Кніга радаводу Ісуса Хрыста, Сына Давідавага, Сына Абрагамавага. Абрагам спарадзіў Ісагака; а Ісагак спарадзіў Якуба; а Якуб спарадзіў Юду і братоў ягоных; а Юда спарадзіў Хварэса і Зару ад Тамары; а Хварэс спарадзіў Эсрома; а Эсром спарадзіў Арама; а Арам спарадзіў Амінадаба; а Амінадаб спарадзіў Нагасона; а Нагасон спарадзіў Салмона; а Салмон спарадзіў Багоза ад Рахабы; а Багоз спарадзіў Абіда ад Руты; а Абід спарадзіў Ясэя; а Ясэй спарадзіў Давіда караля; а Давід кароль спарадзіў Салямона ад Ур’явай; а Салямон спарадзіў Рабагама; а Рабагам спарадзіў Абія; а Абія спарадзіў Асу; а Аса спарадзіў Ясахвата; а Ясахват спарадзіў Ярама; а Ярам спарадзіў Азíю; а Азíя спарадзіў Яхвама; а Яхвам спарадзіў Ахаза; а Ахаз спарадзіў Язэкію; а Язэкія спарадзіў Манасію; а Манасія спарадзіў Амона; а Амон спарадзіў Ёсію; а Ёсія спарадзіў (Якіма, а Якім спарадзіў) Яхоньню і братоў ягоных, перад перасяленьнем у Бабілён; Пасьля ж перасяленьня ў Бабілён Яхоньня спарадзіў Салятыіля, а Салятыіль спарадзіў Зарабабеля; а Зарабабель спарадзіў Абівуда; а Абівуд спарадзіў Ялівакіма; а Ялівакім спарадзіў Азора; а Азор спарадзіў Садока; а Садок спарадзіў Ахіма; а Ахім спарадзіў Яліву́да; а Ялівуд спарадзіў Яліазара; а Яліазар спарадзіў Маттана; а Маттан спарадзіў Якуба; а Якуб спарадзіў Язэпа, мужа Марылі, ад каторай народжаны Ісус, называны Хрыстос; Гэтак усіх радоў ад Абрагама да Давіда чатырнаццаць радоў; і ад Давіда да перасяленьня ў Бабілён чатырнаццаць радоў; і ад перасяленьня ў Бабілён да Хрыста чатырнаццаць радоў; Нараджэньне ж Ісуса Хрыста было так: па заручынах маткі Ягонай Марылі зь Язэпам, раней, чым яны сыйшліся, выявілася, (што яна) мае ў чэраве ад Духа Сьвятога. А Язэп, муж ейны, будучы праведным і ня хочучы зьняславіць яе, хацеў употай адпусьціць яе. Але калі ён падумаў гэтае, вось Ангел Госпадаў зьявіўся яму ўва сьне (і) сказаў: Язэпе, сыне Давідаў! ня бойся прыняць Марылю, жонку тваю, бо зачатае ў ёй ёсьць ад Духа Сьвятога; і народзіць Сына, і дасі Яму Імя: Ісус, бо Ён уратуе людзей Сваіх ад грахоў іхных. А ўсё гэтае здарылася, каб споўнілася сказанае Госпадам праз Прарока, які кажа: вось дзева прыйме ў чэраве і народзіць Сына; і дадуць Яму Імя Эмануіль, што значыць: з намі Бог. (Гісая 7:14). Устаўшы ж зо-сну, Язэп зрабіў як загадаў яму Ангел Гасподні, і прыняў жонку сваю, і ня знаў яе, ажно нарадзіла Сына свайго Першароднага, і ён даў Яму Імя: Ісус.
Калі ж Ісус нарадзіўся ў Бэтляеме ў дні караля Гірада, вось, мудрацы з усходу прыйшлі ў Ярузалім (і) кажуць: дзе народжаны Кароль юдэяў, бо (мы) убачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму. Пачуўшы гэтае Гірад кароль занепакоіўся, і ўвесь Ярузалім зь ім. І, сабраўшы ўсіх архірэяў і кніжнікаў народу, пытаўся ў іх: дзе мае нарадзіцца Хрыстос? Яны ж сказалі яму: у Бэтляеме юдэйскім, бо гэтак напісана праз Прарока: і ты, Бэтляем, зямля Юдзіна, нічым ня меншы сярод (другіх) вобласьцяў Юдавых, бо з цябе выйдзе Правадыр, Які будзе пасьвіць народ Мой, Ізраэля. Тады Гірад, употай прыклікаўшы мудрацоў, выведаў ад іх час зьяўленьня зоркі. І, паслаўшы іх у Бэтляем, сказаў: пайдзіце, добра разьведайце пра Дзіцятка. І, калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму. І яны, выслухаўшы караля, пайшлі. І вось зорка, якую бачылі (яны) на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, ня стала над (мейсцам), дзе было Дзіця. Угледзіўшы ж зорку, (яны) узрадаваліся вельмі вялікай радасьцю. І, увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіця з Марыляй, маткай Ягонай, і, упаўшы, пакланіліся Яму; і, адкрыўшы скарбы свае, прынесьлі Яму дары: золата, ладан і сьмірну. І, у сьне атрымаўшы адкрыцьцё ня вяртацца да Гірада, іншай дарогай адыйшлі ў краіну сваю. Калі ж яны адыйшлі, вось, Ангел Госпадавы зьяўляецца ў сьне Язэпу і кажа: устань, вазьмі Дзіця і матку Ягоную і бяжы ў Ягіпет і будзь там, дакуль ня скажу табе; бо Гірад хоча шукаць Дзіцятка, каб забіць Яго. Ён устаў уначы, узяў Дзіця і матку Ягоную, і адыйшоў у Ягіпет. І быў там да Гірадавай сьмерці, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: зь Ягіпту паклікаў Я Сына Майго. Тады Гірад, убачыўшы, што мудрацы пасьмяяліся зь яго, вельмі разгневаўся і, паслаўшы, забіў усіх дзяцей ў Бэтляеме і ва ўсіх ваколіцах ягоных, ад двух гадоў і меншых, паводля часу, які выведаў у мудрацоў. Тады збылося сказанае праз Прарока Ярэму, які кажа: Голас у Раме чу́цен, плач, і галашэньне, і лямант вялікі; Рахіль плача па дзецях сваіх і ня хоча ўцешыцца, бо іх няма. (Ярэм. 31:15). Па сьмерці ж Гірада, вось Ангел Госпадавы ў сьне зьяўляецца Язэпу ў Ягіпце і кажа: устань, вазьмі Дзіцятка і матку Ягоную і ідзі ў зямлю Ізраэля, бо памёрлі тыя, што шукалі душы Дзіцяці. І ён, устаўшы, узяў Дзіцятка і матку Ягоную, і прыйшоў у зямлю Ізраэля. Але пачуўшы, што ў Юдэі валадарыць Архелай замест Гірада, бацькі свайго, пабаяўся туды ісьці, і, атрымаўшы адкрыцьцё ў сьне, пайшоў у межы Галілеі. І, прыйшоўшы, асеў у месту, званым Назарэт, каб споўнілася сказанае праз Прарокаў, што Ён Назарэям назавецца.
І ў тыя дні прыходзіць Яан Хрысьціцель, прапаведуючы ў пустэльні Юдэі і кажучы: пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябёсаў. Бо ён ёсьць той, пра якога сказаў Прарок Гісая: голас крычачага ў пустэльні: падрыхтуйце дарогу Госпаду, простымі рабіце сьцежкі Яму. (Гісая 40:3). Сам жа Яан меў сваё адзеньне зь вярблюдавага валосься і скураны пояс на паясьніцы сваёй, а ежай ягонай была саранча і дзікі мёд. Тады выходзіў да яго Ярузалім і ўся Юдэя і ўсё навакольле Ярдану. І хрысьціліся ў яго ў Ярдане, спавядаючы грахі свае. Убачыўшы ж многа хварысэяў і саддукеяў, што ішлі да яго хрысьціцца, сказаў ім: вырадкі яхіднавыя! хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу? Учыніце ж плады, вартыя пакаяньня. І ня думайце гаварыць у саміх сабе: маем бацькам Абрагама. Бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых стварыць дзяцей Абрагаму. Ужо і сякера ля кораня дрэваў ляжыць, бо ўсякае дрэва, якое ня прыносіць добрага плоду, высякаецца і кіда́ецца ў вагонь. Я хрышчу вас у вадзе ў (знак вашага) пакаяньня; але Той, Хто ідзе за мною дужэйшы за мяне; я ня варты панесьці абутак Ягоны. Ён будзе хрысьціць вас у Духу Сьвятым і ў вагні. Гархва Ягоная ў Руцэ Ягонай, і Ён ачысьціць гумно Сваё і зьбярэ пшаніцу Сваю ў сьвіран, а салому спаліць агнём нязгасальным. Тады прыходзіць Ісус з Галілеі на Ярдан да Яана хрысьціцца ў яго. Яан жа стрымліваў Яго, кажучы: мне трэба ў Цябе хрысьціцца, а Ты прыходзіш да мяне. Але Ісус сказаў яму ў адказ: дапусьці цяпер, бо так належыць нам выканаць усякую Божую Волю. Тады (ён) дапускае Яго. І, ахрысьціўшыся, Ісус зараз жа выйшаў з вады. І вось адкрыліся Яму Нябёсы, і ўбачыў (Яан) Духа Божага, Які апускаўся, як галуб, і находзіў на Яго, і вось Голас зь Нябёсаў гаворачы: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Якому спагадаю.
Тады Ісус быў заведзены Духам у пустэльню дзеля спакушэньня ад д’ябла. І, прапасьціўшы сорак дзён і сорак ночаў, нарэшце згаладаўся. І, падступіўшыся да Яго, спакусьнік сказаў: калі Ты Сын Бога, скажы, каб каменьні гэтыя зрабіліся хле́бамі. Ён жа, адказаўшы, сказаў: напісана: ня хлебам адным жыць будзе чалавек, але ўсякім словам, выходзячым з Вуснаў Бога. Потым бярэ Яго д’ябал у сьвятое места і стаўляе Яго на крыле Сьвятыні, і кажа Яму: калі Ты Сын Бога, кінься ўніз, бо напісана: «Ангелам Сваім накажа пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб (Ты) ня выцяўся аб камень Нагою Тваёю». Ісус сказаў яму: зноў жа напісана: ня спакушай Госпада Бога твайго. Ізноў бярэ Яго д’ябал на вельмі высокую гару і паказвае Яму ўсе валадарствы сьвету і славу іхнюю. І кажа Яму: усё гэтае дам Табе, калі ўпаўшы паклонішся мне. Тады кажа яму Ісус: адыйдзі шатан, бо напісана: Госпаду, Богу твайму пакланяйся і Яму аднаму служы. Тады пакідае Яго д’ябал, — і вось, Ангелы прыступіліся і служылі Яму, Дачуўшыся ж, што Яан у вязьніцы, Ісус адыйшоў у Галілею. І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоўшы асеў у Капэрнавуме прыморскім у межах Забулона і Нехталіма, каб збылося ска́занае праз Прарока Гісаю, які кажа: зямля Забулонава і зямля Нехталімава — дарога прыморская на тым баку Ярдану, Галілея паганская. Народ, які сядзіць у цемры, убачыў сьвятло вялікае, і тым, хто сядзіць у краіне і ценю сьмерці, сьвятло зазьзяла ім. З таго часу Ісус пачаў абвяшчаць і казаць: пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябёсаў. Праходзячы ж каля мора Галілейскага Ісус убачыў двух братоў, Сымона, якога завуць Пятром, і Андрэя, брата ягонага, якія закідваюць сеткі ў мора, бо яны былі рыбакі. І кажа ім: ідзіце за Мною, і (Я) зраблю вас лаўцамі чалавекаў. І яны адразу, пакінуўшы сеткі, пайшлі за Ім. І адтуль прайшоўшы дале́й, убачыў (Ён) іншых двух братоў, Якуба Завядзеявага і Яана, брата ягонага, у чаўне з Завядзеям, бацькам іхным, праўлючых сеткі свае, і паклікаў іх. І яны адразу, пакінуўшы човен і бацьку свайго, пайшлі за Ім. І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сынагогах іхных і абвяшчаючы Эвангельле Валадарства (Бога) ды аздараўляючы ад усякай хваробы і ўсякай немачы людзей. І прайшла пра Яго чутка па ўсёй Сірыі, і прывялі да Яго ўсіх нямоглых, ахопленых рознымі хваробамі і пакутамі, і апанаваных дэманамі, і люнатыкаў, і спаралізаваных, і (Ён) аздаравіў іх. І пайшлі за Ім мноствы народу з Галілеі і з Дзесяцігародзьдзя, і зь Ярузаліму, і зь Юдэі, і з-за Ярдану.
І, убачыўшы натоўпы людзей, (Ён) узыйшоў на гару; і, калі Ён сеў, падыйшлі да Яго вучні Ягоныя. І, расчыніўшы Вусны Свае, навучаў іх, кажучы: шчасьлівыя ўбогія духам, бо іхнае ёсьць Валадарства Нябёсаў. Шчасьлівыя плачучыя, бо яны будуць усьцешаныя. Шчасьлівыя лагодна-пакорлівыя, бо яны ўспа́дкуюць зямлю. Шчасьлівыя галадаючыя і прагнучыя па праведнасьці, бо яны насычаны будуць. Шчасьлівыя міласэрныя, бо яны памілаваны будуць. Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць. Шчасьлівыя міратворцы, бо яны сынамі Бога будуць названы. Шчасьлівыя выгнаныя з-за праведнасьці, бо іх ёсьць Валадарства Нябёсаў. Шчасьлівыя вы, калі вас будуць ганьбіць і выганяць, і ўсяк зласлоўнічаць вас нясправядліва з-за Мяне. Радуйцеся і весялецеся, бо вялікая вашая ўзнагарода на Нябёсах: бо так гналі прарокаў, якія былі раней за вас. Вы — соль зямлі. Калі ж соль страціць сілу, то чым будзе вернена ёй сіла салёнасьці? Яна ўжо ні на вошта ня прыдатная, хíба толькі выкінуць яе вон на патаптаньне людзям. Вы — сьвятло сьвету; ня можа схавацца места, якое стаіць наверсе гары. І, запаліўшы сьвечку, ня ставяць яе пад пасудзінай, але на ліхтары, і сьвеціць усім, хто ў доме. Няхай сьвеціць сьвятло вашае перад людзьмі, каб яны ўбачылі вашыя добрыя дзеяньні і ўславілі Ба́цьку вашага, Які ў Нябёсах. Ня падумайце, што Я прыйшоў καταλυσαι (раскрыць да найглыбейшых глыбіняў) Закон альбо Прарокаў; ня прыйшоў (Я) καταλυσαι, але выпаўніць. Бо запраўды кажу вам, што ніводная ёта ці рыса ў Законе ня марна (напісана), але пакуль яшчэ існу́е гэтая зямля і неба, будзе ўсё выпаўнена. Пагэтаму, хто (толькі) разьвяжа (правільна растлумачыць сэнс) аднаго з гэтых малейшых прыказаньняў і навучыць гэтаму людзей, малейшым будзе названы ў Гаспадарстве Нябёсаў. А хто выканае і навучыць, той вялікім будзе названы ў Гаспадарстве Нябёсаў. Дык кажу вам, што калі праведнасьць вашая ня перавысіць намнога праведнасьці кніжнікаў і хварысэяў, ня ўвойдзеце ў Гаспадарства Нябёсаў. Вы чулі, што сказана старадаўным: ня забівай, хто ж заб’е будзе адданы суду. А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго дарэмна, будзе адданы суду; а хто скажа брату свайму: «ра́ка», будзе адданы сынедрыёну; а хто скажа: «дурны», будзе адданы гееньне агнявой. Дык вось, калі ты прынясеш дар твой да ахвярніку і там успомніш, што брат твой мае нешта супроць цябе, пакінь там дар твой перад ахвярнікам і ідзі перш памірыся з братам тваім, і тады, прыйшоўшы, прынясі дар твой. Мірыся з супраціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе зь ім, каб супраціўнік ня аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя ня аддаў цябе слузе, і каб ня быць табе кінутым у вязьніцу. Праўду кажу табе: ня выйдзеш адтуль, пакуль ня аддасі апошняга кадранта. (Вы) чулі, што сказана старадаўным: ня рабі пералюбу. А Я кажу вам, што кожны, што глядзіць на жанчыну з блудным пажаданьнем яе, ужо ўчыніў пералюб зь ёй у сэрцы сваім. Калі ж правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з чэлясаў тваіх, а ня ўсё цела твае было ўкінута ў геенну. І калі правая рука твая спакушае цябе, адсячы яе і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з чэлясаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геенну. Сказана таксама: хто разьвядзецца з жонкаю сваёю, хай дасьць ёй развод. А Я кажу вам, што хто разьвядзецца з жонкаю сваёю, акрамя прычыны пералюбу, той робіць яе пералюбкай, і калі хто ўзяў у жонкі разьведзеную, (той) пералюбствуе. Яшчэ (вы) чулі, што сказана старадаўным: ня прысягайся ілжыва, але выконвай перад Госпадам прысягі твае. А Я кажу вам: ня прысягайся зусім: ні Небам, бо Яно Пасад Божы; ні зямлёю, бо яна падножжа Ног Ягоных, ні Ярузалімам, бо ён места вялікага Караля, ні галавою сваёю ня прысягайся, бо ня можаш ніводнага воласа зрабіць белым ці чорным. Але няхай будзе слова вашае: так, так; не, не; а што больш таго, яно ад злога. Вы чулі, што сказана: вока за вока, і зуб за зуб. А Я кажу вам: ня праціўся злому, але, (калі) хто ўдарыць цябе ў тваю правую шчаку, павярні да яго і другую; і калі (хто) захоча з табою судзіцца і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і вопратку, і (калі) хто прымусіць цябе ісьці зь ім мілю, ідзі зь ім дзьве. Таму, хто просіць у цябе, дай, і ад таго, хто хоча пазычыць у цябе ня адварочвайся. Вы чулі, што сказана: любі блізкага твайго і нянавідзь ворага твайго. А Я кажу вам: любеце ворагаў вашых, багаслаўляйце праклінаючых вас, рабеце дабро нянавідзячым вас і малецеся за крыўдзячых вас і перасьледуючых вас, каб вам быць сынамі Ба́цькі вашага, што ў Нябёсах, бо Ён загадвае сонцу Свайму ўзыходзіць над благімі і добрымі, і пасылае дождж на праведных і няправедных. Бо калі вы любіце любячых вас, якая вам узнагарода? Ці ж ня тое самае робяць і мытнікі? І калі вы вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівае робіце? Ці ж ня гэтак тое самае робяць і мытнікі? Пагэтаму (і) вы будзьце дасканалымі, як дасканалы Ба́цька ваш, Які ёсьць у Нябёсах.
