Библия Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Дзеі, 11 Дзеі Апосталаў, 11 глава

1 Апосталы ж і браты, што былі ў Юдэі, дачуліся, што пагане таксама прынялі слова Божае.
2 І калі Пётра прыбыў у Ерузалім, веруючыя з абрэзаных дакаралі яго,
3 кажучы: «Ты пайшоў да людзей неабрэзаных ды еў з імі».
4 Пачаўшы, Пётра стаў тлумачыць ім па парадку, кажучы:
5 «Быў я ў горадзе Ёпе на малітве і ўбачыў з’яву ў захапленні, як нейкая пасудзіна, падобная на вялікі абрус, за чатыры канцы спускалася з неба, аж спусцілася каля мяне.
6 І, углядаючыся, я спыніўся і ўбачыў на ёй чатырохногіх зямлі, звяроў, і гадаў, ды птушак нябесных.
7 І пачуў я голас, які казаў мне: “Устань, Пётра, забівай і еж!”
8 Я адказаў: “Ніякім чынам, Госпадзе! Ніколі нічога паганага або нячыстага не браў я ў свае вусны”.
9 Але голас з неба азваўся мне паўторна: “Што Бог ачысціў, ты не называй нячыстым!”
10 І так паўтарылася тры разы, і зноў усё было ўзята ў неба.
11 І вось, зараз жа перад домам, у якім мы былі, з’явіліся трое мужчын, якіх паслалі з Цэзарэі да мяне.
12 І сказаў мне Дух, каб я, не сумняваючыся, пайшоў з імі. А разам са мной пайшлі таксама тых шэсць братоў, і мы разам прыбылі ў дом таго чалавека.
13 І ён расказаў нам, як убачыў анёла, які паўстаў у яго доме, і сказаў яму: “Пашлі ў Ёпу мужчын і пакліч Сімона, званага Пётрам.
14 Ён скажа табе словы, праз якія будзеш збаўлены ты і ўвесь дом твой”.
15 Калі ж я пачаў прамаўляць, Дух Святы сышоў на іх, як і на нас напачатку.
16 І прыпомніў я тады словы Госпада, як Ён казаў: “Ян хрысціў вадою, вы ж будзеце ахрышчаны Духам Святым”.
17 Дык калі Бог даў ім такі самы дар, як і нам, якія ўверылі ў Госпада Ісуса Хрыста, то хто ж я, каб мог працівіцца Богу?»
18 Пачуўшы гэта, усе супакоіліся ды славілі Бога і казалі: «Дык і паганам даў Бог ласку навяртання на жыццё».
19 А тыя, што былі рассеяны дзеля пераследавання, што ўзнікла з прычыны Сцяпана, дабраліся аж да Фэніцыі, і Кіпра, і Антыёхіі, абвяшчаючы слова адным толькі юдэям.
20 З іх жа некаторыя былі кіпрыйцы і цырэнцы, якія, прыбыўшы ў Антыёхію, сталі прамаўляць да грэкаў, абвяшчаючы добрую вестку пра Госпада Ісуса.
21 І рука Госпада была з імі, і вялікая колькасць веруючых навярнуліся да Госпада.
22 І вестка пра іх дайшла да вушэй царквы, што ў Ерузаліме, дык паслалі Барнабу пайсці ажно ў Антыёхію.
23 Калі ён прыбыў і ўбачыў дзеянне ласкі Божай, усцешыўся ды заахвочваў усіх, каб усім сэрцам трывалі ў Госпадзе.
24 А быў ён чалавек добры і поўны Духа Святога ды веры. І вялікая колькасць прыхінулася да Госпада.
25 Пасля Барнаба накіраваўся ў Тарс, каб адшукаць Саўла.
26 І, калі знайшоў яго, прывёў у Антыёхію. І сталася ім, што цэлы год працавалі яны разам у царкве і навучалі вялікае мноства людзей, і ў Антыёхіі ўпершыню вучняў назвалі хрысціянамі.
27 У тыя дні з Ерузаліма ў Антыёхію прыбылі прарокі.
28 І вось, адзін з іх, імем Агаб, устаўшы, даў знак праз Духа, што па ўсёй зямлі мае быць вялікі голад; і стаўся ён за цэзара Клаўдзія.
29 Дык вучні вырашылі, што кожны па магчымасці мае ўспамагчы братам, што пражываюць у Юдэі.
30 Так яны і зрабілі, пасылаючы дапамогу старэйшым праз Барнабу і Саўла.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Дзеі Апосталаў, 11 глава. Пераклад Чарняўскага 2017

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Библия говорит сегодня
  9. Комментарии Скоуфилда
  10. Комментарии Баркли
  11. Серия комментариев МакАртура
  12. Толкование Иоанна Златоуста
  13. Толкование Феофилакта Болгарского
  14. Новый Библейский Комментарий
  15. Лингвистический. Роджерс
  16. Комментарии Давида Стерна
  17. Ветхий Завет в Новом
  18. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.