Пачатак Эвангельля Ісуса Хрыста Сына Бога. Як напíсана ў Прарокаў: вось Я пасылаю Ангела Майго перад Абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою. Голас крычачага ў пустэльні: падрыхтуйце шлях Госпада, простымі рабіце сьцежкі Ягоныя. Зьявіўся Яан хрысьцячы ў пустэльні і абвяшчаючы хрышчэньне пакаяньня дзеля дараваньня грахоў. І выходзіла да яго ўся краіна Юдава і ярузалімцы, і ўсе прымалі хрышчэньне ад яго ў вадзе Ярдана, спавядаючы грахі свае. Быў жа Яан апрануты (у адзежу) зь вярблюдавага воласу і скураны пояс на паясьніцы ягонай, і еў (ён) саранчу і дзікі мёд. І прапаведаваў кажучы: ідзе за мною Мацнейшы за мяне, Якому я ня варты нахіліўшыся разьвязаць рэмень сандаляў Ягоных. Я ахрысьціў вас у вадзе, а Ён ахрысьціць вас у Духу Сьвятым. І сталася ў тыя дні: прыйшоў Ісус з Назарэту, з Галілеі, і быў ахрышчаны Яанам у Ярдане. І зараз жа выйшаўшы з вады (ён) убачыў расхінаямыя Нябёсы і Духа, быццам галуба, Які зыходзіў на Яго; і Голас быў зь Нябёсаў: Ты ёсьць Сын Мой любасны, Якім (Я) задаволены. І зараз жа Дух вядзе Яго ў пустэльню. І быў (Ён) там у пустэльні сорак дзён, спакуша́ны ад шатана, і быў са зьвярамі, і Ангелы служылі Яму. А пасьля арышту Яана прыйшоў Ісус у Галілею прапаведуючы Эвангельле Валадарства Бога і кажучы: споўніўся час і наблізілася Валадарства Бога: пакайцеся і верце ў Эвангельле. Праходзячы ж ля мора Галілеі убачыў Ён Сымона і Андрэя, брата ягонага, якія закідвалі сетку ў мора; бо (яны) былі рыбаловы. І сказаў ім Ісус: ідзіце ўсьлед за Мною і зраблю вас лаўцамі людзей. І зараз жа пакінуўшы сеткі свае (яны) пайшлі ўсьлед за Ім. І прайшоўшы адтуль (яшчэ) трохі (Ён) убачыў Якуба Завядзеявага і Яана, брата яго́нага, а яны правілі ў чаўне сеткі, і тут жа паклікаў іх, і (яны) пакінуўшы бацьку свайго Завядзея ў чаўне з работнікамі пайшлі ўсьлед за Ім. І прыхо́дзяць у Капэрнавум, і адразу ў суботу увайшоўшы ў сынагогу вучыў. І былі зьдзіўлены Ягонай навукай, бо (Ён) вучыў іх як Той, Хто ўладу мае, а ня як кніжнікі. У сынагозе іхняй быў чалавек (апанаваны) духам нячыстым і закрычаў, кажучы: Во! што табе да нас, Ісус Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас! Ведаю Цябе, Хто Ты, Сьвяты Божы. А Ісус забараніў яму кажучы: змоўкні і выйдзі зь яго. Тады дух нячысты страсянуўшы яго і, загаласіўшы моцным голасам, выйшаў зь яго. І жахнуліся ўсе так што пачалі пытацца адзін воднага, кажучы: што гэта? што гэта за новае вучэньне; што ўладарна нават духам нячыстым загадвае, і пакараюцца Яму? І зараз жа разыйшлася чутка пра Яго па ўсяму навакольлю Галілеі. І тут жа, выйшаўшы з сынагогі, прыйшлі (яны) у дом Сымона і Андрэя зь Якубам і Яанам. А цешча Сымона ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе. І, падыйшоўшы, (Ён) падняў яе, узяўшы за руку́ ейную; і зараз жа гарачка пакінула яе, і (яна) служыла ім. Калі настаў вечар, як зайшло сонца, прынесьлі да Яго ўсіх хворых і апанаваных дэманамі. І ўсё места было сабраным каля дзьвярэй. І (Ён) аздаравіў многіх хворых, рознага роду немачных, і выгнаў многа дэманаў і ня дазваляў гаварыць дэманам, што ведаюць Яго. А нараніцы, устаўшы на досьвітку, выйшаў і пайшоў у пустэльнае мейсца, і там маліўся. І пайшлі за Ім Сымон і тыя, хто быў зь Ім. І, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: усе шукаюць Цябе. І кажа ім: пойдзем у астатнія сёлы і месты, каб (Мне) і там навучаць: бо для гэтага (Я) прыйшоў. І (Ён) навучаў у сынагогах іхных па ўсёй Галілеі і выганяў дэманаў. І прыходзіць да Яго пракажоны, молячы Яго і падаючы перад Ім на калені і кажучы Яму: калі хо́чаш, можаш мяне ачысьціць. А Ісус, зьлітаваўшыся, працягнуў Руку́, дакрануўся яго і кажа яму: хачу, будзь ачышчаны. І калі Ён сказаў, праказа зараз жа сыйшла зь яго, і (ён) стаў ачышчаным. І строга папярэдзіўшы яго зараз жа адаслаў яго, і кажа яму: глядзі, нікому нічога ня кажы, але пайдзі пакажыся сьвятару і ахвяруй за ачышчэньне тваё, што загадаў Масей дзеля сьведчаньня ім. А ён выйшаўшы пачаў многа абвяшчаць і шырыць вестку, так што Ён больш ня мог адкрыта ўвайсьці ў места, але быў вонках у мясцох пустэльных; і прыходзілі да Яго адусюль.
І зноў праз некалькі дзён прыйшоў (Ён) у Капэрнавум. І разыйшлася чутка што Ён у доме. І адразу былі сабраны многія, так што больш ня заставалася мейсца нават каля дзьвераў; і (Ён) гаварыў ім Слова. І прыходзяць да Яго са спаралізаваным, якога несьлі чацьвёра; і ня маючы магчымасьці падыйсьці да Яго цераз народ разабралі дах (дома), дзе (Ён) быў і, пракапаўшыся апускаюць пасьцель на якой ляжаў спаралізаваны. І ўбачыўшы веру іхную, Ісус гаворыць спаралізаванаму: дзіця! дарованы табе грахі твае. Былі ж там нікаторыя з кніжнікаў, якія сядзелі і разважалі ў сэрцах сваіх: чаму Гэты так блюзьнерыць? Хто можа дараваць грахі, акрамя аднаго Бога? І адразу пазнаўшы Духам Сваім, што так (яны) разважаюць самі ў сабе, Ісус сказаў ім: чаму так разважаеце ў сэрцах вашых? Што лягчэй сказаць спаралізаванаму: «дарованы табе грахі» ці сказаць: «устань і вазьмі пасьцелю сваю і хадзі?» Але каб (вы) ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, — гаворыць спаралізаванаму, табе кажу: устань і вазьмі пасьцелю тваю, і ідзі ў дом твой. І (ён) адразу ўстаў, і, узяўшы пасьцелю, выйшаў перад усімі, так што ўсе пачалі давацца дзіву і славіць Бога, кажучы: ніколі такога (мы яшчэ) ня бачылі. І выйшаў (Ён) ізноў да мора; і ўвесь народ ішоў да Яго, і (Ён) вучыў іх. І, праходзячы міма, убачыў Левія Алхвеявага, які сядзеў на мытні, і кажа яму: ідзі за Мною. І (той), устаўшы, пайшоў усьлед за Ім. І сталася, калі Ісус узьляжаў за ядой у доме ягоным (Левія), узьляжалі зь Ім і вучнямі Ягонымі шмат мытнікаў і грэшнікаў; было іх многа, бо яны хадзілі за Ім. А кніжнікі і хварысэі ўбачыўшы Яго, як есьць з мытнікамі і грэшнікамі, сказалі вучням Ягоным: чаму Ён есьць і п’е з мытнікамі і грэшнікамі? І, пачуўшы, Ісус кажа ім: ня здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя; Я прыйшоў заклíкаць да пакаяньня ня праведнікаў а грэшнікаў. А вучні Яана і хварысэяў пасьцілі. І прыходзяць, і кажуць Яму: чаму вучні Яана і хварысэяў посьцяць, а Твае вучні ня посьцяць? І сказаў ім Ісус: ня могуць пасьціць сыны палацу шлюбнага, у якім Малады знаходзіцца разам зь імі. Столькі часу сколькі зь імі Малады, ня могуць пасьціць. Але прыйдуць дні калі Малады ад іх будзе ўзяты, і тады будуць пасьціць у тыя дні. І ніхто ня прышывае латкі з новай тканіны да вопраткі старой: бо прышытая да старой вопраткі новая латка аддзярэцца, і дзірка стане яшчэ горшай. І ніхто ня налівае віна маладога ў мяхі старыя: бо віно маладое прарывае мяхі (старыя), і віно выцякае, і мяхі прападуць. Але віно маладое трэба ўліваць у мяхі новыя. І давялося Яму праходзіць у суботу цераз пасевы, і вучні Ягоныя даро́гай пача́лі зрываць калосьсе, і хварысэі казалі Яму: глядзі што (яны) робяць у суботу, чаго нельга (рабіць). А Ён казаў ім: няўжо (вы) ніколі ня чыталі, што зрабіў Давід калі меў патрэбу і згаладаўся сам і тыя, што былí зь ім? Як увайшоў (ён) у Дом Бога у (час) архірэя Абіятару і з’еў хлябы ахвярныя, якіх ня можна было есьці нікому, акрамя сьвятароў і даў і тым што былí зь ім? І казаў ім: субота дзеля чалавека сталася, а ня чалавек дзеля суботы; пагэтаму Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы.
