Біблія » Станкевіча Пераклад Яна Станкевіча

Нэгэміна 6 Нэгэміна 6 раздзел

1 І сталася, як пачуў Санвалат а Това а Ґешэм Арабін і іншыя непрыяцелі нашы, што я адбудаваў сьцяну, і што не засталося праломаў у ёй, дарма што ў гэным часе я ня быў устанавіўшы вароты ў брамы, —
2 Дык паслаў Санвалат а Ґешэм да мяне, кажучы: «Прыходзь, зыйдземся ў сёлах на раўніне Оно». Але яны задумалі зрабіць імне ліха.
3 Дык я паслаў да іх пасланцоў, кажучы: «Я раблю вялікую работу, не магу зысьці. Чаму мела б прыпыніцца работа, калі б я пакінуў яе й зышоў да вас?»
4 І прысылалі да мяне гэткім парадкам чатыры разы, і я адказаў ім такім самым парадкам.
5 І паслаў да мяне Санвалат такім жа парадкам пяты раз дзяцюка свайго ізь лістам адкрытым у руццэ ягонай,
6 У каторым пісана: «Дзейкаюць памеж народаў, і Ґешэм кажа, што ты а Юдэі думаюць збунтавацца; дзеля таго ты будуеш сьцяну, каб стаць іхным каралём, подле тых словаў;
7 І ты прызначыў прарокаў агалашаць празь сябе ў Ерузаліме, кажучы: "Кароль Юдэі"; дык пачуе кароль словы гэтыя. А цяпер прыйдзі, і парадзімся разам».
8 Тады я паслаў да яго, кажучы: «Нічагусенькі такога ня было, як ты кажаш, але ты выдумаў гэта ў сваім собскім сэрцу».
9 Бо ўсі яны страшылі нас, кажучы: «Скволеюць рукі іхныя ад работы, і яна ня скончыцца». Але Ты, о Божа, пасілі рукі мае!
10 Прышоў я да дому Шэмаі, сына Дэлаі Мегэтавеленка, а ён заперся й сказаў: «Зьбярэмся ў доме Божым, унутры сьвятыні, і запрэм дзьверы сьвятыні, бо прыйдуць забіць цябе, дыкжэ ночы прыйдуць забіць цябе».
11 І я сказаў: «Ці такі чалавек, як я, можа ўцякаць? І хто, падобны да мяне, можа ўвыйсьці ў сьвятыню, каб застацца жывым? Не пайду».
12 І я пазнаў, вось, ня Бог паслаў яго, дарма што ён папрароцку гукаў імне, але што Това а Санвалат нанялі яго.
13 На тое ён быў наняты, каб я спалохаўся, і зрабіў так, і ізграшыў, і яны маглі мець благую ведамку, каб сароміць мяне.
14 Успомні, Божа мой, Тову а Санвалата подле гэтых справаў іхных, а таксама прароку Ноаду а іншых прарокаў, каторыя хацелі напалохаць мяне!
15 Сьцяна была скончана дваццаць пятага дня месяца Елула, за пяцьдзясят два дні.
16 І сталася, як пачулі ўсі непрыяцелі нашы, і абачылі ўсі народы, каторыя навокал нас, то яны былі паніжаны ў сваім собскім аччу і пазналі, што ад Бога была зроблена гэта работа.
17 Таксама тых дзён мнажылі паны Юдэйскія лісты свае, якія пасылалі Тову, і Товіны прыходзілі ім;
18 Бо шмат хто ў Юдэі прысягнуў яму, бо ён зяць Шэхані Аражонка, а сын ягоны Ёгоганан узяў дачку Мешулама Верэшонка.
19 Таксама праз добрыя ўчынкі ягоныя, бывала, дзейкалі перад імною і словы мае перадавалі яму. Това пасылаў лісты, каб напалохаць мяне.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Нэгэміна, 6 раздзел. Пераклад Яна Станкевіча.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.