Глядзеце, ня рабеце міласьціны вашай перад людзьмі з тым, каб яны бачылі, інакш ня маеце ўзнагароды перад Ба́цькам вашым, Які ў Нябёсах. Калі ж робіш міласьціну, ня трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сынагогах і на вуліцах, каб быць пахваляемымі людзьмі. Праўду кажу вам: (яны ўжо) атрымоўваюць поўную ўзнагароду сваю. Але ў цябе, калі робіш міласьціну, ня павінна ведаць левая (рука) твая, што робіць правая (рука) твая, каб была міласьціна твая ў тайне; і Ба́цька твой, Які бачыць тайны, Ён аддасьць табе яўна. І калі молішся, ня будзь як крывадушнікі, бо яны любяць у сынагогах і на рагох вуліц, спыніўшыся, маліцца, каб іх убачылі людзі. Праўду кажу вам, што яны (ужо) атрымоўваюць поўную ўзнагароду сваю. Ты ж, калі молішся, зайдзі ў пакой твой, і, зачыніўшы дзьверы твае, памаліся Ба́цьку твайму, Які ў тайне; і Ба́цька твой, Які бачыць тайну, аддасьць табе яўна. А молячыся ня гаварыце лішняга, як пагане: бо яны думаюць, што ў многаслоўі сваім будуць пачутыя. Ня будзьце ж падобнымі ім. Бо ведае Ба́цька ваш, якую маеце патрэбу, раней вашага прашэньня (ў) Яго. Пагэтаму вы маліцеся гэтак: Тата наш, Які (ёсьць) на Нябёсах! Няхай сьвяціцца Імя Тваё; хай прыйдзе Валадарства Тваё; хай будзе Воля Твая, як на Небе, (так) і на зямлі; хлеб наш штодзённы дай нам сягоньня. І даруй нам грахі нашыя, як і мы даруем даўжніком нашым. І ня ўводзь нас у спакусу, але захавай нас ад злога, бо Тваё ёсьць Валадарства, і Сіла, і Слава на векі. Амін. Бо калі (вы) даруеце людзям правіны іхныя, (то) даруе і вам Ба́цька ваш Нябесны. Калі ж (вы) ня даруеце людзям правінаў іхных, таксама Ба́цька ваш ня даруе правінаў вашых. Калі ж посьціце, ня будзьце, як крывадушнікі, панурымі. Бо яны азмрочваюць абліччы свае, каб быць заўважанымі людзьмі, што посьцяць. Праўду кажу вам, што (яны) ужо атрымоўваюць сваю поўную ўзнагароду. Ты ж, посьцячы, памаж галаву тваю і ўмый аблічча тваё, каб ня быць заўважаным людзьмі, што посьціш, але Ба́цькам тваім, Які (ёсьць) у тайным, і Ба́цька твой, Які бачыць у тайным, аддасьць табе яўна. Ня зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і іржа нішчаць, і дзе злодзеі падкапваюцца і краду́ць: а зьбірайце сабе скарбы на Небе, дзе ні моль, ні іржа ня нішчаць, і дзе злодзеі ня падкапваюцца і ня краду́ць. Бо дзе ёсьць скарб ваш, там будзе і сэрца вашае. Сьветачам цела ёсьць вока. Дык вось, калі ж вока тваё ёсьць чыстае, (то) усё цела тваё будзе поўным сьвятла. Калі ж вока тваё нягоднае, то ўсё цела тваё будзе ў цемры. Калі ж сьвятло, якое ў табе, ёсьць цемра, то тады якая сапраўдная цемра? Ніхто ня можа служыць двум пана́м: бо альбо аднаго зьнянавідзіць, а другога будзе любіць; альбо аднаго будзе трымацца, а другім будзе грэбаваць. Ня можаце служыць Богу і мамоне. Пагэтаму кажу вам: нічуць ня турбуйцеся аб умовах жыцьця вашага, што вам есьці і што вам піць; ні аб целе вашым, што вам апрануць. Душа ёсьць больш за яду, а цела больш за вопратку. Гляньце на птушак нябесных: ня сеюць, ня жнуць, і ня зьбіраюць у сьвірны, а Ба́цька ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы ня намнога лепшыя за іх? Хто ж сярод вас, турбуючыся, можа дадаць да росту свайго (хаця бы) локаць адзін? І пра вопратку што турбуецеся? Паглядзеце на палявыя лілеі, як яны растуць: ня працуюць, ня прадуць; а (Я) кажу вам, што і Салямон ува ўсёй славе сваёй ня апранаўся так, як кожная зь іх. Калі ж траву палявую, якая сягоньня ёсьць, а заўтра будзе ўкінена ў печ, Бог гэтак адзявае, наколькі ж болей вас, малаверы! Дык вось, ня турбуйцеся і ня кажэце: што нам есьці? і што нам піць? і што нам апрануць? Бо ўсяго гэтага шукаюць пагане. Бо Ба́цька ваш Нябесны ведае, што (вы) маеце патрэбу ва ўсім гэтым. Шукайце ж перш Валадарства Бога і праведнасьці Ягонай, і гэта ўсё будзе прыложана вам. Дык вось, ня турбуйцеся пра заўтрашні дзень, бо заўтрашні дзень патурбуецца сам за сябе: досыць кожнаму дню свайго клопату.
Ня судзіце, каб і вам ня быць засуджанымі. Бо якім судом судзіце, (такім і) будзеце суджаны. І якою меркаю мераеце, гэткай і вам будзе адмерана. І што ты выглядаеш парушынку ў воку брата твайго, а бервяна ў сваім воку ня адчуваеш? Альбо як скажаш брату твайму: дай, я выму парушынку з вока твайго; а вось у тваім воку бервяно? Крывадушнік! Вымі спачатку бервяно з вока твайго і тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго. Ня давайце сьвятога сабакам і ня кíдайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб ня патапталі іх нагамі сваімі, і адвярнуўшыся, ня разарвалі вас. Прасеце, і будзе вам дадзена; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і будзе вам адчынена. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і, хто шукае, знаходзіць, і хто стукаецца, таму будзе адчынена. Ці ёсьць сярод вас які чалавек, калі сын ягоны папросіць у яго хлеба, то падасьць яму камень? І калі папросіць рыбы, то падасьць яму зьмяю? Дык вось, калі вы, будучы благімі, умееце даваць дары добрыя дзецям вашым, тым больш Ба́цька ваш, Які ёсьць у Нябёсах, дасьць даброты тым, хто папросіць у Яго. Пагэтаму заўсёды, як хочаце, каб людзі ставіліся да вас, так і вы стаўцеся да іх. Бо ў гэтым ёсьць (сэнс) Закону і Прарокаў. Уваходзьце цераз уваход вузкі, бо шырокі ўваход і вольны той шлях, які вядзе да загубы, і многія ідуць па ім; бо вузкі ўваход і цесны той шлях, які вядзе ў жыцьцё, і нямногія знаходзяць яго. Дык асьцерагайцеся ад ілжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечым выглядзе, а ўнутры (яны) ваўкі драпежныя. Па пладох іхніх пазнаеце іх. Ці зьбіраюць зь цярноўніку вінаград, альбо зь дзядоўніку смоквы? Гэтак, усякае дрэва добрае прыносіць плады добрыя, а пашкоджанае дрэва прыносіць плады благія. Ня можа дрэва добрае прыносіць плады благія, а дрэва сапсаванае — прыносіць плады добрыя. Усякае дрэва, якое ня прыносіць плоду добрага, сьсякаюць і кіда́юць у вагонь. Дык вось, па пладох іхніх пазнаеце іх. Ня ўсякі, хто кажа Мне: Госпадзе! Госпадзе! увойдзе ў Валадарства Нябёсаў, а той, хто выконвае волю Ба́цькі Майго, Які (ёсьць) у Нябёсах. Многія скажуць Мне ў той дзень: Госпадзе! Госпадзе! ці ня Тваім Імем (мы) прарочылі? і ці ня Тваім Імем (мы) выганялі дэманаў, і ці ня Тваім Імем (мы) многія цуды ўчынялі? І тады абвяшчу ім: (Я) ніколі ня ведаў вас; адыйдзецеся ад Мяне (вы), што чыніце бяззаконьне. Дык вось, кожнага, хто слухае Словы Мае гэтыя і выконвае іх, прыпадоблю яго да чалавека мудрага, які пабудаваў дом свой на камені. І пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і рынуліся на той дом; і ён ня ўпаў, бо быў пастаўлены на камені. А ўсякі, хто слухае Словы Мае гэтыя і ня выконвае іх, прыпадоблены будзе чалавеку няразумному, які пабудаваў дом свой на пяску; і пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і налеглі на дом той, і ён заваліўся, і было падзеньне ягонае вялікае. І сталася, калі скончыў Ісус словы гэтыя, людзі дзівіліся вучэньню Ягонаму: бо Ён вучыў іх, як Той, Хто мае ўладу, а ня як кніжнікі.
Калі ж Ён зыйшоў з гары, сьледам за Ім пайшлі вялікія натоўпы (народу). І вось пракажоны, падыйшоўшы, кланяўся Яму, кажучы: Госпадзе! калі хочаш, можаш мяне ачысьціць. І, працягнуўшы Руку́, Ісус дакрануўся да яго, кажучы: хачу, будзь ачышчаны. І (ён) адразу быў ачышчаны ад сваёй праказы. І кажа яму Ісус: глядзі, нікому ня кажы, але пайдзі (і) пакажы сябе сьвятару і прынясі дар, які загадаў Масей, як сьвядоцтва ім. Калі ж Ісус увайшоў у Капэрнавум, падыйшоў да Яго сотнік, умаляючы Яго і кажучы: Госпадзе! слуга мой ляжыць дома спаралізаваны страшэнна пакутуючы. І кажа яму Ісус: Я, прыйшоўшы, аздараўлю яго. І, адказаўшы, сотнік сказаў: Госпадзе! я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах, але скажы толькі слова, і слуга мой будзе аздароўлены. Бо і я чалавек падуладны, (але) маючы пад сабою жаўнераў, кажу аднаму: пайдзі, і (ён) ідзе; і — другому: прыйдзі, і (той) прыходзіць; і — слузе майму: зрабі гэта, і — робіць. Пачуўшы ж, Ісус зьдзівіўся і сказаў тым, што ішлі за Ім: праўду кажу вам, нават у Ізраэлі (Я) ня знайшоў такой веры. Кажу ж вам, што многія з усходу і захаду прыйдуць і ўзьлягуць з Абрагамам і Ісагакам і Якубам у Валадарстве Нябёсаў. Сыны ж Валадарства будуць выгнаны ў цемру вонкавую: там будзе галашэньне і скрыгат зубоў. І сказаў Ісус сотніку: ідзі, і як ты паверыў, будзе табе. І быў аздароўлены слуга ягоны ў тую (ж) гадзíну. І, прыйшоўшы ў дом Пётры, Ісус убачыў цешчу ягоную, якая ляжала ў гарачцы, і дакрануўся да рукі ейнай, і гарачка пакінула яе; і (яна) уста́ла і служыла ім. Калі ж надыйшоў вечар, да Яго прывялі многіх апанаваных дэманамі, і (Ён) выгнаў духаў Словам і ўсіх хворых аздаравіў, каб збылося сказанае праз Прарока Гісаю, які кажа: Ён узяў (на Сябе) нашыя немачы і хваробы (нашыя) панёс. Убачыўшы ж вакол Сябе многа народу, Ісус загадаў (вучням) адплыць на другі бок. І, падыйшоўшы, адзін кніжнік сказаў Яму: Настаўнік! я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў. І кажа яму Ісус: лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае, дзе прыхіліць Галаву. А другі, з вучняў Ягоных, сказаў Яму: Госпадзе! дазволь мне сьпярша пайсьці і пахаваць бацьку майго. Але Ісус сказаў яму: ідзі за Мною і пакінь мёртвым хаваць сваіх нябожчыкаў. І, калі Ён увайшоў у човен, пайшлі за Ім і вучні Ягоныя. І вось, на моры паднялася вялікая бура, так што човен захліствалі хвалі; а Ён спаў. І, падыйшоўшы, вучні Ягоныя разбудзілі Яго, кажучы: Госпадзе! ратуй нас, гінем! І кажа ім: чаму вы (гэткія) баязьлівыя, малаверы? Тады, устаўшы, забараніў вятрам і мору, і зрабілася вялікая ціша. І людзі зьдзівіліся, кажучы: Хто Гэты, што і вятры і мора слухаюцца Яго? І калі Ён прыплыў на другі бераг, у зямлю Гергесінскую, сустрэлі Яго двое, апанаваныя дэманамі, выйшаўшыя з магіл, страшэнна лютыя, так што ніхто ня адважваўся праходзіць тою дарогаю. І вось яны моцна закрычалі, кажучы: што нам і Табе, Ісус, Сын Бога? Ты прыйшоў сюды дачасна мучыць нас. Воддаль жа ад іх пасьвіўся вялікі гурт сьвіньняў. Дэманы ж упрошвалі Яго, кажучы: калі выганяеш нас, (то) дазволь нам пайсьці ў гурт сьвіньняў. І сказаў ім: ідзіце. І яны, выйшаўшы, пайшлі ў гурт сьвіньняў. І вось увесь гурт сьвіньняў рынуўся з урвішча ў мора, і загінуў у вадзе. А пастухі ўцяклі і, прыйшоўшы ў места, расказалі пра ўсё, і пра тых, што былі апанаваныя дэманамі. І вось, усё места выйшла напярэймы Ісусу; і, убачыўшы Яго, упрошвалі, каб (Ён) адыйшоў ад межаў іхных.
І, увайшоўшы ў човен, Ён пераплыў і прыйшоў у Сваё места. І вось прынесьлі да Яго спаралізаванага, ляжачага на пасьцелі. І, убачыўшы веру іхную, Ісус сказаў спаралізаванаму: мацуйся дзіця! дараваны табе грахі твае. І вось нікаторыя з кніжнікаў сказалі самі ў сабе: Ён блюзьніць. І, убачыўшы іхныя думкі, Ісус сказаў: чаму вы думаеце злое ў сэрцах вашых? Бо што лягчэй сказаць: «дараваны табе грахі», ці сказаць: «устань і хадзі»? Але, каб (вы) ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, — тады кажа спаралізаванаму: устаўшы, вазьмі пасьцель тваю і ідзі ў дом твой. І, устаўшы, ён пайшоў у дом свой. Убачыўшы ж (гэтае), людзі зьдзівіліся і праславілі Бога, Які даў такую ўладу людзям. І калі Ісус праходзіў адтуль, убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, называнага Мацьвеям, і кажа яму: «ідзі за Мною». І, устаўшы, ён пайшоў усьлед за Ім. І сталася, як Ён узьляжаў у доме, і вось многія мытнікі і грэшнікі, прыйшоўшы, узьляглі зь Ісусам і вучнямі Ягонымі. І, убачыўшы, хварысэі сказалі вучням Ягоным: чаму ваш Настаўнік есьць (і п’е) з мытнікамі і грэшнікамі? А Ісус, пачуўшы (гэтае), сказаў ім: ня здаровыя маюць патрэбу ў лекары, але хворыя. І, пайшоўшы, навучыцеся, што азначае: міласэрнасьці хачу, а ня ахвяры. Бо Я прыйшоў ня праведных, але грэшных заклікаць да пакаяньня. Тады прыходзяць да Яго вучні Яанавы, кажучы: чаму мы і хварысэі посьцім шмат, а вучні Твае ня посьцяць? І сказаў ім Ісус: ня могуць сыны вясельнага палацу сумаваць, пакуль зь імі Малады. Але прыйдуць дні, калі адымецца ў іх Малады, і тады будуць пасьціць. І ніхто ня прышывае латкі зь нябеленай тканіны да старой адзежыны; бо аддзярэцца ад адзежыны прышытае, і дзірка будзе большай. І ня ўліваюць віна маладога ў мяхі старыя, бо мяхі разрываюцца, і віно выцякае, і мяхі прападуць, але віно маладое ўліваюць у мяхі новыя, тады і тое і другое захоўваецца. Калі гэта Ён гаварыў ім, вось начальнік, падыйшоўшы, пакланіўся Яму, кажучы: дачка мая толькі што памерла; але, прыйшоўшы, ускладзі Руку Тваю на яе, і ажыве. І, устаўшы, Ісус пайшоў за ім, і вучні Ягоныя. І вось жанчына, якая дванаццаць гадоў пакутуе ад крывацечы, падыйшоўшы ззаду, дакранулася да краю вопраткі Ягонай; бо яна гаварыла сама ў сабе: калі толькі дакрануся вопраткі Ягонай, буду аздароўлена. Ісус жа, абярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: мацуйся дачка! вера твая выратавала цябе. І жанчына (гэная) з тае пары была аздароўлена. І, прыйшоўшы ў дом начальніка, і, убачыўшы жалейнікаў і жалобна лямантуючы народ, Ісус кажа ім: выйдзіце, бо ня памерла дзяўчына, але сьпіць. І насьміхаліся над Ім. Калі ж людзей выслалі, увайшоўшы, (Ён) узяў яе за руку, і дзяўчынка ўстала. І разьнеслася чутка пра гэта па ўсёй гэнай зямлі. І калі Ісус ішоў адтуль, усьлед за Ім пайшлі двое сьляпых, моцна крычучы і кажучы: памілуй нас, Сын Давіда! І калі (Ён) прыйшоў у дом, прыступіліся да Яго сьляпыя. І кажа ім Ісус: ці верыце, што Я магу гэта зрабіць? Кажуць Яму: так, Госпадзе! Тады (Ён) дакрануўся да вачэй іхных, кажучы: па веры вашай хай станецца вам. І расчыніліся вочы іхныя; а Ісус строга загадаў ім, кажучы: глядзіце, каб ніхто ня даведаўся! А яны, выйшаўшы, расказалі пра Яго па ўсёй гэнай зямлі. Калі ж тыя выходзілі, вось прывялі да Яго чалавека нямога, апанаванага дэманам. І калі дэман быў выгнаны, нямы загаварыў. І людзі дзівіліся, кажучы: ніколі ня бывала такога ў Ізраэлю. А хварысэі казалі: сілаю князя дэманаў выганяе (Ён) дэманаў. І праходзіў Ісус ўсе месты і сёлы, вучачы ў сынагогах іхных і абвяшчаючы Эвангельле Валадарства, і аздараўляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе. Убачыўшы ж людзей, (Ён) зьлітаваўся над імі, бо яны былі зьнясіленыя і пакінутыя, як авечкі бяз пастуха. Тады кажа вучням: сапраўды жніво багатае, ды работнікаў мала. Дык прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво Сваё.
І, паклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, (Ён) даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і аздараўляць ад усякай хваробы і ўсякай немачы. А дванаццацёх Апосталаў іменьні вось такія: першы — Сымон, якога завуць Пётрам, і Андрэй — брат ягоны, Якуб Завядзеявы і Яан — брат ягоны, Піліп і Барталамей, Хама і Мацьвей мытнік, Якуб, каторы Алхвея, і Ляўвей, якога завуць Тадэям, Сымон Кананіт, і Юда Іскарыёт, які і здрадзіў Яго. Гэтых дванаццацёх паслаў Ісус, загадаўшы ім, кажучы: на шлях паганаў ня ідзіце, і ў места самарцаў ня ўваходзьце; Але ідзіце лепш да загінуўшых авечак дому Ізраэлявага. А ходзячы, абвяшчайце, кажучы: наблізілася Гаспадарства Нябёсаў. Хворых аздараўляйце, пракажоных ачышчайце, мёртвых уваскрашайце, дэманаў выганяйце; дарма атрымалі, дарма давайце. Ня набывайце ні золата, ні срэбра, ні медзі ў паясы вашыя, ні торбы ў дарогу, ні дзьвух адзежын, ні абутку, ні кія. Бо работнік варты стравы сваёй. А ў якое места ці сяло ўвойдзеце, даведайцеся, хто ў ім годны, і там заставайцеся, пакуль ня выйдзеце. А ўваходзячы ў дом той вітайце яго (жыды звычайна віталіся словам «шалом» г.з. «мір вам»), і калі дом (той) будзе запраўды годны, (дык) зыйдзе мір ваш на яго, калі ж ня будзе годны, мір ваш вернецца да вас. А калі хто ня прыйме вас і ня будзе слухаць слоў вашых, то выходзячы з дому ці зь места таго, абцярушыце пыл з ног вашых. Запраўды кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садома і Гаморы ў дзень суда, чым месту таму. Вось Я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў; дык вось, будзьце мудрыя, як зьмеі, і простыя, як галубы. Сьцеражэцеся ж людзей, бо яны будуць аддаваць вас у сынедрыёны, і ў сынагогах сваіх будуць біць вас, і будзеце паведзены да валадароў і каралёў за Мяне, дзеля сьведчаньня перад імі і паганамі. І калі будуць выдаваць вас, ня дбайце аб тое, як і што (вам) сказаць, бо вам у той час будзе дадзена, што сказаць. Бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Ба́цькі вашага будзе гаварыць у вас. І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька — дзіця (сваё); і паўстануць дзеці на бацькоў і пазабіваюць іх; і будзеце зьнянавіджаны ўсімі за Імя Маё, але, хто вытрывае да канца, уратаваны будзе. Калі ж будуць перасьледаваць вас у адным месту, уцякайце ў другое, бо запраўды кажу вам: ня абойдзеце яшчэ местаў Ізраэлявых, як прыйдзе Сын Чалавечы. Вучань ня вышэйшы за настаўніка, ні слуга ня вышэйшы за гаспадара свайго. Годзе для вучня, каб стаў, як настаўнік ягоны, і слуга — як гаспадар ягоны. Калі Гаспадара дому назвалі Бэльзебулам, тым больш хатніх ягоных. Дык жа ня бойцеся іх: бо няма нічога ўкрытага, што б ня выявілася, і таемнага, што б ня сталася вядомым. Што кажу вам у цемнаце, кажыце ў сьвятле; і што чуеце на вуха, абвяшчайце з дахаў. І ня бойцеся тых, што забіваюць цела, а душы ня могуць забіць. Але больш бойцеся Таго, Хто можа і душу́ і цела загубіць у гееньне. Ці ж ня два вераб’і прадаюцца за ассары? І ніводзін зь іх ня ўпадзе на зямлю бяз волі Ба́цькі вашага. Вашы ж і валасы на галаве ўсе палічаны. Пагэтаму ня бойцеся: вы лепшыя за многіх вераб’ёў. Дык вось, кожны хто будзе вызнаваць Мяне перад людзьмі, вызнаю і Я яго перад Ба́цькам Маім, Які ёсьць у Нябёсах. А хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Ба́цькам Маім, Які ёсьць у Нябёсах. Ня думайце, што Я прыйшоў прынесьці мір на зямлю; ня мір прыйшоў Я прынесьці, але меч. Бо Я прыйшоў адлучыць чалавека ад бацькі ягонага, і дачку ад маці ейнай, і нявестку ад сьвякрухі ейнай. І ворагі чалавеку хатнія ягоныя. Хто любіць бацьку ці матку больш за Мяне, ня варты Мяне; і хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, ня варты Мяне. І хто ня бярэ крыжа свайго, але ідзе ўсьлед за Мною, ня варты Мяне. Хто зьберажэ жыцьцё сваё, загубіць яго; а хто загубіць жыцьцё сваё дзеля Мяне, зьберажэ яго. Хто прыймае вас, прыймае Мяне, а хто прыймае Мяне, прыймае Паслаўшага Мяне. Хто прыймае прарока ў імя прарока, атрымае ўзнагароду прарока; і хто прыймае праведніка ў імя праведніка, дастане ўзнагароду праведніка. І хто, калі напоіць аднаго з малых гэтых (хаця б) адным кубкам халоднай вады ў імя вучня, праўду кажу вам, ня страціць узнагароды сваёй.
І сталася: як скончыў Ісус навучаць дванаццаць вучняў Сваіх, перайшоў адтуль вучыць і абвяшчаць у местах іхных. А Яан, пачуўшы ў вязьніцы пра Дзеяньні Хрыста, паслаў двух вучняў сваіх, ён сказаў Яму: ці Ты Той, што павінен прыйсьці, ці чакаць нам другога? І, адказаўшы, Ісус сказаў ім: пайдзіце, абвясьціце Яану, што чуеце і бачыце: сьляпыя празіраюць і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, мёртвыя ўваскрашаюцца і ўбогім абвяшчаецца Эвангельле і шчасьлівы, хто ня спакусіцца ўва Мне. Калі ж тыя пайшлі, Ісус пачаў гаварыць людзям пра Яана: што глядзець хадзілі вы ў пустэльню? ці трысьціну, што ад ветра хістаецца? Што ж убачыць хадзілі (вы)? Чалавека, апранутага ў мяккія вопраткі? Вось тыя, што носяць мяккія вопраткі, знаходзяцца ў гаспадарскіх харомах. Дык што ўбачыць хадзілі вы? прарока? праўду кажу вам, нават больш, чым прарока. Бо ён ёсьць той, пра якога напісана: вось Я пасылаю Ангела Майго перад Абліччам Тваім, які прыгатовіць шлях Твой перад Табою. Праўду кажу вам: з народжаных жанчынамі ня паўставаў большы за Яана Хрысьціцеля; але найменшы ў Гаспадарстве Нябёсаў большы за яго. Ад дзён жа Яана Хрысьціцеля дагэтуль Валадарства Нябёсаў сілаю здабываецца, і змагары авалодваюць Ім. Бо ўсе Прарокі і Закон прараклі да Яана. І калі хочаце прыняць, ён ёсьць Ільля, якому належыць прыйсьці. Хто мае вушы чуць, няхай чуе! Але каму ўпадоблю род гэты? Ён падобны да хлопчыкаў, якія сядзяць на вуліцы і зьвяртаючыся да сяброў сваіх гавораць: мы ігралі вам на жалейцы, і вы ня скакалі; (мы) пелі вам жалобныя песьні, а вы ня плакалі. Бо прыйшоў Яан, які ня есьць, ня п’е, і кажуць: (ён) мае дэмана. Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п’е, і кажуць: вось Чалавек — абжора і п’яніца, сябра мытнікаў і грэшнікаў. І апраўдана мудрасьць цераз дзяцей ейных. Тады пачаў Ён дакараць месты, у якіх найбольш была выяўлена моц Ягоная за тое, што яны ня пакаяліся: гора табе, Харазін! гора табе, Бэтсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне былі праяўленыя сілы, яўленыя ў вас, дык даўно б яны ў радне́ і попелі пакаяліся Але кажу вам: Тыру і Сідону лягчэй будзе ў дзень суду, чым вам. І ты, Капэрнавум, што аж да неба быў узвышаны, ажно да пекла будзеш зрынуты, бо калі б у Садоме былі праяўленыя сілы, праяўленыя ў табе, то ён застаўся б нават па сёньняшні дзень. Дык жа кажу вам, што зямлі Садому лягчэй будзе ў дзень суду, чым табе. У той час, кажучы далей, Ісус сказаў: слаўлю Цябе, Тата, Госпад Неба і зямлі, што Ты ўтаіў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў тое дзецям. Так Тата! бо такая была Твая добрая воля. Усё Мне перададзена Ба́цькам Маім, і ніхто ня ведае Сына, акрамя Ба́цькі; і Ба́цьку ніхто ня ведае, акрамя Сына; і каму Сын хоча адкрыць. Прыйдзіце да Мяне ўсе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьмеце Ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я лагодны і пакорлівы сэрцам, і знойдзеце супакой ду́шам вашым. Бо Ярмо Маё карыснае, і Цяжар Мой лёгкі.
У той час праходзіў Ісус ў суботу засеянымі палямі, а вучні Ягоныя прагаладаліся і пача́лі зрываць кало́сьсе і есьці. Хварысэі ж, убачыўшы, сказалі Яму: вось вучні Твае робяць, чаго нельга рабіць у суботу. Ён жа сказаў ім: хíба вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, што былí зь ім. Як ён увайшоў у дом Бога і з’еў хлябы ахвярныя, якіх не́льга было́ е́сьці ні яму, ні тым, што былí зь ім, а то́лькі адным сьвятара́м? Альбо ці ня чыталі вы ў Законе, што ў суботы сьвятары ў Сьвятыні парушаюць суботу, аднак ня вінаватыя? Але кажу вам, што тут ёсьць Большы за Сьвятыню. Калі б вы ведалі, што азначае: міласьці хачу, а ня ахвяры, то ня асудзілі бы нявінаватых; бо Госпад ёсьць і (Гаспадар) суботы, Ён ёсьць Сын Чалавечы. І, адыйшоўшы адтуль, прыйшоў Ён у сынагогу іхную; і вось (там) быў чалавек з сухою рукою; і каб абвінаваціць Яго, спыталі Яго, кажучы: ці можна аздараўляць у суботы? Ён жа сказаў ім: ці ёсьць сярод вас такі чалавек, каторы маючы адну авечку, і калі яна ў суботу ўваліцца ў яму, ня возьме яе і ня выцягне? На колькі ж чалавек лепшы за авечку! Таму можна ў суботу рабіць дабро. Тады (Ён) кажа гэнаму чалавеку: выцягні руку́ тваю! І той выцягнуў. І сталася яна здаровая, як другая. А хварысэі, выйшаўшы, учынілі супраць Яго раду, каб Яго загубіць. Ісус жа, даве́даўшыся, пайшоў адтуль, і пайшлі ўсьлед за Ім мноства народу, і Ён аздаравіў іх усіх. І забараніў ім, каб ніякіх распавяданьняў пра Яго ня рабілі. Каб збыло́ся ска́занае праз праро́ка Гісаю, які кажа: вось Юнак Мой, Якога Я выбраў, Улюблены Мой, Якога ўпадаба́ла Душа́ Мая. Ускладу́ Дух Мой на Яго, і абвесьціць народам суд. Ня запярэчыць, ні залямантуе, ня пачуе ніхто на вуліцах Голасу Ягонага; трысьцíны надло́мленай ня перало́міць і лёну тлеючага ня зага́сіць, пакуль ня давядзе суд да перамогі; і на Імя Ягонае будуць спадзявацца народы. Тады прывялí да Яго апанава́нага дэманам сьляпога і нямога, і аздаравíў яго, так што сьляпы і нямы стаў гаварыць і ба́чыць. І зьдзіўляліся ўсе людзі і казалі: ці ня Гэты ёсьць Сын Давіда? А хварысэі пачуўшы (гэтае) сказалі: Ён выганяе дэманаў няйначай як Бэльзэбулам, князям дэманаў. Але Ісус ведаючы думкі іхныя, сказаў ім: усякае валадарства, якое разьдзялілася само́е ў сабе спусташа́ецца; і ўсякае места ці дом разьдзелены сам супраць сябе ня ўстоіць. І калі шатан шатана выганяе, ён сам супраць сябе разьдзелены. Як жа ўстоіць валадарства ягонае? І калі Я Бэльзэбулам выганяю дэманаў, (то) сыны вашыя кім выганяюць? Пагэтаму яны будуць судзьдзямі вашымі. Калі ж Я Духам Бога выганяю дэманаў, значыць дасягнула да вас Валадарства Бога. Альбо як можа нехта ўвайсьці ў дом асілка, і адабраць у яго маёмасьць ягоную, калі сьпярша ня зьвяжа асілка? І тады адбярэ (у яго) маёмасьць дома ягонага. Хто ня са Мною, (той) супраць Мяне; і хто ня зьбірае са Мною, (той) раскідае. Таму кажу вам: усякі грэх і ганьбаваньне будуць дараваны чалавекам. Але зласлоўе на Духа ня будзе даравана чалавекам. Калі хто скажа слова супраць Сына Чалавечага, дарована будзе яму; а хто скажа супраць Духа Сьвятога, ня будзе дарована яму ані ў гэтым веку, ані ў будучым. Альбо прызнайце дрэва добрым і плод ягоны добрым, альбо прызнайце дрэва благім і плод ягоны благім. Бо дрэва пазнаецца паводля плоду. Выро́дзьдзе яхідны! Як вы можаце казаць добрае, калі вы благія? Бо ад лішніцы сэрца гавораць вусны. Добры чалавек з добрага скарбу сэрца выносіць «добрае», а благі чалавек з благога скарбу сэрца выносіць благое. Кажу ж вам, што за ўсякае пустое слова, якое скажуць людзі, яны дадуць адказ у дзень суду́. Таму паводля слоў сваіх будзеш апра́ўданы, і паводля слоў сваіх будзеш засуджаны. Тады загаварылі нікаторыя з кніжнікаў і хварысэяў, кажучы: Настаўнік! хочам убачыць ад Цябе знак. Ён жа, адказаўшы, сказаў ім: род спагу́дны і чужаложны шукае знаку, і знак ня будзе дадзены яму, апрача знаку Ёны прарока. Бо як Ёна быў у чэраве кіта́ тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы. Мужчыны нінэвійскія ўстануць на суд з родам гэтым і засудзяць яго, бо яны пакаяліся праз пропаведзь Ёны; і вось тут Бо́льшы за Ёну. Каралева паўднёвая будзе паднята на суд з родам гэтым і засудзіць яго, бо яна прыйшла з краю зямлі паслухаць мудрасьці Салямона; і вось тут Бо́льшы за Салямона. Калі ж нячысты дух выйдзе з чалавека, дык блукае па бязводных мясьцінах, шукаючы супакою, і ня знаходзіць. Тады кажа: вярнуся ў дом свой, адкуль я выйшаў. І, прыйшоўшы, знаходзіць яго пустым, вымеценым і прыбраным. Тады ідзе і бярэ з сабою сем другіх духаў, люцейшых за сябе, і ўвайшоўшы жывуць там; і для чалавека гэнага апошняе становіцца горш за першае. Так будзе і роду гэтаму ліхому. Калі Ён яшчэ гаварыў да людзей, вось матка і браты Ягоныя сталі вонках, хочучы гаварыць зь Ім. І нехта сказаў Яму: вось матка Твая і браты Твае стаяць вонках, хочучы з Табою пагаварыць. Ён жа, адказаўшы, сказаў гаварыўшаму Яму: хто ёсьць матка Мая і хто ёсьць браты Мае? І, паказаўшы Рукою Сваёю на вучняў Сваіх, сказаў: вось матка Мая і браты Мае; бо хто будзе выконваць волю Ба́цькі Майго, Які ёсьць у Нябёсах, той Мне брат, і сястра, і матка.
