Библия › Сабіла › 1 да тэссалонцаў
Павал і Сілуан, і Цімахвей — царкве тэссалонцаў у Богу Бацьку і Госпадзе Ісусе Хрысьце: Багадаць вам і мір ад Бога Бацькі нашага і Госпада Ісуса Хрыста. Дзякуем Богу заўсёды за ўсіх вас, успамінаючы пра вас у малітвах нашых, нясупынна ўспамінаючы вашу дзею веры і працу любові, і цярплівасьць надзеі на Госпада нашага Ісуса Хрыста перад Богам і Бацькам нашым, (і) ведаючы, любасныя браты, пра вашае выбраньне Богам. Бо нашае Дабравесьце было ў вас ня толькі ў слове, але і ў сіле і ў Духу Сьвятым, і з поўным перакананьнем; і вы ведаеце, якімі мы былí паміж вамі дзеля вас. І вы сталіся насьлядоўнікамі нам і Госпаду, прыняўшы слова пры вялікім уціску, але з радасьцю Духа Сьвятога, праз што вы сталі прыкладам для ўсіх веручых у Македоніі і Ахайі. Бо ад вас пранеслася Слова Госпада ня толькі ў Македоніі і Ахайі, але і ва ўсякім мейсцы (чутка) пра вашу веру ў Бога прайшла настолькі моцна, што нам няма патрэбы (яшчэ) што-небудзь расказаваць. Бо самі (людзі) распавядаюць пра нас, які ўваход мы мелі да вас, і якім чынам вы навярнуліся ад балванаў да Бога, каб служыць Богу жывому і праўдзіваму і чакаць Сына Ягонага зь Нябёсаў, Якога Ён уваскрасіў зь мёртвых, — Ісуса, Які збаўляе нас ад гневу, які надыходзіць.
Бо вы самі ведаеце, браты, аб уваходзе нашым да вас, што ён быў ня дарэмны; але і раней нацярпеўшыся гора і зьняваг, як вы ведаеце, у Піліппах, мы адважыліся ў Богу нашым раска́заваць вам Эвангельле Бога зь вялікай барацьбой. Бо ў вучэньні нашым няма ні памылкі, ні нячыстасьці, ні хітрыні; але паколькі мы былі выпрабаваны Богам, і нам даверана Эвангельле, таму і гаворым, ня як бы людзям дагаджаючы, але Богу, Які выпрабоўвае сэрцы нашыя. І мы ніколі ня былі ў вас зь лісьлівым словам, як вы ведаеце, ані з думкай аб карысьці, Бог — сьведка!, і ня шукаючы славы ад людзей: ні ад вас, ні ад другіх, хоць мы і маглі прадставіцца з важнасьцю, як Апосталы Хрыста, але мы былі сярод вас лагоднымі, як карміцелька, якая клапоціцца аб дзетках сваіх. Так і мы, маючы такія пачу́цьці да вас, пажадалі перадаць вам ня толькі Эвангельле Бога, але і душы нашыя, таму што вы сталіся нам любаснымі. Дык помніце, браты, працу нашую і зьнямажэньне: працуючы дзень і ноч, каб ня абцяжарыць каго-небудзь з вас, мы абвяшчалі вам Эвангельле Бога. Вы сьведкі і Бог, як сьвята і праведна і бяздакорна перад вамі, веручымі, мы паступалі, так як вы ведаеце, як кожнага з вас, як бацька дзяцей сваіх, суцяшаючы і ўзмацняючы мы панукалі вас, каб вы паступалі годна Богу, Які прыклікаў вас у Сваё Валадарства і Славу. Таму і мы дзякуем Богу нясупынна за тое, што, прыняўшы слова пачутае ад нас, Слова Бога, вы прынялі (Яго) ня як слова чалавечае, але як Яно ёсьць у сапраўднасьці, як Слова Бога, Якое і дзейнічае ў вас, веручых. Бо вы, браты, сталіся насьлядоўцамі цэркваў Бога, у Хрысьце Ісусе, якія знаходзяцца ў Юдэі, таму што і вы перацярпелі ад сваіх суайчыньнікаў тое самае, што і тыя ад жыдоў якія і Госпада Ісуса забілі, і прарокаў сваіх (пазабівалі), якія і нас перасьледавалі, і Богу ня дагаджаюць, і ўсім людзям супрацівяцца, якія і нам забараняюць абвяшчаць (Эвангельле) паганам, каб яны былі збаўлены, так што заўсёды дапаўняюць свае грахі; але гнеў Божы дасягнуў іх нарэшце цалкам. Мы ж, браты, будучы разлучаны з вамі на кароткі час абліччам а ня сэрцам, зь вялікім жаданьнем прагнулі ўбачыць ваша аблічча. Таму мы і памыкаліся прыйсьці да вас — я, Павал, — і адзін раз, і другі раз, але перашкодзіў нам шатан. Бо хто ёсьць наша надзея ці радасьць, ці вянок пахвалы? Ці ж ня вы перад Госпадам нашым Ісусам Хрыстом у Ягонае прышэсьце? Бо вы ёсьць слава нашая і радасьць.
