Библия › Сабіла › Да галятаў
Павал, Апостал ня ад людзей і ня праз чалавека, але праз Ісуса Хрыста і Бога Бацьку, Які ўскрасіў Яго зь мёртвых, і ўсе браты, што са мною — цэрквам Галятыі; Багадаць вам і мір ад Бога Ба́цькі і Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які аддаў Сябе за грахі нашыя, каб выбавіць нас ад цяперашняга ліхога веку, паводля волі Бога і Бацькі нашага, Якому слава ў вяках вякоў. Амін. Я дзіўлюся, што вы так хутка пераходзіце ад (Эвангельля), якое прыклікала вас Багадацьцю Хрыста, да другога «эвангельля», якое ня ёсьць іншае («эвангельле»), але толькі ёсьць нікаторыя (людзі), якія зводзяць вас і хочуць сказіць Эвангельле Хрыста. Але, нават калі мы, альбо Ангел зь Неба стаў бы дабравесьціць вам насуперак таму, што мы вам абвясьцілі, хай будзе анатэма. Як раней мы сказалі, і цяпер ізноў кажу: калі хто вам дабравесьціць насуперак таму, што вы прынялі, хай будзе анатэма. Дык цяпер я ў людзей шукаю зычлівасьці ці ў Бога? Ці людзям стараюся дагаджаць? Калі б я ўсё яшчэ дагаджаў людзям, то ня быў бы рабом Хрыста. Дык тлума́чу вам, браты, што Эвангельле, якое я вам абвясьціў, ёсьць ня ад чалавека; бо я прыняў яго ня ад чалавека і ня быў навучаны (чалавекам), але (прыняў) праз адкрыцьцё Ісуса Хрыста. Вы чулі аб маім ранейшым ладзе жыцьця ў юдэйстве, што я вельмі жорстка перасьледаваў царкву Бога і вынішчаў яе, і выпераджаў у юдаізьме шмат каго з равесьнікаў у родзе маім, будучы празьмерным рупліўцам маіх ба́цькаўскіх пераданьняў. Калі ж Богу, Які выбраў мяне ад улоньня маткі маёй і прыклікаў (мяне) праз Багадаць Сваю, стала заўгодна адкрыць ува мне Сына Свайго, каб я дабравесьціў Яго сярод паганаў, дык я адразу ня стаў раіцца з целам і крывёю і ня пайшоў у Ярузалім да тых, што былі раней за мяне Апосталамі, але пайшоў у Арабію і зноў вярнуўся ў Дамаск. Потым, пасьля трох гадоў, пайшоў я ў Ярузалім пазнаёміцца зь Пётрам і прабыў у яго дзён пятнаццаць. А нікога другога з Апосталаў я ня бачыў, акрамя Якуба, брата Госпада. А што пішу вам, дык (пішу) перад Богам, ня ілгу. А пасьля прыйшоў я ў землі Сырыі і Кілікі, цэрквам Хрыстовым у Юдэі з твару я быў няве́дамы, толькі чулі яны: «Той, хто некалі нас перасьледаваў, цяпер дабравесьціць веру, якую некалі зьнішчаў»; і славілі за мяне Бога.
