Библия › Сабіла › 2 да карыньцянаў

Другое да карыньцянаў

Павал, Апостал Ісуса Хрыста па волі Бога, і Цімахвей брат царкве Бога, якая знаходзіцца ў Карыньце, са ўсімі сьвятымі, што знаходзяцца па ўсёй Ахайі: Багадаць вам і мір ад Бога Бацькі нашага і Госпада Ісуса Хрыста. Багаславёны Бог і Бацька Госпада нашага Ісуса Хрыста, Бацька міласэрнасьці і Бог усякага суцяшэньня, Які суцяшае нас у кожным нашым горы, каб мы маглі суцяшаць тых, што знаходзяцца ва ўсякім горы, тым суцяшэньнем, якім Бог суцяшае нас саміх! Бо паколькі памнажаюцца пакуты Хрыста ў нас, пастолькі памнажаецца і суцяшэньне нашае цераз Хрыста. Калі ж мы церпім уціск, дык дзеля вашага суцяшэньня і выратаваньня, якое адбываецца цераз ператрываньне тых жа пакутаў, якія і мы трываем. Калі мы суцяшаемы, дык дзеля вашага суцяшэньня і збаўленьня. І надзея нашая на вас цьвёрдая, ведаючы, што вы зьяўляецеся ўдзельнікамі як у пакутах (нашых), так і ў суцяшэньні. Бо ня хочам, каб вы ня ведалі, браты, пра нашае гора, якое здарылася з намі ў Азіі, таму што прыгнечаны мы былí звыш меры (і) звыш сілы, так што мы нават згубілі надзею выжыць. Але (мы) самі ў сабе мелі прысуд сьмерці, каб спадзявацца (нам) ня на сябе, але на Бога, Які ўваскрашае мёртвых, Які збавіў нас ад гэткай (жахлівай) сьмерці і (далей) збаўляе, на Якога спадзяёмся, што і яшчэ збавіць і пры спрыяльнай вашай малітве за нас, каб праз (малітвы) многіх аб дару нам, многія атрымалі падставу быць удзячнымі за нас. Бо пахвала нашая ёсьць у тым, аб чым сьведчыць (і) сумленьне нашае, што мы жылí ў сьвеце гэтым, асабліва ж у вас, у прастаце і шчырасьці Божай, (кіруючыся) ня мудрасьцяй плоцкай, але Багадацьцю Божай. Таму што мы пішам да вас ня нейкім іншасказаньнем, але тое, што вы чытаеце ці нават разумееце; спадзяюся ж, што і да канца зразумееце, як вы часткова і зразумелі нас, што мы зьяўляемся пахвалой вашай, як і вы — нашай у дзень Госпада Ісуса. З гэткай упэўненасьцяй хацеў я прыйсьці да вас (яшчэ) раней, каб вы ў другі раз атрымалі (гэткую) Багадаць; і праз вас прайсьці ў Македонію, ды ізноў із Македоніі прыйсьці да вас, і ад вас быць праведзеным у Юдэю. Дык прымаючы гэткі намер, няўжо я тады выявіў лёгкадумнасьць? Ці тое, што я рашаю, рашаю па плоці, так што ў мяне бывае (адначасна) то «так, так», то «не, не»? Верны ж Бог, што слова нашае да вас ня было то «так», то «не». Таму што Божы Сын, Ісус Хрыстос, Які быў прапаведаны намі сярод вас, (і) мной і Сілуанам, і Цімахвеям, ня быў то «так», то «не», але ў Ім было (толькі) «так». Бо ўсе абяцаньні Бога ў Ім «так» і ў Ім «амін», — на славу Богу цераз нас. Той жа, Хто ўмацоўвае нас з вамі ў Хрысьце і памазаў нас (ёсьць) Бог, Які і паклаў на нас (Сваю) пячатку і даў (нам) задатак Духа ў сэрцы нашыя. Я ж заклікаю Бога ў сьведкі на маю душу́, што, шкадуючы вас, я дагэтуль ня прыйшоў у Карынт. Ня таму, што мы пануем над верай вашай, але спрыяем вам у радасьці вашай; бо ў веры вы стаіце́ цьвёрда.

