Библия › Сабіла › 1 да карыньцянаў

Першае да карыньцянаў

Павал, воляй Бога пакліканы Апостал Ісуса Хрыста, і Састэн брат — царкве Бога, якая знаходзіцца ў Карыньце, асьвянчоным у Хрысьце Ісусе, пакліканым сьвятым, з усімі, хто прызывае на ўсякім мейсцы Імя Ісуса Хрыста, Госпада і іхняга і нашага: Багадаць вам і мір ад Бога Бацькі нашага і Госпада Ісуса Хрыста. Дзякую Богу майму заўсёды за вас з прычыны таго, што вам дадзена ў Хрысьце Ісусе Багада́ць Бога, таму што вы ўва ўсім узбагачаны ў Ім: усякім словам і ўсякім веданьнем, — так што сьведчаньне Хрыстова ўмацована ў вас (настолькі), каб вам ня мець няста́чы ні ў якім да́ры, чакаючы зьяўленьня Госпада нашага Ісуса Хрыста, Каторы і ўгрунтуе вас да канца, (каб вам быць) бязьвіннымі ў дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста. Верны Бог, Якім вы прыкліканы ў лучнасьць Сына Ягонага Ісуса Хрыста, Госпада нашага. Малю ж вас, браты, Імем Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб усе вы гаварылі адно, і ня было між вамі падзелаў, але каб вы былí злучаны ў адным розуме і ў аднэй думцы. Бо ад Хлоіных, браты мае, сталася мне ведама пра вас, што паміж вамі ёсьць спрэчкі. Кажу ж гэта таму, што кожны з вас гаворыць: «я Паўлавы»; «а я Апалёсавы»; «а я Кіхвавы»; «а я Хрыстовы». Ці разьдзе́лены Хрыстос? Ці ўкрыжаваны быў за вас Паўла? Ці ў імя Паўла вы былі ахрышчаны? Дзякую Богу, што нікога з вас я ня хрысьціў, акрамя Крыспа і Гая, каб ніхто ня сказаў, што ў імя маё я ахрысьціў. Я ахрысьціў і дом Сьцяпана, ці ахрысьціў я яшчэ каго, ня ведаю. Бо Хрыстос паслаў мяне ня хрысьціць, але дабравесьціць ня ў мудрасьці слова, каб ня зьнясіліць крыж Хрыста. Бо слова пра крыж для гінучых ёсьць глупства, а для нас, збаўляемых, — сіла Бога. Бо напісана: «Загублю мудрасьць мудрых і разумнасьць разумных адкіну». Дзе мудры? дзе законьнік? дзе знаток веку гэтага? Ці ня ператварыў Бог мудрасьць сьвету гэтага ў глупства? Бо калі сьвет (сваёй) мудрасьцяй ня пазнаў Бога ў мудрасьці Божай, то заўгодна было Богу цераз нямудраваньне абвяшчэньня (Эвангельля) уратаваць веручых. Бо і жыды дамагаюцца цуда, і элліны шукаюць мудрасьці, а мы апавяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, для жыдоў — Камень спатыканьня, для эллінаў жа — глупства, а для самых пакліканых, і жыдоў і эллінаў, — Хрыста, Сілу Бога і Мудрасьць Бога; таму што (быццам бы) нямудрае Божае — мудрэйшае за людзей, і (быццам бы) не́мачнае Божае — мацнейшае за людзей. Бо паглядзіце на пакліканьне вашае, браты: няшмат (з вас) мудрых паводля цела, няшмат здольных, няшмат высакародных; але нямудрых сьвету (гэтага) выбраў Бог, каб пасароміць мудрых; і немачных сьвету (гэтага) выбраў Бог, каб пасароміць моцных; і бязродных сьвету (гэтага) і пагарджаных, і нязначных выбраў Бог, каб значных адхіліць, каб ня хвалілася ніякае цела перад Ім. Зь Яго і вы ў Хрысьце Ісусе, Каторы стаўся для нас ад Бога мудрасьцяй і праведнасьцяй, і асьвячэньнем, і адкупленьнем, каб (было), як напісана: «хто хваліцца, хваліся Госпадам!»

І я, прыйшоўшы да вас, браты, прыйшоў (каб) ня ў высокаўзьнёсласьці слова, альбо мудрасьці абвяшчаць вам сьведчаньне Бога, бо я разважыў ня ведаць сярод вас нічога, акрамя Ісуса Хрыста, і Таго ўкрыжаванага; і я быў у вас у немачы і ў страху, і ў вялікім трымценьні. І слова маё і навучаньне маё ня ў пераканаўчых словах чалавечай мудрасьці, але ў выяўленьні Духа і сілы, каб вера вашая была (абгрунтаваная) ня на чалавечай мудрасьці, але на сіле Бога. Мудрасьць жа мы апавяшчаем сярод дасканалых: мудрасьць жа ня веку гэтага і ня ўладаў веку гэтага зьнішчаемых, але апавяшчаем мудрасьць Бога, у тайне ўкрытую, якую Бог прадугледзіў для славы нашай перш (усіх) вякоў, якую ніхто з уладаў веку гэтага ня пазнаў; бо калі б пазналі (яе, то) ня раскрыжавалі б Госпада славы. Але як напісана: «ня бачыла вока, і ня чула вуха, і на сэрца чалавека ня прыходзіла тое, што прыгатаваў Бог тым, хто любіць Яго». Нам жа Бог адкрыў (гэта) праз Духа Свайго; бо Дух усё дасьле́дуе, і глыбіні Бога. Бо хто ведае зь людзей, што ў чалавеку, акрамя духа чалавека, які ў ім? Так і таго, што ў Бога, ніхто ня ведае, акрамя Духа Божага. Мы ж прынялі ня духа сьвету гэтага, але Духа, Які ад Бога, каб ведаць, што дарована нам ад Бога, што і абвяшчаем ня вучонымі словамі чалавечай мудрасьці, але навучаныя Духам Сьвятым, духовыя (дары) тлумачым (словамі) духовымі (натхнёнымі Духам Сьвятым). Душэўны ж чалавек ня прымае таго, што ад Духа Божага, таму што гэта для яго дурнота, і зразумець (гэта) ён ня можа, таму што разумеецца (гэта) духова. Духовы (чалавек) судзіць аб усіх; сам жа нікім ня (можа быць) асуджаным. Бо хто пазнаў Розум Госпада, хто будзе раіць Яму? А мы маем розум (ад) Хрыста.

