаму. Гора другое прайшло, вось гора трэйцяе ідзе хутка. І сёмы Ангел затрубіў, і прагучалі моцныя галасы на небе гаворачы: сталіся валадарствы сьвету (Валадарствам) Госпада нашага і Хрыста Ягонага, і Ён будзе валадарыць на векі вякоў. І дваццаць чатыры старэйшыны, якія сядзелі перад Богам на пасадах сваіх, упалі на абліччы свае і пакланіліся Богу, кажучы: дзякуем Табе, Госпадзе, Бог Уседзяржыцель, Які ёсьць і Які быў, і Які ідзе, што Ты праявіў сілу Тваю вялікую і заваладарыў. І пагане былі напоўнены злосьцю, і прыйшоў гнеў Твой і пара́ мёртвым быць судзімымі, і даць узнагароду рабам Тваім прарокам і сьвятым, і тым, хто баіцца Імені Твайго, малым і вялікім, і зьнішчыць тых, што нішчаць зямлю. І была расчынена Сьвятыня Бога на Небе, і быў зьяўлены кібот Запавету Ягонага ў Сьвятыні Ягонай; і сталіся маланкі і галасы і громы, і землятрус, і град вялікі.

І знак вялікі быў зьяўлены на небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад нагамі ў яе, і на галаве ейнай вянок з дванаццаці зорак. І маючы ўва ўлоньні, яна крычыць, пераносячы болі дзетанараджэньня і пакутуючы ад родаў. І быў зьяўлены другі знак на небе: і вось дракон вялікі агніста-чырвоны, які мае сем галоў і дзесяць рагоў, і на галовах ягоных сем дыядэмаў. І хвост ягоны звалок трэйцюю частку зорак (зь) неба, і скінуў іх на зямлю. І дракон стаў перад жанчынай, якая мела нарадзіць, каб калі народзіць дзіця сваё, зжэрці (яго). І нарадзіла яна сына, мужнага, якому належыць пасьвіць усе народы паліцай жалезнай. І ўзьнята было дзіця ейнае да Бога і да Пасаду Ягонага. І жанчына ўцякла ў пустэльню, дзе яна мае мейсца, прыгатаванае ад Бога, каб кармілі яе там тысячу дзьвесьце шэсьцьдзясят дзён. І адбылася вайна на небе: Міхаіл і Ангелы ягоныя ваявалі супраць дракона, і дракон і ангелы ягоныя ваявалі (супраць іх). Але (яны) ня выстаялі, і ня знайшлося ўжо мейсца для іх на небе. І скінуты быў дракон вялікі, зьмей старадаўны, называны д’яблам і шата́нам, які ўводзіць у заблуджэньне ўсю зямлю, быў скінуты на зямлю, і ангелы ягоныя былі скінуты (разам) зь ім. І пачуў я голас моцны, які гаварыў на небе: цяпер настала збаўленьне і сіла, і Валадарства Бога нашага, і ўлада Хрыста Ягонага, таму што скінены абвінаваўца братоў нашых, які вінаваціў іх перад Богам нашым удзень і ўноч. І яны перамаглі яго Крывёю Ягняка і словам сьведчаньня свайго, і ня пашкадавалі жыцьця свайго аж да сьмерці. Таму радуйцеся Нябёсы, і тыя, хто ў іх жыве! Гора жыхарам зямлі і мора, таму што зыйшоў д’ябал да вас, маючы лютасьць вялікую, ведаючы, што ня шмат мае часу. І калі дракон убачыў, што скінуты на зямлю, пачаў перасьледаваць жанчыну, каторая нарадзіла мужнага. І даны былі жанчыне два крылы арла вялікага, каб яна ляцела ў пустэльню ў мейсца сваё, (схавацца) ад аблічча зьмея, дзе б яна была харчаваная там пару́, і поры, і поўпары. І пусьціў зьмей за жанчынай із роту свайго ваду, як раку, каб яна была зьнесена ракой. Але жанчыне памагла зямля, і адчыніла зямля рот свой і праглынула раку, якую пусьціў быў дракон із роту свайго. І раз'юшыўся дракон на жанчыну і пайшоў ваяваць з астатнімі з насеньня ейнага, якія выконваюць загады Бога і маюць сьведчаньне Ісуса Хрыста.

