Біблія » Каталіцкі Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

2 да Карынцянаў 1 2-е пасланне да Карынцянаў 1 раздзел

УСТУП

Прывітанне і падзяка

1 Павел, з волі Божай апостал Езуса Хрыста, і брат Цімафей — Касцёлу Божаму ў Карынце, з усімі святымі ва ўсёй Ахаі:
2 ласка вам і спакой ад Бога Айца нашага і Пана Езуса Хрыста.
3 Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, Айцец міласэрнасці і Бог усякага суцяшэння,
4 які суцяшае нас ва ўсякім смутку нашым, каб мы маглі суцяшаць усіх засмучаных тым суцяшэннем, якім Бог суцяшае нас саміх.
5 Бо як памнажаюцца ў нас цярпенні Хрыстовыя, так памнажаецца праз Хрыста і суцяшэнне нашае.
6 Калі мы спазнаем уціск, то дзеля вашага суцяшэння і збаўлення. Калі суцяшаемся, то дзеля вашага суцяшэння, якое здзяйсняецца ў вытрыванні тых самых цярпенняў, што і мы церпім.
7 А надзея нашая на вас моцная, бо мы ведаем, што вы супольнікі нашыя як у цярпеннях, так і ў суцяшэнні.
8 Браты, мы не хочам, каб вы не ведалі аб нашым уціску, які мы спазналі ў Азіі, бо бязмерна цяжка было нам і не пад сілу, ажно не спадзяваліся застацца жывымі.
9 Але самі ў сабе мы адчулі пагрозу смерці, каб спадзявацца не на саміх сябе, але на Бога, які ўваскрашае памерлых.
10 Ён выбавіў нас ад такой вялікай небяспекі смерці і выбаўляе, і на Яго спадзяемся, што і яшчэ выбаўляць будзе,
11 бо і вы заступаецеся за нас у малітвах, каб многія дзякавалі за нас і за дар, дадзены нам па просьбе многіх.
АЎТАРЫТЭТ АПОСТАЛА ПАЎЛА

Шчырасць Паўла

12 Хвала нашая — гэта сведчанне сумлення нашага, што мы ў прастаце і шчырасці Божай, не ў цялеснай мудрасці, але ў ласцы Божай жылі на свеце, асабліва сярод вас.
13 Мы не пішам вам нічога іншага, але тое, што вы чытаеце ці пазнаеце. Спадзяюся, што да канца пазнаеце,
14 як вы часткова ўжо пазналі, што мы з’яўляемся хвалой вашай, як і вы нашай, у дзень Пана нашага Езуса.
Павел адкладае свой візіт у Карынт

15 З такім перакананнем я хацеў прыйсці да вас раней, каб вы другі раз мелі радасць:
16 першы, калі праз вас ішоў у Македонію, другі, калі з Македоніі зноў вяртаўся да вас, каб вы правялі мяне ў Юдэю.
17 Ці ж я быў легкадумны, маючы такі намер? Ці тое, што я задумваю, паводле цела задумваю, каб было ў мяне «так, так» і «не, не»?
18 Бог — верны, таму слова нашае да вас не азначае «так» і «не»!
19 Бо Сын Божы, Езус Хрыстус, якога я і Сільван, і Цімафей вам прапаведавалі, не быў «так» і «не», але было ў Ім «так».
20 Усе Божыя абяцанні сталіся ў Ім «так». Таму таксама праз Яго нашае «амэн» ёсць на хвалу Божую.
21 Той, хто ўмацоўвае нас з вамі ў Хрысце і намасціў нас, ёсць Бог,
22 які пазначыў нас і даў нашым сэрцам задатак Духа.
23 Я клічу Бога ў сведкі майго жыцця, што я не прыйшоў яшчэ ў Карынт, бо шкадую вас.
24 Не таму, што мы пануем над вашай вераю, але таму, што мы саўдзельнікі вашай радасці, бо верай вы цвёрдыя.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Другое пасланне да Карынцянаў, 1 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

2 да Карынцянаў 1 раздзел в переводах:
2 да Карынцянаў 1 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.