І ўвайшоў (Ён) ізноў у сынагогу; і быў там чалавек са ссохлаю рукою. І сачылі за Ім, ці ня аздаровіць яго ў суботу, каб абвінаваціць Яго. І кажа сухарукаму чалавеку: стань пасярэдзіне. І кажа да іх: у суботу належыць рабіць добрае ці рабіць злое? Душу ўратаваць ці загубіць? А яны маўчалі. І глянуўшы на іх з гневам, тужачы аб жорсткасьці сэрца іхнага, кажа таму чалавеку: працягні руку тваю. І (той) выцягнуў, і сталася ягоная рука здаровай як другая. І выйшаўшы, хварысэі зараз жа з гірадзіянамі ўчынілі змову супраць Яго, каб загубіць Яго. Але Ісус адыйшоўся разам з вучнямі Сваімі да мора; і пайшлі за Ім мноства людзей із Галілеі, і ізь Юдэі, і ізь Ярузаліму, і із Ідумэі, і ад Ярдану, і ваколіц Тыру і Сідону, натоўп вялізны, пачуўшы, што Ён рабіў, прыйшоў да Яго. І сказаў (Ён) вучням Сваім, каб па прычыне шматлюдзтва, прыгатавалі Яму човен, каб ня ціснуліся да Яго; бо многіх (Ён) аздаравіў так што ўсе хворыя ціснуліся да Яго каб дакрануцца да Яго. І духі нячыстыя калі бачылі Яго падалі перад Ім і крычалі, кажучы: Ты ёсьць Сын Бога. Але (Ён) строга загадаваў ім, каб ня выяўлялі Яго. І ўзыходзіць на гару і кліча каго Ён хацеў; і прыйшлі да Яго. І прызначыў дванаццаць, каб былí разам зь Ім, і каб пасылаць іх прапаведаваць, і каб мелі ўладу аздараўляць ад хваробаў і выганяць дэманаў; і даў Сымону імя Пётра. А Якубу Завядзеяваму і Яану брату Якубаваму, ім жа даў імёны Боанэргес, што значыць сыны грома; і Андрэя, і Піліпа, і Барталамея, і Мацьвея, і Хаму́, і Якуба Алхвеявага, і Тадэя, і Сымона Кананіта, і Юду Іскарыёта, які і прадаў Яго. І прыходзяць у дом. І ізноў зыходзіцца народ, так што яны ня маглі нават хлеба зьесьці. І, пачуўшы, родныя Ягоныя пайшлі ўзяць Яго (сілай), бо казалі, што (Ён) згубіў розум. І кніжнікі, прыйшоўшыя зь Ярузаліму, казалі: «(Ён) мае Вэльзевула», і што (Ён) выганяе дэманаў з дапамогай князя дэманаў. І паклікаўшы іх да Сябе гаварыў ім прыповесьцямі: як можа шата́н выганяць шата́на? Бо калі валадарства будзе разьдзелена само ў сабе, ня можа ўсто́яць валадарства тое; і калі дом будзе разьдзелены сам у сабе, ня можа ўсто́яць дом той. і калі шатан паўстаў супраць самога сябе і быў разьдзелены, ня можа ўсто́яць, але канец (яму) прыйшоў. Ня можа ніхто ўвайшоўшы ў дом дужо́га авалодаць ягонай маёмасьцю, калі спачатку ня зьвяжа дужо́га; і тады авалодае домам ягоным. Праўду кажу вам, што ўсе грахі будуць дарованы сынам чалавечым, і блюзьнерствы, якімі б (яны) ні блюзьнерылі; але хто прамовіць блюзьнерства на Духа Сьвятога, той ня мае дараваньня ніколі, але ён падлягае вечнаму засуджэньню, бо казалі: «мае духа нячыстага». І прыйшлі браты і матка Ягоная і, стоячы звонку, паслалі да Яго паклікаць Яго. Вакол жа Яго сядзеў народ; і сказалі Яму: вось матка Твая і браты Твае вонках настойліва патрабуюць Цябе. А (Ён) адказаў ім, кажучы: хто ёсьць матка Мая альбо браты Мае? І глянуўшы навокал (і) на тых, што сядзелі каля Яго, кажа: вось матка Мая і браты Мае. Бо хто б ні выканаў волю Бога, ён ёсьць брат Мой і сястра Мая і матка.
І ізноў пача́ў навучаць ля мора; і быў сабра́ны вакол Яго натоўп шматлюдны, так што Ён увайшоўшы ў човен быў на моры, а ўвесь народ быў на зямлі каля мора. І вучыў іх прыповесьцямі многімі і казаў ім у вучэньні Сваім: слухайце: вось выйшаў сейбіт сеяць. І сталася, калі сеяў, іншае ўпала каля дарогі, і наляцелі птушкі нябесныя і падзяўблі яго. А іншае ўпала на камяністую (мясьціну), дзе ня было шмат зямлі, і няўзабаве ўзыйшло, бо зямля была няглыбокая. А калі ўзыйшло сонца, (яно) завяла, і як ня мела карэньня, засохла. А іншае ўпала ў церні, і выраслі церні і заглушылі яго, і (яно) ня дало́ плоду. А іншае ўпала на до́брую зямлю і дало́ плод, які ўзыйшоў і вырас, і ўрадзіла іншае трыццаць, іншае шэсьцьдзясят, іншае стокрот. І казаў ім: хто мае вушы чуць, хай чуе! Калі ж (Ён) застаўся адзін (бяз народу), тыя, каторыя былі каля Яго разам з дванаццацьцю, запыталі Яго пра прыповесьць. І сказаў ім: вам да́дзена ведаць тайну Валадарства Бога. А тым, вонкавым, усё падае́цца ў прыповесьцях. Каб, угляда́ючыся, глядзелі і ня ўбачылі; і, чу́ючы, слухалі і ня маглі ўразумець, што ім трэба навярнуцца (да Мяне), і каб былí дараваны ім грахі. І кажа ім: ня разумееце гэтай прыповесьці? І як уразумееце ўсе прыповесьці? Сейбіт Слова сее. І пасеянае (Слова) пры дарозе азначае тых, якія пачуюць Слова, але адразу прыходзіць шатан і адбірае Слова, што пасеяна ў сэрцах іхных. А пасеянае (Слова) на камяністыя мясьціны азначае тых, якія, калі пачуюць Слова, зараз жа з радасьцю прыймаюць яго, але ня маюць у сабе кораня і няўгрунтаваныя; потым калі настае ўціск ці гане́ньне за Слова, адразу адступаюцца. А тыя што пасеяны ў це́рні, азначаюць тых, каторыя чуюць Слова, але турботы веку гэтага і прынада багацьця і іншыя пажаданьні ўваходзячы (у іх) заглушаюць Слова, і яно робіцца бяспло́дным. А пасеяныя ў добрую зямлю, азначаюць тых, што чуюць Слова, і прыймаюць (яго), і даюць плод у трыццаць і ў шэсьцьдзесят і ў сто (разоў). І казаў ім: ці на тое прыносіцца сьвечка, каб быць пастаўленай пад пасудзіну ці пад ложак? Не, але каб быць пастаўленай на сьвечніку. Бо няма нічога тайнага, каб ня зрабілася яўным, і нішто ня сталася схава́ным, але каб зьявілася вядомым. Калі хто мае вушы чуць, хай слухае! І казаў ім: будзьце ўважлівымі да таго, што чуеце: якою мераю мераеце, гэткаю і вам адмерана будзе і дададзена будзе вам, слухаючым. Бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто ня мае, у таго будзе аднята і тое што мае. І казаў: Валадарства Бога ёсьць падобна таму, як калі б чалавек кінуў насеньне ў зямлю; і сьпіць, і ўстае ўначы і ўдзень, і як насеньне ўзыходзіць і расьце, ён ня ведае. Бо сама зямля родзіць сьпярша рунь, пасьля колас, пасьля поўнае зерне ў коласе, а калі высьпее плод зараз жа пасылае серп, бо надыйшло жніво. І казаў: да чаго прыпадобнім Валадарства Бога? альбо празь якую прыповесьць выявім Яго? (Яно) падобна гарчычнаму зярняці якое, калі (яно) пасеяна ў зямлю (яно) ёсьць меншае за ўсіх зярнят на зямлі. А калі пасеяна, узыходзіць і робіцца большае за ўсякую агаро́дніну, і пускае вялікае гольле, так што пад ценем ягоным могуць гнязьдзіцца птушкі нябесныя. І многімі гэткімі прыповесьцямі казаў ім Слова, колькі (яны) маглі слухаць; і бяз прыповесьці ня казаў ім, а вучням Сваім насамоце тлумачыў усё. І ўвечары таго самага дня гаворыць ім: пераправімся на той бок. І адпусьціўшы народ бяруць Яго з сабою, як быў у чаўне; былі разам зь Ім і другія чаўны. І ўзьнімаецца вялікая бура; і хвалі білі ў човен, так што ён ужо пачаў напаўняцца (вадою). А Ён спаў на карме, на падушцы. І будзяць Яго і кажуць Яму: Настаўнік! няўжо Цябе ня рупіць што мы гінем? І ўстаўшы забараніў ветру і сказаў мору: суйміся, перастань. І вецер аціх, і зрабілася вялікая ціша. І сказаў ім: чаму вы гэткія палахлівыя? чаму ня маеце веры? І споўніліся страхам вялікім і гаварылі паміж сабою: хто ж Ён, што і вецер і мора слухаюцца Яго?
І прыбылí на той бок мора, у старану Гадарынскую. І, калі выйшаў Ён з чаўна, адразу сустрэў Яго чалавек з могілкаў апанаваны нячыстым духам, які меў жытло ў магільных скляпах, і ніхто ня мог яго зьвязаць нават ланцугамі, бо яго часта скоўвалі кайданамі і ланцугамі, але ён ланцугі разрываў а кайданы ламаў, і ніхто ня меў сілы ўтаймаваць яго. І заўсёды ўно́чы і ўдзень, у горах і магільных скляпах ён крычаў і біў сябе каменьмі. І ўбачыўшы Ісуса здалёк, (ён) прыбег і пакланіўся Яму, і, закрычаўшы моцным голасам, сказаў: што Табе да мяне, Ісус, Сын Бога Ўсявышняга? Заклінаю Цябе Богам, ня му́чы мяне! Бо загадаў яму: выйдзі дух нячысты з гэтага чалавека. І спытаў яго: як імя тваё? І адказаў, кажучы: легіён імя маё, бо нас многа. І вельмі прасіў Яго, каб ня высылаў іх прэч са стараны той. А там ля гары пасьвіўся вялікі гурт сьвіньняў; і ўсе дэманы ўпрасілі Яго кажучы: пашлі нас у сьвіньняў, каб (нам) увайсьці ў іх. І Ісус адразу дазволіў ім. І выйшаўшы нячыстыя духі ўвайшлі ў сьвіньняў, і кінуўся гурт з абрыву ў мора; а было іх каля дзьвёх тысячаў; і патанулі ў моры. А сьвінапасы ўцяклі і абвясьцілі ў месту ды па вёсках; і (жыхары) выйшлі паглядзець, што сталася. І прыходзяць да Ісуса і бачаць (да таго) быўшага апанаванага дэманамі, у якім быў легіён, што сядзіць і апрануты і ў здаровым розуме, дык спалохаліся. А тыя, што бачылі, расказалі ім як (гэта) здарылася з апанаваным дэманамі і пра сьвіньняў. І пача́лі прасіць Яго адыйсьці ад межаў іхніх. І калі Ён увайшоў у човен былы апанаваны дэманамі прасіў Яго каб быць зь Ім. Але Ісус ня дазволіў яму але кажа яму: ідзі дамоў да сваіх і раскажы ім, што зрабіў табе Госпад і як зьлітаваўся над табою. І (ён) пайшоў і пачаў абвяшчаць у Дзесяціместу як многа зрабіў яму Ісус; і ўсе дзівіліся. А калі Ісус ізноў пераправіўся ў чаўне на другі бераг, было сабрана да Яго мноства людзей. А Ён быў каля мора. І вось, прыходзіць адзін начальнік сынагогі на імя Яір і, убачыўшы Яго, падае да Ног Ягоных. І ўмольна прасіў Яго, кажучы: дачушка мая канае; (прашу Цябе) каб (Ты) прыйшоўшы ўсклаў на яе ру́кі, каб яна ачуняла і застала́ся жыць. І (Ён) пайшоў зь ім. І за Ім сьледам ішло шмат народу і туліліся да Яго. І нейкая жанчына, якая пакутавала ад крывацечы дванаццаць гадоў, шмат нацярпелася ад многіх лекараў і патраціла сваё ўсё але ня атрымала дапамогі, толькі больш пагоршала, пачуўшы пра Ісуса, падыйшоўшы ў натоўпе ззаду дакранулася да вопраткі Ягонай, бо думала: калі хаця бы вопраткі Ягонай дакрануся, буду аздароўлена. І адразу перастала ў яе крывацеча, і яна адчула ў целе, што ачуняла ад хваробы. І той жа час Ісус, адчуўшы Сам у Сабе, што выйшла зь Яго сіла, (і) абярнуўшыся ў натоўпе сказаў: хто дакрануўся да Маёй вопраткі? І Ягоныя вучні казалі Яму: бачыш, што народ туліцца да Цябе, а гаворыш: хто дакрануўся да Мяне? Але Ён аглядаўся наўкола, каб убачыць тую, што зрабіла гэта. А жанчына спалохаўшыся і дрыжучы, і ўразумеўшы, што сталася зь ёю, падыйшла і ўпала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду. А Ён сказаў ёй: дачка! вера твая ўратавала цябе; ідзі ў міры і будзь здаровая ад хваробы тваёй. Калі Ён яшчэ гаварыў, прыходзяць ад начальніка сынагогі кажучы: дачка твая памерла; чаго яшчэ турбуеш Настаўніка? Але Ісус, адразу пачуўшы слова ска́занае, гаворыць начальніку сынагогі: ня бойся, толькі вер! І ня дазволіў нікому ісьці ўсьлед за Сабою, акрамя Пятра і Якуба і Яана, брата Якубавага. І прыходзіць у дом начальніка сынагогі і бачыць глыбокую і спачувальную разгубленасьць тых, што плачуць і лямантуюць моцна. І ўвайшоўшы, кажа ім: чаго вы (так) растрывожаны і лямантуеце? дзіця ня памерла, але сьпіць. І сьмяяліся зь Яго. Алё Ён, выслаўшы ўсіх, бярэ з Сабою бацьку дзіцяці і матку, і быўшых зь Ім, і ўваходзіць туды, дзе дзіця ляжала. І узяўшы дзяўчынку за руку́, кажа да яе: Таліта́, ку́мі! што перакладаецца: дзяўчынка, табе кажу, устань! І дзяўчынка адразу ўстала і пачала́ хадзіць, бо было ёй гадоў дванаццаць. І вялікаму дзіву далíся. І загадаў ім цьвёрда, каб ніхто ня даведаўся пра гэта; і сказаў даць ёй есьці.
