Библия › Сабіла › Да рымлянаў

Да рымлянаў

Паўла, раб Ісуса Хрыста, пакліканы Апостал, прызначаны для Дабравешчаньня (Жывога) Бога, якое Ён раней абяцаў праз Прарокаў Сваіх у Пісаньнях сьвятых: пра Сына Ягонага, Які нарадзіўся ад насеньня Давідавага па целу, (і Які) па сіле (і) па духу сьвятасьці адкрыўся Сынам Бога цераз уваскрасеньне із мёртвых — Ісуса Хрыста, Госпада нашага. Цераз Каторага мы атрымалі Багадаць і Апостальства дзеля паслушэнства веры ўва ўсіх народах у імя Ягонае, сярод каторых знаходзіцеся і вы, пакліканыя Ісусам Хрыстом. Усім, што знаходзяцца ў Рыме, любасным Бога, пакліканым сьвятым: Багадаць вам і мір ад Бога Бацькі нашага і Госпада Ісуса Хрыста. Найперш (я) дзякую Богу майму цераз Ісуса Хрыста за ўсіх вас, таму што ваша вера абвяшчаецца ўва ўсім сьвеце. Сьведка ж мой — Бог, Якому служу (я) духам маім у Дабравесьці Сына Ягонага, што (я) безупынна ўспамінаю вас, заўсёды ў малітвах маіх просячы, калі волі Бога будзе заўгодна цяпер нарэшце прыйсьці да вас. Бо вельмі хачу ўбачыць вас, каб перадаць вам пэўны духовы дар для ўмацаваньня вашага, гэта значыць суцешыцца разам з вамі верай вашай, а таксама і маёй. Ня хачу ж каб вы ня ведалі, браты, што я шмат разоў меў намер прыйсьці да вас, але сустракаў перашкоды нават да гэтага часу, каб мець нікаторы плод і сярод вас, як і ў іншых народаў. Я даўжнік і эллінам, і барбарам, і мудрым, і няразумным. Што тычыць мяне, то я гатоў дабравесьціць і вам, што ў Рыме, бо я ня саромеюся Эвангельля Хрыстовага: бо сіла Бога ёсьць на збаўленьне кожнаму веручаму: па першае жыду́, а потым (і) элліну. Бо праведнасьць Божая ў ім выяўляецца ад веры да веры, як напісана: праведны вераю жыць будзе. Бо гнеў Бога адкрываецца зь неба на ўсякую бязбожнасьць і няправеднасьць людзей, якія заціскаюць праўду няправеднасьцяй. Што можна ведаць пра Бога, яўна для іх, таму што Бог паказаў ім. Бо (быццам) нябачныя Ягоныя (уласьцівасьці), г.зн.: вечная сіла Ягоная і Боскасьць, ад стварэньня сусьвету будучы разглядаемымі зьяўляюцца бачнымі стварэньням (чалавекам), каб быць ім няапраўданымі. Таму што, пазнаўшы Бога, яны ня праславілі (Яго), як Бога, і ня праявілі (Яму) удзячнасьці, але ўзганарыліся ў думках сваіх, і прыцемрылася няразумнае сэрца іхнае. Маючы сябе за мудрых, здурнелі і замянілі Славу нясьмяротнага Бога на выяву абраза́ сьмяротнага чалавека і птушак, і чацьвераногіх (жывёлін), і паўзуноў. Пагэтаму і аддаў іх Бог у пажадлівасьцях іхных сэрцаў нячыстасьці: апаганьваць целы свае між сабою. Яны замянілі праўду Бога ілжою і пакланіліся, і служылі стварэньню замест Стварыўшага, Каторы багаслаўлёны ў вяках (вякоў). Амін. Пагэтаму аддаў іх Бог ганьбе распуснай зацятасьці. Таму і жанчыны іхныя замянілі прыроднае карыстаньне на супрацьпрыроднае. Падобна (гэтаму) і мужчыны, адхіліўшы прыроднае карыстаньне жаночага полу, распаляліся ў пахацінстве сваім адзін на воднага, мужчыны з мужчынамі чынячы сорам і атрымоўваючы належную адплату за сваю аблуду ў самых сабе. І, як яны ня ўважалі за патрэбнае мець ў пазнаньні Бога, (то) Бог аддаў іх бязглуздаму розуму чыніць няпрыстойшчыны, (яны) напоўненыя ўсялякай няправеднасьцю, блудадзействам, дрэннасьцю, хцівасьцю, зласьлівасьцю, поўныя зайздрасьці, забойства, сваркі, хітрыні, злога подступу (каварнасьці), пляткары, паклёпнікі, боганянавісьнікі, нахабныя, ганарліўцы, хвалькі, вынаходнікі зла, бацькам няпаслухмяныя, бязглуздыя, няверныя, бяссардэчныя, нязгодлівыя, няміласэрныя. Яны, пазнаўшы справядлівасьць Бога, што тыя, хто чыніць такое, варты сьмерці, ня толькі гэта робяць, але і пахваляюць тых, хто (гэтак) робяць.

Пагэтаму, о кожны чалавеча, што судзіш (за нешта другога)! Ты ня маеш прабачэньня (у тым выпадку), бо (калі) ты судзіш (за нешта) другога, (а сам) ты робіш тое самае. (Дык ты ў гэтым выпадку) засуджаеш (сам) сябе. Ведаем жа, што суд Бога робіцца па праўдзе (у адносінах) да тых, хто робіць такія (учынкі). О чалавеча, які судзіш робячых такія (учынкі)! Ты думаеш, што пазьбегнеш суда Бога, але робіш тыя самыя (учынкі)? Ці ня грэбуеш ты багацьцем Ягонай дабрыні і спагадлівасьці, і доўгацярплівасьці, ня разумеючы, што дабрыня Бога вядзе цябе да пакаяньня? Але з-за жорсткасьці тваёй і няпакаяннага сэрца, ты зьбіраеш сабе гнеў на дзень гневу і адкрыцьця справядлівага суду Бога. Які аддасьць кожнаму па ўчынках ягоных: тым, што праз стойкасьць добрага ўчынка шукаюць славы і чэсьці, і бяссьмяротнасьці — жыцьцё вечнае; тым жа, што сварліўцы і няпакорлівыя праўдзе, але падпарадкоўваюцца нягоднасьці — лютасьць і гнеў. Гора і ўціск душы ўсякага чалавека, які чыне зло: сьпярша жыда́ а (затым) элліна! Слава ж і чэсьць, і мір усякаму, хто чыніць дабро: сьпярша жыду́, а (затым) элліну! Бо ў Бога няма прадузятасьці да асобы. Бо тыя, хто вонках Закону саграшылі, вонках Закону і загінуць; а тыя хто пры Законе саграшылі, паводля Закону будуць асуджаны, таму што ня слухачы Закону праведныя перад Богам, але выканаўцы Закону будуць апраўданы. Бо калі пагане, якія ня маюць Закону, па прыродзе робяць тое, што па Закону, яны, ня маючыя Закону, яны самі сабе Закон: яны зьяўляюць дзела Закону, запісанае ў сэрцах іхных, маючы сьведчаньне ўласнага сумленьня, а таксама разважаньні, якія альбо абвінавачваюць, альбо апраўдваюць, у дзень, калі Бог будзе судзіць тайныя (учынкі) людзей празь Ісуса Хрыста, паводля майго Дабравешчаньня. Вось ты называеш сябе жыдом і абапіраешся на Закон, і хвалішся Богам. Ты ведаеш, таксама, волю (Бога) і разумееш лепшае, навучаючыся із Закону. Ты, таксама, упэўнены аб сабе, што ты ёсьць павадыр сьляпых, сьвятло для тых, што знаходзяцца ў цемры, (зьяўляешся) настаўнікам няразумных; настаўнік малалетніх, маеш паўнату разуменьня і праўды ў Законе. Але ты, навучаючы другога, ня вучыш сам сябе. Абвяшчаючы ня красьці, (ты) крадзеш. (Ты), кажучы ня чужаложнічаць, чужаложнічаеш, (ты), брыдзячыся балванамі, абкрадаеш Сьвятыню. (Ты), каторы хвалішся Законам, цераз парушэньне Закону ганьбіш Бога. Бо з-за вас ліхасловіцца імя Бога сярод паганаў, як напісана. Бо абразаньне карыснае тады, калі Закон выконваеш, калі ж зьяўляешся парушальнікам Закону, абразаньне тваё няабразаньнем сталася. Калі ж няабрэзаны выконвае пастановы Закону, дык, няўжо (ж), няабразаньне ягонае ня залічыцца (яму) у абразаньне? І (тады хто) па прыродзе няабрэзаны, (але) хто выконвае Закон, будзе судзіць цябе, парушальніка Закону, карыстаючы Пісаньне і (тваё) абразаньне; бо ня той, хто па выгляду зьяўляецца жыдом, і ня тое, што бачнае на целе абразаньне; але хто ўнутрана жыд, і абразаньне — (абразаньне) сэрца Духам, (але) ня па літары; такому пахвала ня ад людзей, але ад Бога.