І я, браты, ня мог гаварыць з вамі, як з духовымі, але як з плацкімі, як зь нямаўлятамі ў Хрысьце. Я паіў вас малаком, а ня цьвёрдай ежай, бо вы былí яшчэ бясьсільнымі, ды і цяпер вы яшчэ бясьсільныя. Таму што вы ўсё яшчэ плацкія. Бо калі між вамі зайздрасьць і спрэчка, і падзелы, (то) ці ня плацкія вы і ці ня па чалавечаму вы паступаеце? Бо калі адзін кажа: «я Паўлавы», а другі (кажа): «я Апалёсавы», (то) ці ня плацкія вы? Дык хто ёсьць Павал? Хто ж (ёсьць) Апалёс? (Яны) толькі служкі, празь якіх вы паверылі, і як кожнаму (зь іх) даў Госпад. Я пасадзіў, Апалёс паліў, але рост даваў Бог; так што ні той, хто насаджае ня зьяўляецца нечым (асабліва значным), ні той, хто палівае, але Той, Хто дае рост, Бог. А хто садзіць і хто палівае ёсьць адно; і кожны атрымае сваю ўзнагароду паводля сваёй працы. Бо мы ёсьць супрацоўнікі Бога; (а) вы ёсьць ніва Бога (і) збудаваньне Бога. Паводля данай мне ад Бога Багада́ці я, як мудры будаўнічы заклаў падмурак, а другі на (ім) будуе; але кожны глядзі, як будуеш. Бо ніхто закласьці ня можа другога падмурку, акрамя закладзенага, які ёсьць Ісус Хрыстос. Калі ж хто надбудоўвае на гэты падмурак (з) золата, срэбра, шматкаштоўных камянёў, дрэва, сена, саломы, — праца кожнага яўнай стане: бо дзень пакажа, таму што (яна бывае) выкрываемай у агні, — і кожнага працу, якая яна ёсьць, агонь выпрабуе. Калі чыя-небудзь праца, якую ён учыніў, трывае, той атрымае ўзнагароду. Калі чыя-небудзь праца згарыць, той будзе мець шкоду; але сам будзе збаўлены, ды так, як бы праз агонь. Хіба вы ня ведаеце, што вы ёсьць Сьвятыня Бога, і Дух Бога жыве ў вас? Калі хто Сьвятыню Бога руйнуе, таго зьнішчыць Бог, таму што Сьвятыня Бога ёсьць сьвятая, каторая ёсьць вы. Ніхто сябе ня абманавай: калі хто з вас думае быць мудрым у веку гэтым, то будзь няразумным, каб стаць мудрым. Бо мудрасьць сьвету гэтага ёсьць дурнотай перад Богам. Бо напісана: «Ён ловіць мудрых у хітрасьці іхнай». І яшчэ: «Госпад ведае думкі мудрых, што яны марныя». Так што ніхто ня хваліся людзьмі; бо ўсё вашае: ці Павал, ці Апалёс, ці Кіхва, ці сьвет, ці жыцьцё, ці сьмерць, ці цяперашняе, ці будучае — усё вашае; вы ж Хрыстовыя, а Хрыстос Божы.

Такім чынам хай (кожны) чалавек уважае нас за служак Хрыстовых і аканомаў тайнаў Бога. Ад аканомаў, да таго ж, патрабуецца, каб кожны (зь іх) быў верным. Для мяне вельмі мала што дае, як судзіце аба мне вы ці людзі; я і сябе самога ня ацэньваю. Хоць я нічога (благога) пра сябе ня ведаю, але я апраўданы ня гэтым; бо судзьдзя мне — Госпад. Так што дачасна ні аб кім ня судзіце, пакуль ня прыйдзе Госпад, Каторы і прасьвеціць тайны ў цемры, і выявіць намеры сэрцаў, вось тады пахвала будзе кожнаму ад Бога. Гэта ж, браты, я прыклаў да сябе і Апалёса дзеля вас, каб вы навучыліся ад нас ня думаць больш за тое, што напісана, каб вы ня вывышшаліся адзін перад другім. Бо хто цябе адзначае? Што ты маеш, чаго (б) ня атрымаў? Калі ж і атрымаў, чаго хвалішся, як бы ня атрымаў? Вы ўжо перанасычаны, ужо разбагацелі, вы (ужо) бяз нас запанавалі. О, каб жа вы (і сапраўды) запанавалі, каб і мы разам з вамі запанавалі. Бо думаю, што Бог нас, Апосталаў, выставіў як апошніх (вартых ганьбы людзей) як бы прысуджаных на сьмерць, таму што мы сталіся відовішчам для гэтага сьвету і Ангелаў, і людзей. Мы няразумныя дзеля Хрыста, а вы мудрыя ў Хрысьце; мы немачныя, а вы моцныя; вы ў пашане, а мы ў ганьбе. Нават да цяперашняга часу мы церпім і голад, і смагу, і галечу, і б’юць нас, і бадзяемся, і працуем, робячы сваімі рукамі; ліхасловяць нас, (мы) багаслаўляем, (мы) перасьледаваны, (але) трываем; (мы) зганьбаваныя, (але мы) угаворваем; мы (сталіся) як сьмецьце для (усяго) сьвету, мы сталіся для ўсіх адкідамі аж дагэтуль. Пішу гэта ня (для таго), каб пасароміць вас, але як маіх любасных дзяцей настаўляю вас на розум. Бо хаця б вы настаўнікаў у Хрысьце мелі тысячы, але ня многа ба́цькаў; а я нарадзіў вас у Хрысьце Ісусе Добрай весткай. Таму вельмі прашу вас: будзьце маімі пераймальнікамі. Дзеля гэтага я паслаў да вас Цімахвея, які ёсьць сын мой любасны і верны ў Госпадзе, каторы напомніць вам пра мае шляхі ў Хрысьце, як я вучу ўсюды ўва ўсякай царкве. А як я ня прыходжу да вас, нікаторыя ўзганарыліся; але я хутка прыйду да вас, калі Госпад захоча, і распазнаю ня слова тых, што ўзганарыліся, але сілу, таму што Валадарства Бога ня ў слове, але ў сіле. Чаго вы хочаце? (Каб) я са ськіпетрам прыйшоў да вас, ці з любоўю і духам лагоднасьці?

І яшчэ, ста́ла чутно, што ў вас блудадзейства, і такое блудадзейства, якога ня чутно нават у паганаў, што (за жонку) нехта мае жонку ба́цькі. І вы заганарыліся замест таго, каб зажурыцца, каб быў выдалены з вашага асяродку той, хто зрабіў такі ўчынак. А я, адсутнічаючы целам, але як бы прысутнічаючы духам, ужо прысудзіў, як бы прысутнічаючы (у вас), таго, хто гэта ўчыніў, Іменем Госпада нашага Ісуса Хрыста і маім духам у сходзе вашым з сілай Госпада нашага Ісуса Хрыста, аддаць такога шата́ну на змардаваньне грахоўнай чалавечай прыроды, каб дух быў (бы) зба́ўлены ў дзень Госпада Ісуса. Нядобрая пахвальба вашая. Ці ня ведаеце, што трошкі рашчыны кіслíць усё цеста? Дык ачысьціце стару́ю закваску, каб вы сталіся новым цестам, таму што вы ёсьць прэсныя, і таму што Пасха нашая (ёсьць) Хрыстос, Які ахвярава́ны за нас. Дык станем сьвяткаваць ня з старой рашчынай, ня з рашчынай зла і нячыстасьці, але з праснакамі чысьціні і праўды. Я напісаў вам у Пасланьні ня мець лучнасьці з блудадзеямі; але ня ўвогуле з блудадзеямі сьвету гэтага ці з хапугамі, ці з рабаўнікамі, ці з балванаслужкамі, таму што вам належала б тады выйсьці з (гэтага) сьвету. Цяпер жа я напісаў вам ня мець лучнасьці з (тым), калі хто, называючыся братам, ёсьць блудадзей, альбо хапуга, альбо балванаслужка, альбо зламоўны, альбо п’яніца, альбо рабаўнік; з такім нават ня есьці разам. Бо і што мне судзіць вонкавых? Ці ня ўнутраных вы судзіце? Вонкавых жа будзе судзіць Бог. Дык выкіньце распуснага спасярод вас.

