Библия › Сабіла › Да жыдоў

Да жыдоў

Бог, Які шмат разоў і многімі спосабамі здаўна гаварыў да ба́цькаў (нашых) праз прарокаў, у апошнія гэтыя дні Ён прамовіў да нас у Сыне, Якога паставіў спадкаемцам усяго, празь Якога і вякі стварыў. Ён, будучы зьзяньнем Славы і адзінствам прыроды Ягонай, творачы ўсё Словам Сілы Сваёй, зьдзейсьніўшы Сабою ачышчэньне нашых грахоў, сеў праваруч Ве́лічы на вышынях. Наколькі Ягоная прырода была пераўзыходзячай над прыродай Ангелаў, настолькі пераўзыходзячае перад імі Імя Ён успадкаваў. Бо каму з Ангелаў Ён калі-небудзь сказаў?: «Ты Сын Мой, Я сягоньня спарадзіў Цябе». І яшчэ: «Я буду Яму Ба́цькам, а Ён будзе Мне Сынам». І ізноў: калі Ён уводзіць Першароднага ў сусьвет, кажа: «І хай паклоняцца Яму ўсе Ангелы Бога». А пра Ангелаў (аўтар Псальма 104) кажа: «Які (Ягова) робіць духаў Ангеламі Сваімі, і служак — Сваім агнявым полымям». А пра Самога Сына: «Пасад Твой, Бог, навек вечнасьці; жазло Валадарства Твайго — жазло праўды». «Ты ўзьлюбіў праведнасьць і зьнянавідзіў бяззаконьне; таму памазаў Цябе, Бог, Бог Твой алеем радасьці больш за супольнікаў Тваіх». І: «Ты напачатку, о Госпадзе, заснаваў зямлю, і Нябёсы ёсьць справа Рук Тваіх; яны загінуць, а Ты прабываеш (у вяках вякоў); і ўсе яны, як вопратка састарэюць, і, як вопратку, Ты скруціш іх, і будуць пераме́нены; а Ты Той Самы, і гады Твае ня скончацца». І да каго з Ангелаў Ён калі-небудзь сказаў?: «сядзі праваруч Мяне, пакуль ні пакладу ворагаў Тваіх падножжам Ног Тваіх». Ці ня ўсе яны службовыя духі, пасыланыя на служэньне дзеля тых, якія маюць спадкаваць збаўленьне?

Таму нам ніабходна быць асабліва ўважлівымі да пачутага, каб ня адпасьці. Бо калі праз Ангелаў ска́занае слова было цьвёрдым, а ўсякае парушэньне і няпаслухмянства атрымала справядлівую адплату, дык як пазьбегнем мы, якія занядбалі гэткае вялікае выратаваньне, якое спачатку было абвешчана Госпадам, і ў нас умацавана тымі, што пачулі ад Яго, пры сьведчаньні Богам зна́камі і цудамі і рознымі сіламі, і разьмеркаваньнем дароў Духам Сьвятым па Ягонай волі? Бо ня для Ангелаў (Ён) упакорыў будучы сусьвет, пра які гаворым. Засьведчыў жа недзе нехта, кажучы: «Што ёсьць чалавек, што Ты па́мятаеш яго, альбо сын чалавечы, што Ты клапоцішся пра яго? Ты на нядоўга прынíзіў яго перад Ангеламі; славаю і чэсьцю Ты ўвянчаў яго і паставіў яго панад творамі Рук Тваіх; усё пакарыў Ты пад ногі ягоныя». Бо калі (гаворым, што) пакарыў яму ўсё, (гэта значыць, што) нічога ня пакінуў Ён ня пакораным яму. Але цяпер мы бачым, (што) яшчэ ня ўсё Яму было пакорана. Але мы бачым на нядоўга ўмалёнага перад Ангеламі, — Ісуса, — увенчанага славай і чэсьцю за перанясеньне сьмерці, каб Яму паводля Багадаці Бога перанесьці сьмерць за кожнага. Бо належала Яму, праз Якога ўсё, і дзеля Якога ўсё, Які многіх сыноў прывёў у славу і праз пакуты стаўся Правадыром іхняга поўнага (і канчатковага) збаўленьня. Бо і Той, Хто асьвячае, і асьвячаемыя — усе ад Аднаго, дзеля гэтага Ён ня сароміцца называць іх братамі, кажучы: «Абвяшчу Імя Тваё братам Маім, сярод царквы буду славіць гімнамі Цябе». І яшчэ: «Я буду спадзявацца на Яго». І яшчэ: «Вось Я і дзеці, якіх даў Мне Бог». Гэтак сама як дзеці паходзяць (ад пэўнага) цела і крыві дык і Ён прыняў іх гэткімі (як дзяцей) каб праз сьмерць (Сваю дзеля іх) пазбавіць сілы таго хто мае сілу над сьмерцю, гэта значыць д’ябла, і вызваліць тых, якія ўсё жыцьцё былі зьняволены страхам сьмерці. Бо Ён успрыняў (на Сябе) ня прыроду Ангелаў, але прыроду насеньня Абрагама. Таму Яму належала ва ўсім стацца падобным да братоў, каб быць міласэрным і верным Архірэем перад Богам, і каб адкупіць народ (братоў) ад грахоў. Таму Ён можа дапамагчы тым, якія пераносяць спакусы, бо Ён і Сам перацярпеў тое ж, будучы спакушаемым.