Дык я ўнутрана вырашыў гэтае, каб ізноў ня прыйсьці да вас з засмучэньнем. Бо калі я засмучаю вас, дык хто мяне пара́дуе, як ня той, хто засмучаны мной? І напісаў я вам гэта самае, каб, прыйшоўшы, ня мець смутку ад тых, ад якіх належала мне радавацца: я ўпэўнены ва ўсіх вас, што мая радасьць зьяўляецца (радасьцяй) для ўсіх вас. Ад вялікай скрухі і болю сэрца напісаў я вам са многімі сьлязьмі ня (для таго), каб вы былі засму́чаны, але каб (вы) пазналі любоў, якую (я) зь лішкам маю да вас. Калі хто засмуціў, (дык) ня мяне засмуціў, але (скажу), ня перабольшваючы, часткова ўсіх вас. Такому дастаткова гэткага пакараньня ад большасьці. Дык вам ужо ле́пей дарава́ць яму і суцешыць, каб ён ня быў праглынены церазмерным смуткам. Таму прашу вас выявіць да яго любоў. Бо таму я і напісаў (да вас), каб даведацца (і) праверыць вас, ці ва ўсім вы паслухмяныя. Каму ж што (вы) даруеце, (тое дарую) і я; бо і я калі што дараваў каму, (то) дараваў дзеля вас перад Абліччам Хрыста, каб ня былі мы абма́нутымі шатанам, бо задумкі ягоныя мы ведаем. Калі я прыйшоў у Троаду дзеля Дабравесьця Хрыста, і дзьверы мне былі адчынены Госпадам, (але) я ня меў супакою духу майму, бо ня знайшоў (там) брата майго Ціта; дык разьвітаўшыся зь імі, (я) пайшоў у Македонію. Дзякуй Богу (нашаму), Які заўсёды дае нам перамогу ў Хрысьце, і водар пазнаньня Сябе выяўляе цераз нас на ўсякім мейсцы. Таму што мы зьяўляемся водарам Хрыста для Бога ў збаўляемых і ў гíнучых: для адных пах сьмерці на сьмерць, для другіх жа пах жыцьця на жыцьцё. І хто здатны на гэта? Бо мы ня так, як многія, якія перакручваюць Слова Бога, але гаворым шчыра, як ад Бога, перад Богам, у Хрысьце.

(Дык) няўжо нам ізноў (трэба) пачынаць знаёміцца (з вамі)? Няўжо мы маем патрэбу, як нікаторыя, у рэкамендавальных лістах да вас альбо ў рэкамендавальных лістах ад вас? Вы — наш ліст, (які) напісаны ў сэрцах нашых, (і) які пазнаецца і чытаецца ўсімі людзьмі; які выяўляе, што вы ёсьць ліст Хрыста, праз нашае служэньне, напíсаны ня чарнілам, але Духам Бога Жывога ня на каменных табліцах, але на цялесных табліцах сэрца (нашага). І гэткую ўпэўненасьць (мы) маем цераз Хрыста перад Богам, ня таму, што мы здольныя думаць нешта ад сябе, як із сябе, але здольнасьць нашая ад Бога, Які і зрабіў нас здольнымі (быць) служкамі Новага Запавету, ня літары, але Духа; таму што літара забівае, а Дух творыць жыцьцё. Калі ж служэньне сьмерці, у літарах пазначанае на камнях, было ў такой славе, што сыны Ізраэля ня маглі глядзець на аблічча Масея з-за славы аблічча ягонага, (славы) якая мінае, дык ці ня (тым) больш будзе ў славе служэньне Духа? Калі ж служэньне асуджэньня — слава, дык яшчэ больш багатае славаю служэньне праведнасьці. Бо і тое праслаўленае ня было (настолькі) слаўным у параўнаньні з пераўзыходзячай славай. Бо калі тое, што прамінае, мае славу, дык тым больш тое, што застаецца ў славе. Дык маючы гэткую надзею мы паступаем зь вялікай сьме́ласьцю, а ня гэтак, як Масей, (які) клаў пакрывала на аблічча сваё, каб сыны Ізраэлявыя ня ўглядаліся ў канец таго, што мінае. Але ачарсьцьвелымі былі розумы іхныя; бо да сёньняшняга дня тое самае пакрывала пры чытаньні Старога Запавету застаецца нязьнятым, якое Хрыстом здымаецца. Але нават да сягоньняшняга дня, калі яны чытаюць Масея, пакрывала ляжыць на іхным сэрцы; але, калі (чалавек) навернецца да Госпада, пакрывала гэта здымаецца. Госпад ёсьць Дух; а дзе Дух Госпада, там свабода. А мы ўсе як у люстэрку разглядаючы славу Госпада з адкрытым абліччам, становімся пераабражаемымі ў той самы (Ягоны) Абраз Духам Госпада ад славы ў славу.