І выйшаў адтуль і прыйшоў на бацькаўшчыну Сваю; і ўсьлед за Ім ідуць вучні Ягоныя. І, калі наста́ла субота, пачаў вучыць у сынагозе; і многія слухаючыя былі зьдзіўленымі кажучы: адкуль у Яго гэта? і якая мудрасьць дадзена Яму, што нават гэткія цуды чыняцца Рукамі Ягонымі? Ці ня цясьляр Ён, Сын Марылі, ды Брат Якуба і Ёсі, і Юды, і Сымона? І ці ня сёстры Ягоныя тут сярод нас? І казаў ім Ісус: ня бывае прарок ня шаноўным, хíба што на бацькаўшчыне сваёй, і сярод родзічаў і ў доме сваім. І ня мог там учыніць ніякага цуду, толькі нямногіх хворых усклаўшы Ру́кі аздаравіў. І зьдзіўляўся зь няверства іхняга, і хадзіў па навакольных сёлах навучаючы. І кліча дванаццацёх, і пачаў іх пасылаць па двое, і даваў ім уладу над нячыстымі духамі. І загадаў ім, каб нічога ня бралі ў дарогу апрача аднаго кія: ні торбы, ні хлеба, ні грошай у капшуку́. Адно абувацца ў пасталы і ня апранаць дзьве адзежыны. І казаў ім: калі дзе ўвойдзеце ў дом, заставайцеся там пакуль ня выйдзеце з той мясьціны. І калі хто ня прыйме вас і ня паслухае вас, выходзячы адтуль, абтрасеце пыл з ног вашых у сьведчаньне ім. Праўду кажу вам: лягчэй будзе Садому ці Гаморы ў дзень суду чым месту таму. І, пайшоўшы, прапаведавалі каб пакаяліся. І многіх дэманаў выганялі, і мазалі алеям многіх хворых і аздараўлялі. І пачуў кароль Гірад — бо Імя Ягонае стала вядо́мым — і казаў: Яан Хрысьціцель зь мёртвых быў уваскрэшаны, і таму цуды дзеюцца ім. Іншыя казалі: гэта Ільля, а іншыя казалі: гэта прарок, альбо як адзін з прарокаў. А Гірад пачуўшы сказаў: ён ёсьць Яан, якому я адцяў галаву. Ён уваскрэшаны зь мёртвых. Бо гэты Гірад, паслаўшы схапіў Яана і ўвязьніў яго ў цямніцу за Гірадзіяду, жонку Піліпа, брата ягонага, бо ўзяў яе за жонку. А Яан казаў Гіраду: нельга табе мець жонку брата твайго. Сама ж Гірадзіяда гневалася на яго і шукала яго загубіць, але ня магла; а Гірад баяўся Яана ведаючы яго як чалавека праведнага і сьвятога, і сьцярог яго, і многае рабіў прыслухоўваючыся да яго, і слухаў яго з ахвотай. І настаў зручны дзень, калі Гірад з нагоды ўгодкаў сваіх учыніў гасьціну вяльможам сваім, і тысячаначальнікам і старэйшынам галілейскім. І ўвайшла дачка ёйная, Гірадзіяды, і танчыла, і дагадзіла Гіраду і тым, што ўзьляжалі зь ім; (і) сказаў кароль дзяўчыне: прасі ў мяне, чаго хочаш, і дам табе; і прысягнуў ёй: чаго ні папросіш у мяне дам табе, нават да паловы валадарства майго. І яна выйшаўшы сказала матцы сваёй: чаго прасіць? а тая сказала: галаву Яана Хрысьціцеля. І зараз жа хутка прыйшоўшы да караля яна настойліва папрасіла кажучы: хачу каб ты мне зараз жа даў на місе галаву Яана Хрысьціцеля. І кароль вельмі моцна зажурыўшыся, але па прычыне прысягі і ўзьляжаўшых зь ім, ня захацеў ёй адмовіць. І кароль адразу паслаўшы ката загадаў прынесьці галаву ягоную. А той пайшоўшы адсек галаву ягоную ў цямніцы. І прынёс галаву ягоную ў місе і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе матцы сваёй. І дачуўшыся, вучні ягоныя прыйшлі і ўзялі труп ягоны і паклалі яго ў магілу. І былí сабра́ныя каля Ісуса Апосталы і расказалі Яму ўсё: і што зрабілі, і чаму навучылі. І сказаў ім: пайдзеце вы самі асобна ў пустэльнае мейсца і крыху адпачнеце. Бо прыхо́дзіла і адыхо́дзіла так многа, што яны ня маглі і паесьці. І выправіліся ў пустэльнае мейсца ў чаўне адны. Але людзі убачылі іх як яны выпраўляліся, і многія пазналі Яго; і пешшу з усіх местаў пабеглі туды і апярэдзілі іх і сабра́ліся да Яго. І выйшаўшы Ісус убачыў мноства людзей і пашкадаваў іх, бо яны былі як авечкі бяз пастуха; і пачаў іх навучаць многа. І як прайшло многа часу, вучні Ягоныя прыступіўшыся да Яго кажуць: мейсца тут пустэльнае, а час ужо позьні; адпусьці іх, каб пайшоўшы ў навакольныя вёскі і сёлы купілі сабе хлеба, бо ня маюць чаго паесьці. Ён жа адказаўшы сказаў ім: вы дайце ім паесьці. І кажуць Яму: можа нам пайсьці купіць хлеба дынараў на дзьвесьце і даць ім паесьці? Ён жа кажа ім: колькі маеце хлябоў? Ідзеце і паглядзе́це. І даведаўшыся, кажуць: пяць (хлябоў) і дзьве рыбіны. І загадаў ім рассадзіць усіх гуртамі на зялёнай траве. І паселі радамі па сто і па пяцьдзясят. І, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбіны, паглядзеўшы на неба, багаславіў хлябы і паламаў (на кавалкі), і даў вучням Сваім, каб разда́лі ім, і дзьве рыбіны разьдзяліў усім. І паелі ўсе, і былі насычаны. І набра́лі кавалкаў хлеба і астаткаў ад рыбін дванаццаць поўных кашоў. А было еўшых хлябы каля пяцёх тысячаў мужчын. І зараз жа прымусіў вучняў Сваіх увайсьці ў човен ды плысьцí напе́рад на той бераг да Бэтсаіды, пакуль Ён распусьціць народ. І, адпусьціўшы іх, пайшоў на гару памаліцца. І, як настаў вечар, човен быў пасярэдзіне мора, а Ён адзін на зямлі. І ўбачыў іх у бядзе ў плаваньні: бо вецер быў ім супраціўны; а каля чацьвёртай варты ночы падходзіць да іх ідучы па моры, і хацеў прайсьці міма іх. А яны ўбачыўшы Яго ідучага па моры, палічылі, што гэта здань, і залямантавалі. Бо ўсе Яго ўбачылі і перапало́халіся. Дык адразу загаварыў да іх і кажа ім: узбадзёрцеся; гэта Я, ня бойцеся. І ўвайшоў да іх у човен; і вецер аціх. І ад такога дзіва яны былі ня ў сабе, і вельмі даваліся дзіву. Бо ня зразуме́лі (яны цуда) над хлябамі; бо сэрца іхнае было ачарсцьвелым. І пераплыўшы прыбылí ў зямлю Генісарэту і прыста́лі да берагу. А калі выйшлі яны з чаўна, адразу пазнаўшы Яго, аббегшы ўсю тую ваколіцу, пачалí прыно́сіць на насілках хворых (туды) дзе як чуваць было́, што (Ён) там знаходзіцца. І куды б (Ён) ня прыходзіў: ці то ў сёлы, ці то ў месты альбо вёскі, — на вуліцах клалі хворых і прасілі Яго, каб дакрануцца хаця бы да краю адзеньня Ягонага; і ўсе, хто дакраналіся да Яго, былі аздароўлены.
