Библия › Сабіла › Лукаша

Паводля Лукаша

Паколькі (ужо) многія ўзяліся складаць апавяданьне адносна добра вядомых між намі падзей, як перадалі нам тыя, што ад пачатку былі вачавідцы і служыцелі Слова, прыйшло на думку і мне, дасьледаваўшы наноў усё вельмі пільна, апісаць табе па парадку, высокашаноўны Тэахвіле, каб (ты) даведаўся адносна таго, (у) чым быў настаўлены: у верагоднасьці (гэных) слоў. Быў (жа) у дні Гірада, валадара жыдоўскага, нікаторы сьвятар імем Захар з Авіявай чаргі і жонка ягоная з дачок Агаронавых; і імя ейнае — Альжбета. Былі ж (яны) абое праведныя перад Богам, жывучы па ўсіх прыказаньнях і пастановах Госпадавых бяззаганна. І ня было ў іх дзіцяці, бо Альжбета была няплодная, і абое (яны) былі састарэлымі ў днях сваіх. Выпала ж яму служыць у парадку чаргі сваёй перад (Абліччам) Бога. Згодна звычаю сьвятароў атрымаў (ён) жэрабя кадзіць, увайшоўшы ў Сьвятыню Госпада; і ўсё мноства народу ў час каджэньня малілася вонках. І зьявіўся яму Ангел Госпада, стоячы справа ад кадзільнага ахвярніка. І сумеўся Захар, убачыўшы, і страх напаў на яго; але Ангел сказаў яму: ня бойся, Захар, бо пачута малітва твая, і жонка твая Альжбета народзіць табе сына, і дасі яму імя Яан. І будзе табе радасьць і весялосьць, і многія ўзрадуюцца з нараджэньня ягонага; бо (ён) будзе вялікі перад Госпадам; і ня будзе піць віна і сікеру, і Духам Сьвятым напоўніцца яшчэ ў чэраве маткі сваёй; і многіх сыноў Ізраэлявых наверне да Госпада Бога іхнага; і ён будзе ісьці перад Ім у Духу і сіле Ільлі, каб вярнуць сэрцы ба́цькаў да дзяцей, і няпаслухмяных да мудрасьці праведных, каб падрыхтаваць Госпаду народ гатовы. І сказаў Захар Ангелу: па чым пазнаю я гэтае? бо я стары, і жонка мая састарэлая ў днях сваіх. І, адказваючы, Ангел сказаў яму: я Гаўрыіл, што перад Вачамі Бога стаю, і пасланы гаварыць з табою і дабравесьціць табе гэтае. І вось, будзеш (ты) маўчаць, і ня здолееш гаварыць да таго дня, калі гэтае збудзецца, за тое, што (ты) ня паверыў словам маім, якія споўняцца ў свой час. І чакаў народ Захара і дзівіўся, што ён марудзіць у Сьвятыні. Выйшаўшы ж, ён ня мог гаварыць да іх, і (яны) пазналі, што (ён) бачыў у Сьвятыні зьяву; і ён даваў знакі ім і заставаўся нямым. І сталася, як скончыліся дні служэньня ягонага, прыйшоў (ён) у дом свой. Пасьля ж гэтых дзён зачала́ Альжбета, жонка ягоная, і таілася пяць месяцаў, ка́жучы: так учыніў мне Госпад у дні, у якія Ён глянуў (на мяне, каб) зьняць зь мяне ганьбу між людзьмі. У шосты ж месяц пасланы быў Ангел Гаўрыіл ад Бога ў места Галілейскае, якога назва Назарэт, да дзевы, заручанай з мужам, імя якому Язэп, з дому Давідавага; а імя дзевы — Марыля. І, увайшоўшы да яе, Ангел сказаў: радуйся, ласкай (Божай) абдараваная! Госпад з табою; багаслаўлена ты між жанок. Яна ж, убачыўшы (яго), была зьбянтэжана ад слова ягонага і разважала, што гэта (за) прывітаньне магло бы быць? І сказаў ёй Ангел: ня бойся, Марыля; бо (ты) знайшла Багадаць у Бога. І вось зачнеш у чэраве і народзіш Сына і дасі Яму Імя: Ісус. Ён будзе вялікі і Сынам Найвышэйшага будзе названы, і дасьць Яму Госпад Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага, і будзе гаспадарыць над домам Якубавым давеку, і Гаспадарству Ягонаму ня будзе канца. Марыля ж сказала Ангелу: як гэта будзе, калі (я) ня ведаю мужа? І, адказваючы, Ангел сказаў ёй: Дух Сьвяты найдзе́ на цябе, і сіла Найвышэйшага ахіне цябе: вось чаму і нараджаемы Сьвяты будзе названы Сынам Бога. І вось, Альжбета, сваячка твая, і яна зачала́ сына ў старасьці сваёй, і гэта (ужо) ёй ёсьць шосты месяц, той, (якую) называюць няплоднай. Бо ў Бога ніводнае слова ня застанецца бяссільным. І сказала Марыля: вось (я) — слуга Госпада; няхай станецца мне па слову твайму. І адыйшоў ад яе Ангел. Устаўшы ж Марыля ў тыя дні борзда пайшла ў горную краіну, у места Юдзіна, і ўвайшла ў дом Захара і прывітала Альжбету. І сталася, як Альжбета ўчула прывітаньне Марылі, устрапянулася дзіцятка ў чэраве яе, і напоўнілася Альжбета Духам Сьвятым, і закрычала моцным голасам і сказала: багасла́ўлена ты між жанок, і багасла́ўлены Плод чэрава твайго. І адкуль гэта мне, што прыйшла маці Госпада майго да мяне? Бо вось, як голас вітаньня твайго дайшоў да вушэй маіх, устрапянулася вясёла дзіцятка ў чэраве маім. І шчасьліва паверыўшая, бо збудзецца сказанае ёй ад Госпада. І сказала Марыля: вяліча́е душа мая Госпада; і ўзрадаваўся дух мой у Богу Збавіцелю маім, што глянуў (Ён) на пакорлівасьць рабыні Ягонай, бо вось адгэтуль шчасьліваю называць будуць мяне ўсе роды, бо вялікае ўчыніў мне Ду́жы; і сьвятое Імя Ягонае; і міласэрнасьць Ягоная ў роды радоў для тых, што баяцца Яго. (Ён) учыніў сілу Рукою Сваёю; расьсеяў напышаных думкай сэрца іхнага; скінуў моцных з пасадаў і ўзьнёс пакорлівых, галодных насыціў дабром, а багатыроў адправіў ні з чым; падтрымаў Ізраэля, служку Ягонага, успомніў пра літасьць, як сказаў да ба́цькаў нашых, да Абрагама і насеньня ягонага давеку. Прабыла-ж Марыля зь ёю каля трох месяцаў і вярнулася ў дом свой. А Альжбеце настаў час нарадзіць, і яна нарадзіла сына. І пачулі суседзі ды сваякі ейныя, што Госпад явіў вялікую літасьць Ягоную над ёй і радаваліся зь ёю. І сталася: у восьмы дзень прыйшлі абрэзаць дзіця, і хацелі назваць яго па імені бацькі ягонага, Захарам. І, адказаўшы, маці ягоная сказала: не, але названы будзе Яанам. І сказалі ёй: нікога няма ў радні тваёй, хто завецца імем гэтым. І пыталіся знакамі ў бацькі ягонага, як бы (ён) хацеў назваць яго. І, папрасіўшы дошчачку, (ён) напісаў, загадваючы: Яан ёсьць імя ягонае. І зьдзівіліся ўсе. У той жа час расчыніліся вусны ягоныя і язык ягоны, і (ён) стаў гаварыць, багаслаўляючы Бога. І напаў страх на ўсіх жыву́чых вакол іх; і па ўсёй горнай краіне Юдэйскай расказавалі (пра) усе гэтыя падзеі. І ўсе, хто пачуў, склалі (гэта) у сэрцы сваім, кажучы: «Кім жа будзе дзіця гэтае?» І Рука Госпада была зь ім. І Захар, бацька ягоны, быў напоўнены Духам Сьвятым і прарочыў, кажучы: «Багаславен Госпад Бог Ізраэляў таму, што наведаў і ўчыніў збаўленьне народу Ягонаму. І ўзьняў Рог збаўленьня нам у доме Давідавым, слугі Ягонага, як абвясьціў праз вусны былых ад веку сьвятых прарокаў Сваіх, збаўленьне ад ворагаў нашых і ад рукі ўсіх нянавідзячых нас; учыніць літасьць ба́цькам нашым і ўспомніць Запавет Свой сьвяты, прысягу, якой прысягаўся Абрагаму, ба́цьку нашаму: даць нам бяз страху, збавіўшы ад рукі ворагаў нашых, служыць Яму у сьвятасьці і праведнасьці перад Ім усе дні жыцьця нашага. І ты, дзіця, прарокам Найвышэйшага названы будзеш; бо (ты) будзеш ісьці перад Абліччам Госпада, (каб) падрыхтаваць шляхі Яму; даць веданьне збаўленьня народу Ягонаму ў дараваньні грахоў іхных па прычыне сардэчнай літасьці Бога нашага, у каторай адведаў нас Усход з вышынí, (каб) прасьвяціць тых, што сядзяць у цемры і цяню сьмяротным, накіраваць ногі нашыя на дарогу міру». А дзіця даро́сьлела і ўмацоўвалася духам, і было ў пустэльнях аж да дня зьяўленьня свайго Ізраэлю.

І сталася ў тыя дні: выйшаў загад ад кесара Аўгуста зрабіць перапіс па ўсёй зямлі. Гэта быў першы перапіс, калі ў Сірыі гаспадарыў Кірынэй. І ўсе ішлі запісвацца, кожны ў сваё места. Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі зь места Назарэту ў Юдэю, у места Давідавае, званае Бэтляем, бо ён быў з дому і роду Давідавага, запісацца з Марыляй, заручанай зь ім жонкай, якая была цяжарная. І сталася: калі яны былі там, споўніліся дні радзіць ёй; і нарадзіла Сына свайго Першынца і спавіла Яго і паклала Яго ў ясьлі, бо ня было ім мейсца ў заезьдзе. І ў той мясцовасьці былі пастухі ў полі, якія старажавалі ў начы, ахоўваючы свой статак. І вось зьявіўся ім Ангел Госпада, і слава Госпадава асьвяціла іх; і спалохаліся страхам вялікім. І сказаў ім Ангел: ня бойцеся! Бо вось абвяшчаю вам вялікую радасьць, якая будзе ўсяму народу; бо сягоньня нарадзіўся вам у месту Давідавым Збавіцель, Каторы ёсьць Хрыстос Госпад; і такі вам знак: знойдзеце Дзіця спавітае, ляжачае ў ясьлях. І раптам зьявілася з Ангелам шматлікае войска Нябеснае, славячых Бога і гаворачых: Слава Богу ў вышэйшых нябёсах, і на зямлі мір, у людзях добрая воля. І сталася: калі адыйшлі ад іх Ангелы на неба, і тады людзі-пастухі сказалі адзін аднаму: пойдзем у Бэтляем і паглядзім тую падзею, якая адбылася, пра якую абвясьціў нам Госпад, і пасьпешна прыйшлі і знайшлі Марылю і Язэпа, і Дзіцятка, што ляжыць у ясьлях. Убачыўшы ж абвясьцілі пра слова, якое было сказана ім пра гэтае Дзіця. І ўсе, хто пачуў зьдзівіліся з таго, што расказалі ім пастухі. А Марыля захоўвала ўсе словы гэтыя, складаючы ў сэрцы сваім. І вярнуліся пастухі, славячы і выхваляючы Бога за ўсё, што пачулі і ўбачылі, як было сказана ім. І калі споўнілася восем дзён, (каб) абрэзаць Дзіця, і далі Яму Імя Ісус, названае Ангелам перш зачацьця Яго ў чэраве. А калі споўніліся дні ачышчэньня яе па Закону Масеяваму, прынесьлі Яго ў Ярузалім, (каб) прадставіць (Яго) Госпаду, як напісана ў Законе Госпада: (каб) кожная істота мужчынскага полу, раскрываючая чэрава, «сьвятое Госпаду» названа будзе (Вых. 13:2), і прынесьці ахвяру паводля сказанага ў Законе Госпада, дзьве гарліцы або дваіх птушанят галубіных. І вось быў у Ярузаліме чалавек, імя якому Сымон. І чалавек гэты, праведны і пабожны, ён чакаў суцяшэньня Ізраэлявага, і Дух Сьвяты быў на ім. І было яму прадвешчана ад Духа Сьвятога, (што ён) ня ўбачыць сьмерці, пакуль ня ўбачыць Хрыста Госпадавага. І прыйшоў (ён) у Духу ў Сьвятыню. І калі бацькі прынесьлі Дзіця Ісуса, (каб) ім выканаць над Ім паводля прадпісанага Законам, і ён узяў Яго на свае рукі і багаславіў Бога і сказаў: цяпер адпускаеш раба Твайго, Уладару, паводля Слова Твайго, у міру, бо ўбачылі вочы мае збаўленьне Тваё, каторае Ты ўгатаваў перад абліччам усіх народаў, Сьвятло для асьветы паганаў і Славу народу Твайго Ізраэля. Язэп жа і маці Ягоная дзівіліся ад таго, што сказана пра Яго. І багаславіў іх Сымон і сказаў Марылі, маці Ягонай: вось, Ён ляжыць на ўпадак і паўстаньне многіх у Ізраэлю, і на знак, (якому) працівіцца будуць, і табе самой душу́ пратне меч, каб адкрыліся помыслы многіх сэрцаў. І была Ганна прарочыца, дачка Хвануілава, з калена Асіравага. Яна (была) састарэлай у днях многіх, пражыўшая з мужам сем гадоў ад дзявоцтва свайго. І яна, удава гадоў каля васьмідзясяці чатырох, якая ня адыходзіла ад Сьвятыні, постам ды малітваю служачы Богу дзень і ноч. І яна (у) той час падыйшоўшы славіла Госпада і гаварыла пра Яго ўсім, што чакаюць збаўленьня ў Ярузаліме. І калі (яны) споўнілі ўсё паводля Закону Госпада, вярнуліся ў Галілею, у места іхнае Назарэт. Дзіця ж узрастала і ўзмацоўвалася духам, напаўняемы мудрасьцю; і Багадаць Боская была на Ім. І хадзілі бацькí Ягоныя кожны год у Ярузалім на сьвята Пасхі. І калі (Яму) было дванаццаць гадоў, прыйшлі яны ў Ярузалім паводля звычаю сьвята. І (калі) споўніліся тыя дні (сьвята), і калі яны вярталіся, застаўся падлетак Ісус у Ярузаліме, і ня заўважыў (таго) Язэп і маці Ягоная. Мяркуючы ж, (што) Ён знаходзіцца з (другімі) спадарожнікамі, прайшлі дзённы шлях і пача́лі шукаць Яго паміж родзічамі і паміж знаёмымі. І, ня знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ярузалім, шукаючы Яго. І сталася, цераз тры дні знайшлі Яго ў Сьвятыні, се́дзячы пасярод настаўнікаў і слухаючы іх, і пытаючыся іх. І дзівіліся ўсе, слухаючыя Яго, розуму і адказам Ягоным. І ўбачыўшы Яго зьдзівіліся; і сказала Яму маці Ягоная: Дзіця! Чаму Ты зрабіў нам так? Вось ба́цька Твой і я пакутуючы шукалі Цябе. І (Ён) сказаў ім: навошта (вы) шукалі Мяне? ці (вы) ня ведалі, што Мне трэба знаходзіцца ў тым, што належыць Ба́цьку Майму? Але яны ня зразумелі слова, якое (Ён) сказаў ім. І (Ён) пайшоў зь імі і прыйшоў у Назарэт і быў паслухмяны ім. І маці Ягоная захоўвала ўсе словы гэтыя ў сэрцы сваім. А Ісус узрастаў у мудрасьці і ўзросьце, і ў любві ў Бога і ў людзей.

У пятнаццаты ж год гаспадараньня Тыбэрыя кесара (і) гаспадаруючага Понція Пілата (у) Юдэі, і зьяўляючагася чацьвертаўладнікам Галілеі — Гірада, Піліпа ж, брата ягонага — зьяўляючагася чацьвертаўладнікам Ітурэі і Траханіцкай краіны, і Лісанія зьяўляючагася чацьвертаўладнікам (у) Абілінэі; пры архірэях Ганьне і Каяхве было Слова Божае да Яана, Захаравага сына, у пустэльні. І (ён) прайшоў па ўсёй ваколіцы Ярдану, абвяшчаючы хрышчэньне пакаяньня дзеля дараваньня грахоў, як напісана ў кнізе слоў Гісаі прарока, які кажа: голас крычачага ў пустэльні: прыгатуйце шлях Госпада, простымі зрабіце сьцежкі Яму; кожны дол няхай напоўніцца, і кожная гара і ўзгорак няхай панізіцца, і крывулі стануць простымі, і няроўныя дарогі (стануць) гладкімі; і ўбачыць кожнае цела збаўленьне Божае. І вось казаў (ён) людзям, якія прыходзілі хрысьціцца ад яго: спародзьзе яхідзінавае! хто нахіліў вас уцякаць ад надыходзячага гневу? Зрабіце ж плады годныя пакаяньня, і ня думайце гаварыць самі сабе: ба́цьку маем Абрагама, бо кажу вам, што Бог можа з каменьняў гэтых стварыць дзяцей Абрагаму. Бо ўжо і сякера каля караня дрэваў ляжыць; усякае дрэва, якое плоду добрага ня прыносіць, сьсякаецца й кіда́ецца ў вагонь. І пыталіся ў яго людзі, кажучы: што ж (нам) рабіць? Адказаўшы ж (ён) ім гаворыць: хто мае дзьве адзежыны, той няхай дасьць таму, хто ня мае, і, хто мае ежу, няхай робіць гэтаксама. Прыйшлі ж і мытнікі ахрысьціцца і сказалі яму: настаўнік! што на́м рабіць? Ён жа адказаў ім: нічога большага за загаданае вам ня спаганяйце. Пыталіся ў яго таксама і жаўнеры, кажучы: а нам што рабіць? І сказаў ім: ні ў ко́га ня вымагайце грошы і ня паклёпнічайце, і будзьце задаволены сваёй платай. Калі ж народ мучыўся думкай, і разважалі ўсе ў сэрцах сваіх пра Яана, ці ня Хрыстос ён, адказаў Яан усім, кажучы: я сапраўды хрышчу вас вадою. Але ідзе Дужэйшы за мяне, у Якога я ня варты разьвязаць рамень абутку Ягонага; Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і агнём; і гархва Ягоная ў Руцэ Ягонай, і (Ён) ачысьціць гумно Сваё і зьбярэ пшаніцу ў сьвіран Свой, а мяккіну спаліць агнём няпагасным. І вось, і многае другое, навучаючы, дабравесьціў (ён) народу. Гірад жа чацьвертаўладнік, дакараны ім за Гірадзіяду, жонку брата ягонага Піліпа, і за ўсё, што Гірад зрабіў благога, дадаў да ўсяго і тое, што пасадзіў Яана ў вязьніцу. І сталася, як хрысьціўся ўвесь народ, і Ісус ахрысьціўшыся маліўся, адчынілася неба, і зыйшоў на Яго Дух Сьвяты ў цялесным выглядзе, як галуб, і быў голас зь неба, ка́жучы: Ты Сын Мой улюблены, Цябе (Я) упадабаў! І Сам Ісус быў гадоў каля трыццаці, пачынаючы (Сваё служэньне), і быў, як думалі, Сын Язэпаў, Íліяў, Маттатаў, Ле́віяў, Ме́льхіяў, Яанаў, Язэпаў, Маттаціяў, Амо́саў, Навумаў, Ясьлімаў, Нагеяў, Маатаў, Маттаціяў, Самеяў, Язэпаў, Юдаў, Яананаў, Рысаяў, Зараба́бэляў, Салятыілаў, Нірыяў, Мэльхіяў, Адзіяў, Касамаў, Ялмадамаў, Іраў, Ясіяў, Яліязэраў, Іярымаў, Маттатаў, Ле́віяў, Сымонаў, Юдаў, Язэпаў, Яананаў, Яліякімаў, Мэлеаяў, Маінанаў, Маттатаяў, Натанаў, Давідаў, Ясеяў, Абідаў, Баозаў, Салмонаў, Наасонаў, Амінадабаў, Арамаў, Ясромаў, Хварэсаў, Юдаў, Якубаў, Ісагакаў, Абрагамаў, Тараў, Нахораў, Сэрухаў, Рагабаў, Хвалекаў, Ябераў, Салаў, Каінанаў, Архваксадаў, Сэмаў, Нояў, Ламехаў, Матусалаў, Янохаў, Ярэдаў, Малеляіляў, Каінанаў, Яносаў, Сэтаў, Адамаў, Божы.