Як адважваецца хто з вас, маючы справу супраць другога, судзіцца (зь ім) перад няправеднымі, а ня перад сьвятымі? Ці ня ведаеце, што сьвятыя будуць судзіць гэты сьвет? Дык калі вамі будзе судзімы гэты сьвет, (то няўжо) вы нявартыя судзіць найменшыя справы? Ці ня ведаеце, што (мы) будзем судзіць Ангелаў, дык тым больш справы жыцьцёвыя? А вы калі маеце жыцьцёвыя цяжбы, (то) стаўляеце (сваімі судзьдзямі) тых, хто нічога ня значыць у царкве. Кажу вам на сорам: няўжо сярод вас няма ніводнага мудрага, каторы мог бы рассудзіць паміж сваімі братамі? Але брат з братам судзіцца, і да таго ж (яшчэ і) перад нявернымі. Ужо тое для вас (зьяўляецца) паражэньнем, што вы маеце цяжбы паміж сабою. Чаму б вам лепш ня заставацца пакрыўджанымі? Чаму б вам лепей ня пацярпець шкоду? Але вы крыўдзіце і абдзіраеце, і прытым, братоў. Ці (вы) ня ведаеце, што няправедныя Валадарства Бога ня ўспадкуюць? Ня памыляйцеся: ні блудадзеі, ні балванаслужкі, ні чужаложцы, ні малакіі, ні мужаложцы, ні зладзеі, ні падкупныя (будуць падкупляць вас. 2Пёт. 2:3), ні п’яніцы, ні зламоўныя, ні рабаўнікі Валадарства Бога ня ўспадкуюць. І гэткімі былí нікаторыя (з вас), але абмыты, але асьвячоны, але апраўда́ны Імем Госпада Ісуса і Духам Бога нашага. Усё мне магчыма, але ня ўсё (мне) карысна; усё мне магчыма, але я ня буду падуладным чаму-небудзь (някарыснаму). Ежа для страўніка, і страўнік для ежы; але Бог абе́рне і тое і другое ў нішто. І цела (нашае) ня для блудадзейства, але для Госпада, і Госпад для цела (нашага). Бог жа і Госпада ўваскрасіў, і нас уваскрэсіць сілаю Сваёю. Ці ня ведаеце, што целы вашыя зьяўляюцца Чэлясамі Хрыста? Ці ж узяўшы Чэлясы ў Хрыста зраблю (іх) чэлясамі блудадзейкі? няхай ня ста́нецца (такога)! Ці ня ведаеце, што той, хто злучаецца з блудадзейкаю, ёсьць адно цела зь ёю? Бо ска́зана: «двое будуць адным целам». А той, хто далучаецца да Госпада, ёсьць адзін дух (зь Ім). Пазьбягайце блудадзейства; усякі грэх, які б ні ўчыніў чалавек, знаходзіцца па-за целам, а той, хто блудадзейнічае (з блудадзейкаю), той грэшыць супраць уласнага цела. Ці ня ведаеце, што целы вашыя зьяўляюцца Сьвятыняю Духа Сьвятога, Які (жыве) ў вас, Якога вы маеце ад Бога, і вы (ужо) ня свае? Бо вы куплены (дарагой) цаною, таму слаўце Бога ў целах вашых і ў духу вашым, якія ёсьць Божыя.

А адносна таго, пра што вы мне напісалі: дык добра мужчыне ня дакранацца да жанчыны. Але, каб (унікнуць) блудадзейства, кожны май сваю жонку, і кожная май свайго мужа. Муж хай аказвае належную любоў да жонкі; роўна і жонка да мужа. Жонка ня ўладная над сваім целам, але муж; роўна і муж ня ўладны над сваім целам, але жонка. Ня ўхіляйцеся адно ад аднаго, хіба што па згодзе на час, каб быць вам свабоднымі для посту і малітвы, а (потым) зноў будзьце разам, каб ня спакушаў вас шатан цераз вашу няўстрыманасьць. Гэта кажу як дазвол, а ня як загад. Бо жадаю, каб усім людзям быць так, як і я, але кожны мае ад Бога свой дар: адзін такі, а другі інакшы. Кажу ж няжанатым і ўдовам: добра ім, калі (яны) застаюцца, як і я. Але калі яны ня могуць устрымацца, хай бяруць шлюб: бо лепш узяць шлюб, чым распаляцца. Тым жа, хто ўзяў шлюб, загадаваю ня я, а Госпад: жонцы ня разводзіцца з мужам, — калі ж і разьвядзецца, хай застаецца нязамужняй, альбо хай прымірыцца з мужам, — а мужу ня пакідаць жонкі. А астатнім я кажу, ня Госпад: калі які брат мае жонку няверучую, і яна згаджаецца жыць зь ім, то ён ня павінен пакідаць яе; і жонка, якая мае мужа няверучага, і ён згаджаецца жыць зь ёю, ня павінна пакідаць яго. Бо няверучы муж асьвячоны жонкай (верніцай), і жонка няверучая асьвячона мужам (вернікам), інакш дзеці вашыя былі б нячыстымі. А цяпер яны — сьвятыя. Калі ж няверучы разводзіцца, хай разводзіцца; у такіх (выпадках) брат альбо сястра ня прынявольваецца; да міру паклікаў нас Бог. Бо адкуль ты ведаеш, жонка, ці ня ўратуеш мужа? Альбо адкуль ты ведаеш, муж, ці ня ўратуеш ты жонку? Толькі кожны хай паступае так, як прызначыў (яму) Бог; кожны (хай паступае), як заклікаў (яго) Госпад. І так я загадваю ва ўсіх цэрквах. Закліканы хто абрэзаным, хай ня хавае абразаньня; закліканы хто няабрэзаным, ня абрэзавайся. Абразаньне — нішто, і няабразаньне — нішто, але выкананьне загадаў Бога. Кожны заставайся ў тым стане, у якім пакліканы. (Калі) ты пакліканы рабом, (хай) цябе (гэта) ня хвалюе, але калі і можаш стацца вольным, скарыстай (гэта), як лепшае. Бо раб, закліканы ў Госпадзе, ёсьць вольнік Госпада; падобна і пакліканы вольным ёсьць раб Хрыста. (Дарагою) цаною куплены вы; ня рабіцеся рабамі людзей. Браты, кожны (з вас) хай астаецца перад Богам у тым (стане), у якім пакліканы. Адносна ж дзявоцтва (бяззаганнасьці) я ад Госпада загаду ня маю, але даю параду, як (чалавек), які атрымаў ад Госпада ласку быць верным. Таму лічу гэта лепшым (выхадам) са склаўшайся сітуацыі: добра чалавеку заставацца так: Зьвязаны ты з жонкай — ня шукай вызваленьня. Вызвалены ты ад жонкі — ня шукай жонкі. Калі ж і возьмеш шлюб, ня зграшыш; і калі выйдзе замуж дзяўчына, ня зграшыць. Але такія будуць мець уціск па целу: а я вас шкадую. Кажу ж гэта, браты: час (нашага жыцьця) вельмі кароткі, таму і тыя, хто маюць жонак, павінны быць, як ня маючыя (жонак); і тыя, што плачуць, як (тыя, што) ня плачуць; і тыя, што радуюцца, як тыя, (што ня) радуюцца; і тыя, што купляюць, як тыя, (што нічога) ня маюць; і тыя, што карыстаюцца сьветам гэтым, як тыя, (што ня) карыстаюцца, бо мінаецца вобраз гэтага сьвету. А я хачу, каб вы былі бяз (жыцьцёвых) турботаў. Няжанаты клапоціцца аб тым, што ад Госпада, як яму дагадзіць Госпаду; а той, хто жаніўся, клапоціцца аб тым, што ад сьвету гэтага, як яму дагадзіць жонцы. Ёсьць розніца паміж замужняю і дзяўчынаю: нязамужняя клапоціцца аб тым, што ад Госпада, каб быць ёй сьвятой і целам, і духам; а замужняя клапоціцца аб тым, што ад сьвету гэтага, як ёй дагадзіць мужу. Кажу ж гэта для вашай жа карысьці: ня для таго, каб накінуць на вас пятлю, але для годнага і бясперапыннага (служэньня) Госпаду, ня адхіляючыся. Калі ж хто лічыць няпрыстойным у адносінах да сваёй дзяўчыны — нявіньніцы, каб яна, перацьвіўшы, так і засталася, хай паступае, як хоча, ня зграшыць: хай бяруць шлюб. Але хто стаіць няпахісна цьвёрдым у сэрцы (сваім), ня маючы патрэбы, але мае ўладу над жаданьнем сваім і гэтак вырашыў у сэрцы сваім захаваць нявіннасьць сваю, той добра робіць. Так што і той, хто выдае замуж (дзяўчыну — нявіньніцу) добра робіць; а той, хто ня выдае замуж, робіць лепш. Жонка зьвязана законам да таго часу, (пакуль) жывы ейны муж; калі ж памрэ ейны муж, (то) яна вольная выйсьці замуж за каго хоча, толькі ў Госпадзе. Але яна шчасьлівейшая, калі застанецца так, па маёй парадзе; думаю ж, што і я маю Духа Божага.