І былі сабраўшыся да Яго хварысэі і нікаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі зь Ярузаліму. І ўбачыўшы нікаторых з вучняў Ягоных, што елі хлеб нячыстымі гэта значыць няўмытымі рукамі, асуджалі (іх). Бо хварысэі і ўсе жыды, трымаючыся наказу старэйшых, ня ядуць пакуль ня ўмыюць старанна ру́кі. І (прыйшоўшы) з торгу, пакуль ня абмыюцца, ня ядуць. Ёсьць і (яшчэ) многае іншае, чаго яны пастанавілі трымацца: абмыцьцё чараў і кубкаў і катлоў і ўслонаў. Потым пытаюцца ў Яго хварысэі і кніжнікі: чаму вучні Твае ня жывуць згодна наказаў старэйшых, але няўмытымі рукамі ядуць хлеб? Ён жа, адказаўшы, сказаў ім: добра прарочыў пра вас крывадушнікаў Гісая, як напісана: народ гэты шануе Мяне вуснамі, сэрца ж іхнае знаходзіцца далёка ад Мяне; але марна пакланяюцца Мне, навучаючы навукам, прыказаньням чалавечым (Гісая 29:13). Бо пакінуўшы прыказаньне Бога трымаецеся загадаў чалавечых: абмываньня кубкаў і чараў і многага другога падобнага таму трымаецеся. І казаў ім: ці добра што вы адкідаеце прыказаньне Бога, каб трымацца вашых наказаў? Бо Масей сказаў: шануй бацьку твайго і матку тваю: і хто зьняважа́е бацьку ці матку няхай памрэ сьмерцяй. А вы гаворыце: калі чалавек скажа бацьку ці матцы: корван, — што азначае: «дар (Богу) — чым бы ты ад мяне карыстаўся», і ўжо дазваляеце яму нічога ня рабіць бацьку свайму ці матцы сваёй, абяссільваючы Слова Бога наказам вашым, які вы пастанавілі; і робіце шмат падо́бнага да гэтага. І паклікаўшы ўвесь народ, казаў ім: слухайце Мяне ўсе і разумейце: няма нічога, што ўваходзіць у чалавека звонку, што можа яго апаганіць; але тое, што выходзіць зь яго, гэна апаганьвае чалавека. Калі хто мае вушы чуць, хай слухае! І калі Ён увайшоў у дом ад народу, вучні Ягоныя пыта́ліся ў Яго пра прыповесьць. І кажа ім: настолькі і вы няцямныя? няўжо ж ня разумееце, што нішто, што ўваходзіць у чалавека звонку, ня можа яго апаганіць? Бо ня ў сэрца ягонае ўваходзіць, але ў страўнік, і выходзіць вонкі, ачышчаючы ўсякую ежу. І казаў: што выхо́дзіць з чалавека, тое апаганьвае чалавека. Бо з нутра, з сэрца чалавечага выходзяць благія думкі, пералюбы, блудадзействы, забойствы, крадзяжы, прагавíтасьць, злосьць, ашу́ка, бессарамяжнасьць, ліхое вока, блюзьне́рства, пыха, няразумнасьць. Усё гэтае ліха з нутра выходзіць і апаганьвае чалавека. І выправіўшыся адтуль, прыйшоў у межы Тыра і Сідона. І ўвайшоўшы ў дом, ня хацеў, каб хто-небудзь даведаўся, але ня здолеў утаіцца. Бо жанчына, дачка якой мела ў сабе нячыстага духа, пачуўшы пра Яго, прыйшоўшы ўпала да Ног Ягоных; а была тая жанчына пага́нка, родам сірафінікіянка; і прасіла Яго, каб выгнаў дэмана зь ейнай дачкі. Але Ісус сказаў ёй: дай перш насыціцца дзе́цям, бо нядобра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць сабакам. А яна адказала Яму і кажа: так, Госпадзе! але і сабакі пад сталом ядуць крошкі ад дзяцей. І сказаў ёй: дзеля гэтага слова, ідзі; дэман выйшаў з тваёй дачкі. І прыйшоўшы ў свой дом (яна) знайшла, што дэман выйшаў, і дачка ляжыць на ложку. І ізноў выйшаўшы зь зямель Тыра і Сідона прыйшоў да мора Галілеі пасярод земляў Дзесяціместа. І прыводзяць да Яго глухога гугнявага і просяць Яго, каб усклаў на яго Руку́. І адвёўшы яго ўбок асобна ад натоўпу, уклаў Пальцы Свае ў вушы яму і, плюнуўшы, дакрануўся языка ягонага. І глянуўшы ўверх да неба ўздыхнуў і кажа яму: Эўпата, што значыць: расчыніся! І адразу быў расчынены слых яго́ны, і разьвязаны путы языка ягонага, і пачаў добра гаварыць. І загадаў ім ніко́му ня расказваць. Але ко́лькі Ён ім ні забараняў, яны яшчэ больш разгалошвалі. І вельмі моцна зьдзіўляліся, кажучы: усё добра зрабіў: і глухіх робіць чуячымі, і нямых — гаворачымі.
У тыя дні, як сабралася дужа многа народу, і ня мелі чаго паесьці, Ісус клікнуўшы вучняў Сваіх кажа ім: шкада (Мне) народу, бо ўжо тры дні застаюцца пры Мне і ня маюць чаго паесьці; і калі адпушчу іх дамоў галоднымі, нікаторыя аслабеюць у дарозе, бо яны прыйшлі здалёку. І вучні Ягоныя адказалі Яму: якім чынам тут у пустэльні хто зможа накарміць іх хлебам? І пытаўся ў іх: колькі ў вас хлябоў? Яны сказалі: сем. Тады загадаў народу ўзьлегці на зямлю; і ўзяўшы сем хлябоў (ды) падзякаваўшы, паламаў і аддаў вучням Сваім, каб разда́лі. І (яны) разда́лі народу. І мелі (яны) некалькі рыбак; і багаславіўшы сказаў раздаць і іх. І паелі і насыціліся; і сабралі рэшты кавалкаў сем кошыкаў. І было пад’еўшых каля чатырох тысячаў; і адпусьціў іх. І адразу ўвайшоўшы ў човен з вучнямі Сваімі прыплыў у межы Далмануты. І выйшлі хварысэі, ды пача́лі зь Ім спрачацца, патрабуючы ад Яго знаку зь неба, спакушаючы Яго. І са стогнам у Духу Ён гаворыць: для чаго род гэты патрабуе знаку? Праўду кажу вам, ня будзе даны знак роду гэтаму. І пакінуўшы іх ізноў увайшоў у човен, адплыў на той бок. І забыліся ўзяць хлябоў і акрамя аднаго хлеба нічога ня мелі з сабою ў чаўне. А (Ён) наказаваў ім кажучы: глядзеце сьцеражыцеся кісьлі хварысэяў і кісьлі Гірада. І разважалі між сабою кажучы: (гэта што) хлябоў ня маем. І, уразумеўшы, Ісус кажа ім: чаго разважаеце, што хлябоў ня маеце? Няўжо яшчэ ня разумееце і ня цяміце? Няўжо (дагэтуль) маеце сэрца вашае скамянеўшым? Маючы вочы ня бачыце? І маючы вушы ня чуеце? І ня помніце? Калі (Я) пяць хлябоў разламаў на пяць тысячаў, колькі поўных кошыкаў кавалкаў (вы) сабралі? Кажуць Яму: дванаццаць. А калі сем — на чатыры тысячы, колькі поўных кошыкаў кавалкаў (вы) сабралі? Яны ж сказалі: сем. І казаў ім: як жа ня разумееце? І прыходзіць да Бэтсаіды; і прыводзяць да Яго сьляпога, і просяць Яго, каб дакрануўся да яго. І ўзяўшы сьляпога за руку́ вывеў яго за сяло і плюнуўшы яму на вочы, усклаўшы Ру́кі на яго спытаўся ў яго, ці бачыць што небудзь? І той празерыўшы сказаў: бачу людзей, бачу ходзяць як дрэвы. Потым ізноў палажыў Ру́кі на вочы яму і зрабіў, каб ён бачыў. І (ён) быў аздароўлены і ўбачыў усіх ясна. І паслаў яго дамоў кажучы: і ў сяло ня заходзь, і ня расказвай нікому ў сяле. І пайшоў Ісус і вучні Ягоныя ў сёлы Кесары Піліпавай. І па дарозе (Ён) пытаўся вучняў Сваіх кажучы ім: за каго Мяне лічаць людзі? Яны ж адказалі: за Яана Хрысьціцеля, а іншыя за Ільлю, а іншыя за аднаго з прарокаў. Тады Ён кажа ім: а вы за Каго Мяне ўважаеце? І адказваючы Пётра кажа Яму: Ты ёсьць Хрыстос. І строга забараніў ім, каб нікому ня казалі пра Яго. І пачаў навучаць іх, што Сын Чалавечы мае шмат адпакутаваць і быць адкінутым старэйшынамі і архірэямі і кніжнікамі і быць забітым, і цераз тры дні ўваскрэснуць. І гаварыў пра гэта адкрыта. І Пётра адклікаўшы Яго пачаў пярэчыць Яму. А Ён, абярнуўшыся і зірнуўшы на вучняў Сваіх строга забараніў Пятру кажучы: адыйдзі ад Мяне, шатан, бо клапоцішся ня пра тое, што Божае, але што чалавечае. І паклікаўшы народ разам з вучнямі Сваімі сказаў ім: хто хоча пайсьці за Мною, адрачыся ад самога сябе і вазьмі крыж свой і ідзі ўсьлед за Мною. Бо хто хоча жыцьцё сваё ўратаваць, той страціць яго; а хто страціць жыцьцё сваё за Мяне і Эвангельле, той ўратуе яго. Бо якая карысьць чалавеку, калі (ён) здабудзе ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзіць? Альбо, які выкуп дасьць чалавек за душу́ сваю? Бо хто пасаромеецца Мяне і Маіх Словаў у родзе гэтым пералюбным і грэшным, таго пасаромеецца і Сын Чалавечы, калі прыйдзе ў Славе Ба́цькі Свайго са сьвятымі Ангеламі.
