Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

2 Цароў 16 2-я Цароў 16 раздзел

1 На сямнаццаты год Фацэя, сына Рамэліі, Ахаз, сын Ёатама, цара Юдэі, стаў цараваць.
2 Ахаз меў дваццаць гадоў, калі стаў царом, і шаснаццаць гадоў цараваў у Ерузаліме; не рабіў ён таго, што падабалася Госпаду, Богу яго, як Давід, бацька яго.
3 Але хадзіў ён дарогай цароў Ізраэля. І нават сына свайго ён пасвяціў, правёўшы праз агонь, паводле агіднасцей народаў, якіх Госпад прагнаў перад сынамі Ізраэля;
4 таксама складаў ён крывавыя ахвяры і кадзіў на ўзгорках, і на ўзвышшах, і пад кожным зялёным дрэвам.
5 Тады Разін, цар Сірыі, і Фацэй, сын Рамэліі, цар Ізраэля, пайшлі ваяваць супраць Ерузаліма; і, калі трымалі яны Ахаза ў аблозе, не здолелі перамагчы.
6 У той час Разін, цар Сірыі, далучыў Элат да Эдома і выгнаў юдэяў з Элата; і прыйшлі эдомцы ў Элат, і абжыліся там да сённяшняга дня.
7 І паслаў Ахаз пасланцоў да Тэглатпаласара, цара асірыйцаў, паведамляючы: «Я — паслугач твой і сын твой. Прыйдзі і збаў мяне ад рукі цара Сірыі і ад рукі цара Ізраэля, якія напалі на мяне».
8 І, калі сабраў ён срэбра і золата, якое мог знайсці ў доме Госпада і ў скарбніцах царскіх, паслаў як дар цару асірыйцаў.
9 І ён паслухаў яго. Бо прыйшоў цар асірыйцаў у Дамаск, і знішчыў яго, і жыхароў яго перасяліў у Кір; а Разіна забіў.
10 І пайшоў цар Ахаз насустрач Тэглатпаласару, цару асірыйцаў у Дамаск. І, калі ўбачыў ахвярнік у Дамаску, тады цар Ахаз пераслаў святару Урыі выяву яго і ўзор усёй яго пабудовы.
11 І пабудаваў святар Урыя ахвярнік; паводле ўсяго таго, што прыслаў цар Ахаз з Дамаска, так зрабіў святар Урыя, пакуль вярнуўся цар Ахаз з Дамаска.
12 І, калі вярнуўся цар з Дамаска, убачыў ён ахвярнік і падышоў да яго, і прыступіўся да ахвярніка і склаў на ім ахвяру,
13 і спаліў ён цэласпаленне і ахвяры хлебныя, і выліў ахвяру вадкую, і крывёй сваіх ахвяраў прымірэння пакрапіў ахвярнік.
14 А медны ахвярнік, які стаяў перад Госпадам, ён перанёс з пярэдняга боку святыні і з месца паміж ахвярнікам і святыняй Госпада, і паставіў яго побач з ахвярнікам на паўночным баку.
15 А святару Урыі цар Ахаз загадаў, кажучы: «На большым ахвярніку палі ранішняе цэласпаленне і ахвяру з ежы вячэрнюю, і ахвяру цэласпалення цара і яго ахвяру з ежы, і ахвяру цэласпалення ўсяго народа зямлі, яго ахвяры з ежы і іх ахвяры вадкія; і вылівай на яго ўсю кроў ахвяр цэласпалення і ўсю кроў ахвяр крывавых. А ахвярнік медны будзе ў маім распараджэнні».
16 Такім чынам, святар Урыя споўніў усё, што яму загадаў цар Ахаз.
17 А цар Ахаз абламаў ліштвы з падножжаў і зняў купель, што была зверху, і зняў мора з медных валоў, якія падтрымлівалі яго, і паставіў яго на каменную падлогу.
18 Таксама зняў ён крыты суботні праход, які пабудавалі ў святыні, і вонкавы ўваход для цара ў святыні Госпада дзеля цара асірыйцаў.
19 А іншыя дзеянні Ахаза і ўся яго дзейнасць — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі?
20 І супачыў Ахаз з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з імі ў горадзе Давіда; і па ім стаў цараваць сын яго Эзэкія.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Другая кніга Цароў, 16 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.