1 Псалом Давіда, калі ён зрабіўся непрытомным перад Авімэлехам,
І той адпусціў яго, і пайшоў ад яго.
2 На ўсякі час дабраслаўлю Бога,
Заўсёды на вуснах маіх хвала Яму.
3 Богам хваліцца душа мая,
Да пачуюць незласлівыя і ўзвясяляцца.
4 Разам са мной узвялічым Бога,
Разам узнясем імя Ягонае.
5 Шукаў Бога і пачуў мяне,
І ад усіх бядотаў збавіў мяне.
6 Падыдзіце да Яго і прасвятліціся,
І твары вашы не пасаромяцца.
7 Вось бедны заклікае, і Бог чуе яго,
І ад усіх бядотаў збавіць яго.
8 Паўстане анёл Божы вакол богабаязных
І абароніць іх.
9 Пакаштуйце і ўбачце, які добры Бог,
Шчаслівы чалавек, што спадзяецца на Яго.
10 Бойцеся Бога ўсе святыя Яго,
Бо не маюць нястачы багабаязныя.
11 Багатыя згалеюць і запрагнуць,
Шукаючыя Бога не пазбавяца аніякага дабра.
12 Падыдзіце, дзеці, паслухайце мяне,
Страху Божыю навучу вас.
13 Хто такі чалавек, што жыццця жадае,
Што жадае бачыць добрыя дні?
14 Ён трымае язык свой ад ліха,
І вуснамі сваімі не гаворыць няпраўду.
15 Ён хароніцца ліха і творыць дабро.
Ён шукае міра і імкнецца да яго.
16 Вочы Божыя да правядных,
І вушы Яго — да маленняў іх.
17 Бачыць Божа і ліха дзеючых,
І панішчыць на зямлі памяць пра іх.
18 Заклікнуць правядныя, і Бог пачуе іх,
І ад усіх бядотаў іх збавіць.
19 Недалёка Бог ад нязлосных сэрцам,
І рахманых духам уратуе.
20 Шмат бядотаў у правядных,
Але ад усіх Бог збавіць іх.
21 Захавае Бог усе косці іх,
Ніводная не пакрышыцца.
22 Жудасная ў бязбожных смерць,
І нянавіснікі правядных грашаць.
23 Уратуе Бог душы рабоў Сваіх,
Не грашаць тыя, хто спадзяецца на Яго.