Библия › Сабіла › Да Хвілімона
Павал, вязень Ісуса Хрыста, і Цімахвей, брат — Хвілімону любаснаму і супрацоўніку нашаму, і Аппіі любаснай, і Архіпу, сузмагару нашаму, і ўсёй тваёй дамовай царкве: Багадаць вам і Мір ад Бога Бацькі нашага і Госпада Ісуса Хрыста. Дзякую Богу майму, заўсёды ўспамінаючы пра цябе ў малітвах маіх, чуючы пра тваю веру і любоў, якую ты маеш да Госпада Ісуса і да ўсіх сьвятых, каб супольнасьць веры тваёй аказалася чыннай у спазнаньні ўсякага дабра ў вас у Хрысьце Ісусе. Бо мы маем вялікую радасьць і суцяшэньне ў тваёй любові, бо табою, браце, супакоены сэрцы сьвятых. Таму, маючы вялікую адвагу ў Хрысьце загадваць табе, што належыць, — але праз любоў лепей прашу, і ніхто іншы, а я, Паўла, стары, а цяпер яшчэ і вязень Ісуса Хрыста, — прашу цябе за сына майго, Анісіма, якога я нарадзіў у путах маіх. Ён некалі быў табе бяскарысным, а цяпер ён карысны і мне, і табе; я адсылаю яго да цябе; а ты прымі яго, як маё сэрца. Я хацеў затрымаць яго пры сабе, каб ён замест цябе паслужыў мне ў путах за Эвангельле. Але бяз тваёй згоды я нічога ня хацеў зрабіць, каб тваё дабрадзейства было ня як прымусовае, але з добрае волі. Бо магчыма ён дзеля таго на час адлучыўся, каб ты прыняў яго назаўсёды: ужо ня як раба, але больш чым як раба, як брата любаснага, асабліва для мяне; а для цябе яшчэ больш — і па целу, і ў Госпадзе. Дык калі ты маеш мяне за супольніка, то прымі яго, як мяне. А калі ён цябе чым-небудзь пакрыўдзіў альбо што вíнен табе, залічы гэтае на мяне. Я, Павал, напісаў гэта маёй рукой: я заплачу; каб ня казаць табе, што ты і самім сабою вінен мне. Так, браце, дай мне скарыстацца табою ў Госпадзе; супакой маё сэрца ў Госпадзе. Будучы ўпэўненым у тваёй паслухмянасьці, я напісаў табе, ведаючы, што ты зробіш больш за тое, пра што я гавару табе. Адначасова (прашу): прыгатуй мне кватэру; бо спадзяюся, што дзякуючы малітвам вашым я буду падараваны вам. Вітаюць цябе Эпахрас, які зьняволены разам са мною ў Хрысьце Ісусе, Марк, Арыстарх, Дзімас, Лукаш, супрацоўнікі мае. Багадаць Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым. Амін.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020