Таму, браты сьвятыя, удзельнікі нябеснага прыклíканьня, пранікніцеся думкаю пра Пасланца (Неба) і Архірэя вызнаньня нашага — Хрыста Ісуса, Які верны Таму, Хто паставіў Яго, як і Масея ва ўсім доме Ягоным. Бо Ён у параўнаньні зь Масеям уганараваны большаю славаю, як мае большую чэсьць у параўнаньні з домам Той, Хто пабудаваў гэты дом; бо ўсякі дом збудоўваецца некім; а Той, Хто збудаваў ўсё ёсьць Бог. І Масей верны ва ўсім доме Ягоным, як служка, бо сьведчыў пра тое што і належала апавясьціць; а Хрыстос — як Сын над домам Ягоным, дом жа Ягоны — мы, калі толькі адвагу і пахвалу надзеі цьвёрда да канца захаваем. Таму, як кажа Дух Сьвяты: «сёньня, калі пачуеце Голас Ягоны, ня рабіце жорсткімі сэрцы вашыя, як у час мяцежнага нараканьня у дзень спакушэньня ў пустэльні, дзе спакушалі Мяне ба́цькі вашыя, выпрабоўвалі Мяне і бачылі Ўчынкі Мае сорак гадоў. Таму Я ўгнявіўся на род той і сказаў: “заўсёды блукаюць яны сэрцам і ня пазналі Маіх шляхоў”. Таму Я прысягнуўся ў гневе Маім: “ня ўвойдуць яны ў Супакой Мой!”» Глядзіце, браты, каб ня ўвайшла ў каго з вас у сэрца загана нявер’я, каб ня адпасьці ад Бога Жывога. Але падбадзёрвайце адзін воднага кожны дзень, дакуль (яшчэ) можна казаць «сёньня» (яшчэ ня позна), каб ня стаў хто з вас жорсткім праз падман грэху. Бо мы сталіся супольнікамі Хрысту, калі толькі прынятае спачатку рашэньне цьвёрда захаваем да канца, пакуль можна казаць «сёньня» (яшчэ ня позна); і калі пачуеце голас Ягоны, ня зрабіце жорсткімі сэрцы вашыя, як у час смуты. Бо нікаторыя і пачуўшы (голас Ягоны) узбунтаваліся, але ня ўсе, хто выйшаў зь Ягіпту разам з Масеям. На каго ж гневаўся Ён сорак гадоў? Ці ні на тых, што зграшылі, чые косткі паляглі ў пустэльні? Каму ж Ён пакляўся, што ня ўвойдуць у супакой Ягоны, калі ні няпакорлівым? І мы бачым, што яны ня змаглі ўвайсьці праз няверства.

Дык будзем ру́піцца, каб увайсьці ў супакой Ягоны, пакуль яшчэ застаецца абяцаньне, каб ня стаўся хто з вас спазьніўшымся. Бо і нам было абвешчана (гэта Слова Бога), як і тым; але ім ня дало карысьці пачу́тае слова, бо ня спалу́чана было зь вераю тых, што пачу́лі. Бо ўваходзім у супакой мы, што паве́рылі, бо Ён сказаў: «Гэтак Я пакляўся ў гневе Маім: “ня ўвойдуць яны ў супакой Мой”», хаця дзеі Ягоныя былі скончаныя ўжо ад пачатку сьвету. Бо сказана недзе пра сёмы дзень гэтак: «І супачыў Бог у дзень сёмы ад усіх дзеяў Сваіх». І ўсё ж такі (Ён гаворыць): «Ня ўвойдуць яны ў супакой Мой!» Дык, як нікаторым застаецца ўвайсьці ў яго, а тыя, якім раней было дабравешчана, ня ўвайшлі за няпакорлівасьць, (Ён) ізноў прызначае нейкі дзень, «сягоньня», кажучы праз Давіда, пасьля столькі доўгага часу, як сказана: «сягоньня, калі пачуеце голас Ягоны, ня рабіце жорсткімі сэрцы вашыя». Бо калі б Ісус (Навін) увёў іх у супакой, то (Ён) ня казаў бы пра іншы дзень. Таму застаецца для народу Божага сьвяткаваньне суботы. Бо хто ўвайшоў у супакой Ягоны, той і сам супакоіўся ад дзеяў сваіх, як і Бог ад Сваіх. Таму пастараймася ўвайсьці ў той супакой, каб ніхто паводля таго ж прыкладу ня ўпаў у няпакорнасьць. Бо Слова Бога жывое і дзейснае, і вастрэйшае за ўсякі меч двусечны, і пранікае ажно да разьдзяленьня сувязяў паміж душой і духам, і розумам, і здольна судзіць помыслы і намеры сэрца. І няма стварэньня ўкрытага ад Яго; але ўсё аголена і адкрыта перад вачамі Ягонымі, перад Якім наша справаздача. Дык маючы Архірэя вялікага, Які прайшоў Нябёсы — Ісуса, Сына Бога, цьвёрда трымаймася (нашага) веравызнаньня. Таму што мы маем Архірэя ня такога, Які ня мог бы спагадаць нам у немачах нашых, але маем спакушанага ва ўсім падобна нам, але застаўся бяз грэху. Таму прыступайма з адвагаю да пасаду Багадаці, каб атрымаць нам зьмілаваньне, і дзеля своечасовай дапамогі атрымаць спрыяньне (Бога).