Дык якая перавага ў жыда́, ці якая карысьць ад абразаньня? Вялікая ўва ўсіх адносінах; і найперш (перавага) у тым, што ім давераны словы Бога. Дык што, калі нікаторыя (зь іх) былі нявернымі? Няўжо іхная нявернасьць зьнішчыць вернасьць Бога? Няхай ня станецца (такога)! Бог ёсьць верны, а ўсякі чалавек (няўдзячны і някаюшчыйся) ёсьць ілгун, як напíсана: так каб патрабаваньні слоў Тваіх былі прызнаны (нават і няўдзячным і някаюшчымся чалавекам) правымі, і (каб Ты) перамог у судзе Тваім. Калі ж няправеднасьць нашая чыніць моцнай праведнасьць Бога, дык што скажам? Няўжо нясправядлівы Бог, Які праяўляе гнеў (да няўдзячнага і някаюшчагася чалавека)? Кажу як чалавек. Хай ня станецца (такога)! Інакш, якім чынам будзе судзіць Бог гэты (няўдзячны і някаюшчыйся) сьвет? Бо калі вернасьць Бога ўзвышаецца ў славу Ягоную маёй нявернасьцю, чаму я ўсё яшчэ судзімы, як грэшнік? (бо ня суджу сябе сам. 1Кар. 11:31). (А чаму бы) і ня (судзіць)? — як нікаторыя абмаўляюць нас і кажуць, (быццам) мы гаворым так: рабіце ліхое, каб прыйшло добрае — на такіх (паклёпнікаў) ёсьць справядлівы суд. Дык што? (Ці) маем мы (жыды ў параўнаньні зь эллінамі) перавагу (перад судом Бога)? Ні ў якім разе! мы ўжо раней даказалі: што як жыды, так і элліны ўсе ёсьць пад грэхам, як напісана: няма ніводнага праведнага. Няма разумеючага. Няма нікога, хто шукае Бога. Усе зьбіліся з дарогі; усе разам сталіся нягоднымі; няма, хто робіць дабро, няма ніводнага. Горла іхнае — магіла адкрытая; языкамі сваімі яны ашуквалі; атрута асьпідаў на вуснах іхных; Вусны іхныя поўныя праклёну і гарчыні. Ногі іх хуткія на праліцьцё крыві. Руйнаваньне і згуба на шляхох іхных; і шляху міру яны ня пазналі. Няма страху Божага перад вачыма іхнымі. А мы ведаем, што ўсё, што кажа Закон, (ён) кажа для тых, што знаходзяцца пад Законам, каб усе вусны змоўклі, і ўвесь сьвет стаўся вінаватым (перад) Богам: бо (па прычыне нявыкананьня) спраў Закону ня будзе апраўдана перад Ім ніякая плоць; бо праз Закон — пазнаньне грэху. Але цяпер нязалежна ад Закону зьяўлена апраўданьне Богам (чалавека), пра якое засьведчана Законам і Прарокамі. Апраўданьне ж (чалавека) Богам адбываецца па прычыне (мэсіянскай) вернасьці Ісуса Хрыста (Богу Бацьку), (адбываецца) для ўсіх і на ўсіх веручых; бо няма розьніцы (паміж усімі чалавекамі), бо ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Бога. (Але цяпер) апраўдваюцца (веручыя) да́рма Багадацьцю Ягонай цераз адкупленьне ў Хрысьце Ісусе, Якога Бог прынёс у ахвяру (дзеля) памілаваньня (чалавека) праз веру (чалавека) у (адкупленьне) Ягонай (Хрыстовай) Крывёю, дзеля выяўленьня апраўданьня Ягонага (чалавека) цераз дараваньне раней зробленых грахоў, у цярпеньні Бога для выяўленьня справядлівасьці Ягонай у цяперашні час, каб быць Яму справядлівым і апраўдываючым таго, хто верыць у Ісуса. Дык у чым (наша) хвальба? Выключана! Якім Законам? (Законам) учынкаў? Не, але цераз Закон веры. Пагэтаму мы робім выснову: чалавек апраўдываецца вераю нязалежна ад учынкаў па Закону. Няўжо Бог — (Бог) толькі жыдоў, а ня і паганаў? Ведама і паганаў. Таму што Адзін Бог, Каторы апраўдае абразаньне па веры і няабразаньне цераз веру. Дык (што), Закон касуем цераз веру? (Хай) ня будзе (такога)! Але Закон сьцьвярджаем.

Дык што скажам: (што) набыў па целу Абрагам, бацька наш? Калі ж Абрагам апраўданы па ўчынках ён мае пахвалу, але ня перад Богам. А што гаворыць Пісаньне? Паверыў Абрагам Богу, і (гэта) залічана яму ў праведнасьць. Таму хто робіць плата налічваецца ня па Багадаці, але па абавязку; а таму, хто ня робіць, але верыць у Апраўдваючага грэшнага (чалавека) залічваецца вера ягоная ў праведнасьць. Так і Давід называе шчасьлівым чалавека, катораму Бог ставіць праведнасьць нязалежна ад учынкаў: шчасьлівыя тыя, чые бяззаконьні дараваныя і чые грахі пакрытыя; шчасьлівы чалавек, якому Госпад ня залічыць грэху. Гэта шчасьце значыць для абразаньня ці і для няабразаньня? Таму (мы) гаворым: залічана Абрагаму вера ў праведнасьць. Калі залічана? У абразаньні ці ў няабразаньні? Ня ў абразаньні, але ў няабразаньні. І знак абразаньня атрымаў ён: як пячатку праведнасьці (цераз) веру ў няабразаньні, каб быць яму бацькам усіх веручых у няабразаньні, так каб і ім была залічана праведнасьць; і бацькам абразаньня, тых, што ня толькі абрэзаныя, але і жывуць па (таму жа) ладу жыцьця веры ў няабразаньні бацькі нашага Абрагама. Бо ня праз Закон (ёсьць) абяцаньне Абрагаму альбо насеньню ягонаму, нашчадку ягонаму (быць бацькам усяго) сьвету, але цераз праведнасьць веры. Калі ж нашчадкі па Закону, дык вера марная і бязьдзейнае абяцаньне; бо Закон нараджае гнеў: бо дзе няма Закону, (там) няма і грэху. Пагэтаму (абяцаньне бярэцца) цераз веру, каб (было) па Багадаці. Так што ёсьць цьвёрдае абяцаньне ўсім нашчадкам, каторыя ня толькі па Закону, але і па веры Абрагама, каторы ёсьць бацька ўсіх нас, як напісана: ба́цькам многіх народаў паставіў Я цябе, перад (Тым) у Каторага ён паверыў — Бога, Які ажыўляе мёртвых, і называе няіснуючае як існуючае. У безнадзейнай сітуацыі (Сарра ўжо стала нядзятароднай) ён праявіў надзею (на Божае абяцаньне), каб стаць яму ба́цькам многіх народаў, паводля сказанага: гэткім (шматлюдным) будзе насеньне тваё. І, ня аслабеўшы верай, ён ня памысьліў аб сваім целе, якое ўжо амярцьвела, будучы стогадовым, а таксама аб амярцьвеўшым улоньні Сарры, і (ён) ня захістаўся ў няверы абяцаньню Бога, але быў умацаваны ў веры, даўшы Славу Богу, і будучы цьвёрда ўпэўненым, што тое, што абяцаў (Бог), Ён моцны і выканаць. Таму (гэтая цьвёрдая вера Богу) і залічана яму ў праведнасьць. І напісана што тое, што залічана ў праведнасьць яму, залічана ня толькі яму аднаму, але і нам, хто верыць Таму, Хто ўваскрасіў із мёртвых Ісуса, Госпада нашага, Каторы быў аддадзены (на сьмерць) за грахі нашыя, і ўваскрэшаны для нашага апраўданьня.

