Библия › Сабіла › Да эхвесцаў

Да эхвесцаў

Павал, Апостал Ісуса Хрыста па волі Бога — сьвятым, што ў Эхвесе, і верным у Хрысьце Ісусе: Багадаць вам і мір ад Бога Ба́цькі нашага і Госпада Ісуса Хрыста. Багаслаўлёны Бог і Бацька Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які багаславіў нас усякім духовым багаславеньнем у Нябёсах Хрыстом, згодна таму, як Ён выбраў нас у Ім перш стварэньня сьвету, каб быць нам сьвятымі і бяззаганнымі перад Ім у любові, наперад прызначыўшы нас на ўсынаўленьне Сабе праз Ісуса Хрыста паводля прыхільнасьці волі Сваёй, у пахвалу славы Багадаці Сваёй, якой Ён шчодра надарыў нас у Любасным, у Якім мы маем адкупленьне Крывёю Ягонай, дараваньне грахоў паводля багацьця Багадаці Ягонай, якую Ён шчодра падараваў нам з усякай мудрасьцю і разуменьнем, адкрыўшы нам тайну волі Сваёй паводля дабразычлівасьці Сваёй, якую Ён раней уклаў у Яго, для ўладкаваньня паўнаты часоў, каб аб’яднаць усё пад адной галавой у Хрысьце: усё, што на Нябёсах і на зямлі, — у Ім, у Якім і сталіся мы нашчадкамі, быўшы наперад прызначанымі паводля задумы Таго, Хто ўсё робіць паводля рашэньня волі Сваёй, каб быць нам на пахвалу́ славы Ягонай, якія раней усклалі надзею на Хрыста, у Якім і вы, пачуўшы слова праўды, Эвангельле выратаваньня вашага, у Якім і паверыўшы, запячатаны Духам абяцаньня Сьвятым, Які ёсьць зарука спадчыны нашай для адкупленьня ўдзелу на пахвалу славы Ягонай. Таму і я, пачуўшы пра вашу веру ў Госпада Ісуса і любоў да ўсіх сьвятых, ня спыняюся дзякаваць за вас, памятаючы пра вас у малітвах маіх, каб Бог Госпада нашага Ісуса Хрыста, Бацька славы, даў вам Духа мудрасьці і адкрыцьця на пазнаньне Яго, прасьвятліў вочы розуму вашага, каб вам уразумець што ёсьць (для нас) надзея прыкліканьня Ягонага, і якое багацьце славы спадчыны Ягонай у сьвятых, і якая бязьмерная веліч магутнасьці Ягонай у нас, што вераць па дзеяньню магутнасьці сілы Ягонай, якую Ён выявіў у Хрысьце, уваскрасіўшы Яго зь мёртвых, і пасадзіў праваруч Сябе ў Нябёсах, вышэй за ўсякае начальства і ўлады, і сілы, і валадараньня, і ўсялякае імя, якое называецца ня толькі ў гэтым веку, але і ў будучым, і ўсё ўпакорыў пад Ногі Ягоныя і прызначыў Яго Галавою над усёй царквой, якая ёсьць цела Ягонае, поўня Таго, Які ўсё ва ўсім напаўняе.

