Біблія » Гадлеўскі Пераклад В. Гадлеўскага

Лукаша 2 Паводле Лукаша 2 раздзел

1 І сталася ў тыя дні, выйшаў загад ад цэзара Аўгуста, каб сьпісаць увесь сьвет.
2 Гэты першы сьпіс быў зроблены начальнікам Сырыі Цырынам.
3 І ішлі ўсе, каб запісацца, кожны ў сваё места.
4 Пайшоў-жа і Язэп з Галілеі, з места Назарэту, у Юдэю, у места Давіда, якое завецца Бэтлеем, затым што быў з дому і роду Давіда,
5 каб запісацца з Марыяй, пашлюбаванай з ім жонкай, якая была ўцяжку.
6 Сталася-ж, калі яны там былі, выпаўніліся дні, каб радзіла.
7 І нарадзіла сына свайго первароднага, і спавіла яго ў пялёнкі і палажыла яго ў жолабе, бо ня было ім месца ў заезьдзе.
8 І былі ў тэй-жа ваколіцы пастухі, якія ня спалі, адбываючы начныя варты каля сваей стады.
9 І вось анёл Пана стаў каля іх і яснасьць Божая адусюль іх асьвяціла і агарнуў іх вялікі страх.
10 І сказаў ім анёл: Ня бойцеся, бо вось абвяшчаю вам вялікую радасьць, якая будзе для ўсяго народу,
11 што вам сяньня ў месьце Давіда нарадзіўся Збаўца, каторы ёсьць Хрыстус Пан.
12 І гэты вам знак: Знойдзеце дзіця, спавітае ў пялёнкі і паложанае ў жолабе.
13 І зараз зьявілася з анёлам мноства войска нябеснага, хвалячых Бога і кажучых:
14 Слава на вышыні Богу, і на зямлі супакой людзям добрае волі.
15 І сталася, калі анёлы адыйшлі ад іх да неба, пастухі гаварылі адзін да другога: Пойдзем аж у Бэтлеем і паглядзім таго слова, якое сталася, якое паказаў нам Пан.
16 І прыйшлі сьпяшаючы, і знайшлі Марыю і Язэпа і дзіця паложанае ў жолабе.
17 А ўбачыўшы, расказвалі аб слове, якое было ім сказана аб гэтым дзіцяці.
18 І ўсе, што чулі, дзівіліся з таго, што да іх пастухі гаварылі.
19 А Марыя перахоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім.
20 І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што чулі і бачылі, як ім было сказана.
21 І калі мінула восем дзён, каб было абрэзана дзіця, далі яму імя Езус, якое было названа анёлам перш, чым ён зачаўся ў лоне.
22 І калі выпаўніліся дні ачышчэньня яе паводле закону Майсея, занясьлі яго ў Ерузалім, каб ставіць яго Пану,
23 як напісана ёсьць у законе Пана: Што «кожны первародны мужчынскага роду будзе названы сьвятым Пану» (Вых. 13:2),
24 і каб даць ахвяру, паводле таго, што сказана ў законе Пана, пару туркоў або два галубкі.
25 І вось быў у Ерузаліме чалавек, якому на імя Сымон, а чалавек гэты справядлівы і багабойны, чакаючы пацехі Ізраіля, і Дух сьвяты быў у ім.
26 І атрымаў ён аб’яву ад Духа сьвятога, што ня ўбачыць сьмерці, калі перш ня ўгледзіць Хрыстуса Панскага.
27 І прыйшоў у Духу ў сьвятыню. І калі ўносілі дзіця Езус бацькі ягоны, каб учыніць за яго паводле звычаю закону,
28 узяў і ён яго на рукі свае, і багаславіў Бога і сказаў:
29 Цяпер адпускаеш слугу твайго, Пане, паводле слова твайго, у супакою,
30 бо вочы мае ўбачылі збаўленьне тваё,
31 якое прыгатовіў ты перад воблікам усіх народаў:
32 Сьвятло на асьвячэньне паганаў і славу народу твайго Ізраільскага.
33 А бацька ягоны і матка дзівіліся з таго, што гаварылася аб ім.
34 І багаславіў іх Сымон і сказаў да Марыі, маткі ягонай: Вось гэты паложаны ёсьць на ўпадак і на паўстаньне многіх у Ізраілю, і на знак, якому працівіцца будуць;
35 і праз тваю ўласную душу пройдзе меч, каб былі выяўлены думкі з многіх сэрцаў.
36 І была Ганна прарочыца, дачка Фануэля, з пакаленьня Асэра. Яна была пажылая ў днях сваіх, і жыла з сваім мужам сем гадоў ад свайго дзявоцтва,
37 а была яна ўдавою аж да восемдзесят чатырох гадоў. Яна не адыходзіла ад сьвятыні, постамі і малітвамі служачы і ўдзень і ўначы.
38 І яна, у гэту самую гадзіну надыйшоўшы, славіла Пана і гаварыла аб ім усім, якія чакалі адкупленьня Ізраіля.
39 І калі споўнілі ўсё паводле закону Пана, вярнуліся ў Галілею, у сваё места Назарэт.
40 А дзіця расло і набірала сілы, поўнае мудрасьці, і ласка Божая была ў ім.
41 І хадзілі бацькі ягоны праз усе гады ў Ерузалім на ўрачысты дзень Пасхі.
42 І калі яму было дванаццаць гадоў, яны прйшлі ў Ерузалім паводле звычаю сьвяточнага дня,
43 і скончыўшы дні, калі варочаліся, асталося дзіця Езус у Ерузаліме, і ня ведалі бацькі ягоны.
44 А думаючы, што ён ёсьць у дружыне, увайшлі дзень дарогі і шукалі яго між сваякамі і знаёмымі.
45 І не знайшоўшы, вярнуліся ў Ерузалім, шукаючы яго.
46 І сталася, пасьля трох дзён знайшлі яго ў сьвятыні, як сядзеў пасярод вучоных, слухаючы іх і пытаючыся ў іх.
47 Усе-ж, каторыя слухалі яго, дзівіліся з розуму і адказаў ягоных.
48 І ўбачыўшы зьдзівіліся; і сказала да яго матка ягона: Сыне, нашто ты нам зрабіў гэтак? Вось айцец твой і я гаротныя шукалі цябе.
49 І сказаў ім: Чаго-ж вы мяне шукалі? Ці вы ня ведалі, што трэба мне быць у тых справах, якія ёсьць Айца майго?
50 А яны не разумелі слова, якое сказаў ім.
51 І пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт, і быў ім падданы. А матка ягона ўсе гэтыя словы перахоўвала ў сэрцы сваім.
52 А Езус рос у мудрасьці, і ў гадох, і ў ласцы ў Бога і ў людзей.