Такім чынам апраўданыя цераз веру (мы) маем мір з Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, цераз Якога і маем доступ вераю да гэтай Багадаці ў якой стаім і хвалімся надзеяй славы Бога. І ня толькі (гэтым), але хвалімся і пакутамі, ведаючы што, пакута ўтварае цярпеньне. А цярпеньне (утварае) досьвед, а досьвед (утварае) надзею. А надзея (на Бога) ня прыводзіць да сораму (і расчараваньня), таму што любоў Бога выліта ў сэрцы нашыя Духам Сьвятым, Які даны нам. Бо Хрыстос (тады), калі мы былí яшчэ нямоглымі ў вызначаны час памёр за грэшнікаў. Бо наўрад ці памрэ хто за пра́ведніка, хíба што за дабрачынцу можа быць хто і адважыцца памерці. Але Бог паказвае Сваю любоў да нас (тым), што, калі мы былі яшчэ грэшнікамі, Хрыстос памёр за нас. Дык тым больш цяпер, калі мы апраўданы Крывёю Ягонаю, будзем выратаваны Ім ад гневу. Бо калі мы (яшчэ) будучы ворагамі прыміраны з Богам цераз сьмерць Сына Ягонага, тым больш, прыміраныя, будзем збаўлены жыцьцём Ягоным. І мала таго, але і хвалімся Богам цераз Госпада нашага Ісуса Хрыста, цераз Каторага цяпер мы атрымалі прымірэньне. Пагэтаму, як цераз аднаго чалавека грэх увайшоў у сьвет (кожнага чалавека) а цераз грэх — сьмерць, так і на ўсіх людзей перайшла сьмерць (таму што) у ім усе саграшылі. Бо (і) да Закону грэх быў у сьвеце (ва ўсіх людзях), але грэх ня залічваецца, калі няма Закону, але сьмерць валадарыла ад Адама аж да Масея і над ня саграшыўшымі, падобна праступку Адама, каторы ёсьць абраз Будучага (Адама). (Ён прыйшоў) ня (спагнаць) за грэх, а прынёс Багадаць. Бо калі цераз грэх аднаго многія памерлі, дык Багадаць Бога яшчэ большая і дар цераз Багадаць аднаго Чалавека, Ісуса Хрыста, зьяўлена са збыткам для многіх. І дар — ня як за аднаго саграшыўшага, таму што прыгавор з-за аднаго на засуджэньне (многіх); але дар Багадаці — на апраўданьне (многіх) ад многіх грахоў. Калі ж цераз грэх аднаго (чалавека) сьмерць валадарыла цераз аднаго (чалавека), тым большы збытак Багадаці, і тыя, хто прынімае дар праведнасьці ў жыцьці (сваім) будуць валадарыць цераз Аднаго Ісуса Хрыста. Пагэтаму як цераз грэх аднаго (чалавека) для ўсіх людзей засуджэньне, так і цераз праведнасьць Аднаго для ўсіх людзей апраўданьне на жыцьцё. Бо як цераз няпаслушэнства аднаго чалавека грэшнікамі аб’яўленыя многія, так і цераз паслушэнства Аднаго праведнікамі будуць аб’яўлены многія. Закон жа прыйшоў пасьля, (і) такім чынам узрасла (веліч) грэху. Калі ж узрос грэх, стала церазмерна збыткаваць Багадаць. Каб як грэх запанаваў на сьмерць, так і Багадаць каб запанавала праз праведнасьць Ісуса Хрыста, Госпада нашага, на жыцьцё вечнае.

Што ж скажам? Ці заставацца нам у грэху, каб памножылася Багадаць? Хай ня будзе (такога)! Мы, каторыя памерлі для грэху, як (жа) яшчэ будзем жыць у ім? Ці ня ведаеце, што ўсе мы, якія ахрышчаны ў Хрыста Ісуса, у сьмерць Ягоную ахрышчаны? Такім чынам, мы пахаваныя зь Ім праз хрышчэньне ў сьмерць, каб, падобна як Хрыстос уваскрэшаны зь мёртвых славаю Бацькі, так (каб) і мы жылí ў абноўленым жыцьці. Калі ж мы злучаны зь Ім падабенствам Ягонай сьмерці, тады будзем і (удзельнікамі Ягонага) уваскрэшаньня, ведаючы гэта, што стары наш чалавек раскрыжаваны зь (Ім), каб было зьнíшчана цела грэху, каб больш ня служыць нам грэху; таму што памерлы (ёсьць) вызвалены ад грэху. Калі ж мы паме́рлі разам з Хрыстом, (то) верым, што і жыць будзем (разам) зь Ім, ведаючы, што Хрыстос, будучы ўваскрэшаным зь мёртвых, (ужо) больш ня ўмірае, (бо) сьмерць ужо над Ім ня мае ўлады. А тое, што Ён аднойчы памёр, (азначае), што (Ён) памёр для грэху, а тое, што (Ён) жыве, (азначае) што (Ён) жыве для Бога. Такім чынам і вы прызнавайце сябе мёртвымі для грэху, а жывымі для Бога ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым. Дык хай ня валадарыць грэх у сьмяротным целе вашым, каб вам слухацца яго ў пажадлівасьцях ягоных. І ня аддавайце чэлясаў вашых грэху, як сродкі няправеднасьці, але аддайце сябе Богу як із мёртвых ажыўшыя, і чэлясы вашыя Богу, як сродкі праведнасьці. Грэх ня будзе мець над вамі ўладу таму што вы ня знаходзіцеся пад Законам, але пад Багадацьцю. Дык што? Будзем грашыць, таму што мы ёсьць ня пад Законам, але пад Багадацьцю? Хай ня будзе (такога)! Хíба вы ня ведаеце, што каму вы аддаяце сябе ў рабы на паслушэнства, таму вы (і) рабы, каго слухаецеся: ці грэха — на сьмерць, ці паслушэнства (Богу) — на праведнасьць? Вы былі некалі рабамі грэху, але (цяпер), дзякуй Богу, што ад сэрца (вы) скарыліся пераданаму вам вобразу вучэньня. І вызваліўшыся ад грэху вы сталі рабамі праведнасьці. Па-чалавечы кажу па прычыне немачы вашай плоці. Як аддавалі вы чэлясы вашыя ў слугі нячыстасьці і бяззаконьню на бяззаконьне, так цяпер аддайце чэлясы вашыя ў слугі праведнасьці для асьвячэньня. Калі ж вы былі рабамі грэху, (тады вы) былі свабоднымі (ад) праведнасьці. Які ж плод мелі вы тады? (Такія ўчынкі), якіх вы цяпер сароміцеся, таму што канец іхны — сьмерць. Цяпер жа вызваліўшыся ад грэху і стаўшы рабамі Богу, маеце плод ваш — на асьвячэньне, а канец (ягоны) — жыцьцё вечнае. Бо расплата за грэх — сьмерць. А дар Бога — жыцьцё вечнае ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.