І вас, якія былі мёртвымі праз злачынствы і грахі (вашыя), у якіх вы не́калі жылí, паводля звычая сьвету гэтага, па волі князя ўлады (што ў) паветры, духа, які цяпер дзейнічае ў сынах супраціву, паміж якімі і ўсе мы не́калі жылí ў пажадлівасьцях плоці нашай, выконваючы хаценьні плоці і думак, і былі па прыродзе дзе́цьмі гне́ву, як і астатнія, Бог, багаты міласэрнасьцю, праз вялікую любоў Сваю, якою ўзьлюбіў нас, і нас, мёртвых па злачынствах, ажывіў з Хрыстом, — Багадацьцю вы ўратаваны, — і ўваскрасіў (зь Ім), і пасадзіў (зь Ім) у Нябёсах у Хрысьце Ісусе, каб зьявіць у надыходзячых вяках найвялікшае багацьце Багадаці Сваёй у дабрыні да нас у Хрысьце Ісусе. Бо Багадацьцю вы ўратаваны празь веру, і гэта ня ад вас, Божы дар: ня ад дзеяў, каб ніхто ня хваліўся. Бо мы Ягонае стварэньне, створаныя ў Хрысьце Ісусе на добрыя ўчынкі, якія Бог загадзя прызначыў, каб нам іх выканаць. Таму памята́йце, што вы, не́калі пагане па целу, якіх называлі няабрэзанымі, гэтак званыя абрэзаныя абразаньнем па целу, якое рабілася рукамі, таму што вы былі ў той час бяз Хрыста, будучы адчу́жанымі ад грамадзянства Ізраэля і чужымі Запаветам абяцаньня, якія ня мелі надзеі і (былі) бязбожнымі ў гэтым сьвеце. А цяпер у Хрысьце Ісусе вы, якія не́калі былі далёка, сталіся блізкімі Крывёю Хрыстоваю. Бо Ён ёсьць мір наш, Які зрабіў тое і другое адзіным, і разбурыў стаячую паміж імі сьцяну, якая разьдзяляла іх і адасабляла, скасаваўшы варожасьць Целам Сваім, а Закон прыказаньняў — Вучэньнем, каб із двух стварыць у Сабе аднаго новага чалавека, прыносячы мір, і прымірыць з Богам абодвух у адным целе праз крыж, забіўшы варожасьць на ім. І прыйшоўшы Ён абвясьціў мір вам, далёкім і блізкім, таму што празь Яго мы, адны і другія, маем доступ у адным Духу да Бацькі. Таму вы ўжо ня чужынцы альбо прыхадні, але суграмадзяне сьвятым і свае Богу, угрунтаваныя на падваліне Апосталаў і прарокаў, дзе вуглавым Каменем ёсьць Сам Ісус Хрыстос, на Якім уся будыніна шчыльна змацоўваючыся, узрастае ў Сьвятыню ў Госпадзе, на Якім і вы разам будуецеся ў жытло Бога Духам.

Таму я, Павал, стаўся вязьнем Хрыста Ісуса дзеля вас, паганаў як вы ведаеце (аб) служэньні Багадаці Бога, якое дадзена мне дзеля вас, таму што па адкрыцьцю Ён адкрыў мне тайну, аб чым я раней коратка напісаў, пра што вы, чытаючы, можаце ўразумець, што я ведаю тайну Хрыста, якая ня была́ апавяшчона папярэднім пакаленьням сыноў чалавечых, як цяпер Духам адкрыта сьвятым Апосталам Ягоным і прарокам, каб і пагане сталіся супольнымі спадчыньнікамі і адным целам і суўспрыймальнікамі Ягонага абяцаньня ў Хрысьце праз Эвангельле, якога я стаўся служкаю па дару Багадаці Бога, якая дарава́на мне па дзеяньню сілы Ягонай. Мне, найменшаму з усіх сьвятых, падарава́на гэтая Багадаць: дабравесьціць сярод паганаў нядасягальнае багацьце Хрыста і зрабіць відавочным дзеля ўсіх, якая самаахвярнасьць за нас тайны, якая была́ адве́чна схава́на ў Богу, Які ўсё стварыў праз Ісуса Хрыста, каб цяпер праз царкву сталася вядомай начальствам і ўладам на Нябёсах разнастайная мудрасьць Бога, паводля спрадвечнага замыслу, які Ён споўніў у Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым, у Якім мы маем адвагу і доступ з упэўненасьцю праз веру Ягоную. Таму прашу вас ня падаць духам пры маіх абставінах уціску дзеля вас, якія ёсьць слава вашая. Дзеля гэтага я кленчу перад Ба́цькам Госпада нашага Ісуса Хрыста, ад Якога атрымлівае імя ўсякі радавод на Нябёсах і на зямлі, каб Ён даў вам па багацьцю славы Сваёй умацавацца сілаю праз Духа Ягонага ва ўнутраным чалавеку, каб у сэрцах вашых укаранёных і ўмацаваных у любві праз веру жыў Хрыстос, каб вы змаглі зразумець са ўсімі сьвятымі, што ёсьць шырыня і даўжыня, і глыбіня, і вышыня, і ўразумець любоў Хрыста, якая вышэй за ўсякае разуменьне, каб вы былі напоўнены ўсёй паўнатою Бога. А Таму, Хто мае сілу зрабіць (для нас) больш за ўсё і няпамерна больш таго, аб чым просім альбо ўяўляем адпаведна сілы, якая дзейнічае ў нас, Таму слава ў царкве ў Хрысьце Ісусе ва ўсіх родах у вяках вякоў. Амін.