І казаў ім: праўду кажу вам, што ёсьць нікаторыя з тых, што стаяць тут, якія ня ўбачаць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Валадарства Бога, прыйшоўшае ў сіле. І цераз дзён шэсьць бярэ Ісус Пятра і Якуба, і Яана і ўзводзіць на гару высокую асобна іх адных. І пераабразіўся перад імі. І адзеньне Ягонае зрабілася бліскучым, вельмі белым, як сьнег, ды як бялільшчык на зямлі ня можа выбяліць. І зьявіліся ім Ільля з Масеям ды гутарылі зь Ісусам. І, загаварыўшы, Пётра кажа Ісусу: Раўві! добра нам тут быць. Дык зробім тры буданы: Табе адзін і Масею адзін і Ільлі адзін. Сам таго ня разумеў, што сказаў, бо былі ў страху. І зьявілася воблака, якое іх ахіну́ла, і прыйшоў голас з воблака, які сказаў: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны; Яго слухайце. І раптам аглядзеўшыся наўкола нікога больш з сабою ня ўбачылі, апрача аднаго Ісуса. І калі яны зыходзілі з гары, (Ён) загадаў ім, каб нікому ня расказвалі пра тое, што ўбачылі, да таго часу калі Сын Чалавечы ўваскрэсьне зь мёртвых. І (яны) захавалі гэтае слова, разважаючы паміж сабою: што азначае: уваскрэснуць зь мёртвых? І спыталіся ў Яго кажучы: чаму кніжнікі гавораць, што Ільля мае прыйсьці раней? Ён жа адказаўшы сказаў ім: Ільля сапраўды прыйшоў раней, каб усё аднавіць; а пра Сына Чалавечага напісана, каб многа перацярпе́ў і быў панíжаны. Але кажу вам, што і Ільля прыйшоў, і яму зрабілі што хацелі, як напісана пра яго. І прыйшоўшы да вучняў убачыў шмат народу каля іх ды кніжнікаў, якія спрачаліся зь імі. І ўвесь натоўп убачыўшы Яго быў зьдзіўлены (Ягоным раптоўным зьяўленьнем) і, падбягаючы (да Яго) віталі Яго. І запытаўся ў кніжнікаў: аб чым спрачаецеся зь імі? І, адказаўшы, адзін з натоўпу сказаў: Настаўнік! я прывёў да Цябе сына свайго, які мае духа нямога. І дзе б (ён) ім ня авало́даў, кíдае яго (на зямлю), і (той) пускае пену і скрыгоча зубамі сваімі і пруцянее. І я сказаў вучням Тваім, каб выгналі яго, і ня здо́лелі. Ён жа адказаўшы яму, кажа: о, род няверны! дакуль буду з вамі? дакуль буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне. І прывялі яго да Яго. І, убачыўшы Яго, дух адразу затрос яго, і ўпаўшы на зямлю валяўся пускаючы пену. І спытаўся (Ісус) у ба́цькі ягонага: як даўно гэта зрабілася зь ім? Ён жа адказаў: зь дзяцінства. І шмат разоў (дух) кíдаў яго і ў вагонь і ў ваду, каб загубіць яго; але, калі што можаш, памажы нам, зьлітаваўшыся над намі. А Ісус адказаў яму: калі можаш паверыць, усё магчыма для верніка. І адразу загаласіўшы бацька хлопца са сьлязьмі казаў: веру, Госпадзе! памажы мне (пры маёй) слабой веры. Ісус жа, убачыўшы, што зьбіраецца народ, загразіў духу нячыстаму, кажучы яму: дух нямы і глухі! Я зага́дваю табе: выйдзі зь яго і больш ня ўваходзь у яго. І закрычаўшы і моцна страсянуўшы яго, выйшаў; і (хлопец) зрабіўся як бы мёртвы, так што многія казалі, што (ён) памёр. Але Ісус, узяўшы яго за руку́, падняў яго, і (той) устаў. І калі Ён увайшоў у дом, вучні Ягоныя пыталіся ў Яго насамоце: чаму мы ня змаглі выгнаць яго? І адказаў ім: гэты род ніяк ня можа выйсьці, ня інакш як толькі ад малітвы і по́сту. І выйшаўшы адтуль праходзілі праз Галілею, і (Ён) ня хацеў, каб хто даведаўся. Бо навучаў Сваіх вучняў і гаварыў ім: Сын Чалавечы аддаецца ў рукі людзей, і заб’юць Яго, і пасьля забойства ў трэйці дзень уваскрэсьне. Але яны ня разумелі гэтага слова, а спытацца ў Яго баяліся. І прыйшоў у Капэрнавум; і знаходзячыся ў доме пытаўся ў іх: пра што вы ў дарозе між сабою дыскутавалі? А яны маўчалі; бо яны ў дарозе спрачаліся паміж сабою, хто большы. І сеўшы паклікаў дванаццаць і кажа ім: калі хто хоча (сярод вас) быць першым, хай будзе для ўсіх апошнім і ўсім слугою. І, узяўшы дзіця, паставіў яго сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім: калі хто прыйме адно з такіх дзяцей у Імя Маё, Мяне прыймае, а калі хто Мяне прыйме, ня Мяне прыймае, але Паслаўшага Мяне. А Яан загаварыў да Яго кажучы: Настаўнік! (мы) бачылі нейкага (чалавека), які выганяе дэманаў Імем Тваім, а ня ходзіць за намі; і забаранілі яму, бо ня ходзіць за намі. Ісус жа сказаў: ня забараняйце яму, бо няма такога, хто ўчыніць цуд Імем Маім і зможа ў хуткасьці Мяне ліхасловіць. Бо хто ня супраць вас, той за вас. І хто напоіць вас кубкам вады ў Імя Маё, затым, што вы Хрыстовыя, праўду кажу вам, ня страціць узнагароды сваёй. А хто ўвядзе ў грэх аднаго з малых гэтых, што вераць у Мяне, ле́пей было б яму, калі б яму павесілі на шыю жо́ран і кінулі ў мора. І калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе: лепш табе калекаю ўвайсьці ў жыцьцё, чым маючы дзьве рукі, увайсьці ў геенну, у вагонь няпагасны, дзе чарвяк іхны ня памірае, і агонь ня гасьне. І калі нага твая цябе спакушае, адсячы яе; ле́пей табе ўвайсьці ў жыцьцё кульгаваму, чым маючы дзьве нагі быць укіненым у геенну, у вагонь няпагасны, дзе чарвяк іхны ня памірае, і вагонь ня гасьне. І калі вока тваё цябе спакушае, вырві яго; ле́пей табе аднавокім увайсьці ў Валадарства Бога, чым маючы двое вачэй быць укінутым у геенну вагнявую, дзе чарвяк іхны ня ўмірае, і агонь ня гасьне. Бо кожны агнём асо́лены будзе, і ўсякая ахвяра сольлю асо́лена будзе. Соль — добрая (рэч); але, калі соль зробіцца ня салёнай, у чым зробіце яе салёнай? Мейце ў сабе соль і жывіце ў міры паміж сабою.
І адыйшоўшы адтуль, прыходзіць у межы Юдэі з боку Ярдану. І зноў зьбіраюцца каля Яго людзі; і па звычаю Свайму (Ён) ізноў вучыў іх. І, падыйшоўшы, хварысэі спакушаючы Яго спыталіся ў Яго: ці дазволена мужу разводзіцца з жонкаю? Ён жа адказаўшы сказаў ім: што вам наказаў Масей? А яны сказалі: Масей дазволіў пісаць разводны ліст і разводзіцца. І, адказаўшы, Ісус сказаў ім: дзеля жорсткасьці сэрца вашага (ён) напісаў вам гэты наказ. Бо на пачатку тварэньня Бог мужчынай і жанчынай стварыў іх. Пагэтаму пакіне чалавек бацьку свайго і маці і будзе прылеплены да жонкі сваёй. І будуць двое (злучаны) у адно цела, так што ўжо ёсьць ня двое, а адно цела. Пагэтаму, што Бог злучыў, чалавек ня павінен разлучаць. А ў доме вучні Ягоныя ізноў спыталіся Яго пра тое самае. І кажа ім: калі хто разьвядзецца з жонкаю сваёю і возьме (за жонку) другую, творыць пералюб супраць яе (жонкі). Таксама і жонка калі разьвядзецца з мужам сваім і выйдзе замуж за другога, творыць пералюб. І прыносілі да Яго дзяцей, каб (Ён) дакрануўся да іх; але вучні ня дапускалі тых, што прыно́сілі. Убачыўшы гэтае, Ісус загневаўся і сказаў ім: пусьціце дзяцей прыходзіць да Мяне і ня перашкаджайце ім, бо гэткіх ёсьць Валадарства Бога. Праўду кажу вам: калі хто ня прыйме Валадарства Бога, як дзіця, ня ўвойдзе ў Яго. І абняўшы іх, усклаўшы на іх Ру́кі, багаславіў іх. А калі выходзіў Ён у дарогу, падбег нехта, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: Настаўніку добры! што мне рабіць, каб успадкава́ць жыцьцё вечнае? Ісус жа сказаў яму: чаму (ты) называеш Мяне добрым? (Бо) ніхто ня добры, толькі адзін Бог. Прыказа́ньні ведаеш: ня чыні пералюбу; ня забівай; ня крадзі; ня сьведчы ілжыва; ня ашу́квай; шануй бацьку твайго і матку. Ён жа адказаўшы сказаў Яму: Настаўнік! усяго гэтага я пільнаваўся змалку дзён маіх. Ісус жа, глянуўшы на яго, упадабаў яго і сказаў яму: аднаго табе ня хапае: пайдзі, усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і будзеш мець скарб на Небе; і, узяўшы крыж, прыходзь і ідзі сьледам за Мною. Ён жа стаўшы засмучаным гэтым словам, адыйшоў замаркочаным; бо меў вялікую маёмасьць. І паглядзеўшы навако́л Ісус кажа вучням Сваім: зь якімі цяжкасьцямі багатыя ўвойдуць у Валадарства Бога! Вучні ж былí ўра́жаны ад слоў Ягоных. Але Ісус ізноў пачаўшы гаварыць, кажа ім: дзеці! як цяжка ўвайсьці ў Валадарства Бога тым, хто ўскладае надзею на багацьце; лягчэй вярблюду́ прайсьці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Валадарства Бога. Яны ж былі вельмі моцна зьдзіўлены, гаворачы між сабою: дык хто тады можа быць уратаваным? І глянуўшы на іх, Ісус кажа: людзям (гэта) нямагчыма, але ня Богу; бо ўсё магчыма Богу. І пачаў Пётра гаварыць Яму: вось мы пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Табою. І адказаўшы Ісус сказаў: праўду кажу вам: няма нікога хто пакінуў дом, альбо братоў, альбо сёстраў, альбо бацьку, альбо матку, альбо жонку, альбо дзяцей, альбо землі дзеля Мяне і Эвангельля, і ня атрыма́ў бы цяпер, у гэты час сярод перасьледаваньняў у сто разоў больш дамоў і братоў і сёстраў, і матак, і дзяцей, і земляў, а ў веку будучым жыцьця вечнага. І многія першыя будуць апошнімі, а апошнія першымі. Калі (яны) былі ў дарозе ўзыходзячы ў Ярузалім, а Ісус ішоў паперадзе іх, а яны ідучы ўсьлед за (Ім) жаха́ліся і былі ў страху. І ўзяўшы дванаццаць (Ён) ізноў пачаў гаварыць ім тое, што мае зь Ім стацца: Вось мы ўзыходзім у Ярузалім, і Сын Чалавечы будзе прада́ны архірэям і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць і перададуць Яго паганам (на сьмерць). І назьдзекуюцца над Ім, і будуць бічаваць Яго, і аплююць Яго, і заб’юць Яго; і на трэйці дзень уваскрэсьне. Тады падыйшлі да Яго Якуб і Яан, сыны Завядзея, кажучы: Настаўнік! хочам каб (Ты) зрабіў нам, калі чаго папросім. Ён жа сказаў ім: чаго хочаце, каб Я зрабіў вам? Яны ж сказалі Яму: дай нам, каб адзін справа ад Цябе, а другі зьлева ад Цябе селі ў Славе Тваёй. Але Ісус сказаў ім: ня ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць чару, якую Я п’ю і хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся? Яны ж сказалі Яму: можам. А Ісус сказаў ім: запраўды чару, якую Я п’ю, будзеце піць, і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны. Але сесьці праваруч ад Мяне і леваруч ад Мяне — ня Маё (права) даваць, але каму ўгатавана. І пачуўшы дзесяць пача́лі абурацца на Якуба і Яана. А Ісус, паклікаўшы іх, гаворыць ім: (вы) ведаеце, што тыя, што лíчацца князямі народаў, пануюць над імі, і вяльмо́жы іхнія валадараць над імі. Але ня так хай будзе паміж вамі, але калі хто хоча стаць большым сярод вас, хай будзе вам слугою. І хто хоча (між) вамі стаць першым, хай будзе для ўсіх рабом. Бо і Сын Чалавечы прыйшоў ня каб Яму служылі, а каб паслужыць і аддаць жыцьцё Сваё як выкуп за многіх. І прыходзяць у Ярыхон. А пры выходзе зь Ярыхону Ягоным і вучняў Ягоных і мноства народу (натыкаюцца што) каля дарогі сядзеў жабруючы сьляпы Варцімей, сын Цімея. І пачуўшы што (сярод народу) знаходзіцца Ісус Назарэй, пачаў крычаць і гаварыць: Ісусе, Сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною! І многія зага́двалі яму, каб змоўк; але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давідаў! зьлітуйся нада мною! І, спыніўшыся, Ісус загадаў яго паклікаць. І клічуць сьляпога кажучы яму: ня бойся, уставай, кліча цябе. І ён ськінуўшы верхнюю вопратку сваю, устаўшы падыйшоў да Ісуса. І адказаўшы гаворыць яму Ісус: чаго хочаш, каб Я зрабіў табе? А сьляпы сказаў Яму: Вучыцелю! каб мне празерыць. Ісус жа сказаў яму: ідзі, вера твая ўратавала цябе. І той адразу празерыў і пайшоў за Ісусам па дарозе.