А што тычыць прынесенага ў ахвяру балваном мы ведаем, таму што мы ўсе маем веданьне. (Але) веданьне надзімае, а любоў (ад Бога) збудоўвае. Калі хто думае, што ён што-небудзь ведае, той яшчэ нічога ня ведае, як належыць ведаць. Калі ж хто любіць Бога, той пазнаны Ім. Што тычыць спажываньня ў ежу ахвяраванага балваном, мы ведаем, што балван у (гэтым) сьвеце нічога ня значыць, і што няма іншага Бога, акрамя Адзінага. Бо калі і ёсьць гэтак званыя богі, ці то на небе, ці то на зямлі, бо ёсьць шмат багоў і шмат валадароў, але ў нас адзін Бог Бацька, ад Якога ўсё, і мы для Яго; і адзін Госпад Ісус Хрыстос, цераз Якога ўсё, і мы празь Яго. Але ня ўва ўсіх гэткае (правільнае) веданьне: нікаторыя ж (дагэтуль маюць) сумленьне, якое прызнае балваноў, дагэтуль ядуць (ахвяры паганскія), як ахвяры балваном, і сумленьне іхнае, як нядужае, апаганьваецца. Але ежа ня набліжае нас да Бога: бо калі мы ядзім, (мы) ня становімся лепшымі (перад Богам), альбо, калі ня ядзім, ня становімся горшымі (перад Богам). Але глядзіце, каб гэтая вашая ўлада ня сталася камнем спатыканьня для слабых. Бо калі нехта ўбачыць цябе, маючага веданьне, узьлягаючага ў паганскай бажніцы, дык ці ня будзе схілена (гэтым) ягонае сумленьне, як слабога, каб есьці ахвяраванае балваном? І загіне ад твайго веданьня слабы брат, за якога Хрыстос памёр. А такім чынам грэшачы супраць братоў і ранячы іх слабое сумленьне, грэшыце супраць Хрыста. Таму, калі ежа спакушае брата майго, ня буду есьці (ахвяраванага для балваноў) мяса вавек, каб брата майго ня спакусіць.

Ці я ня Апостал? ці я ня вольны? ці я ня бачыў Госпада нашага Ісуса Хрыста? ці ня мая праца — вы ў Госпадзе? Калі ж для другіх я ня Апостал, то для вас я (Апостал); таму што пячаць майго Апостальства — вы ў Госпадзе. У гэтым маё апраўданьне перад тымі, хто судзіць мяне. Дык няўжо мы ня маем улады есьці і піць? Няўжо мы ня маем улады мець спадарожніцай сястру жонку, як і астатнія Апосталы, і браты Госпада, і Кіхва? Ці адзін я і Барнаба ня маем улады ня працаваць? (Ды) хто калі служыць у войску на свой кошт? Хто садзіць вінаграднік і ня есьць ад яго плоду? Ці хто пасе статак і ня есьць ад статку малака? Ці гавару гэта (толькі) па-чалавечаму, і ці ня гаворыць гэтага нават Закон? Бо ў Масеявым Законе напісана: ня завязвай пысу валу, які малоціць. Ці аб валах клапоціца Бог? А ці ня, менавіта, аб нас (Ён) гаворыць? Бо напісана (гэта) для нас, таму што той, хто арэ, павінен араць з надзеяй, і, той, хто малоціць, (павінен малаціць) з надзеяй атрымаць спадзяваную частку. Калі мы пасеялі ў вас духовае, ці вялікая рэч, калі мы пажнём у вас цялеснае? Калі іншыя маюць уладу над вамі, дык ці ня больш мы? Але мы ня скарысталі гэту ўладу, а ўсё зносім, каб ня ўчыніць якой перашкоды Эвангельлю Хрыста. Ці ня ведаеце, што тыя, што служаць пры Сьвятыні, ядуць ад Сьвятыні? Што тыя, хто служыць пры ахвярніку, маюць права на частку ад ахвярніка? Так і Госпад загадаў тым, што апавяшчаюць Эвангельле, жыць ад Эвангельля. Але я з гэтага нічым ня скарыстаўся. І напісаў (я) гэта ня дзеля таго, каб так было для мяне. Бо мне лепей памерці, чым каб хто зьнішчыў славу маю. Бо калі я абвяшчаю Эвангельле, то няма мне (асаблівай) пахвалы, таму што на мне ляжыць (гэты) абавязак; і гора мне, калі я ня абвяшчаю Эвангельле. Бо калі я раблю гэта самаахвоць, (то) маю (і адпаведную) узнагароду; калі ж (раблю гэта) па абавязку, (то выконваю толькі) даручанае мне служэньне. (Пытаецеся) за што ж мне (яшчэ) ўзнагарода? (А за тое), што абвяшчаючы Эвангельле задарма́, я насадзіў Эвангельле Хрыста ня скарыстаўшыся маёй уладай ад Эвангельля! Бо, будучы вольным ад усіх, я падняволіў сябе ўсім, каб больш прыдбаць: і для жыдоў я стаўся як жыд, каб прыдбаць жыдоў; для тых, каторыя пад Законам, (я стаўся), як падзаконны, каб прыдбаць тых, каторыя пад Законам. Для тых, хто ня пад Законам, (я стаўся) як няпадзаконны, ня будучы перад Богам няпадзаконным, але падзаконны Хрысту, каб прыдбаць няпадзаконных; для немачных я стаўся, як немачны, каб прыдбаць немачных. Для ўсіх я стаўся ўсім, каб прынамсі збавіць хаця б нікаторых. І раблю гэта (я) для Эвангельля, каб стаць ягоным саўдзельнікам. Ці ня ведаеце, што тыя, што бягуць ў забегу, бягуць усе, але ўзнагароду атрымоўвае адзін. Таму бяжыце так, каб атрымаць (узнагароду). Кожны ж барацьбіт устрымліваецца ад усякай (лішніцы): тыя (адны) дзеля таго, каб атрымаць вянок тленны, а мы — нятленны. Таму, я бягу ня так, як (бы) бязмэтна, б’юся ня так, як (бы) б’ючы паветра; але я утаймоўваю маё цела і валадарнічаю (над ім), каб прапаведуючы другім, самому ня стацца нявартым.