Бо ўсякі архірэй, які выбіраецца зь людзей, дзеля людзей жа і пастаўляецца перад Богам, каб прыносіць дары і ахвяры за грахі; каб мог паблажаць няцямным і заблуканым, таму што ён і сам абложаны немаччу. Таму ён павінен як за народ, так і за сябе прыносіць (ахвяры) за грахі. І ніхто самавольна ня бярэ на сябе гэтую чэсьць, але прыклікаемы Богам, як і Агарон. Так і Хрыстос ня Сам Сябе праславіў, каб стаць Архірэем, але Той, Хто сказаў Яму: «Ты — Сын Мой, Я сягоньня нарадзіў Цябе»; як у іншым мейсцы кажа: «Ты Сьвятар на векі вякоў паводля чыну Мельхісэдэка». Ён, у дні Цела Свайго, узьнёс з моцным лямантам і сьлязьмі малітвы і маленьні да Таго, Хто мог выратаваць Яго ад сьмерці, і быў пачуты за багавейнасьць. Хоць Ён і Сын, аднак навучыўся паслушэнству праз усё тое, што перацярпеў. І, стаўшы ўдасканаленым, стаўся прычынай вечнага выратаваньня для ўсіх, хто Яму паслухмяны, названы Богам Архірэем паводля чыну Мельхісэдэка, пра Якога нам належала гаварыць многа, але цяжка растлумачыць, таму што вы зрабіліся няздольнымі слухаць. Бо паводля часу вам належыць быць настаўнікамі, але вы ізноў маеце патрэбу, каб хто вучыў вас першапачаткам Слоў Бога, і вам ізноў трэба малако, а ня цьвёрдая ежа. Бо кожны, хто корміцца малаком, нясьведамы ў слове праведнасьці, бо ён ёсьць нямаўля; а дасканалым уласьціва цьвёрдая ежа, бо іхныя пачуцьці практыкай прывучаны, каб адрозьніць дабро ад зла.

Таму, мінуўшы пачатак вучэньня Хрыстовага, будзем ісьці да дасканаласьці, ня кладучы ізноў асновы для пакаяньня ў мёртвых учынках і (для) веры ў Бога, (для) вучэньня аб хрышчэньнях, аб ускладаньні рук, аб уваскрасеньні мёртвых і аб судзе вечным. Зробім і гэтае, калі Бог дазволіць. Таму што нямагчыма тых, што былí аднойчы асьвечаныя, паспыталі дару нябеснага і сталі саўдзельнікамі Духа Сьвятога, і паспыталі добрага Слова Божага і сілаў будучага веку, але адпаўшых, ізноў абнаўляць пакаяньнем, якія ізноў раскрыжоўваюць у сабе Сына Божага і прылюдна ганьбуюць Яго. Бо зямля, якая (са збыткам) напілася ад дажджу, які на яе часта ідзе́, і якая росьціць злак, карысны для тых, для каторых яна і абрабляецца, дастае багаславеньне ад Бога; а якая росьціць цярніну і чартапалох — няпрыдатная і блізкая да пракляцьця, канец якой — спаленьне. Мы ж упэўнены адносна вас, любасныя, што вы ёсьць у значна лепшым стане і трымаецеся збаўленьня, хоць і гаворым гэтак. Таму што ня няверны Бог, каб забыць дзею вашую і працу любові, якую вы выявілі ў імя Ягонае, паслужыўшы і служачы сьвятым. Жадаем жа, каб кожны з вас выявіў рупнасьць і поўную ўпэўненасьць у надзеі да канца. Каб вы ня разгультаіліся, але сталі насьлядоўцамі тым, якія праз веру і доўгацярплівасьць спадкуюць абяцаньні. Бо Бог, даўшы абяцаньні Абрагаму, калі ня меў нікога вышэйшага (за Сябе), каб (ім) прысягнуць, прысягнуў Самім Сабой, кажучы: «Праўду, праўду кажу, багаслаўляючы багаслаўлю цябе і памнажаючы памножу цябе». І такім чынам, (Абрагам) доўгаперацярпеўшы, атрымаў абяцаньне. А людзі прысягаюцца вышэйшым, і ўсякая іхная спрэчка заканчываецца прысягай на сцьвярджэньне. Таму і Бог, хочучы больш пераканаўча паказаць спадкаемцам абяцаньня нязьменнасьць Сваёй волі, скарыстаўся прысягай, каб у двух нязьменных рэчах у якіх нямагчыма, каб Бог сказаў няпраўду, і мы, збаўленыя, мелі надзейнае суцяшэньне, і маглі ўхапіцца за надзею, якая ляжыць перад намі, якую маем як якар для душы, моцны і надзейны, і якая ўваходзіць у ўнутранае, за заслону, куды папярэднікам за нас увайшоў Ісус, зрабіўшыся Архірэем паводля чыну Мельхісэдэка на вякі вякоў.