Ці ня ведаеце браты, бо кажу тым, хто ведае Закон, што Закон мае ўладу над чалавекам, пакуль ён жыве. Бо замужняя жанчына прывязана Законам да жывога мужа. Калі ж муж памрэ, яна вызвалена ад Закону замужжа. Пагэтаму, калі (яна) выйдзе замуж за другога мужчыну пры жывым мужу, (то яна) будзе называцца чужаложніцай; калі ж муж памрэ, (то) яна вольная ад Закону (замужжа), каб ня быць ёй чужаложніцай, выйшаўшы за другога мужчыну. Так што і вы, браты мае, умярцьвёны для Закону праз Цела Хрыста, каб належаць вам другому, зь мёртвых Уваскрэшанаму, каб мы прынесьлі плод Богу. Калі ж мы былі ў целе (грахоўным), (то) пажадлівасьці грахоў, якія (выяўляюцца) праз Закон, дзейнічалі ў чэлясах нашых, каб прынесьці плод сьмерці; цяпер жа мы вызвалены ад Закону, памершы (для яго), якім былі зьвязаны, каб служыць нам (Богу) па-новаму ў духу, а ня па старой літары. Дык што скажам? Закон — грэх? Хай ня будзе (такога)! Але грэх я ўразумеў ня інакш, як праз Закон. Бо я і пажадлівасьці ня ведаў бы, калі б Закон ня казаў: «ня пажадай». Але грэх ухапіўшыся, як за падставу, за Загад, выклікаў ува мне ўсякую пажадлівасьць, таму што бяз Закону грэх мёртвы. Я жыў некалі бяз Закону; а калі прыйшоў Загад, грэх ажыў, а я памёр. І мной знойдзена, што Загад, які (дадзены) на жыцьцё, ён (аказаўся скарыстаным мне) на сьмерць. Бо грэх, злоўжываючы Загадам (Закона), ашукаў мяне і празь яго (Загад Закона) забіў (мяне разам са Хрыстом). Такім чынам Закон сьвяты і Загад сьвяты і праведны, і добры. Дык што, добрае сталася для мяне сьмерцю? Хай ня будзе (такога)! Але грэх, каб быў выяўлены грахом, робіць мне сьмерць праз добрае (праз Загад), так што грэх стаў празьмерна грэшным праз Загад. Бо ведаем, што Закон — духовы, а я — плацкі, прададзены граху. Бо ня разумею, што раблю; таму што раблю ня тое, што хачу, але раблю тое, што нянавіджу. Калі ж раблю тое, чаго ня хачу, згаджаюся (з тым), што Закон добры. Дык цяпер ужо ня я раблю гэта (грахоўнае), але грэх, які жыве ўва мне. Бо ведаю, што ня жыве ўва мне, гэта значыць у плоці маёй, добрае, бо жаданьне (добрага) ёсьць ува мне, але (каб) зрабіць добрае, ня знаходжу (сілы). Таму што раблю ня тое, што хачу, (гэта значыць) добрае, але раблю тое, чаго ня хачу, (гэта значыць) ліхое. Калі ж я раблю тое, чаго ня хачу, раблю гэта ўжо ня я, але грэх, які жыве ўва мне. Дык вось знаходжу закон: як толькі захачу рабіць добрае, ува мне ўзьнікае (і) ліхое. Бо паводля ўнутранага чалавека захапляюся Законам Бога, але ў чэлясах маіх бачу другі закон, які ваюе супраць закону розуму майго і бярэ мяне ў палон закону грэху, які знаходзіцца ў чэлясах маіх. Няшчасны я чалавек! Хто вызваліць мяне ад гэтага цела сьмерці? Дзякую Богу цераз Ісуса Хрыста, Госпада нашага. Дык вось той самы я розумам служу Закону Бога, а плоцьцю — закону грэху.

Дык вось цяпер няма ніякага асуджэньня тым, хто жыве ў Хрысьце Ісусе ня паводля плоці, але паводля духу, бо закон Духа Жыцьця ў Хрысьце Ісусе вызваліў мяне ад закону грэху і сьмерці. Бо слабасьць Закону ў тым, (што) ён быў аслаблены плоцьцю: Бог, Які паслаў Свайго Сына ў падабенстве плоці грахоўнай і з прычыны грэху, засудзіў грэх у плоці, каб праведнасьць Закону была споўнена ў нас, якія жывуць ня паводля плоці, але паводля духу, таму што тыя, хто жывуць паводля плоці, пра плоць (і) думаюць, а тыя, хто (жывуць) паводля духу, (думаюць) пра тое, што ад (вызваленага) духу. Бо думкі (паводля) плоці — сьмерць, а думкі (паводля вызваленага) духу ёсьць жыцьцё і мір. Бо думкі (паводля) плоці — варожасьць супраць Бога, таму што Закону Бога ня падпара́дкуюцца, ды і ня могуць. Тыя, хто жывуць паводля плоці, Богу дагадзіць ня могуць. Вы ж ня ёсьць у плоці (ня падпара́дкуецеся плоці), але ў духу (падпара́дкуецеся вызваленаму духу), калі толькі Дух Бога жыве ў вас. Калі ж хто Духа Хрыстовага ня мае, той (і) ня Ягоны. Калі ж Хрыстос у вас, (то) цела — мёртвае для грэху, а дух — жыцьцё для праведнасьці. Калі ж Дух Таго, Хто ўваскрасіў Ісуса зь мёртвых, жыве ў вас, (то) Той, Хто ўваскрасіў Хрыста зь мёртвых, ажывíць і вашыя сьмяротныя це́лы празь Ягонага Духа, Які жыве ў вас. Такім чынам, браты, мы ня даўжнікі плоці, каб жыць (нам) паводля плоці. Калі ж жывяце паводля плоці, то памраце; калі ж (вызваленым) духам учынкі плоці (цела) умярцьвяеце, будзеце жыць. Бо ўсе, каго водзіць Дух Бога, гэтыя ёсьць сыны Бога. Таму, што вы ня прынялі духа рабства, (каб) ізноў (жыць) у страху, але прынялі Духа ўсынаўленьня, Якім мы клічам: Абба, Тата! Гэты самы Дух сьведчыць духу нашаму, што мы ёсьць дзеці Бога. Калі ж дзеці то і спадкаемцы — спадкаемцы Бога, сумесныя спадкаемцы з Хрыстом, калі толькі паку́туем разам зь (Ім), каб таксама быць (і) праслаўленымі зь (Ім). Бо думаю, што пакуты цяперашняга часу ня вартыя ў параўнаньні з (будучай) славай, (якая) будзе выяўлена ў нас. Бо (усё) стварэньне нясупынна і прагна чакае адкрыцьця сыноў Бога; таму што (усё) стварэньне скорана спусташэньню ня (паводля) добрай волі, але паводля волі Пакарыўшага ў надзеі. Таму што і само стварэньне будзе вызвалена з рабства пагібелі ў свабоду славы дзяцей Бога. Бо ведаем, што ўсё стварэньне разам стогне і мучыцца аж да гэтага часу; ды (і) ня толькі (стварэньне) але і мы самі, што маем залог Духа, і мы самі ў сабе стогнем цярпліва чакаючы ўсынаўленьня, адкупленьня цела нашага. Бо мы ўратаваныя праз надзею. А надзея, калі бачыць, ня зьяўляецца надзеяй; бо калі хто бачыць, дык чаго (яму) і спадзявацца? Калі ж чаго ня бачым, (на тое) спадзяёмся і зь цярплівасьцю чакаем. Такім чынам і Дух дапамагае (нам) у немачах нашых; бо аб чым маліцца, як належыць, мы ня ведаем, але Сам Дух хадайнічае за нас стагнаньнямі нявымоўнымі. Той, Хто выпрабоўвае сэрцы, ведае якая думка ў Духа, таму што Ён хадайнічае за сьвятых паводля (волі) Бога. Ведаем жа, што тым, хто любіць Бога, пакліканым паводля (Ягонай) волі, усё садзейнічае на дабро. Таму што тых, каторых Ён пазнаў наперад, тым наперад і вызначыў быць падобнымі вобразу Сына Ягонага, каб быць Яму Першародным паміж многімі братамі; каторых жа Ён наперад вызначыў, тых і прыклікаў; а каторых прыклікаў, тых і апраўдаў, каторых жа апраўдаў, тых і праславіў. Дык што скажам на гэта? Калі Бог за нас, хто супраць нас? Той, Каторы ня пашкадаваў Свайго Сына, але за ўсіх нас аддаў Яго, як жа ня падаруе (дасьць) нам разам зь Ім і ўсё? Хто будзе абвінавачваць выбраных Бога? Бог (ёсьць) Той, Які (іх) апраўдвае. Хто (іх) асуджае? Хрыстос памёр, але быў і ўваскрэшаны! Ён і знаходзіцца праваруч Бога, Ён і хадайнічае за нас. Хто нас адлу́чыць ад любві Хрыста: гора ці ўціск, ці перасьледаваньне, ці голад, ці голасьць, ці нябясьпека, ці меч? як напісана: за Цябе нас забіваюць кожны дзень, мы прызначаны як авечкі на ўбой. Але ўсё гэта мы перамагаем праз Палюбіўшага нас. І я перакананы, што ні сьмерць, ні жыцьцё, ні Ангелы, ні начальствы, ні сілы, ні цяперашнія, ні будучыя, ні вышыня, ні глыбіня, ні якое іншае стварэньне ня можа нас адлучыць ад любві Бога якая ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.

