Библия › Сабіла › Да калассянаў

Да калассянаў

Павал, Апостал Ісуса Хрыста паводля волі Бога, і Цімахвей, брат тым, што ў Калоссах, сьвятым і верным братам у Хрысьце: Багадаць вам і мір ад Бога Бацькі нашага і Госпада Ісуса Хрыста. Заўсёды дзякуем Богу і Бацьку Госпада нашага Ісуса Хрыста молячыся аб вас, пачуўшы пра веру вашую ў Хрыста Ісуса і любоў да ўсіх сьвятых, дзеля надзеі на прыгатаванае вам у Нябёсах, пра што вы раней пачулі ў слове праўды Эвангельля, якое ёсьць у вас, як і ва ўсім сьвеце, і прыносіць плод, як і паміж вамі, з таго дня, як вы пачулі і пазналі Багадаць Бога ў праўдзе, як і навучыліся ад Эпатраса, любаснага супрацоўніка нашага, які ёсьць верны для вас служка Хрыста, які і паведаміў нам пра вашую любоў у Духу. Таму і мы з таго дня, як пачулі (пра гэта), ня перастаём маліцца за вас і прасіць, каб вы былí напоўнены пазнаньнем волі Ягонай ва ўсякай мудрасьці і разуменьні духовым, каб паступаць вам годна Госпаду: ва ўсім дагаджаючы (Яму і) прыносячы плод у кожнай добрай справе, і ўзрастаючы ў пазнаньні Бога. Ва ўсім узмацняючыся ў сіле паводля магутнасьці славы Ягонай, дзеля ўсялякай вытрываласьці і доўгацярплівасьці з радасьцю, дзякуючы Ба́цьку, Які зрабіў нас годнымі да ўдзелу ў спадчыне сьвятых у Сьвятле, Які збавіў нас ад улады цемры і перанёс у Валадарства Сына любові Сваёй, у Якім мы маем адкупленьне праз Кроў Ягоную, і дараваньне грахоў, Які ёсьць Абраз Бога нябачнага, Які народжаны (перш за) усякае стварэньне, таму што Ім створана ўсё, што на Нябёсах і што на зямлі, бачнае і нябачнае, ці то пасады ці валадараньні, ці то начальствы ці ўлады — усё празь Яго і для Яго створана; і Ён ёсьць перад усім, і ўсё Ім стаіць. І Ён ёсьць Галава цела — царквы, Ён ёсьць Пачатак, Першынец зь мёртвых, каб ува ўсім Ён трымаў пяршынство, таму што заўгодна было (Богу), каб у Ім споўнілася ўся паўната, і каб празь Яго поўнасьцю прымірыць усё з Сабой, уціхамірыўшы празь Яго, праз Кроў крыжа Ягонага, і тое, што на зямлі, і тое, што на Нябёсах. І вас, якія некалі былі адчу́жанымі і ворагамі праз схільнасьць у розуме да ліхіх учынкаў, дык цяпер Ён поўнасьцю прымірыў у Целе (Сваім). Каб цераз сьмерць Цела Свайго паставіць вас перад Сабой сьвятымі і бяззаганнымі і бяздакорнымі, калі трываеце ў веры цьвёрда і няпарушна і ня адступаеце ад надзеі Эвангельля, якое вы пачулі і якое было апавяшчона ўсяму стварэньню пад небам, якога я, Павал, стаўся служкай. Цяпер я радуюся ў маіх пакутах за вас і дапаўняю нястачу му́каў Хрыстовых у целе маім за цела Ягонае, якое ёсьць царква, якой я стаўся служкай у домакіраваньні Бога, што даручана мне дзеля вас, каб выканаць Слова Бога, тайну, укрытую ад народаў у вяках, але цяпер адкрытую сьвятым Ягоным, якім Бог захацеў паказаць, якое багацьце славы тайны гэтай для паганаў, якая ёсьць Хрыстос у вас, надзея славы, Якога мы абвяшчаем, абразумляючы ўсякага чалавека і вучачы ўсякага чалавека ўсякай мудрасьці, каб прадставіць усякага чалавека дасканалым у Хрысьце Ісусе; дзеля таго я і працую, змагаючыся Ягонай сілай, якая дзейнічае ўва мне магутна.