Бо Мельхісэдэк, валадар Саліму, сьвятар Бога Найвышэйшага, які сустрэў Абрагама, што вяртаўся пасьля зьнішчэньня каралёў, і багаславіў яго (Абрагама), якому Абрагам нават дзесяціну аддзяліў ад усяго, — па першае, паводля тлумачэньня — «валадар праведнасьці», затым і «валадар Саліму», гэта значыць «валадар міру», бяз бацькі, бяз маткі, бяз радаводу, які ня мае ні пачатку дзён, ні канца жыцьця, прыпадобнены да Сына Бога застаецца сьвятаром назаўсёды. Бачыце, які вялікі той, якому нават патрыярх Абрагам даў дзесяціну з найлепшых здабычаў. І з сыноў Левія, якія атрымоўваюць сьвятарства, маюць прыказаньне: браць дзесяціну ад народу паводля Закону, гэта значыць з братоў сваіх, хаця тыя і паходзяць ад паясьніцы Абрагама. А ён, які ня паходзіць ад іх, атрымаў дзесяціну ад Абрагама і таго, хто мае абяцаньні, багаславіў. Бяз усялякай супярэчнасьці, меншы багаслаўляецца большым. І тут дзесяціны бяруць людзі сьмяротныя, там жа (ёсьць той), пра якога засьведчана, што ён жыве. І, так сказаць, што праз Абрагама і Левій, які прынімае дзесяціны, даў дзесяціну: бо ён быў яшчэ ў бацькавых сьцёгнах, калі сустрэўся зь ім Мельхісэдэк. Калі б дасканаласьць была дасягальнай праз лявіцкае сьвятарства, — бо Закон прыняты народам пры ім, — дык якая б яшчэ была няабходнасьць паўставаць другому сьвятару паводля чыну Мельхісэдэка, а ня паводля чыну Агарона называцца? Бо зь пераменай сьвятарства ўзьнікае няабходнасьць і перамены Закону. Бо Той, пра Якога гэта гаворыцца, Ён належаў да другога калена, зь якога ніхто ня прыступаў да ахвярніку. Бо вядома, што Госпад наш паўстаў із калена Юды, адносна якога Масей нічога ня сказаў наконт сьвятарства. І гэта яшчэ больш вачавідным становіцца тады, калі паводля падабенства Мельхісэдэку паўстае іншы Сьвятар, Які паўстае ня паводля Закону прыказаньня цялеснага, але паводля сілы жыцьця вечнага. Таму што (Бог) сьведчыць: «Ты Сьвятар на векі вякоў паводля чыну Мельхісэдэка». Адмена ж папярэдняга Закону адбываецца па прычыне ягонай немачы і бяскарыснасьці бо гэны (папярэдні) Закон нічога ня давёў да дасканаласьці, але ўводзіцца лепшая надзея, празь якую мы набліжаемся да Бога. І як ўсё (было) ня бяз прысягі, — бо тыя станавіліся сьвятарамі бяз прысягі, а Гэты (стаўся Сьвятаром) з прысягай Таго, Хто гаварыў да Яго: «Госпад пакляўся і ня раскаецца: Ты — Сьвятар на векі вякоў паводля чыну Мельхісэдэка», — дык наколькі большага Запавету стаўся зару́чнікам Ісус. І тых сьвятароў было многа, таму што сьмерць перарывала кожнаму зь іх жыцьцё. А Гэты праз тое, што трывае ў вяках вякоў, мае Сьвятарства бясконцае, таму і ратаваць можа на векі вякоў тых, што прыходзяць празь Яго да Бога, бу́дучы вечна жывым, каб заступацца за іх. Бо (вось) гэткага Архірэя і належала нам мець: сьвятога, вольнага ад зла, бяззаганнага, аддзеленага ад грэшнікаў, Які стаўся ўзвышаным панад нябёсамі, Які ня мае патрэбы як гэныя архірэі, кожны дзень прыносіць ахвяры сьпярша за свае грахі, а потым за грахі народу; а Ён (усё) гэта зрабіў, раз і назаўсёды ахвяраваўшы Сябе. Бо Закон стаўляе архірэямі людзей, якія маюць немачы; слова ж прысягі, што пасьля Закону, паставіла Сына, Які ёсьць дасканалы ў вяках вякоў.

А галоўнае, пра што кажам, ёсьць у тым: мы маем Архірэя, Які сеў праваруч пасаду Велічы на Нябёсах, слугу Сьвятыні і Скініі сапраўднай, якую паставіў Госпад, а ня чалавек. Бо кожны архірэй стаўляецца, каб прыносіць дары і ахвяры; а таму і Гэтаму трэба было мець, што прынесьці. Калі б Ён заставаўся на зямлі, дык ня быў бы сьвятаром, таму што тут ужо ёсьць сьвятары, якія прыносяць дары паводля Закону, якія служаць абразу і ценю нябесных рэчаў, як было сказана Масею, калі ён маніўся паставіць скінію: «Дык глядзі, — кажа Ён, — зрабі ўсё па ўзору, які паказаны табе на гары». Цяпер жа Ён атрымаў найвыдатнейшае служэньне, паколькі Ён стаў Пасярэднікам лепшага Запавету, які ўзаконены на самых лепшых абяцаньнях. Бо калі б той першы (Запавет) быў (абсалютна) дасканалым, дык ня было б патрэбы шукаць мейсца для другога. Але (прарок) дакараючы іх кажа: «Вось надыходзяць дні, — кажа Госпад, — калі Я ўчыню з домам Ізраэля і з домам Юды Новы Запавет, ня падобны Запавету, які Я ўчыніў з ба́цькамі іхнымі ў дзень (той), калі Я ўзяў іх за руку́, каб вывесьці іх зь зямлі Ягіпту, але яны ня жылі паводля Майго Запавету, і Я перастаў рупіцца пра іх, — гаворыць Госпад. — Дык вось Запавет, які Я ўчыню з домам Ізраэля пасьля дзён гэных, — кажа Госпад, — укладу законы Мае ў думкі іхныя і напішу іх на сэрцах іхных і буду ім Богам, а яны будуць Мне народам. І ня будзе вучыць кожны блізкага свайго і кожны брата свайго, кажучы: “Спазнай Госпада”, таму што ўсе будуць ведаць Мяне, ад малога іхняга да дарослага іхняга. Бо Я буду літасьцівы да іх у няправеднасьцях іхных і грахоў іхных і бяззаконьняў іхных больш ня ўспомню». Калі кажа «новы», тым паказаў састарэласьць першага; а што парахнее і старэе — блізкае да зьнікненьня.

