Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Мацвея 25 Паводле Мацвея 25 раздзел

1 Тады падобна будзе Валадарства Нябеснае да дзесяці дзяўчын, якія, узяўшы лампады свае, выйшлі насустрач жаніху.
2 Пяць з іх было неразумных, а пяць — разумных.
3 Але неразумныя, узяўшы лампады свае, не ўзялі з сабою алею.
4 Разумныя ж узялі алею ў посуд свой разам з лампадамі сваімі.
5 А паколькі жаніх замарудзіў, задрамалі ўсе і паснулі.
6 А апоўначы ўзняўся крык: “Вось жаніх ідзе! Выходзьце яму насустрач”.
7 Тады падняліся ўсе тыя дзяўчаты і падрыхтавалі свае лампады.
8 Неразумныя ж сказалі разумным: “Дайце нам вашага алею, бо нашы лампады гаснуць”.
9 Адказалі разумныя, кажучы: “Каб раптам не было недахопу і нам, і вам, лепш ідзіце да прадаўцоў ды купіце сабе”.
10 Калі яны пайшлі купляць, прыйшоў жаніх, і тыя, што былі прыгатаваны, увайшлі з ім на вяселле. І дзверы зачыніліся.
11 Нарэшце прыйшлі і астатнія дзяўчаты, кажучы: “Госпадзе, Госпадзе, адчыні нам!”
12 А Ён, адказваючы, гаворыць: “Сапраўды кажу вам: Я не ведаю вас”.
13 Дык чувайце, бо не ведаеце ані дня, ані гадзіны, калі Сын Чалавечы прыйдзе.
14 Падобным чынам чалавек, адыходзячы ў далёкі край, склікаў сваіх паслугачоў і даручыў ім сваю маёмасць.
15 І аднаму даў пяць талентаў, а другому два, а іншаму адзін — кожнаму паводле яго здольнасці, і выправіўся адразу.
16 Той, які атрымаў пяць талентаў, пайшоў і, скарыстаўшыся з іх, зарабіў яшчэ пяць талентаў.
17 Падобна і той, хто атрымаў два, зарабіў яшчэ два.
18 А той, хто атрымаў адзін, пайшоў і закапаў яго ў зямлю ды схаваў грошы гаспадара свайго.
19 Потым па доўгім часе прыходзіць гаспадар паслугачоў тых і выстаўляе рахунак ім.
20 І, прыйшоўшы, той, які атрымаў пяць талентаў, прынёс яшчэ пяць талентаў, кажучы: “Гаспадару, ты даў мне пяць талентаў; вось, я зарабіў дадаткова яшчэ пяць талентаў на іх”.
21 Гаворыць яму гаспадар яго: “Добра, паслугач добры і верны; у малым быў ты верны, дам табе ўладу над многім; увайдзі ў радасць гаспадара твайго”.
22 Прыйшоў таксама і той, які атрымаў два таленты, і гаворыць: “Гаспадару, ты даручыў мне два таленты, вось я зарабіў яшчэ два таленты на іх”.
23 Гаворыць яму гаспадар яго: “Добра, паслугач добры і верны; ты быў у малым верны, дам табе ўладу над многім; увайдзі ў радасць гаспадара твайго”.
24 А той, што атрымаў адзін талент, прыходзячы, гаворыць: “Гаспадару, я ведаю цябе як чалавека жорсткага: ты жнеш, дзе не пасеяў, і збіраеш, дзе не рассыпаў.
25 Дык, баючыся, пайшоў я і закапаў твой талент у зямлю. Вось, бяры, што тваё”.
26 У адказ гаспадар яго сказаў: “Паслугач благі і неруплівы! Ты ведаў, што я жну, дзе не пасеяў, і збіраю, дзе не рассыпаў.
27 Дык належала б табе мае грошы даць мяняльшчыкам, а я, прыйшоўшы, атрымаў бы, што маё, з прыбыткам.
28 Таму вазьміце ад яго талент і дайце таму, хто мае дзесяць талентаў.
29 Бо кожнаму, хто мае, будзе дададзена, і памножыцца; а ў таго, хто не мае, адбяруць і тое, што ён мае.
30 А паслугача нягоднага кіньце ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгатанне зубоў”.
31 А калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе святыя анёлы разам з Ім, тады Ён сядзе на пасадзе славы Сваёй.
32 І збяруцца перад Ім усе народы, і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў.
33 І Ён паставіць авечак праваруч Сябе, а казлоў — леваруч.
34 Тады скажа Валадар тым, што будуць праваруч Яго: “Прыходзьце, дабраславёныя Айца Майго; атрымайце Валадарства, прыгатаванае для вас ад заснавання свету.
35 Бо быў Я галодны, і вы накармілі Мяне; быў сасмаглы, і вы далі Мне піць; чужаземец быў, і вы прынялі Мяне;
36 быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне”.
37 Тады адкажуць Яму справядлівыя, кажучы: “Госпадзе, калі ж мы Цябе бачылі галодным і накармілі Цябе, або сасмаглым і далі Табе піць?
38 Калі ж мы бачылі госцем Цябе і прынялі, або голым і апранулі?
39 Калі ж мы бачылі хворым Цябе або ў вязніцы і прыйшлі да Цябе?”
40 І, адказваючы, Валадар скажа ім: “Сапраўды кажу вам: “Што зрабілі вы аднаму з гэтых братоў Маіх найменшых, тое Мне зрабілі”.
41 Тады скажа Ён і тым, хто леваруч Яго будуць: “Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, які прыгатаваны для д’ябла і анёлаў яго.
42 Бо быў Я галодны, і вы не далі Мне есці, быў Я сасмаглы, і вы не далі Мне піць;
43 быў Я госцем, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворым і ў вязніцы, і вы не адведалі Мяне”.
44 Тады адкажуць яны Яму, кажучы: “Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным, або сасмаглым, або госцем, або голым, або хворым, або ў вязніцы і не паслужылі Табе?”
45 Тады Ён адкажа ім, кажучы: “Сапраўды кажу вам: чаго вы не зрабілі аднаму з тых найменшых, таго і Мне не зрабілі”.
46 І пойдуць яны на вечную муку, а справядлівыя — у жыццё вечнае».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Евангелле паводле Мацвея, 25 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Мацвея 25 раздзел, слухаць:
Мацвея 25 раздзел в переводах:
Мацвея 25 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.