Таму маючы гэткае служэньне, як памілаваныя, (мы) ня маркоцімся; але адкінуўшы тайныя ганебныя (учынкі), ня хітруючы і ня скажаючы Слова Бога, але выяўленьнем праўды прадстаўляем сябе сумленьню кожнага чалавека перад Богам. Калі ж і скрытае Эвангельле нашае, то скрытае ад тых, хто гíне, у няверучых, у якіх бог веку гэтага засьляпіў розумы, каб ім ня зазьзяла сьвятло Эвангельля славы Хрыста, Які ёсьць Абраз Бога. Таму што мы ня сябе прапаведуем, але Хрыста Ісуса Госпада; мы ж — рабы вашыя дзеля Ісуса, таму што Бог, Які сказаў зь цемры зазьзяць сьвятлу, Ён зазьзяў у нашых сэрцах дзеля прасьвятленьня (нас) пазна́ньнем славы Бога ў Асобе Ісуса Хрыста. Маем жа (мы) скарб гэты ў гліняных пасудзінах, каб веліч сілы была (бачна) у Бога, а ня ў нас: ва ўсім прыгнятаемых, але ня задушаных; у цяжкіх абставінах, але ня ўпаўшых у роспач; перасьледуемых, але ня пакінутых; пава́леных, але ня забітых; (што) заўсёды ў целе носім мёртвасьць Госпада Ісуса, каб і жыцьцё Ісуса ў целе нашым было зьяўлена. Бо мы жывыя заўсёды аддаваны на сьмерць дзеля Ісуса, каб і жыцьцё Ісуса было зьяўлена ў сьмяротным целе нашым, так што сьмерць дзейнічае ў нас, а жыцьцё — у вас. Маючы той жа дух веры, як напíсана: «паверыў я, таму і сказаў»; і мы верым, таму і гаворым, ведаючы, што Той, Хто ўваскрасіў Госпада Ісуса, і нас уваскрэсіць цераз Ісуса і паставіць перад (Сабой) разам з вамі. Таму што ўсё дзеля вас, каб шчодрасьць Багадаці тым большую выклікала ў многіх удзячнасьць у славу Бога. Таму (мы) ня маркоцімся; але, калі нават вонкавы наш чалавек тлее, дык унутраны абнаўляецца з дня на дзень. Таму што кароткачасовае лёгкае гора нашае творыць у нас звыш усякай меры вечную поўнасьць славы, у нас, што глядзім ня на бачнае, але на нябачнае, таму што бачнае часовае, а нябачнае — вечнае.

Бо мы ведаем, што, калі наш зямны дом, гэтая хаціна, будзе зруйнавана, то мы маем ад Бога будынак — дом нярукатворны, вечны на Нябёсах. Дык таму мы і стогнем, жадаючы апрануцца ў наша жыльлё зь Неба; толькі б нам і апранутым ня аказацца голымі. Бо мы знаходзячыся ў гэтай хаціне стогнем пад цяжарам, паколькі мы ня хочам стацца голымі, але (хочам) апрануцца (у Таго), каб было праглынена сьмяротнае жыцьцём. І Той, Хто нарадзіў нас да гэтага самага, ёсьць Бог, Які і даў нам задатак Духа. Таму мы заўсёды бадзёрыя і ведаючы, што жывучы ў целе, мы жывём аддзеленымі (нашым целам) ад Госпада, таму мы ходзім вераю, (а) ня ба́чнасьцю, таму мы маем сьмеласьць і жадаем лепш выйсьці з гэтага цела і пасяліцца ў Госпада. Таму і рупна стараемся, ці то жывучы (у целе), ці то выходзячы (зь цела), быць Яму заўгоднымі, таму што ўсім нам належыць зьявіцца перад Судом Хрыста, каб кожны атрымаў (за) тое, што зрабіў у целе, ці то добрае, ці благое. Ведаючы ж страх Госпада, мы пераконваем людзей; Богу ж мы адкрытыя, спадзяюся ж, што і вашым сумленьням мы адкрытыя. Бо мы ня нанова прадстаўляем сябе вам, але даём вам нагоду хваліцца намі, каб мелі вы (што сказаць) тым, што хваляцца абліччам, а ня сэрцам. Калі ж мы (быццам бы) сыходзілі з розуму, то для Бога; калі ж (толькі) па розуму, то для вас. Бо любоў Хрыста ахапляе нас, што так разважылі: калі Адзін памёр за ўсіх, тады ўсе памерлі. А Ён памёр за ўсіх, каб тыя, што жывуць, больш ня для сябе жылі, але для Таго, Хто за іх памёр і ўваскрос. Таму мы ад сяньня нікога ня ведаем паводля цела; калі ж і ведалі Хрыста па целу, то цяпер ужо ня ведаем. Так што, калі хто ў Хрысьце, (той) новае стварэньне; старое міну́ла, і вось усё (што ў Хрысьце) стала новым. Усё ж ад Бога, Які прымірыў нас з Сабой празь Ісуса Хрыста, і даў нам служэньне прымірэньня, таму што Бог быў у Хрысьце, мíрачы (гэты) сьвет з Сабою, ня залічваючы ім злачынстваў іхніх, і, Які зьмясьціў у нас слова прымірэньня. Таму дзеля Хрыста мы зьяўляемся пасламі, як ад Бога, Які ўгаворвае цераз нас: просім дзеля Хрыста: «памірыцеся з Богам». Бо ня ведаўшага грэху Ён (Бог) дзеля нас зрабіў (Яго, Ісуса, ахвярай за наш) грэх, каб мы сталіся праведнасьцяй Бога ў Ім.

