Библия › Сабіла › 1 да Цімахвея
Павал, Апостал Ісуса Хрыста па загаду Бога, Збавіцеля нашага, і Госпада Ісуса Хрыста, Надзеі нашай — Цімахвею, сапраўднаму сыну ў веры: Багадаць, літасьць, Мір ад Бога Бацькі нашага і Хрыста Ісуса, Госпада нашага. Дык, адыходзячы ў Македонію, я папрасіў цябе застацца ў Эхвесе, каб ты загадаў нікаторым ня вучыць нечаму іншаму і каб яны ня займаліся байкамі і радаводамі бясконцымі, якія чыняць больш спрэчак, чым збудаваньня Божага ў веры; мэта ж загаду ёсьць любоў ад чыстага сэрца і добрага сумленьня, і веры някрывадушнай, ад чаго адступіўшы, нікаторыя зьвярнуліся да пустаслоўя, хочучы быць настаўнікамі Закону, ня разумеючы ні таго, што кажуць, ні таго, што сьцьвярджаюць. Ведаем жа, што Закон добры, калі хто ім законна карыстаецца, ведаючы тое, што Закон прызначаны ня для праведніка, але для бяззаконных і няпакорных, бязбожных і грэшных, нячыстых і паганых, забойцаў бацькі і маткі, чалавеказабойцаў, блудадзейцаў, мужаложнікаў, дзеля тых, што крадуць людзей дзеля рабатаргоўлі, ілгуноў, дзеля тых, што парушаюць прысягу і дзеля ўсяго іншага, што пярэчыць здаровай навуцы Эвангельля славы багаслаўлёнага Бога, якое мне даверана. І дзякую Хрысту Ісусу Госпаду нашаму, Які ўмацаваў мяне і прызнаў мяне верным, паставіўшы на служэньне: таго, які блюзьніў, быў ганіцелем і крыўдзіцелем, але памілаваны, бо рабіў гэта ня разумеючы, у няверстве, але Багадаць Госпада нашага зьяўлена (мне) са збыткам разам зь верай і любоўю ў Хрысьце Ісусе. Слушнае гэта слова, і ўсякага прыняцьця вартае, што Хрыстос Ісус прыйшоў у гэты сьвет выратаваць грэшнікаў, із якіх я — першы. Але дзеля гэтага я і памілаваны, каб на мне першым Ісус Хрыстос паказаў усю (Сваю) доўгацярплівасьць, у прыклад тым, што будуць верыць у Яго на жыцьцё вечнае. Валадару вякоў нясьмяротнаму, нябачнаму, адзінаму мудраму Богу чэсьць і слава ў вяках вякоў. Амін. Гэты загад даю табе сын (мой) Цімахвей, паводля ранейшых аб табе прароцтваў, каб ты вёў згодна зь імі добрае змаганьне, маючы веру і добрае сумленьне, якое нікаторыя, адкінуўшы, пацярпелі караблекрушэньне ў веры, якімі ёсьць Гімянэй і Аляксандр, якіх я аддаў шатану, каб яны былі наву́чаны ня блюзьнерыць.
