Біблія » Станкевіча Пераклад Яна Станкевіча

Нэгэміна 8 Нэгэміна 8 раздзел

1 І ўвесь люд зьберся, як адзін чалавек, на вуліцы, каторая перад Вадзяною брамаю, і сказалі пісьменьніку Езру, каб прынёс кнігу Закону Масеявага, каторы СПАДАР расказаў Ізраелю.
2 Першага дня сёмага месяца, сьвятар Езра прынёс Закон перад грамаду, што складалася, ад мужчыны аж да жонкі і ўсіх, што маглі цяміць;
3 І чытаў зь яго перад вуліцаю, што перад Вадзяною брамаю, ад сьвету аж да палудня перад мужчынамі а жанкамі а ўсімі, каторыя маглі цяміць; і вушы ўсяго люду былі нахінуўшыся да кнігі Закону.
4 І стаяў пісьменьнік Езра на дзярвяным узвышшу, каторае зрабілі дзеля гэтага; а ля яго, па правай руццэ ягонай, стаялі Матыфа а Шэма а Аная а Ура а Гілка а Маасэя, а па левай руццэ ягонай Педая а Місайла а Малхія а Гашум а Гашбадана, Захара, Мешулам.
5 І адчыніў Езра кнігу на ачох усяго люду, бо ён стаяў вышэй чымся ўвесь люд; і як ён адчыніў яе, увесь люд устаў.
6 І дабраславіў Езра СПАДАРА, Бога вялікага. І ўвесь люд адказаў: «Амін, амін», падыймаючы ўгару рукі свае; і нахінуліся й пакланіліся СПАДАРУ відзеньням да зямлі.
7 Іешуа а Вані а Шэрэва а Ямін, Аккуў, Шаўветай, Года, Маасэя, Келіта, Азара, Ёзавад, Ганан, Пелая а Левіты зьясьнілі люду Закон, а люд стаяў на сваім месцу.
8 І чыталі выразьліва з кнігі Закону Божага, і паказавалі значаньне, і яны цямілі чытанае.
9 І Негэма, ён жа Тыршафа, і Езра сьвятар, пісьменьнік, і Левітаве, што зьясьнялі люду, сказалі ўсяму люду: «Дзень гэты сьвяты СПАДАРУ, Богу вашаму, ня будзьце ў жалобе і ня плачча»; бо ўвесь люд плакаў, слухаючы словы Закону;
10 І сказаў ім: «Пайдзіце, ежча сытое, і піце салодкае, і пасылайце часьці тым, у каго нічога не прыгатавана; бо дзень гэты сьвяты СПАДАРУ нашаму. І ня смуціцеся, бо радасьць СПАДАРОВА пасіленьне ваша».
11 І Левітаве супакоевалі ўвесь люд, кажучы: «Перастаньце, бо дзень гэты сьвяты, ня смуціцеся».
12 І пайшоў увесь люд есьці а піць а пасылаць часьці а сьвяткаваць ізь вялікай весялосьцяй; бо ўцямілі словы, каторыя сказалі ім.
13 Назаўтрае зьберліся галавы айцоў усяго люду, сьвятарове а Левітаве да пісьменьніка Езры, каб ён зьясьніў ім словы Закону.
14 І знашлі напісанае ў Законе, каторы СПАДАР даў Масеям, каб жылі сынове Ізраелявы ў буданох у сьвята, сёмага месяца.
15 І затым абясьцілі а агаласілі па ўсіх местах і ў Ерузаліме, кажучы: «Пайдзіце на гару і нясіце гальлё аліўнае а гальлё дзікіх аліўкаў а гальлё міртавае а гальлё пальмавае а гальлё дзерваў густых, каб зрабіць буданы подле напісанага».
16 І пайшоў люд, і прынесьлі, і зрабілі сабе буданы, кажны на сваёй страсе, і на панадворках сваіх, і на панадворках дому Божага, і на вуліцы Вадзяное брамы, на вуліцы брамы Яхрэмавае.
17 І зрабіла буданы ўся грамада тых, што зьвярнуліся з палону, і сядзелі ў буданох. Не рабілі так сынове Ізраелявы ад дзён Ігошуі Нунянка аж дагэтуль. І была радасьць вельма вялікая.
18 І чыталі з кнігі Закону Божага дзень у дзень, ад першага дня аж да апошняга дня. І сьвяткавалі сьвята сем дзён, а восьмага дня быў урочысты збор, подле ўставы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Нэгэміна, 8 раздзел. Пераклад Яна Станкевіча.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.