І мы, як супрацоўнікі (Бога), молім (вас), каб Багадаць Бога была прынята вамі ня ма́рна, бо Ён кажа: «у час прыдатны Я пачуў цябе і ў дзень збаўленьня дапамог табе». Вось цяпер час прыдатны, вось цяпер дзень збаўленьня. Мы нікому ні ў чым ня даём спатыканьня, каб ня было паглумленым служэньне, але ва ўсім выяўляем сябе, як слугі Бога, у вялікай цярплівасьці, у бедах, у нястачах, ва ўцісках, пад ударамі, у вастрогах, у бу́нтах, у спрацаванасьцях, у чуваньнях, у пастах, у чысьціні, у мудрасьці, у доўгацярплівасьці, у дабрыні, у Духу Сьвятым, у любові някрывадушнай, у слове праўды, у сіле Бога, са зброяй праведнасьці ў правай і левай руцэ, у паша́не і ў га́ньбе, пад паклёпам і (у) добрай славе: як ашуканцы, але мы верныя, як нявядомыя, але пазнава́ныя; як паміраючыя, але вось мы жывём; як караемыя, ды ня забіваныя; як засмучаныя, але (мы) заўсёды радуемся; як жабракі, але многіх абагача́ючыя; як нічога ня маючыя, але ўсім валодаючыя. Вусны нашыя адкрытыя для вас, карыньцяне, сэрца нашае расшырана. Вам ня цесна ў нас, але ў сэрцах вашых цесна. Адплаціце тым жа, — кажу як дзецям, — расшырцеся і вы. Ня ўпрагайцеся зь няверучымі пад чужое ярмо; бо якая лу́чнасьць праведнасьці зь бяззаконьнем? Якая ж лучнасьць сьвятла зь цемраю? Дык якая згода між Хрыстом і Бяліарам? Ці які саўдзел у вернага зь няверным? Дык якая супольнасьць Сьвятыні Бога з балвана́мі? Бо вы ёсьць Сьвятыня Бога Жывога, як сказаў Бог: «пасялюся ў іх і буду жыць; і буду іхным Богам, і яны будуць Маім народам». Таму: «выйдзіце зь асяродку іхнага і адлучыцеся, — кажа Госпад, — і ня дакранайцеся да нячыстага, і Я прыму вас». «І буду вам Бацькам, і вы будзеце Мне сынамі і дочкамі, — кажа Госпад Уседзяржыцель (Усемагутны)».

Дык вось, любасныя, маючы гэткія абяцаньні, ачысьцім сябе ад усяго, што апаганьвае цела і дух, учыняючы сьвятасьць у страху Божым. Прыміце нас (у сэрцы вашыя)! Мы нікога ня пакрыўдзілі, нікому ня пашкодзілі, ні ў кога ня шукалі карысьці. Ня на асуджэньне кажу; бо я ране́й сказаў, што вы ў сэрцах нашых, каб разам і паме́рці і жыць. (Гавару) з вамі вельмі адкрыта, вельмі хвалюся вамі; я напоўнены суцяшэньнем, перапаўняюся радасьцю, пры ўсім уціску на нас. Бо калі мы прыйшлі ў Македонію, цела нашае ня мела ніякага спакою, але адусюль мы былі ўцісьненыя: звонку — напасьці, унутры — страхі. Але Бог, Які суцяшае ціхамірных, суцешыў нас прыходам Ціта; і ня толькі ягоным прыходам, але і суцяшэньнем, якім ён быў суцешаны вамі, калі ён расказваў нам пра вашу руплівасьць, пра ваш плач, пра вашу прыхільнасьць да мяне, так што я (яшчэ) болей узра́даваўся. Калі ж я і засмуціў вас тым Пасланьнем, ня шкадую, хоць было і шкадаваў; бо бачу, што гэнае Пасланьне хоць на (нейкі) час засмуціла вас. Цяпер я радуюся ня таму, што вы былí засму́чаны, але таму, што вы былí засму́чаны на пакаяньне: бо былі засмучаны дзеля Бога, так што ні ў чым ад нас ня пацярпелі шкоды. Таму што смутак дзеля Бога ўчыняе пакаяньне на збаўленьне, аб чым ня сьлед шкадаваць; а сьвецкі смутак учыняе сьмерць. Глядзіце, ужо самае тое, што вы засму́чаны дзеля Бога, якую дбаласьць учыніла (гэта) у вас, колькі (просьбаў) прабачэньня, якое абурэньне, які страх, якое жаданьне, якую руплівасьць, якое спагнаньне! Ва ўсім вы паказалі сябе чыстымі ў гэтай справе. Таму, калі я і напісаў вам, то ня дзеля таго, хто пакрыўдзіў, і ня дзеля пакрыўджанага, але дзеля таго, каб вачавіднай стала сярод вас ваша дбаласьць пра нас перад Богам. Таму мы суцешаны вашым суцяшэньнем; шмат больш, нават празьмерна ўзрадаваліся мы радасьцю Ціта, таму што дух ягоны быў супакоены ўсімі вамі. Таму, калі я і пахваліўся яму чым-небудзь пра вас, то ня быў пастыжоны, але як мы вам сказалі ўсё ў праўдзе, так і пахвала нашая перад Цітам аказалася праўдай. І сэрца ягонае яшчэ мацней ту́ліцца да вас, пры ўспаміне аб паслухмянасьці ўсіх вас, як са страхам і трымценьнем вы прынялі яго. Я радуюся таму, што ва ўсім магу пакласьціся на вас.