Потым праз чатырнаццаць гадоў, узыйшоў я ў Ярузалім з Барна́бай, узяўшы з сабой і Ціта. Узыйшоў жа я паводля адкрыцьця і выклаў ім Эвангельле, якое апавяшчаю сярод паганаў, і асабліва аўтарытэтным, як бы ня (сталася), што я марна намагаюся альбо намагаўся. Але нават Ціт, які быў са мною, зьяўляючыся эллінам, ня быў вымушаны абрэзацца; і таму праніклым ілжэбратам, якія ўкрадня прыйшлі, каб падгледзець свабоду нашую, якую мы маем у Хрысьце Ісусе, каб нас паняволіць, мы ім ні на хвіліну ня саступілі і ня ўпакорыліся, каб праўда Эвангельля нязьменна прабывала ў вас. Адносна ж тых, што лічаць сябе не́чым, кім бы не́калі яны ня былі, для мяне гэта нічога ня значыць: Бог аблічча чалавека ня прымае (за нешта большае за Яго). Бо на мяне знакамітыя нічога ня ўсклалі, але наадварот, убачыўшы, што мне даручана Дабравешчаньне няабразаньня, як Пятру — абразаньня, бо Той, Хто садзейнічаў Пятру ў Апостальстве абразаньня, садзейнічаў і мне ў паганаў, і, даведаўшыся пра Багадаць, якая дана мне, Якуб і Кіхва, і Яан, якіх ушаноўвалі, як стаўпоў, пада́лі мне і Барнабе руку́ лучнасьці, каб мы ішлі да паганаў, а яны — да (тых, што ў) абразаньні; толькі ўбогіх, каб мы помнілі, што і намагаўся я выканаць дакладна. Калі ж прыйшоў Пётра ў Антыёху, то асабіста я супрацьстаў яму, таму што ён заслужыў дакору. Бо перад прыходам нікаторых ад Якуба, ён еў разам з паганамі; а калі яны прыйшлі, пачаў таіцца і ўхіляцца, асьцерагаючыся тых, што ад абразаньня. Разам зь ім крывадушнічалі і астатнія жыды, так што нават Барнаба быў захоплены іхнай крывадушнасьцю. Але, калі я ўбачыў, што яны ня проста дзеюць па праўдзе Эвангельля, дык я сказаў Пятру ў прысутнасьці ўсіх: «калі ты, зьяўляючыся жыдам жывеш па-паганску, а ня па-жыдоўску, для чаго паганаў змушаеш жыць па-жыдоўску?» Мы па прыродзе жыды, а ня з паганаў грэшнікі; даведаўшыся, што чалавек апраўдваецца ня праз дзеі Закону, а толькі праз веру Ісуса Хрыста, і мы паверылі ў Хрыста Ісуса, каб апраўдацца паводля веры Хрыста, а ня паводля дзеяў Закону; таму што ня будзе апраўдана паводля дзеяў Закону ніякае цела. Калі ж шукаючы апраўданьня ў Хрысьце, мы застаёмся грэшнымі, дык няўжо Хрыстос ёсьць служка грэху? Хай ня станецца! Бо калі я ізноў збудоўваю тое, што я разбурыў, дык я раблю сябе злачынцам Бо я праз Закон памёр для Закону, каб жыць для Бога; я ўкрыжаваны са Хрыстом: жыву ўжо ня я, а жыве ўва мне Хрыстос; а тое, што я жыву цяпер у целе, то жыву верай у Сына Бога, Які палюбіў мяне і аддаў Сябе за мяне. Ня адкідаю Багадаці Бога; бо калі праведнасьць праз Закон, дык Хрыстос памёр тады дарэмна.
