Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

2 Цароў 3 2-я Цароў 3 раздзел

1 Ярам, сын Ахаба, узяў уладу над Ізраэлем у Самарыі на васемнаццаты год Язафата, цара Юдэі, і цараваў дванаццаць гадоў.
2 І дапускаўся ён усякага ліха перад Госпадам, але не так, як бацька яго і маці; бо ён прыняў слуп Баала, які зрабіў бацька яго.
3 Трываў ён, аднак, у грахах Ерабаама, сына Набата, які навучыў грашыць Ізраэль, і не адступіў ад іх.
4 А Мэса, цар Мааба, гадаваў многа жывёлы і даваў цару Ізраэля сто тысяч авечак і воўну са ста тысяч бараноў.
5 Але пасля смерці Ахаба ён парушыў дагавор, які меў з царом Ізраэля.
6 Такім чынам, цар Ярам выйшаў у той дзень з Самарыі і зрабіў агляд усяго Ізраэля;
7 і ў дарозе ён паслаў Язафату, цару Юдэі, пасланцоў, паведамляючы: «Цар Мааба ўзбунтаваўся супраць мяне. Ці хочаш пайсці са мной ваяваць супраць Мааба?» Той адказаў: «Пайду. Як ты, так і я, як твой народ, так і мой народ, як твае коннікі, так і мае коннікі».
8 І запытаўся: «Якой дарогай мы пойдзем?» А ён адказаў: «Праз Эдомскую пустыню».
9 Такім чынам, рушылі цар Ізраэля, і цар Юдэі, і цар Эдома і ішлі па дарозе сем дзён; і не было вады ў войска, ані ў жывёлы, што ішла за імі.
10 І сказаў цар Ізраэля: «Бяда! Сабраў Госпад трох цароў, каб выдаць у рукі Мааба».
11 І запытаўся Язафат: «Ці няма тут прарока Госпадава, каб праз яго спытаць Госпада?» І адказаў адзін з паслугачоў цара Ізраэля: «Ёсць тут Элісей, сын Сафата, які паліваў вадой рукі Іллі».
12 І кажа Язафат: «Ён мае слова Госпада». І пайшлі да яго цар Ізраэля, і Язафат, і цар Эдома.
13 І сказаў Элісей цару Ізраэля: «Што табе да мяне? Ідзі да прарокаў бацькі твайго і да прарокаў маці сваёй». І сказаў яму цар Ізраэля: «Ці ж не сабраў Госпад трох цароў гэтых, каб аддаць іх у рукі Мааба?»
14 І сказаў Элісей: «Жыве Госпад Магуццяў, перад абліччам Якога я стаю, калі б я не паважаў Язафата, цара Юдэі, не звярнуў бы ўвагі на цябе і не глянуў бы.
15 Цяпер жа прывядзіце да мяне гусляра». І, калі гусляр зайграў, усклаў на Элісея руку Госпад,
16 і ён пачаў прамаўляць: «Гэта кажа Госпад: “Выкапайце ў гэтай лагчыне равы побач равоў”.
17 Бо гэта кажа Госпад: “Не ўбачыце ветру, ані дажджу, і лагчына гэтая запоўніцца вадою; і будзеце вы піць, і ваш статак, і ваша жывёла”.
18 І гэтага яшчэ мала ў вачах Госпада: выдасць таксама Ён Мааб у рукі вашы,
19 і вы зруйнуеце ўсе гарады ўмацаваныя і ўсе гарады лепшыя, і вы пассякаеце ўсе пладаносныя дрэвы, і засыплеце ўсе крыніцы водаў, і ўсе добрыя палі закідаеце камянямі».
20 Такім чынам, сталася раніцай, калі звычайна складаецца ахвяра, і, вось, вада пацякла дарогаю Эдомскай. І запоўнілася зямля вадою.
21 А ўсе маабцы, даведаўшыся, што падыходзяць цары, каб ваяваць супраць іх, склікалі ўсіх, здатных насіць зброю, ды сталі на мяжы.
22 І, вельмі рана ўстаўшы, яшчэ на ўзыходзе сонца, на ўзвышшы, убачылі маабцы насупраць ваду чырвоную, як кроў,
23 і закрычалі яны: «Гэта кроў сечы! Цары змагаліся паміж сабой і пазабівалі адзін аднаго. Цяпер хадзем па здабычу, маабцы!»
24 І пайшлі яны ў лагер Ізраэля. Падняліся ж ізраэльцы і ўдарылі маабцаў так, што тыя кінуліся перад імі ўцякаць. Такім чынам, яны ішлі наперад, пераследуючы і забіваючы маабцаў.
25 І зруйнавалі гарады, і закідалі ўсе добрыя палі камянямі, і засыпалі ўсе крыніцы водаў, і пассякалі ўсе пладаносныя дрэвы, так што засталіся толькі муры Кірхарэса; і абкружылі горад прашчнікі і закідвалі каменнямі.
26 Калі цар Мааба ўбачыў, што перамагаюць ворагі яго, то ўзяў з сабой семсот чалавек, валодаючых мечам, каб прабіцца да цара Эдома; і не змаглі яны.
27 Тады ўзяў ён сына свайго першароднага, які па ім меў цараваць, і склаў яго ў ахвяру цэласпалення на муры. І паўстала вялікая агіда ў ізраэльцаў, і яны адразу ж адышлі ад яго, і вярнуліся ў сваю зямлю.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Другая кніга Цароў, 3 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.