Дык, перш за ўсё прашу чыніць прашэньні, малітвы, маленьні, удзячнасьці за ўсіх людзей, за валадароў і ўсіх начальнікаў, каб нам весьці жыцьцё ціхое і ціхамірнае са ўсёй набожнасьцю і чысьцінёй. Бо гэта добра і прыймальна перад Збаўцам нашым Богам, Які хоча, каб усе людзі былі зба́ўленымі і прыйшоўшымі да пазнаньня праўды. Бо адзін Бог і адзін Пасярэднік паміж Богам і людзьмі — Чалавек Хрыстос Ісус, Які аддаў Сябе дзеля адкупленьня за ўсіх: гэта (належыць да) сьведчаньня канца часоў (якім Ён гэта прызначыў). Дзеля гэтага я пастаўлены зьвястуном і Апосталам, — праўду кажу ў Хрысьце, ня лгу, — настаўнікам паганаў у веры і праўдзе. Дык жадаю, каб мужчыны маліліся на ўсякім мейсцы, узьнімаючы чыстыя рукі бяз гневу і сумняваньня; каб таксама і жанчыны ў прыстойнай вопратцы са сьціпласьцю і разумнасьцю, каб упрыгожвалі сябе ні пляцэньнем валасоў, ні золатам, ні пэрламі, ні дарагой вопраткай, але, як прыстойна жанчынам, якія спавядаюць багабойнасьць — добрымі ўчынкамі. Жанчына хай вучыцца моўчкі са ўсякаю пакораю. А жанчыне вучыць ня дазваляю, ні верхаводзіць над мужчынам, але быць у маўклівасьці. Бо першым быў створаны Адам, а потым Ева. І ня Адам быў спакушаны, але жонка, будучы абманутай, упала ў злачынства; але будзе збаўлена праз нараджэньне дзяцей, калі будзе трываць у веры і любові, і сьвятасьці з разумнасьцю.
Слова гэтае вернае: «калі хто імкнецца да япіскапства, добрай справы жадае». Але япіскап павінен быць бяззаганным, мужам адной жонкі, разважлівым, цнатлівым, паважа́ным, гасьцінным, здатным вучыць, ня п’яніцай, ня забіякай, ня карысьліўцам, але ціхі, ня сварлівым, ня срэбралюбцам, каб добра кіраваў сваім домам, каб дзяцей трымаў у паслухмянасьці і ва ўсякай пашане. Бо калі хто ня ўмее кіраваць сваім домам, як ён будзе рупіцца пра царкву Бога? Ня (павінен быць) з нованаверненых, каб ня заганарыўся (і) ня падпаў пад асуджэньне (прыпадобнае да асуджэньня) д’ябла. Трэба яму мець добрае сьвядоцтва і ад вонкавых, каб ня ўпасьці яму ў нараканьне і пастку д’ябла. Дыяканы таксама павінны быць паважанымі, ня двуязычнымі, ня прагавітымі на віно, ня карысьліўцамі, што маюць таямніцу веры ў чыстым сумленьні. Але гэткія сьпярша павінны быць выпрабаванымі, а потым, калі яны акажуцца бяздакорнымі, хай служаць. Жанчыны таксама павінны быць бяздакорнымі, ня паклёпніцамі, разважнымі, вернымі ўва ўсім. Дыякан павінен быць мужам адной жонкі, які добра кіруе і дзецьмі і сваім домам. Таму што той, хто добра паслужыў, набывае сабе вышэйшую ступень і вялікую адвагу ў веры ў Хрысьце Ісусе. Гэта пішу табе, спадзяючыся хутка прыйсьці да цябе; а калі я запазьнюся, каб ты ведаў, як трэба паводзіць сябе ў доме Бога, які ёсьць царква Бога Жывога — стоўп і апора праўды. І нясумненна, у богашанаваньня ёсьць вялікая тайна: Бог зьявіўся ў целе, апраўданы ў Духу, паказаны Ангелам, абвешчаны паганам, прыняты верай у гэтым сьвеце, узьнесены ў славе.