Паведамляем вам, браты, пра Багадаць Бога дадзеную ў цэрквах Македоніі, таму што ў моцным выпрабаваньні горам у іх збытак радасьці; і глыбокая галеча іхная збыткуе багацьцем шчодрасьці іхнай, таму што па сіле, (а) я сьведчу, і звыш сілы яны добраахвотны (у ахвяраваньні), і яны вельмі настойліва прасілі нас прыняць іхную шчодрасьць і ўдзел у служэньні для сьвятых; і ня (толькі) так, як мы спадзяваліся, але саміх сябе яны адда́лі, перш Госпаду, (а потым) і нам па волі Бога, так што мы прасілі Ціта, каб ён, як пачаў, так і скончыў у вас і гэтую дабрачыннасьць. Але, як вы збыткуеце ва ўсім: у веры і слове, і ў ве́даньні, і ва ўсякай дбаласьці, і ў вашай любові да нас, так што і ў гэтай дабрачыннасьці збыткуйце. Кажу (ж гэта) ня як загад, але дбаласьцю другіх выпрабоўваючы шчырасьць і вашай любові. Бо ведаеце Багадаць Госпада нашага Ісуса Хрыста, што Ён, будучы багатым, зьбяднеў дзеля вас, каб вы ўзбагаціліся празь Яго зьбядненьне. І я даю ў гэтым параду: бо гэта вам карысна, (тым), якія ня толькі (пача́лі) рабіць, але і раней жадалі гэта зрабіць, яшчэ зь леташняга году. А цяпер і гэту справу завяршыце, каб тое, чаго прагна жадаеце, так і выканаць, з таго, што маеце. Бо калі хто мае руплівасьць (ахвяраваць), то прыймальнай (зьяўляецца) ахвяра маёмнага, а ня нямаёмнага. Бо (гэта) ня для (таго), каб іншым (была) палёгка, а вам цяжар, але для роўнасьці. У цяперашні час ваша лíшніца (служыць) для (папаўненьня) іхняй нястачы. Так каб і іхны збытак стаўся ў (папаўненьне) вашай нястачы, каб была роўнасьць, як напісана: «хто (сабраў) многа, ня меў лішніцы; і хто (сабраў) мала, ня меў нястачы». І дзякаваць Богу, Які ўклаў у сэрца Цітава такую руплівасьць пра вас. Таму што ён прыняў (маю) просьбу, але будучы вельмі руплівым (пра вас), ён пайшоў да вас добраахвотна. Паслалі мы зь ім і брата, якога хваляць ва ўсіх цэрквах за дабравешчаньне, ды ня толькі (гэта), але і тое, што ён ёсьць яшчэ і выбранец цэркваў у спадарожнікі нам, для выкана́ньня гэтай дабрадзейнасьці, якой мы служым для славы Самога Госпада згодна руплівасьці вашай, высьцерагаючыся таго, каб хто ня папракнуў нас пры такім багацьці прынашэньняў праз нашае служэньне, бо мы прадугледжваем вартае пахвалы ня толькі перад Госпадам, але і перад людзьмі. Паслалі мы зь імі і брата нашага, руплівасьць якога мы выпрабавалі ў многім шматкротна, які цяпер яшчэ больш руплівы з-за вялікай упэўненасьці ў вас. Калі адносна Ціта, дык ён — мой супольнік, а для вас — супрацоўнік; што тычыць братоў нашых — (гэта) пасланцы цэркваў, слава Хрыстова. Дык вось, доказ любві вашай і (справядлівасьць) нашай пахвалы аб вас зьявіце перад імі і перад абліччам цэркваў.

Бо што тычыць служэньня сьвятым для мяне лішне пісаць вам; бо ведаю вашую руплівасьць, дзеля якой хвалю вас перад македонцамі, што Ахайя прыгатавана зь леташняга году, і вашая рупнасьць падахвоціла многіх. Братоў паслаў я, каб пахвала нашая аб вас ня аказалася марнай у гэтым выпадку, каб, як я казаў, вы былí падрыхтаванымі; каб, калі прыйдуць са мной македонцы і знойдуць вас ня падрыхтаванымі, мы ня былí асаромленымі, — каб нам ня сказаць «вы», — пахваліўшыся (вамі) з гэткай упэўненасьцю. Таму я палічыў ніабходным упрасіць братоў, каб яны пайшлі да вас раней і загадзя падрыхтавалі ране́й аб’яўленае вашае ахвяраваньне, каб яно было гатова так, як багаславеньне, а ня як вымагальніцтва. Скажу да гэтага: хто сее скупа, скупа і пажне; а хто сее шчодра, шчодра і пажне: Кожны як нахіляе сэрца (ягонае ахвяраваць) ня з шкадаваньнем альбо прынукаю; бо Бог любіць тых, хто ахвяруе з радасьцю. А Бог ду́жы ўзбагаціць вас усякай Багадацьцю, каб вы ва ўсім заўсёды, маючы ўсякі дастатак, былі багатыя на ўсякі добры ўчынак, як напісана: «рассыпаў, раздаў убогім; Праведнасьць Ягоная трывае на векі». А Той, Хто дае насеньне сейбіту і хлеб для яды, дасьць і прымножыць вашае насеньне, і павялічыць плады вашай праведнасьці, каб ва ўсім вы былі ўзбага́чаны на ўсякую шчодрасьць, якая праз нас творыць падзяку Богу. Таму што дабрачыннасьць гэтага служэньня зьяўляецца ня толькі задавальненьнем патрэбаў сьвятых, але і творыць ад многіх удзячнасьці Богу, празь сьведчаньне гэтага служэньня (яны) славяць Бога за пакорнасьць вашага вызнаваньня Эвангельлю Хрыста і за шчырасьць лучнасьці зь імі і з усімі; і іхная малітва за вас па прыхільнасьці да вас з-за бязьмернай Багадаці Бога на вас. Падзяка Богу за Ягоны нявымоўны дар!