О, няразумныя галяты! хто вас зачараваў, каб ня карыцца праўдзе, у якіх перад вачамі Ісус Хрыстос быў выяўлены так, быццам быў раскрыжаваны паміж вамі? Гэтае толькі хачу даведацца ад вас: ці праз учынкі Закону вы атрымалі Духа ці ад пачутага ў веры? Як гэта вы настолькі атупелі, што пачаўшы паводля духу, цяпер заканчваеце паводля цела? І няўжо марна вы так многа перацярпелі? Калі б і сапраўды толькі марна! Але Той, Хто дае вам Духа і чыніць цуды між вамі, ці праз учынкі Закону (робіць гэта), ці паводля паслушэнства ў веры? Як Абрагам паверыў Богу, і гэта было залічана яму ў праведнасьць, так і вы ведайце, што тыя, каторыя ад веры, гэтыя ёсьць сыны Абрагама. І Пісаньне, прадбачачы, што Бог апраўдвае паганаў паводля веры, прадве́сьціла Абрагаму: «у табе будуць багаславёны ўсе народы». Так што тыя, якія паводля веры, зьяўляюцца багаславёнымі разам зь верным Абрагамам. Бо ўсе, хто жыве паводля дзеяў Закону, знаходзяцца пад пракляцьцем. Бо напісана: «пракляты ўсякі, хто ня доўжыць ва ўсім паступаць так, як напісана ў скрутку Закону». Таму што Законам ніхто ня бывае апраўданым перад Богам; таму ясна, што праведны па прычыне веры жыў будзе. А Закон ня дзейнічае на аснове веры; але чалавек, які выконвае яго, жыў будзе ім. Хрыстос адкупіў нас ад пракляцьця Закону, стаўшыся за нас пракляцьцем, бо напісана: «Пракляты ўсякі, хто вісіць на дрэве», каб багаславеньне Абрагама ў Хрысьце Ісусе сталася на паганаў, каб абяцаньне Духа атрымаць нам праз веру. Браты! кажу як чалавек: нават чалавекам зацьверджаны запавет ніхто ня адкідае або ня дадае (да яго). А абяцаньні былі дадзены Абрагаму і Насеньню ягонаму. Бог ня кажа: «і нашчадкам», як бы пра многіх, але як пра Аднаго: «і Насеньню твайму», Якое ёсьць Хрыстос. Я ж кажу тое, што Запавету аб Хрысьце, які быў сьцьверджаны Богам раней (Закону), Закон, які зьявіўся праз чатырыста трыццаць гадоў, ня адмяняе, каб ня згубіла законную сілу абяцаньне. Бо калі спадчына паводля Закону, дык тады ўжо ня паводля абяцаньня; а Абрагама Бог шчодра надарыў па абяцаньню. Дык навошта тады Закон? А ён (Закон) быў дадзены з прычыны злачынстваў, і да таго часу, калі прыйдзе Насеньне, які Ён абвясьціў загадаўшы цераз Ангелаў рукою пасярэдніка. Але пасярэдніка ў аднаго ня бывае. А Бог — Адзін. Дык што, Закон супраць абяцаньняў Бога? Хай ня станецца! Бо калі б быў даны Закон, які можа ажывіць, дык сапраўды праведнасьць была б ад Закону; але Пісаньне замкнула ўсё пад грэхам, каб абяцаньне было да́на веручым праз веру Ісуса Хрыста. Перш, чым прыйшла вера, мы былí замкнёны пад Законам дзеля веры, якая мусіла быць адкрытай. Так што Закон для нас быў як павадыр дзяцей, які вёў да Хрыста, каб апраўданымі нам стаць паводля веры; а як прыйшла вера, дык мы ўжо (сталіся) ня пад павадыром. Бо ўсе вы паводля веры ў Хрыста Ісуса зьяўляецеся сынамі Бога; бо ўсе вы, што ахрышчаны ў Хрыста, у Хрыста апрануліся. Няма ні жыда́, ні элліна; няма ні раба, ні вольнага; няма ні мужчынскага, ні жаночага полу: бо ўсе вы ёсьць адно ў Хрысьце Ісусе. Калі ж вы Хрыстовыя, дык вы ёсьць насеньне Абрагама, і па абяцаньню — спадкаемцы.
