1 Сказаўшы гэта, Езус з вучнямі сваімі пайшоў за ручай Кедрон, дзе быў сад, у які ўвайшоў сам з вучнямі сваімі.
2 Але і Юда, які Яго выдаў, ведаў гэтае месца, бо Езус часта туды хадзіў са сваімі вучнямі.
3 Затым Юда, узяўшы кагорту (жаўнераў) і слугаў ад першасьвятароў і фарысэяў, прыйшоў туды з лятарнямі, сьветачамі і аружжам.
4 А Езус, ведаючы ўсё, што з Ім будзе, выйшаў наперад і спытаўся ў іх: "Каго шукаеце?"
5 Адказалі Яму: "Езуса з Назарэту". Кажа ім Езус: "Гэта Я ёсьць". А з імі стаяў і Юда, які Яго выдаў.
6 Калі сказаў ім (Езус): "Гэта Я ёсьць", яны адступіліся назад ды ўпалі на зямлю.
7 Спытаўся іх тады зноў: "Каго шукаеце?" А яны сказалі: "Езуса Назарэйца".
8 Адказаў Езус: "Дык жа сказаў Я вам, што гэта Я ёсьць. Калі Мяне шукаеце, дазвольце ім пайсьці",
9 каб споўнілася слова, якое быў Ён сказаўшы: "Не загубіў ніводнага з тых, каторых Ты Мне даў".
10 Сымон жа Пётар, які меў меч, дастаў яго і ўдарыў слугу першасьвятара, і адсек яму правае вуха. Слуга той меў імя Мальхос.
11 Сказаў тады Езус Пятру: "Схавай меч свой у похвы. Ці ж Я ня маю піць чашу, якую даў Мне Айцец?"
12 Тады кагорта, і трыбун, ды слугі Юдэйскія ўзялі Езуса і зьвязалі Яго,
13 і прывялі Яго перш да Анны, бо быў цесьцем Каяфы, які быў таго года першасьвятаром.
14 Гэта той Каяфа, які даў параду Юдэям: "Лепш, каб адзін чалавек памёр за народ".
15 А за Езусам ішоў Сымон Пётр і другі вучань. А вучань той знаёмы быў з першасьвятаром, і таму ўвайшоў з Езусам на панадворак першасьвятара.
16 Пётар жа застаўся навонкі пры дзьвярах. Выйшаў тады другі вучань, які ведаў першасьвятара, пагаварыў з прыдзьверніцай, ды ўвёў Пятра.
17 Кажа тады Пятру служанка прыдзьверніца: "Ці і ня ты з вучняў тога чалавека?" А ён кажа: "Не".
18 Там стаялі нявольнікі і слугі, якія распалілі вогнішча, бо было холадна, і грэліся. А разам з імі быў і Пётар, стоячы і грэючыся.
19 Першасьвятар жа пытаўся ў Езуса пра вучняў Ягоных і навуку Яго.
20 Адказаў яму Езус: "Я яўна гаварыў сьвету, ды вучыў заўсёды ў сынагозе і ў сьвятыні, дзе зьбіраюцца ўсе Юдэі, і нічога не гаварыў тайком.
21 Чаму Мяне пытаеш? Спытай тых, каторыя чулі, што Я ім гаварыў; вось яны ведаюць, што Я ім казаў".
22 Калі гэта сказаў, дык адзін з слугаў, стоячы там, ударыў Езуса па твары, кажучы: "Так адказваеш першасьвятару?"
23 Адказаў яму Езус: "Калі блага сказаў, дакажы гэта, а калі добра, дык чаму Мяне б'еш?"
24 Затым адаслаў Яго Анна зьвязанага да першасьвятара Каяфы.
25 А Сымон Пётар стаяў і грэўся. Дык сказалі яму: "Ці і ты ня з вучняў Ягоных?" А ён запярэчыў, кажучы: "Не!"
26 Дык адзін са слугаў першасьвятара, сваяк таго, катораму Пётар адсёк вуха, сказаў яму: "Ці ж я цябе ня бачыў з Ім у садзе?"
27 Ды Пётр зноў запярэчыў; і зараз засьпяваў певень.
28 Затым павялі Езуса ад Каяфы ў прэторыю. А было гэта нараніцы. І самі не ўвайшлі ў прэторыю, каб не спаганіцца, але каб маглі есьці Пасху.
29 Выйшаў да іх Пілат і сказаў: "У чым вінаваціце гэтага чалавека?"
30 Дык сказалі яму: "Калі б Ён ня быў злачынцам, ня выдалі б Яго табе".
31 Дык сказаў ім Пілат: "Вазьміце Яго і асудзіце Яго паводле вашага закону". Сказалі яму тады Юдэі: "Нам нельга нікога забіваць",
32 каб споўнілася слова Езуса, сказанае ім, якою сьмерцю меў памерці.
33 Дык увайшоў (Пілат) зноў у прэторыю, і, пазваўшы Езуса, спытаўся ў Яго: "Ты — кароль Юдэйскі?"
34 Адказаў Езус: "Ці гэта сам ад сябе кажаш, ці табе іншыя сказалі гэта пра Мяне?"
35 Адказаў Пілат: "Ці ж я Юдэй? Народ Твой і першасьвятары выдалі мне Цябе. Што Ты нарабіў?"
36 Адказаў Езус: "Маё каралеўства ня з гэтага сьвету. Бо каб Маё каралеўства было з гэтага сьвету, слугі Мае ваявалі б пэўне, каб ня быў Я выдадзены Юдэям. Але каралеўства Маё цяпер не адгэтуль".
37 Сказаў Яму тады Пілат: "Дык Ты — Кароль?" Адказаў Езус: "Ты кажаш, што Я — Кароль. Я на тое нарадзіўся ды на тое прыйшоў на свет, каб сьведчыць аб праўдзе. Кожны, хто з праўды, слухае голасу Майго".
38 Кажа Яму Пілат: "Што ёсьць праўда?" І, гэта сказаўшы, зноў выйшаў да Юдэяў і сказаў ім: "Я не знаходжу ў Ім ніякай віны.
39 У вас жа ёсьць звычай, каб на Пасху выпусьціць вам аднаго вязьня. Дык хочаце, пушчу вам караля Юдэйскага?"
40 Але яны ўсе закрычалі: "Не Яго, але Барабу!" А Бараба быў разбойнікам.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите: Ctrl + Enter

Паводле Яна, 18 глава. Пераклад Чарняўскага 1999

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Библия говорит сегодня
  9. Комментарии Скоуфилда
  10. Комментарии Баркли
  11. Комментарии Джона Райла
  12. Толкование Иоанна Златоуста
  13. Толкование Феофилакта Болгарского
  14. Новый Библейский Комментарий
  15. Лингвистический. Роджерс
  16. Комментарии Давида Стерна
  17. Ветхий Завет в Новом
  18. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.