Біблія » Міцкевіч Пераклад Міхася Міцкевіча

Мацьвея 26 Паводле Мацьвея 26 раздзел

1 І дзеялася, калі Ісус кончыў усе гэтыя словы, то сказаў вучням Сваім:
2 Ведайце, што за два дні будзе Пасха, і Сын Чалавечы выданы будзе на ўкрыжаваньне.
3 Тагды зыйшліся архісьвятары, кніжнікі і старшыні народныя на падворак архісьвятара, званага Кайяфа.
4 І ўмовіліся схапіць Ісуса хітрасьцяй і забіць.
5 Але гаварылі — толькіне ў сьвята, каб ня сталася забурэньне ў народзе.
6 Калі-ж Ісус быў у Віфаніі, у доме Сымона запракажонага,
7 — Падыйшла да Яго жанчына, нясучы алябастравы слоічак дарагога мірра, і паліла на галаву Яго, калі сядзеў за сталом.
8 Пабачыўшы гэтае, вучні Ягоныя сталі пасуджаць, гаворачы: — нашто гэткае марнаваньне?
9 Можна-ж было-б прадаць гэтае мірра за добрую цану і даць убогім.
10 Але Ісус, ведаючы гэта, сказаў ім: — нашто пасуджаеце жанчыну? яна добры ўчынак зрабіла для Мяне.
11 Бо ўбогіх вы заўсёды маеце каля сябе, Мяне-ж не заўсёды маеце.
12 Узьліўшы міра гэтае на цела Маё, яна прыгатавала Мяне на пахаваньне.
13 Папраўдзе кажу вам: дзе толькі будзе абвяшчацца гэтае Евангельле па ўсім сьвеце, сказана будзе пра тое, што яна ўчыніла, на ўспамін пра яе.
14 Тады адзін з дванаццацёх, званы Юда Іскарыёт, пайшоў да архісьвятароў,
15 і сказаў : — што воліце даць мне, і я выдам Яго вам? яны вызначылі яму трыццаць сярэбранікаў.
16 І з таго часу ён пачаў шукаць зручнага моманту, каб выдаць Яго.
17 У першы-ж дзень прэсьнічны падыйшлі вучні Ісусавы і сказалі Яму: — дзе хочаш, каб прыгатавалі Табе спажываць Пасху?
18 Ён-жа сказаў: — ідзеце у места да аднаго таго і скажэце яму: — Вучыцель кажа: час Мой блізкі; у цябе спраўлю Пасху з вучнямі Маімі.
19 Вучні зрабілі, як сказаў ім Ісус, і прыгатавалі Пасху.
20 Калі-ж настаў вечар, Ён заняў застольле з дванаццацьма вучнямі.
21 І калі яны елі, сказаў: — запраўды, кажу вам, што адзін з вас прадасьць Мяне.
22 І, моцна засмуціўшыся, яны пачалі, кажны паасобку, гаварыць: — ці ня я, Госпадзе?
23 Ён-жа ў адказ сказаў: — той, хто апусьціў са Мною руку ў пасудзіну, ён прадасьць Мяне.
24 Сын-жа Чалавечы йдзе, як пра Яго напісана, але гора таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы прадаецца; лепш было-б яму, каб не радзіўся чалавек той.
25 Тады адазваўся і Юда, які выдаваў Яго, сказаў: — ці ня я, Раўві? Ісус кажа яму: — ты сказаў.
26 І калі яны елі, Ісус узяў хлеб і, дабрасловіўшы, паламаў і, раздаючы вучням, сказаў: — вазьмеце і ежце: гэта ёсьць Цела Маё.
27 І ўзяўшы чашу, узьнёс хвалу і падаў ім, кажучы: — пеце з яе ўсе;
28 Бо гэта ёсьць кроў Мая новага запавету, праліваная за многіх на адпушчэньне грахоў.
29 І кажу вам, што ад сёньня ня буду піць ад плоду гэтага вінаграднага да таго дня, калі буду піць з вамі віно новае у Ўладарстве Айца Майго.
30 І прапяяўшы, пайшлі на гару Аліўную.
31 Тады сказаў ім Ісус: — усе вы зблазнуецеся прада Мною ў гэтую ноч, як пра гэта напісана: зьвераджу пастыра, і рассыплюцца авечкі стада.
32 Па уваскрасеньні-ж Маім апярэджу вас у Галілеі.
33 Пётра-ж, адазваўшыся, кажа Яму: — хоць-бы ўсе адцураліся Цябе, я не адступлюся ніколі.
34 І сказаў яму Ісус: — папраўдзе кажу табе, што ў гэтую ноч, перш чым прапяе певень, тройчы адрачэсься ад Мяне.
35 Пётра-ж кажа Яму: — а хоць-бы давялося мне і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе; гэтак гаварылі і ўсе вучні.
36 Тады ідзе з імі Ісус на месца, званае Гефсыманія і кажа вучням: — пасядзеце тут, пакуль Я пайду памалюся там.
37 І, узяўшы з Сабою Пятра і абодвух сыноў Завядэевых, упаў у скруху і вялікі жаль.
38 І тады кажа ім Ісус: — душа Мая тужыць сьмяротна; пабудзьце тут і чувайце пры Мне.
39 І адыйшоўшыся крыху, упаў на аблічча Сваё, маліўся і прамаўляў: — Ойча Мой! калі магчыма, няхай пройдзе па-за Мной чаша гэтая, але-ж ня як Я хачу, а як Ты.
40 І прыйшоўшы да вучняў, знайходзіць іх соннымі; і кажа Пятру: — ці-ж так не маглі вы аднае гадзіны пацярпець са Мною?
41 Бадзёрцеся і малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу, бо дух бадзёры, цела-ж нядужнае.
