1 Кіраўніку хору: псальм Давідавы.
2 Тужліва чакаў я на Госпада, і вось Ён схіліўся ка мне і плач мой пачуў.
3 І вывеў мяне із ямы пагібельнай, з твані балотнае, і ногі паставіў мае на скале, і ўзмоцніў Ён стопы мае.
4 І новую песьню мне ў вусны ўлажыў — хвалу нашаму Богу. І многія гэтае ўбачаць і ўбаяцца ды будуць надзею ўскладаці на Госпада.
5 Багаслаўлен чалавек, што надзею сваю ўскладае на Госпада і ня йдзе к непакорным і к тым, хто да ілжы прыхіляецца.
6 Чысьлены цуды Твае і замыслы Твае, якія Ты, Госпад і Бог мой, зьдзейсьніў дзеля мяне. Нічога няма Табе роўнага. Хацеў-бы я іх абвяшчаць і казаці, ды лішне іх многа, каб мог я іх палічыць.
7 Ахвяры з крыві і хлеба недаспадобы Табе: вушы мае Ты мне расчыніў. Цэлапаленьняў ды жэртваў за грэх Ты не вымагаеш.
8 Тады я сказаў: Вось я йду! У зьвітку кніжным напісан загад мне.
9 Волю Тваю выпаўняць, Божа мой, роскаш мая, і Закон Твой — у сэрцы маім.
10 Я абвяшчаў справядлівасьць Тваю на вялізарным зборы; і, запраўды-ж, вуснаў сваіх я ня спыняў, — Ты гэта ведаеш, Госпадзе!
11 Праўды Тваёй ня ўкрываў я ў сэрцы маім, я пра вернасьць Тваю гаварыў і ўспамогу Тваю, ласкі Твае й справядлівасьці прад зборам вялізным ня ўтоіваў.
12 Госпадзе, не адхіляй міласэрдзя Твайго ад мяне; ласка і вернасьць Твая захавае навекі мяне,
13 бо мукі бяз ліку абступілі мяне, праступкі мае дагналі мяне, ажно нельга мне іх агарнуць: іх балей, чым валосься на маёй галаве, — і мужнасьць мая мяне кінула.
14 Рач, Госпадзе, збавіць мяне! пасьпяшы на ўспамогу мне, Госпадзе!
15 Няхай асаромяцца й расчаруюцца ўсе, што шукаюць пагібелі для душы маёй; няхай наўцёкі павернуць ды асаромяцца тыя, што жадаюць няшчасьця майго.
16 Няхай адубеюць у сораме сваім тыя, што мне гукаюць: Ха, ха!
17 Няхай весяляцца й цешацца ўсе ў Табе, хто шукае Цябе; і тыя, што жадаюць спасеньня Твайго, хай гукаюць няспынна: Вялікі ёсьць Госпад!
18 Хоць я й нешчасьлівы й убогі, ды Госпад будзе аба мне клапаціцца. Ты — ўспамога мая і мой Спас! Ня баўся, мой Божа!
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Псальмы, 40 глава. Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Сперджена


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.