Таму, ня могучы балей трываць, мы вырашылі застацца ў Атэнах адны і паслалі Цімахвея, брата нашага і служыцеля Бога, і супрацоўніка нашага ў Эвангельлі Хрыста, каб умацаваць вас і падбадзёрыць вас у веры вашай, каб ніхто ня хістаўся ў смутках гэтых: бо самі вы ведаеце, што да гэтага мы і прызначаны. Бо і калі мы былі ў вас, мы прадказвалі вам, што маем цярпець прыгнёт, як і здарылася, і вы гэта ведаеце. Таму і я, больш ня це́рпячы, паслаў Цімахвея, каб даведацца пра веру вашую, каб ня спакусіў вас спакусьнік, і каб праца нашая ня сталася марнай. І цяпер, калі прыйшоў да нас ад вас Цімахвей і прынёс добрую вестку нам пра веру і любоў вашую, і што вы заўсёды маеце добрую памяць пра нас, жадаючы нас пабачыць, як і мы вас, таму і мы, пры ўсім нашым смутку і гаротах нашых суцешаны вамі, браты, праз веру вашую. Бо цяпер мы жывём, калі вы стаіцё ў Госпадзе. Якую ж падзяку мы можам даць Богу за вас, за ўсю радасьць, якой радуемся за вас перад нашым Богам, дзень і ноч вельмі рупліва молячыся за вас, каб убачыць вашае аблічча і папоўніць нястачы веры вашай? Сам жа Бог і Бацька наш, і Госпад наш Ісус Хрыстос хай накіруе шлях наш да вас. А вам хай Госпад дасьць узрасьці і напоўніцца са збыткам любоўю адзін да аднаго і да ўсіх, як і мы да вас: каб узмацніць сэрцы вашыя ў бяззаганнасьці і сьвятасьці перад Богам і Бацькам нашым і перад Госпадам нашым Ісусам Хрыстом з усімі сьвятымі Ягонымі.