42 І ізноў, адыйшоўшыся другі раз, маліўся, прамаўляючы: — Войча Мой, калі ня можа чаша гэтая амінуць Мяне, каб Мне ня піць яе, няхай будзе воля Твая.
43 І прыйшоўшы, зноў знаходзіць іх соннымі, бо былі ў іх вочы ацяжалыя.
44 І пакінуўшы іх, зноў адыйшоўся і трэйці раз маліўся тымі самымі словамі.
45 Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: — вы ўсё яшчэ сьпіцё і спачываеце; вось надыйшоў час, і Сын Чалавечы выдаецца ў рукі грэшнікаў.
46 Устаньце, пойдзем; вось, набліжаецца той, хто прадае Мяне.
47 І калі Ён яшчэ гаварыў, вось Юда, адзін з дванаццацёх, падыйшоў, а з ім вялікая грамада з мячамі і кіямі, ад архісьвятароў і старшыняў народных.
48 Прадажнік-жа Ягоны даў ім знак, сказаўшы: — Каго я пацалую, гэта ёсьць той — бярэце Яго.
49 І зараз-жа, падыйшоўшы да Ісуса, сказаў: — радуйся, Раўві! і пацалаваў.
50 Ісус-жа сказаў яму: — дружа! для чаго ты прыйшоў рабі тое; тады падыйшоўшыя налажылі на Яго рукі і ўзялі Яго.
51 І вось адзін з тых, якія былі з Ісусам, працягнуўшы руку, дастаў меч свой і, ударыўшы слугу архісьвятаровага, адсек яму вуха.
52 Тады сказаў яму Ісус: — вярні меч свой на месца яго, бо ўсе, хто ўзьнімае меч, ад мяча загінуць.
53 Ці-ж думаецца табе, што Я не магу цяпер умаліць Айца Майго, каб прыслаў Мне больш дванаццаці легіёнаў ангелаў?
54 Дык як-жа споўняцца Пісаньні, што гэтак мае стацца?
55 І ў той час Ісус гаварыў да народу: — нібы на разбойніка выйшлі вы з мячамі і кіямі ўзяць Мяне; кажны дзень сядзеў Я з вамі у сьвятыні, навучаючы, і вы ня бралі Мяне.
56 Усё-ж гэта сталася, каб збыліся пісаньні прарокаў; тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, разьбегліся.
57 Тыя-ж, якія узялі Ісуса, павялі Яго да Кайяфы архісьвятара, дзе былі сабраўшыся кніжнікі і старшыні.
58 А Пётра йшоў сьледам за Ім здаля да падворку архісьвятаровага; і ўвайшоўшы ў сярэдзіну, сеў разам з слугамі, каб бачыць канец.
59 Архісьвятары і старшыні ды ўвесь сынедрыён шукалі ілжывага сьветчаньня на Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць.
60 І не знайходзілі; і хоць шмат ілжывых сьветак прыходзіла, не знайшлі; нарэшце прыйшлі двух ілжывых сьветкі,
61 і сказалі: — Ён гаварыў: магу зруйнаваць храм Божы і ў тры дні адтварыць яго.
62 І, ўстаўшы, архісьвятар сказаў Яму: — што-ж нічога не адказваеш, што яны супраць Цябе сьветчаць?
63 Але Ісус маўчаў; тады азваўшыся, архісьвятар кажа Яму: — заклінаю Цябе Богам Жывым, скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?
64 Ісус кажа яму: — ты сказаў, датаго-ж кажу вам: ад гэтага часу ўбачыце Сына Чалавечага, пасаджанага праваруч сілы ідучы на воблаках нябесных.
65 Тады архісьвятар разадраў адзеньне сваё і сказаў: — Ён блюзьніць; нашто яшчэ нам сьветкі, вось цяпер вы чулі Яго блюзьнерства.
66 Як вам здаецца? яны-ж сказалі ў адказ: — павінен сьмерці.
67 Тады заплявалі аблічча Яго і зьдзекліва таўклі Яго; іншыя-ж білі Яго па шчоках,
68 кажучы: — спраракуй нам, Хрысьце, хто Цябе ўдарыў.
69 Пётра-ж сядзеў вонках на падворку; і падыйшла да Яго адна служніца, кажучы: — і ты быў з Ісусам Галілейскім?
70 Ён-жа адрокся прад усімі, сказаўшы: — ня ведаю, што ты гаворыш.
71 Калі-ж Ён выходзіў за вароты, убачыла яго другая, і кажа да тых, хто быў там: — і гэты быў з Ісусам Назарэем.
72 І ён зноў адрокся, клянучыся, што ня ведае Гэтага Чалавека.
73 Крыху счакаўшы, падыйшлі былыя там і сказалі Пятру: — напэўна і ты з іх, бо мова твая выдае цябе.
74 Тады ён пачаў клясьціся і бажыцца, што ня ведае Гэтага Чалавека; і ў гэты момант запяяў певень.
75 І ўспомніў Пётра словы, якія сказаў яму Ісус: — перш чым запяе певень, тройчы адрачэсься ад Мяне; і выйшаў вон і горка заплакаў.

Зноскі:

17 хочаш — ці — жадаеш.
31 зблазнуецеся — ці — зьняверыцеся.
53 больш дванаццаці — ці — чымся дванаццаць.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Сьвятое Евангельле Мацьвея, 26 раздзел. Пераклад Міхася Міцкевіча.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Мацьвея 26 раздзел в переводах:
Мацьвея 26 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.