Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Святарская 25 Кніга Святарская 25 раздзел

1 Вось што сказаў Госпад Майсею на гары Сінай, гаворачы:
2 «Аб’яві сынам Ізраэля і скажы ім: “Калі вы ўвойдзеце ў зямлю, якую Я дам вам, тады і зямля таксама павінна святкаваць суботу Госпада.
3 Шэсць гадоў будзеш засяваць поле сваё і шэсць гадоў будзеш абразаць вінаграднік свой ды збіраць у ім плады,
4 але ў сёмы год хай будзе субота супачынку для зямлі, субота для Госпада. Не будзеш засяваць поля свайго і падразаць вінаградніку свайго.
5 Што само вырасце на полі, не будзеш жаць таго, і не будзеш збіраць вінаграду неабрэзанага. Бо гэта будзе год адпачынку для зямлі.
6 І будзе гэта на працягу суботы зямлі вам у ежу: табе, і паслугачу твайму, і паслугачцы тваёй, і парабку твайму, і прышэльцам, якія жывуць у цябе,
7 і жывёле тваёй, і звярам, якія жывуць на зямлі тваёй, усё, што родзіцца, паслужыць ежаю.
8 Палічы таксама сабе сем гадоў суботніх, значыць сем разоў па сем гадоў, так што разам складуць яны сорак дзевяць гадоў.
9 І затрубіш у трубу ў сёмы месяц, у дзесяты дзень месяца, у дзень ачышчэння зайграеш на трубе на ўсёй зямлі вашай.
10 І будзеце святкаваць пяцідзесяты год, і аб’явіце свабоду на зямлі ўсім жыхарам яе. Гэта будзе для вас юбілей. Кожны з вас вернецца да сваёй уласнасці, ды кожны вернецца ў ранейшую сям’ю.
11 Пяцідзесяты год будзе для вас годам юбілейным; не будзеце сеяць, не будзеце жаць таго, што вырасце ў полі, і не будзеце збіраць неабрэзанага вінаграду,
12 бо гэта юбілей; хай будзе ён святым для вас, будзеце есці плады, адразу сабраныя з поля.
13 У гэты год юбілейны кожны з вас вернецца да сваёй уласнасці.
14 Калі што будзеце прадаваць блізкаму або купляць ад яго, не крыўдзіце адзін брат другога, але паводле ліку гадоў пасля юбілею ты будзеш купляць у яго,
15 ды паводле ліку гадоў ураджаю ён будзе прадаваць табе.
16 Чым больш гадоў застаецца пасля юбілею, тым больш вырасце цана, а чым менш гадоў налічыш, тым меншай стане цана продажу, бо ён прадасць табе час пладоў.
17 Не крыўдзіце адзін аднаго, але бойцеся Бога свайго, бо Я — Госпад, Бог ваш!
18 Спаўняйце прыказанні Мае і законы, беражыце і выконвайце іх, каб маглі жыць на зямлі без ніякага страху.
19 І будзе зямля даваць вам плод свой, і вы будзеце сытымі, і спакойна будзеце жыць на ёй.
20 А калі запытаеце: “Што мы будзем есці ў сёмым годзе, калі не будзем сеяць ані збіраць пладоў нашых?”
21 Я спашлю на вас дабраславенства Маё ў шостым годзе так, што яно створыць пладоў на тры гады.
22 У восьмым годзе будзеце сеяць і будзеце есці з даўнейшых пладоў аж да дзевятага года, аж пакуль не вырасце новы ўраджай, будзеце есці старое.
23 Зямлю не належыць прадаваць назаўсёды, бо яна — Мая, а вы — прышэльцы і пасяленцы ў Мяне.
24 Таму ўся зямля, якая ў вашым валоданні, будзе прадавацца вамі пад умовай выкупу.
25 Калі збяднее брат твой і прадасць частку сваёй маёмасці, дык хай прыйдзе блізкі яго сваяк як адкупіцель і выкупіць маёмасць, прададзеную братам.
26 Калі ж хто не мае адкупіцеля, але сам зможа знайсці належныя сродкі на выкуп,
27 дык падлічыць ён гады ад часу продажу і зверне рэшту пакупніку, і гэтак верне сваю маёмасць.
28 Калі аднак не здабудзе рука яго належных сродкаў на выкуп, то пакупнік будзе валодаць тым, што купіў, аж да юбілейнага года. А ў юбілейны год усё прададзенае вернецца гаспадару і ранейшаму ўладальніку.
