Аздараўленне хворага ў шабат

1 Езус зноў увайшоў у сінагогу. А быў там чалавек з усохлай рукой.
2 І сачылі за Езусам, ці вылечыць Ён у шабат, каб абвінаваціць Яго.
3 І сказаў Ён чалавеку з усохлай рукою: «Стань пасярэдзіне».
4 А ў іх запытаўся: «У шабат дазволена рабіць дабро ці зло, душу ўратаваць ці загубіць?» Але яны маўчалі.
5 Гнеўна паглядзеўшы на іх, засмучаны жорсткасцю іх сэрцаў, сказаў таму чалавеку: «Працягні руку». Той працягнуў — і стала здаровай рука ягоная.
6 Тады фарысеі выйшлі, адразу сабралі з прыхільнікамі Ірада нараду супраць Езуса, каб загубіць Яго.
Натоўп ідзе за Езусам

7 Езус адышоў з вучнямі сваімі да мора. А за Ім ішоў вялікі натоўп з Галілеі, з Юдэі,
8 з Ерузалема, з Ідумеі; з-за Ярдана і з ваколіц Тыра і Сідона прыйшло да Яго вялікае мноства людзей, якія пачулі, што Ён рабіў.
9 Тады сказаў Ён сваім вучням падрыхтаваць Яму човен, каб натоўп не заціснуў Яго.
10 Многіх Ён аздаравіў, таму тыя, хто меў якую-небудзь хваробу, ціснуліся, каб дакрануцца да Яго.
11 Нячыстыя духі, калі бачылі Яго, падалі перад Ім і крычалі: «Ты — Сын Божы!»
12 Але Ён строга забараняў ім, каб не выкрывалі Яго.
Імёны Апосталаў

13 Пасля ўзышоў на гару і паклікаў да сябе тых, каго сам хацеў, і яны прыйшлі да Яго.
14 І ўстанавіў Дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі, каб яны былі з Ім, каб паслаць іх прапаведаваць
15 і каб яны мелі ўладу выганяць злых духаў.
16 Устанавіў гэтых Дванаццаць: Сымона, якому даў імя Пётр,
17 Якуба Зэбэдэевага і Яна, брата Якуба, і даў ім імёны Баанэргес, што азначае «сыны грому»;
18 Андрэя, Філіпа, Барталамея, Мацвея, Тамаша, Якуба Алфеевага, Тадэвуша, Сымона Кананэйца
19 і Юду Іскарыёта, які і выдаў Яго.
Апалогія Езуса

20 І прыйшоў Езус з вучнямі ў дом. І зноў сабраўся натоўп, так што яны не маглі нават паесці хлеба.
21 Пачуўшы гэта, Яго родныя пайшлі забраць Яго, бо казалі, што Ён страціў розум.
22 А кніжнікі, якія прыйшлі з Ерузалема, казалі, што Ён мае ў сабе Бэльзэбула і князем злых духаў Ён выганяе злых духаў.
23 А Езус, паклікаўшы іх, казаў ім у прыпавесцях: «Як можа сатана выганяць сатану?
24 Калі валадарства падзеліцца знутры, не можа выстаяць такое валадарства.
25 І калі дом падзеліцца знутры, не можа выстаяць такі дом.
26 І калі сатана паўстаў супраць сябе і падзяліўся, не можа выстаяць, але канец яму.
27 Ніхто не можа ўвайсці ў дом асілка і выкрасці ягоныя рэчы, калі спачатку не звяжа асілка. Тады толькі абрабуе дом ягоны.
28 Сапраўды кажу вам, што сынам чалавечым будуць адпушчаны ўсе грахі і блюзнерствы, якімі б ні блюзнерылі.
29 Але той, хто будзе блюзнерыць супраць Духа Святога, ніколі не атрымае адпушчэння, а будзе асуджаны навекі».
30 Так сказаў, бо гаварылі: «Ён мае нячыстага духа».
Маці і браты Езуса

31 Тады прыйшлі Маці Яго і браты Ягоныя і, стоячы звонку, паслалі паклікаць Яго.
32 Натоўп, які сядзеў каля Яго, казаў Яму: «Вось Маці Твая, і браты Твае, і сёстры Твае на вуліцы шукаюць Цябе».
33 Але Ён сказаў ім у адказ: «Хто маці Мая і браты Мае?»
34 І, паглядзеўшы на тых, хто сядзеў вакол Яго, сказаў: «Вось маці Мая і браты Мае.
35 Бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат, і сястра, і маці».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Евангелле паводле святога Марка, 3 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Марка 3 раздзел в переводах:
Марка 3 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.