Ня хачу ж, браты, каб вы ня ведалі, што ба́цькі нашыя ўсе пад воблакам былі, і ўсе прайшлі праз мора; і ўсе ахрысьціліся ў Масея ў воблаку і ў моры; і ўсе елі тую ж самую духовую страву; і ўсе пілí тое ж самае духовае пітво: бо пілí з духовай Скалы, (Якая) ішла разам зь імі. А Скала (тая) быў Хрыстос. Але ня многіх зь іх упадабаў Бог, таму што яны былі панішчаны ў пустэльні. І гэтыя (яны) сталіся для нас папярэджаньнямі, каб мы ня былі пажа́длівымі на ліхое, як і яны былі пажа́длівымі. Ня будзьце таксама і балванапаклоньнікамі, як нікаторыя зь іх, як напісана: «Сеў народ есьці і піць, і падняўся на гульбішча». І ня робма блудадзейства, як нікаторыя зь іх зрабілі блудадзеяньні, і загінулі ў адзін дзень дваццаць тры тысячы. І ня спакушайма Хрыста, як нікаторыя зь іх спакусілі і загінулі ад зьмеяў. І ня наракайце, як нікаторыя зь іх наракалі і загінулі ад зьнішчальніка. Гэтыя ж усе (падзеі) адбыліся зь імі (як) прадзнакі; а для нас (гэта) напісана як папярэджаньне для тых, якія дасягнулі канцоў вякоў. Так што хто думае, што ён стаіць, глядзі, каб ня ўпасьці. Вас напаткала спакушэньне, ня большае як чалавечае; але верны Бог, Які ня дапусьціць вам быць спаку́шанымі больш таго, чым (вы) можаце (вытрымаць), але пры спакушэньні дасьць і выхад, каб вы маглі перанесьці. Таму, любасныя мае, ухіляйцеся ад балванапаклонства. Кажу (вам) як разважлівым; разважце самі, пра што кажу. Чара багаслаўленьня, якую багаслаўляем, ці ня ёсьць далучэньне да Крыві Хрыста? Хлеб, які ламаем, ці ня ёсьць далучэньне да Цела Хрыста? Так як хлеб адзін, (так і) мы многія ёсьць адно цела; таму што ўсе разьдзяляем паміж сабою адзін хлеб. Паглядзіце на Ізраэля паводля цела: тыя, што ядуць ахвяры, ці ня зьяўляюцца саўдзельнікамі (сьвятарамі) ахвярніка? Дык што я кажу? Што балван чым-небудзь зьяўляецца, ці ахвяраванае балваном чым-небудзь зьяўляецца? (Кажу не) але што тыя, якія прыносяць ахвяры (балваном), (гэта значыць) пагане, прыносяць ахвяры дэманам, а ня Богу. А я ня хачу, каб вы рабіліся саўдзельнікамі дэманаў. Ня можаце піць чару Госпада і чару дэманаў; ня можаце браць удзел у запаветнай вячэры Госпада і ў застольлі дэманаў. Ці станем раздражняць Госпада? Мы ж ня дужэйшыя за Яго. Усё мне магчыма (выбраць), але ня ўсё карысна; усё мне магчыма (выбраць), але ня ўсё збудоўвае. Ніхто ня шукай свайго, але кожны (шукай на карысьць) другога. Усё, што на рынку прадаецца, ешце, нічога ня высьвятляючы дзеля (заспакаеньня) сумленьня, таму што Госпадава зямля і тое, што напаўняе яе. Калі ж хто зь няверучых кліча вас, і вы хочаце пайсьці, то ўсё, што вам прапануюць, ешце, нічога ня высьвятляючы дзеля (заспакаеньня) сумленьня. Калі ж хто вам скажа: «гэта ахвяраванае балваном», — ня ешце дзеля таго, хто вам падказаў і дзеля сумленьня. Таму што Госпадава зямля і ўсё, што напаўняе яе. Сумленьне ж маю на ўвазе ня сваё, але другога: бо для чаго мая свабода мае быць судзімай чужым сумленьнем? І калі я з удзячнасьцю ем (нешта), дык чаму мяне ганьбаваць (за тое), за што я дзякую? Пагэтаму, ці ясьце вы, ці п’яце, ці што-небудзь (іншае) робіце, усё рабіце на славу Бога. Ня будзьце спакусай і для жыдоў, і для эллінаў, і для царквы Бога, так як і я ва ўсім дагаджаю ўсім, ня шукаючы карысьці для сябе, але (карысьці) для многіх, каб (і яны) былі збаўлены.

Будзьце насьлядоўцамі мне, як і я Хрысту. Хвалю ж вас, браты, што ўсё маё па́мятаеце і трымаеце пераказы (пераданае мною вам вучэньне дакладна) так, як я перадаў вам. Хачу ж, (каб) вы ведалі, што кожнаму мужу галава — Хрыстос, галава ж жонцы — муж, Галава ж Хрысту — Бог. Усякі мужчына (муж), які моліцца альбо прарочыць з накрытаю галавою, сароміць галаву сваю. Усякая ж жонка, якая моліцца альбо прарочыць зь нянакрытаю галавою, сароміць галаву сваю: бо гэта тое самае, што і з паголенай галавою. Бо калі жонка ня пакрывае галавы сваёй, дык хай тады і абстрыжэ галаву сваю; а калі жонцы сорамна быць абстрыжанай альбо паголенай, хай тады (і) пакрывае галаву сваю. А муж ня павінен пакрываць галаву сваю, бо ён ёсьць вобраз і слава Бога; а жонка зьяўляецца славай мужа. Таму што ня муж ад жонкі, але жонка ад мужа; бо і ня муж створаны дзеля жонкі, але жонка дзеля мужа. Таму жонка павінна мець на галаве (сваёй знак) улады дзеля Ангелаў. Але ў Госпадзе (Хрысьце) ні муж бяз жонкі, ні жонка бяз мужа (ня зьяўляюць самазначнай адзінкі). Бо як (жанчына становіцца) жонкай ад мужа, так і (мужчына становіцца) мужам цераз жонку, і ўсё (гэта) ад Бога. Самі разважце, ці прыстойна жанчыне маліцца Богу зь нянакрытай (галавою)? Ці ня вучыць вас сама прырода, што калі мужчына гадуе доўгія валасы, то гэта га́ньба для яго. А калі жанчына гадуе доўгія валасы, гэта для яе слава (знак страху Божага), таму што валасы да́дзены ёй замест покрыва. Калі ж хто мае намер (аб гэтым) спрачацца, (дык) мы такога звыча́ю ня маем, і ні цэрквы Бога. І даючы гэткі наказ, ня хвалю вас, таму што (вы) зьбіраецеся ня на лепшае, але на горшае. Бо, па-першае, калі вы зьбіраецеся ў царкве, чую, што паміж вамі адбываюцца падзелы, і часткова гэтаму веру. Бо належыць пранікаць да вас і гарэзіям, каб сярод вас выявіліся выпрабаваныя. Таму вы зьбіраецеся ра́зам (такім чынам), (што гэта) ня азначае спажываць вячэру Госпадаву; бо кожны сьпяшаецца першым зьесьці ўласную вячэру, і (такім чынам) адзін застаецца галодным, а другі напіваецца. Хíба няма ў вас дамоў, каб есьці і піць? Ці пагарджаеце царкву Бога і сароміце тых, хто (нічога) ня мае? Што скажу вам? Ці пахваліць вас за гэта? Ня хвалю. Бо я ад Госпада прыняў (тое), што і вам перадаў, што Госпад Ісус у тую ноч, у якую быў выдаваны, узяў хлеб і, падзякаваўшы (Богу), паламаў і сказаў: прымеце, е́шце, гэта ёсьць Цела Маё, за вас лама́нае; гэтае рабеце на ўспамін пра Мяне. Таксама і чару пасьля вячэры, кажучы: «гэта чара ёсьць Новы Запавет у Маёй Крыві; гэта рабіце кожны раз, калі (толькі) п’яце на ўспамін аба Мне». Бо кожны раз, калі (вы) ясьце хлеб гэты і п’яце чару гэтую, сьмерць Госпада абвяшчаеце, дакуль (Ён) прыйдзе. А таму, калі хто есьць хлеб гэты альбо п’е чару Госпада (будучы) нявартым, вінаваты будзе (супраць) Цела і Крыві Госпада. Дык выпрабуй сябе чалавек і такім чынам еш ад хлеба гэтага і пі ад чары гэтай. Бо хто есьць і п’е (будучы) нявартым, той есьць і п’е на засуджэньне сябе, ня ўдумваючыся ў тое, што (гэта) Цела Госпада. З-за гэтага сярод вас многія слабыя і хворыя, і многія паміраюць. Бо, калі б мы самі сябе судзілі, то ня былí б су́джанымі. Засуджаныя ж, Госпадам караны бываем, каб (мы) ня былí засуджанымі разам з гэтым сьветам. Таму, браты мае, зьбіраючыся, каб зьесьці (запаветную вячэру), чакайце адзін аднаго. Калі ж хто галодны, еш дома, каб ня зьбірацца вам на асуджэньне. А астатняе ўладжу, калі прыйду.