Ісус жа поўны Духа Сьвятога вярнуўся ад Ярдану, і паведзены быў Духам у пустэльню; (дзе Ён) сорак дзён быў спакуша́ны ад д’ябла і нічога ня зьеў у гэныя дні; а як яны скончыліся, урэшце захацеў есьці; І сказаў Яму д’ябал: калі Ты Сын Божы, скажы гэтаму камню, каб стаў хлебам. І сказаў Ісус яму, кажучы: напісана, што «ня хлебам адным будзе жыць чалавек, але ўсякім Словам Божым». (Другазак. 8:3) І, узьвёўшы Яго на высокую гару, д’ябал паказаў Яму ўсе гаспадарствы сусьвету ў імгненьне часу, і сказаў Яму д’ябал: Табе дам усю ўладу гэтую і славу іхную, бо (яна) мне аддадзена, і я, калі каму хачу, даю яе; І вось калі Ты паклонішся перада мною, усё будзе Тваё. І сказаў яму Ісус, адказаўшы: адыйдзі ад Мяне, шатан; бо напісана: Госпаду Богу твайму кланяйся і Яму аднаму служы (Другазак. 6:13). І павёў Яго ў Ярузалім, і паставіў Яго на крыле Сьвятыні, і сказаў Яму: калі Ты Сын Божы, кінься адгэтуль уніз; бо напісана: «Ангелам Сваім накажа пра Цябе зьберагчы Цябе»; і таксама: «на руках панясуць Цябе, каб (Ты) ня выцяўся аб камень Нагою Тваёю» (Пс. 91:11−12). І, адказаўшы, Ісус сказаў яму: сказана: ня спакушай Госпада, Бога Твайго (Другазак. 6:16). І, скончыўшы ўсё спакушэньне, д’ябал адыйшоў ад Яго да пэўнага часу. І вярнуўся Ісус у сіле Духа ў Галілею, і разыйшлася чутка пра Яго па ўсім навакольлі. І Ён вучыў у сынагогах іхных, праслаўляемы ўсімі. І прыйшоў у Назарэт, дзе быў узгадаваны, і ўвайшоў, па звычаю Свайму, у дзень суботні ў сынагогу, і ўстаў чытаць. І пада́лі Яму скрутак Гісаі прарока; і, разгарнуўшы скрутак, (Ён) знайшоў мейсца, дзе было напісана: «Дух Госпадаў на Мне, бо (Ён) памазаў Мяне дабравесьціць убогім, паслаў Мяне аздаравіць скрушаных у сэрцы, абвясьціць палонным вызваленьне, і сьляпым відушчасьць, адпусьціць спаку́таваных на волю, абвясьціць год Госпадавы спрыяльны». (Гісая 61:1−2). І, згарнуўшы скрутак, аддаўшы служцы, сеў; і вочы ўсіх у сынагозе былі зьвернуты на Яго. І (Ён) пачаў гаварыць ім: сёньня споўнілася Пісаньне гэтае ў вушах вашых. І ўсе засьведчылі Яму (гэтае) і дзівіліся прыемным словам, якія выходзілі з Вуснаў Ягоных, і гаварылі: ці ня Язэпаў Ён Сын? (Ён) жа сказаў ім: (вы), ведама, ска́жаце Мне прыказку гэтую: лекару, вылячы самога сябе; зрабі і тут, у Тваёй бацькаўшчыне тое, што (мы) пачулі было ў Капэрнавуме. І сказаў: праўду кажу вам: ніводзін прарок ня прыймаецца ў бацькаўшчыне ягонай. Па праўдзе кажу вам: многа ўдоваў было ў Ізраэлю ў дні Ільлі, калі было зачынена неба тры гады і шэсьць месяцаў, так што настаў вялікі голад па ўсёй зямлі; і ні да воднай зь іх ня быў пасланы Ільля, але толькі да жанчыны ўдавы ў Сарэпту Сідонскую. І шмат было пракажоных у Ізраэлю пры прароку Ялісею, і ніводзін зь іх ня быў ачышчаны, апрача Нэемана сірыйца. Чуючы гэтае ўсе ў сынагозе напоўніліся лютасьцю; і, падняўшыся, выгналі Яго прэч зь места, і прывялі Яго на вяршыню гары, на якой было пабудавана места іхнае, каб ськінуць Яго. Ён жа, прайшоўшы паміж імі, пайшоў. І спусьціўся ў Капэрнавум, места Галілейскае, і вучыў іх у суботы. І дзівіліся з вучэньня Ягонага, бо з уладаю было Слова Ягонае. І быў у сынагозе чалавек, маючы нячыстага духа дэманскага, і (ён) закрычаў моцным голасам, кажучы: Ага! што нам і Табе, Ісус Назаранін? (Ты) прыйшоў загубіць нас; ведаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы. Але Ісус забараніў яму, кажучы: змоўкні і выйдзі зь яго. І дэман, кінуўшы яго на сярэдзіну, выйшаў зь яго ніколькі ня пашкодзіўшы яму. І жах ахапіў усіх, і разважалі між сабою: што гэта за слова (такое), што ўладаю і сілаю (Ён) загадвае духам нячыстым, і (яны) выходзяць? І разнеслася чутка пра Яго па ўсіх навакольных мясцох. Выйшаўшы ж із сынагогі, (Ён) увайшоў у дом Сымона; цешча ж Сымонавая была ахоплена моцнай гарачкай; і папрасілі Яго за яе. І стаўшы над ёю, забараніў гарачцы; і пакінула яе. Зараз жа, устаўшы, (яна) прыслугоўвала ім. Пры захадзе сонца ўсе, хто мелі хворых на розныя хваробы, прывялі іх да Яго; і Ён, усклаўшы рукі на кожнага зь іх, аздаравіў іх. Выганяў таксама і дэманаў з многіх, якія крычалі і казалі: Ты Хрыстос, Сын Божы. І, забараняючы, ня дазваляў ім гаварыць, што яны ведаюць, што Ён Хрыстос. А як настаў дзень, (Ён) выйшаўшы (з дому) адправіўся ў пустэльнае мейсца; і людзі шукалі Яго, і прыйшлі да Яго, і затрымлівалі Яго, каб ня адыходзіў ад іх. Але Ён сказаў ім: і астатнім местам належыць Мне абвяшчаць Добрую Вестку аб Гаспадарстве Божым, бо на тое (Я) пасланы. І навучаў у сынагогах Галілейскіх.

І сталася: як народ ціснуўся да Яго, каб пачуць Слова Божае, а Ён стаяў ля возера Генісарэцкага, і ўбачыў (Ён) два чаўны, што стаялі на возеры, а рыбаловы, выйшаўшы зь іх, прамывалі сеткі. І ўвайшоўшы ў адзін човен, што быў Сымонаў, (Ён) папрасіў яго адплысьці крыху ад берагу і, сеўшы, вучыў народ з чаўна. А калі скончыў гаварыць, сказаў Сымону: адплыві на глыбіню, і закіньце сеткі вашыя дзеля лову. І, адказаўшы, сказаў Сымон Яму: Настаўнік! Усю ноч працаваўшы (мы) нічога ня злавілі, але па Слову Твайму закіну сетку. І, зрабіўшы гэтае, (яны) злавілі вялікае мноства рыбы, і нават сетка ў іх прарывалася. І далі знак сябрам, што былі ў другім чаўне, каб прыплыўшы, памагчы ім; і прыплылі і напоўнілі абодва чаўны, так што яны пачыналі тануць. Убачыўшы ж (гэтае) Сымон Пётра прыпаў да Каленяў Ісусавых, кажучы: выйдзі ад мяне, Госпадзе! Бо я чалавек грэшны. Бо жах апанаваў яго і ўсіх, хто (быў) зь ім, ад гэткага ўлову рыбы, (што) злавілі; таксама і Якуба і Яана, сыноў Завядзеявых, якія былі супольнікамі Сымона. І сказаў Сымону Ісус: ня бойся, ад цяпер будзеш лаўцом чалавекаў. І, выцягнуўшы чаўны на бераг, пакінуўшы ўсё, пайшлі за Ім. І сталася быць Яму ў адным (з) местаў, і вось мужчына ўвесь у праказе; і, убачыўшы Ісуса, упаўшы абліччам (да зямлі), маліў Яго, кажучы: Госпадзе, калі хо́чаш, можаш мяне ачысьціць. І, працягнуўшы Руку, (Ён) дакрануўся яго, сказаўшы: хачу, ачысьціся, і адразу праказа зыйшла зь яго. І Ён загадаў яму нікому ня расказаваць, але: пайшоўшы, пакажы сябе сьвятару і прынясі (ахвяру) за ачышчэньне сваё, як загадаў Масей дзеля сьведчаньня ім. Але ўсё болей разыходзілася чутка пра Яго, і сходзілася многа народу слухаць і аздараўляцца ў Яго ад хворасьцяў сваіх. Але Ён адыходзіў у пустэльныя (мейсцы) і маліўся. І сталася: аднаго дня Ён навучаў, і сядзелі (там) хварысэі і законавучыцелі, якія прыйшлі з усіх вёсак Галілеі і Юдэі, і Ярузаліму; і сіла Госпадава была дзеля аздараўленьня іх. І вось мужчыны нясуць на пасьцелі чалавека, які быў спаралізаваны, і стараліся яго ўнесьці (у дом) і палажыць перад Ім. І ня знайшоўшы, як пранесьці яго па прычыне натоўпу, узьлезшы на дах, і (разабраўшы) чарапіцу спусьцілі яго з пасьцельлю на сярэдзіну перад Ісусам. І (Ён), убачыўшы веру іхную, сказаў яму: чалавеча, дарованы табе грахі твае. І пача́лі разважаць кніжнікі і хварысэі, кажучы: «Хто ёсьць Гэты, Каторы гаворыць блюзьнерства, хто можа дараваць грахі, акрамя як адзін Бог?» Ісус жа, пазнаўшы думкі іхныя, адказаўшы, сказаў ім: што (вы) думаеце ў сэрцах вашых? Што лягчэй сказаць: «дарованы табе грахі твае, альбо сказаць: устань і хадзі?» Але каб (вы) ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, — (Ён) сказаў спаралізаванаму: табе кажу: устань, вазьмі пасьцель тваю і ідзі ў дом твой. І зараз жа, устаўшы перад імі, узяў на чым ляжаў, пайшоў у дом свой, славячы Бога. І дрыготка апанавала ўсіх, і славілі Бога, і былі ахопленыя страхам, кажучы: «дзіўныя дзеі ўбачылі (мы) сёньня». І пасьля гэтага (Ісус) выйшаў і ўбачыў мытніка імем Левій седзячы на мытніцы і сказаў яму: ідзі за Мною. І (ён), пакінуўшы ўсё, устаўшы пайшоў за Ім. І зрабіў Левій вялікі ўрачысты пачастунак Яму ў доме сваім; і была (там) вялікая грамада мытнікаў і іншых, якія зь імі частаваліся. І наракалі кніжнікі іхныя і хварысэі на вучняў Ягоных, кажучы: навошта (вы) з мытнікамі і грэшнікамі ясьце і п’яце? І, адказаўшы, Ісус сказаў ім: ня здаровыя маюць патрэбу ў лекару, але хворыя, (Я) прыйшоў заклікаць ня праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяньня. Яны ж сказалі Яму: чаму вучні Яанавыя посьцяць часта і твораць малітвы, гэтаксама і хварысэйскія, а Твае ядуць і п’юць? Ён жа сказаў ім: ці можаце (вы) прымусіць пасьціць сыноў харому вясельнага, калі зь імі Малады? Але прыйдуць дні, калі будзе ўзяты ад іх Малады, тады будуць пасьціць у тыя дні. Казаў жа ім і прыповесьць: ніхто ня прышывае латкі ад адзежыны новай да адзежыны старой; інакш і новае разьдзірае і да старой (адзежыны) ня падходзіць латка ад (адзежыны) новай. І ніхто ня ўлівае віно маладое ў мяхі старыя, інакш маладое віно прарве мяхі, і само выцяча, і мяхі прападуць; але віно маладое трэба ўліваць у мяхі новыя: і тады захоўваюцца тое і другое. І ніхто, выпіўшы старое (віно), ня захоча адразу маладога (віна), бо кажа: старое (віно) лепшае.

Здарылася ж у суботу другуюпершую праходзіць Яму цераз пасевы, і зрывалі вучні Ягоныя каласы і елі, расьціраючы рукамі. Нікаторыя ж з хварысэяў сказалі ім: чаму вы робіце тое, што ня дазволена рабіць у суботы? І адказаўшы ім сказаў Ісус: хіба (вы) гэтага ня чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся ён і быўшыя разам зь ім? Як (ён) увайшоў у Дом Божы і ўзяў хлябы перадвыстаўленьня, і зьеў, і даў таксама тым, (што былі) разам зь ім (есьці) тое, што ня дазволена есьці, апрача адных сьвятароў? І казаў ім: Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы. Давялося ж Яму і ў другую суботу ўвайсьці ў сынагогу і навучаць. І быў там чалавек, і правая рука ягоная была сухая. Цікавалі ж за Ім кніжнікі і хварысэі, ці ня аздаровіць (Ён) у суботу, каб знайсьці абвінавачаньне (супраць) Яго. Ён жа ўбачыў помыслы іхныя і сказаў чалавеку, які меў сухую руку: устань і выйдзі на сярэдзіну. Ён жа, устаўшы, выйшаў. Тады сказаў ім Ісус: спытаюся (Я) у вас: што дазволена (рабіць) па суботах — дабро рабіць, ці зло рабіць? Душу выратаваць, ці загубіць? (Яны ж маўчалі). І, паглядзеўшы на ўсіх іх, сказаў таму чалавеку: выцягні руку́ тваю. І ён зрабіў так. І сталася рука ягоная здаровая, як другая. Яны ж апанаваліся шаленствам і гаварылі між сабою: што б ім зрабіць Ісусу. Сталася ж у тыя дні: узыйшоў (Ён) на гару памаліцца і быў усю ноч на малітве да Бога. І калі настаў дзень паклікаў вучняў Сваіх і выбраў зь іх дванаццаць, каторых і назваў Апосталамі: Сымона, каторага і назваў Пятром, і Андрэя, брата ягонага, Якуба і Яана, Піліпа і Барталамея, Мацьвея і Хаму, Якуба Алхвеявага, і Сымона, называнага Зілотам, Юду Якубавага і Юду Іскарыёта, каторы і стаўся здраднікам. І, зыйшоўшы разам зь імі, стаў на роўным мейсцы, і мноства вучняў Ягоных, і вялікае мноства народу з усяе Юдэі і Ярузаліму і прыморскіх мейсцаў Тыру і Сідону, каторыя прыйшлі паслухаць Яго і аздаравіцца ад хворасьцяў сваіх; таксама мучымыя духамі нячыстымі, і былі аздараўляемы. І ўвесь народ імкнуўся дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыходзіла сіла і аздараўляла ўсіх. І Ён, падняўшы Вочы Свае на вучняў Сваіх, гаварыў: шчасьлівыя ўбогія (духам), бо вашае ёсьць Гаспадарства Божае. Шчасьлівыя галодныя цяпер, бо будзеце насычаны, шчасьлівыя, хто плача цяпер, таму што будзеце сьмяяцца. Шчасьлівыя вы, калі зьнянавідзяць вас людзі і калі адлучаць вас і зганьбяць (вас), і выкінуць імя вашае, як зло, за Сына Чалавечага. Радуйцеся ў той дзень і весяліцеся, бо вось узнагарода вашая вялікая на небе, таму што гэтак рабілі прарокам ба́цькі іхныя. Але гора вам, багатыры! Бо (вы ўжо) атрымліваеце задавальненьне вашае. Гора вам перасычаныя, бо будзеце цярпець голад. Гора вам, хто сьмяецца цяпер, бо заплачаце і зарыдаеце. Гора вам, калі ўсе людзі будуць гаварыць пра вас добра, бо гэтак рабілі з хвальшывымі прарокамі ба́цькі іхныя. Але вам, хто слухае, кажу: любеце ворагаў вашых, чынеце дабро нянавідзячым вас. Багаслаўце праклінаючых вас і малецеся за крыўдзячых вас. Таму, хто б’е цябе па шчацэ, падстаў і другую; а таму, хто забірае ў цябе верхнюю вопратку, ня перашкаджай узяць і кашулю. Кожнаму ж, хто просіць у цябе, дай; і ў таго, хто забірае тваё, ня патрабуй назад. І як (вы) хочаце, каб рабілі вам людзі, так і вы ім рабіце. І калі (вы) любіце тых, хто любіць вас, якая вам (за гэта) падзяка? Бо і грэшнікі любяць тых, хто іх любіць. І калі робіце дабро тым, хто вам робіць дабро, якая вам (за гэта) падзяка? Бо і грэшнікі тое самае робяць. І калі пазычаеце тым, ад каторых спадзяецёся дастаць назад, якая вам (за тое) удзячнасьць? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб гэтулькі (ж) дастаць назад. Але вы любеце ворагаў вашых, і рабеце дабро, і пазычайце, ня чакаючы нічога; і будзе ўзнагарода вашая вялікая, і будзеце сынамі Найвышэйшага, бо Ён добры і да няўдзячных і злых. Дык будзьце міласэрныя, як і Бацька ваш (Нябесны) міласэрны. І ня судзіце, і (вас) ня асудзяць; і ня асуджайце, і ня будзеце засуджанымі; дароўвайце, і дараваныя будзеце; давайце, і вам будзе дадзена: мерай добрай, утрэсенай і націсьненай і з коптарам насыплюць вам у прыпол, бо якою мераю мераеце, такою і вам адмераецца. Сказаў таксама ім прыповесьць: ці можа сьляпы вадзіць сьляпога? ці ня абодва ўваляцца ў яму? Вучань ня вышэйшы за настаўніка свайго, удасканаліўшыся ж кожны будзе як настаўнік ягоны. Што ж (ты) разглядаеш парушынку ў воку брата твайго, бервяна ж у ўласным воку ня заўважаеш? Альбо як можаш казаць брату твайму: браце, дай (я) выму парушынку, што ў воку тваім, сам (жа) у воку тваім бервяна ня заўважаеш? Крывадушнік, вымі сьпярша бервяно з вока твайго, і тады добра ўбачыш, (як) вынуць парушынку, што ў воку брата твайго. Бо няма дрэва добрага, якое прыносіць плод благі, таксама няма дрэва благога, якое прыносіць плод добры. Бо ўсякае дрэва пазнаецца па сваім плодзе; бо ня зьбіраюць смокваў зь цярноўнікаў, і ня зьнімаюць вінаград з калючага куста. Добры чалавек із добрага скарбу сэрца свайго выносіць добрае, а злы чалавек са злога скарбу сэрца свайго выносіць злое, бо ад перапоўненасьці сэрца гавораць вусны ягоныя. Што ж (вы) называеце Мяне: Госпадзе, Госпадзе, і ня выконваеце таго, што (Я) кажу? Кожны, хто прыходзіць да Мяне і слухае Словы Мае і таксама выконвае іх, пакажу вам, каму ён падобны. Ён падобны да чалавека, будуючага дом, які выкапаў і паглыбіўся, і заклаў падмурак на камені; (калі) ж здарылася паводка (і) плынь наперла на гэны дом, і ня здолела скрануць яго, бо (ён) быў заснаваны на камені, а хто пачуў і ня выпаўніў, той падобны да чалавека, які пабудаваў дом на зямлі бяз падмурку, на які наперла плынь, і (ён) адразу абваліўся, і было разбурэньне дома таго вялікае.

