Библия › Сабіла › 2 да тэссалонцаў
Павал і Сілуан, і Цімахвей — царкве тэссалонцаў у Богу Бацьку нашым і Госпадзе Ісусе Хрысьце: Багадаць вам і мір ад Бога Бацькі нашага і Госпада Ісуса Хрыста. Мы заўсёды павінны дзякаваць Богу за вас, браты, чаму вы і адпавядаеце, бо надзвычайна ўзрастае вера вашая, і памнажаецца любоў кожнага з усіх вас аднаго да аднаго, так што мы самі хвалімся вамі ў цэрквах Бога з прычыны вашай цярплівасьці і веры ва ўсіх ганеньнях вашых і нягодах, якія вы пераносіце: (што служыць) доказам праведнасьці суда Бога, каб вам быць годнымі валадарства Бога, дзеля якога і паку́туеце, таму што перад Богам ёсьць праведна аддаць цяжкасьцям пакараньня тых, што чыняць вам пакуты, а вам, (цяпер) прыгне́чаным, даць патолю разам з намі ў зьяўленьні Госпада Ісуса зь Неба з Ангеламі сілы Ягонай, Які ў палымяным агні аддае помсту тым, якія ня шануюць Бога і ня ўпакорваюцца Эвангельлю Госпада нашага Ісуса Хрыста, якія прымуць кару — пагібель вечную ад аблічча Госпада і ад славы магутнасьці Ягонай, калі Ён прыйдзе ў Дзень Той, каб праславіцца ў сьвятых Сваіх і стацца дзівосным ва ўсіх верніках (і ў вас), таму што вы паверылі сьведчаньню нашаму для вас. Дзеля гэтага і молімся заўсёды за вас, каб Бог наш зрабіў вас вартымі прыкліка́ньня і ўчыніў усякую дабразычлівасьць дабрыні і ўчынкі веры ў сіле, каб было ўслаўлена Імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў вас, і вы ў Ім, дзеля Багадаці Бога нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
Молім жа вас, браты, адносна прыходу Госпада нашага Ісуса Хрыста і адносна нашай зборкі да Яго, каб вы ня былі зьбіты з панталыку, атрымоўваючы апавяданьні нíбыта ад духа, ці ад слова, ці ад пасланьня, як бы намі пасла́нага, быццам бы ўжо наступіў Дзень Хрыста. Няхай ніхто і ніяк ня ашукае вас, бо (Дзень Той ня настане), пакуль перш ні прыйдзе адступніцтва, і ні адкрыецца чалавек грэху, сын пагібелі, які супрацівіцца і ўзвышае сябе над усім, што называецца Божым альбо Сьвятыняй, так што сам у Сьвятыні Божай сядзе, як Бог, выдаючы сябе, што ён ёсьць Бог. Ці ня помніце, што я гаварыў вам гэта, як яшчэ быў у вас? І цяпер вы ведаеце, што яго стрымлівае, так што адкрыецца ён толькі ў свой час. Бо тайна бяззаконьня ўжо дзейнічае, толькі Той, Хто цяпер стрымлівае, будзе дзеяць пакуль ні будзе ўзяты з асяродзьдзя. Тады будзе зьяўлены бяззаконьнік, якога Госпад заб’е дыханьнем вуснаў Сваіх і зьнішчыць зьяўленьнем прышэсьця Свайго; чыё (бяззаконьніка) прышэсьце будзе зроблена па дзеяньню шата́на са ўсякай сілай і знакамі, і цудамі хвальшывымі, і са ўсякай спакусай няправеднай тых, што гíнуць з-за таго, што яны ня прынялі любові праўды, каб быць ім зба́ўленымі. Таму і дапусьціць Бог дзейнічаць на іх аблудзе, каб яны паверылі ілжы, каб былі асуджаны ўсе, хто ня паверыў праўдзе, але што атрымалі задавальненьне ў няпраўдзе. Мы ж павінны заўсёды дзякаваць Богу за вас, браты, любасныя Госпаду, што Бог выбраў вас ад пачатку на выратаваньне, праз асьвячэньне Духам і веру праўдзе, да якога Ён і прыклікаў вас праз наша Дабравешчаньне дзеля дасягненьня славы Госпада нашага Ісуса Хрыста. Дык стойце, браты, і трымайцеся наказаў, якім вы навучаны, ці то праз слова ці праз Пасланьне нашае. Сам жа Госпад наш Ісус Хрыстос і Бог, і Бацька наш, Які ўзьлюбіў нас і даў нам суцяшэньне вечнае і надзею добрую ў Багадаці, хай су́цешыць вашыя сэрцы і ўмацуе вас ва ўсялякай добрай справе і слове.
Нарэшце, маліцеся, браты, за нас, каб Слова Госпада шырылася і выслаўлялася, як і ў вас, і каб мы былі збаўлены ад нягодных і благіх людзей, таму што ня ва ўсіх вера. Верны ж Госпад, Які ўмацуе вас і зьберажэ ад д’ябла. Мы ж упэўнены аб вас у Госпадзе, што вы спаўняеце і будзеце спаўняць тое, што мы вам загадваем. Сам жа Госпад хай накіруе сэрцы вашыя да любві Бога і да цярплівасьці Хрыста. Загадваем жа вам, браты, Імем Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб вы ўхіляліся ад кожнага брата, які жыве бясчынна, а ня паводля навукі, якую ён прыняў ад нас. Бо самі вы ведаеце, як вам належыць насьлядоўваць нас, таму што мы сярод вас ня паступалі нягожа, мы нават хлеба ня елі ні ў кога да́рма, але займаліся дзень і ноч цяжкай працай, каб нікога з вас ня абцяжарыць, — і ня таму, што мы ня маем улады, але каб даць вам нас як узор, каб вы насьлядоўвалі нас. Бо калі мы і былі ў вас, дык загадвалі вам гэтак: калі хто ня хоча працаваць, хай і ня есьць. Бо чуем пра нікаторых з вас, якія паступаюць у вас нягожа, нічога ня робяць, але займаюцца бяскарыснымі справамі. Гэтакім жа мы загадваем і просім Госпадам нашым Ісусам Хрыстом, каб яны, моўчкі працуючы, елі свой хлеб. А вы, браты, ня падайце духам, робячы дабро. Калі ж хто ня паслухаецца нашага слова ў гэтым Пасланьні, таго вазьміце пад заўвагу ды ня сябруйце зь ім, каб ён быў пасаромлены: але ня лічыце яго за ворага, а ўшчувайце яго, як брата. Сам жа Госпад Міру хай дасьць вам Мір і ва ўсім і ва ўсякім выпадку. Госпад з усімі вамі! Прывітаньне маёй рукою, Паўлаваю, што ёсьць знакам ва ўсякім Пасланьні; я пішу гэтак: Багадаць Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020