Стары, выбрана́й па́ні і дзецям ейным, каторых я люблю шчыра, і ня толькі я, але і ўсе, што спасьцíглі Праўду. Па той прычыне, што ў нас жыве Праўда, і Яна ў нас будзе навек, з намі будзе Багадаць, літасьць, мір ад Бога Ба́цькі і ад Госпада Ісуса Хрыста, Сына Ба́цькі па праўдзе і любві. Я дужа ўзрадаваўся, што знайшоў сярод дзяцей тваіх такіх, што ходзяць у Праўдзе, як мы дасталі прыказаньне ад Ба́цькі. І цяпер умаляю цябе, пані, ня як бы прадпісваючы табе новае прыказаньне, але тое, якое мы мелі ад пачатку, каб мы любілі адзін аднаго. І гэта ёсьць любоў, каб мы жылí па прыказаньням Ягоным. Гэта ёсьць тое прыказаньне, якое вы пачулі ад пачатку, каб (вам) па яму жыць, бо многія падманшчыкі прыйшлі ў сьвет, якія ня вызнаюць Ісуса Хрыста, што прыйшоў у целе: гэткі (чалавек) ёсьць падманшчык і антыхрыст. Узірайцеся ў сябе, каб нам ня згубіць таго, (над чым) мы працавалі, але каб нам атрымаць поўную ўзнагароду. Кожны, хто пераступае навуку Хрыста, і ня прабывае ў ёй, Бога ня мае; хто прабывае ў наву́цы Хрыста — гэты мае Ба́цьку і Сына. Калі хто прыходзіць да вас і гэтай навукі ня прыносіць, яго ня прыймайце ў дом і ня вітайце яго. Бо хто вітае яго, той удзельнічае ў благіх учынках ягоных. Маючы многае вам пісаць, ня хачу на паперы і чарніламі, але спадзяюся прыйсьці да вас і гаварыць вуснамі да вуснаў, каб радасьць нашая была́ поўная. Вітаюць цябе дзеці сястры тваёй выбранай. Амін.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020