Библия › Сабіла › Да піліппянаў
Павал і Цімахвей, рабы Ісуса Хрыста — усім сьвятым у Хрысьце Ісусе, якія знаходзяцца ў Піліппах, зь япіскапа́мі і дыякана́мі: Багадаць вам і мір ад Бога Бацькі нашага і Госпада Ісуса Хрыста. Дзякую Богу майму пры ўсякім успаміне аб вас, заўсёды ў кожнай малітве маёй за ўсіх вас з радасьцю творачы малітву, за ваш удзел у Дабравешчаньні зь першага дня аж да сягоньня, будучы ўпэўнены ў тым, што Той, Хто пачаў добрую справу сярод вас, давядзе яе да дня Ісуса Хрыста, як і належыць мне думаць пра ўсіх вас, таму што я маю вас у сэрцы маім нават у путах маіх, пра ўсіх вас як саўдзельнікаў маіх у Багадаці і абароне і ўгрунтаваньні Эвангельля. І сьведка мне Бог, што я люблю ўсіх вас любоўю Ісуса Хрыста; і малюся аб тым, каб любоў вашая яшчэ больш і больш узрастала ў пазнаньні і ўсякай разважлівасьці, каб пазнаваць вам лепшае, каб вы былі чыстымі і няспаткнёнымі ў дзень Хрыста, напоўненымі пладамі праведнасьці праз Ісуса Хрыста на славу і ўшанаваньне Бога. Хачу, браты, каб вы ведалі, што мае абставіны паслужылі большаму посьпеху Эвангельля, так што путы мае ў Хрысьце сталіся вядомымі ўсёй прэторыі і ўсім іншым, і большая частка братоў у Госпадзе пасьмялеўшы праз путы мае яшчэ больш адважыліся бязбоязна гаварыць слова. НІкаторыя, праўда, з-за зайздрасьці і спаборніцтва, а нікаторыя абвяшчаюць Хрыста шчыра. Адны па спаборніцтву абвяшчаюць Хрыста нячыста, думаючы павялічыць цяжар маіх путаў; а другія зь любові, ведаючы што я пастаўлены на абарону Эвангельля. Дык у любым выпадку, ці абвяшчаецца Хрыстос для блізíру ці шчыра, я і гэтаму радуюся, ды і буду ра́давацца. Бо ведаю, што гэта мне паслужыць на збаўленьне праз вашую малітву і дапамогу Духа Ісуса Хрыста, водля майго нясупыннага чаканьня і надзеі, што я ні ў чым ня буду асаромлены, але са ўсякай адвагаю (упэўнены), як заўсёды, так і цяпер, што Хрыстос будзе ўзьвялічаны ў целе маім, ці то праз жыцьцё, ці то праз сьмерць. Бо для мяне жыцьцё — Хрыстос, а сьмерць — набытак. А калі жыць у целе гэта для мяне ёсьць плод дзейнасьці, дык ня ведаю, што выберу. Дык цягне мяне і тое, і другое; маю жаданьне адыйсьці і быць з Хрыстом, (што для мяне) няпараўнальна лепш; але заставацца ў целе больш патрэбней для вас. І я ў гэтым упэўнены і ведаю, што застануся са ўсімі вамі для вашага ўзрастаньня і радасьці ў веры, каб пахвала вашая ў Хрысьце Ісусе памнажалася празь мяне пры маім другім прыходзе да вас. Толькі жывеце годна Эвангельля Хрыста, каб ці калі прыйду і ўбачу вас, ці адсутнічаючы, але чуць пра вас, што вы стаіцё ў адным духу аднадушна змагаючыся за веру Эвангельля, і ні ў чым ня палохаючыся супраціўнікаў. Гэта для іх зьяўляецца знакам пагíбелі, а для вас — выратаваньня. І гэта — ад Бога, бо вам дадзена дзеля Хрыста ня толькі ў Яго верыць, але і паку́таваць дзеля Яго. маючы такое ж змаганьне, якое вы бачылі ўва мне і цяпер чуеце пра мяне.