І я быў пастаўлены на пяску марскім, і ўбачыў зьвера, выходзячы з мора, які меў сем галоў і дзесяць рогаў, і на рогах ягоных — дзесяць дыядэмаў, а на галовах ягоных — імя блюзьнерскае. А зьвер, якога я ўбачыў, быў падобны да пантэры, і ногі ягоныя — як у мядзьведзя, і пашча ягоная — як пашча ў льва. І даў яму дракон сілу сваю і пасад свой, і ўладу вялікую. І ўбачыў я адну із галоў ягоных, быццам на сьмерць забітую, але гэта сьмяротная рана ягоная была загоена. І была зьдзіўлена ўся зямля, (гледзячы) на зьвера. І пакланіліся дракону, каторы даў уладу зьверу, і пакланіліся зьверу, кажучы: хто падобны гэтаму зьверу? Хто можа ваяваць супраць яго? І даны быў яму рот, які вымаўляў моцныя (прамовы) і блюзьнерствы, і дадзена яму ўлада дзейнічаць сорак два месяцы. І ён разявіў рот свой для блюзьнерства на Бога, каб блюзьнерыць на Імя Ягонае і на Скінію Ягоную, і на тых, што жывуць на небе. І дадзена было яму ўчыніць вайну супраць сьвятых і перамагчы іх; і дадзена была яму ўлада над усякім родам і мовай, і племям. І паклоняцца яму ўсе жыхары зямлі, чые імёны ня запíсаны ў скрутку жыцьця Ягняка́, ахвярна забітага ад заснаваньня сьвету. Калі хто мае вуха, пачуй. Калі хто вядзе ў палон, (сам) пойдзе ў палон; калі хто забівае мечам, мусіць быць сам забіты мечам. У гэтым выяўляецца стойкасьць і вера сьвятых. І ўбачыў я другога зьвера, выходзячы із зямлі; і ён меў два рогі, падобныя да Ягняковых, і гаварыў, як дракон. І ўсю ўладу першага зьвера (ён) чыніць перад ім і прымушае зямлю і тых, што жывуць на ёй, каб яны пакланіліся зьверу першаму, у якога была загоена сьмяротная рана ягоная; і ён чыніць зна́кі вялікія, так што і агонь зводзіць зь неба на зямлю перад людзьмі, і заблуджае тых, што жывуць на зямлі знакамі, якія дадзена было яму чыніць перад зьверам, кажучы жыхарам зямлі, зрабіць абраз зьвера, які мае рану ад меча і жывы. І дадзена было яму даць дух вобразу зьвера, каб вобраз зьвера і гаварыў і рабіў (так), каб усе, хто ня паклоніцца абразу зьвера былі забіты. І ён робіць (так), каб усім, малым і вялікім, і багатым і ўбогім, і вольным і рабам было ім зроблена кляймо на іхную правую руку альбо на іхныя ілбы, і каб ніхто ня мог купіць альбо прадаць акрамя таго, хто мае гэта кляймо альбо імя зьвера, альбо лічбу імені ягонага. У гэтым ёсьць мудрасьць. Хто мае розум вылічы лічбу зьвера, бо гэта ёсьць лічба чалавека. А лічба ягоная — шасьцьсот шэсьцьдзясят шэсьць.

І глянуў (я), і вось Ягняк, Які стаіць на гары Сыёне, і зь Ім сто сорак чатыры тысячы, якія маюць Імя Бацькі Ягонага, напісанае на ілбах іхніх. І я пачуў голас зь неба, як шум водаў многіх, і як грымота грому моцнага; і я пачуў гучаньне гарпістаў граючы на гарпах сваіх. І яны пяюць быццам песьню новую перад Пасадам і перад чатырма жывёламі і старэйшынамі; і ніхто ня мог вывучыць гэтую песьню, акрамя ста сарака чатырох тысячаў адку́пленых ад зямлі. Гэта тыя, якія ня былі занячышчаны з жанчынамі, таму што яны нявіньнікі; яны ёсьць тыя, што ідуць усьлед за Ягняком, куды б Ён ні пайшоў. Яны адкуплены з людзей, пачатак (першакі) Богу і Ягняку. І ў вуснах іхніх ня было знойдзена няшчырасьці, таму што яны бяздакорныя перад Пасадам Бога. І ўбачыў я другога Ангела, які ляцеў пасярод неба, маючы Эвангельле вечнае, (каб) дабравесьціць жыхара́м зямлі і ўсякаму племяні і роду, і мове, і народу, гаворачы голасам моцным: пабойцеся Бога і аддайце Яму славу, таму што наступіла гадзíна суду Ягонага, і пакланіцеся Стварыцелю неба і зямлі, і мора, і вытокаў водаў. І іншы Ангел пайшоў (за ім), кажучы: упала, упала Бабілёнія, мясьціна (у сэнсе: места, горад) вялікая, таму што юрным віном блудадзеяньня свайго напаіла ўсе народы. І трэйці Ангел пайшоў за імі, кажучы голасам моцным: калі хто пакланяецца зьверу і абразу ягонаму і прыймае кляймо