Праўду кажу ў Хрысьце, ня маню, сьведчыць мне сумленьне маё ў Сьвятым Духу, што вялікі ў мяне смутак і няспынны боль сэрцу майму: я маліў (хацеў бы быць) сам быць пад анатэмай ад Хрыста за братоў маіх, родных мне па целу, каторыя ёсьць ізраэльцяны, чые (ёсьць і) усынаўленьне, і слава, і Запаветы, і дадзены Закон, і служэньне, і абяцаньні, чые (і) ба́цькі, ад якіх і Хрыстос па целу, Які ёсьць над усімі Бог, багаслаўлёны ў вяках вякоў. Амін. Такога ня можа быць, каб Слова Бога ня спраўдзілася. Таму што ня ўсе тыя, якія ад Ізраэля ёсьць Ізраэль; і ня тыя, якія ёсьць семя Абрагама, усе (ёсьць Ягоныя) дзеці, але: у Ісагаку будзе назва́на табе семя. Гэта значыць ня дзеці плоці ёсьць дзеці Бога, але дзеці абяцаньня лічацца за семя. Слова ж абяцаньня такое: у гэты час прыйду, і будзе ў Сарры сын. І ня толькі (гэта) але і Рабэка зачала адначасова ад ба́цькі нашага Ісага́ка. Бо яшчэ ня нарадзіўшыся і ня зрабіўшы нічога добрага альбо благога, каб замысел Бога зьдзейсьніўся ня паводля ўчынкаў, але паводля выбраньня (Бога), паводля Таго, Хто кліча, — было ска́зана ёй: большы будзе рабом меньшаму. Як напíсана: Якуба Я палюбіў, а Ісава ўзьнянавідзіў. Дык што скажам? Няўжо нясправядлівасьць у Бога? Хай ня будзе (такога)! Бо Ён Масею кажа: каго мілаваць, памілую; і каго шкадаваць, пашкадую. Такім чынам ня ад жадаючага, і ня ад намагаючагася, але ад мілуючага Бога. Бо Пісаньне гаворыць хвараону: дзеля таго Я (і) узвысіў цябе, каб паказаць над табою сілу Маю, і каб было абвешчана Імя Маё па ўсёй зямлі. Такім чынам, каго хоча — мíлуе, а каго хоча — робіць жорсткім. Скажаш тады мне: за што яшчэ (Ён і) вінаваціць? Бо Ягонай волі хто супрацьстане? Але о, чалавек! Хто ты такі, што пярэчыш Богу? Ці скажа зьлепленая рэч таму, хто зьляпіў: чаму ты мяне зрабіў такой? Ці ня мае ўлады ганчар над глінай, каб з таго ж месіва зрабіць адзін посуд для чэсьці, а другі — для штадзённага ўжытку? Калі Бог нават хочачы паказаць гнеў і выявіць магутнасьць Сваю, (але ўсё-такі) сьцярпеў зь вялікім доўгацярпеньнем пасудзіны гневу, прыгатаваныя на пагібель, так каб зрабіць вядомым багацьце Славы Сваёй над пасудзінамі міласэрнасьці, якія Ён наперад прыгатаваў да славы, якіх і прыклікаў, нас, ня толькі з жыдоў, але і з паганаў, як і ў Госі кажа: назаву народ ня Мой, народам Маім, і нялюбую (назаву) любай. І будзе: на тым мейсцы, дзе сказана было ім: «вы народ ня Мой», там названы будуць сынамі Бога Жывога. Гісая ж усклікае аб Ізраэлю: калі б лік сыноў Ізраэля быў, як пясок марскі, збаўлены будзе (толькі) астатак; бо спаўняючы слова і прысьпешваючы справядлівасьць, хутка (і рашуча) споўніць Госпад (Сваю) справу на зямлі. І, як наперад сказаў Гісая: калі б Госпад Сабаот ня пакінуў нам семені, мы зрабіліся б як Садом, і Гаморы былі б падобны. Што ж скажам? Пагане, якія ня імкнуліся да праведнасьці, дасягнулі праведнасьці; праведнасьць жа ад веры. Ізраэль жа, які імкнуўся да праведнасьці паводля Закону, праведнасьці (паводля) Закону ня дасягнуў. Чаму? Таму што (шукалі) ня ад веры, але ад учынкаў Закону: бо яны спатыкнуліся аб Камень спатыканьня, як напісана: вось Я кладу на Сыёне Камень спатыканьня і Камень спакусы. І ўсякі, хто верыць у Яго, ня будзе пасаромлены.