Дык я, вязень у Госпадзе, прашу вас жыць годна прыкліканьня, якім вы прыкліканы, са ўсякай мудрай супакорлівасьцю і лагоднасьцю, у доўгацярпеньні трываючы адзін аднаго з любоўю, імкнучыся захоўваць адзінства Духу ў саюзе міру. Адно Цела і адзін Дух, як і вы прыкліканы ў адной надзеі ва́шага прыклíканьня; адзін Госпад, адна вера, адно хрышчэньне, адзін Бог і Бацька ўсіх, Які над усімі і дзеля ўсіх і ва ўсіх вас. Кожнаму ж з нас дадзена Багадаць водля меры дару Хрыстовага. Таму кажа: «Узыйшоўшы на вышыню паланіў палон і раздаў дары людзям». А «узыйшоў» што ёсьць, як ня тое, што Ён перш сыйшоў у прадонныя часьціны зямлі? А Той, Хто сыйшоў, Ён ёсьць і Тым, Хто ўзыйшоў вышэй усіх Нябёсаў, каб напоўніць усё. І Ён прызначыў адных Апосталамі, другіх прарокамі, іншых жа эвангелістамі, а другіх пастухамі і настаўнікамі, дзеля ўдасканаленьня сьвятых на патрэбу служэньня, дзеля збудаваньня Цела Хрыстовага, пакуль усе прыйдзем да адзінства веры і пазнаньня Сына Бога, да чалавека духова дасканалага, да меры ўзросту паўнаты Хрыста; каб мы больш ня былí як малыя дзеці, якія хістаюцца і захапляныя ўсякім ветрам вучэньня, падманам людзей, лісьлівасьцю і хітрынёй зма́ну, але жывучы ў праўдзе і любві ўзрасьці нам ва ўсім да (узросту) Ягонага, Які ёсьць Галава — Хрыстос, ад Якога ўсё цела, злучанае і змацаванае праз усякую ўзаемазьвязку, праз дзейнасьць у сваю меру кожнага прыналежніка цела робіць прырост для збудаваньня самога сябе ў любові (Божай). Гэта кажу і сьведчу ў Госпадзе таму, каб вы больш ня жылі так, як і астатнія народы жывуць, у марнасьці розуму свайго, будучы запамрочанымі ў розуме, зьяўляючыся адчужанымі ад жыцьця (паводля) Бога, з прычыны іхняга няведаньня, якое ў іх праз жорсткасьць сэрца іхняга. Яны, атупеўшы, аддалíся распусьце, каб рабіць усякі бруд у прагавітасьці. Але вы ня так пазналі Хрыста, таму што вы ўжо пра Яго пачу́лі і ў Ім навучаны, бо праўда ў Ісусе: таму вам трэба адкінуць міну́лы вобраз жыцьця старога чалавека, які парахнее ў пажаданьнях абману, але абнаўляцца духам розуму вашага і апрануцца ў новага чалавека, створанага паводля (вобраза і падабенства) Бога ў праведнасьці і сьвятасьці праўды. Дзеля гэтага, адкінуўшы ілжу, гаварыце праўду кожны бліжняму свайму, бо мы ёсьць чэлясы адзін аднаму. І ня грашыце, становячыся разгневанымі: сонца ня заходзь у гневе вашым; і ня давайце мейсца дыябалу. Хто крадзе, няхай больш ня крадзе, але лепш хай працуе, робячы карыснае рукамі, каб яму мець, што даць таму, хто мае патрэбу. Ніякае дрэннае слова ня павінна выходзіць з вуснаў вашых, але толькі добрае для патрэбы збудаваньня, каб яно прыносіла Багадаць тым, хто слухае. І ня засмучайце Сьвятога Духа Бога, Якім вы запячатаны ў дзень адкупленьня. Усякае раздражненьне і лютасьць, і гнеў, і крык, і ліхаслоўе хай будуць выдалены ад вас (разам) з усялякай злосьцю, але будзьце адзін да аднаго добрымі, спагадлівымі, даруючы адзін аднаму, як і Бог у Хрысьце дараваў вам.