на лоб свой ці на руку́ сваю, ён будзе піць віно гневу Бога прыгатаванае, няразбаўленае із чары гневу Ягонага, і будзе мучымы ў агні і серцы перад сьвятымі Ангеламі і перад Ягняком. І дым мукі іхнай будзе ўзыходзіць у вяках вякоў, і ня будуць мець спакою ні ўдзень, ні ўночы тыя, што пакланяюцца зьверу і абразу ягонаму, і калі хто прыймае кляймо ягонага імя. Тут стойкасьць сьвятых; тут тыя, хто выконвае прыказаньні Бога і веру Ісуса. І пачуў я голас зь неба, гаворачы мне: напішы: шчасьлівыя мёртвыя, што адгэтуль паміраюць у Госпадзе; так; — гаворыць Дух, — каб яны адпачылі ад цяжа́раў сваіх; а ўчынкі іхныя ідуць сьледам за імі. І глянуў я, і вось воблака сьветлае, а на воблаку Сядзяшчы, падобны Сыну Чалавечаму, маючы на Галаве Сваёй залаты вянок, і ў Руцэ Сваёй серп востры. І другі Ангел выйшаў са Сьвятыні, гукнуўшы моцным голасам Сядзяшчаму на воблаку: пашлі серп Твой і пажні, таму што прыйшоў для Цябе час пажа́ць, таму што сасьпела жніво зямлі. І кінуў Сядзяшчы на воблаку серп Свой на зямлю, і была пажата зямля. І другі Ангел выйшаў са Сьвятыні, што на небе, сам маючы таксама серп востры. І другі Ангел выйшаў ад ахвярніку, маючы ўладу над агнём, і ўсклікнуў крыкам моцным да маючага серп востры, кажучы: пашлі твой серп востры і зрэж вінаградныя гронкі зямлі, таму што сасьпелі вінаградныя гронкі яе. І кінуў Ангел серп свой на зямлю, і зрэзаў вінаград зямлі, і кінуў (яго) у вялікую чавільню гневу Бога. І патаптана была чавільня вонках места, і пацякла кроў із чавільні аж да аброцяў коняў на тысячу шасьцьсот стадыяў.

І іншы знак убачыў я на небе, вялікі і дзіўны: сем Ангелаў, якія маюць сем апошніх плягаў, бо імі завершаны гнеў Бога. І я ўбачыў быццам мора шкляное, зьмешанае з агнём, і тых, што перамаглі зьвера і абраз ягоны, і кляймо ягонае, і лік імені ягонага, якія стаялі на моры шкляным, маючы гарпы Бога. І яны пяюць песьню Масея, раба Бога, і песьню Ягняка́, кажучы: вялікія і дзіўныя ўчынкі Твае, Госпадзе, Божа Ўседзяржыцель! Справядлівыя і праўдзівыя шляхі Твае, Валадар сьвятых! Хто ня збаіцца Цябе, Госпадзе, і ня праславіць Імя Твайго? Бо (Ты) адзін Сьвяты. Усе народы прыйдуць і паклоняцца перад Табою, бо справядлівыя суды Твае выяўлены. І пасьля гэтага я глянуў, і вось на Небе адчынена Сьвятыня Скініі сьведчаньня. І выйшлі са Сьвятыні сем Ангелаў, маючы сем плягаў, апранутыя ў льняную вопратку, чыстую і сьветлую, і падпераза́ныя (кожны) па грудзях залатымі паясамі. І адна із чатырох жывёлаў дала́ сямі ангелам сем чараў залатых, поўных гневу Бога, Які жыве ў вяках вякоў. І напоўнілася Сьвятыня дымам ад славы Бога і ад сілы Ягонай, і ніхто ня мог увайсьці ў Сьвятыню, пакуль ня былі споўнены сем плягаў сямі Ангелаў.

І я пачуў голас моцны са Сьвятыні, гаворачы сямём Ангелам: ідзіце і выліце чары гневу Бога на зямлю. І пайшоў першы (Ангел) і выліў чару сваю на зямлю — і сталася рана, смуродная і балючая, на людзях, якія маюць кляймо зьвера і якія пакланяюцца абразу ягонаму. І другі Ангел выліў чару сваю ў мора — і сталася кроў, як у мярцьвяка, і ўсякая жывая душа ў моры памерла. І трэйці Ангел выліў чару сваю ў рэкі і ў вытокі водаў — і сталася кроў. І я пачуў Ангела водаў, гаворачы: справядлівы, Госпадзе, Ты, Які ёсьць і быў, і Сьвяты, што гэтак асудзіў, таму, што кроў сьвятых і прарокаў яны пралілí, і Ты даў ім піць кроў, таму што яны варты. І пачуў я другога з ахвярніку, гаворачы: так, Госпадзе, Бог Уседзяржыцель, праўдзівыя і справядлівыя суды Твае. І чацьвёрты Ангел выліў чару сваю на сонца — і дадзена было яму пра́жыць людзей агнём. І спра́жаны былі людзі сьпякотай моцнай, і зьняважылі Імя Бога, Які мае ўладу над гэтымі плягамі; і ня пакаяліся, каб уздаць Яму славу. І пяты Ангел выліў чару сваю на пасад зьвера — і сталася валадарства ягонае пакрытым