Дык калі ёсьць якое суцяшэньне ў Хрысьце, калі ёсьць якая патоля любві, калі ёсьць якая супольнасьць Духу, калі ёсьць якая міласэрнасьць і спага́да, то дапоўніце маю радасьць, мейце адны думкі, мейце любоў (Божую), будзьце аднадушнымі і аднадумнымі; нічога ня робячы праз перакорлівасьць альбо пустую славу, але ў пакорлівай мудрасьці лічачы адзін аднаго вышэй за сябе. Кожны клапацíся ня аб сабе толькі, але кожны і аб другіх, бо ў вас павінны быць тыя ж пачуцьці, што і ў Хрысьце Ісусе, Які будучы адной прыроды з Богам, таму Ён і лічыў ня захопам аб’яўляць Сябе роўным Богу; але зрабіў Сябе нікім, прыняўшы абраз раба, зрабіўшыся падобным да людзей, і па выгляду быў выяўлены як чалавек; Ён упакорыў Сябе, стаўшы паслухмяным аж да сьмерці, і сьмерці на крыжы. Таму і Бог вельмі ўзвысіў Яго і даў Яму Імя, вышэй за ўсякае імя, каб перад Імем Ісуса ўкленчыла ўсякае калена нябесных і зямных і падземных, і каб усякі язык вызнаў, што Ісус Хрыстос ёсьць Госпад на славу Бога Бацькі. Дык вось, любасныя мае, як вы заўсёды былі паслухмяныя і ня толькі ў маёй прысутнасьці, але цяпер яшчэ больш у маю адсутнасьць, дык са страхам і трымценьнем выконвайце сваё выратаваньне; бо Бог ёсьць Той, Хто дзейнічае ў вас, каб вам і жадаць і дзейнічаць па Ягонай добрай волі. Усё рабіце бяз нараканьняў і спораў, каб вам быць бяздакорнымі і чыстымі дзецьмі Бога, бяззаганнымі сярод сапсаванага і распуснага роду, у якім вы зьзяеце, як сьветачы ў гэтым сьвеце, трымаючыся слова жыцьця на пахвалу маю ў дзень Хрыста, таму што я сярод вас ня ма́рна прыкладаў усе свае сілы і ня ма́рна працаваў. Але калі я і ахвярую сябе на ахвяру і служэньне веры вашай, дык я і радуюся і саўдзельнічаю супольна са ўсімі вамі ў вашай радасьці. І гэтаму самаму радуйцеся і вы і саўдзельнічайце са мною ў маёй радасьці. Спадзяюся ж у Госпадзе Ісусе няўзабаве паслаць да вас Цімахвея, каб і я, даведаўшыся пра вас, суцешыўся духам. Бо я ня маю нікога такога адзінадушнага, хто б так шчыра пра вас клапаціўся, бо ўсе шукаюць свайго, але ня таго, што Ісуса Хрыста. А вернасьць ягоную вы ведаеце, што ён як сын бацьку служыў мне ў Дабравешчаньні. Яго я спадзяюся зараз жа паслаць, як толькі даведаюся, што будзе са мною. Але я ўпэўнены ў Госпадзе, што і сам хутка прыйду да вас. І я палічыў патрэбным паслаць да вас Эпатрадзіта, брата і супрацоўніка і супольніка майго ў змаганьні, а вашага пасланца і служку ў патрэбе маёй, бо ён прагнуў убачыць усіх вас і вельмі журыўся, таму што вы пачулі, што ён захварэў. Бо ён захварэў і быў блізкі да сьмерці, але Бог зьлітаваўся над ім; і ня толькі над ім, але і нада мною, каб я ня меў жа́льбы да жа́льбы. Таму я хутчэй паслаў яго, каб вы, убачыўшы яго ізноў, узрадаваліся, дый каб я быў менш сумны. Прыміце ж яго ў Госпадзе з усякай радасьцю, і такіх майце ў пашане, таму што за справу Хрыста ён быў блізка да сьмерці, ня дбаючы аб жыцьці, каб дапоўніць нястачу вашага служэньня мне.