Калі ж скончыў (Ён) усе Словы Свае ў вушы народу, (Ён) увайшоў у Капэрнавум. У аднаго ж сотніка раб, якім ён даражыў, быў хворы пры сьмерці. Пачуўшы ж пра Ісуса, (ён) паслаў да Яго юдэйскіх старэйшынаў просячы Яго, каб прыйшоўшы аздаравіў раба ягонага. Яны ж прыйшоўшы да Ісуса прасілі Яго вельмі, кажучы: ён варты, каб яму гэта было зроблена, бо (ён) любіць народ наш і ён збудаваў нам сынагогу. Дык Ісус пайшоў зь імі. І ўжо Ён знаходзіўся нідалёка ад дому. Сотнік паслаў да Яго сяброў, кажучы Яму: Госпадзе, ня турбуйся, бо я ня варты, каб (Ты) увайшоў пад дах мой; таму і сябе самога (я) ня палічыў вартым прыйсьці да Цябе; але скажы слова, і выздаравее слуга мой. Таму і я, чалавек падначалены ўладзе, які мае пад сабою жаўнераў. І кажу аднаму: «пайдзі — і ідзе», і другому: «прыйдзі — і прыходзіць»; і рабу майму: «зрабі гэта — і робіць». Пачуўшы ж гэта Ісус зьдзівіўся яму і, павярнуўшыся да ішоўшага за Ім народу, сказаў: «кажу вам: нават у Ізраэлю (Я) ня знайшоў такой веры». І вярнуўшыся ў дом пасланыя знайшлі хворага раба здаровым. І сталася: пасьля гэтага пайшоў (Ісус) да места называнага Наін, і зь Ім ішлі многія вучні Ягоныя і мноства народу. Калі ж (Ён) падыйшоў да мястовае брамы, і вось (тут убачылі, што) выносілі памершага адзінага сына (ў) маткі ягонай, а яна была ўдава; і шматлікі натоўп мястовы (быў) зь ёю. І, угледзіўшы яе, Госпад зьлітаваўся над ёю і сказаў ёй: ня плач. І, падыйшоўшы, дакрануўся да насілкаў; тыя ж, што несьлі, спыніліся, і (Ён) сказаў: хлопча! табе кажу, устань! І мёртвы сеў і пачаў гаварыць; і аддаў яго (Ісус) матцы ягонай. І ахапіў усіх страх, і славілі Бога, кажучы: вялікі Прарок паўстаў сярод нас, і: наведаў Бог народ Свой. І разыйшлося слова гэтае пра Яго па ўсёй Юдэі і па ўсім навакольлі. І паведамілі Яану вучні ягоныя пра ўсе гэтыя (падзеі). І, паклікаўшы двух з вучняў сваіх, Яан паслаў (іх) да Ісуса, кажучы: ці Ты Той, Які прыходзе, ці чакаць (нам) другога? Прыйшоўшы ж да Яго гэныя мужчыны сказалі: Яан Хрысьціцель паслаў нас да Цябе спытаць: ці Ты Той, Які прыходзе, ці чакаць (нам) другога? А ў гэты час (Ён) многіх аздаравіў ад хваробаў і немачаў, і злых духаў, і многім сьляпым падараваў зрок. І, адказаўшы, Ісус сказаў ім: пайшоўшы скажыце Яану, што вы ўбачылі і пачулі: сьляпыя стаюцца відушчымі, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, мёртвыя ўваскрашаюцца, убогім абвяшчаецца Эвангельле; і шчасьлівы той, хто ня спакусіцца аба Мне! Як жа пасланцы Яанавы пайшлі, пачаў гаварыць да народу пра Яана: што глядзець хадзілі (вы) у пустэльню? трысьціну ветрам калыханую? Што ж глядзець хадзілі (вы)? Чалавека, апранутага ў мяккія вопраткі? Вось, хто ў пышныя і раскошныя вопраткі апранаецца, тыя ў валадарскіх палацах знаходзяцца. Што ж глядзець хадзілі (вы)? Прарока? Так, кажу вам, і больш за прарока. Гэты ёсьць той, пра якога напісана: вось, Я пасылаю Ангела Майго перад Абліччам Тваім, каторы прыгатуе шлях Твой перад Табою. Бо кажу вам: з народжаных жанчынамі няма ніводнага прарока большага за Яана Хрысьціцеля; але меншы ў Гаспадарстве Божым большы за яго. І ўвесь народ, што слухаў, і мытнікі прызналі справядлівасьць Бога, ахрысьціўшыся хрышчэньнем Яанавым; а хварысэі і законьнікі адкінулі волю Боскую адносна сябе, ня ахрысьціўшыся ў яго. І Госпад сказаў: да каго прыраўную людзей роду гэтага? І да каго яны падобныя? Яны падобныя да дзяцей, якія сядзяць на вуліцы і клічуць адны другіх і гавораць: (мы) ігралі вам на жалейцы, і (вы) ня скакалі; (мы) сьпявалі вам жалобныя песьні, а (вы) ня плакалі. Бо прыйшоў Яан Хрысьціцель: ні хлеба ня есьць, ні віна ня п’е, і (вы) кажаце: у ім дэман. Прыйшоў Сын Чалавечы: есьць і п’е; і (вы) кажаце: вось Чалавек, Які любіць есьці і віно піць, Сябра мытнікам і грэшнікам. І апраўдана мудрасьць усімі дзяцьмі ейнымі. Нехта з хварысэяў прасіў Яго паесьці разам зь ім, і (Ён), увайшоўшы ў дом хварысэяў, узьлёг. І вось жанчына з таго места, якая была грэшніцай, даведаўшыся, што (Ён) узьляжыць у доме хварысэя, прынесла алябастравую пасудзіну міра і стануўшы ззаду ля Ног Ягоных (і) плачучы пачала абліваць Ногі Ягоныя сьлязьмі і выцірала валасамі галавы сваёй і цалавала Ногі Ягоныя, і мазала мірам. Убачыўшы ж (гэтае) хварысэй, які запрасіў Яго, сказаў сам (у) сабе (у думцы), кажучы: калі б Ён быў Прарок, то ведаў бы, хто і якая гэта жанчына дакранаецца да Яго, бо яна грэшніца. І, адказаўшы, Ісус сказаў яму: Сымоне! (Я) маю нешта сказаць табе. Ён жа гаворыць: скажы, Настаўнік. (Ісус жа сказаў:) У аднаго пазыкадаўцы было два даўжнікі: адзін быў вінен пяцьсот дынараў, а другі пяцьдзясят; але як яны ня мелі чым вярнуць доўг, (ён) дараваў абодвум. Скажы ж, каторы зь іх больш узьлюбіць яго? Адказаўшы ж Сымон сказаў: думаю, той, катораму больш дараваў. Ён жа сказаў яму: справядліва (ты) рассудзіў. І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: бачыш (ты) гэтую жанчыну? Я ўвайшоў у дом твой, (і) ты вады на Ногі Мае ня даў; а яна сьлязьмі абліла Мне Ногі і валасамі галавы сваёй выцерла. (Ты) цалаваньня Мне ня даў, а яна з таго часу, як Я ўвайшоў, ня перастае цалаваць Мне Ногі. (Ты) Галавы Маёй алеям ня памазаў, яна ж мірам памазала Мне Ногі. А таму кажу табе: дараваныя грахі яе многія, бо (яна) узьлюбіла многа; каму ж мала даруецца, той мала любіць. А ёй сказаў: дараваны табе грахі. І тыя, што ўзьляжалі зь (Ім), пачалі гаварыць самі (у) сабе: хто Ён, што і грахі даруе? Ён жа сказаў жанчыне: вера твая ўратавала цябе; ідзі зь мірам.

І сталася пасьля: і Ён праходзіў па местах і вёсках, прапаведуючы і дабравесьцячы Гаспадарства Боскае, і дванаццаць зь Ім, і нікаторыя жанчыны, якія былі аздароўлены ад злых духаў і хваробаў; Марыля, называная Магдалінай, зь якой выйшлі сем дэманаў. І Яанна, жонка Хузы, аканома Гірадавага, і Сусанна, і многія іншыя, якія служылі Яму з маёмасьці сваёй. Калі ж сабралася мноства народу, і з (усіх) местаў жыхары зыходзіліся да Яго, (Ён) сказаў прыповесьцю: выйшаў сейбіт сеяць насеньне сваё; і калі ён сеяў, адно ўпала пры дарозе, і было патаптана, і птушкі нябесныя падзяўблі яго; а іншае ўпала на камень і, узыйшоўшы, засохла, бо ня мела вільгаці; а іншае ўпала ў церні, і вырасьлі церні і заглушылі яго; а іншае ўпала на добрую зямлю і, узыйшоўшы, прынесла плод стакротны. Сказаўшы гэтае, клікнуў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе! Вучні ж Ягоныя пыталіся ў Яго, кажучы: што значыць прыповесьць гэтая? Ён жа сказаў: вам дадзена пазнаць тайны Гаспадарства Боскага, а астатнім — у прыповесьцях, так што (яны) бачучы, ня бачаць, і чуючы ня разумеюць. Вось што значыць прыповесьць гэтая: семя ёсьць Слова Боскае. А што ля дарогі, гэта тыя, што слухаюць, (але) пасьля прыходзіць д’ябал і забірае Слова з сэрца іхнага, каб ня паверылі і ня былі выратаваныя; а (упала) на камень — гэта тыя, што калі пачулі Слова дык з радасьцяй прыймаюць, ды ня маюць караня, і часова вераць, а ў час выпрабаваньня адпадаюць; а што ўпала ў церні — гэта тыя, што пачулі, але турботамі, багацьцем і ўцехамі жыцьця, адыходзячы, заглушаюцца і ня даюць плёну. Тыя ж (што пасеяны) на добрай зямлі — гэта тыя, што, пачуўшы Слова, захоўваюць у добрым і чыстым сэрцы і даюць плён у цярплівасьці. Ніхто, запаліўшы сьветач, ня прыкрывае яго судзінаю, або ня ставіць пад ложак, але ставіць на падстаўку пад сьветач, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі сьвятло. Бо няма нічога таемнага, што б ня выявілася, ні ўкрытага, што б ня сталася вядомым і ня выйшла б вонкі. Назірайце ж (за тым), як (вы) слухаеце: бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што ён думае мець. І прыйшлі да Яго маці і браты Ягоныя, і ня маглі даступіцца да Яго з-за натоўпу. І паведамíлі Яму, кажучы: маці Твая і браты Твае стаяць на дварэ, жадаючы Цябе бачыць. Ён жа, адказаўшы, сказаў ім: маці Мая і браты Мае — гэта тыя, што слухаюць Слова Боскае і выпаўняюць Яго. І сталася ў адзін з тых дзён: Ён увайшоў у човен з вучнямі Сваімі і сказаў ім: пераплывём на той бок возера. І адплылі. Калі ж яны плылі, (Ён) заснуў. На возеры падняўся бурны вецер, і залівала іх, і былі (яны) у небясьпецы. І, падыйшоўшы, разбудзілі Яго, кажучы: Настаўнік! Настаўнік! (мы) гінем. Але Ён, устаўшы, забараніў ветру і хваляваньню вады; і супакоіліся, і сталася ціша. Тады (Ён) сказаў ім: дзе вера вашая? спалохаўшыся ж, (яны) зьдзівіліся, гаворачы між сабою: Хто (ж) тады Ён ёсьць, што і вятрам загадвае і вадзе, і слухаюцца Яго? І прыплылі ў зямлю Гадарынскую, што насупраць Галілеі. (Калі) ж Ён выйшаў на бераг, спаткаў Яго нейкі мужчына зь места, які меў дэманаў з даўных часоў, і адзеньня ня апранаў, і ў доме ня жыў, але ў магілах. Угледзіўшы ж Ісуса, і, закрычаўшы, паваліўся перад Ім і моцным голасам сказаў: што Табе да мяне, Ісус, Сын Бога Найвышэйшага? Малю Цябе, ня муч мяне. Бо (Ісус) загадаў нячыстаму духу выйсьці з гэтага чалавека; бо (ён) доўгі час ухапляваў яго; і зьвязвалі яго ланцугамі і кандаламі; і старажылі (яго), але разрываючы вязі (ён) быў гнаны дэманам у пустэльні. І спытаў яго Ісус, кажучы: як імя тваё? Ён жа сказаў: легіён, таму што шмат дэманаў увайшло ў яго. І маліў Яго, каб ня загадаў ім ісьці ў бяздоньне. Там жа на гарэ пасьвіўся шматлікі гурт сьвіньняў; і (дэманы) малілі Яго, каб дазволіў ім увайсьці ў іх; і дазволіў ім. І дэманы, выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў сьвіньняў. І кінуўся гурт з кручы ў возера і патануў. Пастухі ж, убачыўшы, што здарылася, уцяклі і, пайшоўшы, расказалі ў месту і сёлах. (Людзі) ж выйшлі пабачыць, што сталася, і прыйшлі да Ісуса і знайшлі чалавека, з каторага выйшлі дэманы, седзячы ля Ног Ісусавых, апранутага і пры розуме, і перапалохаліся. А тыя, што ўбачылі, расказалі ім як быў выратаваны апанаваны дэманамі. І ўпрасіў Яго ўвесь народ Гадарынскага краю адыйсьці ад іх, бо страх вялікі абдымаў іх. Ён жа, увайшоўшы ў човен, вярнуўся. Мужчына ж, зь якога выйшлі дэманы, прасіў Яго, каб быць разам зь Ім, але Ісус адправіў яго, кажучы: вярніся ў дом твой і раскажы, што зрабіў табе Бог. І (ён) пайшоў, абвяшчаючы па ўсім месту, што зрабіў яму Ісус. І сталася ж пры вяртаньні Ісуса: народ прыняў Яго, бо ўсе чакалі Яго. І вось прыйшоў мужчына па імені Яір, а быў ён начальнікам сынагогі; і, упаўшы да Ног Ісусавых, (ён) прасіў Яго ўвайсьці ў дом ягоны, бо ў яго была адзіная дачка, гадоў дванаццацёх, і яна памірала. Пад час жа хады Ягонай народ ціснуўся да Яго. І жанчына, што мучылася ад крывацечы дванаццаць гадоў, якая аддала на лекараў усю маёмасьць сваю, ды ніводзін ня мог вылячыць (яе), падыйшоўшы ззаду, дакранулася да краю вопраткі Ягонай, і ў той жа час крывацеча ў яе спынілася. І сказаў Ісус: хто дакрануўся да Мяне? Калі ж усе адмаўляліся, Пётра і тыя, што зь Ім былі, сказалі: Настаўнік! Народ абступае Цябе і націскае, а (Ты) кажаш: хто дакрануўся да Мяне? Але Ісус сказаў: нехта дакрануўся да Мяне, бо Я адчуў сілу, выйшаўшую зь Мяне. Жанчына ж, убачыўшы, што ня ўтаілася, дрыжучы падыйшла і, упаўшы перад Ім, паведаміла Яму перад усім народам зь якой прычыны дакранулася да Яго і як адразу паздаравела. Ён жа сказаў ёй: бадзёрся, дачка! вера твая ўратавала цябе; ідзі зь мірам. Яшчэ Ён гаворыць, як прыходзіць нехта (з дому) начальніка сынагогі, кажучы яму: дачка твая памерла. Ня турбуй Настаўніка. Ісус жа, пачуўшы (гэтае), сказаў яму, гаворачы: ня бойся, толькі вер, і (яна) будзе ўратаваная. Прыйшоўшы ж у дом (Ён) ня дазволіў увайсьці нікому, апрача Пятра, і Якуба, і Яана і бацькі ды маткі дзяўчыны. Усе ж плакалі і галасілі па ёй. Але Ён сказаў: ня плачце; (яна) ня памерла, але сьпіць. І насьмяхаліся зь Яго, ведаючы, што (яна) памерла. Ён жа, выслаўшы ўсіх вон і ўзяўшы яе за руку́, усклікнуў, кажучы: Дзяўчынка! устань! І вярнуўся дух яе, і адразу паднялася; і (Ён) загадаў даць ёй есьці. І былі моцна ўражаны бацькí яе. Ён жа загадаў ім нікому ня гаварыць пра тое, што сталася.