У той жа дзень, выйшаўшы з дому, Ісус сеў ля мора. І зыйшлося да Яго мноства народу, так што Ён увайшоў у човен каб сесьці, а ўвесь народ стаяў на беразе. І гаварыў ім шмат прыповесьцямі, кажучы: вось, выйшаў сейбіт сеяць. І калі ён сеяў, іншае (семя) упала ля дарогі; і наляцелі птушкі і падзяўблі гэнае. А іншае ўпала на (мейсцы) камяністыя, дзе няшмат было зямлі; і зараз узыйшло, бо зямля была ня глыбокая. Калі ж узыйшло сонца, завяла, і ня меўшы караня, засохла. Іншае ж упала сярод цярніны, і вырасла цярніна і заглушыла яго. Іншае ж упала на зямлю добрую і ўрадзіла плод: адно ў сто разоў, другое ж у шэсьцьдзясят, іншае ж у трыццаць. Хто мае вушы чуць, хай чуе! І, прыступіўшыся, вучні сказалі Яму: чаму гаворыш ім прыповесьцямі? Ён жа, адказаўшы, сказаў ім: таму што вам дадзена ведаць таямніцы Валадарства Нябёсаў, а ім ня дадзена. Бо хто мае, таму дадзена будзе і прымножана, а хто ня мае, у таго будзе аднята нават тое, што мае. Таму кажу ім прыповесьцямí, таму што яны гледзячы ня бачаць, і слухаючы ня чуюць, і ня разумеюць. І збываецца над імі прароцтва Гісаі, якое кажа: вухам пачуеце і ня зразумееце, і, прыглядаючыся, будзеце глядзець і ня ўбачыце. Бо агрубела сэрца народу гэтага, і вушыма цяжка чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб ім ня ўбачыць вачыма, і ня пачуць вушамі, і сэрцам ня зразумець, ды ня навярнуцца (да Мяне), каб Я аздаравіў іх. Вашыя ж шчасьлівыя вочы, што бачаць, і вушы вашыя, што чуюць. Бо праўду кажу вам, што многія прарокі і праведнікі жадалі ўбачыць, што вы бачыце, і ня ўбачылі, і пачуць, што вы чуеце, і ня пачулі. Вы ж уразумейце прыповесьць (пра) сейбіта. Да кожнага, што слухае Слова Валадарства і ня разумее, прыходзіць благі і з сілай выкрадае пасеянае ў сэрцы ягоным, — гэта ёсьць пасеянае ля дарогі. А пасеянае на камяністыя мясьціны, — гэта ёсьць той, што слухае Слова і зараз жа з радасьцяй прыймае яго; але ня мае ў сабе караня і нясталы: калі ж настае бяда ці перасьледаваньне за Слова, адразу адступаецца. А пасеянае ў цярніне азначае таго, што слухае Слова, але клопаты веку гэтага і панада багацьця заглушаюць Слова, і стаецца яно бясплодным. А пасеянае на добрай зямлі азначае таго, хто слухае Слова і разумее, які зараз жа прыносіць плод і дае: адзін дае сто, іншы шэсцьдзесят, а іншы трыццацькрот. Другую прыповесьць прапанаваў Ён ім, кажучы: Валадарства Нябёсаў падобна чалавеку, які сее добрае семя на полі сваім. Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг ягоны і пасеяў куко́ль сярод пшаніцы, і пайшоў. Калі ж узыйшла рунь і дала плод, тады зьявіўся і куко́ль. Прыйшоўшы ж рабы гаспадара дому сказалі яму: Гаспадар! ці ня добрае семя пасеяў ты на полі тваім? Адкуль жа на ім куко́ль? Ён жа сказаў ім: варожы чалавек гэта зрабіў. А рабы сказалі яму: хочаш, тады (мы) пойдзем, выпалем яго? Але ён запярэчыў: не, каб, выбіра́ючы куко́ль, вы ня павырыва́лі ра́зам зь ім (і) пшаніцы. Пакіньце расьці разам тое і другое да жніва; а ў час жніва (я) скажу жанцам: зьбярэце перш куко́ль і зьвяжэце яго ў снапы, каб спаліць яго; а пшаніцу зьбярэце ў засекі мае. Іншую прыповесьць прапанаваў (Ён) ім, кажучы: Валадарства Нябёсаў падобна зярняці гарчыцы, якое, узяўшы, чалавек пасеяў на полі сваім, яно меншае за ўсякае семя; але, калі вырасьце, яно большае за ўсякую агародную расьліну, і становіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і ўюць гнёзды ў гольлі ягоным. Іншую прыповесьць сказаў (Ён) ім: падобна Валадарства Нябёсаў да рашчыны, якую ўзяўшы, жанчына замясіла ў трох мерах мукі, дакуль ня скісла ўсё. Ўсё гэтае гаварыў Ісус народу прыповесьцямі, і бяз прыповесьці ня гаварыў ім, каб збылося ска́занае праз прарока, які кажа: адчыню ў прыповесьцях Вусны Мае, выкажу ўтоенае ад стварэньня сьвету. (Пс. 78:2) Тады, адпусьціўшы народ, Ісус увайшоў у дом. І прыступіліся да Яго вучні Ягоныя, кажучы: растлумач нам прыповесьць пра куко́ль на полі. Ён жа, адказаўшы, сказаў ім: сейбіт добрага насеньня ёсьць Сын Чалавечы. А поле ёсьць сьвет, а добрае насеньне гэта — сыны Валадарства, а куко́ль ёсьць сыны благога; а вораг, які пасеяў іх, ёсьць дыябал; а жніво ёсьць сканчэньне веку; а жанцы ёсьць Ангелы. А таму, як зьбіраюць куко́ль і агнём паляць, гэтак будзе пры сканчэньні веку гэтага: пашле Сын Чалавечы Ангелаў Сваіх, і зьбяруць з Валадарства Ягонага ўсе спакусы і ўсіх, хто робіць бяззаконьне. І ўкінуць іх у печ вагністую: там будзе плач і скрыгатаньне зубоў. Тады праведнікі зазьзяюць, як сонца, у Валадарстве Бацькі іхняга. Хто мае вушы каб чуць, няхай чуе! Яшчэ падобна Валадарства Нябёсаў да скарбу, схава́наму на полі, які, знайшоўшы, чалавек утоіў і ў радасьці ад гэтага ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе гэнае поле. Яшчэ падобнае Валадарства Нябёсаў чалавеку купцу, які шукае сапраўдных пэрлаў які, знайшоўшы адну вельмі дарагую пэрліну, пайшоў, прадаў усё што меў і купіў яе. Яшчэ падобнае Валадарства Нябёсаў да нерату, які закінулі ў мора і захапілі ўсякага роду (рыбы), які, калі напоўніўся, выцягнулі на бераг, і, сеўшы, добрую сабралі ў судзіны, а благую выкінулі вон. Так будзе пры сканчэньні веку: выйдуць Ангелы і аддзеляць ліхіх спасярод праведных і ўкінуць іх у печ вагністую. Там будзе плач і скрыгатаньне зубоў. Пытаецца ў іх Ісус: ці зразумелі (вы) усё гэтае? Яны кажуць Яму: так, Госпадзе! Ён жа сказаў ім: таму ўсякі кніжнік, навучаны дзеля Валадарства Нябёсаў, падобны чалавеку гаспадару дому, які выносіць са скарбніцы сваёй новае і старое. І сталася, калі скончыў Ісус прыповесьці гэтыя, (Ён) пайшоў адтуль. І, прыйшоўшы на бацькаўшчыну Сваю, вучыў іх у сынагозе іхнай, так што яны дзівіліся і казалі: адкуль у Яго гэткая мудрасьць і сілы? Ці ня цесьляў Ён Сын? Ці ня Ягоная маці завецца Марыля, і браты Ягоныя Якуб, і Ёся, і Сымон, і Юда? І ці ня ўсе сёстры Ягоныя ёсьць сярод нас? Дык адкуль у Яго ўсё гэтае? І сумняваліся ў Ім. Ісус жа сказаў ім: ня бывае прарок няганаро́вым, хíба толькі на бацькаўшчыне Ягонай і ў доме Ягоным. І ня ўчыніў там многіх цудаў з-за няверы іхнай.
У той час Гірад тэтрарх пачуў погалас пра Ісуса. І сказаў слугам сваім: Гэты ёсьць Яан Хрысьціцель; Ён уваскрэшаны зь мёртвых, і таму сілы дзейнічаюць у Ім. Бо Гірад, схапіўшы Яана, зьвязаў яго і пасадзіў у вязьніцу за Гірадзіяду, жонку Пілíпавую, брата ягонага; бо Яан казаў яму: нельга табе мець яе. І хацеў забіць яго, але пабаяўся народу, бо яго мелі за прарока. У дзень сьвяткаваньня дня народзінаў, якое праводзіў Гірад, дачка Гірадзіяды скакала пасярод (сабраных) і дагадзіла Гіраду. Пагэтаму ён пад прысягаю паабяцаў ёй даць, чаго б (яна) ні зажадала. Яна ж, падвучаная маткаю сваёю, сказала: дай мне тут на місе галаву Яана Хрысьціцеля. І засмучоны быў гаспадар, але дзеля прысягаў і тых, што ўзьляжалі зь ім, загадаў даць. І, паслаўшы, адсек галаву Яану ў вязьніцы. І прынесена была галава ягоная ў місе і аддана дзяўчыне, а (яна) прынесла матцы сваёй. І, прыйшоўшы, вучні ягоныя ўзялі цела (ягонае) і пахавалі яго; і, прыйшоўшы, паведамілі Ісусу. І, пачуўшы, Ісус адплыў адтуль у чаўне адзін у пустэльнае мейсца. А людзі, пачуўшыя (пра гэтае), пайшлі ўсьлед за Ім зь местаў пешкі. І, выйшаўшы, Ісус убачыў мноства людзей і пашкадаваў іх і аздаравіў хворых іхных. Калі ж наступіў вечар, прыступіліся да Яго вучні Ягоныя, кажучы: пустэльная тут мясьціна, а час ужо позьні: адпусьці людзей, каб яны, пайшоўшы ў сёлы, купілі сабе ежу. А Ісус сказаў ім: ня трэба ім ісьці: вы дайце ім паесьці. Яны ж кажуць Яму: тут няма нічога, акрамя пяці хлябоў і дзьвух рыбін. Ён жа сказаў: прынясеце іх Мне сюды. І, загадаўшы людзям узьлегці на траву і ўзяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбіны, падняўшы вочы да неба, багаславіў і, паламаўшы, даў хлябы вучням, — а вучні — людзям. І паелі ўсе і наеліся; і назьбіралі рэшты кавалкаў дванаццаць кашоў поўных. А еўшых было каля пяці тысячаў мужчын, апрача жанчын і дзяцей. І адразу прымусіў Ісус вучняў Сваіх увайсьці ў човен і адплысьці раней за Яго на той бок, пакуль (Ён) адпусьціць людзей. І адпусьціўшы людзей, Ён узыйшоў на гару памаліцца насамоце; і ўвечары заставаўся там Адзін. А човен ужо быў пасярэдзіне мора і яго біла хвалямі, бо вецер быў супраціўны. А ў чацьвёртую варту ночы пайшоў да іх Ісус, ідучы па моры. І вучні, угледзіўшы Яго, ідучы па моры, сумеліся, кажучы: гэта здань. І ад страху закрычалі. Але Ісус адразу загаварыў зь імі, кажучы: падбадзёрцеся; гэта Я, ня бойцеся. Пётра ж адказаўшы сказаў Яму: Госпадзе! калі гэта Ты, загадай мне прыйсьці да Цябе па вадзе. Ён жа сказаў: прыйдзі. І, выйшаўшы з чаўна, Пётра пайшоў па вадзе, направіўшыся да Ісуса. Але бачачы моцны вецер спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў, кажучы: Госпадзе! уратуй мяне! Ісус адразу ж працягнуўшы Руку́, падтрымаў яго і кажа яму: малаверны! чаму ты засумняваўся? І калі яны ўвайшлі ў човен, вецер заціх. А быўшыя ў чаўне, падыйшоўшы, пакланіліся Яму і сказалі: запраўды Ты Сын Бога! І пераправіўшыся, прыбылí ў зямлю Генісарэцкую. І пазнаўшы Яго мужчыны той мясцовасьці паслалі ва ўсё навакольле тое і прыне́сьлі да Яго ўсіх хворых. І прасілі Яго, каб толькі дакрануцца да краю вопраткі Ягонай; і ўсе каторыя дакрануліся, былі аздароўлены.
Тады прыходзяць да Ісуса зь Ярузаліму кніжнікі і хварысэі, кажучы: чаму вучні Твае парушаюць звычай старэйшынаў? бо ня ўмываюць рук сваіх, калі ядуць хлеб. Ён жа адказаўшы сказаў ім: чаму і вы парушаеце прыказаньне Бога дзеля звычаю вашага? Бо Бог загадаў, кажучы: шануй бацьку твайго і матку; і — хто ліхасловіць бацьку ці матку, няхай памрэ сьмерцяй. А вы кажаце: калі хто скажа бацьку альбо матцы: дар (Богу) — тое, чым бы ты ад мяне скарыстаўся, той можа і ня ўшанаваць бацьку свайго альбо матку сваю; такім чынам вы скасавалі прыказаньне Бога дзеля звычаю вашага. Крывадушнікі! добра прарочыў аб вас Гісая, кажучы: набліжаюцца да Мяне людзі гэтыя вуснамі сваімі і шануюць Мяне языком; а сэрца іхняе адлягае далёка ад Мяне. Але дарэмна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэньням, запаветам чалавечым. І паклікаўшы людзей сказаў ім: слухайце і разумейце: ня тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека; але (тое), што выходзіць з вуснаў, тое апаганьвае чалавека. Тады вучні Ягоныя, прыступіўшыся, сказалі Яму: ці ведаеш, што хварысэі, пачуўшы Слова гэтае, адступіліся ў супраціў? Ён жа адказаўшы сказаў: усякая расьліна, якую ня пасадзіў Ба́цька Мой Нябесны, будзе выкаранена. Пакіньце іх; яны — сьляпыя павадыры сьляпых; а калі сьляпы вядзе сьляпога абодва ўваляцца ў яму. І адказаўшы Пётра сказаў Яму: растлумач нам прыповесьць гэтую. Ісус жа сказаў: усё яшчэ і вы няцямлівыя? Ці яшчэ ня разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, уваходзіць у чэрава, і выкідаецца вон? А што выходзіць з вуснаў — з сэрца выходзіць; і гэтае апаганьвае чалавека: бо з сэрца выходзяць благія думкі, забойствы, чужаложствы, блудадзействы, крадзяжы, ілжывыя сьведчаньні, блюзьнерствы: гэта апаганьвае чалавека. А есьці няпамытымі рукамі — ня апаганьвае чалавека. І выйшаўшы адтуль, Ісус адыйшоў у землі Тыра і Сыдона. І вось жанчына хананэйская, прыйшоўшая з тых ваколіц закрычала Яму, кажучы: зьлітуйся нада мною, Госпадзе, Сын Давіда! Дачку маю жорстка мучыць дэман. Але Ён ня адказаў ёй ні слова. І вучні Ягоныя, прыступіўшыся, упрашвалі Яго: адпусьці яе, бо яна крычыць за намі. Ён жа, адказаўшы, сказаў: Я пасланы толькі да загíнулых авечак дому Ізраэля. А яна, падыйшоўшы, кланялася Яму, кажучы: Госпадзе! памажы мне. Ён жа адказаўшы, сказаў: ня добра ўзяць хлеб ад дзяцей і кінуць сабакам. Яна ж сказала: так, Госпадзе! але й сабакі ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхных. Тады адказаўшы, Ісус сказаў ёй: о, жанчына! вялікая вера твая; няхай станецца табе як жадаеш. І аздароўлена была дачка яе з тае гадзíны. І перайшоўшы адтуль, прыйшоў Ісус да мора Галілеі і ўзыйшоўшы на гару сеў там. І прыступіліся да Яго мноства людзей, якія мелі з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, калек і многа іншых і паклалі іх да Ног Ісусавых; і (Ён) аздаравіў іх; так што людзі зьдзіўляліся, бачучы, нямых гаворачымі, калек здаровымі, кульгавых ходзячымі і сьляпых бачучымі; і праславілі Бога Ізраэля. Ісус жа, прыклікаўшы вучняў Сваіх сказаў: шкада Мне людзей, бо ўжо тры дні знаходзяцца пры Мне і ня маюць чаго паесьці; а адпусьціць іх галоднымі ня хачу, каб ня аслаблі ў дарозе. І кажуць Яму вучні Ягоныя: адкуль нам (узяць) у пустэльні столькі хлябоў, каб накарміць столькі людзей? І кажа ім Ісус: сколькі хлябоў маеце? Яны ж сказалі: сем, і некалькі рыбак. І загадаў людзям узьлегці на зямлю. І ўзяўшы сем хлябоў і рыбы, учыніў падзяку, паламаў і даў вучням Сваім; а вучні — народу. І паелі ўсе і наеліся; і сабралі рэшты кавалкаў сем кашоў поўных. А еўшых было — чатыры тысячы мужчын, акрамя жанчын і дзяцей. І адпусьціўшы народ Ён увайшоў у човен і прыбыў у межы Магдалы.
