Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

4 царстваў 3 4-я царстваў 3 раздзел

1 Ёрам, сын Ахава, зацараваў над Ізраілем у Самарыі ў васямнаццатым годзе Ёсафата, цара Юдэйскага, і цараваў дванаццаць гадоў,
2 і рабіў неспадобнае ў вачах Гасподніх, хоць ня так, як бацька ягоны і маці ягоная: ён зьняў статую Ваала, якую зрабіў бацька ягоны,
3 аднак жа грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў у грэх Ізраіля, ён трымаўся, не адставаў ад іх.
4 Меса, цар Маавіцкі, быў багаты на быдла і прысылаў цару Ізраільскаму па сто тысяч авечак і па сто тысяч нястрыжаных бараноў.
5 Але калі памёр Ахаў, цар Маавіцкі адасобіўся ад цара Ізраільскага.
6 І выступіў цар Ёрам у той час з Самарыі і зрабіў агляд усім Ізраільцянам,
7 і пайшоў і паслаў да Ёсафата, цара Юдэйскага, сказаць: цар Маавіцкі адасобіўся ад мяне, ці пойдзеш са мною на вайну супроць Маава? Ён сказаў: пайду; як ты, так і я, як твой народ, так і мой народ, як твае коні, так і мае коні.
8 І сказаў: якою дарогаю ісьці нам? Ён сказаў: дарогаю пустыні Эдомскай.
9 І пайшоў цар Ізраільскі і цар Юдэйскі і цар Эдомскі, і ішлі яны абыходам сем дзён, і ня было вады войску і быдлу, якое шло за імі.
10 І сказаў цар Ізраільскі: ах! склікаў Гасподзь трох цароў гэтых, каб аддаць іх у руку Маава.
11 І сказаў Ёсафат: ці няма тут прарока Гасподняга, каб нам папытацца ў Госпада празь яго? І адказваў адзін з слуг цара Ізраільскага і сказаў: тут Елісей, сын Сафатаў, які падаваў ваду на рукі Ільлю.
12 І сказаў Ёсафат: ці ёсьць у яго слова Гасподняе. І пайшлі да яго цары Ізраільскі Ёсафат і цар Эдомскі.
13 І сказаў Елісей цару Ізраільскаму: што мне і табе? ідзі да прарокаў бацькі твайго і да прарокаў маці тваёй. І сказаў яму цар Ізраільскі: не, бо Гасподзь склікаў сюды трох цароў гэтых, каб аддаць іх у руку Маава.
14 І сказаў Елісей: жывы Гасподзь Саваоф, прад Якім я стаю! калі б я не шанаваў Ёсафата, цара Юдэйскага, дык ня зірнуў бы на цябе і ня бачыў бы цябе;
15 цяпер паклічце мне гусьляра. І калі гусьляр іграў на гусьлях, тады рука Гасподняя дакранулася да Елісея,
16 і ён сказаў: так кажа Гасподзь: рабі ў гэтай даліне равы за равамі,
17 бо так кажа Гасподзь: ня ўбачыце ветру і ня ўбачыце дажджу, а даліна гэтая напоўніцца вадою, якую будзеце піць вы і дробнае і буйное быдла ваша;
18 але гэтага мала прад вачыма Госпада: Ён і Маава аддасьць у рукі вашыя,
19 і вы паб’яце ўсе гарады ўмацаваныя і ўсе гарады галоўныя, і ўсе лепшыя дрэвы сьсечаце, і ўсе вытокі водныя запрудзіце, і ўсе лепшыя дзялянкі польныя сапсуяце каменьнем.
20 Раніцай, калі ўзносяць хлебнае прынашэньне, раптам палілася вада па шляху ад Эдома, і напоўнілася зямля вадою.
21 Калі Маавіцяне пачулі, што ідуць цары ваяваць зь імі, тады сабраны былі ўсе, пачынаючы з таго, хто насіў пояс, і старэй, і сталі на мяжы.
22 Раніцай усталі яны завідна, і калі сонца зазьзяла над вадою, Маавіцянам здалёк здалася гэтая вада чырвонаю, як кроў.
23 І сказалі яны: гэта кроў; схапіліся цары паміж сабою і зьнішчылі адзін аднаго; цяпер на здабычу, Мааў!
24 І прыйшлі яны да табара Ізраільскага. І ўсталі Ізраільцяне і пачалі біць Маавіцянаў, і тыя пабеглі ад іх, а яны ўсё ішлі на іх і біць Маавіцянаў.
25 І гарады разбурылі, і на кожную лепшую дзялянку ў полі кінулі кожны па камені і закідалі яго, і ўсе вытокі водаў запрудзілі і ўсе дрэвы лепшыя сьсеклі, так што заставалася толькі каменьне ў Кір-Харэшаце. І абступілі яго прашчнікі і разбурылі яго.
26 І ўбачыў цар Маавіцкі, што бітва адольвае яго, і ўзяў з сабою сямсот чалавек, якія валодалі мечам, каб прабіцца да цара Эдомскага; але не маглі.
27 І ўзяў ён сына свайго першынца, якому належала цараваць замест яго, і прынёс яго на цэласпаленьне на сьцяне. Гэта выклікала вялікае хваляваньне ў Ізраільцянаў, і яны адступіліся ад яго і вярнуліся ў сваю зямлю.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Чацьвёртая кніга царстваў, 3 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.