Склікаўшы ж дванаццаць вучняў Сваіх, даў ім сілу і ўладу над усімі дэманамі і аздараўляць ад хваробаў. І паслаў іх апавяшчаць пра Гаспадарства Боскае і аздараўляць хворых. І сказаў ім: нічога ня бярэце ў дарогу: ні кія, ні торбы, ні хлеба, ні срэбра, і двух вопратак ня мець; і ў які дом увойдзеце, там заставайцеся, і адтуль адпраўляйцеся; а на ўсіх, хто ня прыйме вас, (то) выходзячы з таго места абтрасеце і пыл з ног вашых у сьведчаньне на іх. Выходзячы ж (яны) праходзілі цераз сёлы, абвяшчаючы Эвангельле і ўсюды аздараўляючы. Пачуў жа Гірад чацьвертаўладнік пра ўсё, што робіцца празь Яго і быў зьбянтэжаны, бо нікаторыя казалі, што Яан уваскрос зь мёртвых; а нікаторыя, што Ільля зьявіўся, а іншыя, што адзін са старажытных прарокаў уваскрос. І сказаў Гірад: Яана я сьцяў; Хто ж Гэты, пра Якога я чую такое? І імкнуўся ўбачыць Яго. І, вярнуўшыся, Апосталы расказалі Яму ўсё, што зрабілі; і (Ён) узяўшы іх (з Сабою) пайшоў асобна ў пустэльнае мейсца (каля) места называнага Бэтсаідаю. Але людзі, даведаўшыся, пайшлі за Ім; І (Ён), прыняўшы іх, гаварыў ім пра Гаспадарства Боскае і тых, хто меў патрэбу ў аздараўленьні, аздараўляў. Калі ж дзень схіліўся да вечара, дык дванаццаць, падыйшоўшы, сказалі Яму: адпусьці людзей, каб пайшлі ў навакольныя сёлы і вёскі, пераначавалі і знайшлі ежу, бо мы тут у пустэльным мейсцы. Але (Ён) сказаў ім: вы дайце ім есьці. Яны ж сказалі: няма ў нас больш, чым пяць хлябоў і дзьвух рыбаў, хíба нам пайсьці купіць ежы для ўсяго гэтага народу? Бо (іх) было каля пяцёх тысячаў мужчын. Але (Ён) сказаў вучням Сваім: рассадзіце іх групамі па пяцьдзясят. І зрабілі так, і рассадзілі ўсіх. (Ён) жа, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы і паглядзеўшы ў неба, багаславіў іх і паламаў і даў вучням, каб раздаць народу. І пад’елі і насыціліся ўсе, і было сабрана ў іх дванаццаць кашоў астаўшыхся кавалкаў. І сталася, як маліўся насамоце, і вучні былі зь Ім, Ён спытаўся ў іх, кажучы: за Каго лічыць Мяне народ? Яны ж, адказаўшы, сказалі: за Яана Хрысьціцеля, іншыя ж за Ільлю; другія ж (кажуць), што нехта з старадаўных прарокаў уваскрос. (Ён) жа спытаўся ў іх: а вы за Каго маеце Мяне? Адказаўшы ж, Пётра сказаў: за Хрыста Божага. Але Ён, забараніўшы, загадаў ім нікому ня казаць пра гэта, сказаўшы: Сыну Чалавечаму належыць шмат адпакутаваць і быць адрынутым старэйшынамі і архірэямі, і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэйці дзень быць уваскрэшаным. А да ўсіх казаў: калі хто хоча ісьці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой кожны дзень і ідзе ўсьлед за Мною. Бо хто хоча жыцьцё сваё зьберагці, (той) загубіць яго; а хто загубіць жыцьцё сваё дзеля Мяне, той уратуе яго. Бо якую карысьць атрымлівае чалавек, здабыўшы ўвесь сьвет, а сябе загубіўшы ці (сабе) пашкодзіўшы? Бо хто пасаромеецца Мяне і Маіх слоў, таго Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў Славе Сваёй і Бацькі і сьвятых Ангелаў. Кажу ж вам праўду: ёсьць нікаторыя з тых, што тут стаяць, якія ня зазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Гаспадарства Боскага. І сталася дзён праз восем пасьля слоў гэтых: узяўшы Пятра і Яана і Якуба ўзыйшоў (Ён) на гару памаліцца. У час малітвы Ягонай выгляд Аблічча Ягонага стаў іншым, і вопратка Ягоная стала белай, зіхатлівай. І вось два мужчыны размаўлялі зь Ім, каторыя былі Масей і Ільля; якія былі зьяўлены ў славе; (яны) гаварылі аб сьмерці Ягонай, што належала (Яму) споўніць у Ярузаліме. Пётра ж і тыя, што (былі) зь ім былі апанаваны сном; прабудзіўшыся ж, (яны) убачылі Славу Ягоную і двух мужчын, што стаялі зь Ім. І сталася: калі яны адыходзілі ад Яго, сказаў Пётр да Ісуса: Настаўнік! добра нам тут быць; і зробім тры буданы: адзін Табе і адзін Масею, і адзін Ільлі, ня ведаючы, што кажа. Калі ж ён гаварыў гэтае, сталася хмара і ахінула іх; і яны спалохаліся, як увайшлі ў хмару. І быў з хмары Голас, гаворачы: Гэты ёсьць Сын Мой узьлюблены, Яго слухайце. І калі быў Голас гэты, апынуўся Ісус адзін. І яны прамаўчалі і нікому ня расказалі ў тыя дні нічога з таго, што бачылі. І сталася, у наступны дзень, калі яны зыйшлі з гары, сустрэла Яго мноства народу. І вось мужчына з натоўпу крыкнуў, гаворачы: Настаўнік! малю Цябе, глянь на сына майго, бо ён у мяне адзіны; і вось, дух хапае яго, і ён раптам крычыць, і курчыць яго зь пенай, мучае яго і ледзь адступае ад яго; і я папрасіў вучняў Тваіх, каб выгналі яго, і (яны) ня змаглі. Ісус жа, адказваючы, сказаў: о, родзе няверны і распусны! Дакуль буду з вамі і буду цярпець вас? Прывядзі сюды сына твайго. І калі той яшчэ падыходзіў, кінуў яго дэман і скурчыў. Але Ісус забараніў духу нячыстаму і аздаравіў хлопца, і аддаў яго ба́цьку ягонаму. І ўсе дзівіліся велічы Бога. Калі ж усе дзівіліся ўсяму, што зрабіў Ісус, (Ён) сказаў вучням Сваім: укладзеце вы ў вушы вашыя словы гэтыя: бо Сыну Чалавечаму належыць быць пераданаму ў рукі чалавечыя. Яны ж ня разумелі слова гэтага, і было (яно) закрыта ад іх, так што яны ня спасціглі яго; і (яны) баяліся спытацца ў Яго пра слова гэтае. Прыйшла ж ім спрэчная думка: хто бы (сярод) іх ёсьць большы? Ісус жа, убачыўшы помысел сэрца іхнага, узяўшы дзіця, паставіў яго перад Сабою, і сказаў ім: калі хто прыйме гэтае дзіця ў Імя Маё, той Мяне прыймае; а калі хто Мяне прыйме, прыймае Таго, Хто паслаў Мяне; бо хто ёсьць сярод усіх вас меншы, той будзе вялікі. Загаварыўшы ж Яан сказаў: Настаўнік! (Мы) убачылі нейкага (чалавека) Іменем Тваім выганяючага дэманаў, і забаранілі яму, бо (ён) ня ходзіць з намі. І сказаў яму Ісус: ня забараняйце; бо хто ня супраць нас, той за нас. Наступіў жа час набліжэньня дзён забраньня Ягонага, і Ён умацаваў Аблічча Сваё ісьці ў Ярузалім. І паслаў пасланцоў перад Абліччам Сваім, і, пайшоўшы, увайшлі ў сяло самарскае, каб прыгатаваць Яму; але (там) ня прынялі Яго, бо Выгляд Ягоны быў (як у) ідучага ў Ярузалім. Убачыўшы ж (гэтае) вучні Ягоныя Якуб і Яан сказалі: Госпадзе! хочаш, (мы) скажам, каб агонь зыйшоў зь неба і зьнішчыў іх, як і Ільля зрабіў? Але Ён, зьвярнуўшыся (да іх), забараніў ім і сказаў: ня ведаеце якога вы духу; бо Сын Чалавечы ня прыйшоў душы чалавечыя загубіць, але выратаваць. І пайшлі ў другое сяло. І сталася: (як) яны былі ў дарозе, нехта сказаў Яму: Госпадзе, (я) пайду за Табою куды б (Ты) ні ішоў. І сказаў яму Ісус: лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае, дзе Галаву прыхіліць. А другому сказаў: ідзі за Мною. Той жа сказаў: Госпадзе! дазволь мне перш пайсьці пахаваць бацьку майго. Але Ісус сказаў яму: пакінь мёртвым хаваць сваіх нябожчыкаў; а ты ідзі абвяшчай Гаспадарства Боскае. Сказаў жа (яшчэ) і другі: (я) пайду за Табою, Госпадзе, але перш дазволь мне разьвітацца з хатнімі маімі. Але Ісус сказаў яму: ніхто з тых, што кладзе руку́ сваю на плуг і азіраецца назад, ня прыдатны для Гаспадарства Бога.

Пасьля ж гэтага абраў Госпад і другіх семдзясят (вучняў) і паслаў іх па двое перад Абліччам Сваім у кожнае места і мейсца, куды Сам меўся ісьці, і казаў ім: жніва многа, а працаўнікоў мала, таму маліце Гаспадара жніва, каб выслаў працаўнікоў на жніво Сваё. Ідзеце! Вось, Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў. Ня бярыце (з сабой) ні мяшка, ні торбы, ні абутку, і нікога ў дарозе ня вітайце. У які дом увойдзеце перш кажыце: мір дому гэтаму; і сапраўды калі там будзе сын міру, то спачыне на ім мір ваш; а калі не, то да вас вернецца. І ў тым доме заставайцеся, ешце і піце, што ў іх (ёсьць); бо працаўнік варты платы сваёй. Ня пераходзьце з дому ў дом. І калі ў якое места прыйдзеце, і прыймуць вас, ешце, што вам пададуць. І аздараўляйце ў ім хворых, і кажэце ім: наблізілася да вас Гаспадарства Бога. А калі да якога места прыйдзеце і ня прыймуць вас, то выйшаўшы на вуліцы ягоныя скажыце: і пыл, што прыстаў да нас зь места вашага абтрасаем вам; аднак (жа) ведайце тое, што наблізілась да вас Гаспадарства Бога. Кажу ж вам, што Садому ў дзень той лягчэй будзе, чым месту таму. Гора табе, Харазін! гора табе, Бэтсаіда! бо калі б у Тыры і Сідоне зьявіліся сілы, якія зьявіліся ў вас, (то яны) б даўно (ужо) пакаяліся, седзячы ў валасяніцы і попеле; але Тыру і Сідону лягчэй будзе на судзе, чым вам. І ты, Капэрнавум, што да неба ўзьнесены, да пекла будзеш зрынуты. Хто слухае вас — Мяне слухае; і хто адрына́е вас — Мяне адрына́е; а хто адрына́е Мяне — адрына́е Таго, Хто паслаў Мяне. Вярнуліся ж семдзясят з радасьцю, гаворачы: Госпадзе! і дэманы пакараюцца нам дзеля Імені Твайго. Сказаў жа (Ён) ім: (Я) бачыў шата́на, які ўпаў зь неба, як маланка. Вось (Я) даю вам уладу наступаць на зьмеяў і скарпіёнаў і на ўсю сілу варожую, і нішто ня пашкодзіць вам. Аднак таму ня радуйцеся, што духі вам пакараюцца, а радуйцеся болей (з таго), што імёны вашыя запісаны на Нябёсах. У той час узрадаваўся духам Ісус і сказаў: Слаўлю Цябе Тата, Госпадзе Неба і зямлі, што Ты ўтаіў гэтае ад мудрых і разумных і адкрыў гэтае малым дзецям. Сапраўды Тата! бо такая была добрая воля (Твая) перад Абліччам Тваім. І, зьвярнуўшыся да вучняў, сказаў: усё Мне перададзена Бацькам Маім, і Хто ёсьць Сын, ня ведае ніхто, акрамя Бацькі, і Хто ёсьць Бацька, (ня ведае ніхто), акрамя Сына, і каму Сын хоча адкрыць. І, зьвярнуўшыся да вучняў асобна, сказаў: шчасьлівыя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце; бо кажу вам, што многія прарокі і каралі хацелі ўбачыць тое, што вы бачыце, і ня ўбачылі, і пачуць тое, што вы чуеце, і ня пачулі. І вось устаў нейкі законьнік, спакушаючы Яго і гаворачы: Настаўнік! Што зрабіўшы ўнаследую жыцьцё вечнае? Ён жа сказаў яму: у Законе што напісана? Як чытаеш? Ён жа, адказаўшы, сказаў: узьлюбі Госпада Бога твайго ад усяго сэрца твайго і ад усёй душы тваёй, і ўсёю моцаю тваёю, і ўсім розумам тваім, і бліжняга твайго, як самога сябе. (Ісус) жа сказаў яму: правільна (ты) адказаў; рабі гэтае, і будзеш жыць. Ён жа, жадаючы сябе апраўдаць, сказаў Ісусу: а хто мой бліжні? Адказаўшы ж Ісус сказаў: нейкі чалавек ішоў із Ярузаліму да Ярыхону і папаўся рабаўнікам, каторыя зьняўшы зь яго вопратку і зьбіўшы (яго) пайшлі, пакінуўшы (яго) паўмёртвым. Выпадкова ж адзін сьвятар ішоў тою дарогаю і, убачыўшы яго, прайшоў міма. Таксама ж і лявіт, апынуўшыся на тым мейсцы, падыйшоўшы і ўбачыўшы (яго), прайшоў міма. А нейкі самарац, праяжджаючы, наблізіўся да яго і, убачыўшы яго, зьлітаваўся, і, падыйшоўшы, перавязаў ягоныя раны, паліваючы алей і віно; (і) пасадзіўшы яго на свайго асла, прывёз яго ў заезд і паклапаціўся аб ім; а на другі дзень, ад’яжджаючы, дастаў два дынары, даў гаспадару заезду і сказаў яму: дагледзі яго, і тое, што выдасі балей, я пры вяртаньні маім заплачу табе. (Як) здаецца табе, каторы з гэтых трох стаўся бліжнім таму, хто папаўся да грабежнікаў? Ён жа сказаў: той, хто ўчыніў міласэрнасьць да яго. Тады сказаў яму Ісус: ідзі і ты рабі гэтак. І сталася, як яны былі ў дарозе, і Ён зайшоў у адно сяло. Жанчына ж адна, па імені Марта, прыняла Яго ў дом свой. І была ў яе сястра, на імя Марыля, якая села каля Ног Ісусавых і слухала Слова Ягонае. А Марта клапацілася аб вялікай паслузе, і, падыйшоўшы, сказала: Госпадзе! Цябе ня хвалюе, што сястра мая пакінула мяне служыць адну! Скажы ж ёй, каб дапамагла мне. Але, адказаўшы, Ісус сказаў ёй: Марта, Марта! ты клапоцішся і турбуешся пра многае, а патрэбна толькі адно; Марыля ж выбрала добрую частку, якая ня адымецца ў яе.

І сталася: як Ён у адным мейсцы маліўся і калі перастаў, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: Госпадзе! навучы нас маліцца, як і Яан навучыў вучняў сваіх. (Ён) жа сказаў ім: калі моліцеся, гаварыце: Тата наш, Каторы (ёсьць) на Нябёсах! Няхай сьвяціцца Імя Тваё; няхай прыйдзе Валадарства Тваё; няхай будзе воля Твая, як у Небе, (так) і на зямлі; хлеб наш штодзённы давай нам кожны дзень; і даруй нам грахі нашыя, бо і мы даруем кожнаму даўжніку нашаму, і ня ўвядзі нас у спакусу, але збаў нас ад злога. І сказаў ім: хтосьці з вас, маючы сябру, і прыйдзе да яго апоўначы і скажа яму: сябра, пазыч мне тры хлябы, бо сябра мой з дарогі зайшоў да мяне, і ня маю, чаго даць яму; а ён знутры, адказваючы, скажа: ня турбуй мяне; дзьверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае пры мне ў пасьцелі; ня магу ўстаць (і) даць табе. Кажу вам, калі і ня дасьць яму, устаўшы, дзеля ягонага сяброўства, (то) дзеля няадступнасьці ягонай, устаўшы, дасьць яму, колькі патрабуе. І Я кажу вам: прасіце і дадзена вам будзе; шукайце і знойдзеце; стукайцеся і адчыняць вам; бо кожны, хто просіць — атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукаецца, таму адчыняць. Які ж із вас бацька, (калі) сын папросіць хлеба, падасьць яму ка́мень? альбо (папросіць) рыбы, дасьць яму зьмяю замест рыбы? Або калі папросіць яйка, дасьць яму скарпіёна? Дык вось, калі вы, благія, умееце добрыя даяньні даваць дзецям вашым, тым болей Бацька Нябесны дасьць Духа Сьвятога тым, што просяць у Яго. І было́: выганяе (Ён) дэмана, а ён быў нямы; і сталася: дэман выйшаў, нямы загаварыў, і людзі зьдзіваваліся. Нікаторыя ж зь іх сказалі: (Ён) выганяе дэманаў з (дапамогай) Бэльзебула, князя дэманаў. А іншыя, спакушаючы, патрабавалі ад Яго знаку зь неба. Але Ён, пазнаўшы думкі іхныя, сказаў ім: усякае каралеўства, якое раздзялілася само ў сабе, апусташаецца, і дом, які сам у сабе (разьдзяліўся), разбураецца. Калі ж і шатан сам у сабе разьдзелены, як устаіць валадарства ягонае? Бо (вы) кажаце, што Я выганяю дэманаў з (дапамогай) Бэльзебула. Калі ж Я з (дапамогай) Бэльзебула выганяю дэманаў, то сыны вашыя з чыей (дапамогай) выганяюць (дэманаў)? Пагэтаму яны будуць вам судзьдзямі. Калі ж (Я) Пальцам Бога выганяю дэманаў, значыць прыйшло да вас Валадарства Бога. Калі ду́жы, будучы ўзброеным, вартуе свой дом, (тады) у бясьпечнасьці маёмасьць ягоная; калі ж дужэйшы за яго, напаўшы, пераможа яго, (то) забярэ ўсю зброю ягоную, на якую (ён) спадзяваўся, і адабраную ў яго (маёмасьць) падзеліць. Хто ня са Мною, той супраць Мяне, і хто ня зьбірае са Мною, (той) раскідае. Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, (то) блукае па бязводных мясцох, шукаючы супакою, і, ня знаходзячы, кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль выйшаў; і, прыйшоўшы, знаходзіць (яго) падмеценым і прыбраным; тады ідзе і бярэ (з сабою) сем другіх духаў, люцейшых за сябе, і, увайшоўшы, жывуць там; і бывае апошняе чалавека таго горшым за першае. І сталася, калі Ён гэтае гаварыў, адна жанчына з натоўпу (узвысіўшы) голас, сказала Яму: шчасьлівае нутро, якое насіла Цябе і грудзі, якія ты ссаў. Але Ён сказаў: тым больш шчасьлівыя тыя, што слухаюць Слова Бога і выконваюць Яго. Людзям жа, зьбіраючымся ў грамаду, (Ён) пачаў гаварыць: род гэты нягодны, ён шукае знаку, і знак ня будзе яму дадзены, акрамя знаку Ёны прарока. Бо як Ёна быў знакам для нінявійцаў, так будзе і Сын Чалавечы для роду гэтага. Караліца поўдня паднята будзе на суд з мужчынамі роду гэтага і засудзіць іх, бо (яна) прыйшла ад краю зямлі выслухаць мудрасьць Салямонавую, і вось тут Большы за Салямона. Мужчыны нінявійскія паўстануць на суд з родам гэтым і засудзяць яго, бо (яны) пакаяліся цераз казань Ёны, і вось тут Большы за Ёну; і ніхто, запаліўшы сьветач, ня ставіць яго ў патайным мейсцы, ні пад пасудзіну, а на падстаўку пад сьветач, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі сьвятло. Сьветач целу ёсьць вока, дык калі вока тваё чыстае, то і ўсё цела тваё сьветлае; а калі ліхое, то і цела тваё цёмнае; дык глядзі: ці ня ёсьць сьвятло, якое ў табе — цемра? Пагэтаму, калі ўсё цела тваё сьветлае, ня маючы якой-небудзь часткі цёмнай, (то) будзе сьветлым усё так, як бы сьветач зьзяньнем асьвятляе цябе. Калі ж (Ён гэтае) сказаў, прасіў Яго адзін хварысэй, каб (Яму) у яго паабедаць; і, увайшоўшы, (Ён) узьлёг. Хварысэй жа, убачыўшы, зьдзівіўся, што Ён ня зрабіў перад абедам перш абмываньне рук. Але Госпад сказаў яму: цяпер вы, хварысэі, ачышчаеце вонкавасьць чары і місы, а нутро вашае поўнае рабаўніцтва і злосьці. Няразумныя! ці ня Той, Хто стварыў вонкавае, стварыў і ўнутранае? Больш таго (кажу вам), з нутра вашага давайце міласьціну, і тады ўсё вам чыстае будзе. Але гора вам хварысэям, што даецё дзясятую частку зь мяты і руты і ўсялякай агародніны, ды ня дбаеце пра Суд і Любоў Бога; гэтае трэба было рабіць, і таго ня пакідаць. Гора вам хварысэям, што любіце першыя мейсцы ў сынагогах і прывітаньні на торжышчах. Гора вам кніжнікі і хварысэі, крывадушнікі, што вы — як магілы таемныя, і людзі ходзяць зьверху і ня ведаюць (таго). І, адказаўшы, адзін з законьнікаў кажа Яму: Настаўнік! Гаворачы гэтае Ты і нас зьняважаеш. Ён жа сказаў: і вам, законьнікам, гора, што накладаеце на людзей цяжары церазмерныя, а самі і адным пальцам вашым ня кранаеце гэтых цяжараў. Гора вам, што будуеце помнікі прарокам, ба́цькі ж вашыя забілі іх. Гэтым (вы) сьведчыце пра ўчынкі ба́цькаў вашых і згаджаецеся зь імі: бо яны сапраўды забілі іх, а вы будуеце ім помнікі. Пагэтаму і Мудрасьць Боская сказала: пашлю да іх прарокаў і Апосталаў, і (нікаторых) ізь іх будуць забіваць і жорстка перасьледаваць. Няхай будзе спагнаная з роду гэтага кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэньня сьвету, ад крыві Абэля да крыві Захара, забітага між ахвярнікам і Сьвятыняю. Так, кажу вам: будзе спагнаная з роду гэтага! Гора вам законьнікам, што вы ўзялі ключ разуменьня: самі ня ўвайшлі і ўваходзячым перашкодзілі. Калі ж Ён ім гаварыў гэтае, кніжнікі і хварысэі пача́лі варожа прыставаць да Яго з пытаньнямі пра многае, цікуючы на Яго і стараючыся ўлавіць што-небудзь з Вуснаў Ягоных, каб абвінаваціць Яго.