цемраю, і яны кусалі языкі свае ад пакуты. І зьняважылі Бога Неба з-за пакутаў сваіх, і з-за ранаў сваіх; і ня пакаяліся ва ўчынках сваіх. І шосты Ангел выліў чару сваю на вялікую раку Яўпрат, і высушана была вада ейная, каб была прыгатавана дарога для валадароў, якія ад усходу сонца. І ўбачыў (я выходзячых) із роту дракона і із роту зьвера, і із роту ілжэпрарока трох нячыстых духаў, падобных да жабаў: яны ёсьць духі дэманаў, робячыя знакі, каб выходзіць да валадароў зямлі і ўсяго сьвету, каб сабраць іх на вайну Таго Дня вялікага — (Дня) Бога Уседзяржыцеля. Вось, іду, як злодзей. Шчасьлівы, хто пільны і беражэ вопраткі свае, каб ня хадзіць яму голым і (каб) ня ўбачылі сораму ягонага. І ён сабраў іх на мейсца, што завецца па-жыдоўску Армагеддон. І сёмы Ангел выліў чару сваю ў паветра — і прагучаў голас моцны са Сьвятыні Неба, з Пасаду, гаворачы: сталася! І сталіся галасы і громы, і маланкі, і зрабіўся вялікі землятрус, якога ня было з той (пары, як) людзі зьявіліся на зямлі. Гэткі вялікі землятрус, гэткі вялікі! І развалілася места вялікае на тры часткі, і месты паганаў зруйнаваліся, і Бабілёнія вялікая ўспомнена перад Богам, (каб) даць ёй чару віна лютасьці гневу Ягонага. І ўсякі востраў счэз, і гораў ня стала; і град вялікі, як талант, упаў зь неба на людзей; і зьняважылі людзі Бога з-за плягі ад граду, таму што пляга ад яго была вельмі вялікай.

І прыйшоў адзін із сямёх Ангелаў, што мелі сем чараў, і прамовіў да мяне, кажучы мне: падыдзі, я пакажу табе суд (над) вялікай блудадзейкай, якая сядзіць на водах многіх, зь якой блудадзеялі валадары зямлі, і былі напоены віном блудадзейства ейнага жыхары зямлі. І ён завёў мяне ў пустэльню ў духу, і я ўбачыў жанчыну, якая сядзіць на зьверы барвовым, поўным імёнаў блюзьнерскіх, які мае сем галоў і дзесяць рогаў. І гэта жанчына, апранутая ў пархвіру і (вопратку) барвовую, і ўпрыгожаная золатам і каштоўным камнем і пэрламі, мела залатую чару ў руцэ сваёй, поўную агідаў і бруду блудадзейства свайго. І на лобе ейным напісана імя: тайна, Бабілёнія вялікая, матка блудадзеяк і агідаў зямлі. І я ўбачыў гэту жанчыну, якая ўпілася крывёю сьвятых і крывёю сьведкаў Ісуса. І я зьдзівіўся, гледзячы на яе, зьдзіўленьнем вялікім. І сказаў мне Ангел: чаго ты зьдзівіўся? Я скажу табе тайну гэтай жанчыны і зьвера, які носіць яе, які мае сем галоў і дзесяць рогаў. Зьвер, якога ты ўбачыў, быў, і няма яго, і мае падняцца з бяздоньня і пайсьці ў пагібель; і зьдзівуюцца жыхары зямлі, чые імёны ня запісаны ў скрутак жыцьця ад стварэньня сьвету, бачучы зьвера, што (ён) быў, і няма яго, хаця (ён) ёсьць. Тут розум, які мае мудрасьць. Сем галоў ёсьць сем гор, дзе гэта жанчына сядзіць на іх; і сем валадароў, із каторых пяць упалі, а адзін ёсьць, (а) другі яшчэ ня прыйшоў, і калі прыйдзе, нядоўга ён мае заставацца. І зьвер, які быў, і няма (яго), і ён ёсьць восьмы, і із сямёх ён, і ідзе ў пагібель. І дзесяць рогаў, каторыя ты ўбачыў, ёсьць дзесяць валадароў, якія валадарства яшчэ ня прынялі, але ўладу як валадары на адну гадзіну прымуць разам са зьверам. Яны маюць адну думку, і сілу і ўладу сваю перадаюць зьверу. Яны будуць весьці вайну зь Ягняком, і Ягняк пераможа іх, таму што Ён Госпад валадароў і Кароль (над) каралямі, і тыя, што зь Ім — пакліканыя і выбраныя і верныя. І кажа мне: воды, якія ты ўбачыў, дзе сядзіць блудадзейка — народы і натоўпы, і плямёны, і мовы. І дзесяць рогаў, якія ты ўбачыў на зьверу, яны ўзьнянавідзяць блудадзейку і спустошаць яе, і аголяць, і зьядуць яе цела, і спаляць яе ў агні. Бо Бог палажыў на сэрцы ім учыніць намер Ягоны, і выканаць адну волю і аддаць валадарства іхнае зьверу, дакуль ня споўняцца словы Бога. І жанчына, якую ты ўбачыў, ёсьць мясьціна (у сэнсе: места, горад) вялікая, якая мае панаваньне над валадарамі зямлі.