І першы (Запавет) меў пастановы пра Богаслужбы і сьвяцілішча зямное. Першая ж скінія была збудаваная; у першай частцы ейнай былі: сьвяцільнік, і стол, і хлябы (ахвярныя, сьвятарскія), яна называецца «Сьвятое». За другой завесай — (другая частка) скініі, яна называецца «Сьвятое Сьвятых», якая мела залатую кадзільню і каўчэг Запавету, абкладзены з усіх бакоў золатам, у якім залаты посуд з манкаю і посах Агарона, які расьцьвіў, і пліты Запавету; над ім — хэрубімы славы, якія ахінаюць (крыламі) ачысьцільню; пра што цяпер ня час гаварыць падрабязна. Пры гэткім уладкаваньні ў першую (частку) скініі заўсёды ўваходзяць сьвятары, каб учыніць Богаслужбу; у другую (частку) — адзін раз у год уваходзіць толькі адзін архірэй, і ня бяз крыві, якую прыносіць за сябе і грахі народу. Гэтым Дух Сьвяты пака́звае, (што нам) яшчэ ня адкрыты шлях у Сьвятое Сьвятых, пакуль (законна) дзейнічае першая скінія, якая ёсьць абраз цяперашняга (дагалготскага) часу, калі дары і ахвяры прыносяцца (такія), якія ня маюць сілы зрабіць дасканалым сумленьне таго, хто служыць, — (і тычацца яны) толькі ежы і пітва, і розных абмываньняў і прадпісаны для цела, прызначаныя да часу выпраўленьня. А Хрыстос, Архірэй будучых дабротаў, прыйшоўшы праз большую і дасканалейшую скінію, нярукатворную, гэта значыць ня такой будовы, і ня праз кроў казлоў і (маладых) быкоў, але праз Сваю Кроў увайшоў аднойчы ў Сьвятое Сьвятых, здабыўшы вечнае збаўленьне. Бо калі кроў быкоў і казлоў, і попел цялушкі, пры акрапленьні апаганеных асьвячае, і ачышчае чалавека ад грахоў, то наколькі больш Кроў Хрыста, Які праз Духа Вечнага прынёс Сябе бяззаганнага Богу, ачысьціць сумленьне вашае ад мёртвых учынкаў дзеля таго, каб служыць Богу жывому. І таму Ён, Пасярэднік Новага Запавету, памёр дзеля адкупленьня грахоў, якія былí ўчынены ў першым Запавеце, каб прыкліканыя да вечнай спадчыны атрымалі абяцанае. Бо дзе завяшчаньне, там мусіць прыйсьці сьмерць завяшчальніка; бо завяшчаньне мае сілу пасьля памерлых, і таму ня мае сілы, калі завяшчальнік жывы. Таму і першы (Запавет) быў зацьверджаны ня бяз крыві. Бо калі Масей, абвясьціўшы ўсе прыказаньні Закону ўсяму народу, узяўшы кроў быкоў і казлоў з вадой і чырвонай воўнай, і гізопам акрапіў скрутак (Закону) і ўвесь народ, кажучы: «Гэта кроў Запавету, які запавядаў вам Бог». Таксама акрапіў крывёю і скінію і ўвесь посуд службовы. І амаль ўсё паводля Закону ачышчаецца крывёю, і бяз праліцця крыві ня бывае дараваньня (грахоў). Таму ніабходна (было), каб вобразы (зямная скінія з начыньнем і служэньнем) таго, што ёсьць на нябёсах былі ачышчаемымі тымі (ахвярамі паводля Закону), а самі нябесныя (íснасьці) — (каб былі ачышчаемымі) лепшымі ахвярамі, чым гэтыя (паводля Закону). Бо ня ў рукатворную Сьвятыню ўвайшоў Хрыстос — копію сапраўднай (нябеснай Сьвятыні), але ў самое Неба, каб цяпер зьявіцца перад Абліччам Бога за нас; і ня для таго, каб шматкроць прыносіць Сябе, як архірэй уваходзіць у Сьвяцілішча кожны год з чужой крывёю, інакш Яму належала б шматкроць пакутаваць ад заснаваньня сьвету; а цяпер, пад канец вякоў Ён зьявіўся адзін (рашаючы) раз дзеля зьнішчэньня грэху праз Сваю ахвяру. І як усім людзям прызначана аднойчы памерці, а пасьля гэтага суд, так і Хрыстос, адзін раз прынёсшы Сябе ў ахвяру для таго, каб зьняць грахі з многіх, у другі раз ужо бяз ахвяры за грахі зьявіцца тым, хто Яго чакае на збаўленьне.