І падступіўшыся да Яго хварысэі і саддукеі спакушаючы папрасілі Яго паказаць ім знак зь неба. Але Ён адказаўшы сказаў ім: вечарам вы кажаце: будзе пагода, бо неба чырванее, а на золаку: сёньня (будзе) непагадзь, бо неба (хоць і) чырванее, але становіцца пахмурным. Крывадушнікі! аблічча неба распазнаваць умееце, а знако́ў часо́ў (распазнаць) ня мо́жаце? Род нягодны і чужаложны будзе шукаць знаку, але знак яму ня будзе даны, акрамя знаку Ёны прарока. І пакінуўшы іх, адыйшоў. А пераправіўшыся на той бок вучні Ягоныя забыліся узяць хлябы. Ісус жа сказаў ім: глядзеце сьцеражыцеся кісьлí хварысэяў і саддукеяў. Яны ж разважалі між сабою, кажучы: хлябоў ня ўзялі (мы). Уразумеўшы ж (іх), Ісус сказаў ім: чаму разважаеце між сабою малаверныя, што хлябоў ня ўзялі? Усё яшчэ ня разумееце і ня помніце пра пяць хлябоў (для) пяці тысячаў і колькі кашоў вы набралі? Ні пра сем хлябоў для чатырох тысячаў, і колькі кашоў вы набралі? Як ня разумееце, што ня пра хлябы сказаў Я вам: сьцеражыцеся кісьлí хварысэяў і саддукеяў? Тады яны зразумелі, што Ён сказаў ім сьцерагціся ня кісьлí хлебнай, але навукі хварысэяў і саддукеяў. Прыйшоўшы ж у землі Кесарыі Піліпавай, Ісус пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: за каго людзі лічаць Мяне, Сына Чалавечага? А яны сказалі: адны за Яана Хрысьціцеля, другія за Ільлю, а іншыя за Ярэму альбо за аднаго з прарокаў. (Ён) кажа ім: а вы за каго Мяне маеце? І адказаўшы Сымон Пётра сказаў: Ты ёсьць Хрыстос, Сын Бога Жывога. І адказаўшы Ісус сказаў яму: шчасьлівы ты, Сымон, сын Ёны, бо ня цела і кроў адкрылі табе (гэтае), але Ба́цька Мой, Які ёсьць у Нябёсах. І Я кажу табе: ты — Пётра, і на гэтай скале Я збудую Маю Царкву, і брамы пекла ня перамогуць яе. І дам табе ключы Валадарства Нябёсаў: і што зьвяжаш на зямлі, (тое) будзе зьвязана ў Нябёсах, і што разьвяжаш на зямлі, (тое) будзе разьвязана ў Нябёсах. Тады (Ён) загадаў вучням Сваім, каб нікому ня расказалі б, што Ён ёсьць Ісус Хрыстос. З таго часу Ісус пачаў адкрываць вучням Сваім, што Ён мусіць пайсьці ў Ярузалім і шмат перацярпець ад старэйшынаў і архірэяў і кніжнікаў і мае быць забітым, і на трэйці дзень быць уваскрэшаным. І адвёўшы Яго Пётра пачаў пярэчыць Яму, кажучы: пашкадуй, Сябе, Госпадзе! няхай ня станецца гэтага з Табою! Ён жа, адвярнуўшыся, сказаў Пятру: адыйдзі ад Мяне, шатан! ты Мне спакуса, бо думаеш ня пра тое, што Божае, а што чалавечае. Тады Ісус сказаў вучням Сваім: калі хто хоча ісьці за Мною, хай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе за Мною. Бо хто хоча жыцьцё сваё ўсьцерагчы, той загу́біць яго, а хто згу́біць жыцьцё сваё дзеля Мяне, той знойдзе яго. Бо якая карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душа ягоная будзе пашкоджана? Ды які выкуп дасьць чалавек за душу́ сваю? Бо належыць Сыну Чалавечаму прыйсьці ў Славе Ба́цькі Свайго з Ангеламі Сваімі, і тады аддасьць кожнаму паводля ўчынкаў ягоных. Праўду кажу вам: ёсьць нікато́рыя із стаячых тут, якія ня пазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалавечага, ідучага ў Валадарстве Сваім.
А цераз дзён шэсьць бярэ Ісус Пётру, Якуба і Яана, брата ягонага, і ўзводзіць іх адных на высокую гару. І пераабразіўся перад імі: і зазьзяла Аблічча Ягонае, як сонца, а адзецьці Ягоныя сталіся белымі, як сьвятло. І вось, зьявіліся ім Масей і Ільля, размаўляючы зь Ім. І загаварыўшы Пётра сказаў Ісусу: Госпадзе! добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры буданы: Табе адзін, Масею адзін і адзін Ільлю. Калі ён яшчэ гаварыў, вось, воблака сьветлае асланіла іх; і вось Голас із воблака гаворыць: Гэты ёсьць Сын Мой улюблены, Якога Я моцна ўпадабаў; Яго слухайце! І, пачуўшы, вучні ўпалі на абліччы свае і вельмі перапалохаліся. І падыйшоўшы Ісус дакрануўся да іх і сказаў: устаньце і ня бойцеся. І падняўшы вочы свае (яны) нікога ня ўбачылі акрамя аднаго Ісуса. І калі яны сыходзілі з гары, Ісус загадаў ім, кажучы: нікому ня кажыце пра гэтае бачаньне, пакуль Сын Чалавечы ня ўваскрэсьне зь мёртвых. І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы: як жа кніжнікі кажуць, што Ільля мусіць прыйсьці раней? Ісус жа, адказаўшы, сказаў ім: Ільля сапраўды прыйдзе раней і падрыхтуе ўсё. Але кажу вам, што Ільля ўжо прыйшоў, ды ня пазналі яго, а зрабілі зь ім, што захацелі; так і Сын Чалавечы мае пацярпець ад іх. Тады вучні зразумелі, што (Ён) сказаў ім пра Яана Хрысьціцеля. І калі яны прыйшлі да народу, то падыйшоў да Яго чалавек кленчучы перад Ім і кажучы: Госпадзе! зьлітуйся над маім сынам, бо ён памесяўнік і цяжка пакутуе, бо часта падае ў вагонь і часта ў ваду. І (я) прывёў яго да вучняў Тваіх, і (яны) ня змаглі аздаравіць яго. І, адказаўшы, Ісус сказаў: о, род няверны і разбэшчаны! дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне сюды. І загадаў яму Ісус, і выйшаў зь яго дэман, і быў аздароўлены юнак у тую ж хвіліну. Тады прыступіўшыся насамоце вучні сказалі Ісусу: чаму мы ня змаглі выгнаць яго? Ісус жа сказаў ім: праз няверу вашую: бо праўду кажу вам: калі вы будзеце мець веру, як гарчычнае зерне (і) скажаце гары гэтай: перайдзі адгэтуль туды, дык (яна) пяройдзе, і нічога ня будзе нямагчымага вам. Гэты ж род выганяецца толькі малітваю і по́стам. А ў час быцьця іхнага ў Галілеі сказаў ім Ісус: Сын Чалавечы мае быць аддадзеным ў рукі чалавечыя. І заб’юць Яго, і на трэйці дзень будзе ўваскрэшаны. І (яны) вельмі зажа́ліліся. Калі ж яны прыйшлі ў Капэрнавум, дык падыйшлі да Пятра зьбіральнікі дзідрахмаў і сказалі: ці ня заплаціць ваш Настаўнік падатка дзідрахмы? Ён кажа: так. І калі (ён) увайшоў у дом, дык Ісус абпярэдзіў яго, кажучы: як табе здаецца Сымоне? Валадары зямныя з каго бяруць даніны ці падатак — з сыноў сваіх ці зь іншых? Кажа Яму Пётра: зь іншых. Ісус сказаў яму: значыць сыны вольныя. Але каб нам ня спакусіць іх пайшоўшы на мора закінь вуду і вазьмі першую злоўленую рыбу; і, расчыніўшы яе рот, знойдзеш стацір; узяўшы яго, аддай ім за Мяне і за сябе.
У той час прыступіліся вучні да Ісуса, кажучы: дык хто большы ў Валадарстве Нябёсаў? І, паклікаўшы дзіця, Ісус паставіў яго пасярод іх і сказаў: праўду кажу вам, калі ня навернецеся і ня будзеце, як дзеці, ня ўвойдзеце ў Валадарства Нябёсаў. Пагэтаму хто ўмалíць сябе як гэтае дзіця, той ёсьць большы ў Валадарстве Нябёсаў. І калі хто прыйме адно гэткае дзіця ў Імя Маё, Мяне прыймае. А хто спакусіць аднаго з малых гэтых веручых у Мяне, лепш (было бы) яму, каб яму павесілі на шыю млынавы жо́ран і каб ён быў утоплены на глыбіні мора. Гора сьвету ад спакусаў: бо спакусы мусяць прыйсьці; але гора таму чалавеку празь якога спакуса прыходзіць. Калі ж рука твая ці нага твая спакушае цябе, адсячы іх і кінь ад сябе: лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё бяз рукі ці бяз нагі, чым зь дзьвюма рукамі ці дзьвюма нагамі быць укінутым у вагонь вечны. І калі вока тваё спакушае цябе, вырві яго і кінь ад сябе: лепш табе з адным вокам увайсьці ў жыцьцё, чым зь двума вачыма быць укінутым у геенну вогненную. Глядзеце, ня пагарджайце ніводным з малых гэтых; бо кажу вам, што Ангелы іхныя на Нябёсах заўсёды бачаць Аблічча Ба́цькі Майго, Які (ёсьць) на Нябёсах. Бо прыйшоў Сын Чалавечы выратаваць загінуўшае. Як вам здаецца? Калі б у нікаторага чалавека было сто авечак і заблудзілася адна зь іх, то ці ня пакінуў бы ён у гарах дзявяноста дзевяць і ці ня пайшоў бы шукаць заблудзіўшуюся? І калі б сталася знайсьці яе, праўду кажу вам: ён радуецца за яе больш, чым за дзявяноста дзевяць ня заблудзіўшыхся. Пагэтаму няма Волі Ба́цькі вашага, Які (ёсьць) на Нябёсах, каб загінуў адзін з малых гэтых. І калі саграшыў супраць цябе брат твой, ідзі і дакары яго між табою і ім адным, калі паслухаецца цябе, то здабыў ты брата твайго. Калі ж ня паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двох, каб вуснамі двох ці трох сьведкаў было пацьверджана кожнае (сказанае) слова. Калі ж ня паслухаецца іх, скажы царкве, калі ж і царквы ня паслухаецца, няхай будзе ён табе, як пага́нін і мытнік. Праўду кажу вам: усё, што зьвяжаце на зямлі, будзе зьвязана на небе; і ўсё, што разьвяжаце на зямлі, тое будзе разьвязана на небе. Яшчэ кажу вам: калі двое з вас на зямлі прыйдуць да згоды аб кожную рэч, (дык) чаго б ні папрасілі, будзе ім ад Ба́цькі Майго, Які (ёсьць) на Нябёсах. Бо дзе ёсьць двое ці трое, сабраныя дзеля Майго Імені, там Я сярод іх. Тады Пётра падыйшоўшы да Яго сказаў: Госпадзе! Колькі разоў дараваць брату майму, калі саграшыць супраць мяне? да сямі разоў? Ісус кажа яму: ня кажу табе: да сямі разоў, але да сямідзясяці разоў па сем. Пагэтаму Валадарства Нябёсаў упадоблена чалавеку валадару, які захацеў зрахавацца з рабамі сваімі. Калі ж ён пачаў рахавацца, быў прыведзены да яго адзін даўжнік, які (вінен быў) дзесяць тысяч талантаў. А як ён ня меў чым заплаціць, ягоны гаспадар загадаў: прадаць яго, і жонку ягоную, і дзяцей, і ўсё, што (ён) меў, і заплаціць. Тады раб той упаўшы пакланіўся яму, кажучы: валадару, пацярпі на мне і ўсё табе заплачу. Валадар, зьлітаваўшыся над тым рабом, адпусьціў яго і доўг дараваў яму. Выйшаўшы ж раб гэны знайшоў аднаго саслужбовага сябру свайго, каторы быў вінен яму сто дынараў і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: аддай мне, што вінен. Тады саслужывец ягоны, упаўшы да ног ягоных, маліў яго, кажучы: пацярпі на мне, і ўсё аддам табе. Ён жа ня хацеў (пацярпець), але пайшоўшы ўкінуў яго ў вязьніцу, пакуль ня аддасьць доўгу. Убачыўшы ж стаўшаеся саслужыўцы ягоныя вельмі засмуціліся і, прыйшоўшы, расказалі валадару свайму ўсё, што сталася. Тады валадар ягоны паклікаўшы яго кажа яму: нягодны раб, увесь той доўг (я) дараваў табе, бо ты ўпрасіў мяне; ці ня належала і табе памілаваць саслужыўца твайго, як і я памілаваў цябе? І разгневаўшыся валадар ягоны аддаў яго ка́там, пакуль ня аддасьць усяго доўгу яму. Так і Ба́цька Мой Нябесны зробіць вам, калі ня даруеце кожны брату свайму ад сэрца свайго правінаў ягоных.
І сталася, калі Ісус скончыў словы гэтыя, то выйшаў з Галілеі і прыйшоў далей Ярдана ў межы Юдэі. І ўсьлед за Ім пайшлі многа людзей, і Ён аздаравіў іх там. І прыступіліся да Яго хварысэі, спакушаючы Яго і кажучы Яму: дык ці дазволена чалавеку адпускаць жонку сваю па ўсякай прычыне? Ён жа, адказаўшы, сказаў ім: ці ня прачыталі вы, што Творца ад (самага) пачатку сатварыў іх мужчынаю і жанчынаю? І сказаў: таму пакіне чалавек бацьку і матку і стане прылеплены да жонкі сваёй, і будуць двое (аб’яднаны) у цела адно. Дык яны ўжо ня двое, але адно цела. Пагэтаму, што Бог злучыў (шлюбам), чалавеку ня разлучаць! Кажуць Яму: як жа Масей загадаў даць разводны ліст і адпусьціць яе? Кажа ім: Масей дзеля жорсткасьці сэрца вашага дазволіў вам адпускаць жонак вашых; а спачатку ня было гэтак. Але (Я) кажу вам: хто адпусьціць жонку сваю акрамя (прычыны) пералюбства, і ажэніцца з другою, той чыніць пералюб; і хто ажэніцца з разьведзенаю, той чыніць пералюб. Кажуць Яму вучні Ягоныя: калі такое патрабаваньне да чалавека перад жонкай — лепш ня жаніцца. Ён жа сказаў ім: ня ўсе разумеюць слова гэтае, але каму дадзена. Бо ёсьць скапцы, якія з жывата маткі народжаны гэткімі; і ёсьць скапцы, якіх выпакладалі людзі; і ёсьць скапцы, якія выпакладалі самі сябе дзеля Валадарства Нябёсаў. Хто можа разумець, хай разумее. Тады прыведзены былі да Яго дзеці, каб (Ён) усклаў на іх Ру́кі і памаліўся, вучні ж забаранілі ім. Але Ісус сказаў: пусьціце дзяцей і ня перашкаджайце ім прыйсьці да Мяне, бо гэткіх ёсьць Валадарства Нябёсаў. І, усклаўшы на іх Ру́кі, пайшоў адтуль. І вось нехта, падыйшоўшы, сказаў Яму: Настаўнік добры! што зрабіць мне добрае, каб мець жыцьцё вечнае? Ён жа сказаў яму: чаму (ты) называеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, акрамя толькі Бога. Калі ж хочаш увайсьці ў жыцьцё, выпаўняй прыказаньні. Кажа Яму: якія? Ісус жа сказаў: ня забівай, ня чыні пералюбу, ня крадзі, ня сьведчы ілжыва; шануй бацьку твайго і матку і любі бліжняга твайго як самога сябе. (Вых. 20:12,13−16; Ляв. 19:18; Другазак. 5:16,17−20) Юнак кажа Яму: усё гэтае я выконваў з юнацтва майго: чаго яшчэ (мне) ня хапае? Ісус яму сказаў: калі хочаш быць дасканалым пайдзі прадай маёмасьць сваю і раздай убогім і будзеш мець скарб на небе; і прыходзь (ды) ідзі ўсьлед за Мною. Пачуўшы ж гэтае слова, юнак адыйшоў замаркочаны, бо ў яго было многа маёнткаў. Ісус жа сказаў вучням Сваім: праўду кажу вам: цяжка багатаму ўвайсьці ў Валадарства Нябёсаў. І яшчэ кажу вам: лягчэй вярблюду́ прайсьці праз іголчына вуха, чым багатаму ўвайсьці ў Валадарства Бога. Пачуўшы ж (гэтае), вучні Ягоныя былі вельмі зьдзіўлены, кажучы: хто ж можа быць збаўленым? Але паглядзеўшы Ісус сказаў ім: людзям гэта нямагчыма, а Богу ўсё магчыма. Тады адказаўшы Пётр сказаў Яму: вось мы пакінулі ўсё і пайшлі ўсьлед за Табою; што ж будзе нам? А Ісус сказаў ім: праўду кажу вам, што ў новым жыцьці вы, што пайшлі ўсьлед за Мною, калі Сын Чалавечы сядзе на пасадзе Славы Сваёй, сядзеце і вы на дванаццаці пасадах судзячы дванаццаць родаў Ізраэля. І кожны хто пакінуў дамы альбо братоў, альбо сёстраў, альбо бацьку, альбо матку, альбо жонку, альбо дзяцей, альбо землі дзеля Імені Майго, атрымае ў сто разоў больш і ўспадкуе жыцьцё вечнае. А многія першыя будуць апошнімі, і апошнія — першымі.