Але я кажу: на ўвесь час, пакуль спадкаемец зьяўляецца няпаўналетнім, ён нічым ня адрозьніваецца ад раба, хаця і зьяўляецца гаспадаром усяго; але пад апякунамі і аканомамі ён знаходзіцца аж да тзрміна, які вызначыў бацька. Гэтак і мы, пакуль былí дзяцьмі, былі паняволены стыхіямі гэтага сьвету; а як прыйшла паўната часу, дык паслаў Бог Сына Свайго, Які быў народжаны ад жанчыны і стаў пад Законам, каб адкупіць тых, што пад Законам, каб нам атрымаць усынаўленьне. І таму, што вы — сыны, дык паслаў Бог Духа Сына Свайго ў сэрцы вашыя, Які галосе: «Абба, Та́тачка!» Так што ты ўжо ня раб, але сын; а калі сын, дык і спадкаемец Бога праз Хрыста. Але тады, калі яшчэ ня ведалі Бога, вы служылі тым, якія ў сапраўднасьці ня богі. Але цяпер пазнаўшы Бога, а лепей: пазнаныя Богам, навошта ізноў навяртаецеся да немачных і бедных стыхіяў, якім ізноў нанава хочаце служыць? Вы пільнуецеся дней і месяцаў, і часоў, і гадоў. Баюся за вас, ці ня марна я працаваў у вас. Прашу вас, браты, будзьце як я, таму што і я, як вы. Вы нічым мяне ня пакрыўдзілі: Вы ведаеце, што ў мінулы раз я абвясьціў вам Эвангельле ў немачы цела, і вы ня пагрэбавалі і ня пага́рдзілі мною пры выпрабаваньні маім у целе маім, але прынялі мяне, як Ангела Бога, як Хрыста Ісуса. Як жа вы былі шчасьлівымі! І сьведчу вам, што, калі б гэта было магчымым, вы бы, вырваўшы вочы свае, адда́лі б іх мне. Дык няўжо я стаў вашым ворагам, ка́жучы вам праўду? Рупяцца аб вас ня з добрым (намерам), але хочуць вас адвярнуць, каб вы ру́піліся аб іх. Ле́пей для вас ру́піцца аб добрым заўсёды, а ня толькі ў маёй прысутнасьці ў вас. Дзеткі мае, з-за якіх я ізноў цярплю мукі нараджэньня, пакуль ня будзе выяўлены ў вас Хрыстос! Хацеў бы я быць зараз у вас і зьмяніць голас мой, таму што я ў разгубленасьці аб вас. Скажэце мне тыя, што хочаце жыць пад Законам: хіба́ вы Закону ня слухаецеся? Бо напісана: Абрагам меў двух сыноў: аднаго ад рабыні і аднаго ад вольнай. Але, які ад рабыні, той народжаны па целу; а які ад вольнай — праз абяцаньне. Гэта ёсьць алегарычнае выказваньне. Бо гэта ёсьць два Запаветы: адзін — ад гары Сінай, які нараджае ў рабства, і які ёсьць Ага́ра, бо Ага́ра ёсьць гара Сінай у Арабіі і адпавядае цяперашняму Ярузаліму, што знаходзіцца ў рабстве зь дзецьмі сваімі; а вышэйшы (нябесны) Ярузалім ёсьць вольны, які ёсьць маткай усім нам. Бо напісана: «узьвесяліся, няплодная, якая ня можа нарадзіць; усклікні і закрычы, якая ня мучыцца ад дзетанараджэньня; таму што пакінутая мае многа больш дзяцей, чым тая, што мае мужа». Мы ж, браты, паводля Ісаку зьяўляемся дзецьмі абяцаньня. Але, як тады той, што народжаны па целу, гнаў таго, што (народжаны) па духу, так і цяпер. Але што гаворыць Пісаньне? «Выгані рабыню і сына ейнага, бо ня будзе спадкаемцам сын рабыні разам з сынам вольнай». Так што, браты, мы зьяўляемся дзецьмі ня рабыні, але вольнай.