Дух жа ясна кажа, што ў апошнія часы адступяцца нікаторыя ад веры, прыслухоўваючыся да духаў абманшчыкаў і да вучэньняў дэманаў, якія (нікаторыя) у крывадушнасьці гавораць ілжу, маючы спаленым сваё сумленьне; якія забараняюць браць шлюб і забараняюць ужываць у ежу тое, што Бог стварыў дзеля спажываньня ў ежу з удзячнасьцю вернымі і тымі, што пазналі праўду. Таму што ўсякае стварэньне Божае ёсьць добрае, і нішто ня ганебнае, што прымаецца з удзячнасьцю; бо асьвячаецца праз Слова Бога і малітву. Тлумачачы гэта братам, будзеш добрым служкай Ісуса Хрыста, кормлены словамі веры і добрым вучэньнем, якому ты насьлядаваў. А нягодных і бабскіх плётак цурайся, але практыкуй сябе ў багабойнасьці. Бо цялеснае практыкаваньне мала карыснае, а багабойнасьць карысная для ўсяго, маючы абяцаньне цяперашняга жыцьця і будучага. Слова гэта вернае і поўнага прыняцьця вартае. Таму мы і працуем і церпім ганьбу, таму што ўсклалі спадзяваньні на Бога Жывога, Які ёсьць Збавіцель усіх людзей, асабліва веручых. Загадвай гэтае і вучы. Няхай ніхто ня пагарджае маладосьцю тваёй, але будзь прыкладам для верных: у слове, у жыцьці, у любові, у духу, у веры, у чысьціні. Пакуль прыду, займайся чытаньнем, суцяшэньнем, вучэньнем. Ня занядбай у сабе дар, які дадзены табе праз прароцтва с ускладаньнем рук сьвятарства. Пра гэта дбай, у гэтым будзь, каб твой посьпех быў відавочны для ўсіх. Углядайся ў сябе і ў вучэньне; трывай у гэтым: бо гэтак робячы, і сябе збавіш, і тых, хто слухае цябе.
Старога ня дакарай, але ўпрошвай, як бацьку; маладзейшых — як братоў; старых жанчын — як матак, маладзейшых жанчын — як сясьцёр, з усёй чысьцінёю, Удоваў шануй — сапраўдных удоваў. А калі якая ўдава мае дзяцей альбо ўнукаў, дык хай яны найперш вучацца шанаваць свой дом і аддаваць належнае бацькам; бо гэта добра і даспадобы перад Богам. Тая ж, што сапраўды ўдава і застаецца адзінокая, яна спадзяецца на Бога і трывае ў маленьнях і малітвах уначы і ўдзень; а тая, што паводзіцца няўстрымна, будучы жывой, (ужо) памерла. І гэтае ім загадвай, каб яны былі бяззаганнымі. Калі ж хто пра сваіх, і асабліва пра хатніх, ня рупіцца, той выракся веры і горшы за нявернага. Удава мусіць быць выбіраемай (па ўзросту) ня менш, як шасьцідзясяцігадовая, якая была жонкай аднаго мужа, якая засьведчана добрымі ўчынкамі, калі выхава́ла дзяцей, калі была гасьціннай для падарожных, калі абмывала ногі сьвятым, калі дапамагала абяздоленым, калі рупілася пра кожную добрую справу. Маладым жа ўдовам адмаўляй, бо яны, маючы юрлівыя пачуцьці, ставяцца да Хрыста хванабэрліва і жадаюць шлюбу, падлягаючы асуджэньню, бо яны адкінулі ранейшую веру. І ў той жа час яны прызвычайваюцца гультайнічаць, ходзячы ад дому да дому; і ня толькі прызвычайваюцца гультайнічаць, але яны і пляткаркі і цікаўныя і гавораць чаго ня сьлед. Таму я хачу, каб маладыя (удовы) выходзілі замуж, нараджалі дзяцей, займаліся хатняй гаспадаркай і ня давалі праціўніку ніякай падставы дзеля абмаўленьня. Бо нікаторыя ўжо збочылі ўсьлед за шатанам. Калі ж які вернік альбо верніца мае ўдоваў, хай дапамагае ім і ня абцяжарвае царкву, каб яна дапамагала сапраўдным удовам. Прасьвітары якія служаць годна вартыя падвойнай пашаны, асабліва ж тыя, што працуюць у слове і ў навуцы. Бо Пісаньне кажа: «ня надзявай намордніка валу, які малоціць»; і: «работнік варты платы сваёй». Абвінавачаньне на прасьвітара прымай ня іначай, як пры двух альбо трох сьведках. А тых, што саграшаюць, дакарай перад усімі, каб і астатнія страх мелі. Заклінаю цябе перад Богам і Госпадам Ісусам Хрыстом і выбранымі Ангеламі, каб ты гэта захаваў бяз прадузятасьці, нічога ня робячы па суду за́гадзя. Рук пасьпешліва ні на кога ня ўскладай і ня будзь удзельнікам у чужых грахах; захоўвай сябе чыстым. Наперад больш ня пі адну ваду, але спажывай патроху і віно дзеля страўніка твайго і частых тваіх немачаў. Грахі нікаторых людзей вачавідныя і вядуць прама пад суд; а ў нікаторых ідуць сьледам. Таксама і добрыя ўчынкі вачавідныя; а калі ня вачавідныя, то ўсяроўна схаванымі быць ня могуць.