Бо Валадарства Нябёсаў падобнае чалавеку гаспадару дому які выйшаў на досьвітку наняць работнікаў у вінаграднік свой. І ўмовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, паслаў іх у вінаграднік свой. Выйшаўшы ж каля трэйцяй гадзіны, ён убачыў другіх, якія стаялі на рынку бяз працы, сказаў і ім: ідзіце і вы ў вінаграднік і дам вам справядліва. І яны пайшлі. Зноў выйшаўшы каля шостай і дзявятай гадзіны зрабіў тое самае. Нарэшце, выйшаўшы каля адзінаццатае гадзіны ён знайшоў другіх, якія стаялі бяз працы і кажа ім: чаму вы стаіцё тут цэлы дзень бяз працы? Яны кажуць яму: ніхто нас ня наняў. (Ён) кажа ім: ідзіце і вы ў вінаграднік (мой) і атрымаеце па справядлівасьці. А як надыйшоў вечар, кажа гаспадар вінаградніку аканому свайму: пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы з апошніх да першых. І тыя, што прыйшлі каля адзінаццатае гадзіны атрымалі па дынару. А тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што яны дастануць больш, але і яны дасталі па дынару. І, атрымаўшы пача́лі наракаць на гаспадара дому кажучы: гэтыя апошнія адпрацавалі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанесьлі цягату дня і сьпёку. А ён адказаўшы сказаў аднаму зь іх: дружа! я ня крыўджу цябе; ці ж ня за дынар ты ўмовіўся са мною? Вазьмі сваё ды ідзі; я ж хачу гэтаму апошняму даць, як і табе. Хíба я ня маю ўлады рабіць са сваім, што хачу? Ці вока тваё ліхое ад таго, што я добры? Гэтак будуць апошнія першымі і першыя — апошнімі; бо многа закліканых, але мала выбраных. І калі ўзыходзіў Ісус у Ярузалім, адклікаў па дарозе дванаццаць вучняў Сваіх і сказаў ім: вось мы ўзыходзім у Ярузалім, і Сын Чалавечы будзе прада́ны архірэям і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць; і перададуць Яго паганам на ганьбаваньне і бічаваньне, і ўкрыжаваньне; і на трэйці дзень уваскрэсьне. Тады падыйшла да Яго матка сыноў Завядзея з сынамі сваімі, кланяючыся і нечага просячы ў Яго. Ён жа сказаў ёй: чаго ты хочаш? Яна кажа Яму: скажы, каб гэтыя два сыны мае селі ў Цябе адзін з правага боку, а другі з левага ў Валадарстве Тваім. Адказаўшы ж Ісус сказаў: ня ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць чару, якую Я маю піць, і быць ахрышчанымі хрышчэньнем, якім Я хрышчуся? (Яны) кажуць Яму: можам. І кажа ім: чару Маю будзеце піць і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны. Але даць сесьці з правага боку Майго і з левага боку Майго — ня Мая (улада), але каму прыгатавана Ба́цькам Маім. І пачуўшы (гэтае) дзесяць (вучняў) абурыліся на двух братоў. Ісус жа, паклікаўшы іх, сказаў: вы ведаеце, што князі народаў пануюць над імі, і начальнікі ўладараць над імі; але між вамі няхай ня будзе гэтак; а хто хоча між вамі быць большым, хай будзе вам слугою; і хто хоча між вамі быць першым, хай будзе вам слугою. Як і Сын Чалавечы ня прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць жыцьцё Сваё ў выкуп за многіх. І калі выходзілі яны зь Ярыхону, сьледам за Ім пайшло мноства народу. І вось двое сьляпых, якія сядзелі каля дарогі, пачуўшы, што Ісус ідзе міма, закрычалі, кажучы: памілуй нас, Госпадзе, Сыне Давіда! А людзі загадвалі ім, каб яны змоўклі; але яны яшчэ мацьней крычалі, кажучы: памілуй нас, Госпадзе, Сыне Давіда! І, спыніўшыся, Ісус паклікаў іх і сказаў: што (вы) хочаце, (каб Я) зрабіў вам? (Яны) кажуць Яму: Госпадзе! каб адчыніліся вочы нашыя. Ісус жа, зьлітаваўшыся, дакрануўся да вачэй іхных; і адразу вочы іхныя пача́лі бачыць, і (яны) пайшлі ўсьлед за Ім.
І калі наблізіліся да Ярузаліму і прыйшлі да Бітхвагі, да гары Аліваў, тады Ісус паслаў двух вучняў, кажучы ім: ідзеце ў сяло, якое проста перад вамі; і зараз жа знойдзеце асьліцу прывязаную і асьляня зь ёю; адвязаўшы, прывядзеце да Мяне. І калі б хто сказаў вам нешта, адказвайце: яны патрэбны Госпаду: (і) адразу ж пашле іх. І ўсё гэтае сталася, каб збылося ска́занае праз прарока, які гаворыць: скажэце дачцэ Сыёну: вось Валадар твой ідзе да цябе ціхі і се́дзячы на асьліцы і асьляняці, сыне пад’ярэмнай. (Гісая 62:11; Захар. 9:9) І, пайшоўшы, вучні зрабілі так, як загадаў ім Ісус, прывялі асьліцу і асьляня і паклалі на іх адзежы свае, і Ён сеў паверх іх. І мноства народу пасьцілалі свае адзежыны на дарозе, а другія рэзалі галіны з дрэваў і пасьцілалі на дарозе. А людзі, якія ішлі сьпераду і ішлі ўсьлед, крычалі, кажучы: Госанна Сыну Давіда! Багасла́ўлены Які ідзе ў Імя Госпада! Госанна ў вышэйшых нябёсах! І калі Ён увайшоў у Ярузалім, усё места прыйшло ў рух, кажучы: хто Ён? А людзі гаварылі: гэта Ісус, Прарок з Назарэту Галілейскага. І ўвайшоў Ісус у Сьвятыню Бога і выгнаў усіх прадаючых і купляючых у Сьвятыні, і перакуліў сталы мяняйлаў і ўслоны прадаючых галубоў. І кажа ім: напісана: Дом Мой Домам малітвы назва́ны будзе. А вы зрабілі Яго (Дом Мой) прытонам для разбойнікаў. І прыступіліся да Яго ў Сьвятыні сьляпыя і кульгавыя, і (Ён) аздаравіў іх. Архірэі ж і кніжнікі ўбачыўшы цуды, якія (Ён) учыніў, і дзяцей, якія крычалі ў Сьвятыні і гаварылі: «Госанна Сыну Давіда!» — абурыліся і сказалі Яму: ці чуеш, што яны кажуць? Ісус жа кажа ім: так! Хíба вы ніколі ня чыталі?: «з вуснаў дзетак і нямаўлят Ты ўчыніў хвалу». (Пс. 8:3) І пакінуўшы іх, выйшаў зь места да Бітані і правёў там ноч. А нараніцы вяртаючыся да места, адчуў голад. І, угледзіўшы пры дарозе адну смакоўніцу, падыйшоў да яе, і нічога ня знайшоў на ёй акрамя аднаго лісьця, і кажа ёй: няхай жа ня будзе на табе ўперад плоду давеку. І смакоўніца ўраз жа засохла. І ўбачыўшы вучні зьдзівіліся кажучы: як гэта адразу засохла смакоўніца? І адказаўшы Ісус сказаў ім: праўду кажу вам: калі вы будзеце мець веру і ня засумняваецеся, то зробіце ня толькі тое, што са смакоўніцай, але калі (нават) гары гэтай скажаце: узьніміся і кінься ў мора — станецца. І ўсё, чаго папросіце ў малітве зь вераю, атрымаеце. І калі Ён прыйшоў у Сьвятыню і навучаў прыступіліся да Яго архірэі і старэйшыны народу, кажучы: якою ўладай Ты гэтае робіш, і Хто даў Табе гэтую ўладу? І адказаўшы Ісус сказаў ім: спытаюся і Я ў вас адно слова на якое калі адкажаце Мне, і Я вам скажу якою ўладаю гэтае раблю. Хрышчэньне Яанавае адкуль было: зь Неба, ці ад людзей? Яны ж разважалі між сабою, кажучы: калі скажам: зь Неба, скажа нам: чаму вы тады ня паверылі яму? А калі скажам: ад людзей — баімся народу; бо ўсе лічаць Яана за прарока. І адказаўшы Ісусу сказалі: ня ведаем. Сказаў і Ён ім: і Я ня скажу вам якою ўладаю гэтае раблю. А як вам здаецца? Чалавек меў двух сыноў; і падыйшоўшы да першага сказаў: сын! пайдзі сёньня працуй у вінаградніку маім. А ён адказаўшы сказаў: ня хачу. А пасьля раскаяўшыся пайшоў. І падыйшоўшы да другога сказаў тое самае. Той жа адказаўшы сказаў: я (іду) гаспадар, але ня пайшоў. Каторы з двух выканаў волю бацькі? Кажуць Яму: першы. Кажа ім Ісус: праўду кажу вам: мытнікі і блудадзейкі ідуць у Гаспадарства Бога пярвей за вас. Бо прыйшоў да вас Яан шляхам праведнасьці; і вы ня паверылі яму, а мытнікі і блудадзейкі паверылі яму; а вы і ўбачыўшы, пазьней ня пакаяліся, каб паверыць яму. Выслухайце іншую прыповесьць: нейкі чалавек, гаспадар дому, які насадзіў вінаграднік і агарадзіў яго агароджаю, і выкапаў у ім сажалку і пабудаваў вежу, і даручыў яго вінаградарам і адыйшоў у чужы край. Калі ж надыйшоў час пладоў, (ён) паслаў сваіх рабоў да вінаградараў узяць плады свае. Але вінаградары схапіўшы рабоў ягоных, аднаго зьбілі, другога забілі, а іншага пабілі каме́ньнямі. Ізноў паслаў ён іншых рабоў, больш чым ране́й; і зь імі зрабілі тое самае. А нарэшце паслаў да іх сына свайго, кажучы: пасаро́мяцца сына майго. Але вінаградары ўбачыўшы сына сказалі адзін аднаму: гэты ёсьць спадкаемец; пойдзем, заб’ем яго і завалодаем спадчынай ягонай. І, схапіўшы яго, выкінулі зь вінаградніку і забілі. Калі ж прыйдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць зь вінаградарамі гэнымі? Кажуць Яму: злыдняў гэтых жорстка аддасьць сьмерці, а вінаграднік даручыць другім вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў свой час. Кажа ім Ісус: хіба (ж вы) ніколі ня чыталі ў Пісаньнях?: «Камень, Які адкінулі будаўнічыя, Ён стаўся Галавою вугла. Ад Госпада сталася гэта, і (гэта) ёсьць дзіўна ў вачах нашых». Таму (Я) кажу вам, што будзе аднята ў вас Валадарства Бога і будзе аддана народу, які творыць плады яго (Валадарства Бога). І той, хто ўпадзе на камень гэты будзе разьбіты; а на каго ён упадзе, таго раздушыць. І, пачуўшы прыповесьці Ягоныя, архірэі і хварысэі зразумелі, што гаворыць (Ён) пра іх. І, памыкаючыся схапіць Яго сілай, пабаяліся людзей, бо Яго мелі за Прарока.
І загаварыўшы Ісус ізноў распавёў да іх у прыповесьцях, кажучы: Валадарства Нябёсаў падобна да чалавека-валадара, які справіў вясельле сыну свайму. І (ён) паслаў рабоў сваіх паклікаць запрошаных на вясельле, але (яны) ня захацелі прыйсьці. (І) ён зноў паслаў другіх рабоў, кажучы: скажыце запрошаным: вось (я) прыгатаваў абед мой, быкі мае і (усё) што ўкормлена зарэзаны, і ўсё гатова. Прыходзьце на вясельле. Але яны пагрэбаваўшы (запрашэньнем), пайшлі: адзін на сваё поле, а другі на свой гандаль; а астатнія, схапіўшы рабоў ягоных, зьняважылі і забілі. Пачуўшы ж, валадар угневаўся і, паслаўшы войска сваё, зьнішчыў забойцаў гэных і места іхнае спаліў агнём. Тады кажа ён рабам сваім: вясельны стол гатовы, але запрошаныя ня былі вартыя. Дык пайдзіце на ростані і ўсіх, каго ні сустрэнеце, запрашайце да вясельнага стала. І, выйшаўшы на дарогі, рабы гэныя сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі: ліхіх і добрых; і за вясельным сталом было поўна гасьцей. І увайшоўшы паглядзець на гасьцей, валадар убачыў там чалавека, адзетага ня ў вясельную вопратку. І кажа яму: дружа! як ты ўвайшоў сюды ня ў вясельнай вопратцы? А той маўчаў. Тады валадар сказаў слугам: вазьміце яго і зьвязаўшы яму ногі і рукі, выкіньце ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгат зубоў; бо шмат запрошаных, але мала выбраных. Тады адыйшоўшыся хварысэі ўчынілі змову, каб злавіць Яго на слове. І пасылаюць да Яго вучняў сваіх з гірадзіянамі, кажучы: Настаўнік! мы ведаем, што Ты праўдзівы і шляху Бога ў праўдзе вучыш і нікому ня дагаджаеш; бо ня глядзіш на аблічча людзей. Дык скажы нам: як Табе здаецца? ці дазволена даваць падатак кесару, ці не? Але Ісус разумеючы іхную прыхаваную зламыснасьць, сказаў: што спакушаеце Мяне, крывадушнікі? Пакажэце Мне манету, якою плаціцца падатак. Яны ж прынесьлі Яму дынар. І кажа ім: чый гэта абраз і надпіс? Кажуць Яму: кесаравы. Тады кажа ім: пагэтаму аддавайце кесарава кесару, а тое, што Бога — Богу. І, пачуўшы (яны) зьдзівіліся і пакінуўшы Яго адыйшліся. У той дзень прыступіліся да Яго саддукеі, якія кажуць: ускрасеньня няма, і спыталіся ў Яго, кажучы: Настаўнік! Масей сказаў: калі хто памрэ ня маючы дзяцей хай возьме ягоную жонку брат ягоны сабе ў жонкі і адро́дзіць семя брату свайму. Было ж у нас сем братоў. І першы ажаніўшыся памёр, і ня маючы дзяцей пакінуў жонку сваю брату свайму; таксама і другі, і трэйці, аж да сёмага. А пасьля ўсіх памерла і жонка. Дык вось, пасьля ўскрасеньня каторага зь сямёх будзе яна жонкаю? бо ўсе мелі яе. І адказаўшы Ісус сказаў ім: памыляецеся, ня зразумеўшы Пісаньняў, ні сілы Бога. Бо пасьля ўскрасеньня, ні жэняцца, ні выходзяць замуж, але як Ангелы Бога прабываюць на Небе. А адносна ўскрасеньня памёршых ці ня чыталі вы сказанае вам Богам, кажучы: Я ёсьць Бог Абрагама, і Бог Ісагака, і Бог Якуба? Бог ня ёсьць Бог мёртвых, але жывых. І пачуўшы людзі дзівіліся з вучэньня Ягонага. А хварысэі пачуўшы, што Ён вымусіў саддукеяў змоўкнуць, былі сабраныя разам супраць Яго. І адзін зь іх, законьнік, спакушаючы Яго спытаўся, кажучы: Настаўнік! якое найбольшае прыказаньне ў Законе? Ісус жа сказаў яму: палюбі Госпада, Бога твайго ўсім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёю і ўсім разуменьнем тваім. (Другазак. 6:5) Гэта ёсьць першае і найбольшае прыказаньне. Другое ж падобнае яму: палюбі блізкага твайго, як самога сябе. (Ляв. 19:18) На гэтых двух прыказаньнях грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі. А сабраных хварысэяў Ісус іх запытаў, кажучы: што вы думаеце пра Хрыста? Чый Ён Сын? Кажуць Яму: Давіда. Кажа ім: як жа тады Давід у Духу называе Яго Госпадам, кажучы: сказаў Госпад Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх да падножжа Ног Тваіх. (Пс. 110:1) Дык калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён Сын ягоны? І ніхто ня мог адказаць Яму ні слова; і з таго дня ўжо ніхто ня адважыўся (падступна) дапытвацца Яго.
Тады Ісус сказаў людзям і вучням Сваім, кажучы: на Масеявым пасадзе селі кніжнікі і хварысэі. Пагэтаму ўсё, што ні загадаюць вам захоўваць, захоўвайце і спаўняйце, а паводля ўчынкаў іхных ня рабіце, бо (яны) гавораць і ня робяць. Бо складаюць цяжары важкія і няпасільныя і ўскладаюць на плечы людзям; а самі ня хочуць і пальцам сваім зрушыць іх. А ўсе ўчынкі свае яны робяць, каб бачылі іх людзі. Пашыраюць філяктэрыі свае і павялічваюць кутасы на адзеньні сваім. А таксама любяць узьлягаць наперадзе на гасьцінах і наперадзе сядзець у сынагогах, і вітаньні на плошчах, і каб людзі называлі іх: вучыцель мой! вучыцель мой! А вы ня называйце сябе «раўві», бо адзін у вас ёсьць Настаўнік — Хрыстос, а вы ўсе — браты. І ба́цькам вашым ня называйце (нікога) на зямлі, бо адзін ёсьць Ба́цька ваш, Каторы на Нябёсах. І ня называйцеся настаўнікамі, бо адзін ёсьць ваш Настаўнік — Хрыстос. І большы сярод вас няхай будзе вашым слугою. Бо ўсякі, (хто) узвышае сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, узвышаны будзе. Гора вам, кніжнікі і хварысэі, крывадушнікі, бо зачыняеце Гаспадарства Нябёсаў перад людзьмі; бо самі ня ўваходзіце і тых, што ўваходзяць, ня дапускаеце ўвайсьці. Гора вам, кніжнікі і хварысэі, крывадушнікі, што зьядаеце дамы ўдоваў і напаказ доўга моліцеся; за гэта дастанеце больш цяжэйшы прысуд. Гора вам, кніжнікі і хварысэі, крывадушнікі, што абходзіце мора і сушу, каб зрабіць хоць аднаго нованаверненым; і калі гэта здараецца, робіце яго сынам геенны, удвая горшым за вас. Гора вам, павадыры сьляпыя, што кажаце: калі хто прысягнуў бы Сьвятыняю, гэта нічога, а хто прысягнуў бы золатам Сьвятыні, (то ён) вінаваты. Няразумныя і сьляпыя! бо што большае: золата ці Сьвятыня, якая асьвячае золата? І калі хто прысягнуўся бы ахвярнікам, дык нічога, а хто прысягнуўся бы ахвярай, якая на ім, (то ён) вінаваты. Няразумныя і сьляпыя! а што большае: ахвяра ці ахвярнік, які асьвячае гэтую ахвяру? Дык вось, хто прысягнуўся ахвярнікам, той прысягаецца ім і ўсім, што на ім; і хто прысягнуўся Сьвятыняю, той прысягаецца Ёй і Прабываючым у Ёй. І той, хто прысягнуўся Небам, прысягаецца Пасадам Бога і Седзячым на ім. Гора вам, кніжнікі і хварысэі, крывадушнікі, што даецё дзесяціну зь мяты і кропу і кмену і адкінулі важнейшае ў Законе: суд і міласьць і веру; гэтае належыла зрабіць, і тое ня адкідаць. Павадыры сьляпыя, што камара адцэджваеце, а вярблюда праглынаеце! Гора вам, кніжнікі і хварысэі, крывадушнікі, што ачышчаеце зьнешнасьць коўні і місы, а ўсярэдзіне яны поўныя драпежнасьці і няпраўды. Хварысэй сьляпы! ачысьці сьпярша сярэдзіну коўні і місы, каб чыстая была і зьнешнасьць іхная. Гора вам, кніжнікі і хварысэі, крывадушнікі, што прыпадабняецеся да павапненых магіл, якія звонку здаюцца прыгожымі, а ўсярэдзіне напоўнены косткамі памерлых і ўсякаю нячыстасьцю. Гэтак і вы зьнешне здаецеся людзям сапраўды праведнымі, а ўсярэдзіне поўныя крывадушнасьці і бяззаконьня. Гора вам, кніжнікі і хварысэі, крывадушнікі, што будуеце надмагільлі прарокам і ўпрыгожваеце помнікі праведнікаў, і кажаце: калі б мы былі ў дні ба́цькаў нашых, дык ня былі б саўдзельнікамі іхнымі ў крыві прарокаў. Гэтым самым вы сьведчыце супраць сябе, што вы ёсьць сыны забойцаў прарокаў. Дык вы дапаўняйце меру ба́цькаў вашых. Зьмеі, адродзьдзі яхіднінаў! як пазьбегнеце вы асуджэньня ў геенну? Дык вось, пагэтаму Я пасылаю да вас прарокаў і мудрых і кніжнікаў; і вы адных заб’еце і ўкрыжуеце, а іншых будзеце біць у сынагогах вашых і гнаць зь места да места. Каб прыйшла на вас уся кроў праведная, пралітая на зямлі, ад крыві Авеля праведнага, аж да крыві Захара, сына Барахіявага, якога вы забілі між Сьвятыняю і ахвярнікам. Праўду кажу вам: усё гэтае прыйдзе на род гэты. Ярузалім! Ярузалім! забойца прарокаў і забойца каменьнем пасланых да цябе! Колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка зьбірае птушанят сваіх пад крыльлі, і вы ня захацелі. Вось жа кіда́ецца вам дом ваш пусты! Бо кажу вам: ня ўбачыце Мяне ад сёньня дакуль ня скажаце: Багаслаўлёны, Які ідзе ў Імя Госпада!