Урэшце, браты мае, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам тое, аб чым пішу, для мяне ня цяжка, а для вас натхняльна быць няпахіснымі. Сьцеражыцеся псоў, сьцеражыцеся благіх працаўнікоў, сьцеражыцеся абразаньня. Бо мы ёсьць абразаньне, якія служым Богу духам і хвалімся Хрыстом Ісусам, і ня на цела маем надзею, хаця я магу мець упэўненасьць і ў целе. Калі хто іншы думае спадзявацца на цела, дык я больш: абрэзаны ў восьмы дзень, з роду Ізраэлявага, з калена Бэніямінавага, жыд з жыдоў, паводля Закону — хварысэй, паводля руплівасьці — той, хто перасьледаваў царкву, па праведнасьці, што паводля Закону — бяззаганны. Але што было для мяне выгодай, тое я палічыў дзеля Хрыста за марнасьць. Але больш за тое, я лічу ўсё марнасьцю дзеля перавагі пазнаньня Хрыста Ісуса, Госпада майго, дзеля Якога я ўсё страціў і лічу за сьмецьце, каб Хрыста прыдбаць і быць знойдзеным у Ім, маючы ня маю праведнасьць, якая паводля Закону, але тую, якая паводля веры Хрыста — праведнасьць па веры ад Бога; каб пазнаць Яго і сілу ўваскрэсеньня Ягонага і ўдзел у пакутах Ягоных, упадабляючыся сьмерці Ягонай, каб адпаведным чынам дасягнуць уваскрэсеньня мёртвых. Ня таму, што я ўжо дасягнуў ці ўжо ўдасканалены; але імкнуся, ці ня дасягну і я таго, як я сам спасьцігнуты Хрыстом Ісусам. Браты, я ня лічу сябе дасягнуўшым; але забываючы тое, што засталося ззаду, і імкнучыся наперад, імкнуся да мэты, да ўзнагароды вышэйшага прыкліканьня Бога ў Хрысьце Ісусе. Калі хто з нас дасканалы, хай думае так! А калі вы аб чым-небудзь думаеце інакш, і гэта Бог вам адкрые. Але чаго мы дасягнулі, паводля такога ж правіла павінны жыць і так думаць. Будзьце пераймальнікамі маімі, браты, і глядзіце на тых, якія паступаюць па прыкладу, які маеце ў нас. Бо многія, пра каторых я часта казаў вам, а цяпер кажу нават са сьлязьмі, паступаюць, як ворагі крыжа Хрыста. Канец іхны — пагібель, бог іхны — чэрава, і слава іхняя — у сораме, яны думаюць пра зямное. Наша ж грамадзянства — на Нябёсах, адкуль і Збаўцу чакаем, Госпада Ісуса Хрыста. Які пераўтворыць цела нашага прыніжэньня, каб зрабіць яго падобным целу славы Ягонай, магутнасьцю, якою Ён можа і падпарадкаваць Сабе ўсё.
Гэтак, браты мае любасныя і жаданыя, радасьць і вянок мой, стойце гэтак у Госпадзе, любасныя. Умольваю Яводзію і ўмольваю Сінтыху думаць аднолькава пра Госпада. Таксама прашу і цябе, шчыры супрацоўніку, дапамагай тым (жанчынам), якія ў дабравешчаньні змагаліся разам са мной і з Кліментам і з астатнімі супрацоўнікамі маімі, чые імёны ў скрутку жыцьця. Радуйцеся ў Госпадзе заўсёды; ізноў скажу: радуйцеся. Лагоднасьць вашая хай будзе вядомая ўсім людзям. Госпад блізка. Ня турбуйцеся ні пра што, але ва ўсім, просьбы вашыя хай будуць адкрытымі перад Богам у малітве і мальбе з удзячнасьцю, і мір Бога, які перавышае ўсякі розум, захавае сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысьце Ісусе. Урэшце, браты, што ёсьць праўдзівае, што чэснае, што справядлівае, што чыстае, што ласкавае, што хвалебнае, калі ёсьць цната і калі пахвала, — пра гэта думайце. Чаму вы навучыліся, і што прынялі і пачу́лі, і ўбачылі ўва мне, гэтае рабіце, і Бог міру будзе з вамі. Я ж вельмі ўзрадаваўся ў Госпадзе, таму што вы ўжо ізноў пача́лі клапаціцца пра мяне, пра гэта вы і думалі, але ня мелі нагоды. Кажу гэта ня таму, што маю патрэбу, бо я навучыўся быць здаволеным тым, што ў мяне ёсьць. Умею жыць і ў гароце, умею (жыць) і ў дастатку; усяму і ва ўсім я навучыўся: і насычацца і галадаць, і мець дастатак, і быць у нястачы. Усё магу ў Хрысьце, Які ўзмацняе мяне. Нарэшце, вы добра зрабілі, прыняўшы ўдзел у маёй бядзе. І вы ж ведаеце, піліппяне, што ў пачатку Дабравешчаньня, калі я выйшаў з Македоніі, ніводная царква ня прыняла́ ўдзелу адносна мяне ў сэнсе дораньня і прыняцьця, акрамя вас адных; таму што і ў Тэссалоніку і раз і два вы прыслалі мне на патрэбу. Ня таму, што я шукаю дораньня, але я шукаю плоду, які памнажаецца вам на карысьць. А я атрымаў усё і збыткую; я забясьпечаны, атрымаўшы ад Эпатрадзіта тое, што ад вас, — пах прыемны водара, прыемную ахвяру, заўгодную Богу. А Бог мой папоўніць усякую вашую патрэбу паводля багацьця Свайго ў славе ў Хрысьце Ісусе. Богу ж і Бацьку нашаму слава ў вяках вякоў! Амін. Вітайце ўсякага сьвятога ў Хрысьце Ісусе. Вітаюць вас браты, якія са мной. Вітаюць вас усе сьвятыя, асабліва ж з кесаравага дому. Багадаць Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020