Дык стойце ў волі, якую даў нам Хрыстос, і ня сьхіляйцеся ізноў пад ярмо рабства. Вось, я, Павал, кажу вам, што, калі вы абразаецеся, дык Хрыстос вам ня прынясе ніякай карысьці. Дык сьведчу ізноў усякаму чалавеку, які абразаецца, што ён павінен выканаць увесь Закон. Вы, якія апраўдваецеся Законам, сталіся адхіленымі ад Хрыста, вы адпа́лі ад Багадаці. А мы духам чакаем і спадзяёмся на праведнасьць ад веры. Бо ў Хрысьце Ісусе ня мае сілы ні абразаньне, ні няабразаньне, але вера, якая дзейнічае празь любоў. Вы добра бе́глі, хто вас спыніў, каб вы ня былі паслухмянымі праўдзе? Такое перакананьне ня ад Таго, Хто прыклікае вас. Крошка кíсьлі ўсё цеста квасіць. Я пэўны за вас у Госпадзе, што вы ня будзеце думаць інакш; а хто бунтуе вас, панясе спагнаньне, кім бы ён ні быў. Браты, калі я ўсё яшчэ абвяшчаю абразаньне, дык за што я яшчэ дасюль ганíмы? Тады быў бы адхілены ка́мень спатыканьня крыжа. О, калі б былі адсечаны тыя, што бунтуюць вас! Бо вы, браты, прыкліканы да волі. Толькі воля вашая хай ня служыць падставай для (дагаджэньня) плоці, але любоўю служыце адзін аднаму. Бо ўвесь Закон у адным сказе зьмяшчаецца: «любі бліжняга твайго, як самога сябе». Калі ж вы адзін аднаго грызеце і заядаеце, сьцеражыцеся, каб вы ня былі зьнішчаны адзін адным. А я кажу: жывіце Духам, дык ня споўніце пажаданьняў плоці. Плоць прагне супраць Духу; а Дух — супраць плоці; і яны супрацівяцца адзін аднаму, так што вы ня тое робіце, чаго хацелі б. Калі ж вы ве́дзены Духам, дык вы ня пад Законам. Учынкі ж плоці ведамыя, якія ёсьць чужалоства, блудадзейства, нячыстасьць, разбэшчанасьць, балванапаклонства, чарадзейства, варожасьць, сваркі, зайздрасьць, гнеў, звадкі, нязгоды, гарэзіі, нянавісьць, забойствы, п’янствы, гулянкі і да таго падобнае, аб чым папярэджваю вас, як і раней папярэджваў, што тыя, што гэтак робяць, Валадарства Божага ў спадчыну ня атрымаюць. Плод жа Духа ёсьць: любоў, радасьць, мір, доўгацярплівасьць, зычлівасьць, дабрыня, вера, лагоднасьць, стрыманасьць. Супраць гэткіх няма Закону. А Хрыстовыя раскрыжавалі плоць з юрлівасьцямі і пажадлівасьцямі. Калі мы жывём Духам, дык Духам і ходзім. Ня напаўняймася хванабэрыяй, ня раздражняйма адзін воднага, ня станьма адзін воднаму зайздросьціць.
Браты! калі б і быў заўважаны чалавек у нейкім праступку, вы, духовыя, папраўляйце такога ў духу лагоднасьці, наглядаючы кожны за сабою, каб і самому ня быць спаку́шаным. Насіце цяжары адзін воднага, і такім чынам выканайце Закон Хрыста. Бо калі хто думае быць чым-небудзь, будучы нічым, той ашуквае самога сябе. Хай кожны выпрабоўвае справу сваю, то і пахвалу атрымае сваю, а ня каго-небудзь другога; бо кожны панясе ношу сваю. Хай навучаемы словам (праўды) дзеліцца ўсякім дабром з тым, хто яго навучае. Ня памыляйцеся: Бог ня можа быць абманутым. Бо што сее чалавек, тое і пажне, таму што той, хто сее ў плоць сваю, ад плоці пажне парахненьне; а той, хто сее ў Дух — ад Духа пажне жыцьцё вечнае. А робячы дабро, ня будзем журыцца; бо ў свой час пажнём, калі ня аслабнем. Таму, пакуль маем час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш сваім па веры. Глядзіце, які вялікі ліст я напісаў вам сваёй рукою. Усе тыя, якія хочуць пахваліцца целам, гэта яны прынука́юць вас абрэзвацца толькі дзеля таго, каб ня быць перасьледаванымі за крыж Хрыста, бо нават тыя, што абрэзваюцца, самі ня спаўняюць Закон, але хочуць, каб вы абрэзваліся, каб пахваліцца ў вашым целе. А са мной хай ня станецца такога! Я буду хваліцца хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста, якім для мяне раскрыжаваны гэты сьвет, і я для гэтага сьвету. Бо таму, што ў Хрысьце Ісусе, ні абразаньне, ні няабразаньне ня мае ніякай сілы, але новае стварэньне. І ўсім, хто будзе жыць паводля гэтага правіла: мір ім і міласэрнасьць, і Ізраэлю Бога. Урэшце, хай ніхто мяне ня абцяжарвае, бо я нашу раны Госпада Ісуса на цела маім. Багадаць Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым, браты. Амін.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020