Сам жа я, Павал, які ў вашай прысутнасьці сьціплы, а ў вашай адсутнасьці строгі да вас, (цяпер) угаворваю вас зь мяккасьцю і лагоднасьцю Хрыстовай, каб мне прыйшоўшы да вас ня праявіць адвагу зь такой упэўненасьцю, якую я думаю ўжыць у адносінах да нікаторых, што думаюць пра нас, быццам мы паступаем па плоці. Хаця мы ходзім у целе, (але) змагаемся ня паводля плоці. Бо зброя нашага змаганьня ня плоцкая, але моцная Богам на зруйнаваньне цьвярдыняў, руйнуючы замыслы і ўсялякае высакамер’е, якое паўстае супраць пазнаньня Бога, і бяручы ў палон усялякую думку на послух Хрысту, і (мы) гатовы пакараць усялякую няпаслухмянасьць, калі будзе споўнены ваш послух. Ці на аблічча глядзіцё? Калі хто ўпэўнены ў сабе, што ён Хрыстовы, той сам у сабе хай разважыць, што як ён Хрыстовы, гэтак і мы Хрыстовыя. Бо, калі б я і балей стаў хваліцца нашай уладай, якую даў нам Госпад на вашае збудаваньне, а ня на разбурэньне, то я ня буду пасаромлены. Каб ня здалося вам, што я быццам бы палохаю вас Пасланьнямі. Бо (нехта) кажа: «Пасланьні ягоныя важкія і моцныя, а ў асабістай прысутнасьці ён слабы, і слова ягонае нязначнае». Гэтакі хай ведае тое: якія мы словамі ў Пасланьнях адсутнічаючы, такія мы і ў прысутнасьці — справаю. Бо мы ня адважваемся залічаць сябе да некага альбо параўноўваць сябе зь некім з тых, што самі сябе рэкамендуюць. Але яны ня маюць мудрасьці мераючы сябе самімі сабою і параўноўваючы сябе з сабой. Але мы будзем хваліцца ня бязь меры, але па меры таго ўдзелу, які прызначыў нам Бог, (паводля той) меры, каб дасягнуць і да вас. Бо мы ня натужваемся, як ня дасягнуўшыя вас, таму што (мы) і вас дасягнулі Эвангельлем Хрыстовым. Мы ня бязь меры хвалімся чужымі працамі, але маем надзею, што пры ўзрастаньні веры вашай, і нам быць узьвялічанымі зь лішкам у вас адпаведна ўдзелу нашаму, каб дабравесьціць тым, што далей за вамі, але ня ў чужым удзеле, каб хваліцца гатовым. А той, хто хваліцца, хай хваліцца Госпадам. Таму што ня той варты (пахвалы), хто хваліць сябе, але каго хваліць Госпад.