Браты! з маім глыбокім сардэчным перажываньнем (я) у прашэньні перад Богам за Ізраэль аб (ягоным) выратаваньні. Бо сьведчу ім, што (яны) маюць руплівасьць па Богу, але бязь ве́даньня (праўды Бога). Бо ня разумеючы праведнасьці Бога і імкнучыся ўстанавіць сваю праведнасьць, яны ня пакарыліся праведнасьці Бога; бо канец Закону — Хрыстос, на апраўданьне кожнаму веручаму. Бо Масей піша аб праведнасьці паводля Закону: чалавек, які яго споўніў, жыць будзе ім. А праведнасьць ад веры кажа так: ня кажы ў сэрцы тваім: хто ўзыйдзе на Неба?, гэта значыць Хрыста зьвесьці (уніз); альбо: «хто сыйдзе ў бяздоньне?», гэта значыць Хрыста із мёртвых узьвесьці. Але што кажа (Пісаньне)? «Блізка да цябе слова, у вуснах тваіх і ў сэрцы тваім», гэта значыць слова веры, якое мы абвяшчаем. Таму што, калі ты вызнаў вуснамі тваімі Госпада Ісуса і паверыў у сэрцы тваім, што Бог уваскрасіў Яго зь мёртвых, будзеш выратаваны: бо сэрцам верыцца дзеля праведнасьці, а вуснамі вызнаецца дзеля збаўленьня. Бо Пісаньне гаворыць: «Кожны, хто верыць у Яго, ня будзе пасаромлены». Таму што няма розьніцы паміж жыдом і эллінам, таму што Ён — Госпад усіх, багаты для ўсіх, хто кліча Яго. Бо кожны, хто б ні прыклікаў Імя Госпада, будзе збаўлены. Як жа будуць клікаць (Таго), у Каторага ня ўверавалі? Як жа павераць у (Таго), пра Каторага ня пачулі? Як жа пачуюць бяз абвяшчаючага? Як жа будуць абвяшчаць, калі ня будуць пасланыя? Як напісана: «Як прыгожыя ногі тых, хто дабравесьцяць мір, дабравесьцяць добрае!» (Гісая 52:7). Але ня ўсе паслухалі Эвангельля. Бо Гісая кажа: «Госпадзе! Хто паверыў паведамленьню нашаму?» Такім чынам, вера — ад пачутага, а слуханьне — у Слове Бога. Але пытаюся: хіба яны ня пачулі? Больш таго, па ўсёй зямлі прайшоў голас іхны (прапаведуючых), і да межаў заселенай зямлі (прайшлі) словы іхныя. Але пытаюся: хіба Ізраэль ня ведаў? Масей гаворыць першы: «Я прывяду вас да рупнасьці ня народам; раздражню вас народам някемлівым». Гісая асьмеліваецца і кажа: «Я знойдзен тымі, хто Мяне ня шукаў, Я стаўся яўным для тых, што ня пыталіся пра Мяне». Да Ізраэля ж гаворыць: «Увесь дзень Я працягваў Рукі Мае да народу няпаслухмянага і ўпартага».

Пагэтаму пытаюся: няўжо адкінуў Бог народ Свой? Хай ня будзе (такога)! Бо і я ізраэлянін ад насеньня Абрагамавага, з роду Бэньямінавага. Ня адкінуў Бог народу Свайго, які ведаў наперад. Хіба ня ведаеце, што кажа Пісаньне пра Ільлю? Як ён скардзіцца Богу на Ізраэля, кажучы: «Госпадзе! Прарокаў Тваіх яны забілі і ахвярнікі Твае разбурылі, і я застаўся адзін, і яны шукаюць (і) маёй душы». Але што кажа яму Божы адказ? «Я пакінуў Сабе сем тысячаў мужчынаў, якія ня ўкленчылі перад Баалам». Такім жа чынам і ў цяперашні час захавалася рэшта па выбраньню Багадаці. Калі ж па Багадаці, то ўжо ня ад учынкаў, інакш Багадаць ужо ня зьяўляецца Багадацьцю. Калі ж ад учынкаў, то гэта ўжо ня Багадаць, інакш учынак ужо ня ёсьць учынак. Што ж? Чаго Ізраэль шукае, таго ня атрымаў; выбраная ж (частка) атрымала, а астатнія былі ажарсьцьвёнымі, як напісана: «Даў ім Бог дух атупеньня: вочы — каб ня бачыць і вушы — каб ня чуць, нават да сягоньняшняга дня». І Давід кажа: «Хай будзе трапеза іхняя (для іх) пасткаю і сілом, і спакусай, і адплатаю ім. Хай будуць зацемраны вочы іхныя, каб ня бачыць і хрыбет іхны сагні назаўсёды». Пагэтаму пытаюся: няўжо яны спатыкнуліся, каб (зусім) упасьці? Хай ня будзе (такога)! Але іхны ўпадак (служыць на) выратаваньне паганам, каб выклікаць рупнасьць іхную. Калі ж упадак іхны — багацьце сьвету, а зьбядненьне іхнае — багацьце паганаў, насколькі ж большая іхная поўная мера? Бо вам кажу, паганам. Таму што я зьяўляюся Апосталам паганаў, (я) ганаруся служэньнем маім. Ці ня выклічу (я) рупнасьць у (сваякоў) маіх па целу і (ці ня) выратую нікаторых ізь іх? Калі ж адхіненьне іхнае — замірэньне сьвету, чым (жа зьяўляецца) прыняцьце, калі ня жыцьцём ізь мёртвых? Калі ж рашчына сьвятая, (то) і месіва — (сьвятое); і калі корань сьвяты, то і галінкі (сьвятыя). Калі ж нікаторыя із галінак былі адламанымі, а ты, дзікая аліва, была прышчэплена між імі і стала супольніцай караня і сакавітасьці алівы, (дык) ня вывышшайся над галінамі. Калі ж вывышшаешся, (то ведай, што) ня ты трымаеш корань, а корань цябе. Тады скажаш: галінкі адламаны, каб я быў прышчэплены. Добра. Яны адламаныя празь няверу, а ты трымаешся вераю: ня хванабэрся, але бойся. Бо калі Бог ня пашкадаваў прыродных галін, (то глядзі), каб пашкадаваў цябе. Бачыш цяпер дабрыню і суворасьць Бога? Да першых, якія адпалі — суворасьць, а да цябе — дабрыню, калі застане́шся ў дабрыні (Бога). Інакш і ты будзеш адцяты. Бо і тыя, калі ня застануцца ў няверы, будуць прышчэплены, бо Бог мае сілу ізноў прышчапіць іх. Калі ж ты адсечаны ад дзíкай па прыродзе алівы і прышчэплены да добрай па прыродзе алівы, наколькі больш гэтыя (галінкі), якія па прыродзе (добрыя) будуць прышчэплены да сваёй алівы. Бо ня хачу, браты, каб вы ня ведалі гэтай тайны, каб вы ня (вельмі) мудрымі былі самі ў сабе, таму што ажарсьцьвеньне ў Ізраэлі адбылося часткова і да таго часу пакуль ня ўвойдзе паўната паганаў. І так увесь Ізраэль будзе збаўлены, як напісана: «Прыйдзе Збаўца ад Сыёна і адверне грахоўнасьць ад Якуба». І гэта ім ад Мяне Запавет, калі Я здыму (зь іх) грахі іхныя. Адносна ж Эвангельля (яны ёсьць) ворагі дзеля вас; адносна ж выбраньня (яны ёсьць) любасныя дзеля ба́цькаў. Бо дары і прызваньне Бога (ёсьць) няадменныя. Як і вы некалі былі няпаслухмянымі Богу, цяпер жа (вы) памíлаваныя дзеля іхнай няпаслухмянасьці, так і яны цяпер ня скарыліся дзеля вашага памілаваньня, каб і яны былі памілаваны. Бо Бог замкнуў усіх у няпаслушэнства, каб усіх памілаваць. О глыбіня багацьця і мудрасьці, і разуменьня Бога! Як нядасягальныя для дасьледаваньня Суды Ягоныя і як няспасьціжны шляхі Ягоныя! Бо хто спазнаў Розум Госпада? Або хто стаў Яму дарадцам? Ці хто даў Яму наперад, каб таму было аддадзена? Таму што ўсё ізь Яго і празь Яго і дзеля Яго. Яму слава ў вяках вякоў. Амін.