Зноскі:

1 «Увесь сьвет» — гэта «сьвет рымскі», рымская дзяржава.

4 Бэтлеем (сягоньня Бэйт-Лагм) ляжыць 8 клм. на поўдзень ад Ерузаліму. З Назарэту ў Бэтлеем было каля 140 клм. дарогі.

7 Не знайшоўшы для сябе месца ў бэтлеемскім заезьдзе, дзеля вялікага зборышча людзей, Н. Дзева Марыя з сьв. Язэпам выйшлі за горад і памясьціліся ў аднэй з пячэраў. У такіх пячэрах жылі бяднейшыя людзі, туды-ж заганялі пастухі быдла. У ваднэй з такіх пячэраў знайшлі сабе прыпынішча Н. Дзева і сьв. Язэп. Над гэнай пячэрай цяпер збудована базыліка.

Паводле навукі Касьцёла Н. Дзева Марыя радзіла свайго сына без нарушэньня свайго дзявоцтва, астаючыся заўсёды Дзевай. (Гл. Мт. 1:25).

8 У Палестыне авечкі нанач заганяюць у загараду, зробленую з каменьня ў полі пад чыстым небам. Пастухі па чарзе вартуюць каля сваіх стадаў.

13 Войска нябеснае — гэта анёлы, нябесныя духі.

21 Хрыстус хацеў паддацца праву абразаньня, каб даць довад свайго праўдзівага чалавецтва, каб даць нам прыклад послуху для права, каб сьцьвердзіць, што ён належыць да патомства Абрагама і гэтым самым мець доступ да жыдоўскага народу, да каторага прадусім быў пасланы.

22 Первародны сын кожнай маткі, паводле Старога закону (Быц. 13:2-15; 22:29) павінен быў пасьвяціцца на службу Божую і быць сьвятарам, калі-ж аднак потым да адпраўляньня службы Божай было вызначана адно пакаленьне Леві, первародных сыноў звальнялі ад гэтага абавязку, а толькі трэба было даць за іх выкуп — ахвяру з 5 сыкляў серабра. Ахвяроўваньне первародных сыноў адбывалася ў сьвятыні на дварышчы, празначаным для жанчын.

Хоць пастановы Закону адносна ахвяроўваньня первародных сыноў і ачышчэньня матак пасьля радзін не абавязывалі ані Е. Хрыста, як правадаўцы, ані Н. Дзевы Марыі, якая заўсёды асталася чыстаю, то аднак і Хрыстус і Марыя спаўняюць гэты старазаконны загад, каб даць нам прыклад послуху перад правам.

34 Езус «ёсьць паложаны» на ўпадак г. зн. на асуджэньне тых, каторыя ня вераць у яго, а на паўстаньне духовае (збаўленьне) тых, каторыя пойдуць за ім.

39 На гэты раз сьв. Сям'я ў Назарэце ня была доўга, бо сьв. Язэп зараз перанёсься ў Бэтлеем, тут наняў сабе дамок і жыў з працы рук каля аднаго году. У гэтым часе сюды прыбылі мудрацы з ўсходу, каб аддаць паклон Е. Хрысту і згэтуль скора наступілі ўцекі ў Эгіпет (гл. Мт. 2:11).

42 Калі хлапец у жыдоўскім народзе дахадзіў да 12 гадоў, ён станавіўся «сынам Закону», г. зн. падлягаў пастановам Закону.

44 Багамольнікі, варочаючыся да хаты, ішлі звычайна грамадкамі і групамі, мужчыны аддзельна, жанчыны аддзельна, дык Н. Дз. Марыя і сьв. Язэп думалі, што Езус ідзе разам з адною з такіх групаў. Аднак, калі вечарам затрымаліся на начлег, спасьцераглі, што Езуса няма пры ніводнай групе і вярнуліся назад у Ерузалім.

46 У сьвятыні кніжнікі (рабіны) вучылі народ і сваіх вучняў. Там быў і Езус.

52 Мала вестак пераказалі нам эванэліі аб жыцьці Езуса ў Назарэце ад 12-ці ягоных гадоў аж да 30-ці, г. зн. аж да ягонага выступленьня на публічнае навучаньне. Можна дапусьціць, што сьв. Язэп памёр перад выступленьнем Езуса на публічнае навучаньне і што Езус працаваў як рамесьнік.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Лукаша, 2 раздзел. Пераклад В. Гадлеўскага.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Лукаша 2 раздзел в переводах:
Лукаша 2 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.