Біблія » Каталіцкі Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Якуба 1 Пасланне Якуба 1 раздзел

Прывітанне

1 Якуб, слуга Бога і Пана Езуса Хрыста, вітае дванаццаць плямёнаў у дыяспары.
Пра выпрабаванні

2 Браты мае, калі трапляеце ў разнастайныя выпрабаванні, з вялікай радасцю прымайце іх.
3 Бо ведаеце, што выпрабаванне вашай веры нараджае цярплівасць.
4 А цярплівасць няхай будзе дасканалая, каб вы былі дасканалыя і беззаганныя, ні ў чым не маючы недахопу.
Малітва аб мудрасці

5 Калі некаму з вас нестае мудрасці, няхай просіць у Бога, які шчодра дае ўсім і не дакарае, — і будзе дадзена яму.
6 Але няхай просіць з вераю і не сумняваецца, бо той, хто сумняваецца, падобны да марской хвалі, якую ўздымае і кідае вецер.
7 Няхай гэты чалавек не думае, што атрымае нешта ад Пана,
8 як чалавек двудушны, нясталы ва ўсіх сваіх шляхах.
Беднасць і багацце

9 Няхай хваліцца прыніжаны брат сваім узвышэннем,
10 а багаты — сваім прыніжэннем, таму што праміне, як цвет травы.
11 Бо ўзышло сонца і спёкай высушыла траву, і цвет яе апаў, і прыгажосць яе знікла — так і багаты завяне на сваіх шляхах.
12 Шчаслівы чалавек, які вытрымлівае выпрабаванне, бо, калі будзе выпрабаваны, атрымае вянец жыцця, які Бог абяцаў тым, хто любіць Яго.
Бог — даўца дабра

13 Падчас выпрабавання няхай ніхто не кажа, што Бог выпрабоўвае яго, таму што Бога нельга выпрабаваць злом і сам Ён не выпрабоўвае нікога.
14 Але кожны выпрабоўваецца ўласнай пажадлівасцю, якая прыцягвае і зводзіць.
15 Зачаўшы, яна нараджае грэх, а калі грэх саспее, ён нараджае смерць.
16 Таму не дазваляйце сябе звесці, мае ўмілаваныя браты.
17 Усялякае дараванне добрае і ўсялякі дасканалы дар паходзіць звыш ад Айца святла, у якога няма зменлівасці або ценю змены.
18 Пастанавіўшы, нарадзіў нас Айцец словам праўды, каб мы былі пэўным пачаткам Ягоных стварэнняў.
Слова і чын

19 Ведайце, мае ўмілаваныя браты: няхай кожны чалавек слухае з ахвотай, але не будзе ахвочы да размоў, не будзе ахвочы да гневу.
20 Бо чалавечы гнеў не здзяйсняе Божай справядлівасці.
21 Таму адкіньце ўсялякую нячыстасць і празмерную злосць і прыміце з пакораю пасеянае ў вас слова, якое можа збавіць вашыя душы.
22 Будзьце ж выканаўцамі слова, а не толькі слухачамі, якія падманваюць саміх сябе.
23 Бо той, хто слухае слова, а не выконвае яго, падобны да чалавека, які разглядае свой натуральны твар у люстэрку:
24 прыгледзеўся да сябе, адышоў і адразу забыўся, якім быў.
25 Аднак той, хто пранікае ў дасканалы закон свабоды і трывае ў ім не як забыўлівы слухач, але як чынны выканаўца, той будзе шчаслівы ў тым, што робіць.
26 Калі хто лічыць сябе пабожным, не ўтаймоўваючы свайго языка, але зводзячы сваё сэрца, то марная ягоная пабожнасць.
27 Чыстая і беззаганная пабожнасць перад Богам і Айцом — гэта наведванне сіротаў і ўдоваў у іхняй нядолі і захаванне сябе незаплямленым светам.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Пасланне святога Якуба, 1 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Якуба 1 раздзел в переводах:
Якуба 1 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.