Тым часам, калі сабраліся дзясяткі тысячаў народу, так што (сталі) ціснуць адзін аднаго, (Ён) пачаў гаварыць найперш вучням Сваім: сьцеражыце сябе ад рашчыны хварысэяў, якая ёсьць крывадушнасьць. Няма нічога ўкрытага, што ня будзе раскрыта, і (няма нічога) сакрэтнага, што ня будзе рассакрэчана. Пагэтаму ўсё, што (вы) сказалі ў цямноце, будзе пачута ў сьвятле; і што сказалі на вуха ў патаемных пакоях, будзе абвешчана з дахаў. Кажу ж вам, сябрам Маім: ня бойцеся забіваючых цела і пасьля гэтага ня мо́гучых зрабіць нічога большага. Але папярэджваю вас, Каго баяцца: бойцеся Таго, Хто пасьля забіцьця мае ўладу ўкінуць у геенну. Так, кажу вам, Яго бойцеся. Ці ня пяць вераб’ёў прадаюцца за два асары? і ніводзін зь іх ня забыты перад Богам. Але нават усе валасы галавы вашай пералічаны. Пагэтаму ня бойцеся, (вы) даражэй за многіх вераб’ёў. Кажу ж вам: усякага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Сын Чалавечы вызнае перад Ангеламі Божымі; а хто адрокся ад Мяне перад людзьмі, адрынуты будзе перад Ангеламі Божымі. І ўсякаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, даро́вана будзе яму; а ўсякі, хто зьняважыў Духа Сьвятога, (таму) ня будзе даро́вана. Калі ж вядуць вас у сынагогі і да начальстваў і ўладаў, ня турбуйцеся, як і што адкажаце і што скажаце. Бо Сьвяты Дух навучыць вас у тую гадзіну, што трэба сказаць. Сказаў жа Яму нехта з натоўпу: Настаўнік! скажы брату майму, каб (ён) падзяліўся са мной спадчынай. Ён жа сказаў яму: Чалавеча! хто паставіў Мяне судзьдзёй ці пасярэднікам між вамі? І сказаў ім: Глядзіце ж, сьцеражыцеся своекарысьлівасьці, бо ня ў багацьці каго-небудзь жыцьцё ягонае заключаецца — і ня ў маёмасьці ягонай. І сказаў ім прыповесць, кажучы: поле нікаторага багатага чалавека прынесла багаты ўраджай; і (ён) разважаў сам у сабе, кажучы: што мне рабіць, бо ня маю, куды сабраць плады мае? І сказаў: Вось, што зраблю: разбуру мае сьвірны і пабудую бо́льшыя, і зьбяру туды ўсе плады мае і дабро маё, і скажу душы маёй: Душа! (ты) маеш многа дабра, якое ляжыць на многія гады: адпачывай, еш, пі, весяліся. Але Бог сказаў яму: бязглузды! у гэтую ноч душу́ тваю возьмуць у цябе. Каму ж дастанецца тое, што (ты) назапасіў? Такім (ёсьць) той, хто зьбірае багацьце для сябе, а ня ў Бога багацее. Сказаў жа вучням Сваім: пагэтаму кажу вам: ня клапаціцеся (аб сродках) для жыцьця вашага, што будзеце есьці, ні пра цела, што апранеце. (Бо) жыцьцё (вашае) больш за ежу, і цела — за вопратку. Паглядзіце на груганоў, якія ня сеюць, ня жнуць, ня маюць (ні) стопкі, ні сьвірна, але Бог корміць іх. Наколькі вы большыя за гэтых птушак! І хто з вас (у вашых) клопатах можа дабавіць да свайго росту адзін локаць! Пагэтаму, калі нават малейшага ня можаце, што (ж) клапоціцеся адносна іншага? Паглядзіце на лілеі, як яны растуць: ня працуюць, ня прадуць. Але кажу вам, (што) нават Салямон ва ўсёй сваёй славе ня апранаўся, як адна зь іх. Калі ж траву ў полі, якая сёньня ёсьць, а заўтра ўкідаецца ў печ, Бог так апранае, наколькі (ж) болей вас, малаверы! І вы ня шукайце, што вам есьці, або што піць, і ня турбуйцеся; бо гэтага шукаюць усе народы сьвету. Ваш жа Бацька ведае, што (вы) маеце патрэбу ў гэтым. Больш таго, шукайце Каралеўства Бога, а ўсё гэта дададзена будзе вам. Ня бойся малое стада; бо Бацька ваш спрыяльна вырашыў даць вам Каралеўства (Бога). Прадайце маёмасьці вашыя і раздайце міласьціну: (гэтым) зрабіце сабе ёмішчы, (якія) ня знашваюцца, скарб нявычэрпны на Нябёсах, куды злодзей ня дабіраецца, і моль ня зьнішчае; бо дзе скарб ваш, там і сэрца вашае будзе. Няхай будуць паясьніцы вашыя падперазаныя і сьветачы запаленыя; і вы — падобнымі да людзей, якія чакаюць гаспадара свайго, калі (ён) вернецца зь вясельля, каб як прыйдзе і пастукаецца, зараз (жа) адчынілі яму. Шчасьлівыя тыя рабы, каторых, прыйшоўшы, гаспадар знойдзе нясьпячымі; праўду кажу вам: (ён) падперажэцца, і пасадзіць іх, і, падыйшоўшы, будзе служыць ім. І калі прыйдзе ў другую варту, і прыйдзе ў трэйцюю варту і знойдзе (іх) так, (то) шчасьлівыя рабы тыя. Дык гэта ведайце, што калі б ведаў гаспадар дому, а якой гадзіне прыходзе злодзей, (то) ня спаў бы і ня дапусьціў бы падкапацца пад дом свой. Пагэтаму і вы будзьце гатовымі, таму што ня ведаеце, а якой гадзіне прыходзе Сын Чалавечы. Тады Пётра сказаў Яму: Госпадзе! (ці) да нас гаворыш гэтую прыповесьць, ці і для ўсіх? Госпад жа сказаў: дык хто ёсьць верны і разумны аканом, каторага паставіць гаспадар над слугамі сваімі раздаваць своечасова меру хлеба? Шчасьлівы той раб, якога прыйшоўшы гаспадар ягоны знойдзе робячым так. Праўду кажу вам, што над усёй маёмасьцю сваёй паставіць яго. Калі ж раб той скажа ў сэрцы сваім: марудзіць гаспадар мой прыйсьці, і пачне біць слуг і служанак, і есьці і піць, і напівацца; то прыйдзе гаспадар раба таго ў дзень, у які ня чакае, і ў гадзіну якой ня ведае, і жорстка яго пакарае і аддасьць яго аднаму лёсу зь нявернымі. Той жа раб, які ведаў волю гаспадара свайго і ня падрыхтаваўся, і ня зрабіў па волі ягонай, будзе біты многа. А той, які ня ведаў, але зрабіў вартае пакараньня, біты будзе мала. І ад кожнага, каму дадзена многа, многа будзе зь яго спагнана, і каму многа даручана, больш зь яго зышчуць. Агонь прыйшоў (Я) зьвесьці на зямлю, і як хачу, каб (ён) быў ужо запалены! Хрышчэньнем маю (Я) быць ахрышчаным, і як (Я) тамлюся, пакуль гэтае ня выпаўніцца! (Вы) думаеце, што (Я) прыйшоў даць мір на зямлі? не, кажу вам, але хутчэй разьдзяленьне; бо адгэтуль пяцёра ў адным доме будуць падзеленыя: трое супраць двух і двое супраць трох; разьдзеліцца бацька супраць сына, і сын супраць бацькі; маці супраць дачкі, і дачка супраць маткі; сьвякроў супраць нявесткі сваёй, і нявестка супраць свякрові сваёй. Казаў жа і народу: калі (вы) убачыце хмару, падымаючыся з захаду, ураз кажаце: «дождж набліжаецца»; і стаецца гэтак; і, калі дзьме паўдзённы вецер, кажаце: «сьпёка будзе», і стаецца. Крывадушнікі, аблічча зямлі і неба распазнаваць умееце, як жа часу гэтага ня распазнаецё? І чаму вы самі ў сабе ня судзіце, што ёсьць правільна? Бо калі (ты) ідзеш з супраціўнікам тваім да начальніка, па дарозе прыкладзі намаганьні (каб) пазбавіцца ад яго, каб (ён) ня прыцягнуў цябе да судзьдзі, а судзьдзя ня аддаў цябе экзэкутару, а экзэкутар ня кінуў цябе ў вязьніцу. Кажу табе: ня выйдзеш адтуль, пакуль ня аддасі яму і апошняй меднай манеты.

І ў гэты час прыйшлі нікаторыя, (і) расказалі Яму пра галілейцаў, чыю кроў Пілат зьмяшаў зь іхнымі ахвярамі. І, адказаўшы, Ісус сказаў ім: (вы) думаеце, што гэтыя галілейцы былі больш грэшныя за ўсіх галілейцаў, што так адпакутавалі? Не, кажу вам, але калі ня пакаецеся, усе гэтаксама загінеце. Альбо тыя васямнаццаць, на якіх упала вежа ў Сілааме і пабіла іх, думаеце, што яны былі вінаватыя больш за ўсіх людзей жывучых у Ярузаліме? Не, кажу вам, але калі ня пакаецеся, усе гэтаксама загінеце. І казаў гэтую прыповесьць: нехта меў у сваім вінаградніку пасаджаную смакоўніцу і прыйшоў шукаць на ёй плоду і ня знайшоў. І сказаў (ён) вінаградару: вось, (я) трэйці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы і ня знаходжу; сьсячы яе, на што (яна) і зямлю займае бяз карысьці? Ён жа, адказаўшы, гаворыць яму: гаспадар! пакінь яе і на гэты год, пакуль я абкапаю яе і абкладу гноем, і можа прынясе плод, калі ж не, (то) на той год сьсячэш яе. І навучаў (Ён) у адной з сынагогаў па суботах. І вось (там) была жанчына, якая васямнаццаць гадоў мела духа немачы; і была яна скорчыўшыся, і ня магла ані выпрастацца. Убачыўшы ж яе, Ісус падазваў яе і сказаў ёй: жанчына! (ты) вызвалена ад немачы тваёй. І ўсклаў на яе Рукі; і адразу выпрасталася, і славіла Бога. Загаварыўшы ж начальнік сынагогі, абураючыся, што ў суботу Ісус аздаравіў, казаў народу: ёсьць шэсьць дзён, у якія належыць працаваць, у тыя прыходзьце (і) аздараўляйцеся, а ня ў дзень суботы. Тады адказаў яму Госпад і сказаў: крывадушнік! кожны з вас у суботу ці ня адвязвае вала свайго ці асла ад ясьляў і вядзе паіць? А гэтую дачку Абрагамавую, якую вось ўжо васямнаццаць гадоў, як зьвязаў шатан, ці ня належала вызваліць ад путаў гэтых у дзень суботы? І калі гаварыў Ён гэтае, усе праціўнікі Ягоныя засароміліся; і ўвесь народ радаваўся з усіх слаўных учынкаў Ягоных. (Ён) жа сказаў: да чаго падобна Каралеўства Бога, і да чаго прыпадобню яго? Яно падобна да зярняці гарчычнага, якое, узяўшы, чалавек пасадзіў у садзе сваім, і (яно) вырасла і сталася вялікім дрэвам; і птушкі нябесныя гняздзіліся ў гольлі ягоным. І яшчэ сказаў: да чаго прыпадобню Каралеўства Бога? Яно падобна да рашчыны, якую жанчына, узяўшы, паклала ў тры меры мукі, пакуль ня ськісла ўсё. І праходзіў па местах і сёлах, навучаючы і кіруючы шлях Свой да Ярузаліму. І нехта сказаў Яму: Госпадзе! няўжо ратуюцца нямногія? Ён жа сказаў ім: старайцеся ўвайсьці праз вузкія (або цесныя) вароты; бо многія, кажу вам, будуць памыкацца ўвайсьці ды ня здолеюць. Калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзьверы, тады (вы), стоячы вонках, станеце стукаць у дзьверы і казаць: Госпадзе! Госпадзе! адчыні нам. Але, адказаўшы, (ён) скажа вам: ня ведаю вас, адкуль вы. Тады пачнецё гаварыць: мы елі і пілí перад Табою, і на вуліцах (нашых) Ты нас навучаў. Але (Ён) скажа: кажу вам: ня ведаю вас, адкуль вы; адыдзеце ад Мяне ўсе, што чыняць беззаконьне. Там будзе рыданьне (плач наўзрыд) і скрыгот зубоў, калі вы ўбачыце Абрагама, Ісагака, Якуба і ўсіх прарокаў ў Каралеўстве Бога, вас жа праганяемымі вон. І прыйдуць з усходу і захаду, і з поўначы і поўдня і ўзьлягуць у Каралеўстве Бога. І вось, ёсьць апошнія, якія будуць першымі, і ёсьць першыя, якія будуць апошнімі. У гэны дзень падыйшлі нікаторыя хварысэі (і) казалі Яму: выйдзі і ідзі адсюль, бо Гірад хоча Цябе забіць. І сказаў ім: пайшоўшы, скажыце гэтай лісіцы: вось, (Я) выганяю дэманаў і аздараўленьні чыню сёньня і заўтра, а на трэйці (дзень) скончу Сваю справу. Але Мне належыць хадзіць сягоньня і заўтра і пасьлязаўтра, бо ня бывае, каб прарок загінуў вонках Ярузаліму. Ярузалім, Ярузалім, (ты) што забіваеш прарокаў і што камянуеш пасланых да цябе! Колькі разоў хацеў (Я) сабраць дзяцей тваіх, як птушка (зьбірае) птушанят (сваіх) пад крылы, але (вы) ня захацелі. Вось, пакідаецца вам дом ваш пусты. І кажу вам праўду, што ня ўбачыце Мяне, пакуль ня прыйдзе (час) калі скажаце: Багаслаўлены, Каторы ідзе ў Імя Госпада!

І сталася Яму прыйсьці ў суботу ў дом нейкага начальніка хварысэяў паесьці хлеба, і яны сачылі за Ім; і вось зьявіўся перад Ім нейкі чалавек, хворы на вадзянку. І, загаварыўшы да законьнікаў і хварысэяў, Ісус запытаў (іх) кажучы: ці дазваляецца (па Закону) аздараўляць у суботу? Яны ж прамаўчалі. І, дакрануўшыся, аздаравіў яго і адправіў. І, загаварыўшы да іх, запытаў: калі чый-небудзь із вас асёл ці вол уваліцца ў студню, ці ня адразу выцягнеце яго ў дзень суботы? І ня змаглі (яны) Яму запярэчыць на гэта. Казаў жа (Ён) запрошаным прыповесьць, убачыўшы як (яны) выбіралі першыя мейсцы, гаворачы ім: калі ты запрошаны кім-небудзь на вясельле, ня узьлягай на першае мейсца, каб сярод запрошаных ім ня аказаўся (нехта) больш шаноўны за цябе, і той, хто запрасіў цябе і яго, падыйшоўшы, скажа табе: саступі яму мейсца; і тады (ты) з сорамам зоймеш апошняе мейсца. Але, калі (ты) запрошаны, прыйшоўшы, узьляж на апошнім мейсцы, каб, калі падыйдзе той, хто цябе запрасіў, сказаў табе: дружа! перайдзі вышэй. Тады будзе табе гонар перад узьляжачымі з табою. Бо кожны, хто ўзвышае сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, узвышаны будзе. Казаў жа (Ён) і запрасіўшаму Яго: калі ты ладзіш абед ці вячэру ня кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні сваякоў тваіх, ні суседзяў багатых, каб і яны цябе ня запрасілі (узаемна) каб ня сталася табе адплата. Але, калі ты ладзіш урачысты абед, запрашай убогіх, калекаў, кульгавых, сьляпых, і шчасьлівы будзеш, бо яны ня могуць адплаціць табе; бо аддасца табе ў ускрасеньне праведных. Нехта ж з узьляжачых, пачуўшы гэта, сказаў Яму: шчасьлівы той, хто будзе есьці хлеб у Каралеўстве Бога. Ён жа сказаў яму: нейкі чалавек зладзіў багатую вячэру і запрасіў многіх. І паслаў раба свайго ў час вячэры сказаць запрошаным: прыходзьце, бо ўжо ўсё гатова. І пачалí дружна, усе як адзін, прасіць прабачэньня. Першы сказаў яму: (я) купіў зямлю і мне трэба пайсьці паглядзець яе; прашу цябе, прабач мне. І другі сказаў: (я) купіў пяць пар валоў, і іду выпрабаваць іх; прашу цябе, прабач мне. І іншы сказаў: (я) ажаніўся, і таму ня магу прыйсьці. І, вярнуўшыся, раб той пераказаў гэтае гаспадару свайму. Тады, разгневаўшыся, гаспадар дому сказаў рабу свайму: выйдзі хутчэй на вуліцы і завулкі места і прывядзі сюды ўбогіх і калекаў, і сьляпых, і кульгавых. І сказаў раб: гаспадар! сталася, як ты загадаў, і яшчэ ёсьць мейсца. І сказаў гаспадар рабу: выйдзі на дарогі і каля платоў і ўгавары прыйсьці, каб напоўніўся дом мой. Бо кажу вам, што ніхто з тых запрошаных мужчын ня пакаштуе маёй вячэры. І вялікія грамады ішлі за Ім, і Ён, абярнуўшыся, сказаў ім: Калі хто прыходзіць да Мяне і ня зьнянавідзіць бацьку свайго і матку, і жонку і дзяцей, і братоў і сёстраў, а яшчэ і жыцьцё сваё, ня можа быць Маім вучнем; і хто ня нясе крыжа свайго і ідзе за Мною, ня можа быць вучнем Маім. Бо хто з вас, жадаючы пабудаваць вежу, перш, сеўшы, ня палічыць выдаткі, ці мае (патрэбнае) для завяршэньня, Каб калі паложыць ён падмурак і ня здолее дакончыць, усе назіраючыя ня пачалí сьмяяцца зь яго, кажучы: гэты чалавек пачаў будаваць і ня здолеў дакончыць. Або які кароль ідучы на вайну супраць другога караля, сеўшы, перш, ня параіцца, ці здолее (ён) з дзесяцьцю тысячамі сустрэць ідучага на яго з дваццацьцю тысячамі? Бо калі не, дык пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасольства прасіць міру. Гэтак кожны з вас, хто ня адрачэцца ад усяго, што мае, ня можа быць Маім вучнем. Соль — добрая (рэч), але калі соль страціць сілу, як вернеш ёй салёнасьць? Ні ў зямлю, ні на ўгнаеньне яна ня прыдатная; вон выкідаюць яе. Хто мае вушы, каб чуць, няхай слухае!