І пасьля гэтага я ўбачыў Ангела, спускаючыся зь неба, маючы ўладу вялікую; і зямля была асьветлена ад славы ягонай. І ён усклікнуў моцна голасам гучным, кажучы: упала, упала Бабілёнія, (блудадзейка) вялікая, і сталася жытлом дэманаў, і крэпасьцю ўсякага духа нячыстага, і прыстанішчам (для) усякай птушкі нячыстай і агіднай, таму што ад юрнага віна блудадзейства свайго яна напаіла ўсе народы, і валадары зямлі блудадзейнічалі зь ёю, і купцы зямлі разбагацелі ад сілы раскошы ейнай. І я пачуў другі голас зь неба, гаворачы: выйдзі зь яе, народзе Мой, каб ня быць вам удзельнікам у грахох ейных, і каб ня прыняць плягаў ейных, таму што дайшлі грахі ейныя да неба, і ўспомніў Бог бяззаконьні ейныя. Аддайце ёй так, як і яна дала́ вам, і аддайце ёй удвая паводля ўчынкаў ейных, у чары, у якой яна намяшала (напой для вас) вы намяшайце (напой) ёй удвая. Колькі славіла яна сябе і раскашавала, столькі дайце ёй пакуты і гора, таму што яна ў сэрцы сваім кажа: сяджу як каралева, і я ня ўдава, і гора ня ўбачу! Таму ў адзін дзень прыйдуць на яе плягі, сьмерць і гора і голад; і агнём яна будзе спалена, таму што магутны Госпад Бог, Які судзіць яе. І заплачуць па ёй і загалосяць па ёй каралі зямлі, якія зь ёй блудадзейнічалі і раскашавалі, калі ўбачаць дым ад гарэньня ейнага, стоячы здалёк у страху з-за пакуты ейнай, кажучы: гора, гора (табе) мясьціна (у сэнсе: места, горад) Бабілёнія вялікая, мясьціна (у сэнсе: места, горад) магутная, таму што ў адну гадзіну прыйшоў суд на цябе! І купцы зямлі лямантуюць і плачуць па ёй, таму што тавару іхняга ніхто больш ня купляе: тавару із золата і срэбра, і камня дарагога, і пэрлы, і віссону, і пархвіры, і шоўку, і барвовай тканіны, і ўсякага пахучага дрэва, і ўсякага вырабу са слановай косьці, і ўсякага вырабу із дрэва каштоўнага, і медзі, і жалеза, і мармару, і карыцы, і тыміяму (пахнасьцяў), і міру, і ладану, і віна, і аліўкавага алею, і мукí, і пшаніцы, і буйной жывёлы, і авечак, і коней, і калясьніц, і целаў, і душаў людзей. І плод жаданьня душы тваёй адыйшоў ад цябе, і ўсё раскошнае і пышнае адыйшло ад цябе, і ты ўжо ніколі ня знойдзеш іх. Гандляры гэтым, што абагаціліся ад яе, стануць воддаль у страху, плачучы і рыдаючы, (гледзячы на) пакуты ейныя, і кажучы: гора, гора (табе), мясьціна (у сэнсе: места, горад) вялікая, апранутая ў віссон і пархвіру, і барвовую тканіну, і ўпрыгожаная золатам, і каштоўным камнем, і пэрламі; таму што за адну гадзіну спустошана гэткае багацьце! і кожны стырнавы і ўсякае зграмаджэньне людзей на караблёх, і карабельныя маракі, і ўсе, хто працуюць на моры, сталі воддаль і закрычалі, бачучы дым гарэньня ейнага, кажучы: хто падобны мясьціне (у сэнсе: месту, гораду) гэтай вялікай? І пасыпалі пыл на галовы свае і крычалі, плачучы і рыдаючы, кажучы: гора, гора (табе) мясьціна (у сэнсе: места, горад) вялікая, у якой разбагацелі ўсе, хто мае караблі на моры, ад скарбу ейнага, таму што за адну гадзіну яна спустошана. Весяліцеся над ёй Неба і сьвятыя Апосталы, і прарокі, таму што ўчыніў Бог суд ваш над ёй. І ўзяў адзін моцны Ангел камень быццам млыновы камень вялікі, і кінуў у мора, кажучы: з гэткім размахам будзе кінутая Бабілёнія, мясьціна (у сэнсе: места, горад) вялікая, і больш ня будзе знойдзена. І гучаньне гарпістаў і музыкаў, і жалейнікаў, і трубачоў ня будзе чутна ў табе больш, і ніякі рамесьнік, і ніякае рамяство ня будзе знойдзена ў табе больш; і гук млыновага камня ня будзе чутно ў табе больш; і сьвятло сьветача ня зьявіцца ў табе больш, і голас маладога і маладой ўжо ня будзе чуцён ў табе: таму што купцы твае былі магнатамі зямлі (і) таму што чараваньнямі тваімі заблуджаны ўсе народы. І ў ёй знойдзена кроў прарокаў і сьвятых, і (кроў) усіх забітых на зямлі.