Бо Закон, які мае (толькі) цень будучых дабротаў, а ня самую існасьць рэчаў, тымі ахвярамі, якія прыносяцца пастаянна і кожны год, ніколі ня можа зрабіць дасканалымі тых, хто прыходзіць (з ахвярамі). Інакш перасталі б прыносіць (ахвяры), ахвяравальнікі, стаўшыся аднойчы ачышчанымі, перасталі б у далейшым усьведамляць свае грахі. Але гэтымі (ахвярамі) кожны год (робіцца) напамінаньне пра грахі; бо кроў быкоў і казлоў ня мае сілы зьнішчаць грахі. Таму (Хрыстос), уваходзячы ў сусьвет, кажа: «ахвяры і прынашэньня Ты ня захацеў; але Цела прыгатаваў Мне; цэласпальваньні і (ахвяры) за грэх (Ты) палічыў нязадавальняльнымі. Тады Я сказаў: “Вось іду, — у пачатку скрутку напісана пра Мяне, — каб выканаць, Божа, волю Тваю”». Раней сказаўшы, што «ахвяры і прынашэньня і цэласпаленьняў, і ахвяры за грэх Ты ня захацеў і ня ўпадабаў», якія прыносяцца паводля Закону, потым Ён сказаў: «Вось іду выканаць, Божа, волю Тваю». (Гэтым) Ён адмяняе першае, каб паставіць другое. Паводля гэтай волі мы асьвячоны праз прынясеньне Цела Ісуса Хрыста раз і назаўсёды. І ўсякі сьвятар стаіць штодзённа служачы і шматразова прыносячы адны і тыя самыя ахвяры, якія ніколі ня могуць зьнішчыць грахі. А Ён прынёсшы за грахі адну ахвяру, назаўсёды сеў праваруч Бога, чакаючы таго, калі ворагі Ягоныя будуць пакладзены ў падножжа Ног Ягоных. І адным прынашэньнем Ён назаўсёды зрабіў дасканалымі асьвячаемых. Сьведчыць жа нам і Дух Сьвяты; а затым прадказана: «Вось Запавет, які Я заключу зь імі пасьля дзён гэных, — кажа Госпад, — дам Законы Мае ў сэрцы іхныя і ў думках іхных напішу іх, і грахоў іхных і бяззаконьняў іхных ня ўспомню больш». А дзе дараваньне іх, там ужо ня патрэбна прынашэньне за грэх. Дык вось, браты, маючы адвагу дзеля ўваходжаньня ў Сьвяцілішча праз Кроў Ісуса, шляхам, які Ён праклаў дзеля нас — новым і жывым, праз заслону, гэта значыць (празь) Ягонае Цела, і (маючы) вялікага Сьвятара над домам Бога прыступайма (да ўваходжаньня ў Сьвяцілішча) са шчырым сэрцам, з поўнай верай, ачысьціўшы крапленьнем сэрца ад заганнага сумленьня і абмыўшы жыцьцё сваё ў Вадзе чыстай. Трымаймася няпахісна вызнаньня надзеі; бо верны Той, Хто абяцаў; і будзьма ўважлівымі адзін да аднаго, заахвочваючы да любові і добрых учынкаў, ня пакідаючы свайго сходу, як сталася звычкаю ў нікаторых, але суцяшаючы (нахіляйма да яго адзін аднаго), і тым больш, калі бачыце, што Дзень Той набліжаецца. Бо калі мы ахвотна грашым, пасьля таго, як атрымалі пазнаньне праўды, дык ня застаецца ўжо ахвяры за грахі, але нейкае страшнае чаканьне суду і жару агню, які мае пажэрці супраціўнікаў. Бо калі хто адкінуў Закон Масея пры двух ці трох сьведках, мусіць быць адданы сьмерці бяз зьмілаваньня, то той, хто Кроў Запавету, якой быў асьвячоны, палічыў нячыстай і Сына Бога падтаптаў, і Духа Багадаці зьняважыў, наколькі, думаеце, горшага заслугоўвае пакараньня? Бо ведаем Таго, Хто сказаў: «у Мяне помста, Я адплачу, — кажа Госпад»; і яшчэ: «Госпад будзе судзіць народ Свой». Страшна трапіць у рукі Бога Жывога! Дык прыпомніце мінулыя дні, калі вы, будучы прасьвечаныя, вытрымалі цяжкія выпрабаваньні пакутамі, — то ў зьнявагах і зьдзеках служачы відовішчам (для другіх), то становячыся саўдзельнікамі тых, хто падобнае перажывалі; бо вы і маім путам спачувалі і рабаваньне вашай маёмасьці вы прынялі з радасьцю, ведаючы, што вы маеце на Нябёсах маёмасьць лепшую і няпрамінушчую. Дык ня пакідайце адвагу вашую, якая мае вялікую ўзнагароду. Доўжыце вытрываласьць вашую, каб, споўніўшы волю Бога, атрымаць вам абяцанае. Бо яшчэ трохі і вельмі трохі, і Той, Хто ідзе, прыйдзе і ня замарудзіць. «А праведны вераю жыць будзе»; а «калі хто ад страху захістаецца, ня хінецца да таго Душа Мая». Мы ж ня з тых, што праз страх адступаюцца на пагібель, але з тых, што стаяць у веры — на збаўленьне душы.