Дык вось вельмі прашу вас, браты, міласэрнасьцю Бога аддаць целы вашыя ў ахвяру жывую, сьвятую, прыемную Богу на разумнае служэньне вашае, і ня прыстасоўвайцеся да веку гэтага, але будзьце пераабражаемы абнаўленьнем розуму вашага, каб пазнаваць вам, якая (ёсьць) воля Бога — добрая і заўгодная, і дасканалая. Бо кажу паводля Багадаці, якая дана мне, кожнаму хто знаходзіцца сярод вас: ня думаць (аб сабе) больш, чым належыць думаць, але думаць так, каб кожнаму быць разумным па меры веры, якой (кожнага) надзяліў Бог. Бо як у адным целе маем шмат чэлясаў, але ня ўсе чэлясы маюць адну і тую ж работу, такім чынам мы многія зьяўляемся ў Хрысьце адным целам, а паасобку адзін для другога (мы ёсьць) чэлясы. Але маючы па Багадаці данай нам розныя дары, (то) калі (маеш дар) прароцтва, то (прароч) адпаведна веры; калі (маеш дар) служэньня, — то (будзь) у служэньні; калі (маеш дар) вучыцеля, — то вучы; калі (маеш дар) суцяшэньня, — то суцяшай; калі (маеш дар) падзяліцца, — то (падзяліся) у шчырасьці; калі (маеш дар) начальніка, — то (начальствуй) з клопатам; калі (маеш дар) дабрачыннасьці, — то (дабрачынствуй) з радасьцю. Любоў (паміж вамі хай будзе) няпрытворная; нянавідзьце зло, прыляпляйцеся да дабра; (будзьце) у любові адзін да воднага з пяшчотаю, апераджаючы адзін аднаго ў шанаваньні; у руплівасьці ня аслабявайце, духам палаючы, чынячы служэньне да канца часоў; радуйцеся праз надзею, (усякую) пакуту пераносьце зь цярпеньнем, у малітве будзьце заўсёды; бярэце ўдзел у патрэбах сьвятых, пра гасьціннасьць дбайце. Багаслаўляйце тых, хто гоніць вас, багаслаўляйце, а ня кляніце, радуйцеся з тымі, хто радуецца, і плачце з тымі, хто плача, будзьце між сабою аднадумнымі, ня думайце аб сабе высакамерна, але ідзіце ўсьлед за сьціплымі, ня лічыце сябе мудрэйшымі за другіх. Нікому ня аддавайце злом за зло, але старайцеся аб добрым перад абліччам усіх людзей. Калі магчыма, наколькі гэта залежыць ад вас, будзьце ў згодзе са ўсімі людзьмі. Ня помсьціце за сябе, любасныя, але дайце мейсца гневу (Бога). Бо напісана: «Мне помста. Я аддам», — кажа Госпад. Дык, калі вораг твой галодны, накармі яго; калі прагне, напаі яго: бо робячы гэта ты зьбярэш на галаву ягоную разпаленае вугольле. Ня будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром.

Усякая душа няхай будзе пакорнай вышэйшым уладам. Бо гэта ня ўлада, калі ня ад Бога; істнуючыя ж улады Богам прызначаны. Так што той, хто працівіцца ўладзе, працівіцца пастанове Бога. Тыя ж, хто працівяцца, самі на сябе прысуд нацягнуць. Бо начальнікі стра́шныя ня для добрых дзеяў, але для благіх. Ці хочаш ня баяцца ўлады? Рабі дабро, і будзеш мець ад яе пахвалу. Бо ён ёсьць слуга Бога табе на дабро. Калі ж робіш ліха, бойся; бо (ён) нядарэмна носіць меч; бо ён ёсьць слуга Бога, каб выканаць гнеў супраць таго, хто робіць ліха. Пагэтаму трэба падпарадкоўвацца ня толькі з-за гневу, але і з-за сумленьня. Бо з-за гэтага вы і падаткі плаціце, бо яны — слугі Бога, (якія) гэтым самым пастаянна займаюцца. Дык аддавайце ўсім належнае: каму падатак — падатак, каму мыта — мыта, каму страх — страх, каму пашану — пашану. Вы ні ў чым і ня перад кім ня абавязаны, акрамя ўзаемнай любові, таму што той, хто любіць другога, выканаў Закон. Таму што: «ня чужалож», «ня забівай», «ня крадзі», «ня сьведчы ілжыва», «ня пажадай (чужога)» і ўсякае другое прыказаньне ў гэтым слове зьмяшчаецца: «любі бліжняга твайго, як самога сябе». Любоў (Божая) ня робіць бліжняму ліха; выкананьне ж Закону — любоў (Божая). І (жывіце) так, (як) ведаючы час, што пара́ нам ужо прачнуцца. Бо цяпер бліжэй да нас збаўленьне, чым калі мы паверылі. Ноч прайшла, а дзень наблізіўся, пагэтаму адхінём учынкі цемры і апранёмся ў зброю сьвятла. Як днём, будзем жыць прыстойна ня ў гулянках і п’янках, ня ў палюбоўніцтвах і распустах, ні ў сварцы і зайздрасьці; але апраніцеся ў Госпада Ісуса Хрыста і клопат аб целе ня ператварайце ў пажадлівасьці.

Слабога ў веры прымайце бяз спрэчак аб (ягоных) поглядах. Адзін верыць (што можна) есьці ўсё, а слабы есьць гародніну. Той хто есьць, ня прыніжай таго, хто ня есьць; і той, хто ня есьць, ня асуджай таго, хто есьць, таму што Бог яго прыняў. Ты хто такі, што судзіш чужога раба? Перад сваім Госпадам стаіць ён ці падае. І ён будзе пастаўлены: бо Бог ду́жы паставіць яго. Іншы адрозьнівае дзень ад дня, другі ж судзіць аб кожным дні (аднолькава). Кожны хай будзе ўпэўнены ў сваім разуменьні. Хто шануе (пэўны) дзень, той для Госпада шануе, а хто ня шануе (гэты пэўны) дзень — для Госпада ня шануе. (Той) хто есьць — для Госпада есьць, бо дзякуе Богу, і хто ня есьць — для Госпада ня есьць і дзякуе Богу. Бо ніхто із нас ня жыве для сябе, і ніхто ня памірае для сябе; бо калі (мы) жывём — для Госпада жывём; калі ж паміраем — для Госпада паміраем. Дык пагэтаму ці жывём, ці паміраем — мы Госпадавы. Бо для гэтага Хрыстос і памёр і ўваскрос, і ажыў, каб мець (Яму) уладу і над мёртвымі і над жывымі. А ты чаму судзіш брата твайго? Альбо і ты чаму зьняважаеш брата твайго? Бо ўсе мы станем перад судом Хрыста. Бо напісана: «Жыву Я, — кажа Госпад, — перада Мною ўкленчыць усякае калена, і ўсякі язык вызнае Бога». Пагэтаму кожны з нас дасьць справаздачу за сябе Богу. Ня будзем жа больш судзіць адзін аднаго, але лепш падумайце аб тым, як бы ня ставіць перад братам перашкоду альбо спакусу. Я ведаю і перакана́ны ў Госпадзе Ісусе, што нічога няма нячыстага ў самім сабе, а толькі таму, хто лічыць што-небудзь нячыстым, яму нячыста. Калі ж з-за яды засмучаецца твой брат, то ты ўжо ня паводля любові ходзіш. Ядой тваёй ня губі таго, за каторага памёр Хрыстос. Хай ня будзе зьняслаўленае вашае добрае. Бо Валадарства Бога ня ёсьць яда і пітво, але праведнасьць і мір, і радасьць у Духу Сьвятым. Бо той, хто гэтым служыць Хрысту, той даспадобы Богу і ўхваляемы людзьмі. Пагэтаму будзем імкнуцца да міру і да ўзаемнага збудаваньня. Ня руйнуй справы Бога дзеля яды. Бо ўсё чыста, але гора чалавеку, які есьць на спакусу (другому). Добра ня есьці мяса і ня піць віна, і ня (рабіць таго) ад чаго брат твой спатыкаецца ці спакушаецца, альбо зьнямагае. Ты маеш веру? Май яе сам у сабе перад Богам. Шчасьлівы, хто ня судзіць сябе ў тым, што лічыць даказаным. А хто сумняваецца, калі есьць, асуджаны, таму што (есьць) ня па веры; а ўсё, што ня па веры — грэх.