Бо я хачу, каб вы ведалі, якую барацьбу я маю за вас і за тых, што ў Ляодыкіі і за ўсіх, што ня бачылі аблічча майго ў целе, каб сталіся ўсьцешанымі сэрцы іхныя, злу́чаныя ў любові, і дзеля ўсяго багацьця паўнаты разуменьня, дзеля пазнаньня тайны Бога і Ба́цькі і Хрыста, у Якім усе скарбы мудрасьці і разуменьня схаваны. А кажу вам гэтае, каб хто-небудзь ня зьвёў вас ілжэпераконваючымі словамі. Бо хаця я целам і адсутнічаю, але духам я разам з вамі, радуючыся і бачучы ваш парадак і цьвёрдасьць веры вашай у Хрыста. Таму, як вы прынялі Хрыста Ісуса, Госпада, гэтак і хадзіце ў Ім, будучы ўкарэненымі і будуемымі на Ім, і мацуемымі ў веры, як вы навучаны, збыткуючы ў ёй з удзячнасьцю. Глядзіце, каб ніхто вас ня захапіў хвілязохвіяй і пустым ашуканствам паводля традыцыі людзей, паводля стыхіяў гэтага сьвету, а ня паводля Хрыста; таму што ў Ім прабывае ўся паўната Боства цялесна, і вы напоўнены ў Ім, Які ёсьць Галава ўсякага начальства і ўлады. У Ім і вы абрэзаны абразаньнем нярукатворным, зьмярцьвеньнем цела грахоў, плоці, абразаньнем Хрыстовым, быўшы пахаванымі зь Ім у хрышчэньні, у якім і ўваскрэсьлі зь Ім праз веру ў сілу Бога, Які ўваскрасіў Яго зь мёртвых. І вас, якія былі мёртвымі ў грахах і ў няабразаньні плоці вашай, Ён ажывіў зь Ім, дараваўшы нам усе грахі, зьнішчыўшы ру́капіс пастаноў адносна нас і даўгоў нашых, што было супраць нас, Ён узяў яго з асяродку нашага і прыцьвікаваў яго да крыжу; абяззброіўшы начальствы і ўлады, выставіў іх на пасьмешышча, перамогшы іх ім (крыжам). Дык вось, няхай ніхто ня асуджае вас за ежу ці пітво, ці за ўдзел у якім-небудзь сьвяце, ці (за сьвяткаваньне) маладзіка, ці за суботу, усё гэтае зьяўляецца це́нем будучага, а цела — Хрыста. Няхай ніхто ня зводзіць вас паказнымі ціхасьцю і мудрасьцю ды служэньнем Ангелаў, урываючыся ў тое, чаго ня бачыў, марна хванабэрачыся плацкім розумам сваім і ня трымаючыся Галавы ад Якой усё цела суставамі і зьвязкамі, злучанае і змацаванае, расьце ростам Божым. Дык калі вы памерлі з Хрыстом для стыхіяў гэтага сьвету, то чаму вы падпарадкоўваецеся пастановам, быццам тыя, што жывуць па-сьвецку: «ня чапай, ня еш, і ня дакранайся» (да таго), што ўсё ёсьць на тленьне ад ужываньня? (А вы падпарадкуецеся) адпаведна прыказаньням і навуцы чалавечым. Гэта мае толькі выгляд ціхасьці і мудрасьці ў выдуманым служэньні са змардаваньнем цела і абясцэненьнем клопату аб правільным насычэньні цела.