Усе рабы, якія пад ярмом, павінны лічыць сваіх гаспадароў вартымі ўсякай чэсьці, каб ня было ганьбаваным Імя Бога і вучэньне. А тыя, хто мае гаспадарамі вернікаў, ня павінны імі грэбаваць, толькі таму, што яны браты; але тым больш павінны ім служыць, таму што яны вернікі і любасныя, якія прымаюць удзел у добрых учынках. Гэтаму вучы і пераконавай. Калі хто вучыць іншаму і ня згаджаецца са здаровымі Словамі Госпада нашага Ісуса Хрыста і з вучэньнем пра багабойнасьць, той надзьмуўся ад ганарлівасьці, нічога ня ведае, але захоплены прагай да спрэчак і словазмаганьняў, ад чаго паходзяць зайздрасьць, сваркі, зламоўі, ліхія падазрэньні, пустыя спрэчкі паміж людзьмі з сапсаваным розумам і пазбаўленых праўды, якія думаюць, што багабойнасьць зьяўляецца сродкам для прыбытку. Ухіляйся ад гэтакіх. Але вялікім набыткам ёсьць багабойнасьць з задаволенасьцю. Бо мы нічога ня прынесьлі ў гэты сьвет; таксама і вынясьці зь яго нічога ня можам. Дык маючы ежу і вопратку, будзем гэтым задаволены. А тыя, што жадаюць разбагацець, упадаюць у спакусу і пастку і многія няразумныя і шкодныя пажадлівасьці, якія топяць людзей у зьніштажэньні і загубе. Бо корань усякага ліха ёсьць срэбралюбства, аддаўшыся якому, нікаторыя ўхіліліся ад веры і наклікалі на сябе многія мукі. Ты ж, о чалавек Божы, ухіляйся ад гэтага, але дасягай праведнасьці, багабойнасьці, (памнажэньня) веры, любові, цярплівасьці, ціхасьці. Змагайся добрым змаганьнем веры, трымайся вечнага жыцьця, да якога ты і быў прыкліканы, і вызнаў добрае вызнаньне перад многімі сьведкамі. Я загадваю табе — перад Богам, Які ўсё ажыўляе, і перад Хрыстом Ісусам, Які засьведчыў перад Понціем Пілатам добрае вызнаньне — зьберагчы гэтае прыказаньне чыстым, бяззаганным, аж да зьяўленьня Госпада нашага Ісуса Хрыста, якое ў свой час пакажа багаславёны і адзіны Валадар, Кароль над каралямі і Госпад над гаспадарамі, Адзіны, Які мае нясьмяротнасьць, Які жыве ў сьвятле няпрыступным, Якого ніхто зь людзей ня бачыў, і ўбачыць ня можа, Якому чэсьць і ўлада вечная. Амін. Багатым у цяперашнім веку загадвай, каб высока пра сябе ня думалі і ня спадзяваліся на багацьце нянадзейнае, але на Бога жывога, Які дае нам са збыткам усё патрэбнае; рабілі дабро, багацелі на ўчынкі добрыя, былі шчодрымі, ахвотна дзяліліся, зьбіраючы сабе скарб — добрую аснову для будучыні, каб дасягнуць ім жыцьця вечнага. О, Цімахвею! Беражы, што табе даверана, ухіляючыся ад агіднага пустаслоўя і супярэчлівых сьцьверджаньняў хвальшывай навукі, аддаўшыся якой, нікаторыя адступіліся ад веры. Багадаць з табою. Амін.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020