Адносна ж духовых (дароў), браты, ня хачу, каб вы ня ведалі. (Вы) ведаеце, што калі вы былí паганамі, то хадзілі да бязгалосых балваноў, быццам вялі вас. Таму аб’яўляю вам, што ніхто, хто гаворыць Духам Божым, ня гаворыць анатэма на Ісуса, і ніхто ня можа назваць Ісуса Госпадам, акрамя як Духам Сьвятым. Дары ёсьць розныя, але Дух (адзін і) Той Самы; і служэньні ёсьць розныя, але Госпад (адзін і) Той Самы; і дзейнасьці ёсьць розныя, але Бог (адзін і) Той Самы, Які робіць усё ва ўсіх. Але кожнаму даецца выяўленьне Духа на карысьць. (Таму) аднаму́ даецца Духам слова мудрасьці, другому ж слова веданьня тым жа самым Духам; другому ж вера тым самым жа Духам, іншаму ж дары аздараўленьняў тым жа самым Духам; а іншаму чыніць цуды, іншаму ж прароцтва, іншаму ж распазнаваньне духаў, другому ж розныя мовы, іншаму ж тлумачэньне моваў. Усё ж гэта чыніць адзін і Той Самы Дух, (раз)даючы кожнаму асобна, як Ён хоча. Бо, як цела адно, але мае многа чэлясаў, а ўсе (гэтыя) чэлясы (належаць) аднаму целу, хоць іх і многа, (аднак) складаюць адно цела, — гэтак і Хрыстос. Таму і ўсе мы адным Духам у адно цела ахрышчаны, ці то жыды, ці элліны, ці то рабы ці вольныя, і ўсе (мы) адным Духам напоены. Бо і цела ёсьць ня адзін чэляс, але многа (чэлясаў). Калі скажа нага: «я ня рука, таму я ня ад цела», дык няўжо таму яна ня ад цела? І калі скажа вуха: «я ня вока, таму я ня ад цела», дык няўжо таму яно ня ад цела? Калі ўсё цела (ёсьць) вока, дык дзе слых? Калі ўсё — слых, тады дзе нюх? Але цяпер Бог разьмясьціў чэлясы ў целе, кожнага зь паасобку, як захацеў. Калі б усе былі адным чэлясам, то дзе (тады) цела? Але цяпер чэлясаў многа, а цела адно. Ня можа вока сказаць руцэ: «ты мне ня патрэбна», ці зноў (жа) — галава нагам: «вы мне ня патрэбны». Але чэлясы цела, якія здаюцца слабейшымі, зьяўляюцца больш патрэбнымі. І тыя (чэлясы), якія мы лічым менш пачэснымі ў целе, тым большай пашанай мы іх акружаем; і няпрыстойныя нашыя (чэлясы цела) маюць (яшчэ) большае ўшанаваньне. А нашыя прыстойныя (у асаблівай пашане) ня маюць патрэбы, але Бог уладзіў (наша) цела (такім чынам), даўшы большую пашану тым чэлясам, што маюць патрэбу, каб ня было ў целе супрацьстаяньня (чэлясаў), але каб аднолькава адзін аб адным чэлясы клапаціліся. І калі паку́туе адзін чэляс, паку́туюць (зь ім) усе чэлясы; калі славіцца адзін чэляс, (то) зь ім радуюцца ўсе чэлясы. Вы ж ёсьць цела Хрыста, а паасобку — чэлясы. І адных Бог паставіў у царкве, па-першае Апосталамі, па-другое, прарокамі, па-трэйцяе, настаўнікамі; далей — сілы, далей дары аздараўленьняў, (дары) падтрымкі, (дары) кіраваньня, розныя мовы. Ці ўсе Апосталы? ці ўсе прарокі? ці ўсе настаўнікі? ці ўсе сілы? Ці ўсе маюць дары аздараўленьняў? ці ўсе гавораць (рознымі) мовамі? ці ўсе тлумачаць? Рупцеся аб дарох большых, і я пакажу вам шлях найлепшы.

Калі я гавару мовамі чалавечымі і (нават) ангельскімі, але ня маю любові, то я стаўся (як) медзь зьвінячая, альбо кімбал, які бразгае. І калі маю прароцтва і ведаю ўсе тайны і (маю) усякае веданьне, і калі маю ўсю веру, так каб горы перастаўляць, а любові ня маю, (то) я — нішто. І калі я раздам усе маёмасьці мае, і калі аддам цела маё на спаленьне, а любові ня маю, то няма мне ніякай карысьці. Любоў церпіць доўга, (любоў) — міласэрная, любоў ня зайздросьціць, любоў ня вывышшаецца, ня хванабэрыцца, ня буяніць, ня шукае свайго, ня раздражняецца, ня заду́мвае ліха, ня радуецца няправеднасьці, а радуецца разам з праўдай, усё пакрывае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць. Любоў ніколі ня зьнікае, нават калі прароцтвы спыняцца, калі мовы змоўкнуць, калі веданьне шчэзьне, бо часткова ведаем і часткова прарочым; калі ж прыйдзе дасканалае, то тады, што частковае, шчэзьне. Калі я быў дзіцём, (то) гаварыў як дзіцё, думаў як дзіцё, разважаў як дзіцё, а калі (я) стаў мужчынам, то пакінуў дзіцячае. Бо цяпер мы бачым у алегорыі, як праз люстэрка, а тады (убачым) яўна; цяпер я ведаю часткова, а тады пазна́ю, як і я пазна́ны. Цяпер жа прабываюць (у нас) гэтыя тры: вера, надзея, любоў; а любоў зь іх — большая.

