1 Я пастанавіў сабе, каб не ісьці да вас зноў у смутку,
2 бо калі я вас засмучаю, хто мяне парадуе, калі ня той, хто быў мною засмучаны?
3 І пісаў я вам пра гэта, каб, прыбыўшы, ня мець смутку ад тых, ад якіх належалася б радавацца, бо я перакананы адносна ўсіх вас, што мая радасьць таксама вашая (радасьць).
4 Бо з вялікім жалем і тугою сэрца ды са сьлязамі пісаў я вам не дзеля таго, каб засмуціць вас, але каб вы адчулі, якую вялікую любоў маю я да вас.
5 Калі хто стаўся прычынай смутку, то не мяне (толькі) засмуціў, але, каб лішне не сказаць, часткова і ўсіх вас.
6 Такому хопіць кары, вызначанай большасьцю,
7 так што лепш выпадае такому дараваць ды пацешыць, каб церазмерная згрызота яго не ахапіла.
8 Таму прашу вас, каб выказалі такому любоў.
9 Бо з гэтаю мэтаю я пісаў, каб вас выпрабаваць, ці ва ўсім вы паслухмяныя.
10 Каму вы дароўваеце, таму і я; бо і я, калі каму прабачыў, дык прабачыў дзеля вас ад імя Хрыста,
11 каб ня зьвёў нас шатан, бо подступы яго добра нам вядомыя.
12 Калі я прыбыў у Трааду вясьціць Эвангельле Хрыстовае, і брама была мне адкрыта ў Госпадзе,
13 дух мой ня меў супакою, бо не спаткаў Ціта, брата майго. Таму я разьвітаўся з імі і падаўся ў Македонію.
14 Хай будзе Богу падзяка за тое, што дае нам перамагаць у Хрысьце заўсёды, ды праз нас усюды выяўляе пах пазнаньня свайго.
15 Мы вось мілы Богу пах Хрыстовы сярод тых, што дасягаюць збаўленьня, і сярод тых, што ідуць на загубу:
16 для адных — пах труючы на сьмерць, а для другіх -пах жыцятворны на жыцьцё. І хто здатны на гэта?
17 Мы бо не фальшуем Слова Божага як многія, але вясьцім шчырым сэрцам, як ад Бога на віду Бога ў Хрысьце.