Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

2 Цароў 18 2-я Цароў 18 раздзел

1 На трэці год Осіі, сына Элы, цара Ізраэля, Эзэкія, сын Ахаза, стаў царом Юдэі.
2 Меў ён дваццаць пяць гадоў, калі стаў царом, і цараваў дваццаць дзевяць гадоў у Ерузаліме. Яго маці называлася Абі, дачка Захарыі.
3 І рабіў ён усё, што добрым было ў вачах Госпада, паводле ўсяго, што рабіў бацька яго, Давід.
4 Ён знішчыў узгоркі, і разбіў слуп і ідалаў, і паламаў меднага змея, якога зрабіў Майсей, бо аж да гэтага часу сыны Ізраэля кадзілі яму ахвяры і называлі яго Нагэстан.
5 І ўсклаў ён надзею на Госпада, Бога Ізраэля. Падобнага да яго не было між усіх цароў Юдэі, як пасля яго, так і перад ім.
6 І моцна трымаўся ён Госпада, і не адступаўся ад слядоў Яго, і спаўняў прыказанні Яго, якія загадаў Госпад Майсею,
7 таму Госпад быў з ім, і ва ўсім, што ён рабіў, меў поспех. Узбунтаваўся ён таксама супраць цара асірыйцаў і не служыў яму.
8 Ён пабіў філістынцаў аж да Газы і яе межаў, ад вартавой вежы аж да ўмацаванага горада.
9 На чацвёрты год цара Эзэкіі, які быў сёмым годам Осіі, сына Элы, цара Ізраэля, выйшаў Салманасар, цар асірыйцаў, супраць Самарыі, і абклаў яе,
10 і здабыў ён яе. Па трох гадах, на шосты год Эзэкіі, гэта значыць на дзевяты год Осіі, цара Ізраэля, была здабыта Самарыя.
11 І цар асірыйцаў перасяліў Ізраэль у Асур, і пасяліў іх у Гале, і ў Габоры каля ракі Газан, і ў гарадах мідзян,
12 бо не слухалі яны голасу Госпада, Бога свайго, але парушылі запавет Яго: усяго, што загадаў Майсей, паслугач Госпадаў, не паслухалі і не споўнілі.
13 На чатырнаццаты год царавання Эзэкіі, напаў Санхэрыб, цар асірыйцаў, на ўсе ўмацаваныя гарады Юдэі і захапіў іх.
14 Тады Эзэкія, цар Юдэі, паслаў пасланцоў да цара асірыйцаў у Лахіс, кажучы: «Зграшыў я. Адыдзі ад мяне, і ўсё, што накладзеш на мяне, панясу». Тады цар асірыйцаў наклаў на Эзэкію, цара Юдэі, даніну ў трыста талентаў срэбра і трыццаць талентаў золата;
15 і аддаў Эзэкія ўсё срэбра, якое было знойдзена ў доме Госпада і ў скарбніцах цара.
16 У той час Эзэкія разбіў падвойныя дзверы святыні Госпада і вушакі, якія пазалаціў ён сам, і аддаў золата цару асірыйцаў.
17 А цар асірыйцаў паслаў з Лахіса кіраўніка войска і галоўнага еўнуха, і Рабсана да цара Эзэкіі ў Ерузалім з вялікім войскам. Яны пайшлі, і прыбылі ў Ерузалім, і сталі каля канала Верхняй крыніцы, што на дарозе Поля Валюшніка,
18 і паклікалі яны цара. А выйшлі да іх Эліякім, сын Хэлькіі, загадчык дому, і Собна, пісар, і Ёах, сын Асафа, дзееапісальнік.
19 І сказаў да іх Рабсак: «Скажыце Эзэкіі: “Гэта кажа вялікі цар, цар асірыйцаў: “Што гэта за надзея, на якую ты спадзяешся?
20 Ты выказаў пустыя словы. Для вайны патрэбны рада і сіла! На каго ты спадзяешся, што адважыўся супраць мяне бунтавацца?
