1 А быў адзін чалавек з фарысеяў, імя яму Нікадзім, іудзейскі начальнік.
2 Ён прыйшоў да Яго8 ўночы і сказаў Яму: Равві, мы ведаем, што Ты прыйшоў ад Бога як Настаўнік, бо ніхто не можа рабіць такіх знакаў, якія Ты робіш, калі Бог не будзе з ім.
3 У адказ Ісус сказаў яму: Сапраўды, сапраўды кажу Я табе: Калі хто не народзіцца нанова9, не можа ўбачыць Царства Божага.
4 Нікадзім кажа Яму: Як можа нарадзіцца чалавек, будучы старым? Хіба можа ён другі раз увайсці ва ўлонне свае маці і нарадзіцца?
5 Ісус адказаў: Сапраўды, сапраўды кажу Я табе: Калі хто не народзіцца з вады і Духа, не можа ўвайсці ў Царства Божае.
6 Народжанае ад цела ёсць цела, а народжанае ад Духа, ёсць дух.
7 Не здзіўляйся, што Я сказаў табе: Вы павінны нарадзіцца нанова.
8 Вецер, дзе хоча, дзьме, і яго голас чуеш, але не ведаеш, адкуль ён прыходзіць і куды адыходзіць; так бывае з кожным, хто нарадзіўся ад Духа.
9 У адказ Нікадзім сказаў Яму: Як гэта можа быць?
10 У адказ Ісус сказаў Яму: Ты — настаўнік Ізраілеў і гэтага не ведаеш?
11 Сапраўды, сапраўды кажу Я табе: Што мы ведаем, пра тое кажам, і, што бачылі, пра тое сведчым, а вы Нашага сведчання не прымаеце.
12 Калі Я пра зямное сказаў, і вы не верыце, як паверыце вы, калі Я скажу вам пра нябеснае?
13 І ніхто не ўзыходзіў на неба, толькі Той, Хто з неба зышоў, — Сын Чалавечы, [што ёсць у небе].
14 І, як Маісей узняў змяю ў пустэльні, так павінен быць узняты Сын Чалавечы,
15 каб кожны, хто веруе ў Яго, [не загінуў, а] меў вечнае жыццё.
16 Бо так Бог палюбіў свет, што даў [Свайго] Адзінароднага Сына, каб кожны, хто веруе ў Яго, не загінуў, але меў вечнае жыццё.
17 Бо не паслаў Бог Сына ў свет, каб Ён судзіў свет, але каб свет быў уратаваны праз Яго.
18 Хто веруе ў Яго, не судзіцца; хто ж не веруе, ужо асуджаны, бо не ўвераваў у імя Адзінароднага Сына Божага.
19 А гэта ёсць суд, што святло прыйшло ў свет, а людзі палюбілі больш цемру, чым святло, бо ліхія былі іх учынкі.
20 Бо кожны, хто робіць ліхое, ненавідзіць святло і не ідзе да святла, каб не выкрылі яго ўчынкаў.
21 А хто творыць праўду, ідзе да святла, каб выявіліся яго ўчынкі, бо яны ў Богу зроблены.
22 Пасля гэтага прыйшоў Ісус і Яго вучні ў Іудзейскую зямлю, і там жыў з імі і хрысціў.
23 І Іаан таксама хрысціў у Эноне, паблізу Саліма, бо там было шмат вады, і людзі прыходзілі і хрысціліся;
24 бо Іаан яшчэ не быў кінуты ў турму.
25 Дык у Іаанавых вучняў усчалася спрэчка з адным іудзеем10 пра ачышчэнне.
26 І яны прыйшлі да Іаана і сказалі яму: Равві, Той, Хто быў з табою за Іарданам, пра Каго ты засведчыў, вось, Ён хрысціць, і ўсе ідуць да Яго.
27 У адказ Іаан сказаў: Чалавек не можа атрымаць нічога, калі яму не будзе дадзена з неба.
28 Вы самі пра мяне сведчыце, што я сказаў: «Я не Хрыстос, але я пасланы перад Ім».
29 Хто мае маладую, той малады; а дружок маладога, што стаіць і слухае яго, радасцю радуецца голасу маладога. Дык гэта мая радасць спраўдзілася.
30 Яму належыць расці, а мне ж — змяншацца.
31 Хто з вышыняў прыходзіць, Той над усімі; хто — ад зямлі — зямны і ад зямлі гаворыць. Хто з неба прыходзіць, — [Той над усімі]:
32 што Ён бачыў і чуў, пра тое сведчыць, ды Яго сведчання ніхто не прымае.
33 Хто прыняў Яго сведчанне, той пячаткаю сцвердзіў, што Бог праўдзівы.
34 Бо Той, Каго паслаў Бог, кажа словы Божыя, бо не мераю дае Бог Духа.
35 Бацька любіць Сына і даў усё ў Яго руку.
36 Хто веруе ў Сына, той мае вечнае жыццё; а хто не пакараецца Сыну, той не ўбачыць жыцця, а гнеў Божы на ім застаецца.

Примечания к тексту

2 8: У некат. рукап.: да Ісуса.
3 9: Мажлівы пераклад: народзіцца звыш.
25 10: У некат. рукап.: з Іудзеямі.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Іаана, 3 глава. Пераклад Анатоля Клышкi

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Библия говорит сегодня
  9. Комментарии Скоуфилда
  10. Комментарии Баркли
  11. Комментарии Джона Райла
  12. Толкование Иоанна Златоуста
  13. Толкование Феофилакта Болгарского
  14. Новый Библейский Комментарий
  15. Лингвистический. Роджерс
  16. Комментарии Давида Стерна
  17. Ветхий Завет в Новом
  18. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.