І набліжаліся да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі слухаць Яго. І наракалі хварысэі і кніжнікі, кажучы: Ён прыймае грэшнікаў і есьць разам зь імі. Але (Ён) сказаў ім (вось) гэткую прыповесьць, кажучы: які сярод вас чалавек, маючы сто авечак і згубіўшы адну зь іх, ня пакідае дзявяноста дзевяці ў пустэльні і ня йдзе за згубленай, пакуль ня знойдзе яе? І, знайшоўшы, бярэ на плечы свае, радуючыся. І, прыйшоўшы дадому, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: парадуйцеся са мною, бо (я) знайшоў маю згубленую авечку. Кажу вам, што гэтак радасьць будзе на Небе большая за аднаго грэшніка, які каецца, чым за дзявяноста дзевяць праведнікаў, якія ня маюць патрэбы ў пакаяньні. Альбо якая жанчына, якая мае дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, і ці ня запальвае сьвечку і ня мяце ў хаце, і шукае старанна да таго часу, пакуль ня знойдзе? І, знайшоўшы, (яна) склікае сябровак і суседак, кажучы: парадуйцеся са мною, бо я знайшла драхму, якую (была) згубіла. Кажу вам: гэтак бывае радасьць у Ангелаў Бога (і) за аднаго грэшніка, які каецца. І (Ён) сказаў: адзін чалавек меў двух сыноў. І сказаў малодшы зь іх бацьку: бацька! дай мне належную (мне) частку маёмасьці. І (бацька) падзяліў ім маёмасьць. І праз некалькі дзён малодшы сын, сабраўшы ўсё, пайшоў у далёкую старану і там змарнаваў маёмасьць сваю, жывучы распусна. Калі ж ён патраціў усё, настаў вялікі голад у гэнай старане, і ён пачаў цярпець галоту; і, пайшоўшы, прыстаў да аднаго з жыхароў той краіны, а той паслаў яго на свае палі пасьвіць сьвіньняў; і ён жадаў напоўніць страўнік свой ражкамі, якія елі сьвіньні, але ніхто ня даваў яму. І, апамятаўшыся, (ён) сказаў: колькі наймітаў у бацькі майго маюць хлеба ўдосталь, а я гіну з голаду; устану, пайду да бацькі майго і скажу яму: тата, я саграшыў супраць Неба і перад табою, і ўжо я ня варты называцца сынам тваім; прыймі мяне, як аднаго з наймітаў тваіх. І, устаўшы, пайшоў да бацькі свайго. І калі ён быў яшчэ далёка, убачыў яго ба́цька ягоны і зжаліўся; і, пабегшы, кінуўся яму на шыю і пацалаваў яго. Сын жа сказаў яму: тата! я саграшыў супраць Неба і перад табою і ўжо ня варты называцца сынам тваім. А бацька сказаў рабам сваім: прынясіце найлепшую вопратку і апраніце яго, і дайце персьцень на руку ягоную і абутак на ногі; і, прывёўшы, укормленае цяля зарэжце; і, паеўшы, будзем весяліцца, бо гэты мой сын быў мёртвы і ажыў, і быў згублены і знайшоўся. І пача́лі весяліцца. А старэйшы ягоны сын быў у полі; і калі, вяртаючыся, падыйшоў да дому, пачуў сьпевы і скокі. І, паклікаўшы аднаго са слугаў сваіх, пытаўся: што тут робіцца? Той жа сказаў яму: брат твой вярнуўся, і бацька твой зарэзаў укормленае цяля, бо прыняў яго здаровым. І (ён) узлаваўся, і ня хацеў увайсьці. Бацька ж ягоны, выйшаўшы, угаворваў яго. Ён жа, адказаўшы, сказаў бацьку: вось (я) столькі гадоў служу табе і ніколі загадам тваім ня грэбаваў, а ты мне ніколі ня даў казляняці, каб мне з сябрамі маімі павесяліцца. А калі гэты твой сын, які змарнатравіў тваю маёмасьць з блудадзейкамі, вярнуўся, (ты) зарэзаў яму ўкормленае цялё. Ён жа сказаў яму: сынок! ты заўсёды са мною, і ўсё маё — тваё; а ўзрадавацца і ўзьвесяліцца трэба было, таму што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся.

Казаў жа і вучням Сваім: адзін чалавек быў багаты, каторы меў аканома, але на яго данесьлі яму, што растрачвае маёмасьць ягоную. І, паклікаўшы яго, сказаў яму: што гэта (я) чую пра цябе? дай справаздачу пра аканомства тваё: бо (ты) больш ня можаш гаспадарыць. Тады аканом сказаў сам сабе: што (мне) рабіць, бо гаспадар мой адбірае ў мяне аканомства? капаць ня магу, жабраваць саро́млюся; ведаю, што зраблю, каб прынялі мяне ў дамы свае, калі буду адхілены ад аканомства. І, паклікаўшы даўжнікоў гаспадара свайго кожнага паасобку, казаў першаму: сколькі (ты) вінен гаспадару майму? Ён жа сказаў: сто мер алею. І сказаў яму: вазьмі тваю распіску і, сеўшы, хутчэй напішы: пяцьдзясят. Потым сказаў другому: а ты колькі вінен? Ён жа сказаў: сто мер пшаніцы. І кажа яму: вазьмі тваю распіску і напішы: восемдзясят. І пахваліў гаспадар няправеднага аканома, што (той) дагадліва ўчыніў, бо сыны веку гэтага дагадлівей за сыноў сьвятла ў родзе сваім. І Я кажу вам: здабывайце сабе сяброў багацьцем няправедным, каб калі кончыце (жыцьцё), (яны) прынялі вас у вечныя сялібы. Верны ў найменшым і ў многім верны, а няверны ў найменшым і ў многім няверны. Дык вось калі (вы) у няправедным багацьці ня былі верныя, хто вам даверыць сапраўднае? І калі ў чужым (вы) ня былі верныя, хто вам дасьць вашае? Ніякі слуга ня можа служыць двум гаспадарам, бо ці аднаго будзе нянавідзець, а другога любіць, ці аднаму будзе рупліва служыць, а другім пагарджаць. Ня можаце Богу служыць і мамоне. Чулі ж гэта ўсё і хварысэі, якія былі срэбралюбівымі, і сьмяялісь зь Яго. Але Ён сказаў ім: вы паказваеце сябе праведнымі перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашыя, бо што ў людзей высокае, тое агіда перад Богам. Закон і Прарокі — да Яана; з таго часу Каралеўства Бога дабравесьціцца, і кожны сілаю ўваходзіць у яго. Лягчэй жа небу і зямлі зьнікнуць, чым зьнікнуць (хоць) адной рысачцы з Закону. Усякі, хто разводзіцца з жонкаю сваёю і жэніцца з другой, той пералюбадзейнічае; і ўсякі, хто бярэ ў жоны разьведзеную з мужам, пералюбадзейнічае. Адзін чалавек быў багаты і апранаўся ў парфіру і бісон і кожны дзень раскошна банкетаваў. І быў адзін убогі, імем Лазар, які ляжаў ля варот ягоных, пакрыты струпамі. І прагнуў наесьціся крошак, што падалі са стала багацея; прытым і сабакі, прыходзячы, лізалі струпы ягоныя. І сталася: памёр убогі, і быў аднесены Ангеламі на лано́ Абрагамавае; памёр і багацей, і пахавалі яго; і ў пекле, будучы ў муках, узьняўшы вочы свае, убачыў здалёк Абрагама і Лазара на лоне ягоным. І ён, загаласіўшы, сказаў: тата Абрагаме! зьлітуйся нада мною і пашлі Лазара, каб (ён) абмачыў канец пальца свайго ў вадзе і астудзіў язык мой, бо (я) мучуся ў полымі гэтым. Сказаў жа Абрагам: дзіця! прыпомні, што ты (ужо) атрымаў добрае тваё ў жыцьці тваім, а Лазар гэтак жа благое; цяпер жа тут (ён) суцяшаецца, а ты пакутуеш; ды да таго ўсяго між намі і вамі ўстаноўлена вялікая прорва, так што, хто хоча перайсьці адгэтуль да вас, ня могуць, таксама і адтуль да нас ня пераходзяць. (Ён) жа сказаў: дык прашу цябе, тата, каб (ты) паслаў яго ў дом бацькі майго. Бо ў мяне пяць братоў: хай (ён) засьведчыць ім, каб і яны ня прыйшлі ў гэтае мейсца мучэньня. Кажа яму Абрагам: у іх ёсьць Масей і Прарокі, няхай слухаюць іх. Ён жа сказаў: не, тата Абрагаме, але калі хто з умершых прыйдзе да іх, пакаюцца. Тады (Абрагам) сказаў яму: калі Масея і Прарокаў ня слухаюць, нават калі б хто (і) з умершых уваскрос, ня павераць.

І сказаў вучням: нямагчыма ня прыйсьці спакусам, але гора таму, праз каго (яны) прыходзяць. Лепш было б яму, калі б млыновы жоран павесілі яму на шыю і ўкінулі ў мора, чым каб (ён) спакусіў аднаго з малых гэтых. Назірайце за сабой. Калі саграшыць супраць цябе брат твой, дакары яго, і калі пакаецца, даруй яму; і калі сем разоў на дзень саграшыць супраць цябе і сем разоў зьвернецца да цябе, кажучы: каюся — даруй яму. І сказалі Апосталы Госпаду: дадай нам веры. Госпад жа сказаў: калі б (вы) мелі веру з гарчычнае зерне, сказалі бы гэтай шаўкоўніцы: будзь выкарчавана з корнем і будзь пасаджана ў мора, і (яна) паслухалася б вас. Хто ж сярод вас, маючы раба, што арэ ці пасе, каторы вярнуўшамуся з поля скажа: адразу, падыйшоўшы, узьляж ля стала? Але ці ня скажа яму: прыгатуй (мне) што-небудзь павячэраць і, падперазаўшыся, служы мне, пакуль пад’ем і вып’ю, а пасьля гэтага будзеш есьці і піць ты? Ці мае (ён) падзяку слузе гэтаму, што ён выканаў зага́данае яму? Ня думаю. Так і вы, калі выпаўніце ўсё, зага́данае вам, кажыце: мы нічога ня вартыя рабы, бо зрабілі, што павінны былі зрабіць. І сталася, як Ён ішоў да Ярузаліму, Ён праходзіў паміж Самарай і Галілеяй. І калі Ён уваходзіў у адно сяло, Яго сустрэлі дзесяць пракажоных мужчын, якія спыніліся воддаль; і яны закрычалі, кажучы: Ісус Настаўнік! памілуй нас. І, убачыўшы, (іх Ён) сказаў ім: ідзіце, пакажыцеся сьвятарам. І сталася: калі яны ішлі, ачысьціліся. Адзін жа зь іх, убачыўшы, што аздароўлены, вярнуўся, моцным голасам славячы Бога, і ўпаў ніцма да Ног Ягоных, дзякуючы Яму, і ён быў самарац. І, загаварыўшы, Ісус сказаў: ці ня дзесяць былі ачышчаны? Дзе ж дзевяць? Чаму ў іх ня знайшлося сумленьня, вярнуўшыся, аддаць славу Богу, акрамя гэтага чужаземца? А яму сказаў: устань (і) ідзі; вера твая ўратавала цябе. А будучы запытаны хварысэямі, калі прыйдзе Гаспадарства Бога, Ён адказаў ім і сказаў: ня прыхо́дзе Гаспадарства Бога відавочна; і ня скажуць: вось тут (яно), ці вось там (яно). Бо вось Гаспадарства Бога паміж вас ёсьць. А вучням сказаў: прыйдуць дні, калі пажадаеце ўбачыць адзін з дзён Сына Чалавечага і ня ўбачыце. І скажуць вам: «вось тут», ці «вось там», ня хадзіце і ня бяжыце ўсьлед. Бо як бліскавіца, блíскаючы ад аднаго краю неба да другога краю неба, асьвятляе, так будзе і Сын Чалавечы ў дзень Свой. Але перш Яму належыць шмат адпакутаваць і быць адрынутым родам гэтым. І як сталася ў дні Ноя, так будзе і ў дні Сына Чалавечага: елі, пілí, жаніліся, выходзілі замуж аж да таго дня, як Ной увайшоў у карабель, і прыйшоў патоп і зьнішчыў усіх. Таксама як сталася ў дні Лота: елі, пілí, куплялі, прадавалі, садзíлі, будава́лі; але (ў) той дзень, калі Лот выйшаў із (местаў) Садомскіх, лінуў дажджом зь неба агонь і серка і зьнішчыў усіх. Такім будзе той дзень, калі будзе яўлены Сын Чалавечы. У той дзень, хто будзе на даху, а рэчы ягоныя ў доме, няхай ня зыходзе ўзяць іх; і хто (будзе) ў полі таксама няхай ня вяртаецца назад. Памятайце жонку Лота. Дык хто імкнецца жыцьцё сваё захаваць, загубіць яго, а калі хто яго загубіць, (той) захавае яго. Кажу вам: у тую ноч будзе двое на адной пасьцелі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты; будуць дзьве малоць разам: адна будзе ўзята, а другая пакінута; двое будуць у полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты. І, адказаўшы, пытаюцца ў Яго: «дзе, Госпадзе?» Ён жа сказаў ім: «дзе труп (умярцьвёная плоць), там будуць сабраны арлы».

Казаў жа ім і прыповесьць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і ня ўпадаць у роспач, кажучы: у адным месту быў нейкі судзьдзя, які Бога ня баяўся і чалавека ня сароміўся. І была ў тым месту адна ўдава, і (яна) прыходзіла да яго, кажучы: абарані мяне ад праціўніка майго, але (ён) нейкі час ня хацеў. Пасьля ж гэтага (ён) сказаў сам сабе: хаця (я) і Бога ня баюся, і чалавека ня саромлюся, але як гэтая ўдава ня дае мне спакою, абараню яе, каб (яна) ня прыходзіла бясконца і мучыла мяне. І сказаў Госпад: чуеце, што кажа судзьдзя няправедны? Ці ж Бог ня абароніць выбраных Сваіх, лямантуючых да Яго дзень і ноч, і будзе марудзіць з дапамогай ім? Кажу вам, што (Ён) хутка дапаможа ім. Тым ня менш Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі? Сказаў жа гэткую прыповесьць да нікаторых, што былі ўпэўненыя аб сабе, што яны праведныя, а другіх паніжалі: два чалавекі ўвайшлі ў Сьвятыню памаліцца: адзін хварысэй, а другі мытнік. Хварысэй, устаўшы, маліўся пра сябе так: Божа! дзякую Табе, што я ня такі, як іншыя людзі: рабаўнікі, няправедныя, пералюбцы, або і як гэты мытнік: пашчу два разы на тыдзень, даю дзясяцíну з усяго, што набываю. Мытнік жа, стоячы воддаль, ня адважаўся нават вачэй да неба падняць, але біў сябе ў грудзі, кажучы: Божа! будзь міласьцівы нада мною грэшным. Кажу вам: гэты пайшоў у дом свой (больш) апраўданы, чымся той: бо ўсякі, хто сам сябе вывышае, паніжаны будзе; а хто паніжае сябе, узвышаны будзе. Прыносілі ж да Яго і дзяцей, каб (Ён) дакрануўся да іх. Але вучні, убачыўшы (гэтае), забаранілі ім. Ісус жа, паклікаўшы іх, сказаў: пусьціце дзяцей прыходзіць да Мяне і ня забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць Гаспадарства Бога. Сапраўды кажу вам: калі хто ня прыйме Гаспадарства Бога, як дзіця, ня ўвойдзе ў яго. І спытаўся ў Яго нейкі начальнік, кажучы: Настаўнік добры! што мне рабіць, каб унасьледаваць жыцьцё вечнае? Сказаў жа яму Ісус: чаму называеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог. Ведаеш прыказаньні: ня чужалож, ня забівай, ня крадзі, ня сьведчы крыва; шануй бацьку твайго і матку тваю. Ён жа сказаў: усё гэта (я) выканаў ад юнацтва майго. Пачуўшы ж гэта, Ісус сказаў яму: яшчэ аднаго табе ня хапае: усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і будзеш мець скарб на Небе; і прыходзь, ідзі за Мною. Ён жа, пачуўшы гэта, моцна зажурыўся, бо (ён) быў вельмі багаты. Ісус, убачыўшы яго, што ён вельмі зажурыўся, сказаў: як цяжка маючым багацьце ўвайсьці ў Гаспадарства Бога! Бо лягчэй вярблюду прайсьці праз голчына вушка, чымся багатаму ўвайсьці ў Гаспадарства Бога. Пачуўшыя ж (гэтае) сказалі: хто тады можа быць збаўленым? Ён жа сказаў: нямагчымае людзям, магчыма Богу. Сказаў жа Пётра: вось мы ўсё пакінулі і пайшлі ўсьлед за Табою. Ён жа сказаў ім: Праўду кажу вам: няма нікога, хто пакінуў дом, ці бацькоў, ці братоў, (ці сёстраў), ці жонку, ці дзяцей дзеля Гаспадарства Бога, каторы ня атрымаў бы ў шмат разоў больш у час гэты, а ў веку будучым — жыцьця вечнага. І, адазваўшы дванаццаць, сказаў ім: вось (мы) узыходзім у Ярузалім, і збудзецца ўсё напісанае праз Прарокаў пра Сына Чалавечага, бо выдадуць Яго паганам і назьдзекуюцца над Ім, і будзе зьняважаны і апляваны; і, зьбічаваўшы, заб’юць Яго, і на трэйці дзень уваскрэсьне. Але яны нічога з гэтага ня зразуме́лі, і было слова гэтае закрыта для іх, і (яны) ня разуме́лі, што (Ён) гаворыць. І сталася, пры набліжэньні Яго да Ярыхону, нейкі сьляпы сядзеў ля дарогі жабруючы; і, пачуўшы, што міма праходзіць натоўп, пытаўся: што гэта такое? А яму сказалі, што Ісус Назарэй ідзе. Тады (ён) закрычаў, кажучы: Ісус, Сын Давідаў, зьлітуйся нада мною! А пярэднія крычалі на яго, каб (ён) змоўк. Ён жа яшчэ мацней крычаў: Сын Давідаў, зьлітуйся нада мною! І, спыніўшыся, Ісус загадаў прывесьці яго да Сябе. І калі (той) падыйшоў да Яго, (Ён) яго спытаў, кажучы: што ты хочаш, каб (Я) зрабіў (табе)? Ён жа сказаў: Госпадзе! каб мне празерыць. Тады Ісус сказаў яму: празер! вера твая ўратавала цябе. І ён той жа час стаў бачыць і пайшоў за Ім, славячы Бога. І ўвесь народ, убачыўшы (гэтае), аддаў хвалу Богу.

