Біблія » Гадлеўскі Пераклад В. Гадлеўскага

Лукаша 11 Паводле Лукаша 11 раздзел

1 І сталася, калі ён быў у вадным месцы молячыся, калі перастаў, сказаў адзін з вучняў ягоных да яго: Пане, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў.
2 І сказаў ім: Калі моліцеся, кажэце: Ойча, сьвяціся імя тваё. Прыйдзі каралеўства тваё.
3 Хлеба нашага штодзённага дай нам сяньня.
4 І адпусьці нам грахі нашы, бо і мы адпускаем кожнаму вінаватаму нам. І не ўвядзі нас у пакусу.
5 І сказаў да іх: Хто з вас будзе мець прыяцеля і пойдзе да яго ў поўначы і скажа яму: «Дружа, пазыч мне тры хлябы,
6 бо прыяцель мой прыйшоў з дарогі да мяне і ня маю што палажыць перад ім».
7 А ён ізнутра адказваючы, сказаў-бы: «Не дакучай мне, ужо дзьверы замкнёны, і дзеці мае са мною ў ложку; не маю ўстаць і даць табе».
8 І калі ён не перастане стукаць, кажу вам: хаця ўстаўшы ня дасьць яму затым што ёсьць прыяцелем ягоным, то дзеля дакучлівасьці ягонай устане і дасьць яму, сколькі яму патрэба.
9 І я вам кажу: Прасеце, і будзе вам дадзена; шукайце і знойдзеце; стукайце, і будзе вам адчынена.
10 Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і стукаючаму будзе адчынена.
11 А хто з вас просіць у бацькі хлеба, няўжо дасьць яму камень? Або рыбы, няўжо дасьць яму замест рыбы зьмяю?
12 Або калі папросіць яйца, няўжо падасьць яму скарпіёна?
13 Дык калі вы, будучы благімі, умееце даваць добрыя дарэньні дзецям вашым, куды болей Айцец ваш з неба дасьць Духа добрага тым, што просяць у яго!
14 І выганяў д’ябла, а ён быў нямы. І калі выгнаў д’ябла, прагаварыў нямы, і дзівіліся грамады.
15 А некаторыя з іх казалі: Ён праз Бэльзэбуба, д’ябэльскага князя, выганяе д’яблаў.
16 А іншыя спакушваючы дамагаліся ад яго знаку з неба.
17 Ён-жа, як убачыў думкі іх, сказаў ім: Усякае каралеўства, разьдзеленае проціў сябе, будзе спустошана, і дом на дом упадзе.
18 А калі і д’ябал ёсьць разьдзяліўшыся проціў сябе, то як устаіць ягонае каралеўства? Бо вы кажэце, што я праз Бэльзэбуба выганяю д’яблаў.
19 А калі я праз Бэльзэбуба выганяю д’яблаў, то сыны вашыя праз каго выганяюць? Дзеля гэтага яны будуць вашымі судзьдзямі.
20 Але калі я пальцам Божым выганяю д’яблаў, сапраўды прыйшло да вас каралеўства Божае.
21 Калі асілак уваружаны сьцеражэ свайго дому, у супакоі ёсьць усё, што ён мае.
22 Але калі сільнейшы за яго, надыйшоўшы, пераможа яго, забярэ ўсё ягонае аружжа, на каторае ён спадзяваўся і раздасьць ягоны дабытак.
23 Хто не са мною, той проціў мяне; а хто ня зьбірае са мною, той раскідае.
24 Калі дух нячысты выйдзе з чалавека, ходзіць па бязводных мясцох, шукаючы супакою. А не знаходзячы, кажа: Вярнуся ў дом свой, адкуль я выйшаў.
25 І прыйшоўшы, знаходзіць яго вымеценым і прыбраным.
26 Тады ідзе і бярэ з сабою сем другіх духаў, горшых за сябе, і ўвайшоўшы жывуць там. І бываюць апошнія рэчы гэнага чалавека горшымі за першыя.
27 Сталася-ж, калі ён гэтае гаварыў, нейкая жанчына з грамады, падняўшы голас, сказала яму: Багаслаўленае лона, каторае цябе насіла, і грудзі, каторыя ты ссаў.
28 А ён сказаў: Так, багаслаўленыя, каторыя слухаюць слова Божага і берагуць яго.
29 Калі-ж зьбегліся грамады, пачаў гаварыць: Гэты род ёсьць родам нягодным: ён шукае знаку, а знаку яму ня будзе дадзена, апрача знаку Ёны прарока.
30 Бо як Ёна быў знакам для Нінівітаў, так будзе і Сын чалавечы для гэтага роду.
31 Каралева з поўдня ўстане на судзе з мужамі гэтага роду і асудзіць іх, бо яна прыйшла з канцоў зямлі паслухаць мудрасьці Саламона, а вось тут болей як Саламон.
32 Мужы Нінівейскія ўстануць на судзе з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пакуту чынілі на Ёнава навучаньне, а вось тут болей як Ёна.
33 Ніхто не запальвае сьвятла і не ставіць у скрытым месцы, ані пад пасудзінай, але на ліхтар, каб тыя, каторыя ўваходзяць, бачылі сьвятло.
34 Сьветачам цела твайго ёсьць вока тваё. Калі вока тваё будзе шчырае, усё сэрца тваё будзе сьветлае; калі-ж будзе нягоднае, то і цела тваё цёмнае будзе.
35 Дык глядзі, каб сьвятло, каторае ў табе, ня было цемрай!
36 Дык калі ўсё цела тваё будзе сьветлае, ня маючае ніякай часткі цемры, то будзе ўсё сьветлае, і як сьветач яснасьці асьвеціць цябе.
37 А калі гаварыў, прасіў яго нейкі фарызэй, каб паабедаў ў яго. І прыйшоўшы, сеў за стол.
38 А фарызэй пачаў, сам у сабе думаючы, казаць: Чаму ён не абмыўся перад абедам?
39 І сказаў Пан да яго: Цяпер вы, фарызэі, ачышчаеце што ёсьць зьверху кубка і місы, але што ўнутры вас ёсьць, яно поўнае грабества і нягоднасьці.
40 Безразумныя, ці-ж той, каторы ўчыніў тое, што ёсьць зьверху, ня ўчыніў так-жа таго, што ёсьць унутры?
41 Але што лішняе, аддайце на дарэньне, і вось усё для вас чыстае.
42 Але гора вам, фарызэям, што даецё дзясятую часьць з мяты і руты і ўсякай гародніны, а памінаеце суд і міласьць Божую. Бо гэтае трэба было рабіць, і таго не прапускаць.
43 Гора вам, фарызэям, што любіце першыя лаўкі ў бажніцах і прывітаньні на рынку.
44 Гора вам, бо вы як магілы, каторых ня відаць, і людзі, каторыя ходзяць зьверху, ня ведаюць.
45 Адказваючы-ж нейкі вучоны ў законе, сказаў яму: Вучыцель, гэтае гаворачы, ты робіш і нам ганьбу.
46 А ён сказаў: І вам, вучоным у законе, гора! Бо вы накладаеце на людзей цяжары, якіх яны насіць ня могуць, а самі вы адным пальцам вашым не кранецё цяжараў.
47 Гора вам, каторыя будуеце грабы прарокам, бацькі-ж вашыя забівалі іх.
48 Сапраўды вы сьведчыце, што згаджаецеся з учынкамі айцоў вашых; бо яны-то іх забівалі, а вы будуеце іхныя грабы.
49 Дзеля гэтага і мудрасьць Божая сказала: Пашлю да іх прарокаў і апосталаў, і з іх заб’юць і будуць прасьледаваць;
50 каб была спагнана ад гэтага роду кроў усіх прарокаў, якая была праліта ад закладзін сьвету,
51 ад крыві Абэля аж да крыві Захара, які згінуў між аўтаром і сьвятыняй. Сапраўды кажу вам, будзе спагнана ад гэтага роду.
52 Гора вам, вучоным у законе, бо вы ўзялі ключ разуменьня; вы самі не ўвайшлі, і перашкаджалі тым, каторыя ўваходзілі.
53 Калі-ж ён гэтае да іх гаварыў, фарызэі і вучоныя ў законе пачалі моцна прыставаць і засыпаць яго многімі пытаньнямі, цікуючы на яго і стараючыся злавіць нешта з вуснаў ягоных, каб абвінаваціць яго.