О, калі б вы (хоць) крыху былі цярплівымі да маёй няразумнасьці! Але вы і церпіце мяне. Бо я руплюся аб вас рупнасьцю Божай; бо я заручыў вас аднаму Мужу, каб прадставіць Хрысту чыстую дзеву. Але баюся, каб розумы вашыя ня былі пашкоджаны, як (некалі) зьмей хітрасьцю сваёй зьвёў Еву, так, каб і вы ня (ухіліліся) ад прастаты, якая ў Хрысьце. Бо (бачу ў вас), што калі б нехта прыходзячы пачаў абвяшчаць другога Ісуса, якога мы вам ня абвяшчалі, альбо калі б вы атрымалі духа іншага, якога ня атрымалі, альбо Эвангельле іншае, якое вы ня прынялі, то вы (такога) гатовы б цярпець. Бо думаю, што я ні ў чым ня маю нястачы перад вышэйшымі Апосталамі. Хаця я (для вас) і просты ў слове, але ня ў пазнаньні. І мы ва ўсім добра вядомыя вам. Ці саграшыў я, сябе ўніжаючы, каб вас узвысіць, калі я Божае Эвангельле апавясьціў вам зада́рма? Дзеля вашага служэньня я браў на пражытак з другіх цэркваў, і будучы (працуючы) у вас і перанёсшы нястачу я нікога ня абцяжарыў; таму што нястачу маю папоўнілі браты, якія прыйшлі з Македоніі; ды і ва ўсім стараўся і буду старацца быць для вас ня цяжарам. Ёсьць праўда Хрыста ўва мне, таму пахвала гэта (за дабравешчаньне) у краях Ахаі ня будзе ад мяне адабрана. Чаму (так кажу)? Ці таму, што ня люблю вас? Бог ведае! Але што раблю, тое і буду рабіць, каб адсячы повад у тых, што шукаюць поваду, каб, у чым яны хваляцца, аказаліся (такімі ж), як і мы. Таму што яны ілжэапосталы, ілжывыя працаўнікі, якія прыймаюць выгляд Апосталаў Хрыста. І ня дзіва: бо сам шатан прыкідваецца ангелам сьвятла. Таму нічога вялікага няма (у тым), калі і ягоныя служкі прыкідваюцца служкамі праведнасьці, канец якіх будзе паводля іхных учынкаў. Ізноў кажу: хай ніхто ня палічыць мяне няразумным; а калі ня так, дык прыміце мяне, хаця б як няразумнага, каб і мне хоць чым-небудзь пахваліцца. (А) што кажу, дык кажу ня паводля Госпада, але як бы па няразумнасьці пры гэткай адвазе на пахвалу. Так як многія хваляцца паводля цела, то і я буду хваліцца. Бо вы людзі мудрыя ахвотна церпіце няразумных. Бо вы церпіце, калі хто вас панявольвае, калі хто (вас) аб’ядае, калі хто (вас) абірае, калі хто вывышшаецца, калі хто вас б’е ў твар. На сорам вам кажу, што мы (на такія ўчынкі) аказаліся слабымі. Але калі нехта ў нечым асьмельваецца, то ў няразумнасьці гавару, асьмельваюся і я. Яны жыды? І я. Яны ізраэляны? І я. Яны насеньне Абрагама? І я. Яны служкі Хрыста? Кажу як няразумны: я балей (таго)! многа балей у працах, звыш меры ў плягах, намнога больш у вязьніцах, часта пры сьмерці. Ад юдэяў я атрымаў пяць разоў па сорак (удараў) бяз аднаго. Тройчы я быў пабіты палкамі, аднойчы быў пабіты камянямі, тройчы пацярпеў караблекрушэньне, ноч і дзень прабыў у (марской) глыбінí; часта у падарожжах, падпадаў пад нябясьпекі на рэках, у нябясьпеках ад разбойнікаў, у нябясьпеках ад суайчыньнікаў, у нябясьпеках ад паганаў, у нябясьпеках у ме́сту, у нябясьпеках у пустэльні, у нябясьпеках на моры, у нябясьпеках паміж ілжэбратамі, у працы і ў зьнемажэньні, часта ў нядасыпаньні, у голадзе і пра́зе, часта ў пастах, у холадзе і ў галізьне. Апрача звычайных (клопатаў) кожны дзень вакол мяне людзкая зборка, клопат аб усіх цэрквах. Хто зьнямагае, (з кім бы) і я ня зьнямагаў? Хто спатыкаецца, (за каго) і я ня ўзгараўся? Калі належыць хваліцца, то я буду хваліцца маёю нямогласьцю. Бог і Бацька Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які багаславёны навекі, ведае, што я ня ілгу. У Дамаску намесьнік валадара Арэты пільнаваў места дамаскае жадаючы схапіць мяне; але я ў карзіне быў спушчаны праз вакно па (мястовай) сьцяне і пазьбег ягоных рук.