І, увайшоўшы, праходзіў праз Ярыхон. І вось мужчына, называемы імем Закхей, а ён быў начальнікам мытнікаў і багацеям, таксама імкнуўся ўбачыць Ісуса, Хто Ён, але ня мог з-за натоўпу, бо быў малы ростам; і, забегшы наперад, залез на сікамору, каб убачыць Яго, бо Яму належала праходзіць міма яе. І калі прыйшоў на гэтае мейсца, глянуўшы ўверх, Ісус убачыў яго і сказаў яму: Закхей! Хутчэй злазь, бо сягоньня трэба Мне быць у цябе ў доме. І той пасьпешна зьлез і прыняў яго з радасьцю. І ўсе, убачыўшыя, наракалі, кажучы: да грэшнага чалавека зайшоў Ён. Устаўшы ж Закхей сказаў Госпаду: вось, палову маёмасьці маёй, Госпадзе, аддаю я ўбогім, і калі каго чым-небудзь пакрыўдзіў (то) аддам у чатыры разы больш. А Ісус сказаў яму: сягоньня настала выратаваньне дому гэтаму, бо і ён — сын Абрагама. Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсьці і выратаваць загінуўшае. А як яны слухалі гэтае, дадаўшы, сказаў прыповесьць, бо Ён быў блізка ад Ярузаліму, і яны думалі, што хутка павінна зьявіцца Гаспадарства Бога. Дык (Ён) сказаў: нейкі чалавек знатнага роду пайшоў у далёкую краіну, каб атрымаць сабе гаспадарства і вярнуцца. І, паклікаўшы, дзесяць рабоў сваіх, даў ім дзесяць мінаў і сказаў ім: пусьціце ў абарачэньне, пакуль ня вярнуся. Але ягоныя грамадзяне нянавідзілі яго і паслалі ўсьлед за ім пасольства, кажучы: ня хочам яго, каб (ён) гаспадарыў над намі. І сталася: пры вяртаньні сваім, атрымаўшы гаспадарства, сказаў ён паклікаць да сябе тых рабоў, якім (ён) даў срэбра, каб даведацца, хто што прыдбаў. І прыйшоў першы, кажучы: гаспадар! Міна твая прынесла прыбытак у дзесяць мінаў. І (ён) сказаў яму: добра, добры раб! за тое, што (ты) у найменшым быў верны, будзь уладаром над дзесяцьцю местамі, і прыйшоў другі, кажучы: гаспадар! міна твая прынесла пяць мінаў. Сказаў жа і гэтаму: і ты будзь (уладаром) над пяцьцю местамі. І (яшчэ) адзін прыйшоў, кажучы: вось міна твая, якую (я) трымаў, схаваўшы ў хустцы, таму, што баяўся цябе, бо ты чалавек жорсткі: бярэш, чаго ня клаў, і жнеш, чаго ня сеяў. (Гаспадар) жа кажа яму: вуснамі тваімі буду судзіць цябе, нягодны раб! Ты ведаў, што я чалавек жорсткі, бяру, чаго ня клаў, і жну, чаго ня сеяў. Дык чаму (ты) ня аддаў срэбра майго мянялу, і я, прыйшоўшы, атрымаў бы яго з прыбыткам? І сказаў прысутным: вазьміце ў яго міну і аддайце таму, у каго дзесяць мінаў. І сказалі яму: гаспадар! ён (жа) мае дзесяць мінаў! Дык кажу вам, што кожнаму, хто мае, дадзена будзе, а ў таго, хто ня мае, будзе аднята і тое, што мае. А ворагаў маіх, тых, што ня захацелі мяне, каб (я) гаспадарыў над імі, прывядзіце сюды і забіце перада мною. І, сказаўшы гэта, ішоў далей, узыходзячы да Ярузаліму. І сталася, калі наблізіўся да Бітхвагі і Бітані, да гары, што называецца (гарой) Аліваў, паслаў двух вучняў Сваіх, сказаўшы: пайдзіце ў сяло, што насупраць, у каторым, уваходзячы, знойдзеце прывязанае асьляня, на якое ніхто ніколі із людзей ня садзіўся; адвязаўшы яго, прывядзіце. І, калі хто спытаецца ў вас: нашто адвязваеце? Скажыце яму так: яно патрэбна Госпаду. Пайшоўшы ж, пасланыя знайшлі, як (Ён) сказаў ім. Калі ж яны адвязвалі асьляня, гаспадары ягоныя сказалі ім: нашто адвязваеце асьляня? Яны ж сказалі: яно патрэбна Госпаду. І прывялі яго да Ісуса; і, накінуўшы на асьляня свае вопраткі, пасадзілі на (яго) Ісуса. І калі Ён ехаў, падсьцілалі вопраткі свае на дарозе. А калі Ён ужо пад’яжджаў да спуску з гары Аліваў, усё мноства (Ягоных) вучняў пачало, радуючыся, моцным голасом славіць Бога за ўсе цуды, якія (яны) убачылі, кажучы: Багаслаўлены Гаспадар, што ідзе ў імя Госпада! Мір на Небе, і слава ў вышэйшых нябёсах! Тады нікаторыя хварысэі з натоўпу сказалі Яму: Настаўнік! забарані вучням Тваім! І, адказаўшы, сказаў ім: кажу вам, што калі яны замоўкнуць, дык каменьні закрычаць. І калі наблізіўся, то ўбачыўшы места, заплакаў па ім, кажучы: о, каб ты (Ярузалім) зразумеў хоць у гэты твой дзень, што для міру твайго! Цяпер жа (гэта) укрыта ад вачэй тваіх, бо прыйдуць на цябе дні, і ворагі твае акружаць цябе валам і сьціснуць цябе адусюль, і зьнішчаць цябе і дзяцей тваіх у табе і ня пакінуць у табе каменя на камені за тое, што ня распазнаў (ты) часу наведаньня цябе. І, увайшоўшы ў Сьвятыню, пачаў выганяць тых, хто прадаваў у ёй і купляў, кажучы ім: напісана: Дом Мой ёсьць Дом малітвы, а вы яго зрабілі лагвом разбойнікаў (Гісая 56:7; Яр. 7:4). І вучыў (Ён) у Сьвятыні кожны дзень; архірэі ж і кніжнікі шукалі, як Яго загубіць, і старэйшыны народу; і ня знаходзілі, што зрабіць (зь Ім), бо ўвесь народ абступаў Яго, слухаючы.

І сталася ў адзін з тых дзён, калі Ён вучыў народ у Сьвятыні і абвяшчаў Эвангельле, падступіліся архірэі ды кніжнікі са старэйшынамі, і сказалі Яму, кажучы: скажы нам, якою ўладаю (Ты) гэта робіш, і хто даў Табе гэтую ўладу? І, адказаўшы, Ён сказаў ім: запытаюся і Я ў вас адно слова, і скажыце Мне: хрышчэньне Яанавае было зь Неба, ці ад людзей? Яны ж разважалі паміж сабою, кажучы: калі скажам: «зь Неба», (то) скажа: «чаму тады (вы) ня паверылі яму?» калі ж скажам: «ад людзей», (то) увесь народ паб’е нас каменьнем, бо ён перакананы, што Яан ёсьць прарок. І адказалі: «ня ведаем адкуль». Тады Ісус сказаў ім: і Я ня скажу вам, якою ўладаю гэтае раблю. І пачаў (Ён) гаварыць да народу прыповесьць гэтую: адзін чалавек насадзіў вінаграднік і аддаў яго ў арэнду вінаградарам, і адлучыўся ў чужы край на доўгі час; і ў пару́ паслаў да вінаградараў раба, каб далі яму пладоў зь вінаградніку. Але вінаградары, зьбіўшы яго, адаслалі ні з чым. І (ён) ізноў паслаў другога раба; але яны і таго, зьбіўшы і зьняважыўшы, адаслалі ні з чым. І (ён) ізноў паслаў трэйцяга; яны ж і гэтага, зраніўшы, прагналі. Тады сказаў Гаспадар вінаградніку: што (мне) рабіць? пашлю Сына Майго ўлюбленага; можа, убачыўшы Яго, паўстыдаюцца. Але вінаградары, убачыўшы Яго, разважалі між сабою, кажучы: гэты ёсьць Спадкаемца; давайце, пайшоўшы, заб’ем Яго, каб спадчына стала нашай. І, выгнаўшы Яго вон зь вінаградніку, забілі. Што тады зробіць ім Гаспадар вінаградніку? Прыйдзе і зьнішчыць вінаградараў гэтых, і аддасьць вінаграднік іншым. Чуўшыя ж сказалі: хай ня станецца! Ён жа, паглядзеўшы на іх, сказаў: дык што ж значыць гэтае напісаньне?: «Ка́мень, Які адкінулі будаўнічыя, Ён стаўся Галавою вугла». Кожны, хто ўпадзе на гэты Ка́мень, разаб’ецца; а на каго (Ён) упадзе, таго раздушыць. І шукалі ў гэты час архірэі і кніжнікі накласьці на Яго ру́кі, але пабаяліся народу, бо зразумелі, што гэтую прыповесьць (Ён) сказаў пра іх. І, пасачыўшы (за Ім), падаслалі выведнікаў, якія прынімаючы выгляд праведных, падлавілі б Яго на (якім-небудзь) слове, каб выдаць Яго начальству і ўладзе намесьніка. І (тыя) спыталіся (ў) Яго, кажучы: Настаўнік! (мы) ведаем, што (Ты) правільна гаворыш і навучаеш і ня глядзіш на аблічча, але па праўдзе шляху Божаму вучыш. Ці дазволена нам даваць падатак кесару, ці не? Але (Ён), зразумеўшы іхную хітрасьць, сказаў ім: што вы Мяне спакушаеце? Пакажыце Мне дынарыя: чый (ён) мае абраз і надпіс? І, адказаўшы, (яны) сказалі: кесара. Ён жа сказаў ім: дык аддайце кесарава кесару, а Божае Богу. І ня змаглі яны падлавіць Яго на слове перад народам, і, зьдзівіўшыся Ягонаму адказу, замоўклі. Тады падыйшлі да Яго нікаторыя з саддукеяў, якія пярэчаць, што няма ўваскрасеньня, (і) спыталіся (ў) Яго, кажучы: Настаўнік! Масей напісаў нам: калі ў каго памрэ брат, які меў жонку, і ён памрэ бязьдзетным, каб брат ягоны ўзяў гэтую жанчыну і аднавіў семя брату свайму. Было ж сем братоў; і першы, узяўшы жонку, памёр бязьдзетным. І ўзяў другі тую жанчыну, і гэты памёр бязьдзетным. І трэйці ўзяў яе. Гэтак жа сама і (ўсе) сямёра ня аставілі дзяцей і памерлі. Пасьля ж усіх памерла і жанчына. Дык пры ўваскрасеньні каторага зь іх будзе (яна) жонкаю? Бо сямёра мелі яе жонкаю. І, адказаўшы, сказаў ім Ісус: сыны веку гэтага жэняцца і (дочкі) выходзяць замуж; але спадобленыя дасягнуць таго веку і ўваскрасеньня зь мёртвых ня жэняцца і замуж ня выходзяць; і памерці ўжо ня могуць, бо яны роўныя Ангелам і сыны Бога, раз (яны) ёсьць сынамі ўваскрасеньня. А што памершыя ўваскрашаюцца, і Масей паказаў ля цярнёвага куста, калі называе Госпада Богам Абрагама, і Богам Ісагака, і Богам Якуба. Бог жа ня ёсьць Бог мёртвых, але жывых. Бо ўсе Ім жывуць. Адказаўшы ж, нікаторыя з кніжнікаў сказалі: Настаўнік! Добра (Ты) сказаў. І ўжо (больш) ня адважваліся пытацца Яго ні пра што. І сказаў ім: як кажуць, (што) Хрыстос ёсьць Сын Давідаў? Сам жа Давід кажа ў кнізе Псальмаў: сказаў Госпад Госпаду Майму: сядзі праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх падножжам Ног Тваіх. Пагэтаму Давід называе Яго Госпадам, дык як (жа) Ён Сын ягоны? І калі слухаў увесь народ, (Ён) сказаў вучням Сваім: Сьцеражыцеся кніжнікаў, што любяць хадзіць у доўгіх вопратках і любяць прывітаньні на народных сходах і першыя мейсцы ў сынагогах і ўзьляжаньні сьпераду на вячэрах, што паядаюць хаты ўдоваў і дзеля віду доўга моляцца. Яны атрымаюць больш цяжкі прысуд.

Глянуўшы ж (Ён) убачыў багатых, якія клалі дараваньні свае ў скарбніцу. Убачыў жа і адну бедную ўдаву, якая паклала туды дзьве лепты, і сказаў: праўду кажу вам, што гэтая бедная ўдава больш за ўсіх паклала. Бо ўсе гэтыя ад лішка свайго клалі ў дары Богу; а яна ў беднасьці сваёй палажыла ўвесь пражытак свой, які мела. І калі нікаторыя гаварылі пра Сьвятыню, што (яна) аздоблена дарагімі каменьнямі і дарункамі, Ён сказаў: прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, ня застанецца ка́меня на ка́мені, які ня будзе зруйнаваны. І спыталіся ў Яго, кажучы: Настаўнік! дык калі гэта будзе? і якая прымета, таго калі гэта мусіць стацца? Ён жа сказаў: час наблізіўся, сьцеражыцеся, (каб вы) ня былі ўведзены ў аблуду; бо многія прыйдуць пад Імем Маім, кажучы: Я ёсьць, дык ня ідзіце ўсьлед за імі. Калі ж пачуеце пра войны і паўстаньні, ня жахайцеся, бо гэта мусіць стацца спачатку, але ня адразу канец. Далей казаў ім: паўстане народ на народ, дзяржава на дзяржаву. І будуць мейсцамі вялікія землятрусы, а таксама голад і пошасьці; і будуць вялікія жахі і знакі зь неба. А перад усім гэтым наложаць на вас рукі свае і будуць перасьледаваць, аддаючы ў сынагогі і ў вязьніцы, вядучы да каралёў і валадароў за Імя Маё. І станецца (гэта) дзеля сьвядоцтва вам. Пагэтаму пакладзіце ў сэрцы вашыя ня абдумваць загадзя, (што) адказваць. Бо Я дам вам вусны і мудрасьць, якой ня змогуць ні запярэчыць, ні супрацьстаць усе праціўнікі вашыя. Таксама будзеце выдадзены і бацька́мі, і братамі, і сваякамі, і сябрамі, і (нікаторых) із вас пазабіваюць; і будзеце зьнянавіджаныя ўсімі за Імя Маё, але і волас з галавы вашай ня прападзе. У цярплівасьці вашай ратуйце душы вашыя! Калі ж убачыце Ярузалім абложаным войскамі, тады ведайце, што наблізілася спусташэньне ягонае; тады тыя, хто ў Юдэі хай уцякаюць у горы; і хто ў месту, хай выходзяць зь (яго); і хто ў ваколіцах, няхай ня ўваходзяць у яго, бо гэта дні помсты, каб споўнілася ўсё напісанае. Гора ж цяжарным і кормячым грудзьмі ў тыя дні, бо будзе вялікі гвалт на зямлі і гнеў на народ гэты. І палягуць ад вастрыя мяча, і будуць адведзены ў палон да ўсіх народаў; а Ярузалім будзе таптаны паганамі пакуль ня споўняцца часы паганаў. І будуць знакі на сонцы, на месяцы і на зорках, а на зямлі туга ў народах у трывозе ад равучага і бушуючага мора, і людзі будуць пруцянець ад страху і чаканьня таго, што прыходзіць на чалавецтва; бо сілы нябесныя захістаюцца. І тады ўбачаць Сына Чалавечага, ідучы ў хмары з сілаю і славаю вялікаю. Калі ж пачне гэта дзеяцца, (то) выпрастайцеся і падніміце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленьне вашае. І сказаў ім прыповесьць: паглядзіце на смакоўніцу і на ўсе дрэвы: калі (яны) ужо распусьціліся, бачачы (гэта), самі ведаеце, ужо блізка лета. Таксама і вы, калі ўбачыце, (што) гэта збываецца, ведайце, што блізка Гаспадарства Бога. Праўду кажу вам, што ня пройдзе род гэты, як усё (гэтае) збудзецца. Неба і зямля прамінуць, але Словы Мае ня прамінуць. Сьцеражыцеся ж, каб сэрцы вашыя ня абцяжарыліся абжорствам і п’янствам і клопатамі жыцьцёвымі, і каб дзень той ня застаў вас няспадзявана, бо ён як сіло надыйдзе на ўсіх, што жывуць на абліччы ўсёй зямлі. Дык будзьце пільныя ва ўсякі час (і) маліцеся, каб спадобіцца (вам) пазбегнуць усіх тых падзей, што маюць адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым. Удзень Ён навучаў у Сьвятыні; а ночы, выходзячы, праводзіў на гары, называнай Аліваў. І ўвесь народ з раніцы прыходзіў да Яго ў Сьвятыню слухаць Яго.