Зноскі:

2 Гл. Мт. 6:9 і наст. Тут сьв. Лукаш падае «Ойча наш» у трохі карацейшай форме, чым сьв. Матэуш. Магчыма, што Е. Хрыстус гэтыя дзьве формы ў розных часах і абставінах.

11 «Быў нямы» г. зн. быў прычынаю нематы.

27 Гэта жанчына ў прастаце свайго сэрца, ня ўмеючы інакш выразіць сваей чэсьці для Хрыста і яго навукі, славіць яго матку, як багаслаўленую.

28 Хрыстус пацьвярджае словы жанчыны, але дадае, што багаслаўлены і тыя, што слухаць слова Божага і спаўняюць яго.

29 Пад славамі «гэты род» трэба разумець кніжнікаў і фарызэяў.

31 Гл. Мт. 12:42.

35 Інакш кажучы: Глядзі, каб не зацямніць розуму і жыцьця свайго благімі паступкамі.

38 Гл. Мт. 15:2.

41 Хрыстус загадывае скупым і прагавітым фарызэям даваць дарэньні ўбогім і гэтая дзейная любоў адносна бліжніх заступіць перад Богам усе іншыя рытуальныя абмываньні.

42 З мяты ня трэба было даваць дзясятай часьці, але рупныя фарызэі і гэта рабілі, прапушчаючы важнейшыя рэчы (гл. Мт. 23:23).

46 Хрыстус тут вінаваціць кніжнікаў і вучоных у законе, што яны, тлумачачы людзям закон Майсея, накладаюць на іх цяжары, якіх трудна споўніць, а самі для сябе былі вельмі лагодныя.

53 Гэтыя словы Хрыста выклікалі ў фарызэяў і кніжнікаў вялікую ненавісьць да яго. Гэта было на якія 4-5 месяцаў перад сьмерцяй Хрыста.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Лукаша, 11 раздзел. Пераклад В. Гадлеўскага.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Лукаша 11 раздзел в переводах:
Лукаша 11 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.