Нарэшце ж, браты, просім вас і молім у Госпадзе Ісусе: каб вы як прынялі ад нас, як належыць вам паступаць і дагаджаць Богу, каб вы збыткавалі ў гэтым; бо ведаеце, якія прыказаньні мы далі вам ад Госпада Ісуса. Бо гэткая ёсьць воля Бога — асьвячэньне вашае: каб вы высьцерагаліся блудадзеяньня; каб кожны з вас захоўваў сваю судзіну ў сьвятасьці і чэсьці, а ня ў юрлівасьці, як і пагане, якія ня ведаюць Бога; каб вы ня перавышалі дазволенага і ня паступалі карысьліва ў адносінах да брата свайго, бо Госпад помсьціць за ўсё гэтае, як і раней мы гаварылі вам і сьведчылі. Бо прыклікаў нас Бог ня да нячыстасьці, але да сьвятасьці. Таму, хто гэта зьняважае, той ня чалавека зьняважае, але Бога, Які і Духа Свайго даў нам. Адносна ж браталюбства няма ніякай патрэбы пісаць вам, бо вы самі навучаны Богам любіць адзін аднаго. Бо вы і робіце гэта з усімі братамі па ўсёй Македоніі. Молім жа вас, браты, пасьпяваць у гэтым яшчэ больш і рупліва дбаць, каб жыць ціха, і рабіць сваю (справу), і працаваць сваімі ўласнымі рукамі, як мы і загадалі вам: каб вы паводзіліся добрапрыстойна з вонкавымі і ня мелі ні ад кога залежнасьці. Ня хачу ж вас, браты, пакінуць у няведаньні пра памёршых, каб вы ня сумавалі, як і астатнія, якія ня маюць надзеі. Бо калі мы верым, што Ісус памёр і ўваскрос, то і памёршых у Ісусе Бог прывядзе разам зь Ім. Бо гэтае мы вам кажам словам Госпада, што мы, жывыя, якія застаемся да прыходу Госпада, ня апярэдзім памёршых, таму што Сам Госпад пры валада́рным воклічы, пры голасе Архангела і пры трубе Бога зыйдзе зь Неба, і памёршыя ў Хрысьце ўваскрэснуць першымі; потым мы, што застаемся жывымі, разам зь імі падхоплены будзем на аблоках на сустрэчу з Госпадам у паветры, ды гэтак заўсёды з Госпадам будзем. Гэтак суцяшайце адзін аднаго словамі гэтымі.
А пра тэрміны і канец часоў, браты, вы ня маеце патрэбы, каб вам (пра іх) пісаць. Бо вы самі дакладна ведаеце, што дзень Госпада прыйдзе так, як злодзей уначы. Бо калі будуць казаць: «мір і бясьпека», тады зьнянацку спасьцігне іх загуба, гэтак жа як родавыя мукі спасьцігаюць цяжарную, — і ня змогуць унікнуць (ад адказнасьці). Вы ж, браты, ня ў цемры, каб дзень той спасьціг вас, як злодзей. Усе вы ёсьць сыны сьвятла і сыны дня: мы ня зьяўляемся дзецьмі ночы, ані цемры. Дык, ня будзем спаць, як і астатнія, але будзьма пíльнымі і разумнаразважнымі. Бо тыя, хто спяць — уначы спяць, і тыя, хто упіваюцца — уначы ўпіваюцца. А мы зьяўляючыся дзяцьмі дня, будзьма разумнаразважнымі, апрануўшыся ў панцыр веры і любові, і шалом надзеі выратаваньня, таму што ня прызначыў нас Бог на гнеў, але для атрыманьня збаўленьня праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які памёр за нас, каб мы ці то сьпім, ці то ня сьпім, але каб мы жылі разам зь Ім. Таму суцяшайце адзін аднаго і навучайце адзін аднаго, як вы гэтае і робіце. Просім жа вас, браты, паважаць тых, што (духова) працуюць сярод вас, і тых, якія пастаўлены над вамі ў Госпадзе, і настаўляюць вас, і шанаваць іх вельмі высока з любоўю за працу іхную. Жывіце ў міры між сабою. Молім жа вас, браты, настаўляйце бясчынных, падбадзёрвайце маладушных, падтрымлівайце слабых, будзьце доўгацярплівыя да ўсіх. Глядзеце, каб ніхто нікому ня адплачваў злом за зло; але заўсёды шукайце дабра і адзін аднаму, і ўсім. Заўсёды радуйцеся. Нясупынна маліцеся. За ўсё дзякуйце: бо гэткая воля Бога ў Хрысьце Ісусе дзеля вас. Духа ня згашайце. Прароцтвамі ня пагарджайце. Усё выпрабоўвайце, добрага трымайцеся. Высьцерагайцеся ўсякага роду зла. Сам жа Бог Міру хай асьвяціць вас ва ўсёй поўніцы, і цалкам ваш дух і душа, і цела хай будуць захаванымі бяззаганнымі ў прыход Госпада нашага Ісуса Хрыста. Верны Той, Хто прыклікае вас, Ён і зробіць гэта. Браты! Маліцеся за нас. Вітайце ўсіх братоў сьвятым пацалункам. Запрысягаю вас Госпадам прачытаць гэтае Пасланьне ўсім сьвятым братом. Багадаць Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі. Амін.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020