Набліжалася ж Сьвята Праснакоў, што называецца Пасхаю. І шукалі архірэі і кніжнікі, як бы забіць Яго; але баяліся народу. Увайшоў жа шатан у Юду, празванага Іскарыётам, аднаго зь ліку дванаццацёх; і, пайшоўшы, (ён) дамовіўся з архірэямі і начальнікамі, як Яго прадаць ім. І (яны) узрадаваліся, і згадзіліся даць яму срэбнікаў. І (ён) паабяцаў і шукаў нагоды выдаць Яго ім, ды і ня пры народзе. Надыйшоў жа Дзень Праснакоў, у які належала быць заколатай Пасцы. І (Ён) паслаў Пятра і Яана, сказаўшы: пайдзіце, прыгатуйце нам з’есьці Пасху. Яны ж сказалі Яму: дзе хочаш нам прыгатаваць? Ён жа сказаў ім: вось, пры ўваходзе вашым у места сустрэнецца з вамі чалавек, нясучы збан вады; пайдзіце ўсьлед за ім у дом, куды (ён) увойдзе. І скажыце гаспадару дому: Настаўнік кажа табе: дзе пакой у якім бы (Мне) з’есьці Пасху з вучнямі Маімі? І ён вам пакажа вялікі верхні засланы пакой; там прыгатуйце. Пайшоўшы ж, (яны) знайшлі як (Ён) сказаў ім; і прыгатавалі Пасху. І як прыйшла гадзіна, (Ён) узьлёг і дванаццаць Апосталаў зь Ім, і сказаў ім: жаданьнем вялікім Я зажадаў з’есьці з вамі гэтую Пасху, перш Маёй пакуты; бо кажу вам, што ўжо ня буду есьці яе, пакуль яна ня будзе ўтворана ў Гаспадарстве Бога. І, узяўшы чару (і) аддаўшы падзяку, сказаў: вазьміце яе і падзяліце паміж сабою, бо кажу вам, што ня буду піць ад плоду вінаграднага, пакуль ня прыйдзе Гаспадарства Бога. І, узяўшы хлеб (і) аддаўшы падзяку, паламаў і падаў ім, кажучы: гэта ёсьць Цела Маё, што за вас даецца; рабіце гэтае на ўспамін пра Мяне. Таксама і чару пасьля вячэры, кажучы: гэта чара — Новы Запавет у Маёй Крыві, Якая за вас праліваецца. Ды вось, рука таго, хто выдае Мяне, са Мною за сталом; І хаця Сын Чалавечы ідзе па прызначэньню, але гора таму чалавеку, цераз каторага (Ён) прадаецца. Тады яны пача́лі між сабою ўзбуджана выясьняць, хто бы сярод іх гатовы гэтае зрабіць. Узьнялася і спрэчка паміж імі, хто зь іх вылучаецца відавочна быць большым. Ён жа сказаў ім: каралі народаў валадараць над імі, а тыя, хто гаспадарыць над імі, дабрачынцамі называюцца. Вы ж ня так: але бо́льшы сярод вас няхай будзе, як меншы, а начальнік, як слуга. Бо хто большы: ці той, хто ўзьляжыць, ці той, хто паслугуе? Хіба́ ня той, хто ўзьляжыць? А Я сярод вас як паслугуючы. Вы ж прабылі ў выпрабаваньнях Маіх са Мною ста́ла. І Я прызначаю вам, як прызначыў Мне Бацька Мой — Валадарства, каб вы елі і пілí за сталом Маім, і пасядзеце на пасадах, судзячы дванаццаць кален Ізраэлявых. І Госпад сказаў: Сымоне! Сымоне! вось шатан вымагаў, каб прасеяць вас, як пшаніцу; але Я памаліўся за цябе, каб ня заняпала вера твая; і ты некалі, навярнуўшыся, умацуй братоў тваіх. Ён жа сказаў Яму: Госпадзе! з Табою я гатовы і ў вязьніцу і на сьмерць ісьці. Але Ён сказаў: кажу табе, Пётра, ня прапяе сягоньня певень да таго як (ты) тройчы адрачэшся, (кажучы), што ня ведаеш Мяне. І сказаў ім: калі Я пасылаў вас бяз кашалька і (бяз) торбы і абутку, ці мелі (вы) у чым-небудзь патрэбу? Яны ж адказалі: ніякай. Тады сказаў ім: але цяпер, хто мае кашалёк, хай возьме, таксама і торбу; а хто ня мае, прадай вопратку сваю і купі меч. Бо кажу вам, што ўсё гэта напісанае павінна споўніцца на Мне: і да злачынцаў залічаны. Бо што тычыцца Мяне — надыходзіць канец. Яны ж сказалі: Госпадзе! вось тут два мечы! Ён жа сказаў ім: даволі. І, выйшаўшы, пайшоў, як звычайна, на гару Аліваў. І ўсьлед за Ім пайшлі і Ягоныя вучні. Прыйшоўшы ж на тое мейсца, Ён сказаў ім: маліцеся, каб ня ўвайсьці ў спакушэньне. І Ён адыйшоў ад іх, як кінуць камень і, укленчыўшы, маліўся, кажучы: Тата Мой! о, каб Ты зажадаў пранесьці гэту чару міма Мяне! Аднак ня Мая воля, але Твая хай станецца. Зьявіўся ж Яму Ангел зь Неба, падмацоўваючы Яго. І, апынуўшыся ў стане моцнага пакутніцкага змаганьня, Ён мацьней маліўся: і быў пот Ягоны, як згусткі крыві, што падаюць на зямлю. І, устаўшы ад малітвы, прыйшоўшы да вучняў, знайшоў іх сьпячымі ў смутку. І сказаў ім: што (вы) сьпíце? Устаўшы, маліцеся, каб ня трапіць у спакусу. І яшчэ Ён гаварыў, і вось натоўп, а сьпераду іх ішоў адзін з дванаццаці, па імені Юда, і падыйшоў да Ісуса, (каб) пацалаваць Яго. Ісус жа сказаў Яму: Юда! пацалункам прадаеш Сына Чалавечага? Тыя, што былі побач зь Ім, убачыўшы да чаго даходзе, сказалі Яму: Госпадзе! ці ня ўдарыць (нам) мечам? І адзін зь іх ударыў архірэйскага слугу і адсек яму правае вуха. І, загаварыўшы, Ісус сказаў: пакіньце, даволі гэтага. І, дакрануўшыся да вуха ягонага, ацаліў яго. Сабраўшымся ж супраць Яго архірэям і начальнікам Сьвятыні і старэйшынам Ісус сказаў: быццам на разбойніка выйшлі (вы) зь мечамі ды каламі, (каб узяць Мяне). Кожны дзень бываў Я з вамі ў Сьвятыні, (і вы) ня паднялі на Мяне рук; але гэтая гадзíна ёсьць вашая, і ўлады цемры. І, узяўшы Яго, павялі і прывялі Яго ў дом архірэя. Пётра ж ішоў сьледам здалёк. Калі ж распалілі вогнішча пасярод двара і паселі разам, Пётра сядзеў між імі. І адна служанка, убачыўшы яго, што сядзіць пры вогнішчы, і прыгледзіўшыся да яго, сказала: і гэты быў зь Ім. Ён жа адрокся ад Яго, сказаўшы: жанчына, я ня ведаю Яго. І няўзабаве другі, убачыўшы яго, казаў: і ты зь іх. Але Пётра сказаў: чалавеча! не! І, як прайшло каля гадзіны часу, нехта другі настойваў, кажучы: сапраўды, і гэты быў зь Ім, бо і ён галілеяц. Але Пётра сказаў: чалавеча! ня ведаю, (што) ты гаворыш! І адразу, калі ён яшчэ гаварыў, прапяяў певень. І, павярнуўшыся, Госпад глянуў на Пётру, і ўспомніў Пётра Слова Госпада, як Ён сказаў яму: перш, чым певень прапяе, тройчы адрачэшся ад Мяне. І, выйшаўшы вон, Пётра горка заплакаў. І мужчыны, якія трымалі Ісуса, глуміліся над Ім, (і) зьбівалі (Яго). І, накрыўшы Яго, білі Яго па Абліччу і пыталіся ў Яго, кажучы: прароч, хто ўдарыў Цябе? І многа іншага, блюзьнерачы, гаварылі супраць Яго. І калі настаў дзень, была сабрана рада старэйшынаў народу: архірэі і кніжнікі; і прывялі Яго ў свой сынэдрыён, кажучы: Калі Ты ёсьць Хрыстос, скажы нам. (Ён) жа сказаў ім: калі вам скажу, ня паверыце; А калі ж запытаюся (у вас), ня адкажаце Мне і ня звольніце. Адгэтуль Сын Чалавечы сядзе праваруч Сілы Бога. Сказалі ж усе: дык Ты ёсьць Сын Бога? Ён жа сказаў ім: вы кажаце, Хто Я ёсьць. Яны ж сказалі: якое яшчэ нам трэба сьведчаньне? бо (мы) самі пачулі з Вуснаў Ягоных.

І, падняўшыся, усё мноства іх прывяло Яго да Пілата. І пачалі абвінавачваць Яго, кажучы: (мы) знайшлі, што Ён зводзіць народ і забараняе плаціць падаткі кесару, называючы Сябе Хрыстом Каралём. Пілат жа запытаў Яго, кажучы: Ты ёсьць Кароль жыдоў? Ён жа, адказаўшы яму, сказаў: ты кажаш. І Пілат сказаў архірэям і народу: (я) ня знаходжу ніякай віны ў Гэтым Чалавеку. Але яны настойвалі, кажучы: (Ён) бунтуе народ, навучаючы па ўсёй Юдэі, пачаўшы ад Галілеі аж да гэтага мейсца. Пілат жа, пачуўшы пра Галілею, спытаўся: хíба Гэты Чалавек галілеяц? І, даведаўшыся, што (Ён) з вобласьці падуладнай Гіраду, паслаў Яго да Гірада, які таксама ў гэтыя дні быў у Ярузаліме. Гірад жа, убачыўшы Ісуса, вельмі ўзрадаваўся, бо на працягу доўгага часу (ён) хацеў убачыць Яго, бо шмат чуў пра Яго, і спадзяваўся ўбачыць цераз Яго які-небудзь знак. І задаваў Яму шмат пытаньняў; але Ён нічога ня адказаў яму. Стаялі ж архірэі і кніжнікі, зацята абвінавачваючы Яго. Гірад жа з жаўнерамі сваімі, зьняважыўшы і наглуміўшыся над Ім, накінуўшы на Яго сьветлую вопратку, адаслаў Яго да Пілата. І сталіся ў той дзень Пілат і Гірад паміж сабою прыяцелямі, бо раней (яны) былі між сабою ў варожасьці. Пілат жа, склікаўшы архірэяў і начальнікаў і народ, сказаў ім: вы прывялі да мяне Гэтага Чалавека, Які нібыта зводзіць народ; але я, вось, перад вамі расьсьледаваўшы, ня знайшоў у Гэтым Чалавеку ніякай віны, у якой (вы) абвінавачваеце Яго; а таксама Гірад. Бо я паслаў вас да яго, і вось, нічога вартага сьмерці Ім ня зроблена. Пагэтаму, зьбічаваўшы Яго, звольню. Бо яму трэба было дзеля сьвята звольніць ім аднаго (вязьня). Але ўвесь натоўп моцна закрычаў, кажучы: забі Яго! А нам звольні Бараўву. А той быў кінены ў вязьніцу за нейкі бунт, учынены ў месту, і забойства. Ізноў Пілат, жадаючы вызваліць Ісуса, узвысіў голас. Але яны крычалі, кажучы: укрыжуй! укрыжуй Яго! І трэйці раз сказаў ён ім: якое ж зло зрабіў Ён? Ніякай віны сьмяротнай (я) ня знайшоў у Ім; дык зьбічаваўшы Яго, звольню. Яны ж доўжылі моцна крычаць, патрабуючы Яго ўкрыжаваць. І перамаглі крыкі іхныя і архірэяў. І Пілат прысудзіў зрабіць па патрабаваньню іхнаму. І звольніў ім пасаджанага за бунт і забойства ў вязьніцу, каторага яны прасілі. А Ісуса выдаў на іхную волю. І калі павялі Яго, дык захапіўшы нейкага Сымона Кірэнэйца, які ішоў з поля, усклалі на яго крыж несьці ззаду за Ісусам. І ўсьлед за Ім ішло вялікае мноства народу і жанчын, якія рыдалі і галасілі па Ім. Павярнуўшыся ж да іх, Ісус сказаў: дочкі Ярузаліму! ня плачце па Мне, але плачце па сабе і па дзецях вашых. Бо вось надыходзяць дні, у якія скажуць: шчасьлівыя няплодныя і чэравы, якія ня нарадзілі, і пелькі, якія ня кармілі! Тады пачнуць гаварыць го́рам: упадзіце на нас, і ўзгоркам: пакрыйце нас! Бо калі зялёнаму дрэву гэтае робяць, то з сухім што станецца? Вялі ж разам зь Ім і двух другіх, злачынцаў, каб пакараць сьмерцю. І калі прыйшлі на мейсца, якое завецца «Чарэпнішча», там укрыжавалі Яго і злачынцаў, аднаго з правага (боку), а другога зь левага. Ісус жа казаў: Тата Мой! Даруй ім, бо (яны) ня ведаюць, што робяць. І тыя, што дзялілі вопраткі Ягоныя, кінулі жэрабя. І стаяў народ, назіраючы. Насьміхаліся ж (зь Яго) разам зь імі і начальнікі, кажучы: іншых выратоўваў, няхай (жа) Сябе Самога выратуе, калі Ён Хрыстос, Божы абранец. Таксама і жаўнеры глуміліся зь Яго, падыходзячы і падносячы Яму воцат, і кажучы: калі Ты Кароль жыдоў, выратуй Самога Сябе. Быў жа і надпіс над Ім напісаны літарамі грэцкімі, і рымскімі, і жыдоўскімі: Гэты ёсьць Кароль жыдоў. І адзін з павешаных ліхадзеяў зьняважаў Яго, кажучы: калі Ты Хрыстос, выратуй Сябе і нас. Другі ж у адказ пярэчыў яму, кажучы: ці ня баішся ты Бога, бо сам засуджаны на тое ж? І мы (засуджаны) справядліва, бо (мы) атрымліваем вартае нашых учынкаў. А Ён нічога благога ня зрабіў. І казаў Ісусу: успомні мяне, Госпадзе, калі прыйдзеш у Валадарства Тваё! І сказаў яму Ісус: праўду кажу табе: сягоньня разам са Мною будзеш у раю. Было ж каля шостай гадзіны, і цемра сталася па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай. І сонца было пакрыта цемрай, і завеса ў Сьвятыні была разарвана напалам. І, загаласіўшы моцным голасам, Ісус сказаў: Тата Мой! у Рукі Твае аддаю Дух Мой. І, сказаўшы гэтае, аддаў Дух. А сотнік, убачыўшы, што адбылося, праславіў Бога, кажучы: сапраўды Чалавек Гэты быў праведны. І ўвесь народ, што сабраўся на гэтае відовішча, бачучы, што адбылося, вяртаўся, б’ючы сябе ў грудзі. Усе знаёмыя Ягоныя і жанчыны, якія прыйшлі сьледам за Ім з Галілеі, стаялі воддаль, гледзячы на гэтае. І вось мужчына на імя Язэп, прыналежнік сынедрыёна, мужчына добры і праведны, ён ня згадзіўся з сынедрыёнам і з учынкам іхным, — із Арыматэі, места юдэйскага, і ён таксама чакаў Валадарства Бога. Ён, прыйшоўшы да Пілата, прасіў Цела Ісусавага; і, зьняўшы Яго, абвіў Яго ў ільняное палатно і паклаў Яго ў магілу, высечаную ў скале, дзе яшчэ ніхто ня ляжаў. А дзень (той) быў параскева, і надыходзіла субота. А жанчыны, якія прыйшлі зь Ім з Галілеі, пайшлі і агледзілі і магілу, і як было пакладзена Цела Ягонае. Вярнуўшыся ж яны прыгатавалі духмянасьці і масьці. І ў суботу засталіся ў спакоі паводля прыказаньня.

У першы ж дзень тыдня, вельмі рана, нясучы прыгатаваныя духмянасьці, прыйшлі (яны) да магілы, і разам зь імі нікаторыя (другія); але знайшлі, што камень адвалены ад магілы. І, увайшоўшы, ня знайшлі Цела Госпада Ісуса. І сталася, як яны былі зьбянтэжанымі гэтым, і вось, двое мужчын у бліскучых вопратках сталі перад імі. І калі яны спалохаліся, і нахілілі абліччы да зямлі, (тыя) сказалі ім: што вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго няма тут, бо Ён уваскрэшаны. Успомніце, як Ён гаварыў вам, будучы яшчэ ў Галілеі, кажучы, што Сын Чалавечы мусіць быць аддадзены ў рукі людзей грэшных і ўкрыжаваны, і на трэйці дзень уваскрэснуць. І ўспомнілі яны Словы Ягоныя. І, вярнуўшыся ад магілы, апавясьцілі аб гэтым усіх адзінаццацёх і ўсіх астатніх. Былі ж (гэта) Марыля Магдаліна і Яана, і Марыля Якубава і другія разам зь імі, каторыя расказалі аб гэтым Апосталам. І здаліся ім словы іхныя пустымі, і ня верылі ім. Але Пётра, устаўшы, прыбег да магілы і, нахіліўшыся, бачыць, што ляжаць толькі ільняныя палотны, і пайшоў назад, зьдзіўляючыся сам у сабе са стаўшагася. І вось у той жа дзень двое зь іх ішлі ў сяло, якое знаходзілася ў стадыях шасьцідзясяці ад Ярузаліму і называлася Эмаус. І яны размаўлялі між сабою аб усіх гэтых здарэньнях. І сталася, як яны гутарылі ды разважалі між сабою, Сам Ісус, наблізіўшыся, пайшоў разам зь імі. Але вочы іх былі стрымліваемы, дык ня пазналі Яго. (Ён) жа сказаў ім: пра што гэта вы, ідучы, разважаеце між сабою, і чаго вы (такія) засмучоныя? І, адказаўшы, адзін (зь іх), катораму імя Кляопа, сказаў Яму: Ты адзін з вандруючых у Ярузаліме і ня ведаў, што адбылося ў ім у гэтыя дні? І сказаў ім: менавіта, што? Яны ж сказалі Яму: што адбылося з Ісусам Назарэям, Каторы быў Прарокам, моцным у справе і слове перад Богам і ўсім народам. І як выдалі Яго нашыя архірэі і начальнікі на сьмяротны прысуд, і раскрыжавалі Яго. А мы спадзяваліся, што Ён ёсьць Той, што мае збавіць Ізраэля; але да ўсяго гэтага вось ужо трэйці дзень праходзіць сягоньня, як гэта сталася. Але і нікаторыя жанчыны з нашых зьдзівілі нас: пабываўшы рана раніцай каля магілы, і, ня знайшоўшы Цела Ягонага, прыйшлі (і) расказалі, (што) і зьяўленьне Ангелаў бачылі, каторыя кажуць, (што) Ён жывы; і пайшлі нікаторыя з нашых да магілы і знайшлі так, як і жанчыны сказалі, але Яго ня ўбачылі. І тады Ён сказаў ім: о, няцямныя і марудныя сэрцам, каб верыць усяму, што прадказалі Прарокі! Ці ж ня гэтак належала адпакутаваць Хрысту і ўвайсьці ў Славу Сваю? І, пачаўшы ад Масея і ад усіх Прарокаў, тлумачыў ім па ўсіх Пісаньнях, што (напісана) адносна Яго. І падыйшлі (яны) да таго сяла, куды ішлі; і Ён рабіў выгляд, што хоча ісьці далей; але (яны) затрымалі Яго, сказаўшы: застанься з намі, бо дзень ужо схіліўся да вечара. І Ён увайшоў, каб застацца разам зь імі. І сталася: калі Ён узьляжаў разам зь імі, узяўшы хлеб, багаславіў і, паламаўшы, падаў ім. І тады сталіся адчыненымі ў іх вочы, і (яны) пазналі Яго; але Ён стаўся для іх нябачны. І яны сказалі адзін аднаму: ці ня гарэла ў нас сэрца нашае, калі (Ён) гаварыў да нас у дарозе і калі тлумачыў нам Пісаньні? І, устаўшы, у той жа час вярнуліся ў Ярузалім і знайшлі сабраных разам адзінаццаць, і тых, (што былі) зь імі, якія гаварылі, што Госпад сапраўды ўваскрэшаны і быў з’яўлены Сымону. І яны расказвалі, што (сталася) у дарозе, і як Ён быў пазнаны імі ў ламаньні хлеба. Калі ж яны пра гэта гаварылі, Сам Ісус стаў пасярод іх і сказаў: мір вам! Яны ж спалоханыя і ў жаху падумалі, (што) бачаць духа. А Ён сказаў ім: чаму вы зьбянтэжаныя і чаму (такія) думкі ўваходзяць у сэрцы вашыя? Паглядзіце на Рукі Мае і на Ногі Мае, бо (гэта) Сам Я Ёсьць; абмацайце Мяне і разгледзьце, бо дух цела і касьцей ня мае, што, як бачыце маю Я. І, сказаўшы гэтае, паказаў ім Рукі і Ногі. Калі ж яны ад радасьці яшчэ ня верылі і дзівіліся, (Ён) сказаў ім: ці ёсьць у вас тут якая ежа? І яны падалі Яму кавалак печанай рыбы і трохі сотавага мёду. І, узяўшы, перад імі з’еў. І сказаў ім: вось тыя словы, якія (Я) сказаў вам, калі яшчэ быў з вамі: павінна споўніцца ўсё напісанае ў Законе Масея і ў Прарокаў, і ў Псальмах пра Мяне. Тады расчыніў ім розум дзеля разуменьня Пісаньняў. І сказаў ім: так напісана і так належала адпакутаваць Хрысту і ўваскрэснуць зь мёртвых на трэйці дзень. І быць прапаведаным у Імя Ягонае пакаяньню ды дараваньню грахоў ува ўсіх народах, пачаўшы ад Ярузаліму. Вы ж ёсьць сьведкі гэтага. І вось Я пасылаю абяцанае Бацькам Маім, на вас; вы ж застаньцеся ў месту Ярузаліме, пакуль ня будзеце прасякнуты сілаю з Вышыні. І вывеў іх да Бітані, і, падняўшы Рукі Свае, багаславіў іх. І сталася: як Ён багаслаўляў іх аддаліўся ад іх і (стаў) узносіцца на Неба. І яны, пакланіўшыся Яму, вярнуліся ў Ярузалім зь вялікаю радасьцю. І былі ўсьцяж у Сьвятыні, хвалячы і багаслаўлючы Бога. Амін.


Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.