21 Ці ты спадзяешся на Егіпет, на гэты надламаны кій з трыснёгу, які, калі чалавек абапрэцца на яго, уваходзіць у яго далонь, расшчэплены, і прабівае яе. Такі фараон, цар Егіпецкі, для ўсіх, хто на яго спадзяецца”.
22 А можа, скажаце мне: “На Госпада, Бога нашага, спадзяёмся?” Ці ж Ён не Той, Якога ўзгоркі і ахвярнікі знішчыў Эзэкія, загадваючы Юдзе і Ерузаліму: “Перад гэтым ахвярнікам у Ерузаліме будзеце пакланяцца Госпаду”?
23 Дык цяпер пайдзі ў заклад з гаспадаром маім, царом асірыйцаў; я дам табе дзве тысячы коней; і паглядзі, ці зможаш дастаць сабе вершнікаў для іх.
24 І якім чынам зможаш ты выгнаць аднаго намесніка з найменшых паслугачоў гаспадара майго? Ці ты надзею маеш на Егіпет дзеля калясніц і коннікаў?
25 Няўжо без волі Госпада прыйшоў я ў гэтае месца, каб яго спустошыць? Госпад сказаў мне: “Ідзі ў зямлю гэтую і спустош яе”».
26 І сказалі Эліякім, сын Хэлькіі, і Собна, і Ёах Рабсаку: «Гавары, просім, да паслугачоў тваіх па-арамейску, бо мы разумеем гэтую мову, і не гавары да нас па-гебрайску, каб чуў народ, які на муры».
27 І адказаў ім Рабсак: «Ці ж да гаспадара твайго і да цябе паслаў мяне гаспадар мой, каб казаў я гэтыя словы, і не да людзей, якія сядзяць на муры, каб есці кал свой і піць мачу сваю з вамі?»
28 Такім чынам, стаў Рабсак і закрычаў моцным голасам па-гебрайску, кажучы: «Слухайце словы вялікага цара, цара асірыйцаў:
29 гэта кажа цар: “Хай вас не падманвае Эзэкія, бо не зможа ён выратаваць вас з рукі маёй!
30 І хай не падманвае ён вас надзеяй на Госпада, кажучы: “Выратуе і пазбавіць нас Госпад і не дасць гэтага горада ў рукі цара асірыйцаў”.
31 Не слухайце Эзэкіі!” Бо кажа цар асірыйцаў: “Прымірыцеся са мною і выходзьце да мяне; і кожны будзе есці з вінаградніку свайго і з фігавага дрэва свайго, і будзеце піць ваду з крыніц вашых,
32 пакуль я не прыйду і не перасялю вас у зямлю, падобную да вашай зямлі, у зямлю ўраджайную і багатую віном, зямлю хлеба і вінаграду, зямлю аліўкавага алею і мёду; і вы будзеце жыць і не будзеце паміраць”. Не слухайце Эзэкіі, які вас падманвае, кажучы: “Госпад вызваліць нас!”
33 Ці ўратавалі багі народаў, кожны сваю зямлю, ад рукі цара асірыйцаў?
34 Дзе багі Эмата і Арпада? Дзе багі Сэпарваіма, Аны і Авы? Ці вызвалілі яны Самарыю з рукі маёй?
35 Хто з усіх багоў земляў гэтых уратаваў зямлю сваю ад рукі маёй, каб мог Госпад пазбавіць ад рукі маёй Ерузалім?»
36 А народ маўчаў і не адказваў яму ані слова; бо такі атрымалі яны загад цара, каб не адказваць яму.
37 І прыйшлі Эліякім, сын Хэлькіі, загадчык палаца, і Собна, пісар, і Ёах, сын Асафа, дзееапісальнік, да Эзэкіі ў раздзёртых шатах і перадалі яму словы Рабсака.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Другая кніга Цароў, 18 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.