І калі наблізіліся да Ярузаліму, да Бітхвагі і Бітані, да гары Аліваў, (Ён) пасылае двух вучняў Сваіх, і кажа ім: ідзіце ў сяло, якое проста перад вамі; і, уваходзячы ў яго, адразу знойдзеце прывязанага маладога асла, на якога ніхто зь людзей ня садзіўся; адвязаўшы яго, прывядзіце. І калі хто вам скажа: што гэта (вы) робіце? адказвайце: ён патрэбны Госпаду; дык адразу пашле яго сюды. І (яны) пайшлі і знайшлі маладога асла, прывязанага каля брамкі звонку на вуліцы, і адвязваюць яго. І нікаторыя, што стаялі там, казалі ім: што робіце, адвязваючы асьляня? І яны сказалі ім, як загадаў Ісус; і (тыя) адпусьцілі іх. І прывялі асьляня да Ісуса, і ўсклалі на яго вопраткі свае; і (Ён) сеў на яго; а многія пасьцілалі вопраткі свае на дарогу; а іншыя абразалі вецьце з дрэваў і пасьцілалі на дарогу. І тыя, што ішлі сьпераду і за Ім, крычалі кажучы: Госанна! багаславёны, Які ідзе ў Імя Госпада! Багаславёна Валадарства бацькі нашага Давіда, што ідзе ў Імені Госпада! Госанна ў вышэйшых нябёсах! І ўвайшоў Ісус у Ярузалім і ў Сьвятыню. І агледзіўшы ўсё, а час ужо быў позьні, выйшаў з дванаццацю ў Бітаню; А на другі дзень, калі яны выйшлі з Бітані, (Ён) захацеў есьці. І ўбачыўшы здалёк смакоўніцу, пакрытую лісьцем, пайшоў, ці ня знойдзе на ёй што-небудзь. І падыйшоўшы да яе нічога ня знайшоў, апрача лíсьця, бо (яшчэ) ня час быў (зьбіраць) смоквы. І загаварыўшы Ісус сказаў да яе: больш ад цябе ніхто ня зьесьць плоду вавек. І чулі (гэтае) вучні Ягоныя. І прыходзяць (яны) у Ярузалім. А калі ўвайшоў Ісус у Сьвятыню, пачаў выганяць прадаўцоў і пакупнікоў у Сьвятыні, і сталы мянялаў і ўслоны прадаўцоў галубоў абярнуў. І ня дазваляў, каб хто-небудзь пранёс цераз Сьвятыню якую рэч. І вучыў, кажучы ім: ці ня напісана: Дом Мой Домам малітвы будзе названы для ўсіх народаў? — А вы зрабілі зь Яго логва разбойнікаў. І пачулі (гэтае) кніжнікі і архірэі, і шукалі, як бы загубіць Яго; бо баяліся Яго, таму што ўвесь народ захапляўся Ягоным вучэньнем. А калі наступіў вечар, (Ён) выйшаў зь места. А раніцай, праходзячы міма, (вучні) убачылі смакоўніцу, ссохшую ад карэньня. І, прыгадаўшы, Пётра кажа Яму: Раўві! Глядзі, смакоўніца, якую (Ты) пракляў, усохла. І адказаўшы Ісус кажа ім: мейце веру Божую. Бо Праўду кажу вам: калі хто (маючы веру Божую) скажа гары гэтай: будзь паднятай і ўкіненай у мора, і ня засумняваецца ў сэрцы сваім, але будзе мець веру (Божую), што станецца так, як гаворыць, — будзе яму, што бы ні сказаў. Пагэтаму кажу вам: усё чаго толькі ў малітве ні просіце, верце, што атрымоўваеце і будзе вам. І калі стаіце на малітве, даруйце, калі што маеце на каго, каб і Ба́цька ваш, Які ў Нябёсах, дараваў вам грахі вашыя. Калі ж вы ня даруеце, то і Ба́цька ваш, Які ў Нябёсах, ня даруе вам грахоў вашых. І прыходзяць ізноў у Ярузалім. І калі Ён хадзіў у Сьвятыні, падыходзяць да Яго архірэі і кніжнікі і старэйшыны. І кажуць Яму: якой уладаю гэта робіш? і Хто Табе ўладу гэтую даў, што гэта робіш? Але Ісус, адказаўшы, сказаў ім: спытаю і Я ў вас адно слова, і (вы) адкажыце Мне, і (Я) скажу вам, якою ўладаю гэта раблю: хрышчэньне Яанава зь Неба было, ці ад людзей? Адкажыце Мне. І (яны) разважалі паміж сабою кажучы: калі скажам: зь Неба, — (то Ён) скажа: чаму тады ня паверылі яму? А калі скажам: «ад людзей», — баяліся народу. Бо ўсе лічылі, што Яан ёсьць сапраўды Прарок. І, адказаўшы, гавораць Ісусу: ня ведаем. Тады Ісус, адказаўшы, кажа ім: і Я ня скажу вам, якою ўладаю гэта раблю.
І пачаў гаварыць да іх у прыпавесьцях: чалавек насадзіў вінаграднік і абгарадзіў яго і выкапаў таўчэльню і пабудаваў вежу, і даручыў яго вінаградарам, і адлучыўся ў другую краіну. І паслаў да вінаградараў у (свой) час раба, каб (той) у вінаградараў узяў пладоў зь вінаградніку. Але яны, схапіўшы яго зьбілі і адаслалі ні з чым. Тады (ён) ізноў паслаў да іх другога раба: і таго, зьбіўшы камянямі, разьбілі галаву і адаслалі зьняважыўшы. І ізноў другога паслаў: і таго забілі. І многіх іншых: адных зьбівалі, другіх забівалі. І маючы аднаго свайго любага сына, урэшце яшчэ і яго паслаў да іх, кажучы: паўстыдаюцца сына майго. Але гэныя вінаградары сказалі адзін воднаму: гэты ёсьць спадкаемец; пойдзем, заб’ем яго, і спадчына будзе нашая. І, схапіўшы яго, забілі і выкінулі прэч зь вінаградніку. Дык што зробіць гаспадар вінаградніку? Прыйдзе ды пазабівае вінаградараў, і аддасьць вінаграднік другім. Няўжо (вы) ня чыталі гэтага ў Пісаньні?: «Камень, Які адкінулі будаўнічыя, Ён стаўся Галавою вугла. Ад Госпада сталася гэта і (гэта) дзіўна ў вачах нашых». (Пс. 118:22−23) І памыкаліся схапіць Яго, але збаяліся народу; бо ўразумелі, што пра іх сказаў прыповесьць; і пакінуўшы Яго, адыйшлі. І падсылаюць да Яго нікаторых хварысэяў і гірадзіянаў, каб падлавілі Яго на слове. І яны, прыйшоўшы, кажуць Яму: Настаўнік! (мы) ведаем, што Ты справядлівы, і ня дагаджаеш нікому, бо ня глядзіш на аблічча людзей, але па праўдзе шляху Божаму вучыш. Ці дазваляецца даваць падатак кесару ці не? Даваць ці ня даваць? Ён жа, ведаючы іх крывадушнасьць, сказаў ім: што спакушаеце Мяне? Прынясіце Мне дынар, каб (Я) убачыў (яго). І яны прыне́сьлі. І кажа ім: чыя гэта выява і надпіс? І яны сказалі Яму: кесаравыя. І, адказаўшы, Ісус сказаў ім: аддавайце кесаравае кесару, а Божае Богу. І зьдзівіліся зь Яго. І прыходзяць да Яго саддукеі, якія кажуць, (што) уваскрасеньня няма, і запыталі Яго, кажучы: Настаўнік! Масей напісаў нам, што калі чый-небудзь брат памрэ, і пакіне жонку, а дзяцей ня пакіне, дык каб брат ягоны ўзяў жонку ягоную і адрадзіў семя брату свайму. Сем братоў было: і першы ўзяў жонку і, паміраючы, ня пакінуў дзяцей; і другі ўзяў яе і памёр, і ён ня пакінуў насеньня, гэтаксама і трэйці. І бралі яе сямёра, і ня пакінулі семяні. Пасьля ўсіх памерла і жонка. Дык вось, пры ўваскрасэньні, калі ўваскрэснуць, каторага зь іх будзе яна жонкаю, бо сямёра мелі яе за жонку? І, адказаўшы, Ісус сказаў ім: ці ня з-за таго вы памыляецеся, ня ведаючы Пісаньня, ні сілы Бога? Бо калі ўваскрэснуць ізь мёртвых, (то ўжо) ня жэняцца, ня выходзяць замуж, але прабываюць, як Ангелы на Нябёсах. А пра мёртвых, што яны ўваскрашаемы, хíба (вы) ня чыталі ў кнізе Масея, калі Бог сказаў яму каля цярнёвага кусту, кажучы: Я Бог Абрагамаў і Бог Ісагакаў, і Бог Якубаў? Ён ёсьць ня Бог мёртвых, але Бог жывых. Пагэтаму вы дужа памыляецеся. І падыйшоўшы адзін із кніжнікаў, пачуўшы іхныя спрэчкі, уразумеўшы, што Ісус правільна ім адказаў, спытаўся ў Яго: якое першае з усіх прыказаньняў? Ісус жа адказаў яму: першае з усіх прыказаньняў: слухай Ізраэль! Госпад, Бог наш, ёсьць Госпад адзіны; і палюбі Госпада, Бога твайго, ад усяго сэрца твайго і ад усёй душы тваёй, і ад усяго розума твайго, і ад усёй сілы тваёй. Гэта першае прыказаньне. І другое падобнае яму: палюбі бліжняга твайго, як самога сябе. Больш за гэтыя другога прыказаньня няма. І сказаў Яму кніжнік: добра, Настаўнік! Праўду сказаў Ты, што адзін ёсьць Бог і няма другога, акрамя Яго, і любіць Яго ад усяго сэрца, і ад усяго разуменьня, і ад усёй душы, і ад усёй сілы, і любіць бліжняга, як само́га сябе — больш за ўсіх усеспаленьняў і ахвяраў. І Ісус бачучы, што ён разумна адказаў, сказаў яму: нядалёка ты ад Валадарства Бога. І ніхто ўжо ня адважваўся задаваць Яму пытаньні. І пачаўшы гаварыць Ісус казаў, навучаючы ў Сьвятыні: на якой падставе кніжнікі кажуць, што Хрыстос ёсьць Сын Давідавы? Бо сам Давід сказаў у Духу Сьвятым: сказаў Госпад Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх падножжам Ног Тваіх? Дык сам Давід называе Яго Госпадам. І як жа Ён Сын яму? І мноства народу слухала Яго з асалодаю. І казаў ім у вучэньні Сваім: асьцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх вопратках і (прынімаць) вітаньні на народных сходах, і першыя мейсцы ў сынагогах, і ляжаць на першых мейсцах на гасьцінах, якія пажыраюць дамы ўдоваў і напаказ доўга моляцца: яны атрымаюць большую асу́ду. І, сеўшы насупраць скарбніцы, Ісус назіраў, як народ кíдае медзякí ў скарбніцу. І многія багатыя кíдалі шмат. І падыйшоўшы адна бедная ўдава кінула дзьве лепты, што ёсьць кадрант. І паклікаўшы вучняў Сваіх (Ісус) кажа ім: Праўду кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх тых, што кінулі ў скарбніцу. Бо ўсе кінулі ад лішкаў сваіх, а яна ад нястачы сваёй усё, што мела: увесь пражытак свой.