29 Калі хто прадасць дом у горадзе, акружанам мурам, то будзе мець права на выкуп аж да канца года; закон выкупу будзе трываць год.
30 Калі ён не выкупіць і год завершыцца, завалодае ім пакупнік і нашчадкі яго навечна; і ён не зможа быць выкуплены, нават у юбілейны год.
31 Дом у паселішчы, які не абведзены мурам, будзе прадавацца на роўні з зямлёю, дык можа быць выкуплены, і ў юбілейным годзе вернецца гаспадару.
32 Што да дамоў левітаў, якія знаходзяцца ў гарадах іх валодання, то яны заўсёды могуць быць імі выкуплены.
33 Калі ж хто будзе купляць у левітаў, то дом і горад у юбілейным годзе вернуцца гаспадарам, бо дамы гарадоў левітаў лічацца іх маёмасцю сярод сыноў Ізраэля.
34 Таксама і палеткаў вакол іх гарадоў нельга прадаваць, дзеля таго што гэта іх вечная маёмасць.
35 Калі брат твой збяднее і аслабее рука яго ў цябе, дык падтрымай яго, і хай жыве з табою, хаця б як прышэлец або пасяленец.
36 Не бяры ад яго працэнтаў, ані ліхвы таго, што ты даў. Бойся Бога твайго, каб брат твой мог жыць у цябе.
37 Не давай яму грошай сваіх на працэнты і не вымагай ад яго ліхвы за ежу тваю.
38 Я — Госпад, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Егіпецкай, каб даць вам зямлю Ханаан ды каб быць вашым Богам!
39 Калі брат твой з убогасці змушаны будзе прадацца табе, не прыціскай яго работаю нявольнікаў,
40 але будзеш з ім абыходзіцца як з парабкам і пасяленцам. Будзе ён табе служыць толькі да года юбілейнага,
41 а тады разам са сваімі дзецьмі выйдзе ён ад цябе і вернецца да сваёй радні, ва ўласнасць бацькоў сваіх.
42 Бо яны — Мае нявольнікі, Я іх вывеў з зямлі Егіпецкай; не павінны яны быць прадаваныя як нявольнікі.
43 Не будзеш уціскаць іх моцна, але будзеш баяцца Бога твайго.
44 Калі б патрэбен быў табе нявольнік або нявольніца, купляй іх у тых народаў, што навокал цябе.
45 Таксама купляйце дзяцей прышэльцаў, якія пасяліліся ў вас, і з сям’і іх, якая жыве ў вас і якую стварылі яны на зямлі вашай. Яны будуць вашай уласнасцю,
46 і як спадчыну перадавайце іх сынам вашым, і майце іх назаўсёды як нявольнікаў. Але братоў сваіх, сыноў Ізраэля, не прыгнятайце сілаю.
47 Калі чужынец або пасяленец твой разбагацее, а брат твой збяднее і запрадасца чужынцу, што пасяліўся ў вас, або каму другому з яго сям’і,
48 дык пасля продажу можа ён быць выкуплены. Хай тады хто з братоў яго выкупіць яго:
49 ці дзяцька, ці сын яго, ці сваяк, ці хто блізкі. А калі зможа, сам сябе хай выкупіць.
50 І ён павінен разлічыцца з тым, хто купіў яго, пачынаючы з таго года, калі ён прадаў сябе, да года юбілейнага, і грошы, за якія ён прадаў сябе, належыць аддаць яму па лічбе гадоў і па правіле найміта.
51 Але калі да юбілейнага года застаецца многа гадоў, то адпаведна да лічбы іх павялічыць ён цану выкупу адносна цаны пакупкі.
52 А калі застаецца нямнога, палічыць іх, і адпаведна ліку тых гадоў заплаціць свой выкуп пакупніку, колькі засталося гадоў
53 ад тых, якія ён раней адслужыў як найміт за наёмную плату. Хай не ўціскае яго строга перад абліччам сваім.
54 Калі ж такім чынам выкупіцца не зможа, то ў годзе юбілейным вызваліцца разам з дзецьмі сваімі.
55 Бо сыны Ізраэля — гэта Мае нявольнікі, якіх Я вывеў з зямлі Егіпецкай. Я — Госпад, Бог ваш!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Святарская, 25 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.