Дык будзьце пасьлядоўнікамі Бога, як любасныя дзеці, і жывіце ў любові, як і Хрыстос узьлюбіў нас і аддаў Сябе за нас у прынашэньне і ахвяру Богу, як водар прыемны. А блудадзейства і ўсякая нячыстасьць ці сквапнасьць (на чужое) нават і ўспамінацца ня павінны паміж вамі, як і належыць сьвятым, і няпрыстойныя паводзіны і пустаслоўе ці пахабныя жарты ня (павінны быць вам) уласьцівымі, але ле́пей падзяка. Бо вы гэта ведаеце, што ўсякі блудадзей альбо нячысты, альбо хцівец, які ёсьць балванаслужка, ня мае спадчыны ў Валадарстве Хрыста і Бога. Няхай ніхто вас ня зводзіць пустымі словамі, бо за гэтае прыходзіць гнеў Бога на сыноў няпаслушэнства; таму ня будзьце саўдзельнікамі іхнымі. Бо вы былі некалі цемрай, а цяпер — сьвятло ў Госпадзе: жывіце, як дзеці сьвятла, бо плод Духа — ва ўсякай дабрыні, праведнасьці і праўдзе, дасьледуйце, што заўгодна Госпаду; і ня ўдзельнічайце ў бясплодных учынках цемры; але лепш і выкрывайце, бо пра тое, што яны робяць таемна, сорамна і гаварыць; і ўсё выкрываемае сьвятлом робіцца бачным, — бо сьвятло робіць усё бачным. Таму кажа: «той, хто сьпіць, устань і ўваскрэсьні зь мёртвых, і асьве́тліць цябе Хрыстос». Дык глядзеце, як асьцярожна павінны вы жыць: ня як няразумныя, але як мудрыя, (максімальна) выкарыстоўваючы прыдатны час, таму што дні ліхія. Дзеля гэтага ня будзьце няразумнымі, але пазнавайце, якая воля Госпада. І ня ўпівайцеся віном, у якім ёсьць распуста, але напаўняйцеся Духам, настаўляючы саміх сябе псальмамі і гімнамі і богахвалебнымі сьпевамі, пяючы і іграючы ў сэрцах вашых Госпаду, заўсёды дзякуючы за ўсё, у Імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, Богу і Ба́цьку, слухаючыся адзін аднаго ў страху Божым. Жонкі, слухайцеся мужоў сваіх, як Госпада, таму што муж ёсьць галава жонкі, як і Хрыстос — Галава царквы, і Ён ёсьць Збавіцель цела. Але як царква слухаецца Хрыста, так і жонкі сваіх мужоў ва ўсім. Мужы, любіце жонак сваіх, як і Хрыстос узьлюбіў царкву і аддаў Сябе Самога за яе, каб асьвяціць яе, ачысьціўшы абмываньнем вадою праз Слова (Пісаньні Божыя); каб паставіць яе Сабе царквою слаўнаю, якая ня мае ні плямы, ні заганы, альбо чаго-небудзь падобнага, але каб яна была сьвятой і бяззаганнай. Мужы павінны любіць сваіх жонак так, як свае целы: хто любіць сваю жонку, той любіць самога сябе. Бо ніхто ніколі сваё цела ня нянавідзіў, але корміць і даглядае яго, як і Госпад — царкву, таму што мы — чэлясы Цела Ягонага, ад Цела Ягонага і ад Костак Ягоных. «Таму пакіне чалавек ба́цьку свайго і матку і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое (аб’яднаны) у адно цела». Тайна гэтая вялікая; я ж кажу пра Хрыста і пра царкву. Дык і вы: хай кожны з вас сваю жонку любіць так, як сябе; а жонка хай баіцца мужа.