Вера ж ёсьць абсалютная ўпэўненасьць у зьдзяйсьненьні чакаемага і ўпэўненасьць у рэчах нябачных. Бо празь яе старэйшыя атрымалі сьведчаньні. Верай мы спазнаём, што вякі наладжаны Словам Бога, што із нябачнага зроблена бачнае. Празь веру Абель прынёс Богу ахвяру лепшую, чым Каін, празь якую атрымаў сьведчаньне, што ён ёсьць праведны, таму што аб дарах ягоных засьведчыў Бог; і празь яе ён, памёршы, усё яшчэ гаворыць. Празь веру Янох быў перасе́лены, каб ня ўбачыць сьмерці; і ня знайшлі яго, таму што перасяліў яго Бог. Бо перад перасяленьнем сваім ён атрымаў сьведчаньне, што дагадзіў Богу. А бяз веры дагадзіць (Богу) нямагчыма; бо хто прыходзіць да Бога, таму трэба верыць, што Ён ёсьць, і шукальнікам Яго дае ўзнагароду. Праз веру Ной, атрымаўшы папярэджаньне адносна таго, чаго яшчэ ніколі ня бачылі, багаве́ючы (перад Словам Бога), збудаваў каўчэг для выратаваньня дому свайго; праз яе (веру) ён асудзіў гэты сьвет і праз веру стаўся нашчадкам праведнасьці. Абрагам, паклíканы, празь веру паслухаўся ісьці ў мейсца, якое меўся дастаць у спадчыну, і пайшоў, ня ведаючы, куды ідзе. Празь веру ён жыў у зямлі абяцанай, як у чужой, жывучы ў намётах зь Ісага́кам і Якубам, зь суспадкаемцамі таго ж абяцаньня; бо ён чакаў места, падмуркі якога (вечныя), дойлід і будаўнік якога ёсьць Бог. Празь веру і сама Сарра атрымала сілу для зачацьця і насуперак пары ўзросту нарадзіла, бо яна лічыла, што верны Той, Хто даў абяцаньне. Таму і ад аднаго, і прытым амярцьвелага (цела), нарадзілася так многа, як зорак на небе, і столькі, як нязьлічоны пясок на беразе марскім. Усе яны паме́рлі, застаючыся ў веры, ня атрымаўшы абяцанага ды толькі здаля ўбачыўшы яго ды атрымаўшы ўпэўненасьць і прывітаўшы яго, і вызнаючы, што яны вандроўнікі і прыхадні на зямлі; бо тыя, што гэтак гавораць, кажуць, што яны шукаюць бацькаўшчыну. І калі б яны ўспаміналі тую (бацькаўшчыну), з якое выйшлі, дык мелі б час вярнуцца; але цяпер яны імкнуцца да лепшага, гэта значыць да нябеснага; таму і Бог іхны ня саромеецца называцца Богам іхным: бо Ён ім прыгатаваў места. Абрагам будучы выпрабаваемым празь веру прынёс адзінароднага Ісагака ў ахвяру, якога атрымаў па абяцаньню, і пра якога было сказана: у Ісагаку будзе названа насеньне табе; бо лічыў, што Бог ду́жы ўваскрасіць нават і зь мёртвых, таму і атрымаў яго як знак. Празь веру ў будучыню Ісагак багаславіў Якуба і Ісава. Якуб, паміраючы, багаславіў кожнага з сыноў Язэпа і пакланіўся на верх жазла свайго. Язэп, паміраючы, празь веру успомніў пра выхад сыноў Ізраэля і наказаў пра косткі свае. Масей, будучы народжаным, празь веру быў хаваны тры месяцы бацька́мі сваімі, таму што яны бачылі, што дзіця па асабліваму прыемнае, і ня пабаяліся загаду валадара. Масей, стаўшы дарослым, празь веру адмовіўся называцца сынам дочкі хвараона, але добраахвотна абраў, што лепш паку́таваць з народам Бога, чым мець часовую асалоду ад грэху, палічыўшы большым багацьцем зьнявагу Хрыста, чым скарбы Ягіпту: бо ён глядзеў на ўзнагароду (Бога). Празь веру ён пакінуў Ягіпет, ня збаяўшыся ярасьці валадара, таму што як бы бачачы Нябачнага, быў цьвёрды. Празь веру ён учыніў пасху і праліцьцё крыві, каб зьнішчальнік першынцаў ня крануў іх. Празь веру яны перайшлі Чырвонае мора, як па сухапуцьцю, што паспробаваўшы зрабіць, ягіпцяне былі патоплены. Празь веру рухнулі сьцены Ярыхону, калі былі абыйдзены на (працягу) сямі дзён. Празь веру (і) Рагаб блудадзейка ня загінула разам зь нявернымі, прыняўшы выведнікаў зь мірам. І што яшчэ скажу? Бо ня хопіць мне часу распавядаць пра Гедэона, Барака і Самсона, і Яхвая, Давіда і Самуйлу, і прарокаў, якія празь веру перамагалі валадарствы, чынілі праўду, атрымлівалі абяцаньні, закрывалі пашчы львам, гасілі моц агню, пазьбягалі вастрыя мяча, ачу́ньвалі ад не́мачы, былі моцнымі на вайне, праганялі войскі чужынцаў; жонкі атрымлівалі сваіх памёршых уваскрэслымі; іншыя ж былі забітымі, ня прыняўшы вызваленьня, каб атрымаць лепшае ўваскрашэньне; іншыя ж нацярпеліся ад зьдзекаў і пабояў, і яшчэ ад путаў і вязьніцы: былі забіваныя камянямі, распілаваныя, катаваныя, паміралі ад мяча, туляліся ў авечых і казіных шкурах, церпячы нястачу, уціскі, пакуты. Увесь сьвет іх быў ня варты — тых, што блукалі па пустэльням і ў горах, і пячорах, і па шчылінах зямлі. І ўсе гэтыя, якія атрымалі добрае пасьведчаньне празь веру, ня атрымалі абяца́нага таму што Бог прадугледзіў для нас нешта лепшае, каб яны ня бяз нас дасягнулі дасканаласьці.

Таму і мы, маючы вакол сябе гэткае воблака сьведкаў, скінуўшы зь сябе ўсялякі цяжар і грэх, які пастаянна налягае на нас, будзем зь цярпеньнем праходзіць шлях барацьбы, які ляжыць перад намі, гледзячы на Заснавальніка і Спраўцу веры — Ісуса, Які замест радасьці, якая (паводля справядлівасьці) прыналежала Яму, перацярпеў крыж, пагрэбаваўшы ганьбаю, і сеў праваруч Пасаду Бога. Дык падумайце пра Перацярпеўшага над Сабою гэткі зьдзек ад грэшнікаў, каб вы ня зьнямагліся, аслабеўшы душамі вашымі. Вы яшчэ ня да крыві ваявалі, змагаючыся супраць грэху, і забыліся пра навучаньне, якое да вас, як да сыноў, гаворыць: «Сын мой! ня грэбуй пакараньнем ад Госпада і ня журыся, калі Ён цябе дакарае. Бо каго Госпад любіць, таго карае; б’е ж усякага сына, якога прыймае». Калі вы церпіце пакараньне, то Бог абыходзіцца з вамі, як з сынамі. Бо ці ёсьць гэткі сын, якога б ня караў бацька? Калі ж застаецеся бяз пакараньня, якому падлягаюць усе (дзеці), то вы байструкі, а ня дзеці. Дык калі мы мелі ба́цькаў па целу, якія каралі нас, і мы баяліся іх, дык ці ні шмат больш мы павінны карыцца Ба́цьку духаў і жыць? Бо тыя каралі нас на кароткі час і як ім здавалася правільным; а Гэты — на карысьць, каб быць нам удзельнікамі ў сьвятасьці Ягонай. Усякае пакараньне ў цяперашні час здаецца ня радасьцю, а сумам; але пасьля навучаным празь яго (пакараньне) прыносіць мірны плод праведнасьці. Дык выпрастайце апушчаныя рукі і стомленыя калені і хадзіце проста нагамі вашымі, каб кульгавае ня зьбілася з дарогі, але лепш, каб было аздароўлена. Імкніцеся мець мір са ўсімі і сьвятасьць, бяз якой ніхто ня ўбачыць Госпада, назіраючы, каб хто ня згубíў Багадаці Бога; каб які горкі корань праросшы ня нарабіў шкоды, і каб празь яго ня былі апаганеныя многія, каб ня было сярод вас якога блудадзея альбо бязбожніка, як Гісаў, які за адну ежу аддаў права першародства свайго. Бо ведаеце, што і пасьля таго, жадаючы ўспадкаваць багаславеньне, ён быў адхілены; бо ня ўбачыў свайго злачынства (адрачэньня) і ня пакаяўся, а багаславеньня прасіў са сьлязьмі. Бо вы прыступіліся ня да гары нядатыкальнай і агнём палаючай, ані да цемры і змроку, і буры, ані да гуку трубнага і голасу словаў, пра які пачуўшыя прасілі, каб слова (гэта) да іх ня было падоўжана: таму што яны ня маглі вытрываць таго, што было зага́дана: нават калі зьвер дакранецца да гэтай гары, дык будзе ўкаменаваны, альбо працяты стралой. І гэткае ву́сьцішнае было гэта зьявішча, што нават Масей сказаў: «Я ў страху і ў трымценьні». Але вы падступіліся да гары Сыёну і да места Бога Жывога, да Ярузаліму Нябеснага і да мірыядаў Ангелаў, да ўрачыстага збору і царквы першародных, якія запісаны ў Нябёсах, і да Бога — Судзьдзі ўсіх, і да духаў праведнікаў, якія прыведзены да дасканаласьці, і да Пасярэдніка Новага Запавету — Ісуса, і да Крыві крапленьня, якая гаворыць лепш, чым Абелева. Глядзіце, ня адвярніцеся ад Таго, Хто гаворыць; бо калі тыя ня пазьбеглі пакараньня на зямлі, ня паслухаўшы папяраджаючага, то тым больш (ня пазьбегнем) мы, калі адвернемся ад Таго, Хто зь Нябёсаў, Чый голас тады пахістаў зямлю, а цяпер Ён паабяцаў, кажучы: «Яшчэ аднойчы Я страсяну ня толькі зямлю, але і неба». А словы: «яшчэ раз» паказваюць на зьмяненьне таго, што устрасаема, як сатворанага, каб прабывала тое, што няпахіснае. Дык мы, прымаючы Валадарства няпахіснае, зьберагайма Багадаць, празь якую служыцімем Богу, як Яму заўгодна, з багавейнасьцю і страхам, таму што Бог наш ёсьць агонь усёзьнішчальны.