І, выйшаўшы, Ісус ішоў ад Сьвятыні; і прыступіліся (да Яго) вучні Ягоныя, каб паказаць Яму будынкі Сьвятыні. А Ісус сказаў ім: ці ня бачыце ўсё гэтае? Праўду кажу вам: ня застане́цца тут ка́меня на ка́мені, які ня застане́цца ня разбураным. Калі ж Ён сядзеў на гары Аліваў, прыступіліся да Яго вучні насамоце, кажучы: скажы нам, калі гэта станецца? І які знак Твайго прышэсьця і сканчэньня веку? І, адказаўшы, Ісус сказаў ім: сьцеражыцеся, каб (ніхто) вас ня ўвёў у зман. Бо многія прыйдуць пад Імем Маім, кажучы: «Я ёсьць Хрыстос», і многіх увядуць у зман. Належыць жа (вам) пачуць пра варагаваньні і чуткі пра войны. Глядзеце, ня жахайцеся; бо ўсё гэтае мусіць стацца, але (гэтае) яшчэ ня канец. Бо паўстане народ на народ і валадарства на валадарства; і будуць галады і моры і зямлітрасеньні па мясцох. А ўсё гэтае — пачатак пакутаў. Тады будуць выдаваць вас на пакуты і будуць забіваць вас; і вы будзеце зьнянавіджаныя ўсімі народамі за Імя Маё. І тады многія будуць уведзеныя ў спакусу; і адзін аднаго будуць выдаваць, і зьнянавідзяць адзін аднаго. І многія ілжывыя прарокі паўстануць і ўвядуць многіх у зман. І ад памнажэньня бяззаконьня ў многіх асьцюдзянее (братняя) любоў. А хто вытрывае да канца, той будзе ўратаваны. І абвешчана будзе гэтае Эвангельле Валадарства па ўсім сьвеце, дзеля сьведчаньня ўсім народам; і тады прыйдзе канец. Дык вось, калі ўбачыце агіду спусташэньня, прадказаную праз Данілу прарока, стаячую на сьвятым мейсцы, — хто чытае, хай разумее, — тады хто (будзе) у Юдэі, хай уцякаюць у горы; хто на даху, хай ня зыхо́дзіць узяць што-небудзь з дому свайго. І хто ў полі, няхай ня варочаецца назад узяць адзеньні свае. Гора ж цяжарным і кормячым грудзьмі ў тыя дні! Малецеся ж, каб ня сталіся ўцёкі вашыя зімою ці ў суботу. Бо тады будзе вялікі ўціск, якога ня было ад пачатку сьвету аж дагэтуль і ня будзе. І калі б ня былі скарочаныя гэныя дні, ня было б уратавана ніводнае цела, але дзеля выбраных будуць скарочаныя гэныя дні. Тады калі хто скажа вам: вось тут Хрыстос, альбо там, — ня верце. Бо будуць зьяўлены ілжэхрысты і ілжэпрарокі і дадуць вялікія знакі і цуды, каб увесьці ў зман, калі магчыма, нават выбраных. Вось, Я наперад сказаў вам. Дык, калі скажуць вам: «вось Ён у пустэльні», — ня выходзьце; «вось (Ён) у сховах», — ня верце; бо як бліскавіца выходзіць з усходу і відаць аж да захаду, гэтак будзе і прышэсьце Сына Чалавечага; бо калі дзе труп (умярцьвёная плоць), там будуць сабраны арлы. І адразу пасьля ўціску дзён гэных сонца будзе пакрыта цемрай, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоркі спадуць зь неба, і сілы небаў будуць трасянуты. І тады будзе яўлены знак Сына Чалавечага ў небе; і тады зарыдаюць усе плямёны зямлі і ўбачаць Сына Чалавечага ідучы на воблаках неба зь сілаю і славаю вялікай. І пашле (Ён) Ангелаў Сваіх з моцным гукам трубы, і зьбяруць выбраных Ягоных ад чатырох вятроў, ад краёў небаў да краёў іхных. Ад смакоўніцы вазьмеце параўнаньне: калі галінка яе ўжо робіцца мяккай і пускае лісьцё, дык ведаеце, што блізка лета. Гэтак і вы, калі ўбачыце ўсё гэтае, дык ведайце, што блізка, пры дзьвярох. Праўду кажу вам: ня праміне род гэты, як усё гэтае станецца. Неба і зямля прамінуць, але Словы Мае ня прамінуць. А пра дзень гэны і гадзіну ніхто ня ведае, нават і Ангелы нябесныя, а толькі Ба́цька Мой адзін. Але як (было) у дні Ноя, гэтак будзе і ў прышэсьце Сына Чалавечага. Бо як было ў дні перад патопам: елі і пілі, жаніліся і выходзілі замуж аж да таго дня, (як) увайшоў Ной у карабель. І ня прынялі (пропаведзі Ноя), пакуль ня прыйшоў патоп і ня зьнішчыў усіх: гэтак будзе і прышэсьце Сына Чалавечага. Тады будуць у полі двое: аднаго забіраюць, а другога пакідаюць. Дзьве мелючыя ў жорнах: адну забіраюць, а другую пакідаюць. Будзьце на старо́жы, бо ня ведаеце ў якую гадзіну Госпад ваш прыйдзе. Вы ж ведаеце тое, што калі б ведаў гаспадар дому ў якую варту прыйдзе злодзей, то быў бы на старо́жы, і ня даў бы падкапацца пад дом свой. Дзеля гэтага і вы будзьце гатовы; бо Сын Чалавечы прыйдзе ў гадзіну, у якую ня думаеце. Хто ж верны і разумны раб, якога гаспадар ягоны паставіў над прыслугаю сваёю, каб даваць ім яду ў пару? Шчасьлівы той раб, якога гаспадар ягоны прыйшоўшы знойдзе, што робіць гэтак. Праўду кажу вам, што над усімі маёнткамі сваімі паставіць яго. Калі ж гэны нягодны раб скажа ў сэрцы сваім: марудзіць гаспадар мой зь вяртаньнем, і пачне зьбіваць сваіх саслужбоўцаў ды есьці і піць з п’яніцамі, — то прыйдзе гаспадар раба гэнага ў дзень, у які ня чакае, і ў гадзіну, у якую ня ведае, і сурова пакарае яго, і вызначыць яму адну долю з крывадушнікамі; там будзе лямант і скрыгот зубоў.
Тады Валадарства Нябёсаў будзе ўпадоблена да дзесяцёх дзеваў, якія, узяўшы сьветачы свае, выйшлі на сустрэчу Маладому. І сярод іх былі пяць мудрыя, і пяць — няразумныя. Тыя, каторыя няразумныя, узяўшы сьветачы свае, ня ўзялі з сабою алею. Мудрыя ж разам са сьветачамі сваімі ўзялі алей у судзіны свае. А як Малады замарудзіў, то задрамалі ўсе і пасну́лі. Але апоўначы прагучаў крык: вось Малады ідзе, выходзьце на сустрэчу Яму. Тады ўсталі ўсе гэныя дзевы і паправілі сьветачы свае. А няразумныя сказалі мудрым: дайце нам вашага алею, бо сьветачы нашыя гаснуць. А мудрыя адказалі, кажучы: каб ня сталася няхопіцы і ў нас і ў вас, дык пайдзеце лепш да прадаўцоў і купеце сабе. Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў Малады, і гатовыя ўвайшлі зь Ім на вясельле, і дзьверы былі зачынены. Пасьля ж прыходзяць і рэшта дзеў, кажучы: Госпадзе! Госпадзе! адчыні нам! Ён жа адказаўшы сказаў: праўду кажу вам: ня ведаю вас. Пагэтаму будзьце на старожы, бо ня ведаеце ні дня, ні гадзіны, у якую Сын Чалавечы прыйдзе. Бо як чалавек, пакідаючы дом, паклікаў рабоў сваіх і даручыў ім маёмасьць сваю. І аднаму даў (ён) пяць талянтаў, другому ж — два, а іншаму — адзін, кожнаму паводля ягонай сілы, і зараз жа пакінуў дом. І той, што атрымаў пяць талянтаў, пайшоўшы, скарыстаў іх у справе і набыў другія пяць талянтаў. Гэтак сама і той, што атрымаў два (талянты): набыў і ён другія два (талянты). А той, што атрымаў адзін талянт, адыйшоўшыся, закапаў (яго) у зямлю і схаваў срэбра гаспадара свайго. І па доўгім часе прыходзіць гаспадар рабоў гэных і патрабуе ў іх справаздачы. І, падыйшоўшы, той, што атрымаў пяць талянтаў, прынёс другія пяць талянтаў, кажучы: Гаспадар! пяць талянтаў (ты) даручыў мне; глядзі, другія пяць талянтаў набыў я за іх. А гаспадар ягоны сказаў яму: добра, раб добры і верны! У малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара свайго. Таксама і той, што атрымаў два талянты, падыйшоўшы сказаў: гаспадар! два талянты даручыў ты мне, глядзі, другія два талянты набыў я за іх. Гаспадар ягоны сказаў яму: добра, добры і верны раб! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго. Таксама і той хто атрымаў адзін талянт падыйшоўшы сказаў: гаспадар! я ведаў цябе, што ты чалавек жорсткі: жнеш, дзе ня пасеяў, і зьбіраеш, дзе ня рассыпаў. Дык пабаяўшыся пайшоў і схаваў талянт твой у зямлі; вось атрымай тваё. І, адказаўшы, гаспадар ягоны сказаў яму: ліхі і ляны раб! ты ведаў, што я жну, дзе ня пасеяў, і зьбіраю дзе ня рассыпаў. Дзеля гэтага належала табе аддаць срэбра маё мянялам, і я прыйшоўшы дастаў бы маё з прыбыткам. Пагэтаму вазьміце ў яго талянт і аддайце таму, хто мае дзесяць талянтаў. Бо ко́жнаму, хто мае, будзе дадзена і памно́жыцца; а ў таго, хто ня мае будзе аднята і тое, што мае. А нягоднага раба выкіньце ў цемру вонкавую; там будзе лямант і скрыгот зубоў. Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў Славе Сваёй, і ўсе сьвятыя Ангелы зь Ім, тады сядзе на Пасадзе Славы Сваёй І будуць сабраны перад Ім усе народы, і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. І (Ён) паставіць авечак праваруч Сябе, а казлоў зь левага (боку). Тады скажа Валадар тым, што справа ад Яго: прыйдзеце багаславёныя Ба́цькі Майго, атрымайце ў спадчыну Валадарства прыгатаванае вам ад стварэньня сьвету. Бо (Я) галадаў, і вы далі Мне есьці, хацеў піць, і (вы) напаілі Мяне, быў падарожным, і (вы) прынялі Мяне; быў няапрануты, і (вы) адзелі Мяне; быў хворы, і (вы) адведалі Мяне; быў у вязьніцы, і (вы) прыйшлі да Мяне. Тады праведнікі адкажуць Яму кажучы: Госпадзе! калі (мы) бачылі Цябе галадаючым і накармілі ці сьмягнучым і напаілі? І калі (мы) бачылі Цябе падарожным і прынялі альбо няапранутым і адзелі? Альбо калі (мы) бачылі Цябе хворым ці ў вязьніцы і прыйшлі да Цябе? Тады адказаўшы Валадар скажа ім: праўду кажу вам: як што зрабілі (вы гэта) аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, (вы) зрабілі Мне. Тады скажа і тым, што зьлева (ад Яго): ідзіце ад Мяне, праклятыя, у вагонь вечны, прыгатаваны д’яблу і ангелам ягоным. Бо Я галадаў, і (вы) ня далі Мне есьці; хацеў піць, і (вы) ня напаілі Мяне. Быў падарожным, і (вы) ня прынялі Мяне; быў няапрануты, і (вы) ня адзелі Мяне; быў хворы і ў вязьніцы, і (вы) ня адведалі Мяне. Тады і яны адкажуць Яму кажучы: Госпадзе! калі мы бачылі Цябе галадаючым ці сьмягнучым, ці падарожным, ці няапранутым, ці хворым, ці ў вязьніцы, і ня паслужылі Табе? Тады адкажа ім кажучы: праўду кажу вам: як (вы) ня зрабілі (гэтага) аднаму з гэтых меншых, то ня зрабілі Мне. І пойдуць гэтыя на кару вечную, а праведнікі ў жыцьцё вечнае.