Дзеці, слухайцеся бацькоў вашых у Госпадзе, бо гэта справядліва. «Шануй бацьку твайго і матку» — гэта ёсьць першае прыказаньне з абяцаньнем: «каб было табе добра, і будзеш доўгалетным на зямлі». І вы, ба́цькі, ня ўцьвяляйце дзяцей вашых, але выхоўвайце іх у навуцы і напамінаньні Госпадавым. Рабы, слухайцеся гаспадароў (вашых) паводля цела са страхам і трымценьнем у прастаце сэрца вашага, як Хрыста, — ня на вачах толькі служачы, як абманваючыя падхалімы перад чалавекам, але як рабы Хрыста, якія спаўняюць волю Бога ад шчырай душы, служачы шчыра, як Госпаду, а ня людзям, ве́даючы тое, што кожны, калі зробіць нешта добрае, ад Госпада ён атрымае тое самае, ці то раб ці то вольны. І вы, гаспадары, таксама паступайце зь імі, сьцішаючы патрабавальнасьць, ве́даючы, што і ў вас і ў іх ёсьць у Нябёсах Госпад, і прадузятасьці (да асобы) у Яго няма. Нарэшце, браты мае, мацуйцеся Госпадам і магутнасьцю сілы Ягонай. Апраніцеся ў поўную зброю ад Бога, каб вы маглі выстаяць супраць хітрыкаў д’ябла, таму што наша барацьба ня супраць крывí і це́ла, але супраць начальстваў, супраць уладаў, супраць сусьветных валадароў цемры веку гэтага, супраць духаў злобы, што ў небе. Дзеля гэтага прыміце поўную зброю ад Бога, каб вы змаглі супрацьстаць у дзень ліхí і, ўсё пераадолеўшы, выстаяць. Дык стойце, падперазаўшы паясьніцу вашую праўдаю, і надзеўшы панцыр праведнасьці, і абуўшы ногі ў гатовасьць абвяшчаць мір; а да ўсяго гэтага, узяўшы шчыт веры, якім вы зможаце пагасіць усе агнявыя стрэлы ліхога, і шалом выратаваньня вазьміце і меч Духа, які ёсьць Слова Бога. Усякай малітвай і маленьнем, молячыся ва ўсякі час у Духу, і аб гэтым самым рупцеся са ўсякай трываласьцю і прашэньнем аб усіх сьвятых і аба мне, каб мне было дадзена слова — на адкрываньне маіх вуснаў адважна абвясьціць тайну Эвангельля, дзеля якога я пасольствую ў кайданах, каб мне адважна дабравесьціць, як і належыць мне апавяшчаць. А каб і вы ведалі аба мне, і што раблю, усё вам раскажа Тыхік, любасны брат і верны служка ў Госпадзе, якога я паслаў да вас для таго самага, каб вы даведаліся пра нас, і каб ён суцешыў сэрцы вашыя. Мір братам і любоў зь верай ад Бога Бацькі і Госпада Ісуса Хрыста. Багадаць са ўсімі, хто любіць Госпада нашага Ісуса Хрыста любоўю вечнай. Амін.


Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.