Братняя любоў (між вамі) няхай трывае. Гасьціннасьці ня забывайце; бо празь яе нікаторыя, ня ведаючы, гасьцінна прынялі Ангелаў. Памятайце вязьняў, як бы і вы былі (зь імі) у путах, і тых, што пад гнётам, бо і самі вы ў целе. Шлюб (ува ўсіх вас) хай будзе чэсны і шлюбны ложак хай будзе бяззаганны; а блудадзеяў і чужаложцаў будзе судзіць Бог. Майце нораў нясрэбралюбны, здавальняючыся тым, што ёсьць. Бо Ён сказаў: «ня адхінуся ад цябе і ня пакіну цябе»; так што мы адважна кажам: «Госпад мне памочнік, і я ня збаюся: што зробіць мне чалавек?» Памята́йце вашых настаўнікаў, якія дане́сьлі да вас Слова Бога; і гле́дзячы на канец іхняга жыцьця, пераймайце іхную веру. Ісус Хрыстос учора і сягоньня, і навекі вякоў — Той Самы. Навукамі рознымі і чужымі ня захапляйцеся; бо добра Багадацьцю ўмацоўваць сэрца, а ня стравамі, ад якіх ня атрымалі карысьці тыя, што спажывалі іх. Мы маем ахвярнік, зь якога ня маюць права есьці тыя, што скініі служаць. Бо кроў гэтых жывёлінаў за грэх (архірэя і ўсяго народу) уносіцца ў Сьвяцілішча (Сьвятое Сьвятых) архірэям, а іхныя целы спальваюцца па-за станам. Таму і Ісус, каб асьвяціць народ Сваёю Крывёю, перанёс (сьмяротныя) пакуты за брамаю. Дык выйдзем да Яго за стан, нясучы Ягоную зьнявагу, бо ня маем тут сталага места, але шукаем надыходзячага. Дык будзем пастаянна празь Яго прыносіць яхвяру удзячнасьці Богу, гэта значыць плод вуснаў тых, хто спавядае імя Ягонае. Аб дабрадзейнасьці і супольнасьці ня забывайцеся, бо гэткія ахвяры падабаюцца Богу. Будзьце ўважлівымі да вашых настаўнікаў і пакорнымі ім, таму што яны нядрэмна рупяцца аб душах вашых, як абавязаныя (за іх) даць справаздачу, каб яны гэта рабілі з радасьцю, а ня ўздыхаючы: бо гэта для вас някарысна. Маліцеся за нас, бо мы ўпэўнены, што маем добрае сумленьне, і ва ўсім жадаем паводзіць сябе чэсна. Асабліва ж прашу гэта рабіць, каб я хутчэй быў вернуты вам. А Бог Міру, Які ўваскрасіў зь мёртвых Госпада нашага Ісуса Хрыста, вялікага Пастыра авечак, хай Крывёю Запавету вечнага, удасканаліць вас ва ўсякай добрай справе на выкананьне волі Ягонай, робячы ў вас заўгоднае Яму праз Ісуса Хрыста, Якому слава ў вяках вякоў! Амін. Дык прашу вас, браты, прымеце гэта слова суцяшэньня; бо я і нямнога напісаў вам. Ведайце, што брат Цімахвей вызвалены, зь якім, калі хутка прыйдзе, убачу вас. Прывітайце ўсіх вашых старэйшынаў і ўсіх сьвятых. Вітаюць вас тыя, што ў Італіі. Багадаць з усімі вамі. Амін.


Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.