Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Святарская 1 Кніга Святарская 1 раздзел

1 І паклікаў Ён Майсея, і прамовіў да яго Госпад з палаткі сустрэчы, кажучы:
2 «Гавары да сыноў Ізраэля ды кажы ім: “Калі хто з вас будзе складаць ахвяру Госпаду з хатняе жывёлы, хай складае з валоў або жывёл драбнейшых.
3 Калі цэласпальная ахвяра яго будзе з жывёлы, хай ахвяруе самца без заганы ды прывядзе яго да дзвярэй палаткі сустрэчы, каб Госпад прыняў яго ласкава,
4 і пакладзе руку на галаву ахвяры, і будзе яна прынята як перамаленне за яго.
5 І хай заб’е цяля перад Госпадам, а сыны Аарона, святары, хай ахвяруюць кроў яго і пакропяць кругом ахвярнік, што стаіць перад уваходам у палатку сустрэчы.
6 Калі здыме скуру, то, прыносячы ахвяру, хай пасячэ [ахвяру] на часткі.
7 Сыны ж Аарона, святары, хай прынясуць агонь на ахвярнік і, паклаўшы дровы на агонь,
8 сыны Аарона, святары, хай пакладуць часткі, безумоўна, галаву і тлушч на дровах, што ляжаць на агні на ахвярніку.
9 А прыносячы ў ахвяру нутро і ногі, хай абмые [іх] вадой і хай запаліць гэта святар на ахвярніку як цэласпаленне, як ахвяру агнявую з найпрыемнейшым пахам для Госпада.
10 Калі ж ахвяра яго з дробнай жывёлы, цэласпаленне з авечак або коз, хай прынясе ў ахвяру самца без заганы;
11 і заб’е яго перад Госпадам на паўночным баку ахвярніка, а сыны Аарона, святары, пакропяць крывёй яго насупраць ахвярніка.
12 І, прыносячы ахвяру, хай аддзеліць часткі, галаву і тлушч, ды хай пакладзе гэта святар на дровы, што ляжаць пад агнём на ахвярніку.
13 А прыносячы ў ахвяру нутро і ногі, хай вымые [іх] вадой; і, паклаўшы ўсё, хай спаліць святар на ахвярніку: гэта цэласпаленне на найпрыемнейшы пах Госпаду.
14 А калі хто захоча скласці ў ахвяру Госпаду птушку на цэласпаленне, хай складзе ахвяру сваю з туркавак або з маладых галубоў,
15 і святар прынясе яго на ахвярнік; скруціўшы яму шыю, спаліць на ахвярніку, а кроў яго выціснецца на сцяну ахвярніка;
16 і возьме валяк з пер’ем, і выкіне каля ахвярніка на ўсходнім баку, дзе звычайна высыпаюць попел;
17 надломіць яго паміж крылаў, не аддзяляючы іх, ды спаліць яго святар на ахвярніку, на дровах, што ляжаць на агні; гэта цэласпаленне і ахвяра агнявая на найпрыемнейшы пах Госпаду.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Святарская, 1 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.