Хваліцца мне ня карысна, бо я дайду да відзе́жаў і адкрыцьцяў Госпада. Ведаю такога чалавека ў Хрысьце, які чатырнаццаць гадоў таму назад, ці то ў целе — ня ведаю, ці па-за целам — ня ведаю: Бог ведае, быў узьнесены да Трэйцяга Неба. І ведаю такога чалавека, ці то ў целе, ці то па-за целам — ня ведаю: Бог ведае, што ён быў узьнесены ў рай і пачуў нявымоўныя словы, якія чалавеку нельга пераказаць. Гэткім буду хваліцца, а сабой хваліцца ня буду, хіба толькі немачамі маімі. Бо калі б я захацеў пахваліцца, дык ня буду няразумным, таму што скажу праўду; але я ўстрымліваюся, каб хто ня падумаў аба мне болей, чым ува мне бачыць альбо што ад мяне чуе. І каб я ня ўзвышаўся церазмернай веліччу адкрыцьцяў, дано мне джала ў плоць: ангел шата́на, каб мяне гнясьці; каб я ня ўзвышаўся. Тройчы я маліў Госпада аб тым, каб ён адступіўся ад мяне. Але Ён сказаў мне: «даволі для цябе Багадаці Маёй, таму што сіла Мая ў слабасьці дасягае дасканаласьці». Таму я больш ахвотней буду хваліцца не́мачамі маімі, каб жыла́ ўва мне сіла Хрыста. Таму я задаволены немачамі, зьнявагамі, нястачамі, перасьледаваньнямі, уціскамі за Хрыста: бо калі я немачны, тады я дужы. Я стаўся няразумным хвалючыся: вы мяне прыму́сілі. Вам належала б мяне хваліць; бо я ні ў чым ня маю нястачы перад вышэйшымі Апосталамі, хаця я і нішто. Прыкметы Апостала праяўлены перад вамі ва ўсякім цярпеньні, знакамі, цудамі і сіламі. Дык у чым вы менш вартыя ў параўнаньні з астатнімі цэрквамі? Хіба толькі ў тым, што я сам ня абцяжарыў вас! (Дык) даруйце мне такі грэх! Вось (ужо) трэйці раз я гатоў прыйсьці да вас і ня буду абцяжарваць вас, бо ня шукаю вашага, але вас. Бо ня дзеці павінны зьбіраць скарб для бацькоў, але бацькí — для дзяцей. Я ж (вельмі) ахвотна панясу выдаткі і (буду) зьнямагаць сябе за душы вашыя нават і ў выпадку, што я любячы вас намнога мацней, вамі (ж) любімы менш. Дапу́сьцім, што я (адкрытым чынам) ня абцяжарыў вас, але будучы хітрым, (як небудзь) хітрасьцю вас абабраў. (Але ж) я нікога ня пасылаў да вас, каб цераз яго атрымаць (асабіста для меня нейкую) выгаду ад вас. Я ўпрасіў Ціта і паслаў (але ж ня аднаго яго, а) з братам: (дык скажыце) ці скарыстаўся Ціт хоць чым-небудзь ад вас? Дык ці ня ў адным Духу мы паводзілі сябе? Дык ці ня сьлед у сьлед ходзім мы? Ці ня думаеце вы ізноў, што мы перад вамі (толькі) апраўдваемся? (Ды не), мы гаворым вам перад Богам, у Хрысьце: і ўсё гэта, любасныя, для вашага збудаваньня. Але баюся, каб прыйшоўшы, ня знайсьці вас такімі, якімі ня хачу (вас знайсьці); ды і я каб ня быў вамі знойдзены такім, якім ня жадаеце: каб ня (знайсьці ў вас) спрэчак, зайздрасьці, гневу, сварак, ачарненьняў, нагавораў, пыхлівасьці, звадак; каб ізноў, прыйшоўшы, ня пасароміў мяне Бог мой у вас, і каб ня аплакваць мне многіх, якія раней саграшылі і ня пакаяліся ў нячыстасьці і блудадзействе, і распусьце, якія яны ўчынілі.

Гэта (ужо) трэйці раз (я) іду да вас. Пры вуснах двух ці трох сьведкаў будзе лічыцца правільнасьць рашэньня ўсякай справы. Я папярэдзіў (вас) раней, як прысутнічаў (у вас) другі раз, і папярэджваю цяпер (у вас) адсутнічаючы, пішу тым, што раней зграшылі, і ўсім астатнім, што, калі прыйду ізноў, ня пашкадую, таму што вы шукаеце доказу: ці гаворыць ува мне Хрыстос, Які (у адносінах) да вас ня слабы, але моцны ў вас. Бо хоць Ён і быў укрыжаваны ў не́мачы, але жывы сілаю Бога; ды і мы немачныя ў Ім, але будзем жыць зь Ім сілаю Бога ў вас. Саміх сябе выпрабоўвайце, ці ў веры вы; саміх сябе дасьледуйце. Ці вы ня ведаеце саміх сябе, што Ісус Хрыстос у вас? Хіба што вы ў чым-небудзь нягодныя. Але спадзяюся, што вы даведаецеся, што мы ня нягодныя. Малюся ж да Бога, каб ня зрабіць вам ніякага зла, ня для таго, каб мы паказаліся (вам) годнымі, але каб вы рабілі дабро, а мы, каб былі, быццам бы (мы) нягодныя. Бо мы ня моцныя ў чым-небудзь су́праць праўды, але (моцныя) за праўду. Бо мы радуемся, калі мы не́мачныя, а вы — моцныя; аб гэтым вось і молімся, аб вашым удасканаленьні. Таму я пішу гэтае ў адсутнасьці, каб у прысутнасьці ня давялося мне ўжыць суровасьць улады, якую даў мне Госпад для збудаваньня, а ня для разбурэньня. Урэшце, браты, радуйцеся, удасканальвайцеся, суцяшайцеся, будзьце аднадумнымі, жывіце ў міры, — і Бог любві і міру будзе з вамі. Вітайце адзін аднаго сьвятым пацалункам. Вітаюць вас усе сьвятыя. Багадаць Госпада Ісуса Хрыста і любоў Бога, і лучнасьць Сьвятога Духа са ўсімі вамі. Амін.


Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.