І сталася, калі Ісус скончыў усе гэтыя словы то сказаў вучням Сваім: (вы) ведаеце, што праз два дні будзе Пасха, і Сын Чалавечы выданы будзе на раскрыжаваньне. Тады былі сабраныя архірэі і кніжнікі і старэйшыны народу на падворак архірэя якога называлі Каяхва. І ўчынілі змову каб узяць Ісуса хітрасьцяй і забіць. Але казалі: толькі ня ў сьвята, каб ня ўзьняло́ся абурэньне ў народзе. Калі ж Ісус быў у Бітані, у доме Сымона пракажонага, прыступілася да Яго жанчына з алябастраваю судзінаю зь мірам мнагацэнным і паліла́ Яму на Галаву як узьляжаў. Угледзіўшы (гэтае), вучні Ягоныя ўгневаліся, кажучы: навошта гэткае марнаваньне? Бо можна было бы гэтае міра прадаць за дарагую цану і даць убогім. Але Ісус уведаўшы (гэтае), сказаў ім: нашто робіце няпрыемнасьць жанчыне? Яна добры ўчынак учыніла для Мяне. Бо ўбогіх заўсёды маеце побач з сабою, а Мяне ня заўсёды маеце. А ўзьліўшы міра гэтае на Цела Маё, яна ўчыніла на пахаваньне Маё. Праўду кажу вам: дзе б ні было абвешчана Эвангельле гэтае па ўсім сьвеце, ска́зана будзе і (аб тым) што яна зрабіла, на ўспамін аб ёй. Тады адзін з дванаццацёх, называ́ны Юда Іскарыёт, пайшоў да архірэяў, сказаў: што хочаце даць мне, і я вам выдам Яго? Яны ж вызначылі яму трыццаць срэбнікаў. І з таго часу ён шукаў зручнай наго́ды каб выдаць Яго. У першы ж дзень Праснакоў прыступіліся вучні да Ісуса кажучы Яму: дзе хочаш, каб (мы) прыгатавалі Табе есьці Пасху? Ён жа сказаў: пайдзеце ў места да такога і такога і скажыце яму: Настаўнік кажа: час Мой блізкі; у цябе зро́блю Пасху з вучнямі Маімі. І вучні зрабілі як загадаў ім Ісус; і прыгатавалі Пасху. Калі ж настаў вечар Ён узьлёг з дванаццацьма вучнямі. І калі (яны) елі Ён сказаў: праўду кажу вам што адзін з вас прадасьць Мяне. І, крэпка засумаваўшы, пача́лі гаварыць Яму кожны зь іх: ці ня я, Госпадзе? Ён жа адказаўшы сказаў: той, хто памачыў са Мною руку ў місе, гэты прадасьць Мяне. Бо Сын Чалавечы ідзе так, як напісана аб Ім: але гора таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы прадаецца; лепей было б гэнаму чалавеку, калі б ён ня быў народжаным. Пачаўшы гаварыць і Юда, што прадаў Яго, сказаў: ці ня я, Раўві? Ісус кажа яму: ты сказаў. І, калі яны елі, Ісус узяўшы хлеб і багаславіўшы, паламаў і даваў вучням ды сказаў: прымеце, ешце; гэта ёсьць Цела Маё. І, узяўшы чару і аддаўшы хвалу, пада́ў ім, сказаўшы: піце зь яе ўсе; бо гэта ёсьць Кроў Мая Новага Запавету за многіх праліваная дзеля дараваньня грахоў. Кажу ж вам, што адгэтуль ня буду піць ад плоду гэтага вінаграду аж да гэнага дня, калі (Я) буду піць яго з вамі новае (віно) у Валадарстве Ба́цькі Майго. І, запяяўшы, пайшлі на гару Аліваў. Тады кажа ім Ісус: усе вы прымеце спакусу аба Мне ў гэтую ноч, бо напісана: паражу пастуха і будуць расьцярушаны авечкі стада. (Зах. 13:7) А па ўваскрасеньні Маім апярэджу вас у Галілеі. Адказаўшы ж Пётра сказаў Яму: калі і ўсе будуць спакушаны аб Табе, я ніколі ня буду спакушаны. Ісус сказаў яму: праўду кажу табе, што ў гэтую ноч перш чым прапяець певень, тройчы адрачэшся ад Мяне. Кажа Яму Пётра: нават калі і належыць мне з Табою памерці, ня адракуся ад Цябе. Падобнае сказалі і ўсе вучні. Тады прыходзе Ісус зь імі на мейсца называнае Гэтсыманя і кажа вучням: сядзіце тут пакуль (Я) адыйшоўшы памалюся там. І, узяўшы Пятра і двух сыноў Завядзея (з Сабою), пачаў сумаваць і гаротна перажываць. Тады кажа ім (Ісус): глыбока пакутная Душа Мая аж да сьмерці: пабудзьце тут і пасуперажывайце са Мною. І, адыйшоўшыся трохі ўпаў на Аблічча Сваё, маліўся і гаварыў: Тата Мой дарагі! калі магчыма няхай абміне Мяне чара гэтая; аднак, ня як Я хачу, але як Ты! І прыходзіць да вучняў і знаходзіць іх сьпячымі, дый кажа Пятру: гэтак вы ня змаглі і аднае гадзіны пасуперажываць са Мною? Чувайце і маліцеся, каб ня ўпасьці ў спакусу. (Няпашкоджаны) дух гатовы (да змаганьня за праведнасьць), плоць жа (на гэта) няздольная. Ізноў, адыйшоўшыся другі раз памаліўся кажучы: Тата Мой дарагі! калі ня можа чара гэтая абмінуць Мяне, каб (Мне) ня піць яе, няхай станецца Воля Твая! І прыйшоўшы знаходзіць іх ізноў сьпячымі; бо вочы іхныя былі абцяжэўшымі. І, пакінуўшы іх, адыйшоўшы ізноў памаліўся ў трэйці раз, мовіўшы тое ж слова. Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: (вы) усё яшчэ сьпіцё і спачываеце; вось настаў час, і Сын Чалавечы прадаецца ў рукі грэшнікаў. Устаньце, пойдзем: вось наблізіўся той, хто прадае Мяне. І, калі Ён яшчэ гаварыў, вось прыйшоў Юда, адзін з дванаццацёх, і зь ім вялізны натоўп зь мечамі і каламі, ад архірэяў і старэйшынаў народу. А хто прадаваў Яго, даў ім знак, сказаўшы: каго (я) пацалую, Той ёсьць Ён, хапайце Яго. І адразу падыйшоўшы да Ісуса, сказаў: радуйся, Раўві! І пацалаваў Яго. А Ісус сказаў яму: дружа, чаго ты прыйшоў? Тады падыйшлі (і) усклалі ру́кі на Ісуса і ўзялі Яго. І вось адзін з быўшых з Ісусам выцягнуўшы руку, дастаў меч свой і, ударыўшы раба архірэявага, адсек яму вуха. Тады кажа яму Ісус: вярні меч свой у ягонае мейсца; бо ўсе, што ўзялі меч, ад меча загінуць. Ці думаеш, што (Я) ня магу зараз жа ўпрасіць Ба́цьку Майго, і (Ён) дасьць Мне больш чым дванаццаць легіёнаў Ангелаў? Як жа збудуцца Пісаньні, што гэта мусіць стацца? У той час сказаў Ісус народу: быццам на разбойніка выйшлі (вы) зь мечамі і каламі схапіць Мяне; кожны дзень сядзеў (Я) з вамі, навучаючы ў Сьвятыні, і (вы) ня ўзялі Мяне. Гэтае ж усё сталася, каб збыліся Пісаньні Прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, уцяклі. А тыя, што схапілі Ісуса, завялі (Яго) да Каяхвы, архірэя, куды былі сабраны кніжнікі і старэйшыны. А Пётра сьледаваў за Ім здалёк аж да падворка архірэявага; і, увайшоўшы ўсярэдзіну, сядзеў са слугамі, каб убачыць канец. А архірэі і старэйшыны і ўвесь сынэдрыён шукалі хвальшывае сьведчаньне супраць Ісуса, каб забіць Яго. І ня знайшлі; ня знайшлі і многія хвальшывыя сьведкі, што прыйшлі. Уканцы прыйшлі два ілжывыя сьведкі і сказалі: Ён казаў: магу зруйнаваць Сьвятыню Бога і за тры дні збудаваць яе. І, устаўшы, архірэй сказаў Яму: нічога ня адказваеш? што яны проці Цябе сьведчаць? Ісус жа маўчаў. І, прадоўжыўшы, архірэй сказаў Яму: заклінаю Цябе Богам жывым, скажы нам ці Ты Хрыстос, Сын Бога? Ісус кажа яму: ты сказаў, да таго ж кажу вам: адгэтуль убачыце Сына Чалавечага, седзячы з правага боку Сілы і ідучы на воблаках Неба. Тады архірэй разьдзер адзежы свае, кажучы: (Ён) блюзьніць: на што нам яшчэ сьведкі? Вось цяпер (вы) пачулі блюзьнерства Ягонае. Як вам здаецца? Яны ж адказаўшы сказалі: варты сьмерці. Тады заплявалі Ягонае Аблічча і зьбілі Яго; другія ж білі Яго па шчоках, кажучы: прароч нам, Хрыстос, хто ўдарыў Цябе? А Пётра сядзеў вонках на падворку, і падыйшла да яго адна служанка, кажучы: і ты быў з Ісусам Галілейцам. Але ён адрокся перад усімі, кажучы: ня ведаю, што (ты) гаворыш. А калі ён выходзіў за браму, убачыла яго другая і кажа быўшым там: і гэты быў зь Ісусам Назарэем; і (ён) ізноў адрокся з прысягаю: ня ведаю Таго Чалавека. Крыху пазьней падыйшлі тыя, што стаялі (там і) сказалі Пётру: сапраўды і ты зь іх, бо і гаворка твая выдае цябе. Тады ён пачаў клясьціся і прысягаць: ня ведаю Гэтага Чалавека. І тут жа запяяў певень. І было напомнена Пётру слова Ісуса ска́занае яму: перш чым прапяе певень тройчы адрачэшся ад Мяне. І выйшаўшы вонкі заплакаў горка.
Калі ж настала раніца, усе архірэі і старэйшыны народу ўчынілі нараду аб Ісусе, каб Яго забіць; і зьвязаўшы Яго завялі і выдалі Яго Понтыю Пілату правіцелю. Тады Юда, які прадаў Яго, убачыўшы, што Ён засуджаны пашкадаваў (аб сваім учынку і) аддаў назад трыццаць срэбнікаў архірэям і старэйшынам, кажучы: саграшыў (я) прадаўшы Кроў нявінную. Яны ж сказалі: што нам да таго? Ты глядзі. І кінуўшы срэбнікі ў Сьвятыні (ён) выйшаў і, пайшоўшы, павесіўся. Архірэі ж, узяўшы срэбнікі, сказалі: ня дазваляецца класьці іх у скарбонку Сьвятыні, бо яны — цана крыві. Учыніўшы ж нараду (яны) купілі за іх поле ганчара для пахаваньня чужынцаў. Таму названа поле тое «полем крыві» нават па сёньняшні дзень. Тады збылося сказанае Прарокам Ярэмай, які кажа: і ўзялі трыццаць срэбнікаў, цану Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраэля, і аддалі іх за поле ганчара, як сказаў мне Госпад. Ісус жа стаў перад правіцелем. І спытаўся ў Яго правіцель, кажучы: Ты ёсьць Кароль жыдоў? Ісус сказаў яму: ты кажаш. І калі абвінавачавалі Яго архірэі і старэйшыны, (Ён) нічога ня адказаў. Тады кажа Яму Пілат: ці ня чуеш як многа супраць Цябе сьведчаць? І ня адказаў яму аніводнага слова, так што правіцель вельмі зьдзіўляўся. На сьвята ж правіцель меў звычай адпускаць народу аднаго вязьня якога хацелі. Быў жа тады (у іх) вядомы вязень называны Бараўва. І вось калі яны былі сабра́ныя, сказаў ім Пілат: каго хочаце каб (я) вам звольніў: Бараўву ці Ісуса, Якога завуць Хрыстом? Бо ведаў, што з зайздрасьці выдалі Яго. Калі ж ён сядзеў на судовым мейсцы, паслала да яго жонка ягоная, кажучы: нічога ня рабі Праведніку Таму, бо (я) сягоньня ў сьне шмат пацярпела за Яго. Але архірэі і старэйшыны падбухторылі народ, каб папрасілі Бараўву, а Ісуса каб забілі. Адказаўшы ж правіцель сказаў ім: каго хочаце з гэтых двух каб (я) звольніў вам? Яны ж сказалі: Бараўву. Кажа ім Пілат: тады што зраблю Ісусу, Якога называюць Хрыстом? Кажуць яму ўсе: павінен быць раскрыжаваны. Але правіцель сказаў: якое ж злачынства ўчыніў Ён? Яны ж яшчэ мацней крычалі, кажучы: павінен быць раскрыжаваны. Тады Пілат убачыўшы, што нічога ня дапамагае, а ўзбурэньне яшчэ больш павялічваецца, узяўшы вады ўмыў рукі перад народам, кажучы: нявінаваты я ў Крыві Праведніка Гэтага; вы глядзіце. І адказаўшы ўвесь народ сказаў: Кроў Ягоная на нас і на дзецях нашых. Тады (ён) звольніў ім Бараўву, а Ісуса зьбічаваўшы аддаў каб (Ён) быў раскрыжаваны. Тады жаўнеры правіцеля ўзяўшы Ісуса ў прэторыю сабра́лі на Яго ўсю кагорту. І разьдзеўшы Яго апранулі на Яго чырвоны плашч. І сьплёўшы вянок зь цярніны (як карону) усклалі Яму на Галаву і ў правую Руку Ягоную да́лі кій; і стаўшы на калені перад Ім зьдзекаваліся зь Яго, кажучы: радуйся, Кароль жыдоў! І абпляваўшы Яго ўзялі кій і білі Яго па Галаве. А калі назьдзекаваліся зь Яго зьнялі зь Яго (чырвоны) плашч і апранулі на Яго Ягоныя адзежы, і павялі Яго на раскрыжаваньне. Выходзячы ж (яны) сустрэлі чалавека кірэнэйца па іменьню Сымон; гэтага прымусілі несьці крыж Ягоны. І прыйшоўшы на мейсца, якое называецца Галгота што значыць «Чэрапу мейсца». (Яны) далі Яму піць воцат зьмяшаны з жоўцяй; і пакаштаваўшы ня хацеў піць. Раскрыжаваўшыя Яго разьдзялілі адзежы Ягоныя, кіда́ючы жэрабя; каб было споўнена сказанае праз Прарока: падзялілі адзежы Мае паміж сабою і на вопратку Маю кінулі жэрабя; І, седзячы, вартавалі Яго там. І зьмясьцілі над Галавою Ягонай надпіс аб віне Ягонай: Гэты ёсьць Ісус, Кароль жыдоў. Тады раскрыжаваны былі разам зь Ім два разбойнікі: адзін справа, а другі — зьлева. А тыя, што праходзілі міма, ліхасловілі Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: Ты, што разбураеш Сьвятыню і за тры дні адбудоўваеш! Уратуй Сябе Самога! Калі Ты Сын Бога, зыйдзі з крыжа. Падобна і архірэі разам з кніжнікамі і старэйшынамі насьмяхаючыся, казалі: другіх ратаваў, а Самога Сябе ўратаваць ня можа. Калі Ён Кароль Ізраэля хай цяпер жа сыйдзе з крыжа, і (мы) паверым Яму. Спадзяваўся на Бога; хай цяпер выбавіць Яго, калі Ён заўгодны Яму. Бо сказаў: Я ёсьць Сын Бога. Нават і разбойнікі раскрыжаваныя зь Ім ліхасловілі Яго. Ад шостай жа гадзіны цемра сталася па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятае. А каля дзявятай гадзіны загаласіў Ісус моцным голасам, кажучы: Элі! Элі! лама сабахтанí? гэта ёсьць: Божа Мой! Божа Мой! чаму (Ты) Мяне пакінуў? І нікаторыя, што там стаялі пачуўшы казалі: Ён кліча Ільлю. І адразу адзін зь іх пабег і ўзяўшы губку намачыўшы ў воцат і насадзіўшы на трысьціну даваў Яму піць. А астатнія казалі: чакай, паглядзім ці прыйдзе Ільля ўратаваць Яго. Ісус жа зноў загаласіўшы моцным голасам выпусьціў Дух. І вось завеса Сьвятыні была разадрана напалам зьверху да нізу; і зямля была страсянута і скалы былі расколаты. І магілы былі расчынены, і многія целы памёршых сьвятых былі ўваскрэшаны; і выйшаўшы з магіл пасьля ўваскрасеньня Ягонага, увайшлі ў сьвятое места і былі яўлены многім, Сотнік жа і тыя, што зь ім вартавалі Ісуса, убачыўшы трасеньне зямлі і што сталася, спалохаліся моцна, кажучы: сапраўды, Ён быў Сын Бога. Было ж там многа жанчын якія назіралі здалёк, якія прыйшлі ўсьлед за Ісусам з Галілеі, служачы Яму; сярод якіх была Марыля Магдаліна і Марыля, матка Якуба і Ёсі, а таксама матка сыноў Завядзея. Калі ж настаў вечар прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, іменьнем Язэп, каторы таксама быў вучням Ісуса. Ён, прыйшоўшы да Пілата, выпрасіў Цела Ісуса. Тады Пілат загадаў аддаць Цела. І ўзяўшы Цела Язэп абгарнуў Яго ільняным палатном чыстым і паклаў Яго ў сваёй новай магіле, якую (ён) высек у скале; і прываліўшы вялікі ка́мень да дзьвярэй магілы, адыйшоў. Была ж там Марыля Магдаліна і другая Марыля, якія сядзелі насупраць магілы. На другі дзень, каторы ёсьць пасьля параскевы, былі сабраныя архірэі і хварысэі да Пілата кажучы: пане! мы ўспомнілі, што Ашуканец Той, як быў яшчэ жывы сказаў: цераз тры дні буду ўваскрэшаны. Пагэтаму загадай вартаваць магілу да трэйцяга дня каб вучні Ягоныя прыйшоўшы ўначы ня ўкралі Яго, і ня сказалі народу: уваскрэшаны зь мёртвых. І будзе апошняе ашуканства горшае за першае. А Пілат сказаў ім: маеце варту; ідзіце вартуйце як ведаеце. Яны ж пайшоўшы перадалі вартаваньне магілы (рымскай) варце, прылажыўшы да ка́меня пячатку.
Калі прайшла субота на сьвітаньні першага дня тыдня, прыйшла Марыля Магдаліна і другая Марыля паглядзець магілу. І вось, стаўся вялікі землятрус: бо Ангел Госпада, які сыйшоў зь Неба, прыступіўшы адваліў камень ад дзьвераў (магілы) і сядзеў на ім. Выгляд жа яго быў, як маланка, і вопратка ягоная белая, як сьнег. І ад страху перад ім ахоўнікі былі апанаваны такім трымценьням, што зрабіліся, як мёртвыя. Ангел жа загаварыўшы да жанчын сказаў: вы ня бойцеся, бо ведаю, што шукаеце Ісуса раскрыжаванага; Яго тут няма, бо (Ён) уваскрэшаны як сказаў; падыдзіце, паглядзіце мейсца, дзе ляжаў Госпад ды пайшоўшы хутчэй скажыце вучням Ягоным: (Ён) уваскрэшаны зь мёртвых і вось перад вамі прыйдзе ў Галілею; там Яго ўбачыце. Вось (я) сказаў вам. І выйшаўшы борзда з магілы, са страхам і вялікай радасьцю пабеглі апавясьціць вучняў Ягоных. Калі ж (яны) ішлі апавясьціць вучняў Ягоных, і вось Ісус спаткаў іх кажучы: радуйцеся! а яны, прыступіўшыся, абнялі Ногі Ягоныя і пакланіліся Яму. Тады кажа ім Ісус: ня бойцеся; ідзіце апавясьціце братоў Маіх каб ішлі ў Галілею, і там убачыце Мяне. І калі яны ішлі, вось нікаторыя з варты прыйшоўшы ў места апавясьцілі архірэям усё, што здарылася. І сабраныя са старэйшынамі і ўчыніўшы нараду, далí жаўнерам нямалыя грошы, кажучы: скажыце: вучні Ягоныя прыйшоўшы ноччу ўкралі Яго калі мы спалі. І калі (чуткі) пра гэта дойдуць да правіцеля мы пераканаем яго, і зробім вас свабоднымі ад няпрыемнасьцяў. Яны ж узяўшы грошы зрабілі як былí навучаны. І разыйшлося слова гэтае паміж жыдамі аж да сягоньняшняга дня. А адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды загадаў ім Ісус. І, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму, а нікаторыя засумняваліся. І, падыйшоўшы, Ісус сказаў ім, кажучы: дадзена Мне ўся ўлада на Небе і на зямлі. Пайшоўшы ж, рабіце вучнямі ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Ба́цькі, і Сына, і Сьвятога Духа, вучачы іх выконваць усё, што (Я) загадаў вам. І вось Я з вамі ўва ўсе дні да сканчэньня веку. Амін.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020