Імкніцеся да любові, ру́пцеся пра (дары) духовыя, асабліва ж, каб (вам) прарочыць. Таму што той, хто гаворыць (нейкай) мовай, гаворыць ня людзям, але Богу; бо ніхто ня разумее (яго), (бо) ён духам гаворыць тайны; а хто прарочыць, той гаворыць людзям на збудаваньне і перасьцярогу, і суцяшэньне. Той, хто гаворыць (нейкай) мовай, сябе збудоўвае, а той, хто прарочыць, збудоўвае царкву. Жадаю ж, (каб) усім вам гаварыць мовамі; але лепш, каб вам прарочыць; бо той, хто прарочыць, большы за таго, хто гаворыць мовамі, хíба, калі ён будзе (яшчэ і) тлумачыць, каб царква атрымала збудаваньне. Цяпер жа, браты, калі я прыйду да вас гаворачы мовамі, якую прынясу вам карысьць, калі ня буду вам гаварыць ці то адкрыцьцём, ці то веданьнем, ці то прароцтвам, ці то навукаю? І бяздушныя (прылады), якія выдаюць гук, ці то жалейка, ці то гарпа, калі ня даюць розных мелёдыяў, якім чынам будзе распазна́на, што іграецца на жалейцы або на гарпе? Бо і калі труба будзе выдаваць няразборлівае гучаньне, хто будзе рыхтавацца да бою? Гэтак і вы, калі на (нейкай) мове ска́жаце нязразумелае слова, якім чынам будзе распазнана ска́занае? Дык вы будзеце гаварыць на вецер. Колькі напрыклад ёсьць у сьвеце ўсякіх слоў, і ніводнага зь іх няма бяз значэньня. Калі ж я ня разумею значэньня слова, то я буду для таго, хто гаворыць, чужаземцам, і той, хто гаворыць, для мяне — чужаземец. Так і вы, паколькі зьяўляецеся прыхільнікамі духовых (рэчаў), імкніцеся да ўмацаваньня царквы, каб вам (узрастаць і) памнажацца. Таму, хто гаворыць (нейкай нязразумелай) мовай, хай моліцца, каб мог і тлумачыць. Бо калі я малюся (нейкай нязразумелай) мовай, то дух мой моліцца, а розум мой застаецца бясплодным. Дык што ж? Буду маліцца духам, буду маліцца і розумам; буду сьпяваць духам, буду сьпяваць і розумам. Таму што, калі ты будзеш дзякаваць (Богу) духам, (то той), што стаіць побач і ня разумее, (што ты гаворыш), як ён скажа «амін» пры тваім дзякаваньні? Таму што (тое), што ты гаворыш, ён ня разумее. Бо хаця ты добра дзякуеш, але другі ня збудоўваецца. Дзякую Богу майму, што больш за ўсіх вас гавару мовамі; але ў царкве хачу пяць слоў сказаць маім розумам, каб і другіх навучыць, чым (сказаць) мноства слоў на нязразумелай мове. Браты! ня будзьце дзецьмі розумам, а (вось) на ліхое будзьце нямаўлятамі; па розуму ж будзьце ста́лымі. У Законе напісана: замежнымі мовамі і іншымі вуснамі буду гаварыць народу гэтаму; і (нават) тады ня паслухаюць Мяне, — кажа Госпад. Так што мовы зьяўляюцца знакам ня для вернікаў, але для нявернікаў; а прароцтва — ня для нявернікаў, але для вернікаў. Калі ж уся царква зыдзецца разам, і ўсе загавораць на (нейкіх) мовах, ды ўвойдуць ня разумеючыя ці нявернікі, то ці ня скажуць, што вы шале́еце? Калі ж усе прарочаць, і ўвойдзе хто-небудзь няве́рнік альбо той, хто ня разумее, то ён (стаецца) усімі дасьледаваным (і) ўсімі дакараным. І такім чынам тайны сэрца ягонага стаюцца відавочнымі, і таму, упаўшы на аблічча, ён паклоніцца Богу, кажучы: сапраўды з вамі ёсьць Бог. Дык што, браты? Калі вы зьбіраецеся, кожны з вас мае псальм, мае навуку, мае (нейкую) мову, мае адкрыцьцё, мае тлумачэньне, — усё (гэта) хай будзе на збудаваньне. Калі хто гаворыць (нязнаёмаю) моваю, (то хай гавораць) двое, ці найбольш — трое, і (то) па чарзе, а адзін хай тлумачыць. Калі ж няма тлумача, у царкве маўчы; але гавары сабе і Богу. Прарокі ж гаварыце двое ці трое, а астатнія — разважайце. Калі ж другому з тых, што сядзяць, будзе адкрыта, (то) першы маўчы. Бо вы ўсе адзін за адным можаце прарочыць, каб усім вучыцца і ўсім быць суцяша́нымі. І духі прарокаў прарокам паслухмяныя, таму што (Бог) ня ёсьць Бог бязладзьдзя, але міру, як ва ўсіх цэрквах у сьвятых. Жонкі вашыя ў цэрквах няхай маўчаць, бо ня дазволена ім гаварыць, а быць у паслушэнстве, як і Закон кажа. Калі ж яны хочуць чаму-небудзь навучыцца, (дык) хай пытаюцца дома ў сваіх мужоў, бо няпрыстойна жонкам гаварыць у царкве. Ці ад вас выйшла Слова Бога, ці да вас адных дайшло? Калі хто лічыць сябе прарокам альбо духовым, хай разумее, што я вам пішу, таму што гэта Прыказаньні Госпада. Калі ж хто (гэтага) ня прызнае́, дык хай сабе ня прызнае́. Так што, браты, рупцеся, каб прарочыць; і гаварыць (нязнаёмымі) мовамі ня перашкаджайце. Няхай усё прыстойна і ў парадку робіцца.