І калі выходзіў Ён са Сьвятыні кажа Яму адзін з вучняў Ягоных: Настаўнік! паглядзі, якія камянí і якія будынкі! А Ісус адказаўшы сказаў яму: бачыш гэтыя аграмадныя будынкі? ня застанецца тут каменя на камені, які ня будзе збураны. І калі сядзеў Ён на гары Аліваў насупраць Сьвятыні, пыталіся ў Яго насамо́це Пётра і Якуб і Яан і Андрэй. Скажы нам, калі гэтае будзе, і які знак, калі ўсё гэтае мае стацца? І адказаўшы ім Ісус пачаў гаварыць: сьцеражыцеся, каб ніхто вас ня абмануў. Бо многія прыйдуць пад Імем Маім кажучы: Я ёсьць, і многіх абма́нуць. Калі ж пачуеце пра войны і чуткі пра войны, ня жаха́йцеся, бо гэтаму належыць стацца, але гэта яшчэ ня канец. Бо паўстане народ на народ і каралеўства на каралеўства, і будуць мейсцамі трасеньні зямлі, і будуць галады і смуты: гэта пачатак злыбедаў. Сьцеражыцеся ж і вы самі: бо будуць аддаваць вас на судзíлішчы і ў сынагогах будзеце зьбіваемы, і перад уладнікамі і каралямі пастаўлены будзеце за Мяне на сьведчаньне ім. Але перш належыць абвясьціць Эвангельле ўсім народам. Калі ж павядуць вас, каб выдаць, ня турбуйцеся загадзя, што сказаць і ня абдумывайце; але што будзе дадзена вам у тую гадзіну, тое і гаварыце, бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Сьвяты. І прадасьць брат брата на сьмерць, і бацька дзіця; і паўста́нуць дзеці на бацькоў і заб’юць іх; і будзеце зьнянавіджаныя ўсімі за Імя Маё. А хто вытрывае да канца — той будзе збаўлены. Калі ж убачыце агіду спусташэньня, пра якую сказана праз Прарока Данілу, паўстаўшую, дзе ня сьлед, — хто чытае, хай разумее, — у той час тыя, хто ў Юдэі хай уцякаюць у го́ры. А хто на даху, хай ня сыхо́дзіць у дом і ня ўваходзіць узяць што-небудзь з дому свайго. І хто ў полі, хай ня вяртаецца назад узяць вопратку сваю. Гора ж цяжарным і тым, хто кормяць грудзьмі ў тыя дні! Маліцеся ж, каб ня сталіся ўцёкі вашыя зімою. Бо будзе ў тыя дні такі ўціск, якога ня было ад пачатку стварэньня, што стварыў Бог ажно дагэтуль ды ня будзе. І калі б Госпад ня скараціў дзён гэных, то ня сталася б уратаваным ніводнае цела; але дзеля выбраных, якіх (Ён) выбраў, скараціў (Ён) гэныя дні. І тады калі хто вам скажа: вось тут Хрыстос, альбо вунь там — ня верце. Бо будуць пастаўлены ілжэхрысты ды ілжэпрарокі і ўчыняць знакі і цуды, каб абману́ць, калі магчыма, і выбраных. А вы сьцеражыцеся: вось Я папярэдзіў вас аб усім. Але ў тыя дні, пасьля ўціску таго, сонца будзе зацемрана, і месяц ня дасьць сьвятла свайго. І зоркі зь неба будуць падаць, і сілы, што на нябёсах, будуць пахіста́ны. І тады ўгледзяць Сына Чалавечага, Які прыходзіць на аблоках з сілаю вялікаю і славаю. І тады пашле (Ён) Ангелаў Сваіх, і зьбярэ выбраных Сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба. Ад смакоўніцы ўразумейце падобнасьць: калі гальлё яе стала мяккім і пускае лісьцё, ведаеце, што блізка лета. Такім чынам і вы, калі ўбачыце, што гэта збываецца, ведайце, што блізка — каля дзьвярэй. Праўду кажу вам, што ня міне род гэты, пакуль усё гэтае станецца. Неба і зямля счэзнуць, а Словы Мае ня згубяць сілу. А пра дзень той і гадзíну ніхто ня ведае, ні Ангелы на Небе, ні Сын, толькі Ба́цька. Глядзеце, чувайце і малецеся: бо ня ведаеце, калі ёсьць (гэтая) гадзіна. (Гэта) падобна да чалавека, які ад’яжджаючы ў далёкую краіну аставіў дом свой і даў рабам сваім уладу і кожнаму сваю працу і брамніку загадаў чуваць. Дык чувайце, бо ня ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому: увечары ці апо́ўначы, ці пры пеўнях, ці нараніцы, — (каб) прыйшоўшы зьнянацку ня знайшоў вас сплючы. А што вам кажу, кажу ўсім: чувайце.
Праз два дні была Пасха і Праснакі; і архірэі і кніжнікі намышлялі, як узяць Яго хітрасьцяй (і) забіць; але казалі: (толькі) ня ў сьвята, каб у народзе ня сталася абурэньня. І быў Ён у Бітані, і ўзьляжаў Ён у доме Сымона пракажонага, — прыйшла жанчына з алябастравым збанком міра нардовага чыстага, дарагога і разьбіўшы алябастравы збанок, паліла Яму на Галаву. І былі нікаторыя, якія між сабою абураліся і гаварылі: на што зроблена гэткае марнатраўства гэтага міра? Бо можна было бы прадаць яго больш чым за трыста дынараў і раздаць убогім. І наракалі на яе. Але Ісус сказаў: адчапіцеся ад яе, нашто робіце ёй балюча? Яна зрабіла для Мяне добры ўчынак. Бо ўбогіх маеце заўсёды каля сябе, і калі хочаце, можаце ім рабіць дабро. А Мяне маеце ня заўсёды. Яна зрабіла, што магла: загадзя намасьціла Маё Цела на пахаваньне. Праўду кажу вам: дзе толькі будзе абвешчана Эвангельле гэтае ў цэлым сьвеце, дык і аб тым, што яна зрабіла, будзе сказана ў памяць пра яе. А Юда Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, пайшоў да архірэяў, каб прадаць Яго ім. А яны, пачуўшы, узрадаваліся і абяцалі яму даць срэбра. І (ён) шукаў, як бы ў зручную часіну прадаць Яго. І ў першы дзень Праснакоў, калі рэзалі Пасху, кажуць Яму вучні Ягоныя: дзе жадаеш, (каб) мы пайшоўшы прыгатавалі, каб Табе есьці Пасху? І пасылае двух з вучняў Сваіх і кажа ім: ідзеце ў места; і вам сустрэнецца чалавек, які нясе збан вады. Пайдзеце сьледам за ім. І куды (ён) увойдзе, скажыце гаспадару дому, што Настаўнік кажа: дзе сьвятліца, у якой Мне есьці Пасху з вучнямі Маімі? І ён пакажа вам сьвятліцу вялікую засланую, гатовую; там прыгатуйце нам. І пайшлі вучні Ягоныя, і прыйшлі ў места і знайшлі, як сказаў ім; і прыгатавалі Пасху. І калі настаў вечар, (Ён) прыходзіць з дванаццацьцю. І калі яны ўзьляжалі і елі Ісус сказаў: праўду кажу вам, што адзін з вас, які есьць разам са Мною, прадасьць Мяне. Яны ж засмуціліся і пача́лі адзін за другім гаварыць Яму: ці ня я? і другі: ці ня я? Ён жа, адказваючы, сказаў ім: адзін з дванаццацёх, што мачае са Мною ў місе. Бо Сын Чалавечы ідзе, як напісана пра Яго; але гора таму чалавеку, праз якога прадаецца Сын Чалавечы: лепей было б яму, калі б чалавек гэны ня быў народжаны. І калі яны елі, Ісус узяў хлеб, багаславіў, паламаў і даў ім, і сказаў: вазьмеце, ешце; гэта ёсьць Цела Маё. І, узяўшы чару, багаславіўшы, даў ім: і ўсе пілí зь яе. І сказаў ім: гэта ёсьць Кроў Мая Новага Запавету, што за многіх праліваецца. Праўду кажу вам, што больш ня буду піць ад гэтага плоду вінаграднага аж да таго дня, калі буду піць яго новым у Валадарстве Бога. І, засьпяваўшы, пайшлі на гару Аліваў. І кажа ім Ісус: усе вы ў гэтую ноч будзеце запанявераны аба Мне, бо напісана: паражу пастуха, і будуць расьсеяны авечкі. Але пасьля ўваскрэсеньня Майго, прыду на сустрэчу з вамі ў Галілеі раней за вас. А Пётра казаў Яму: нават калі ўсе запаняверацца, але ня я. І кажа яму Ісус: праўду кажу Табе: сёньня, у гэтую ноч, перш чым двойчы прапяе певень, тройчы адрачэшся ад Мяне. Але ён яшчэ больш і больш настойліва казаў: калі б мне выпала (нават) памерці з Табою, ніколі ад Цябе ня адракуся. Гэтак сама казалі і ўсе. І прыходзяць на мейсца, імя якога Гэтсыманя; і кажа вучням Сваім: пасядзеце тут, пакуль памалюся. І бярэ разам з Сабою Пятра, Якуба і Яана; і пачаў жаха́цца і гаротна перажываць. І кажа ім: глыбока паку́туе Душа Мая аж да сьмерці; пабудзьце гэтта і пасуперажывайце. І, адыйшоўшыся трохі, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго гэтая гадзíна. І казаў: Тата Мой дарагі! Усё магчыма Табе. Пранясі чару гэтую міма Мяне, але ня чаго Я хачу, але чаго Ты. І вяртаецца і знаходзіць, што яны сьпяць, і гаво́рыць Пятру: Сымоне, ты сьпіш? Ня мог ты аднае гадзіны пасуперажываць? Чувайце і малецеся, каб ня падда́цца спакусе. Сапраўды, (няпашкоджаны) дух гатовы (да барацьбы за праведнасьць), плоць жа (на гэта) няздольная. І ізноў адыйшоўшы маліўся, сказаўшы тое ж слова. І, вярнуўшыся, знайшоў іх ізноў сплючы; бо вочы ў іх абцяжэлі, і ня ведалі, што Яму адказаць. І прыходзіць трэйці раз і кажа ім: усё яшчэ сьпіцё і спачываеце? Годзе! Настала гадзіна! Вось прадаецца Сын Чалавечы ў рукі грэшнікаў. Устаньце! хадзем! вось наблізіўся той, хто прадае Мяне. І адразу, як Ён яшчэ гаварыў, прыходзіць Юда, адзін з дванаццацёх, і разам зь ім вялізны натоўп зь мечамі і каламі ад архірэяў і кніжнікаў, і старэйшынаў. А той, хто прадаваў Яго, даў ім знак, кажучы: Каго я пацалую, Той і ёсьць; хапайце Яго і вядзеце пільна. І, прыйшоўшы, адразу падыйшоў да Яго ды кажа: Раўві! Раўві! і пацалаваў Яго. А яны ўсклалі на Яго ру́кі свае і схапілі Яго. А адзін із тых, што стаялі (там) выхапіўшы меч, ударыў раба архірэйскага і адсек яму вуха. І загаварыўшы, Ісус сказаў ім: быццам на разбойніка выйшлі вы зь мечамі і кала́мі схапіць Мяне. Кожны дзень бываў Я сярод вас у Сьвятыні навучаючы, і вы ня ўзялі Мяне; але каб былі спо́ўнены Пісаньні. Тады, пакінуўшы Яго, усе (вучні) уцяклі. Але адзін нейкі юнак ішоў сьледам за Ім, захінуўшыся пакрывалам па целе у споднім; і жаўнеры хапаюць яго. Але ён, пакінуўшы пакрывала, у споднім уцёк ад іх. І прывялі Ісуса да архірэя; і зьбіраюцца да яго ўсе архірэі і старэйшыны і кніжнікі. А Пётра здалёк ішоў сьледам за Ім, нават ва ўнутр на падворак архірэя, і сядзеў са слугамі і грэўся каля вагню. Архірэі ж і ўвесь сынэдрыён шукалі супраць Ісуса сьведчаньня, каб забіць Яго, але ня знаходзілі. Бо многія сьведчылі ілжыва супраць Яго, але сьведчаньні гэтыя былі супярэчлівыя. Тады нікаторыя, устаўшы, давалі ілжывыя сьведчаньні супраць Яго, кажучы: мы чулі, як Ён гаварыў: Я зруйную гэту Сьвятыню, збудаваную рукамі, а цераз тры дні ўзьвяду другую, нярукатворную. Але і іхнае сьведчаньне ня было згоднае (між сабою). Тады архірэй, устаўшы насярэдзіну, спытаў Ісуса, кажучы: нічога ня адка́зваеш? што яны супраць Цябе сьведчаць? Але (Ён) маўчаў і нічога ня адка́зваў. Ізноў архірэй пытаўся ў Яго і кажа Яму: ці Ты Хрыстос, Сын Багаслаўлёнага? Тады Ісус сказаў: Я ёсьць. І ўбачыце Сына Чалавечага, седзячы праваруч Сілы і ідучы з аблокамі Неба. Тады архірэй, разадраўшы вопраткі свае, кажа: нашто нам яшчэ сьведкі? Вы пачулі блюзьнерства. Як вам здаецца? І яны ўсе Яго засудзілі: варты сьмерці. І нікаторыя пача́лі пляваць на Яго ды, закрываючы Яму Аблічча, біць Яго ды гаварыць Яму: прароч! І слугі білі Яго па Шчоках. І калі Пётра быў на дварэ, унізе, прыходзіць адна служанка архірэя і, убачыўшы Пятра, што ён грэецца, прыгледзіўшыся да яго, кажа: і ты быў зь Ісусам Назаранінам. Але ён адрокся, кажучы: ня ведаю і ня разумею, што ты кажаш. І выйшаў на пярэдні двор; і прапяяў певень. І служанка, убачыўшы яго ізноў, пачала́ казаць тым, што стаялі побач: гэты ізь іх. Ён жа ізноў адрокся. І крыху пазьней тыя, што стаялі побач, ізноў казалі Пятру: сапраўды, ізь іх ты. Бо ты і галілеяц, і гутарка твая падобная. А ён пачаў клясьціся і бажыцца: ня ведаю Чалавека Гэтага, пра Якога гаво́рыце. І певень прапяяў другі раз. Тады Пётра ўспомніў слова, якое сказаў яму Ісус: перш, чым певень прапяе двойчы, тройчы адрачэшся ад Мяне, — і заплакаў наўзрыд.