І пасьля гэтага я пачуў на небе моцны голас народу шматлікага, які гаварыў: галілуя (хваліце вы Ягову)! збаўленьне і слава, і чэсьць, і сіла Госпаду Богу нашаму! Таму што праўдзівыя і праведныя суды Ягоныя, таму што Ён засудзіў блудадзейку вялікую, якая разбэшчвала зямлю блудадзействам сваім, і Ён спагнаў кроў рабоў Сваіх ад рукі ейнай. І паўторна яны сказалі: галілуя (хваліце вы Ягову)! і дым ейны ўздымаецца ў вяках вякоў. Тады ўпа́лі дваццаць чатыры старэйшыны і чатыры жывёлы і пакланіліся Богу, Які сядзеў на Пасадзе, кажучы: амін, галілуя (хваліце вы Ягову)! І выйшаў голас з Пасаду, які мовіў: хваліце Бога нашага ўсе рабы Ягоныя і тыя, што баяцца Яго, і малыя і вялíкія. І я пачуў быццам голас народу шматлікага і быццам шум водаў многіх, і быццам грымоту громаў моцных, якія кажуць: галілуя (хваліце вы Ягову)! таму што заваладарыў Госпад Бог Уседзяржыцель. Радуймася і весялімася, і давайма славу Яму, таму што надыйшло вясельле Ягняка́, і жонка Ягоная прыгатавала сябе. І дадзена было ёй, каб яна апранулася ў віссон чысты і сьветлы; віссон жа ёсьць ўчынкі праведнасьці сьвятых. І (Ангел) гаворыць мне: напішы: шчасьлівыя запрошаныя на вячэру вясельля Ягняка́. І кажа мне: гэтыя словы ёсьць сапраўдныя (Словы) Бога. Тады я ўпаў да ног ягоных, каб пакланіцца яму, але ён гаворыць мне: глядзі, ня (рабі гэтага); (таму што) я суслужнік твой і братоў тваіх, якія маюць сьведчаньне Ісуса. Богу пакланіся, таму што сьведчаньне Ісуса ёсьць дух прароцтва. І я ўбачыў Неба расчыненае. І вось конь белы, і Сядзяшчы на ім, Якога называюць Верны і Праўдзівы; і Ён судзіць і ваюе па справядлівасьці. А Вочы Ягоныя, як полымя агню, і на Галаве Ягонай шмат дыядэмаў. (Ён) мае Імя напісанае, якога ніхто ня ведае, апрача Яго Самога. І (Ён) апрануты ў вопратку, змочаную крывёю. І называецца Імя Ягонае: Слова Бога. І войскі на Небе ішлі ўсьлед за Ім на конях белых, апранутыя ў віссон белы і чысты. І із вуснаў Ягоных выходзіць меч востры, каб ім (Ён) падпарадкаваў народы. І Ён будзе пасьвіць іх ськіпетрам жалезным. І Ён топча чавільню віна помсты і гневу Бога Ўседзяржыцеля. І (Ён) мае на вопратцы і на сьцягне Сваім напíсанае Імя: Кароль (над) каралямі і Госпад валадароў. І я ўбачыў аднаго Ангела, стоячы на сонцы; і ён крыкнуў голасам моцным, кажучы ўсім птушкам, якія лётаюць на ўзвышшы неба: ляціце, зьбірайцеся сюды на вячэру Вялікага Бога, каб пажэрці трупы каралёў і трупы тысячнікаў і трупы ду́жых, і трупы коней і коньнікаў на іх, і трупы ўсіх вольных і рабоў, і малых, і вялікіх. І я ўбачыў зьвера і валадароў зямлі, і войскі іхныя, сабраныя каб учыніць вайну супраць Сядзяшчага на кані і супраць войска Ягонага. І схоплены быў зьвер і зь ім ілжэпрарок, што чыніў знакі перад ім, якімі ён зблудзіў тых, што прынялі кляймо зьвера і тых, што пакланяюцца абразу́ ягонаму: абое жывыя ўкінуты ў возера агню, палаючае серкаю; а астатнія былі забіты мечам Сядзяшчага на кані, які выходзіў з вуснаў Ягоных; і ўсе птушкі насыціліся трупамі іхнімі.