А мы, моцныя, павінны насіць слабасьці бясьсільных і ня сабе дагаджаць. Бо кожны з нас мусіць дагаджаць бліжняму на дабро, для збудаваньня. Бо і Хрыстос ня Сабе дагаджаў, але як напісана: «Зьнявагі тых, што зьняважаюць Цябе, зваліліся на Мяне». Бо ўсё, што было напісана раней, (яно) напісана раней для нашага навучаньня, каб празь цярплівасьць і суцяшэньне зь Пісаньняў (мы) мелі надзею. А Бог цярпеньня і суцяшэньня хай дасьць вам быць у аднадумстве між сабою паводля (вучэньня) Хрыста Ісуса. Каб вы аднадушна, адзінымі вуснамі праслаўлялі Бога і Бацьку Госпада нашага Ісуса Хрыста. Таму прымайце адзін воднага, як і Хрыстос прыняў нас у славу Бога. (Таму) і кажу: Ісус Хрыстос стаў служыцелем абрэзаньня дзеля вернасьці Бога, каб выканаць абяцаньні ба́цькам, а (для) паганаў — дзеля літасьці, (каб) славілі Бога, як напісана: «За гэта буду ўсхваляць Цябе між паганамі, і Імю Твайму буду пець». І яшчэ кажа: «Узьвесяліцеся пагане з народам Ягоным». І яшчэ: «Хвалеце Госпада, усе пагане, і усхваляйце Яго, усе народы». І яшчэ Гісая кажа: «І будзе: Корань Ясэя, Які паўстане правіць народамі; на Яго пагане будуць спадзявацца». Бог жа надзеі (нашай) хай напоўніць вас усялякай радасьцяй і мірам у веры, каб сілаю Духа Сьвятога ўзбагаціць вас надзеяй. Браты мае, я ж і сам перакананы адносна вас, што і вы самі поўныя дабрачыннасьцю, напоўнены ўсякім веданьнем і можаце навучаць адзін воднага. Але напісаў я вам, браты, сьмела часткова, як бы напамінаючы вам, праз Багадаць, якая дана мне ад Бога, каб быць мне служкаю Ісуса Хрыста для паганаў сьвятарна абвяшчаючы Эвангельле Бога, каб ахвяра паганаў, асьвячоная Духам Сьвятым, стала заўгоднай (Богу). Пагэтаму маю пахвалу ад Бога ў Хрысьце Ісусе. Бо ня адважуся назваць што-небудзь, чаго (б) ні ўчыніў Хрыстос цераз мяне на послух паганаў словам і справаю, у сіле знакаў і цудаў, у сіле Духа Бога, так што мною ад Ярузаліму і ваколіцы аж да Ілірыка распаўсюджана Эвангельле Хрыста. Пры тым (я) стараўся дабравесьціць ня там, дзе (ужо) было абвешчана Імя Хрыста, каб ня будаваць на чужым падмурку, але, як напісана: «Каму (яшчэ) ня было абвешчана пра Яго, убачаць, і каторыя ня чулі, даведаюцца». Пагэтаму я і меў шмат перашкод прыйсьці да вас. Цяпер жа больш ня маючы поля працы ў гэтых краінах, і з даўных гадоў маючы жаданьне прыйсьці да вас, як толькі накіруюся ў Гішпанію, прыйду да вас. Бо спадзяюся, праходзячы, убачыць вас, і вы праведзяце́ мяне туды, як сьпярша трохі нацешуся вамі. А цяпер я іду ў Ярузалім каб паслужыць сьвятым. Бо Македонія і Ахайя вырашылі ўчыніць нікаторае ахвяраваньне для бедных сьвятых у Ярузаліме. Вырашылі, ды і даўжнікі іхныя яны. Бо калі пагане зрабіліся саўдзельнікамі ў іхным духовым, то павінны паслужыць ім хаця бы ў цялесным. Выканаўшы ж гэтае і даставіўшы ім пад пячаткай гэты плод, пайду праз вас у Гішпанію. Ведаю ж, што прыходзячы да вас прыду ў поўні багаслаўленьня Эвангельля Хрыста. Малю ж вас, браты, Госпадам нашым Ісусам Хрыстом і любоўю Духа змагацца разам са мною ў малітвах за мяне да Бога, каб мне быць выбаўленым ад няверучых у Юдэі, і каб служэньне маё для Ярузаліму сталася прыемным для сьвятых. Каб я прыйшоў да вас па волі Бога ў радасьці і супакоіўся з вамі. Бог жа міру са ўсімі вамі. Амін.

Даручаю ж вам Хвібу, сястру нашую, якая ёсьць дыяканісай царквы ў Кенхрэях, каб (вы) прынялі яе ў Госпадзе, як прыстойна сьвятым, і (каб) памаглі ёй, якую б патрэбу яна ў вас ні мела, таму што і яна была памочніцай многім і мне самому. Прывітайце Прыскіллу і Акілу, супрацоўнікаў маіх у Хрысьце Ісусе, якія дзеля душы маёй пакладалі галовы свае, якім ня я адзін удзячны, але і ўсе цэрквы паганаў, і (вітайце) іхную хатнюю царкву. Вітайце Эпенета, любаснага майго, які ёсьць пачатак Ахайі для Хрыста. Вітайце Марыам, якая шмат папрацавала для нас. Вітайце Андроніка і Юнію, родзічаў маіх і вязьняў са мною, якія знакамітыя паміж Апосталамі, якія і нарадзіліся ў Хрысьце перш за мяне. Вітайце Амплія, любаснага майго ў Госпадзе. Вітайце Урбана супрацоўніка нашага ў Хрысьце, і Стахія, любаснага майго. Вітайце Апяллеса, выпрабаванага ў Хрысьце. Вітайце тых, што (з дому) Арыстабула. Вітайце Гірадзіяна, родзіча майго. Вітайце тых, што (з дому) Наркісса, якія ў Госпадзе. Вітайце Трыхвену і Трыхвосу, якія працуюць у Госпадзе. Вітайце Пярсіду любасную (у Госпадзе), якая многа папрацавала ў Госпадзе. Вітайце Рухва, выбранага ў Госпадзе, (а) таксама матку ягоную і маю. Вітайце Асінкрыта, Хлягонта, Герма, Патроба, Гермія і тых братоў, што разам зь імі. Вітайце Хвіло́лага і Юлю, Нірэя і сястру ягоную, Алімпана і ўсіх сьвятых, што зь імі. Вітайце адзін воднага пацалункам сьвятым. Вітаюць вас цэрквы Хрыста. Заклікаю ж вас, браты, сьцеражыцеся тых, што ўчыняюць згрызотныя расколы і спакусы насуперак навукі, якой вы навучаны, і ўхіляйцеся ад іх; таму што такія служаць ня Госпаду нашаму Ісусу Хрысту, але свайму чэраву і красамоўствам і лісьлівымі словамі зьбіваюць са шляху сэрцы прастадушных. Бо ваша паслухмянасьць (веры) усім вядома; таму радуюся за вас; хачу ж, каб вы былі мудрымі на дабро, але бяззаганнымі на зло. Бог жа міру скрышыць шата́на пад нагамі вашымі ў хуткім часе. Багадаць Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі. (Амін). Вітае вас Цімахвей, супрацоўнік мой, і Лукій, і Ясон, і Сасіпатр, родзічы мае. Вітаю вас у Госпадзе я, Тэртый, які напісаў гэтае Пасланьне. Вітае вас Гай, гасьцінны для мяне і ўсёй царквы. Вітае вас Эраст, скарбнік места, і Кварт, брат. Багадаць Госпада нашага Ісуса Хрыста са ўсімі вамі. Амін. Таму ж, Хто мае сілу вас умацаваць паводля Эвангельля майго і пропаведзі Ісуса Хрыста, паводля адкрыцьця тайны, якая была схована ад пачатку сьвету, а цяпер яўлена праз прарочыя Пісаньні, па Загаду вечнага Бога стала вядомай на послух веры ва ўсіх народах. Адзінаму мудраму Богу, цераз Ісуса Хрыста, Яму слава ў вяках вякоў. Амін.


Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.