І адразу нараніцы архірэі са старэйшынамі і кніжнікамі і ўвесь сынедрыён, зьвязаўшы Ісуса, завялі і перадалі Пілату. І спытаўся ў Яго Пілат: Ты ёсьць Кароль жыдоў? Ён жа адказаўшы сказаў яму: ты кажаш. І архірэі вінавацілі Яго ў многім. А Пілат зноў пытаўся ў Яго, кажучы: ня адказваеш нічога? Глядзі, як многа супраць Цябе сьведчаць. Але Ісус больш нічога ня адказаў, так што Пілат зьдзівіўся. А на сьвята (ён) звальняў ім аднаго вязьня, (за) каторага прасілі. Быў жа ў кайданах са сваімі саўдзельнікамі нейкі называны Бараўва, якія падчас бу́нту ўчынілі забойства. І закрычаўшы натоўп пачаў прасіць (Пілата) аб тым, што (ён) ім рабіў заўсёды. Пілат жа адказаў ім, кажучы: хочаце, звольню вам Караля жыдоў? Бо ведаў, што архірэі выдалі Яго праз зайздрасьць. Але архірэі падбухторылі натоўп (прасіць), каб звольніў ім ле́пей Бараўву. Пілат жа адказаўшы ізноў сказаў ім: а што хочаце, (каб) я зрабіў Таму (Каго вы) называеце Каралём жыдоў? А яны ізноў закрычалі: укрыжуй Яго! Пілат жа казаў ім: якое ж ліха ўчыніў (Ён)? Але яны яшчэ мацней закрычалі: укрыжуй Яго! Тады Пілат, жадаючы дагадзіць натоўпу, звольніў ім Бараўву, а Ісуса аддаў бічаваць, каб потым быў укрыжаваны. І жаўнеры завялі Яго ўсярэдзіну двара, гэта значыцца ў прэторыю, і сабралі ўсю кагорту. І апранаюць Яго ў парфіру і ўскладаюць на Яго спле́цены цярнёвы вянок (як карону), і пача́лі вітаць Яго: радуйся, Кароль жыдоў! І бíлі Яго па Галаве кіям, і плявалі на Яго, і кленчачы, кланяліся Яму. І калі насьмяяліся зь Яго, зьня́лі зь Яго парфіру і апранулі Яго ў Ягоныя адзеньні. І павялі Яго, каб укрыжаваць Яго. І прымушаюць праходзячага міма нейкага Сымона кірэнэйца, які ішоў з поля, бацьку Аляксандравага і Рутавага, каб узяў крыж Ягоны. І прыводзяць Яго на Галготу — мейсца, якое ў перакладзе ёсьць: мейсца Чэрапу. І давалі Яму выпіць віно, зьмяша́нае са сьмірнаю. Але Ён ня ўзяў. А тыя, што ўкрыжавалі Яго, дзялілі вопраткі Ягоныя, кіда́ючы жэрабя аб іх, хто што во́зьме. Была ж гадзіна трэйцяя, і ўкрыжавалі Яго. І быў надпіс віны Ягонай напісаны: Кароль жыдоў. І разам зь Ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго з правага, а другога зь левага (боку) ад Яго. І збылося Пісаньне, што гаво́рыць: і да злачынцаў залíчаны. І тыя, што праходзілі міма, зьняважалі Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: гэй! Той, Хто разбурае Сьвятыню і ў тры дні адбудоўвае! Уратуй Самога Сябе і зыйдзі з крыжа. Падобна ж і архірэі з кніжнікамі насьмяхаючыся між сабою казалі: другіх выратаваў, (а) Сябе ня можа выратаваць. Хрыстос, Кароль Ізраэля, зыйдзі зараз з крыжу, каб (мы) убачылі і паверылі. І ўкрыжаваныя зь Ім ліхасловілі Яго. А калі настала гадзіна шостая, па ўсёй зямлі сталася цемра ажно да дзявятае гадзіны. А на дзявятай гадзіне загаласіў Ісус моцным голасам, кажучы: Элоі, Элоі! ламма сабахтані? што азначае ў перакладзе: Бог Мой! Бог Мой! дзеля чаго (Ты) Мяне пакінуў? Тады нікато́рыя, што стаялі по́бач, пачуўшы (гэта) казалі: вось Ільлю кліча. І адзін пабег, набраў у губку воцату і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць, кажучы: чакайце, паглядзім, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго. А Ісус, загаласіўшы моцным голасам, выпусьціў Дух. І завеса Сьвятыні была разадрана напалам ад верху да нізу. А сотнік, што стаяў насупраць Яго, убачыўшы, што так загаласіўшы выпусьціў Дух, сказаў: запраўды, Чалавек Гэты быў Сын Бога. Былі ж (тут) і жанчыны, назіраўшыя здалёк, сярод якіх была і Марыля Магдаліна і Марыля, матка Якуба меншага і Ёсі, і Салямія, якія ішлі ўсьлед за Ім і служылі Яму, калі Ён быў у Галілеі; і многія іншыя, што разам зь Ім прыйшлі ў Ярузалім. І як ужо настаў вечар, а дзень быў параскева, гэта значыць перадсубоцьце, прыйшоў Язэп з Арыматэі, знатны прыналежнік сынэдрыёна, які і сам чакаў Каралеўства Бога. Адважыўшыся ўвайшоў да Пілата і прасіў Цела Ісусавага. А Пілат зьдзівіўся, што (Ён) ужо памёр, і, паклікаўшы сотніка, спытаў яго, ці даўно памёр. І даведаўшыся ад сотніка, аддаў Цела Язэпу. І, купіўшы сіндон і зьняўшы Яго, абярнуў сіндонам і паклаў Яго ў магіле, якая была высечана ў скале, ды накаціў камень на дзьверы магілы. А Марыля Магдаліна і Марыля (матка) Ёсі глядзелі, дзе (Ён) пакладзены.
І як прайшла субота, Марыля Магдаліна і Марыля Якубава і Сало́ма купілі духмяных масьцяў, каб пайшоўшы намасьціць Яго. І вельмі рана раніцай, у першы дзень тыдня, прыходзяць да магілы на ўзыходзе сонца. І гаварылі між сабою: хто адкоціць нам ка́мень ад дзьвераў магілы? І зірнуўшы бачаць, што ка́мень адко́чаны, а быў ён надта вялікі. І ўвайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, які сядзеў з правага боку, адзетага ў зьзяючую шату, і жахну́ліся. А ён кажа ім: ня жахайцеся. Шукаеце ўкрыжаванага Ісуса Назараніна? (Ён) уваскрэшаны. Яго няма тут. Вось мейсца, дзе паклалі Яго. Дык ідзеце, скажэце вучням Ягоным і Пятру: (Ён) ідзе ў Галілею раней за вас; там Яго ўбачыце, як (Ён) сказаў вам. І, выйшаўшы, адразу пабеглі ад магілы. І зьняла іх дрыготка і здранцьве́ньне, і нікому нічога ня сказалі, бо баяліся. Уваскросшы ж рана раніцай у першы дзень тыдня, (Ён) зьявіўся сьпярша Марылі Магдаліне, зь якое выгнаў сем дэманаў. Яна пайшоўшы абвясьціла тым, што былі зь Ім, што плакалі і галасілі; а тыя пачуўшы, што (Ён) жывы і быў бачаны ёю, ня паве́рылі. А пасьля гэтага зьявіўся ў іншым выглядзе, двум із іх на дарозе, калі (яны) ішлі ў селішча. І тыя, пайшоўшы, апавясьцілі астатнім, але і ім ня паве́рылі. Нарэшце (Ён) зьявіўся ім адзінаццацём узьлягаючым, і дакараў іх у нявер’і і жорсткасьці сэрца, што ня паве́рылі тым, што ўбачылі Яго ўваскросшага. І сказаў ім: пайшоўшы па ўсяму сьвету апавяшчайце Эвангельле ўсяму стварэньню. Хто паверыць і будзе ахрышчаны, уратаваны будзе, а хто ня паверыць, засуджаны будзе. А паверыўшых будуць суправаджаць гэткія знакі: Імем Маім будуць выганяць дэманаў, будуць гаварыць новымі мовамі; будуць браць зьмеяў; і калі выпьюць што-небудзь сьмяротнае, ня пашкодзіць ім; на хворых ру́кі пакладуць, дык здаровымі будуць. Госпад жа пасьля гутаркі зь імі быў узьнесены на Неба, і сеў праваруч Бога. А яны пайшоўшы апавяшчалі ўсюды Госпада, Які садзейнічаў і падмацоўваў слова суправаджаючымі знакамі. Амін.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020