І я ўбачыў Ангела, спускаючыся зь Неба, які меў ключ ад бяздоньня і ланцуг вялікі ў руцэ сваёй. І ён схапіў дракона, зьмея старадаўнага, які ёсьць д’ябал і шатан, і зьвязаў яго на тысячу гадоў, і кінуў яго ў бяздоньне і замкнуў яго і запячатаваў над ім, каб болей ня зблуджаў народы, пакуль ня скончыцца тысяча гадоў; і пасьля гэтага належыць яго вызваліць на малы час. І я ўбачыў пасады, і паселі на іх, і суд быў да́дзены ім, і душы сьцятых за сьведчаньне Ісуса і за Слова Бога, і каторыя ня пакланіліся зьверу, ні абразу ягонаму, і ня прынялі кляймо на лоб свой і на руку сваю. І яны ажылí і валадарылі са Хрыстом тысячу гадоў. Але астатнія зь мёртвых ня ажылí, пакуль ня скончыцца тысяча гадоў. Гэта — уваскрасеньне першае. Шчасьлівы і сьвяты той, хто мае ўдзел ва ўваскрасеньні першым: над гэтымі сьмерць другая ня мае ўлады, але яны будуць сьвятарамі Бога і Хрыста і будуць валадарыць зь Ім тысячу гадоў. І калі міне́цца тысяча гадоў, будзе вызвалены шатан ізь вязніцы сваёй ды выйдзе заблуджаць народы, што на чатырох краёх зямлі, Гога і Магога, каб сабраць іх на вайну, лік якіх, як пясок мора. І ўзыйшлі яны на абсяг зямлі, і акружылі стан сьвятых і места любаснае. І зыйшоў ад Бога агонь зь неба і зжэр іх; а д’ябал, які заблуджаў іх, укінуты ў возера агню і серкі, дзе зьвер і ілжэпрарок, і будуць мучаны ўдзень і ўначы ў вяках вякоў. І ўбачыў я вялікі белы Пасад і Сядзяшчага на ім, ад Аблічча Каторага ўцякла зямля і неба, і ня знойдзена было ім мейсца. І ўбачыў я мёртвых, малых і вялікіх, якія стаялі перад Богам; і скруткі былі разгорнуты, і іншы скрутак быў разгорнуты, які ёсьць (скрутак) жыцьця; і суджаны былі мёртвыя па напісанаму ў скрутках па ўчынках сваіх. Тады мора аддало мёртвых, што былі ў ім, і сьмерць і пекла аддалі мёртвых, што былі ў іх; і суджаны былі кожны па ўчынках сваіх. І сьмерць і пекла кінуты ў возера агню. Гэта ёсьць сьмерць другая. І калі хто ня быў знойдзены ў скрутку жыцьця запісаным, быў укінуты ў возера агню.

І я ўбачыў новае неба і новую зямлю, таму што першае неба і першая зямля мінулі, і мора ўжо няма. І я, Яан, убачыў сьвятое места, Новы Ярузалім, які сыходзіў ад Бога зь Неба, прыгатаваны як маладая, убраная для мужа свайго. І я пачуў голас моцны зь Неба, гаворачы: вось, Скінія Бога з чалавекамі, і Ён будзе жыць зь імі, і яны будуць народамі Ягонымі, і Сам Бог будзе зь імі Богам іхным. І абатрэ Бог усякую сьлязу з вачэй іхных, і сьмерці больш ня будзе; ані плачу, ані ляманту, ані пакуты больш ня будзе, таму што першыя мінулі. І сказаў Сядзяшчы на Пасадзе: вось раблю ўсё новае. І кажа мне: напішы, таму што словы гэтыя ёсьць праўдзівыя і верныя. І Ён сказаў мне: сталася! Я ёсьць Альфа і Омэга, Пачатак і Канец. Прагнучаму Я дам з вытока вады жыцьця да́рма. Хто пераможа атрымае ў спадчыну ўсё, і Я буду яму Богам, і ён будзе Мне сынам. Баязьлівым жа і няверным, і агідным, і забойцам, і блудадзеям, і чарадзеям, і ідаласлужкам, і ўсім ілгунам: доля іхная ў возеры, якое гарыць агнём і серкай. Гэта ёсьць сьмерць другая. І прыйшоў да мяне адзін із сямёх Ангелаў, якія мелі сем чараў, напоўненых сямёма плягамі апошнімі, і загаварыў са мною, кажучы: хадзі, я пакажу табе маладую Ягняка, жонку. І ён узьнёс мяне ў духу на гару вялікую і высокую, і паказаў мне места вялікае, сьвяты Ярузалім, які спускаецца зь Неба ад Бога, якое мае славу Бога, і сьветач ягоны падобны да камня найкаштоўнейшага, быццам да камня ясьпісу, які зьзяе, як крышталь. І (места) мае сьцяну вялікую і высокую; мае дванаццаць брамаў, і на гэтых брамах дванаццаць Ангелаў, і напісаныя імёны, якія ёсьць дванаццаць родаў сыноў Ізраэля; з усходу тры брамы, з поўначы тры брамы, з поўдня тры брамы, з захаду тры брамы. І сьцяна места мае дванаццаць падмуркаў, і на іх імёны дванаццацёх Апосталаў Ягняка́. І той, што гаварыў са мною, меў залатую трысьціну, каб абмераць (яму) места і брамы ягоныя, і сьцяну ягоную; і места ляжыць чатырохкутнікам, і даўжыня яго такая ж, як і шырыня. І ён абмерыў места трысьцінай на дванаццаць тысячаў стадыяў; даўжыня і шырыня і вышыня ягоныя аднолькавыя. І ён абмерыў сьцяну ягоную ў сто сорак чатыры локці мераю чалавечаю, якая ёсьць (і) Ангела. Сьцяна ягоная пабудаваная зь ясьпісу, а места — чыстае золата, падобнае да шкла чыстага. А падмуркі сьцяны места ўпрыгожаны ўсякім камнем каштоўным: падмурак першы — ясьпіс, другі — шапір, трэйці — халцэдон, чацьверты — шмарагд, пяты — сардонікс, шосты — крывавец, сёмы — хрызоліт, восьмы — бэрыл, дзявяты — топаз, дзясяты — хрызопрас, адзінаццаты — гіяцынт, дванаццаты — амэтысты. А дванаццаць брамаў — дванаццаць пэрлаў; кожная брама была із адной пэрліны, і вуліца места — чыстае золата, празрыстае як шкло. І Сьвятыні ў ім я ня ўба́чыў, таму што Госпад, Бог Уседзяржыцель ёсьць Сьвятыня Ягоная і Ягняк. І места ня мае патрэбы ў сонцу, ані ў месяцу, каб сьвяціць у ім, таму што слава Бога асьвяціла яго, і сьветач ягоны — Ягняк. І народы зба́ўленых будуць хадзіць у сьвятле ягоным, і каралі зямлі прынясуць славу і чэсьць сваю ў яго. І брамы ягоныя ня будуць запірацца ўдзень, таму што ночы там ня будзе. І прынясуць славу і чэсьць народаў у яго. І ня ўвойдзе ў яго нішто нячыстае, і той хто чыніць агіду і ілжу, але толькі запíсаныя ў скрутку жыцьця Ягняка.