Напамінаю вам, браты, Эвангельле, якое я вам абвясьціў, якое вы і прынялі, у якім і ўстаялі, празь якое вы і ратуецеся, тым словам, якое я дабравесьціў вам, калі утрымліваеце (яго), калі толькі ня бяспрычынна паверылі. (Жыд. 5:9). Бо я перадаў вам перш тое, што і (сам) прыняў, што Хрыстос памёр за грахі нашыя, паводля Пісаньняў, і што (Ён) быў пахаваны, і што быў уваскрэшаны на трэйці дзень паводля Пісаньняў, і што Ён быў зьяўлены Кіхве, потым дванаццацём; потым быў зьяўлены больш чым пяцістам братом аднача́сна, зь якіх большасьць жыве да гэтага часу, а нікаторыя і паме́рлі; потым быў зьяўлены Яку́бу, потым (быў зьяўлены) усім Апосталам; а пасьля ўсіх, як (нейкаму) няданоску, быў зьяўлены і мне. Бо я ёсьць найменшы з Апосталаў, які ня варты называцца Апосталам, таму што я гнаў царкву Бога; але Багада́цьцю Бога я ёсьць той, хто я ёсьць. І Багадаць Ягоная, што ўва мне, ня сталася марнай, але я папрацава́ў намнога больш за іх усіх: але ня я, а Багадаць Бога, якая са мною. Дык ці я, ці яны — мы так прапаведуем, і вы так паверылі. Калі ж пра Хрыста апавядаецца, што Ён уваскрэшаны зь мёртвых, (дык) як нікаторыя з вас кажуць, што ўваскрасе́ньня мёртвых няма? Калі ж няма ўваскрэсеньня мёртвых, (дык) і Хрыстос ня быў уваскрэшаны; калі ж Хрыстос ня быў уваскрэшаны, то дарэмная тады нашая пропаведзь, дарэмная ж і вера вашая. А мы сталіся б лжэсьведкамі пра Бога, таму што засьведчылі пра Бога, што Ён уваскрасіў Хрыста, Якога ня ўваскрасіў, — калі сапраўды мёртвыя ня ўваскрашаемы; калі ж мёртвыя ня ўваскрашаемы, то і Хрыстос ня быў уваскрэшаны. Калі ж Хрыстос ня быў уваскрэшаны, то дарэмная вера вашая: вы ўсё яшчэ знаходзіцеся ў грахох вашых. Тады і памёршыя ў Хрысьце загінулі. Калі толькі ў гэтым жыцьці мы спадзяёмся на Хрыста, дык мы самыя няшчасныя з усіх людзей. А цяпер (я кажу, што ведаю): Хрыстос уваскрэшаны зь мёртвых, Ён стаў Першынцам з памёршых. Бо як праз чалавека — сьмерць, так праз Чалавека і — уваскрасеньне (зь) мёртвых. Бо як у Адаме ўсе паміраюць, так і ў Хрысьце ўсе будуць уваскрэшаны, але кожны ў сваім парадку: Пе́ршынец Хрыстос, потым — Хрыстовыя ў прыход Ягоны; потым — канец, калі Ён перадасьць Валадарства Богу і Бацьку, калі скасуе ўсякае начальства і ўсякую ўладу, і сілу. Бо Яму належыць валада́рыць, пакуль ні пакладзе ўсіх ворагаў пад Ногі Ягоныя. (І) апошні вораг будзе зьнішчаны — сьмерць; бо ўсё пакарыў (Бацька) пад Ногі Ягоныя. А калі ска́зана, што ўсё пакорана (Яму, дык) ясна, што акрамя Таго, Хто пакарыў Яму ўсё. А калі будзе пакорана Яму ўсё, тады і Сам Сын пакорыцца Таму, Хто пакарыў Яму ўсё, каб быў Бог усё ва ўсім. Інакш што будуць рабіць тыя, каго хрысьцяць дзеля мёртвых? Калі мёртвыя зусім ня ўваскрашаемы, дык для чаго і хрысьцяцца дзеля мёртвых? Дзеля чаго і мы ў небясьпецы ўсякі час? Я кожны дзень паміраю: аддаю ў залог маю пахвалу, якую я маю ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым. Калі (проста) па-чалавечаму змагаўся я зь дзікімі зьвярамі ў Эхвесе, (дык) якая мне (ад гэтага) карысьць, калі мёртвыя ня ўваскрашаемы? Станем есьці і піць, бо заўтра памром! Ня абманвайце сябе: благія сяброўствы псуюць добрыя норавы. Абразумце сябе да праведнасьці і ня грашыце, таму што нікаторыя з вас ня ведаюць Бога: на сорам вам кажу. Але хто-небудзь скажа: якім чынам мёртвыя ўваскрашаемы? Ды ў якім целе прыходзяць? Няразумны! тое, што ты сееш, ня ажыве, калі ня памрэ. І тое, што ты сееш, (дык) сееш ня цела будучае, але голае зерне, якое надарыцца — пшанічнае альбо якое-небудзь іншае. А Бог дае яму цела, як хоча, і кожнаму зярняці сваё цела. Ня ўсякае цела (ёсьць) аднолькавае цела, але іншае цела — у людзей, іншае ж цела — у жывёлаў, іншае ж — у рыбаў, іншае ж — у птушак. І (ёсьць) целы нябесныя і целы зямныя; але іншая слава нябесных, іншая — зямных. Іншая слава ў сонца і іншая слава ў месяца, і іншая слава ў зорак; бо зорка ад зоркі адрозьніваецца славай. Гэтак і ўваскрашэньне мёртвых: сеецца ў тленьні, уваскрашаецца ў нятленьні; сеецца ў няславе, уваскрашаецца ў славе, сеецца ў немачы, уваскрашаецца ў сіле; сеецца цела душэўнае, уваскрашаецца цела духовае. Ёсьць цела душэўнае, і ёсьць цела духовае. Гэтак і напісана: «стаўся першы чалавек Адам душою жывою»; апошні Адам (ёсьць) Дух жыцьцятворчы. Але (у чалавеку) спачатку ня духовае, а душэўнае, духовае (ж) затым. Першы чалавек — зь зямлі, зямны; наступны Чалавек — Госпад зь Неба. Які зямны, гэткія і зямныя; і Які Нябесны, гэткія і нябесныя. І як мы насілі абраз зямнога, (гэтак) будзем насіць і абраз Нябеснага. Гэта ж кажу (вам), браты, што цела і кроў Валадарства Бога атрымаць у спадчыну ня могуць, і тленьне ня спадкуе нятленьня. Вось, кажу вам тайну: ня ўсе мы памром, але ўсе будзем пераменены, раптам, у імгненьне вока, пры апошняй трубе; бо затру́біць, і мёртвыя будуць уваскрэшаны нятленнымі, а мы будзем пераменены. Бо належыць гэтаму тленнаму апрануцца ў нятленнасьць, і сьмяротнаму гэтаму апрануцца ў нясьмяротнасьць. Калі ж тленнае гэтае апранецца ў нятленнасьць, і сьмяротнае гэтае апранецца ў нясьмяротнасьць, тады спраўдзіцца слова напíсанае: «сьмерць праглынена перамогаю». «Сьмерць, дзе тваё джала? Пекла, дзе твая перамога?» Джала ж сьмерці — грэх, сіла ж грэху — Закон. Але Богу падзяка, Які дае нам перамогу цераз Госпада нашага Ісуса Хрыста! Дык вось, браты мае любасныя, будзьце цьвёрдыя, няпахісныя, маючы заўсёды посьпех у справе Госпада, ведаючы, што праца вашая ня марная перад Госпадам.

А што тычыць скла́дкі ахвяраваньняў для сьвятых, дык і вы паступайце так, як я пастанавіў цэрквам Галятыі. У першы дзень тыдня кожны з вас няхай адкладвае ў сябе, зьберагаючы тое, што можа, каб, калі я прыйду, дык тады ўжо ня рабіць складчыну ахвяраваньняў. А як прыйду, дык тых, каго вы выбераце, я пашлю зь пісьмамі аднесьці ваш дар у Ярузалім; а калі будзе прыстойна і мне пайсьці, дык пойдуць разам са мною. А прыйду да вас, калі прайду праз Македонію, — бо праходжу Македонію. У вас жа, магчыма, пажыву, або нават перазімую, каб вы мяне правялі, куды пайду. Бо я ня хачу цяпер убачыць вас мімаходам, але спадзяюся нейкі час застацца з вамі, калі Госпад дазволіць. А ў Эхвесе прабуду аж да Пяцідзясятніцы, бо перада мною адчынены дзьверы шырокія і з напружанай працай, але і праціўнікаў шмат. Калі ж прыйдзе Цімахвей, глядзіце, каб ён быў у вас у бясьпечнасьці, таму што ён робіць справу Госпада, як і я. Пагэтаму ніхто да яго ня мусіць паставіцца абыякава; але правядзіце яго ў міры, каб ён прыйшоў да мяне, таму што я разам з братамі чакаю яго. Што тычыць брата Апальлёса, я вельмі прасіў яго, каб ён прыйшоў да вас з братамі; але ў яго ня было ніякага жаданьня прыйсьці цяпер; але прыйдзе, калі будзе мець магчымасьць. Чувайце, стойце ў веры, будзьце мужнымі, цьвёрдымі. Хай у вас усё робіцца з любоўю. Прашу ж вас, браты, — вы ведаеце дом Сьцяпана, што ён ёсьць пачатак Ахайі, і што яны прысьвяцілі сябе на служэньне сьвятым, — каб і вы былі пакорнымі гэтакім і кожнаму, хто дапамагае нам і працуе. Я рады ад прыходу Сьцяпана і Хвартуната, і Ахаіка, таму што яны папоўнілі вашу адсутнасьць: бо яны супакоілі мой і ваш дух. Дык паважайце гэтакіх. Прывітаюць вас цэрквы Азіі. Шчыра вітаюць вас Акіла і Прыскілла разам з царквою, якая ў іх доме. Прывітаюць вас усе браты. Прывітайце адзін воднага сьвятым пацалункам. Прывітаньне маёй рукою, Паўлавай. Калі хто ня любіць Госпада Ісуса Хрыста няхай будзе ана́тэма. Маран ата! Багадаць Госпада Ісуса Хрыста з вамі; Любоў мая з усімі вамі ў Хрысьце Ісусе. Амін.


Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.