Дык, калі вы ўваскрэсьлі з Хрыстом, то шукайце ўзгорнага, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Богу; аб узгорным думайце, а ня аб зямным. Бо вы памерлі і жыцьцё вашае захавана з Хрыстом у Богу. Калі зьявіцца Хрыстос, жыцьцё нашае, тады і вы зьявіцеся разам зь Ім у славе. Дык умярцьвіце чэлясы вашыя, што на зямлі: блудадзейства, нячыстасьць, юр, ліхую пажадлівасьць і сквапнасьць, што ёсьць балванахвальства, за якія прыходзіць гнеў Бога на сыноў супраціву, сярод якіх і вы калісь хадзілі, калі жылі сярод іх. Але цяпер і вы адкладзеце ўсё (гэтае): гнеў, лютасьць, злосьць, лаянку, брыдкаслоўе з вуснаў вашых; ня хлусіце адзін аднаму, зьняўшы зь сябе старога чалавека зь ягонымі ўчынкамі і апрануўшыся ў новага, які абнаўляецца ў пазнаньні на абраз Таго, Хто яго стварыў, у якім няма ні элліна, ні жыда́, абразаньня і няабразаньня, ба́рбара, ськíта, раба, вольнага, але ўсё і ва ўсім Хрыстос. Дык, апранецеся, як выбраныя Бога, сьвятыя і любасныя, у пачуцьці міласэрнасьці, дабрыні, сьціпласьці, ціхасьці, доўгацярпеньня, церпячы адзін воднага і даруючы адзін воднаму, калі хто на каго мае скаргу: як і Хрыстос дараваў вам, гэтак і вы. А панад усім тым апраніцеся ў любоў (Боскую), якая ёсьць сукупнасьць даскана́ласьці. І мір Бога хай пануе ў сэрцах вашых, да якога вы і прыкліканы ў адным целе, і будзьце ўдзячнымі. Слова Хрыста хай у вас жыве і раскашуе; і вы, са ўсякай мудрасьцю навучайце і настаўляйце адзін аднаго псальмамі і гімнамі і богахвалебнымі сьпевамі, з удзячнасьцю Госпаду сьпяваючы ў сэрцы вашым. І ўсё, што ні робіце, словам альбо ўчынкам, усё рабіце ў Імя Госпада Ісуса, дзякуючы Богу І Бацьку празь Яго. Жонкі, будзьце паслухмянымі сваім мужом, як прыстойна ў Госпадзе. Мужы, любіце жонак (сваіх) і ня будзьце суворымі да іх. Дзеці, будзьце паслухмянымі бацька́м (у Госпадзе) ва ўсім; бо гэта заўгодна Госпаду. Ба́цькі, ня раздражняйце дзяцей вашых, каб яны ня панíклі духам. Рабы, будзьце паслухмянымі ва ўсім гаспадарам (вашым) паводля цела ня з угодлівасці, як тыя, што дагаджаюць чалавеку, але ў прастаце сэрца, баючыся Бога. І ўсё, што ні робіце, рабіце ад душы, як Госпаду, а ня людзям, ведаючы, што ад Госпада атрымаеце на ўзнагароду спадчыну, бо вы служыце Госпаду Хрысту. А той, хто паступае няправедна, атрымае (адпаведна) таму, што ўчыніў няправедна, бо ў Яго няма нясправядлівасьці.

Гаспадары, абыходзьцеся з рабамі па-добраму і справядліва, ведаючы, што і вы маеце Госпада ў Нябёсах. Трывайце ў малітве, чуваючы ў ёй з удзячнасьцю, молячыся ў той жа час і аб нас, каб Бог адчыніў нам дзьверы для слова, каб нам апавяшчаць тайну Хрыста, з-за якой я і ў кайданах; каб я раскрыў яе так, як і належыць мне яе апавяшчаць. Абыходзьцеся мудра з вонкавымі, (максімальна) выкарыстоўваючы час (для Дабравешчаньня). Слова вашае хай будзе заўсёды ласкавае, прыпраўленае сольлю, каб вы ведалі, як належыць вам адказаць кожнаму. Пра мяне ўсё вам раскажа Тыхік, любасны брат і верны служыцель і супрацоўнік у Госпадзе, якога я паслаў да вас дзеля таго, каб мне даведацца пра вашыя абставіны, і каб ён суцешыў сэрцы вашыя; (паслаў жа разам) з Анісімам, верным і любасным братам, які ёсьць ад вас. Яны раскажуць вам усё пра тутэйшыя справы. Вітае вас Арыстарх, які зьняволены разам са мною, і Марк, сваяк Барнабы, адносна якога вы атрымалі даручэньні: калі прыйдзе да вас, прымеце яго, і Ісус, называны Юстам, абодва з абрэзаных. Яны — адзіныя супрацоўнікі дзеля Валадарства Бога, якія былі дзеля мяне ўцехаю. Вітае вас Эпатрас, які з вашых, раб Хрыста, які заўсёды змагаецца за вас у малітвах, каб вы стаялі дасканалымі і напоўненымі ва ўсім воляй Бога. Сьведчу пра яго, што ён мае вялікую рупнасьць аб вас і аб тых, што ў Ляодыкіі і ў Яраполі. Вітае вас Лукаш, любасны лекар, і Дзімас. Вітайце братоў, што ў Ляодыкіі і Німтана, і царкву, што ў яго доме. А калі гэтае Пасланьне будзе прачытана ў вас, зрабіце так, каб яно было прачытана і ў царкве Ляодыкіі; а якое з Ляодыкіі, прачытайце і вы; і скажэце Архіпу: «пільнуй служэньне, якое ты прыняў у Госпадзе, каб ты яго выконваў». Прывітаньне маёй рукою, Паўлаваю. Памятайце пра мае кайданы. Багадаць з вамі. Амін.


Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.