І паказаў мне чыстую раку вады жыцьця, сьветлую, як крышталь, якая выцякае ад Пасаду Бога і Ягняка. Пасярэдзіне вуліцы ягонай і ракі з аднога і другога боку, дрэва жыцьця, якое прыносіць плады дванаццаць (разоў у год), якое кожны ўсякі месяц дае плод свой; і лісты дрэва — для ўзгадаваньня народаў. І ніякага пракляцьця ўжо ня будзе; але Пасад Бога і Ягняка́ ў ім будзе, і рабы Ягоныя будуць служыць Яму. І яны ўбачаць Аблічча Ягонае, і Імя Ягонае на ілбах іхных (будзе). І ночы там ня будзе; і ня маюць патрэбы ў сьветачу і ў сьвятле сонца, таму што Госпад Бог асьвятляе іх; і будуць валадарыць у вяках вякоў. І сказаў мне: словы гэтыя верныя і праўдзівыя; і Госпад, Бог сьвятых прарокаў паслаў Ангела Свайго паказаць рабам Сваім, што мае стацца ў хуткім часе. Вось, прыходжу хутка: шчасьлівы, хто трымаецца слоў прароцтва скрутка гэтага. І я, Яан, які бачыў гэта і чуў. І калі я пачуў і ўбачыў, упаў, каб пакланіцца да ног Ангела, які паказаў мне гэтае, І ён гаворыць мне: глядзі, ня (рабі гэтага), бо я суслужнік твой і братоў тваіх, прарокаў, і тых, што трымаюцца слоў скрутка гэтага; Богу пакланіся. І кажа мне: ня запячатавай словы прароцтва скрутка гэтага, таму што час блізкі. Нясправядлівы хай творыць яшчэ нясправядлівасьць, і нячысты хай нячысьціцца яшчэ, але справядлівы хай чыніць справядлівасьць яшчэ, і сьвяты хай асьвячаецца яшчэ. І вось прыходжу хутка, і адплата Мая са Мною, (каб) адплаціць кожнаму, якім будзе чын ягоны. Я ёсьць Альфа і Омэга, Пачатак і Канец, Першы і Апошні. Шчасьлівыя тыя, хто выконвае прыказаньні Ягоныя, каб мець ім права на дрэва жыцьця і ўвайсьці ў места праз брамы. А звонку сабакі і чарадзеі, і блудадзеі, і забойцы, і балванаслужкі, і кожны, хто любіць і чыніць няпраўду. Я, Ісус, паслаў Ангела Майго засьведчыць вам гэта ў цэрквах. Я ёсьць Корань і Нашчадак Давіда, Зорка сьветлая і ранішняя. І Дух і маладая кажуць: Прыйдзі! І хто чуе, хай скажа: Прыйдзі! І хто прагне, хай прыйдзе, і хто жадае, хай бярэ ваду жыцьця да́рма. Бо я сьведчу кожнаму, хто чуе словы прароцтва скрутка гэтага: калі хто дадасьць (што-небудзь) да іх, то Бог накладзе на яго плягі, якія напісаны ў скрутку гэтым. І калі хто адыме із слоў скрутка прароцтва гэтага, то Бог адыме ўдзел ягоны із скрутка жыцьця і із места сьвятога, і із тых, што напісаны ў скрутку гэтым. Той, хто сьведчыць гэта, кажа: так, прыходжу хутка! Амін. Так, прыходзь, Госпадзе Ісусе! Багадаць Госпада нашага Ісуса Хрыста са ўсімі вамі. Амін.


Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.